12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Паліна Качаткова

_____________________
Дрэвы, сьпілаваныя зімой.
Зацемкі


Дрэвы, сьпілаваныя зімойГэты вобраз трывожыў мяне ўвесь час, пасьля таго, як я стала шмат часу праводзіць у Воршы. Каля нашага дому зімой высеклі дрэвы. Пні пакаціліся з высокага берагу ў Дняпро, упалі ў ваду, там і ўмерзьлі, зьверху лёг лёд, схаваў сьвежыя зрэзы. Але дрэваў было шмат, і ня ўсе яны скаціліся ў Дняпроагромністыя заледзянелыя камлі ляглі побач з тым месцам, дзе яшчэ нядаўна расьлі, дзе захаваліся пад мерзлай зямлёй іх карані.
Пра сьпілаваныя зімой дрэвы, як пра сімвал самоты, пісаў Франц Кафка: “Мы як сьпілаваныя дрэвы зімой. Здаецца, што яны проста скаціліся на сьнег, крыху піхнуцьі можна скрануць іх з месца. Не, скрануць іх нельгаяны моцна прымерзьлі да зямлі”. Жудасны сон пра абсалютную адзіноту. Прамерзлыя мёртвыя дрэвы, для якіх ня будзе вясны, але яны пра гэта яшчэ ня ведаюць.
Гэтыя зацемкі прысьвечаныя жыцьцю ў Воршы. Часткова яны друкаваліся на сайце http://www.svabodaby.net/, а часткова ў дзёньніку http://kyta-kyta.livejournal.com.


Люстэрка
У краме жанчына сталага веку спрабавала прайсьці праз люстэрка ў кабінцы для перааапрананьня. Маладая прадавачка выводзіла яе з кабіны паказвала на дзьверы і казала:
Вам туды...
Адкуль Вы ведаеце, куды мне? – адказала жанчына і вярталася ў кабіну з люстэркам.
Там яна прыціскала далоні да люстранога шкла і казала свайму адлюставаньню:
Ідзіце сюды, тут можна прайсьці. Праходзьце, праходзьце... А то яны не даюць вам прайсьці...
Адлюстраваньне бязгучна варушыла вуснамі
Нічога ня чую, – крычала жанчына свайму адлюстраваньню, – тут нічога не чуваць.


Чатыры бабулі
У дзевяціпавярховым доме, на адной пляцоўцы жылі чатыры бабулі. Спачатку адна паставіла сабе лічыльнік на ваду і выхвалялася перад суседкамі сваёй беражлівасьцю, пасьля другаяНеўзабаве ўсе чатыры бабулі паставілі лічыльнікі.
Цяпер яны пачалі параўноўваць, у каго большая эканомія. Адна з бабуляў скеміла, што можна сэканоміць на гарачай вадзе і пачала набіраць гарачую ваду з батарэяў. Суседка ня ведала, што можна браць ваду з батарэяў, але інтуітыўна адчувала, што яе суперніца эканоміць менавіта на гэтым. Таму яна адключыла гарачую ваду, а дзецям, якія спачатку думалі, што ваду адключылі ва ўсім доме, растлумачыла, што вада ў кране ўсё роўна іржавая і мыцца ёй шкодна, асабліва, каля яна гарачая. “А якой жа вадой карысна мыцца?!” – спыталі ў яе. І гэты момант стаў паваротным, бабуля зразумела, як вырвацца ў пераможцы. “Карысная тая вада, якая на вуліцы ў калонцы”, – адказала яна.
Калонка захавалася ў двары, бо побач стаялі прыватныя дамы. Ваду пачалі насіць і грэць у бачку на газе (газавага лічыльніка ў кватэры пакуль не было). Потым ваду залівалі ў ванну, дзе мылася па чарзе ўся сямя. Але і пасьля таго, як усе памыюцца, ваду не зьлівалі, а выкарыстоўвалі для ўнітазуперацягваючы яе з ванны ў прыбіральню ў адмысловым маленькім вядзерцы.
У кватэры наступіла поўная і абсалютная эканомія вады. Лічыльнік нічога не налічваў. З ЖЭСу пачалі прыходзіць праверкі, але з лічыльнікам усё было ў парадку.


Загадка касьцёльнага кветніка
Мы стаялі і разглядалі ставок ля касьцёлу Сьвятога Язэпа ў Воршыбыло цікава, у чым там растуць лотасы, і наогул, як усё зроблена? Кветнік ля касьцёлунадзвычайная зьява ў нашым горадзе, у якім калі зьявіцца нешта прыгожае й новае, дык адразу ж бецца, ламаецца і выкарчоўваецца (калі гэта ў зямлі). Гэта тычыцца ўсяго: прыбіральняў, ліхтароў, пляжныхгрыбкоў”, лавак, агароджаў і г.д. Я спрабавала выявіць заканамернасьць, быццам бы ўсё зламанае нічога ня зьвязваеНічога, апрача прыгажосьці і навізны.
Дык вось, кветнік каля касьцёлу для мяне загадка. Альбо на яго ня робяць напады вандалы, альбо ксяндзы ведаюць, як вырашаць пытаньне з вандаламі. Альбо там хутка ўсё аднаўляюць. Нават маленькія бутэлечкі ад настойкі баярышніка (найтаньнейшы алкагольны напой – “медыцынскі каньяк”) ляжаць пад плотам з іншага боку. Таму я часта хаджу глядзець на гэты цуд пасярод рэзруху.
І вось стаялі мы так і глядзелі, калі да нас падышла жанчына. Як кажуць, інтэлігентнага выгляду, я спачатку падумала, што яна накіроўваецца ў касьцёл, але не, жанчына спынілася і завяла з намі размову.
Нядоўгі час застаўся для ўсё гэтай прыгажосьці
Чаму?
Хутка прыедзе Лукашэнка і навядзе парадак
Які парадак?
Ну, хто гэта такое дазволіў? Яны адхапілі столькі зямлі і робяць на ёй, што хочуць.
А што тут трэба зрабіць?
Праход каля рэчкі, каб людзі хадзіліА такая прыгажосьць можа быць толькі ў цэнтры гораду на плошчы, а ня ў іх.
Цікава, што, адчуваючы нашу нязгоду, жанчына адстойвала сваю пазіцыю дастаткова цывілізаванане крычала, не брыдкасловіла і нават не выказвалася ў наш адрас. Засталося ясным аднопрыгажосьць можа быць у сьпецыяльна вызначаным дзяржавай і прэзідэнтам месцы, усё астатняенепарадак, з якім трэба змагацца.
Словаў не было. Замест адгадкі я атрымала яшчэ адна загадку


Вайна з дрэвамі
Мы пасадзілі ў двары елачку, каб расла, каб упрыгожваць яе на зімовыя сьвяты. Прыйшла суседкарыначная гандлярка, паглядзела, пакрывілася і сказала, што трэба елачку тэрмінова выкапаць і выкінуць, але не патлумачыла чаму і сышла. Пасьля прыйшла іншая жанчынавыкладчыца красьленьня і жахнулася, убачыўшы елачку, і таксама сказала, што ад елкі трэба пазбаўляцца як мага хутчэй, бо калі елка дарасьце да пэўнага ўзросту, а яе камель дасягне пэўнага дыяметру, то памірае гаспадар дому... Усе нашыя словы пра тое, што паўсюль у Еўропе перад кожным домам растуць елкі, ня дзейнічалі. Выкладчыца сьцьвярджала, што пра жудасныя ўласьцівасьці елкі ёй распавялі па БТ, што жадае яна нам толькі добрага і кідалася на елачку.
Што гэта? Нейкі стары невытлумачальны страх перад лесам, які трэба карчаваць, каб рабіць поле, будаваць хату? Уяўленьне пра тое, што лясныя дрэвы ня мусяць расьці надта блізка да хаты, бо гэтанебясьпечна? Лесгэта ня толькі елкі, але і зьвяры, і злыя рабаўнікі? Здаецца, у еўрапейскіх краінах перасталі баяцца дрэваў. У Германіі старыя дрэвы маюць асаблівы догляд, у насзьнішчаюцца ўмомант. Навядзеньне парадку ў беларускіх гарадах наўпрост зьвязанае са зьнішчэньнем дрэваўчым болей высеклі, тым большую навялі прыгажосьць. Шмат было сказана незалежнымі СМІ пра перанос помніка Уладзіміру Караткевічу ў яго родным горадзебылі радыёперадачы, артыкулы і сюжэт па незалежным тэлеканалеБелсат”. Але ніхто не сказаў пра тыя шыкоўныя экзатычныя залатыя кусты, што расьлі каля помніка і былі зьнішчыны бульдорзерам, як толькі на іх зьявіліся кветкі (вельмі хачу верыць у тое, што адзін куст мне ўсё ж удалося ўратаваць, і ён знайшоў надзейны прытулак у прыватным садзе). Нічога не было сказана і пра няшчасныя кветкі, якія загінулі пад нажом бульдозера ў тым самым Прыдняпроўскім паркухосты, ірысы, баданы, восеньскія астры, вялікія дэкаратыўныя васількі. Бо толькі ў Беларусі рэканструкцыі паркаў праводзяць з дапамогай бульдозераў, бо ў нас дагэтуль працягваюць баяцца дрэваў і расьлінаў.


“Хрэнаўка” – каб захаваць жыцьцё,
у госьці трэба хадзіць са “сваім”...
Хрэнаўкуробяць на расійскім сьпірце, але з беларускім хрэнам. Ад самаробнайсмаленскай гарэлкі”, якая вырабляецца і актыўна спажываецца ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі, “хрэнаўкаадрозьніваеццагэта больш далікатны напой. Каб у хатніх умовах вырабіцьсмаленскую гарэлку”, трэба разьвесьці вадой з-пад крану прывезены са Смаленску сьпірт, заліць у бутэльку і наклеіць этыкетку. Гэты нескладаны рэцэпт актыўна рэалізуецца накропкахнелегальнымі гандлярамі сьпіртным, такая гарэлка ў два разы таньнейшая за крамную.
Тэхналогія вырабухрэнаўкібольш складаная: бяруць карані хрэну, ачышчаюць, пасьля пераціраюць на тарцы і засыпаюць ва ўсё той жа разбаўлены вадой сьпірт. Пасляхрэнаўканастойваеццастолькі дзён, на колькі хопіць цярпеньня. Пасьля можна дадаць некалькі кропляў лімоннага соку...
А потымхрэнаўкупюць і хваляць: “Які смак прыемны, галава не баліць!” Дбайныя гаспадыніхрэнаўкуразьліваюць па бутэльках і выстаўляюць на стол. Пра тое, што выпіў у гасьцях менавітахрэнаўку”, а не, напрыклад, “Няміраў”, можна даведацца толькі пасьля таго, як выпеш, бо могуць спытаць: “Ці добра табе? Ці смачна? Самі рабілі! Гэта ж хрэнаўка!”
І вельмі добра, каліхрэнаўкане была зробленая на падставемаксімкі” – тэхнічнага сьпірту, тады ёсьць шанец захаваць жыцьцё і здароўе. А яшчэ лепей, калі ідзеш на госьці сасваім”.


«Рыба ды зайцы завядуць у старцы»
Лёд на рэчках пачаў раставаць, але гэта не спыняе рыбакоў. Як цені забытых продкаў блукаюць яны каля рэчак і азёраў. Зранку і ўвечары, і ўначы, і цэлы год рыбакінеадемная частка беларускага краявіду. Чаму яны ходзяць на рыбалку? Што рухае імі? Жаданьне здабыць рыбу, пракарміць сямю? Наўрад ціРыбалкагэта пошук шчасьця. Якое немагчыма ў рэальным жыцьці. Гэта пошук шанцу, які немагчымы ў сацыяльным жыцьці. Рыбацкае шчасьцезамена жыцьцёвага посьпеху. Пра гэта сьведчыць і беларуская народная мудрасьць – «рыба ды зайцы завядуць у старцы», у сэньсе, калі будзеш займацца толькі рыбалкай ды паляваньнем, то станеш жабракомстарцам. Можна запярэчыць: самыя багатыя людзі захапляюцца рыбалкай. Гэта такУ 1986 годзе на вялікім вадасховішчы Гастываж пад Прагай мой бацька стаў сьведкам здарэньня, якое яго ўразіла. Рыбакі гналі да вады чалавека, у якога падстаўкі пад вуду былі выразаныя з дрэва (ва ўсіх астатніх падстаўкі былі металёвыякрамныя). Рыбакі крычалі: «Прэч ад вады. Зарабі спачатку грошы. Ня маеш грошай купіць прылады і рэжаш дрэвы! Зарабляй! Ідзі працуй». Вось такая сумная гісторыя пра тое, як багатыя рыбакі прагналі ад вады беднага рыбака
Рыбацкае шчасьцегэта вялікая, незвычайная рыба, якую дагэтуль ніхто не злавіў. Рыбалка і корміць, і супакойвае, дазваляе застацца сам-насам з сабой і прыродай, адчуць сябе першым чалавекам на ЗямліАдамам у чаканьні посьпеху – «сёньня мне пашчасьціць, нягледзячы ні на што». А калі нічога ня зловіш, дык пашчасьціць у наступны раз. На рыбалцы ты сам на сам са сваім шанцункам ці нешанцункам. На рыбалцы людзі ідуць на рызыку, часта гінуць, робяцца неабачлівымі, забываюць пра бясьпеку. Гэта пошук таямнічага і цікавага, таго, чаго няма ні ў кога, а можа здарыцца толькі з табой. У штодзённым жыцьці людзі ня маюць магчымасьці ўвесь час займацца пошукам шанцунку.
Чалавек любіць свабоду, але часам яму яе не хапаеРыбалка до­рыць адчуваньне свабоды, якой амаль не засталося ў штодзённым жыцьці. Паплавок на паверхні вады заварожвае, супакойвае. Ты закінуў вуду і нерухомееш у чаканьні цудувось-восьТы закінуў вуду і чакаеш, хто адгукнецца, хто выйдзе з табой на сувязьраптам гэта тваё шчасьцерыба, якую дагэтуль ніхто не лавіў. Вось янорыбацкае шчасьце!


Ці існуе беларуская аўчарка?
Ёсьць розныя аўчаркінямецкая (самая распаўсюджаная ў сьвеце), польская нізінная, каўказcкая, паўднёва-руская, а таксама венгерскі ды ірландскі ваўкадавыГэтыя сабакі спрадвеку ахоўвалі статкі ад драпежнікаў і злодзеяў. Да аўчарак адносяцца лёгкія, хуткія, не абавязкова буйных памераў сабакі, у якіх дастаткова шырокае кола абавязкаўтрымаць статак разам, гнаць на выпас, і, канешне, ахоўваць.
А ці існуе беларуская аўчарка? Сярод прызнаных пародне. А ў прыродзе існуе. Узгадайце! Вы іх бачылі на вуліцах беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак. Раней яны верна беглі за возам (а гэта сьведчыла пра іх вернасьць), калі гаспадар выязджаў па справах, а цяпер вельмі любяць бегаць сьледам за машынамі. Нездарма кажуць: “бяжыць, як сабака за возам”. Да канца 20 стагоддзясабакі за возамгарманічна існавалі ва ўсіх карцінах штодзённага беларускага жыцьця. Іх можна і цяпер убачыць і ў дакументальнай хроніцы, і на сямейных фотаздымках. Гэта дастаткова моцныя сабакі, вышынёй 50 сантыметраў у холцы, крыху аблавухія (але вушы могуць і падымацца пры пэўных абставінах), хвост могуць трымаць як абаранак, так і на ваўчыны манер. Вострая пысау профіль вельмі падобная на ваўчыную. Добра разьвітая сістэма цягліцаў, асабліва на гру­дзях. Кароткая густая поўсьць чапрачнага колеру (спалучэньне чорнага і рудога). Сабака можа выглядаць агрэсіўным, але большая частка брэша і не кусае людзей. Верагодна, што парода гэтая была сфармаваная ў 16 стагоддзіу адзін час з польскай нізіннай аўчаркай. Свае прыродныя інстынкты гэты сабака цудоўна прыстасоўвае да жыцьця сярод людзейгэта адданы кампаньён і цудоўны вартаўнік.
На жаль, гэтая старажытная парода так і не была культываваная, як і ўсё беларускае: што маемне шануем. Заразсабакі за возамактыўна мяшаюцца з прадстаўнікамі іншых пародаў, якіх людзі набываюць, а пасьля збываюць на вёскі, дзе яны пачынаюць весьці вольны лад жыцьця. Які лёс чакае ў будучынісабаку за возам”? Цяжка сказацьПольская нізінная аўчарка, напрыклад, падчас другой сусьветнай вайны была на мяжы зьнікненьня, і захавалася толькі дзякуючы намаганьням прыхільнікаў пароды. А мы? Хочацца аптымістычна спадзявацца, штосабакі за возамня зьнікнуць назаўсёды.
Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што ідэю пра існаваньне беларускай аўчаркі альбо сабакі за возам у 90-ыя гады выказаў Алесь Бяляцкі, які тады ня быў праваабаронцам, а працаваў дырэктарам музею Максіма Багдановіча ў Менску.

Смаленскія прысмакі
Людзі, якія жывуць на мяжы з Польшчай, па магчымасьці набываюць прадукты ў Польшчы, на літоўскай мяжыу Літве, на ўкраінскайва Ўкраіне, а людзі з беларуска-расейскай мяжы, кабзатарыцца”, накіроўваюцца ў Расію.
Дабірацца да Смаленску можна па чыгунцы. А лепей за ўсё на ўласнай машыне ці прыватнай маршрутцыкіроўцы такіх маршрутак на просьбу кліентаўпадбіраюцьіх ля самага дому. Як правіла, каля сямі раніцы. У Смаленску закупляюць цыгарэты (пераважна таннуюБалканскую зьвязду”), каўбасу, марожаную рыбу, курыныя кумпячкі, паўфабрыкатышарыкі з курынага філе з сырам усярэдзіне, “рыбныя палачкі”, маянез. А яшчэ вязуць са Смаленску розныя салодкія прысмакізефір у шакаладзе, цукеркі, печыва, вельмі смачныя слаёныя рагалікі са згушчонкай. Прывезенае са Смаленску часткова спажываецца дома, часткова прадаецца. Маршрут прыватнай маршруткі на Смаленск ідзе па трасе праз Дуброўна. Людзі з Дуброўна возяць на рынак прадаваць мясасьвініну. Да мытні ўсе едуць сонныя, хто сьпіць, хто размаўляе паміж сабой, размовы ў асноўнымбарыжныя” – дзе што купіў, як прадаў, што атрымаў. На расейскай мяжы кіроўца плоціць разавую страхоўку і вязе пасажыраў далей. У Смаленску езьдзяць па аптовых базах, дзе закупляюць прадуктыусё тыя ж кумпячкі, рыбу, слодычы. Потымна Цэнтральны рынак, дзе ўсе разыходзяцца гадзіны на дзьве.
У Беларусь усе вяртаюцца з поўнымі торбамі, мікрааўтобус едзе загружаны да самага верху. На адваротным шляху на мяжы можа зазірнуць у маршрутку беларускі мытнікправерыцьці не перабраная норма на сьпіртное і цыгарэты, ці не вязуць кантрабандны небясьпечны для жыцьця сьпіртмаксімка”.
Які сэнс у такіх паездках? Гэтае пытаньне я задала хатняй гаспадыні Натальлі, што рэгулярна наведвае Смаленск.
Прадукты харчаваньня ў Расіі значна таньней, а на аптовых базах яшчэ таньней. Калі прадаць, то акупляецца ўся дарога і яшчэ на жыцьцё хапае. Перад сьвятамі езьдзяць, каб закупіць прадукты для сябе, бо розьніца ў коштах рэальна адчуваецца. Смаленскгорад старажытны, але вельмі брудны. Гэта горад-базарЯ добра ведаю, дзе ў Смаленску якія аптовыя базы, дзе лепей браць.
Адкуль вы ведаеце?
Захочаш есьцідаведаешся!


Басейн у Александрыі
Спачатку мы ехалі па цёмнай-цёмнай дарозе сярод змрочных елак. Пасьля ўбачылі ўдалечыні яркае сьвятло, сканцэнтраванае над адным абектамбыццам сярод цемры беларускіх палёў апусьцілася іншаземнае НЛА. Але нічога касьмічнага... На ўзбочыне дарогі зьявіліся людзі, прыкметныя ў цемры, – законапаслухмяныяусе з флікерамі.
І адразу мы ўбачылі ўказальнікАлександрыя”.
Александры-ыя!” – засьпяваў падПесьняроўадзін са спадарожнікаўу далёкія 1980-я лідэр аршанскага рок-гуртаКалыска для коткі”. “Ня тое пяеш, – паправілі яго, – “ПесьнярыспяваліАлександры-ына” – гэта жаночае імя, а Алескандрыяродная вёска Лукашэнкі”. Вось і прыехалі.
Тое, што здалёк здавалася касьмічнай талеркай, зблізу аказалася спартовым цэнтрам, пабудаваным у вёсцы на асабісты загад Лукашэнкі. Комплекс складаецца з аквапарку, вялізнай спартовай ды трэнажорнай залаў. Вакол спорткомплексу шмат машынаў. Увечары сюды зьязджаюцца людзі з навакольных гарадоўКопысі, Шклова, Барані і Оршы. У гэтых гарадах няма аквапаркаў і нават няма басейнаў з разавым наведваньнемкалі можна не набываць абанемент, а проста, заплаціўшы грошы, паплаваць у сваё задавальненьне. Там басейны знаходяцца, галоўным чынам, на розных прадпрыемствах, і трапіць туды можна толькі праз заводскую прахадную, папярэдне набыўшы абанемент. А прыхільнікаў здаровага ладу жыцьця ў гэтых гарадах хапае. Таму аквапарк у Александрыі не пустуе. Днём яго наведваюць дзеці з вёсак, а таксама возяць сюды арганізавана і дарослых вясковых жыхароў, а пасьля 18.00 – вольнае наведваньне па запісе.
Пры ўваходзе нас сустрэлі ветлівыя жанчыны ў белых блузках і чорных нагавіцах, патлумачылі, што тэлефоны (папярэдне адключыўшы) мы можам пакінуць у гардэробе: “Не хвалюйцеся, у нас тут нічога не зьнікае”. У гардэробе мы пераабуліся, далей пайшлі ў тапкахгэта тут абавязковатапкі і шапкі гумовыя. Усё паўсюль цёплае, чыстае і прыемнаеновенькае. Тут ёсьць басейн на 25 метраў, саўна і джакузі і асобны басейн для маленькіх дзетак. І ўсё аформлена ў антычным стылікалоны, порцікі, блакітная і сіняя мазаіка, лавы ўздоўж басейну з падагрэвам.
Людзей шмат. Басейн поўны. Жанчыны ў прыгожых купальніках, рознакаляровых тапках і шапках. Тут можна і людзей паглядзець, і сябе паказацьсьвецкае жыцьцё ідзе поўным ходам. Вось з мужчынскай распранальні выйшаў вусаты здаровы мужчына ў чорных плаўкахрадасна ўсьміхнуўся і даў нырца.


Цацачная пліта
Зусім нечакана я знайшла на вуліцы вельмі старую цацкугэта была мініяцюрная кухонная пліта, якую можна па-сапраўднаму запальваць. Пасля вайны палонныя немцы выраблялі такія рэчы ў Балбасава, а можа і ня толькі там... Балбасавагэта мястэчка з вайсковым аэрадромам, адкуль у 80-я выляталі самалёты на Афганістан, там служыў генерал Джахар ДудаеўМаленькая іржавая плітка ляжала пасярод вуліцы, на якой нядаўнавяснойзьнесьлі старыя дамы. Старыя дамы зносяць, з іх сыходзяць рэчы са сваімі таямніцамі. Прайшоў дождж і вымыў цацку з кучы друзу. Унутры пліты ляжалі трэскідровы, і на дзіва, сухія. Пасьля вайны дзяўчаты вучыліся ў такіх плітках распальваць агонь. Я распавяла маці пра сваю знаходку.
Вельм дзіўнадзецям звычайна не дазваляюць гуляць з запалкамі. Гэта забароненыя гульні. З цягам часу ўяўленьні пра тое, як і чым могуць альбо ня могуць гуляць дзеці, мяняліся. Так адказала маці.
Дзіўна, я пра гэта ня думала. Калі я была маленькая, захоўвалася яшчэ старая мода, каб дзеці мелі лялечныя куткі. Дзецям дазвалялі ў куце, за ложкам ці яшчэ чым-небудзь, рабіць на падлозе лялечныя куткі. Лялечная мэбля, лялечны посуд. Але мне не было гэта цікава. Улюбёнай забавай былі люстэрка і сподак з вадой. З дапамогай гэтых прадметаў мы з сяброўкай спрабавалі зазірнуць у будучае. У лазьні, накрыўшыся коўдрай і запаліўшы сьвечку, мы ўзіраліся ў люстэрка і бачылі там штосьці цьмянае і загадкаваесваю будучыню. А каб сапраўды ўбачыліне паверылі. Напрыклад, ці магла мая сяброўка ўбачыць там сваё раньняе замужжа і адезд ва Узьбекістан, а пасьля вяртаньне на радзіму з дачкой? Ці маглі мы там пабачыць незалежнасьць Беларусі, а пасьля і чалавека, які ўплывае на лёс краіны? Каб убачылі, то, відаць, ляцелі б з той лазьнікуды-небудзь гуляць у іншыя гульніА цацачную пліту я забрала з вуліцы, прынесла і паставіла ў той самай лазьні. Бо будучыня заўсёды цьмяная, а мінулага шкада.
2007-2009 год, г. Орша