12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Лешак Калакоўскі

_____________________
Байкі з каралеўства Лайлонія.
Пераклад
з польскай –
Наталі Куц.

Вялікі голад.

Калі ў Лайлоніі выбухнуў вялікі голад, першасьвятар краіны якраз сканчаў сьняданак. Тэлеграма з гэтай навіною ўзрушыла яго да такой ступені, што ён праглы­нуў яйка ўсьмятку разам са шкарлупінай, палічыўшы, што яму падалі яйка ўкрутую. Таму ён спачатку вылаяў кухара, які бараніўся, як мог, аднак усе спрэчкі кухара з першасьвятаром сканчаліся ў Лайлоніі без асаблі­вых вынікаў.
Расправіўшыся з кухарам, першасьвятар загадаў па­клікаць да сябе чатырох пажарных і сурова запытаўся ў іх:
– Ці ўмееце вы тушыць голад?
Натуральна, пажарныя ня ўмелі, аднак не хацелі ў тым прызнавацца, бо баяліся першасьвятара. Таму яны адказалі хорам: “Вядома, умеем. Нас добра вучылі гэтаму ў школе пажарных”.
– Ну, тады патушыце хуценька, – сказаў першасьвятар. – Гадзіну таму ў Лайлоніі выбухнуў вялікі голад.
– Але дзе? – спыталі пажарныя.
– Паўсюль, па ўсёй краіне. Патушыце і здасьце мне справаздачу пра вынікі.
Пажарныя выйшлі маркотныя. Яны нядрэнна ўмелі карыстацца шлангамі, але яшчэ ніколі не тушылі імі голаду. Таму яны зрабілі, што ўмелі. Ускараскаліся на пажарныя вазы й пачалі ліць ваду куды патрапіцца; а паколькі першасьвятар сказаў, што ўся краіна ахопленая голадам, то і езьдзілі яны па ўсёй краіне й шчодра палівалі яе вадой. Над Лайлоніяй та­ды трывала несупынная залева. Людзі на вуліцах крычалі пажарным, каб яны спыніліся, але пажарных не палохаў іх лямант. Тым жа, што ім заміналі, яны крычалі, каб не перашкаджалі іхняй працы, бо яны павінны патушыць голад.
Першасьвятар атрымліваў ад пажарных тэлеграмы заўжды аднаго й таго ж зьместу: “Тушым голад. Мо ўжо досыць?” Аднак, з іншага боку, яму прыходзілі тэлеграмы з паведамленьнем, што голад і надалей лютуе ў Лай­лоніі, і першасьвятар тэлеграфаваў пажарным: “Працы не спыняць! Голад усё шалее”. Ён вельмі разьнерваваўся й неўзабаве нават выгнаў кухара з працы, бо палічыў, што прыгатаваная ім капуста надта вадзяністая на смак. Аднак жа капуста, якую гатаваў яму новы кухар, была таксама вадзяністая, а хутка першасьвятар пачаў проста шалець ад злосьці, бо ня толькі капуста, але й хлеб, і сьмятана, таксама як і катлеты – усё наогул было вельмі вадзяністым. Ён выгнаў і новага кухара, але паляпшэньня не было. Праз пэўны час мэбля ў пакоях першасьвятара набрыняла вадой, вада лі­лася проста са сьценаў, і атрамант, якім ён пісаў, быў на палову разбаўлены вадою. Тлумачылася гэта тым, што пажарныя залілі вадой усю Лайлонію і залівалі ўсё болей. У выніку ўся краіна была пад вадой: вада пра­біралася ўва ўсе месцы, узровень яе ўсё павышаўся, яна залівала вуліцы, палеткі й дамы. Словам – паводка.
Перашасьвятар занепакоіўся. Звычайна, калі цячэ вада, выклікаюць сьле­сара. Таму ён паклікаў да сябе чатырох найлепшых сьлесараў, якія былі ў краіне, і катэгарычна запытаўся ў іх:
– Ці здолееце вы спыніць ваду?
– Вядома, – адказалі сьлесары. Мы ўвогуле больш нічога ня ўмеем, але менавіта гэта робім выдатна.
– Значыць, зрабіце так, каб вада ў Лайлоніі зараз жа перастала працякаць, бо вакол паводка.
Сьлесары замаркоціліся, пачуўшы такі загад. Яны й напраўду ўмелі ра­ман­таваць краны й трубы, калі тыя працякалі ў кватэрах, але ж яны ніколі не змагаліся з паводкай. Яны выйшлі на вуліцы, па якіх – у выніку ўпартай працы пажарных – трэ было плаваць на чаўнах, і задумаліся, што ім рабіць. Было зразумела, што трэба адрамантаваць кран, з якога лілася вада; але ж рэч у тым, што невядома было, дзе той кран знаходзіцца. Калі яны ўбачылі, што вада льецца з неба (пажарных акурат не было побач), яны ўзялі на пракат па зьніжаным кошце паветраны шар і ўзьняліся на ім угару ў пошуках крана, які заліваў вадой Лайлонію. Паветраны шар узьнёсься ў неба і ад пажарных не засталося й знаку, а вада й надалей цякла, і голад усё лютаваў у Лайлоніі.
Наступнага дня першасьвятар скончыў свой падвячорак і толькі падумаў, што яму будзе карысна крыху паспаць, як прыйшла навіна пра зьнікненьне сьлесараў. Першасьвятар ашалеў ад злосьці. Пра сон не было й гаворкі, трэ было нешта вырашаць. Аднак што вырашаць – першасьвятар ня ведаў. Ён загадаў неадкладна паклікаць да сябе восем найлепшых варажбітоў Лайлоніі, сабраў іх у сваім пакоі і, скурчаны ад болю (страшная вільгаць абвастрыла яго рэўматызм), сказаў ім адразу брацца за працу і з дапамогай сваіх таемных сродкаў дазнацца, якім чынам адолець голад і паводку.
Варажбіты былі вельмі вучоныя людзі і мусілі мець добрыя ўмовы для сваёй працы. Адзін з іх варажыў, ліючы растоплены воск на ваду; ён сказаў, што для такой важнай справы яму трэба шмат воску, і загадаў прывезьці яму ўвесь воск, што быў у краіне. У выніку ў Лайлоніі спынілася вытворчасьць воскавых сьвечак.
Другі варажыў на вадкім волаве й сьцьвярджаў, што яму трэба шмат волава для такіх важных досьледаў, таму ўсе алавяныя капальні працавалі адно, каб забясьпечыць варажбіта матэрыялам.
Трэці варажыў на кававай гушчы. Ён загадаў даслаць яму ўсе запасы кавы, якія былі ў Лайлоніі. Каву тую ён выпіваў, а потым варажыў.
Чацьвёрты варажыў на картах і загадаў, каб яму даслалі ўсе жалуды, віны й звонкі, якія ўдасца захапіць ці знайсьці на тэрыторыі Лайлоніі. Чырвы, як казаў, былі яму непатрэбныя, бо ён меў іх удосталь. У выніку праз некалькі дзён у Лайлоніі можна было набыць толькі чырвы, а жалуды, віны й звонкі зьніклі з продажу, бо варажбіт завалодаў усімі запасамі.
Пяты варажыў на снах. Каб было ў яго дастаткова сноў, першасьвятар выдаў загад, каб з гэтага дня й на пэўны час (зазначыўшы, што гэта справа часовая) жыхары Лайлоніі не глядзелі ніякіх сноў, бо ўсе сны ў краіне бу­дуць забраныя й перададзеныя варажбіту, які патрабуе матэрыялу для варажбы.
Шосты варажыў на птушыным лёце і ўсе птушкі, што ўмелі лётаць, былі аддадзеныя яму для досьледаў.
Сёмы – на пшаніцы, і адпаведна, ён атрымаў усе запасы пшаніцы ў краіне.
Восьмы варажбіт варажыў на вадзе. Таму ён пажадаў, каб уся вада, што мелася ў Лайлоніі, была аддадзеная яму на вывучэньне. Першасьвятар вы­даў адпаведны загад і ў той самы дзень можна было ўжо адзначыць першы посьпех. Паводка спынілася, бо ўсю ваду аддалі варажбіту, які рабіў з ёй досьледы. Пажарныя езьдзілі па краіне з пустымі бочкамі і мусілі спыніць сваю працу. У Лайлоніі не было больш вады, а таму не было і паводкі.
Тады перашсьвятар загадаў, каб варажбіты не займаліся больш паводкай, якую ўжо адужалі, а толькі голадам. Ён сам пільна назіраў за іх досьледамі, адсочваючы ўсе посьпехі.
Мінуў досыць доўгі час, калі варажбіты абвесьцілі пра сканчэньне сваёй працы, і першасьвятар пачаў выклікаць іх па чарзе да сябе, каб пазнаёміцца з вынікамі ды паслухаць парадаў.
Найстарэйшы варажбіт, той, што варажыў на воску, сказаў, гладзячы сваю бараду:
– Дзякуючы сваёй таямнічай навуцы, пасьля шматлікіх досьледаў і эксь­перыментаў, я разгадаў урэшце загадку голаду ў Лайлоніі й дакладна ведаю, як даць яму рады.
– Кажы, кажы, – захваляваўся першасьвятар.
– Голад, – сказаў варажбіт, – гэта недахоп ежы. Голад можа быць цалкам зьнішчаны з дапамогай дастатковай колькасьці ежы. А таму, першасьвя­тару, трэба, каб ты загадаў усім жыхарам узяць сабе дастаткова ежы, – і голад спыніцца.
– Гэта ўся твая парада? – спытаў першасьвятар.
– Парада мая вельмі кароткая, але пэўная, – запярэчыў варажбіт. – Ты сам мусіш прызнаць, што калі скарыстацца ёю, то справа будзе вырашаная.
Але пазмрачнелы першасьвятар захітаў галавою. Невядома з якой прычыны, але яму падалося, што гэта яшчэ ня здыме ўсіх цяжкасьцяў. І сапраўды, наступны варажбіт, той, што варажыў на волаве, даў іншую параду:
– Голад у Лайлоніі, – сказаў ён, – паводле маіх досьледаў, вынікае з таго, што лайлонцы маюць занадта вялікія страўнікі. Ты мусіш загадаць усім лайлонцам паменшыць свае страўнікі, тады ім будзе патрэбна меней ежы, і голад спыніцца.
Але й тая парада не задаволіла пераборлівага першасьвятара. Трэці ва­ражбіт заявіў, што людзі ў Лайлоніі галадаюць таму, што іх зашмат. Трэба выгнаць з краіны палову жыхароў, і голад спыніцца.
І гэтая прапанова была сустрэтая зусім ня так ухвальна, як, ведаем мы, звычайна сустракаюць добрыя парады. Чацьвёрты варажбіт патлумачыў, што першасьвятар сам есьць зашмат, і што, калі ён абмяжуе сябе ў ежы (а то й так ужо занадта тоўсты), дык для іншых жыхароў ежы будзе болей, і голад спыніцца. Вядома ж, гэты варажбіт за сваю відочную хлусьню быў адхвастаны і выгнаны з палацу. Пяты варажбіт параіў, каб першасьвятар загадаў пускаць штовечар фейерверкі; усе ў Лайлоніі будуць глядзець на іх і забудуць пра голад, такім чынам справа ўладкуецца малым коштам. Шосты варажбіт прапанаваў у тых самых мэтах часьцей ладзіць цыркавыя выступы, а сёмы абвесьціў, што найлепш будзе ўвогуле не балбатаць столькі пра ежу, а скончыць з тымі размовамі, бо ён адчувае агіду да гэтае тэмы.
Восьмы варажбіт, той, што варажыў на вадзе, зрабіў іншую заяву, чымсьці астатнія.
– У выніку сваіх досьледаў, – мовіў ён, – я прыйшоў да гэткай вось не­парушнай праўды: няма ўвогуле ніякай прычыны змагацца з голадам. Зрэшты, з голадам змагацца немагчыма, а нават ,калі б тое й было магчыма, то гэтага зусім ня трэба было б рабіць.
Парада тая спадабалася першасьвятару. Паразважаўшы, ён зразумеў, што і насамрэч няма асаблівых прычынаў змагацца з голадам. А пакуль, раз ён ужо мусіў выплаціць усім варажбітам (і нават адхвастанаму) шчодрыя ганарары за іх працу, то ён загадаў сабраць новыя падаткі з насельніцтва. Ён абвясьціў, што гэтыя падаткі пойдуць на барацьбу з голадам, а ў думках дадаў, што так яно насамрэч і ёсьць, бо дзякуючы тым падаткам, варажбіты атрымаюць узнагароджаньне, і ўжо яны, ува ўсялякім разе, галадаць ня будуць. Вось жа, падаткі пайшлі на барацьбу з голадам сярод варажбітоў: яны ж таксама частка насельніцтва Лайлоніі.
Аднак, паколькі ў Лайлоніі, апроч варажбітоў і першасьвятара, была яшчэ пэўная колькасьць жыхароў, першасьвятар палічыў патрэбным знай­сьці і для іх якія-небудзь супрацьголадавыя сродкі. Ён прыйшоў да вы­сновы, што парады варажбітоў, можа, будуць не такімі й благімі, асабліва калі яны будуць ужытыя ўсе разам. І ён агучыў маніфест наступнага зьместу:
Паважаныя лайлонцы! Мне стала вядома, што вы галадаеце, і я вырашыў вам дапамагчы. Як першасьвятар я заяўляю пра наступныя сродкі супраць голаду і катэгарычна прашу іх ужываць. Па-першае, зьядайце больш ежы. Па-другое, паменшыце свае страўнікі. Па-трэцяе, хай кожны другі пакіне краіну, тады будзе больш ежы для астатніх. Па-чацьвёртае, я буду ладзіць фейерверкі й цыркавыя выступы, і голад ня будзе вам назаляць.
Гэта былі тыя самыя парады, якія першасьвятар атрымаў ад варажбітоў, з разьлікам на тое, што ўжытыя разам яны дадуць неабходны эфект. Ён забыў, праўда, дадаць параду чацьвёртага варажбіта, але астатнія й так былі дастаткова дзейсныя.
Якім жа было яго зьдзіўленьне, калі ён заўважыў, што пасьля абвяшчэньня гэтай адозвы, голад у Лайлоніі зусім нават і не спыніўся. Ён падумаў, што лайлонцы злосна ігнаруюць яго загад, і палічыў патрэбным пакараць іх за непаслухмянасьць. Аднак жа гэта, як выявілася, не зрабіла ніякага ўражаньня на жыхароў Лайлоніі. Першасьвятар вельмі наракаў на няўдзячнасьць людскую й вырашыў больш не займацца справамі гэтай краіны. Ён абвясьціў, што паляціць на паветраным шары шукаць чатырох зьніклых сьлесараў, што некалі выправіліся на пошукі сапсаванага крана ў небе. Ён сеў у паветраны шар і ўзьляцеў увышыню, а праз гадзіну, раптоўна, з вышыні спусьціўся іншы паветраны шар, у якім сядзелі чатыры сьлесары, якіх, як напраўду, даўно ўжо лічылі загінулымі. Зьбеглася шмат народу, каб пабачыць сьлесараў пасьля таго падарожжа ды паслухаць пра іх прыгоды. Сьлесары распавялі, што яны безвынікова шукалі ў небе кран, з якога цякла вада на Лайлонію. Кран яны не знайшлі ды заблыталіся ў хмарах, якія так іх абляпілі, што яны не маглі вызваліцца. Яны пыталіся пра навіны на зямлі й вельмі засмуціліся, пачуўшы, што першасьвятар вы­ра­шыў іх шукаць сам.
Тым часам пра першасьвятара ані слыху не было, ані прослыху. З таго часу, як ён паляцеў на паветраным шары, ніхто ніколі ня чуў пра яго нічога пэўнага. Але – вось дзіва – адразу пасьля яго ад’езду ў Лайлоніі спыніўся голад. Невядома чаму – проста настаў яму крэс, як шмат якім рэчам на сьвеце.
Жыхары Лайлоніі доўга ламалі галовы над гэтай дзіўнай зьявай. Большасьць меркавала, што першасьвятар сваім падарожжам спрычыніўся да утаймаваньня голаду. Гэтыя пачалі пісаць ухвальныя вершы ў гонар першасьвятара.
Іншыя меркавалі, што калі голад спыніўся пасьля адлёту першасьвятара, то, значыць, раней прысутнасьць першасьвятара ў краіне і была прычы­най голаду. Яны, у сваю чаргу, пісалі злосныя вершы пра першасьвятара.
Такім чынам, утварыліся ў Лайлоніі два лагеры, якія бесьперастанку змагаліся адзін з адным: прыхільнікі першасьвятара й яго праціўнікі. Яны люта дыскутавалі міжсобку й спрачаліся так, што гэтая справа займала ў лайлонцаў ледзь ня ўвесь час, бо ў дэбатах гэтых удзельнічалі ўсе, але ні­хто ня здолеў пераканаць супраціўніка. З прычыны дыскусіяў лайлонцы ня мелі часу на іншыя справы; яны забыліся ўзараць і засеяць палі, а заводы й фабрыкі зусім не працавалі. У выніку ў Лайлоніі неўзабаве зноў выбухнуў вялікі голад.
Але тады, на шчасьце, у краіне быў ужо новы першасьвятар.



Аповед пра дзіцячыя забаўкі.

У мінулыя часы лайлонскія купцы бойка гандлявалі з Бабілонам. Яны вывозілі ў Бабілон збольшага адмысловыя засьцерагальнікі для відэльцаў, якімі ядуць мяса фазанаў, а замест іх найчасьцей прывозілі грабяні для часаньня вярблюдаў. Прычынай такога імпарту было тое, што ў Лайлоніі ўвогуле амаль не выраблялі грабянёў для часаньня вярблюдаў; апошняя акалічнасьць часткова вынікала з таго, што ў Лайлоніі ніколі не было вярблюдаў. (Не было й кропка!). Але ня будзем занурацца так далёка ў прычыны. Будзем апісваць факты.
А фактам было тое, што стары купец Пігу (у яго была такая мянушка, бо ён меў вялікі крукападобны нос з чатырма кропкамі – жоўтай, чырвонай, аранжавай і чорнай, – кончык якога крыху зьвісаў долу і рабіў свайго ўладальніка падобным да коршака; трэба адзначыць, што вялікі кручкас­ты нос менавіта з такімі чатырма кропкамі, кончык якога крыху зьвісае до­лу й робіць свайго ўладальніка падобным да коршака, называўся ў старалайлонскай мове “Пігу”; у новалайлонскай мове такі нос мае іншую назву, але ня будзем удавацца ў дэталі) гандляваў з Бабілонам. Ён езьдзіў туды кожныя паўгады, завозячы вялікую колькасьць засьцерагальнікаў для ві­дэльцаў, якімі ядуць мяса фазанаў (фазаны лічыліся ў Бабілоне самым вялікім ласункам, можа, таму, што яны зьяўляліся там надзвычай рэдка; прыкладна раз у трыццаць гадоў бабілонцам удавалася ўпаляваць аднаго фа­зана, які заблукаў да іх невядома адкуль) і, вяртаючыся, прывозіў вялізную колькасьць грабянёў для часаньня вярблюдаў. Грабяні тыя адразу расхоплівалі жыхары Лайлоніі, плоцячы за іх шалёныя грошы. Ку­пец Пігу, у выніку сваіх вандровак, назапасіў вялікае багацьце, пабудаваў прыгожую вілу для сваёй дачушкі Мэмі (“Мэмі” – гэта дзеяслоў у старалайлонскай мове, які азначае: “зухавата езьдзіць на маленькім ружовым слане бяз вуха, махаючы сьцяжком са сьветла-блакітнымі стужкамі й адначасова кру­ціць пальцамі, падмаляванымі чырвоным лакам”; прыгажунька Мэмі часта бавілася такім чынам, адсюль і яе мянушка).
Аднойчы ўвесну, калі пышна квітнелі рамонкавыя сады (у Лайлоніі рамонак – гэта агромністае дрэва шасьці панінаў вышынёй, панін жа – мера даўжыні, прыкладна роўная велічыні рагоў чатырохгадовага даніэля), а міржовыя струмені цяклі ўва ўсе бакі (міржовыя струмені ў Лайлоніі цякуць толькі ўвесну; пракладаючы сабе ручво праз гарады, яны разбураюць вуліцы і дамы; але людзі асабліва не пераймаюцца гэтым, бо ўвесну можна жыць дзе заўгодна, а ўлетку міржовыя струмені зьнікаюць, і дамы ды вуліцы хутка аднаўляюцца), купец Пігу вяртаўся з падарожжа, вельмі задаволены ўдалымі гандлёвымі аперацыямі. Перш чым паехаць да сябе дамоў, захацелася яму зазірнуць на вілу сваёй Мэмі. Аднак ён не за­сьпеў яе дома, і таму сеў у салоне й выцягнуў сваю прыладу для дзіраўленьня глобусаў. (Купец Пігу вельмі любіў гэты занятак; лайлонская фаб­рыка прыладаў для дзіраўленьня глобусаў прадавала яму свае вырабы са зьніжкамі, бо Пігу рабіў ёй рэкламу ў Бабілоне, дзіравячы тамтэйшыя глобусы.) Ён бавіўся так колькі часу, чакаючы дачку, якая неўзабаве пад’ехала на маленькім ружовым слане бяз вуха і ўжо здалёк вітала яго, махаючы рукамі. Яна паздароўкалася з ім і адразу пачала прасіць:
– Ах, татачка, ня злуйся на мяне!
– За што ж мне злавацца на цябе, дачушка? – запытаўся Пігу.
– Татачка, даражэнькі, зрабіла я сабе адну прыемную рэч, але ты мусіш за яе заплаціць.
Купец Пігу крыху занепакоіўся, бо ведаў, што прыгажунька Мэмі была вялікай марнатраўкай. Аднак спакойна запытаўся:
– А што такое?
– Я замовіла сабе глобус натуральнай велічыні, – сказала Мэмі. (Тут трэба зазначыць, што дзіраўленьне глобусаў было ў сям’і купца Пігу ўлюбёнай забавай, зрэшты, як і ўва ўсёй Лайлоніі. Старыя й маладыя аддаваліся цэлымі днямі гэтаму захапляльнаму занятку, таму, між іншым, у Лай­лоніі дзіркі ў глобусах і былі вельмі танныя.)
Купец Пігу задумаўся. Ён дакладна ня ведаў, што такое натуральная ве­лічыня, і падумаў, што бадай што ўсе рэчы на сьвеце ёсьць натуральнай велічыні, а значыць маюць такую велічыню, якую ім дала натура, то бок прырода. На ўсялякі выпадак ён папрасіў Мэмі патлумачыць падрабязьней.
– Гэта значыць, глобус такой велічыні, як сама зямля. Я сказала ада­слаць рахунак на аплату табе. Ой, вунь ужо нясуць гатовы глобус, – за­крычала яна, выглянуўшы ў вакно.
Але купец ад страху не хацеў выглядаць у вакно. Ён ліхаманкава разважаў, колькі ж ён мусіць прадаць грабянёў для часаньня вярблюдаў, каб зарабіць грошай на такі глобус. Але ён ня мог падлічыць і ўвесь спатнеў ад страху. Тым часам хлопцы з крамы ўжо ўсталявалі глобус на падворку. Нарэшце Пігу выглянуў у акно і спрактыкаваным купецкім вокам адразу ацаніў усю жахлівасьць сітуацыі: гэта й насамрэч быў глобус у натуральную велічыню, і купец за ўсё сваё жыцьцё ня здолеў бы прадаць столькі грабянёў для часаньня вярблюдаў, каб зарабіць на гэткі глобус. Ён хуценька прыняў суровае рашэньне. Высунуўшыся ў акно, ён крыкнуў: “За­бярыце гэты глобус назад, зрабіце ласку. Я ня буду за яго плаціць. Ён кепска зроблены!”
Хлопцы з крамы паціснулі плячыма, узьнялі глобус на сьпіны й панесьлі яго назад. Але прыгажунька Мэмі пачала горка плакаць: “Ах, тата, нядобры тата! Шкада табе колькі грошыкаў, ня хочаш зрабіць прыемнага сваёй Мэмі. Напраўду, тата, ты зрабіўся на старасьць сапраўдным жміндам. Нават забаўкі для свайго ж дзіцяці – і тое табе задорага!” І так яна доўга ўпікала яго.
Купец Пігу меў чульлівае сэрца й прыкра яму было чуць тыя скаргі, але ўсё ж ён ня мог улезьці на ўсё жыцьцё ў пазыкі. Ён паспрабаваў патлумачыць дачцы, што й напраўду ня мае грошай на такія дарагія падарункі. Абяцаў, што можа калі пазьней, калі яшчэ пабагацее. (Ён спа­дзяваўся, што за гэты час Мэмі пасталее й зразумее недарэчнасьць свайго жаданьня). Але Мэмі не хацела яго слухаць і горка плакала. Купец Пігу ня мог больш трываць таго плачу. Ён хутка стаў разважаць, як кампенсаваць дачцы гэтую страту. Раптам сьветлая думка прыйшла яму на розум.
– Дачушка, – сказаў ён, – ты атрымаеш такі ж самы глобус, нават лепшы. Я загадаў аднесьці гэты назад таму, што ён быў кепска зроблены. Але ж ты маеш сапраўдны глобус, то бок зямны шар. Ты ж можаш яго дзіравіць!
Малая Мэмі была не дурніца. Яна ўмомант зразумела прывабнасьць прапановы. Пакапрызьнічала крыху, кажучы, што той глобус быў добрай фірмы й значна лепшы, але ўрэшце супакоілася, выцягнуўшы з бацькі абяцаньне, што пойдзе з ім заўтра на абед з памаранчавымі цацаркамі. Дала сябе ўлагодзіць і хуценька выбегла на падворак, на хаду выцягваючы сваю прыладу для дзіраўленьня глобусаў, і прыступіла да забавы.
Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Пад вечар уся зямля была дзіравая, і з усіх краінаў на Лайлонію пасыпаліся тэлеграмы з пытаньнямі: хто гэтак бязьлітасна падзіравіў зямлю. На жаль, было ўжо позна. Пакуль яны спахапіліся, малюта Мэмі амаль усё падзіравіла. Зямля была спрэс у дзірках і амаль не прыдатная да ўжытку. Цяжкія часы надышлі цяпер для купца Пігу. Ён мусіў адказваць за сваю дачку й ад яго запатрабавалі велічэзных кампенсацыяў для ўсіх краінаў. Ён ня меў чым заплаціць, і быў кінуты за пазыкі ў вязьніцу, у той час як Мэмі працягвала бавіцца па-ранейшаму. Ён сядзеў там бясконца (мабыць, сядзіць і цяпер), у смутку разважаючы над тым, што нельга эканоміць на дзіцячых забаўках.



Пра знакамітага чалавека.

Тат вельмі хацеў зрабіцца знакамітым. Але ня проста знакамітым – ён хацеў быць кімсьці найвялікшым у сьвеце. Паразважаўшы аднак, ён прыйшоў да высновы, што нельга быць найвялікшым у сьвеце ва ўсім адначасна, і што трэба абраць нейкі занятак ці майстэрства, у якім ён здабудзе сабе славу. Тат доўга абдумваў, у якой сферы мог бы ён вылучыцца так, каб быць найлепшым у сьвеце. Ён ня мог ужо зрабіцца самым высокім, як ня мог зрабіцца самым маленькім, бо быў сярэдняга росту. Падавалася яму таксама, што няма ў яго шанцаў быць найлепшым у сьвеце музыкам ці найвыбітнейшым скакуном у даўжыню. Спачатку ён спрабаваў быць уладальнікам найдаўжэйшых у сьвеце нагавіцаў і замовіў сабе нагавіцы трыццаціметровай даўжыні. Два дні намагаўся ён у іх хадзіць, аднак выявілася, што гэта вельмі нязручна, нагавіцы ўвесь час блыталіся й заміналі хадзіць. Тат пачаў тады вывучаць іншыя магчымасьці. Быў у яго прыяцель, амаль лысы; амаль – але колькі валаскоў усё ж заставаліся ў яго на галаве. Вось Тат і вырашыў, што, можа, было б добра зрабіцца найлысейшым чалавекам у сьвеце, і ён пагаліўся да апошняга валаска ў цырульні. Аднак, неўзабаве ён пабачыў некага, хто быў гэткі ж самы лысы, як і ён, але ня маючы ўжо чаго галіць, Тат ня мог яго пераўзысьці ў лысіне. Потым ён паспрабаваў часьцей за ўсіх людзей пераапранаць гальштукі, каб вы­славіцца як найвялікшы пераапранаўца гальштукаў у сьвеце; ён дайшоў да таго, што пераапранаў гальштукі шэсьцьдзесят разоў на дзень, але гэта не прынесла яму славы. Пазьней прыйшло яму ў галаву зрабіцца наймаладзейшым сярод усіх людзей, старэйшых за яго, і адначасна найстарэйшым сярод усіх людзей, за яго маладзейшых. Але калі ён пачаў пра тое казаць, шмат хто не разумеў, пра што гаворка, і Тат прыйшоў да высновы, што ягоныя намаганьні не дадуць яму прызнаньня з прычыны людской дурноты. Ён узяўся пякчы самы вялікі пончык у сьвеце, але той раскрышыўся падчас выпяканьня і ўся праца шасьці тыдняў пайшла з дымам.
Тады ён пачаў разважаць над тым, якую справу ён мог бы выканаць лепш за ўсіх іншых у сьвеце. Для гэтага ён узяўся вывучаць свае здольнасьці. Ён меў заўжды шмат плямаў на адзеньні, бо быў неахайнікам; вось ён і падумаў, што можа з гэтага нешта атрымаецца. Так ён вырашыў зрабіцца найбольшым плямнікам сьвету й рабіць на адзеньні столькі плямаў, каб ніхто ня мог яго пераўзысьці. Яму й насамрэч гэта ўдалося, але слава яго была кароткачасовай. Таксама ён напрактыкаваўся хутка прасоўваць нітку ў голку і хацеў праславіцца як найлепшы соўвальнік нітак у іголкі. Потым ён навучыўся хутка засьцілаць ложак – у разьліку на тое, што бу­дзе найвялікшым засьцілальнікам ложкаў. Пазьней ён зрабіў кар’еру як найлепшы выцягвальнік коркаў з бутэлек, выдзіральнік старонак з новых кнігаў, найвыбітнейшы ламальнік запалак і найзнакаміцейшы выціскальнік пасты з цюбікаў. Быў ён яшчэ найлепшым запальвальнікам сьвечак, найвялікшым разьбівальнікам талерак і найлепшым зашпільвальнікам гузікаў на камізэльках. Авалодаўшы столькімі рознымі выбітнымі майстэрствамі, Тат палічыў, што з ім чыніцца вялікая несправядлівасьць, бо ў столькіх справах ён быў ужо найвялікшым у сьвеце, а тым часам слава яго зусім невялічкая; некаторыя іншыя людзі былі значна больш знакамітымі, хоць усяго толькі адну справу рабілі найлепш у сьвеце: адзін найлепей скакаў у вышыню, другі ўздымаў найбольшы цяжар, гэты найшпарчэй плаваў, а той меў найбольш грошай. Усе былі знакамітыя, а Тат, які гэтак шмат справаў умеў рабіць лепш за ўсіх, выклікаў захапленьне толькі ў пары сваіх знаёмых і мала хто, акрамя іх, чуў пра ягоныя посьпехі. І тады Тат палічыў, што сьвет, мусіць, вельмі дрэнна ўладкаваны, калі тут так несправядліва дзеляць славу й прызнаньне.
Засмучаны, Тат падаўся ў пошуках парады да аднаго свайго прыяцеля, што жыў у суседнім доме. Ён ішоў да яго два дні, бо, апроч усяго іншага, зрабіўся таксама наймаруднейшым хадаком у сьвеце. Вельмі доўга ён вы­кладаў сваю праблему, бо ўжо даўно вырашыў зрабіцца найбольшым у сьве­це пыкалам, а таму кожнае слова ён вымаўляў прынамсі гадзіну, нават уласнае імя, якое было досыць кароткім. Урэшце, аднак, яму ўдалося па­тлумачыць прыяцелю свой клопат, а таксама папрасіць парады: што зрабіць, каб быць вельмі знакамітым.
Прыяцель сказаў яму, што гэта зусім проста. Трэба мець вельмі шмат грошай. Кожны чалавек, які мае вельмі шмат грошай, можа хутка здабыць сабе славу.
– Канешне. Канешне. Канешне, – сказаў Тат. (Ён паўтарыў гэтае слова яшчэ шмат разоў, бо, па-за ўсім іншым, ён быў таксама чалавекам, які най­часьцей на сьвеце паўтарае слова “канешне”.) – Але дзе ўзяць вельмі шмат грошай?
– Ну, гэта зусім проста, – сказаў прыяцель. – Трэба здабыць вялікую славу. Кожны вельмі знакаміты чалавек без вялікіх намаганьняў можа мець шмат грошай.
– Канешне, – пагадзіўся Тат. – Але як зрабіцца знакамітым чалавекам?
– Я ж табе сказаў, – раззлавана мовіў прыяцель. – Трэба мець вельмі шмат грошай.
Тат палічыў прыяцелеву параду слушнай, але ён ня ведаў, як яе выканаць, а прыяцель ня здолеў патлумачыць лепш. Праз гэтае Тат па-ранейшаму маркоціўся ад несправядлівасьці й нават думаў, што ці ня лепш было б яму памерці ў наймаладзейшым у сьвеце веку, але ён вырашыў, што гэта ў яго, мабыць, не атрымаецца. На ўсялякі выпадак ён замовіў са­бе найвялікшы ў сьвеце аловак і найбольшую ў сьвеце шпонку для кашулі (яна важыла чатыры тоны). Ён кінуў есьці трускалкі й заявіў, што ён есьць найменш трускалак у сьвеце.
У рэшце рэшт Тат прыйшоў да высновы, што можна стаць вельмі выбітным чалавекам, робячы нешта найгорш у сьвеце, і гэта можа прынесьці яму славу. Ён навучыўся найгорш у сьвеце езьдзіць на ровары, пісаць найгоршыя ў сьвеце вершы і шыць найгоршыя ў сьвеце плаўкі. Працуючы над сабою ў гэтым кірунку, ён прыйшоў урэшце да тае слушнае ідэі, якая, прыйдзі яна яму да галавы раней, дазволіла б яму і напраўду ашча­дзіць шмат сілаў. Ён задумаў зрабіцца найменш знакамітым чалавекам у сьвеце. Ён вырашыў, што для гэтага ён пакіне свой горад і выправіцца ў нейкае месца, дзе абсалютна ніхто ня мог пра яго чуць.
Так ён і зрабіў. Аднаго дня Тат бясьсьледна зьнік. Зьнікаючы, ён, вядома, разьлічваў на тое, што хутка здабудзе вялікую славу як найменш знакаміты чалавек у сьвеце. Ён зьнік, а прыяцелі яго колькі дзён разважалі над тым, што магло здарыцца з Татам. Праз колькі дзён развагаў яны забыліся пра яго і такім чынам Тат дасягнуў сваёй мэты. Ён зрабіўся найменш знакамітым чалавекам у сьвеце. Пра Тата абсалютна ніхто ня ведае. Мы таксама пра яго нічога ня ведаем і таму наогул ня можам пісаць аповед пра Тата.