12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сакрат Яновіч

_____________________
Без пачуцьця Айчыны няма разьвіцьця

Папулярнае разуменьне разьвіцьця грамадства зво­дзіцца да матэрыяльных умоваў жыцьця. Тыповыя гра­мадзяне чамусьці не цікавяцца пытаньнем сувязі па­між дабрабытам і культураю. Бедныя народы ­— гэта цёмныя народы, якія ў сваёй масе ня вельмі адукава­ныя. Дакранаемся тут да квадратуры кола, што дакладна перадае беларуская прымаўка: «Бедны, бо дур­ны, а дурны, бо бедны».
Давайце пачнем з дэфініцыі культуры як неабавязковай актыўнасьці чалавека. Ад недахопу культуры яшчэ ніхто не памёр, хоць жывецца такому нашмат цяжэй. Людзі кіруюцца наогул жыватом — страўным трактам — што трэба лічыць першабытнай, біялагічна элементарнай, нормай. Вучоныя сьцьвяр­джаюць: сто тысячаў гадоў таму ва ўсім сьвеце жыло ня болей за адзін мільён чалавек, на аднаго выпадала 5-6 квадратных кіламетраў. Быў гэта стан набліжаны да папуляцыі зьвярыных пародаў. Скажам: воўчае гайні.
Нашая адрознасьць ад прыроды вынікае з таго, што зьявілася ў нас некалі здольнасьць думаць, першапачаткі чаго назіраем і ў жывёлаў (сабак, сьвіней, сланоў). Няцяжка ўявіць гэтакім жа колішняга прачалавека, пакуль ня ўзьнікла ў ім патрэба праяўляць сваю актыўнасьць ня толькі дзеля ежы. Ад таго гістарычнага моманту зарунелі парасткі культуры, цывілізацыі. Перш паляўніцкай (лук, страла), затым жывёлагадоўчай, і г.д. Дзякуючы гэтаму людзіны перасталі быць рэдкасьцю, іх даўгавечча перасягнула жывёльнае, зьвярынае, хоць нават адну тысячу гадоў таму не перавышала яно ў паўдзікіх славянаў ­— 26 гадоў, а рост крыху за паўтара метра. Параметры гэтыя вышэйшыя ў элітных радзінах з адносна лепшым бытам.
Першапачаткова тая неабавязковая актыўнасьць чалавечага роду цалкам залежала ад клімату. Праблема ежы, жытла не ангажавала ўвесь час у цёплых шырынях. Гляньце на карту старажытных уладыцтваў, ім­перыяў — цягнуцца яны ў паласе высокіх тэмператураў, ад Мексікі і Перу да Індыі і прыціхаакіянскіх вакольляў. Поўнач ажывілася пасьля, нястрымна імкнучыся асесьці ў паўднёвых цывілізацыях дабрабыту. Цікава, што дзікуны заўсёды пераможна рабуюць, каб потым самім расплысьціся ў выніку асіміляцыі. Яны самі не разьвіваліся: голад не стварае пачуцьця айчыны, бацькаўшчыны, бо чым жа можа стацца бацькаўшчына, дзе бяда з бядою. Патрыятызм у галоты не існуе, у яе інстынкт разбою, драпежніцтва.
Патрыятызм ­— іначай кажучы, айчыннасьць, бацькаўшчына, — гэта ідэа­лагічная надбудова маёмасьці, дабрабыту. Калі так, дык расейскія бальшавікі слушна крычалі: «У пролетариата нет родины!». Бо якая ж бацькаўшчына ў галытвы?! Яна ў яе там, дзе хлеб, і можна сытна жыць. Таму т. зв. народ уяўляе сабою ўсяго патэнцыял разь­віцьця, але не само разьвіцьцё, дзеля якога трэба арганізуючае права­дырства.
Варта задумацца, чаму тэрытарыяльна маленечкі еўрапейскі Захад, які ў старажытнасьці зусім ня меў значэньня, пачынаючы ад сярэднявечча прасунуўся ў лідэры сусьветнага разьвіцьця (болей за тое, стварыў ЗША). Гаворым пра цывілізацыйны басейн Ла Маншу, даліну Рэйну. I чаму самая вялікая тады імперыя, іспанская, у якой ніколі не заходзі­ла сонца, так мала дала сьвету?! Бо яна, як потым Расея, не разьвівалася ўнутры, а толькі пашыралася. Жыла анексіямі, менавіта рабаваньнем. Дарэчы будзе тут заўважыць, што не занадта вялікія дзяржавы здатней разгортваюць сваю ўнутраную моц, як тагачасныя Англія, Нідэрланды, Данія, княствы Вестфаліі; германскія правінцыі, аўтаномныя, на поўначы Францыі. Цяперашнім часам хутка прасоўваюцца дапераду Эстонія, Латвія, Літва (сваімі вельмі беларусападобнымі натуральнымі ўмовамі).
Што магчыма адказаць на папярэднія пытаньні? Не інакш, як тое, што відаць нават простым вокам: малая тэрыторыя — малыя і памылкі, якія няцяжка паправіць, умомант прыстасавацца да зьменлівай сітуацыі на кантыненьце. Гэтую якасьць запрыкмецілі амерыканцы, мінімалізуючы цэнтральную ўладу і даючы паасобным штатам статус амаль незалежных дзяржаваў уключна з асобнай сімволікай, заканадаўствам, устаноўчымі органамі.кажуць псіхолагі. Таму так важная пачатковая школа, твой першы настаўнік, настаўніца; іх прыраўноўваем да бацькі-маці. Якія настаўнікі, такая і нацыя. У разьвітых краінах настаўнік зарабляе больш, чым паліцыянт (па гэтым пазнаюць, якая дзяржава паліцэйская).
У патрыятызме шмат інстынкту гнязда. Але набліжаецца час сьпеласьці, калі мы ня любім заставацца сынком-дачушкаю, карціць пераўтварыцца ў нейкага Iванавіча (Іванаўну). Гэта натуральна. На Захадзе васемнаццацігодкі жывуць асобна ад бацькоў, набываючы вопыт самастойнасьці. Ну, але там лёгка з грашыма і паводле нашых мерак зарабляюць яны ў пяць разоў больш за нас. Хоць цэны ў нас ужо еўрапейскія, іхнія.
У заходніх людзей пачуцьцё айчыны зрастаецца з іх асабістым характарам. Не чуваць пра мільённыя эміграцыі амерыканцаў, канадцаў, ангельцаў, немцаў, шведаў, французаў, швейцарцаў і інш. У ЗША на кожным жылым будынку лунае дзяржаўны сьцяг, а з увагі на сваю англамоўнасьць, янкі пастаянна зазначаюць у гутарцы з чужаземцам амерыканскую нацыянальнасьць. Або немцы: новы жыхар Нямеччыны атрымлівае ўсялякія палёгкі дзеля таго, каб найхутка змог загаварыць па-нямецку. Абавязковыя ­— напрыклад ­— курсы беларускай мовы для дарослых далі б той жа скутак...
Ставім тэзу: патрыятызм немагчымы ў галодных народаў. У іх няма чаго шанаваць і з чым вязацца. Гучыць тое — і слушна і лагічна, што пацьвярджае сапраўднае засільле працоўнай эміграцыі ў заходнееўрапейскім напрамку. Эміграцыі надта шкоднай айчыне, выпалоскваючай з яе самы актыўны грамадскі элемент. Недарэкі не эмігруюць.
Разьвітаньне з радзімай, натуральна, не разьвівае яе, а наадварот, увекавечвае стагнацыю. У Паўночнай Амерыцы апынулася амаль утрая больш ірландцаў, чымсьці засталося ў самой Ірландыі. Падобным чынам — блізу паловы літоўцаў. Або траціна палякаў; калі прыгледзецца да традыцыйна занядбаных рэгіёнаў Польшчы, акажацца, што там ужо дэмаграфічная пустыня з «сохнучымі» гарадамі. Цывілізацыйная катастрофа яе Усходняй Сьцяны, што між Віслаю і Бугам ды гарадзенскай Сьвіслаччу.
Гэтага зьнішчальнага трэнду не стрымае прыбой капіталу, па той банальнай прычыне, што ня будзе каму «ўліваць» яго. Грошы ня дзейнічаюць, бы той дух сьвяты; трэба актыўнага маладога грамадства, а не канаю­чых па вёсках бабуль-дзядуляў. Экалогію эканомікі можна спляжыць на працягу аднаго пакаленьня, усё роўна як высякаць старадаўнія лясы, на адраджэньне якіх спатрэбіцца потым сто гадоў, г.зн. пяць пакаленьняў. Вопыт асвойваньня рускімі Сібіры ўвачавідкі тлумачыць нам, што без укаранелага ў ёй чалавека ня будзе там толку, а ўсяго хаатычная, каланіяль­ная эксплуатацыя божых дароў.
Без пачуцьця айчыны няма разьвіцьця. Гэтае пачуцьцё ня ёсьць про­с­тым інстынктам гнязда. Патрэбная высокая ідэя. Ідэя айчыны, нацыі. Вартаўнікі сібірскіх лагероў адзначалі, што найбольш стойка пераносілі розныя пакуты «националисты» і католікі (уніяты). Мерлі, як мухі, каму­ністы, бальшавікі, бо глуміла іх родная ім сістэма. «Националисты» трымаліся. гэта было ім змаганьнем з ворагам. Фронт!
Патрыёт, або паводле савецкага вызначэньня: нацыяналіст, ня схопіц­ца за ўтопію шчасьця ўсяму чалавецтву, у якой «чувство родины ­— сущая ерунда». Расейскае месіянства, займаючыся цэлым зямным шарам, не канцэнтруецца на росквіце Расеі, трактуючы яе як трамплін сабе. Пры­думанае падаўстрыйскімі чэхамі славянафільства мела на мэце зусім ня тое, што «все славянские ручьи сольются в русском море». Яны разь­­лічвалі пакарыстацца маскоўскім імперыялізмам у вызваленьні сябе ад нямецкае дамінацыі.
Ва ўсходнееўрапейскіх умовах асабліва, пачуцьцё айчыны раўназначнае нацыянальнай ідэі. Эканамічны нацыяналізм ня мае тут істотных падставаў, акрамя Эстоніі ды Латвіі з пасьлянямецкім радаводам. Тутэйшыя постсавецкія дзяржавы не адрозьніваюцца матэрыяльнай забясьпечанасьцю, усюды расейская бядотнасьць. Можна сказаць: гістарычна абумоўленая. Куды прыходзіла Расея, туды сьцягваліся ўсялякія няшчасьці. Бо адбывалася гэта ў парадку анексіяў, далучэньня. У цывілізацыйным сэнсе Расея не ўяўляла сабою партнёра, канкурэнта, еўрапейскім уплывам, што букварна наглядалася ў падзеленай некалі Польшчы. Нават паншчына ў паднямецкіх яе частках ліквідаваная амаль адначасна з інтэграцыяй у Аўстрыю і Прусію. Прынамсі асабістую залежнасьць ад пана. Мужыкі ў Царстве Польскім жылі бяспраўна аж да ўзыходу на імператарскі прастол Аляксандра II.
Нацыянальная ідэя, а ўсьлед за ёю пачуцьцё бацькаўшчыны зьяўляецца не раней, чымсьці пашырэньне ў народзе адчуваньня лепшага лёсу ў выніку вызваленьня ад этнічна чужое ўлады. Спачатку гэтая ідэя надта эліт­ная, інтэлектуальная. Яе эмбрыён можа ня вырасьці ў жывы арга­нізм, калі не паспрыяе натуральнае асяроддзе, або заўчасная Нацыянальная ідэя ­— гэта імкненьне да уласнага лепшага. У тым яе універсальная каштоўнасьць. Нацыя і нацыянальная дзяржава як верхавіна дынамікі этнасу, пасьля чаго мае месца пераход у глабальныя структуры. Этнасу, які ня высьпеў у нацыю, застаецца ў сучасным хутка­плынным сьвеце вегетацыя на перыферыі.
Ратунак у пачуцьці айчыны — у патрыятызме. Гэта альтруістычнае пачуцьцё; неэгаістычны стан духу. Само лацінскае паняцьце «нацыя» адпавядае паняцьцю «усе свае» і адказнасьці аднаго за ўсіх і ўсіх за аднаго. Бяз нацыі няма грамадства, толькі насельніцтва. Тэрытарыяльны збор эгаістаў. Уцекачоў туды, дзе болей хлеба. Гайня ў пагоні за падлай.
Патрыёт ­— ня думае пра сябе, ня думае і пра эміграцыю.
Цяперашнія цывілізацыйныя параметры, у якіх можа разгарнуцца патрыятызм, пачуцьцё айчыны, далёка няпростыя, калі яшчэ два пакаленьні назад хапіла б звычайнага арганічнага высілку. Некалі ў экстэнсіўнай гаспадарцы, каб падвоіць вытворчасьць, дастаткова было падвоіць лік працоўных рук, лічбу работнікаў. Прайшлі тэхналагічныя рэвалюцыі, у выніку якіх усё менш працоўнай сілы патрабуецца дзеля функцыянаваньня эканомікі. Рушыўся дапераду працэс робатызацыі. Расьце праблема лішніх людзей. Калоніі — класічныя ­— нікому не патрэбныя. Маленечкая Галандыя раўняецца капіталамі з вялізнай, кантынентальнай, Расейскай Федэрацыяй. Абласны арэал Сінгапуру зьмяшчае ў сабе трэці-чацьвёрты патэнцыял усяго сьвету. Горная Швейцарыя — без натуральных выкапняў — выйшла на першае месца ў галіне дабрабыту. Вядома, без інтэграцыі ў глабальную, замест правінцыйнай, эканоміку не было б так добра, смачна (тыя ж швейцарцы стагоддзе назад распаўзаліся па Еўропе ў пошуках кавалку хлеба).
Што чакае людзей без пачуцьця айчыны? Лёс сіраты. Сіраце дапамагаюць, але яе ня любяць. Сірата спадзяецца на нейкі цуд, яна — зазвычай ­— вельмі рэлігійная або ідэйная, што на адно выходзіць. Гісторыя чалаусякіх ідэяў зьяўляецца абяздоленасьць. I кожная з іх завяршаецца рэвалюцыяй, сутнасьць якое ў дэструкцыі, у заняпадзе. Францыя — прыкладам кажучы – толькі праз стагоддзе пасьля славутага 14 ліпеня 1789 г. вярнула сваю ранейшую моц. Расея пасьля кастрычніка 1917 г. і зараз застаецца саламянай імперыяй Трэцяга Сьвету: Верхняй Вольтай з ракетамі. Прырода ідэі ­— у яе сусьветным імкненьні, у канцэпцыі ідэальнага чалавека, Збаўцы Яго. Хрысьціянства пакінула за сабою мільёны трупаў; камунізм з фашызмам яшчэ болей, а чырвоназорны Пол Пот, з французскім дыпломам вышэйшае адукацыі, ішоў напрасткі, забіваючы паў-Кампучыі ў імя «шчасьця народнага». Ідэолагі ­— гэта садыс­ты, залітыя крывёю злачынцы. Бойся адзінаслушнай ідэі!
На першы погляд дзіўна канстатаваць, што несьмяротны капіталізм ні трохі не настальгуе за якой-кольвечы ідэяй, нават хрысьціянскай, хоць вынырнуў ён у еўрапейскай зоне пратэстантызму, званага рэлігіяй працы, (каталіцтва ды праваслаўе ­— гэта рэлігіі сьвята і цэлай арміі сьвятых). Капіталізм нічога не абяцае чалавеку, аніякае райскае дарэмшчыны. I ўзьнік ён як пасьлядоўнасьць вольнае працы ў зьнікненьне феадальнага рабства. Бацькам яму горад-места, ня вёска і ня двор. Рынак. Тавар. Вольнаму воля, шалёнаму поле...
Вольны працаўнік не шукае добрага пана над сваім натруджаным гарбом. Маркс быў выдатным эканамістам, але нікудышнім ідэятворцам. Ён лічыў, што сутнасьцю чалавечай асобы ёсьць актыўнасьць, патрэба нешта рабіць. Досыць абгрунтавана баяўся перамогі камуніс­тычнага ладу ў прымітыўных краінах; па-прароцку баяўся ён расейскага рэвалюцыянерства. Камунізм планаваўся для Захаду з яго высокаразьвітай эканомікай. Расея сваім прасьцяцтвам не магла не скампраметаваць гэтую ідэю, фактычна на працягу пару пакаленьняў. Пераўтварыўшы камунізм у ідэалогію гультаёў. У варыянт неафеадалізму з сярэднявечнаю жорсткасьцю.
Што значыць вольная праца? Гэта праца на самога сябе, на свой лёс, перш за ўсё. З эфектам на сям’ю і родны край. Спадарожнічае гэтаму дух айчыны, спадчыннае зямлі. Візэрунак бацькаўшчыны, без якое няма долі, адно вегетацыя валакіты. Нараджаецца першафіласофія пачуцьця айчыны, патрыятызм. Зьліцьцё адзінкавага з навокал-агульным. Усё зьвязанае. З матэрыяльнага — вынырвае духоўнае, а з духоўнага вышэйшая ступень матэрыяльнага. Непісьменныя ня пішуць лістоў, ідыё­ты не засноў­ваюць універсітэты. Букварная праўда. Ідучы далей ­— без пачуцьця айчыны ня будзе намаганьняў да лепшага. Бо ­— нашто? Ці не прасьцей пашукаць Аркадыі, дзе ўсенька гатовае, хоць і не тваё?! У гэтым слабасьць вялізных дзяржаваў з аркадыйскімі архіпелагамі і магутнасьць маленечкіх, Швейцарыі альбо Нідэрландаў (без нафты і газу!). У іх не жывуць «на халяву». У іх хітрасьць лічыцца псіхічнай хваробаю.
Зьнішчэньне чалавека пачынаецца са зьнішчэньня сэнсу працы. У лабараторнай форме рэалізавалася тое ў канцлагерах, тых нацысцкіх і тых савецкіх, на ўзорах якіх арганізоўваліся эсэсаўскія. «Советский социализм протягивает руку германскому социализму», пісала «Правда» щвосень трыццаць дзевятага. Дуалізм душы вызначаецца і так: апошняй памірае надзея, патрыёт захавае ў сэрцы спадзеў на вяртаньне вольнае працы; непатрыёт загавее душою ўжо назаўтра, бы пацук у лабірынце. Вядома, магчыма пражыць і без духоўнасьці, па-быдлячаму, але тады тваё векаваньне пройдзе ў простай залежнасьці ад паўнаты «карыта». Бо не гаспадар жа ты самому сабе.
У заканчэньне варта задумацца над лёсам Беларусі, у цяперашнім стане якой бачым выразныя сьляды ўсяго гаворанага. Навідавоку яе менталітэт правінцыі былога Савецкага Саюзу. Упалыя імперыі доўга ка­наюць на ўскраінах. Гэта таму так, што яны нічога не вырашалі і надалей жывуць па інерцыі, без уласнага эпіцэнтру.
Савецкі Саюз мог бы яшчэ не адзін дзесятак гадоў пратрымацца, але гэта было б бесьперсьпектыўнае існаваньне, як усякая абвальная аграма­дзіна. Бясьсьмерце гарантавала б Савецкаму Саюзу дынаміч­ная магутнасьць кшталтам ЗША, выхад на эканамічную дамінанту ў сьвеце. Але яму хапала моцы толькі на мілітарызм; ягоны ўдзел у глабальным таваразвароце склаў нешта каля двух-трох працэнтаў. З такім паказьнікам магчыма была ўсяго імітацыя нейкае рэлігіі, назавем яе савецкай, у настроі якой не аці­хала літургія «самой передовой страны мира». Ад тае літургіі сяк-так абараніліся па-пратэстанцку рацыянальная Прыбалтыка ды каталіцкая Літва. Трагічная гісторыя Беларусі ­— што ні стагоддзе, то генацыд у апошнія 350 гадоў ­— фіналізуецца сёньня бязвыйсьцем. Яна сапраўды ўсім наўкола лішняя, бы той убогі сваяк. Паратунак яе ва ўнутранай канцэнт­рацыі волі народу. Але гэтаму напружаньню ўсенароднага высілку патрэбнае пачуцьцё айчыны, гарачы патрыятызм.
Неабходная таму дэрусіфікацыя краіны як найпершай умовы выціс­каньня менталітэту пасьлясавецкай правінцыі, падрасейскай культурнасьці. Як доўга беларусы будуць заставацца «тоже русскими», так доўга ня будзе ў іх будучыні, а толькі спадзяваньне на Расею замест будаваньня ўласнага лёсу. Правінцыя заўсёды спадзяецца, менавіта, і чакае прыйсьця «добрага дзядзькі». У гісторыі аднак жа не бывала так, каб адна дзяржава працавала на другую. А сама дзяржава бяз тытульнай нацыі ­— гэта ўтопія, нядоўгавечны штучны твор. Сілагізм таго наступны: дзяржава ­— гэта ўлада, якая без сумаваньня з нацыянальным патрыятызмам падлягае карозіі (іржаўчыне) і зьнікненьню ў прадоньнях часу. Сьмерці падобнае пазьбяганьне беларускага нацыянальнага патрыятызму, якому пачатак — культ роднай мовы і выраслай на яе падмурку культуры.
2003 г.