12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Емельянаў-Шыловіч

_____________________
Бурштынавыя вершы


Арменія

Орущих камней государство –
Армения, Армения.
В. Мандэльштам
1
Караундж глядзеў на калядныя зоры
вачыма галодных каменных адтулін.
нібыта цыклопы ў пярэстай прасторы
з дазволу суворага часу паснулі.

Бадзяцца па зорным чужым лабірынце
я ў мроях сваіх нечакана паехаў
туды, дзе мацней арыяднінай ніці
камення спрадвечнага зычнае рэха,
дзе вецер салоны бядзе спачувае,
зямля пад нагамі паэта спявае:
“Каб музыка шчырага сэрца не ўмёрла,
крычы, не шкадуючы хворае горла…”
І – крыкнуў.
Шалёная воўчая зграя
жахлівыя іклы свае агаляе…

2
Крышыцца грыфель, трывае папера,
крычма крычыць у паэта душа.
Муза-пакутніца моўчкі сышла,
каб нарадзіцца ў наступную эру.
Чуеш, як гучна вібруе струна –
гэта ад сну ачуняла яна.

3
І зноў у срэбры год знікае,
нібы ў трызненні прамаўляе:
“Краіна, дзе крычыць каменне, –
Арменія, Арменія…”


Сredo

У пошуках кон паэта –
адчужанасць ад сусвету,
ды я не зважаў на гэта,
і бліжай да апраметнай
цяпер я, чым быў калісь.
каб плоць, як паперу спаліць –
зрабіцца адным з сусветам –
не быць для таго, каб быць.


* * *

Содні дзяжурства прайшлі амаль незаўважна:
у аддзяленні для хворых
з парушэннем мазгавога кровазвароту
ніхто не памёр
Кагосьці кармілі праз зонд,
і сястру з гэтага ледзь не зблажыла,
кагось ратавалі,
а хтосьці ў хваравітым трызненні
ляцеў да зор.

Пацыенту з чацвёртай здымалі кардыяграму,
а ў суседа ягонага бралі тым часам кроў;
хадзячыя бегалі
па “пладова-выгоднае” ў краму,
а ўвечары пад звон кілішкаў
чулася: ”Будзь здаровы!”

Нямоглых лекавалі кропельніцамі,
пігулкамі і суцяшэннем,
на што тыя злаваліся й лаяліся:
“Маць тваю так!”
…Содні дзяжурства
прабеглі амаль без здарэнняў,
ну, дзякуй Богу, вось каб заўсёды так.


* * *

Дні апошнія года Быка
лічыць, лічыць калядны гадзіннік.
Застаюцца ў мяне на руках
365 залацінак.

І, хоць кожную шчыра люблю,
але з ёй развітаюся строма.
Не шкадуючы ўсё аддаю
з завірухамі году старому.

Я не маю ніякіх пазык
і прымаю душой ачышчэнне,
бо наступны жыццёвы цыкл
я жадаю пачаць з натхнення.

17 снежня 2009


* * *

Калі ў краіне,
дзе бязмовяць валуны,
нат чорны рыс
каштуе
даражэй,
чым гарэлка,
што ж запасаць
тады на
чорны дзень
Люты, 2011


* * *

Раніца.
Возера.
У калысцы хваляў
белы гарлачык
прачынаецца,
раскрывае пялёсткі,
ласкавыя промні
будзяць пяшчотна
кожны лісточак,
быццам рукі твае
кранаюць цела маё.
Лёгкі ветрык твайго подыху
варушыць мае валасы,
прымушае забыць пра былое.
І хачу я штодня,
як гарлачык,
прачынацца ад дотыкаў і пацалункаў.


НеСанет

Калі скажу – цябе кахаю,
Дакладна ведай, што маню;
Бо пра каханне не гавораць,
Жывуць, не спадзяваючыся на

Ўзаемнасць, хоць намёкі на яе;
На жаль, жыву і разумею:
Снег робіцца вадою
Не таму, што пацяпленне,

А снег кахае моцную зямлю
І штогадова дотыкам нясмелым
Ласкава дакранаецца – пяшчоціць,

Да кроплі раствараецца ва ўлонні.
Віецца пара – гэта подыхі зямлі,
Якая ведае, што значыць
Быць каханай…


Бурштынавыя вершы

Верш – імгненне, выхапленае ў вечнасці
і застыглае на паперы,
нібы закрышталізаваная ў бурштыне кузурка,
травінка ці каменьчык.
Першыя вершы пісаліся менавіта бурштынам,
ён надта ўдала вычапляў вобразы і
аблямоўваў іх непаўторную форму,
метафарычна спалучаў немагчымае.
Яго ўдасканальвалі і рэдагавалі
марскія хвалі,
і вершы, давершаныя імі,
мы бачым цяпер,
праз тысячы тысяч гадоў.
І напрыканцы я не стаўлю кропку,
бо я за давершанасць
бурштынавых вершаў


* * *

Зірнеш ільвіцай агнявою,
аж пот праступіць на ілбе.
Я ж кіраваць хацеў табою,
утаймаваць жадаў цябе.

Маланкай-пугаю паветра
хрышчу, трапеча ўсё ўнутры.
Страх на адлегласці паўметры,
і ўсё гучней звярыны рык;

бліжэй, бліжэй – прымружу вочы,
пад горла сэрца камяком.
Ільвіцай мне на грудзі скочыш –
кранеш ружовым языком.


Непаэтычны трыпціх

Sic transit Gloria.
1. Размова Аляксандра Вялікага з Феапомпам*
А л я к с а н д р:
Што застанецца пасля мяне?
Ф е а п о м п:
Памяць.
А л я к с а н д р:
Ты ў гэтым упэўнены?
Ф е а п о м п:
Не.
А л я к с а н д р:
І я таксама.
Не жадаю памяці герастратавай,
што пакінуў пасля сябе толькі страты,
хаця,
ведаеш, ён, відаць, быў паэтам,
бо любіў, як дзіця,
ўсё падпальваць,
асабліва агульную памяць...
Можа, для самарэкламы?
Ф е а п о м п:
Не, ён ведаў – жахлівей за ўсё –
забыццё,
і баяўся яго,
і свядома пайшоў на злачынства.
Ён быў паэтам
і ведаў адно: шанаваць можна розных багоў,
але гэта не замінае вылучыцца.

2. Эпітафія на магіле Аляксандра Вялікага
Зазнаўшы слодыч перамог,
Апошняй бітвы ты не змог –
Спачыў, вялікі, вечным сном.
А сонца над тваім пагоркам
Гарыць і ў пракаветным змроку,
Але ты іншым знішчаны агнём.

3. Паслямова
Калі сплыве вада,
струхлее дрэва
і з’есць жалеза
ненажэрная іржа,
згадай пра запалкі,
што ў кішэні ляжаць.