12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сьвятлана Калядка

_____________________
"На падмурку зьнітаваных імпрэсій..." Нататкі пра кнігу Аксаны Данільчык



Жанчына за кубачкам кавы. Здаецца, што пах гэтай кавы, быццам кальян, туманіць сьвядомасьць і распаўсюджвае ў паветры прыгожыя малюнкі, жывыя, пластычныя і нерухомыя, быццам зьмярцьвелыя; шматколерныя і чорна-белыя… Менавіта так уяўляеш лірычную гераіню Аксаны Данільчык у новым паэтычным зборніку “IL MEZZOGIORNO: Поў­дзень” (2006). Яе гераіні, быццам і самой паэтцы, застаецца толькі зафіксаваць гэтыя малюнкі ў слове, пасьпець “злавіць” хуткаплыннасьць імгненьня, ажывіць мастацкімі сродкамі гатычныя гмахі жывых і мройных уяўленьняў. Так, менавіта гатычны стыль (“готыка – стыль сярэдневяковай заходнееўрапейскай архітэктуры, які характарызуецца лёгкасьцю канцовых збудаваньняў стральчатага скляпеньня, багацьцем рознакаляровага шкла і скульптурных арнаментаў”) характарызуе творчую манеру Аксаны Данільчык у стварэньні верша. Безумоўна, ёй дадзена лёгкасьць у “будаўніцтве” твору; мудрагелістыя арнаменты (стылістычныя тропы) не абцяжарваюць вытанчаную структуру мастацкай карціны, думка не кладзецца цяжарам у тканіну твору, а ірвецца, нібы востраверхія шпілі, у бязмежную прастору.

Партовага горада шпілі імклівыя.
Забыцца на ўсё – на журбу, на дакоры.
Мы будзем шчасьлівыя, вельмі шчасьлівыя.
Мы ведаем шлях да Паўночнага мора.
(“***Да споведзі страты і ціхай пакоры…”, С.32)

Рэдкія вершы маюць зачыненую, завершаную будову, большасьць уздымаецца да высокіх узроўняў экзістэнцыйнай шматварыянтнасьці быцьця. Немагчыма стракатасьць жыцьця ўкласьці ў імпрэсію (дарэчы, Л.Галубовіч у рэцэнзіі на зборнік Аксаны Данільчык разглядаў творчасьць паэтэсы праз прызму імпрэсія­нісцкага стылю, і ў гэтым з крытыкам можна пагадзіцца, аднак нельга толькі гэтым абмяжоўвацца), нават калі яна дазваляе аўтару адштурхоўвацца ад непасрэднай перадачы суб’ектыўных адчуваньняў, мімалётных уражаньняў і настрояў і ў гэтым цалкам, ва ўсёй паўнаце, перадаваць мудрагелістыя перепляценьні думкі, эмоцыі і перажываньня. Імпрэсія – гэта як увасабленьне карціны жыцьця ў межах зрокавай прасторы, прасякнутай пэўнай думкай. І многія падобныя імпрэсіяністычныя замалеўкі Аксанай Данільчык ствараюцца, здаецца, на адзі­ным узьлёце натхненьня, на гранічным напале пачуцьця, на дзявятым вале эмацыйнага ўзрушэньня. І нават спакойную, ціхамірную плынь часу ў творах прасякае, нібы рэнтген, думка: табе дадзена шчасьлівая нагода жыць у гэтым сьвеце, сузіраць яго і праз сузіраньне яшчэ глыбей спасьцігаць самую сябе.

Ля ног раптоўна апынуўся цэлы сьвет –
Пластычных вулачак лагоднае маўчаньне,
Расьлін пакорлівых гарачае дыханьне,
Званіц далёкіх дасканалы сілуэт.

У неабсяжнасьці прасторавых шляхоў
Не існуе ніякіх вымярэньняў,
І птушкі цень затрыманым імгненьнем
Апусьціцца на вечнасьць камянеў…
(“Cortona”, С.33)

Гераіні Аксаны Данільчык дадзена бачыць сьвет у суразьмернасьці частак, у гармоніі зьяваў і прадметаў. Гармонія паўстае ня толькі ўвасабленьнем прыгажосьці акаляючага сьвету, ня толькі адчуваньнем дасканаласьці прыродных дароў, але і пошукам пунктаў судакрананьня космасу душы чалавека і сусьвету. Гатычны стыль становіцца зьместам сьветаўспрыняцьця, структурай паэтычнай пабудовы твору. Можна нават гаварыць пра “гатычную сьвядомасьць” Аксаны Данільчык у спосабах стварэньня імпрэсіяністычнага вершу. У выкананьні А.Данільчык гэты стыль набывае свае адметныя рысы: бязважкасьць і лёгкасьць, здавалася б, “шматпавярхоўных” паэтычных малюнкаў (сустракаюцца і абцяжараныя напластаваньнем карцінаў вершы, як у “Rocca Paolina”, аднак гэта адбываецца, хутчэй, з-за даніны арнаменталізму, з-за “ўціску” італьянскай культуры з яе сьпецыфікай сьветабачаньня, і такіх вершаў няшмат); як гаворыць сама паэтэса, “лагоднасьць рухаў” і “ашчаднасьць слова” (“***І ўзыдзе прыгажосьць…”), дзёрзкі рух прамых лініяў у прасьцяг, стрыманасьць інтанацыяў з іх дыялектычнымі ўзаемапераходамі, і вытанчаная простасьць вершаванай канструкцыі. За ўсім гэтым знаходзіцца “персьпектыва” як шлях разьвіцьця творчай інды­відуальнасьці Аксаны Данільчык. “Персьпектыва” руху думкі, перажываньня, эмоцыі, пачуцьця, “персьпектыва” ў дынаміцы дыялогу паміж аўтарам і чытачом; “персьпектыва” ў выхадзе на экзістэнцыйны ўзровень самаасэнсаваньня. Калі быць дакладнай, гэта тэндэнцыя акрэсьлілася яшчэ ў першым паэтычным зборніку “Абрыс Скарпіёну”, аднак ад “скарпіёнаўскай” сутнасьці Аксаны-студэнткі тут мала што засталося, хіба што зададзенасьць “гатычнага” стылю ў стварэньні тэксту, вельмі добрая філалагічная падрыхтаванасьць, філіграннае паэтычнае майстэрства ў апрацоўцы слова. У сёньняшняй Аксаны Данільчык філалагічныя экзерсісы насычаны інтэлектуальна-філасофскімі пошукамі сэнсу быцьця. У гэтым ёй дапамогай выступае даўняя цікавасьць да сусьветнай культуры і літаратуры (асабліва – італьянскай), і часам яе гераіня ўспрымаецца адною з інтэлектуалак, якая змагаецца “за свае ўласныя стварэньні, вольнасьць выбару сваёй асобы” (“***Тонкім пальцам водзячы па шкле…”). Аднак рытарычных пытаньняў, выказаных у паветра, і глыбокадумных развагаў у зборніку мы не сустрэнем. Для гераіні Данільчык пошукі сэнсу часта зводзяцца да знойдзенага “кансэнсусу” – паміж явай і ірэальнасьцю, зьместам і формай, сутнасьцю і яе тлумачэньнем…

Секс для адных паратунак,
А для другіх пачастунак.
Ні першыя, ні другія ня зьведалі сэнсу.
Секс ня можа быць мэтай.
Толькі спасьцігнуўшы гэта,
Можна знайсьці кансэнсус.
(“Імправізацыя на зададзеную тэму”, С.24).

Увогуле, усё часьцей сучасная паэзія пачынае гаварыць на мове жанчын-інтэлектуалак (напрыклад, творчасць Г.Булыкі, І.Багдановіч, Л.Рублеўскай і інш.). Так і ў Аксаны Данільчык, каб правільна зразумець сэнс некаторых вершаў, трэба быць філалагічна падрыхтаваным (толькі праз прызму веданьня старажытных міфаў і мастацтва маньерыстаў асэнсоўваецца верш “***Мой недавер з цынізмам на мяжы…”). Інтэлектуалізм у “жаночай” паэзіі, як мне здаецца, акрэсьліўся не з жаданьня канкурыраваць з “мужчынскай” паэзіяй і даказваць сваё правамоцтва на роўнасьць пазіцыяў у літаратуры, а ўзьняўся на важных працэсах у сацыяльным жыцьці грамадства, прадыктаваных у першую чаргу зьменамі парадыгмаў сьвядомасьці. Своеасаблівасьць асучасьненага падыходу Аксаны Данільчык да падзеяў у “сьвеце і душы” праяўляецца таксама ў індэтэрмінаванай сутнасьці яе лірычнай гераіні, якая раскрываецца праз дамінацыю жаночага, родавага ў акрэсьліваньні персьпектываў як сацыяльнага росту, так і душэўных працэсаў. Дастаткова прачытаць адзін верш “***адчуваючы сьпінаю падлогу…”, каб уявіць зьмену роляў нават у інтымных дачыненьнях, калі жанчына ўладарыць ня толькі ў ролі маці, а і ў ролі “Я-кахаю-цябе”:

адчуваючы сьпінаю падлогу
якую павольна штурхае зямля
і фіксуючы пагляд на рэльефах столі
я жадаю толькі аднаго
прайсьці праз цябе
быццам радыёактыўны прамень
сатрасаючы ўсе храмасомы
а калі нарэшце атрымаецца
новы чалавек
кахаць яго так як кахаюць мару

Акт каханьня як акт нараджэньня новага чалавека ў каханым: гэта ўспрымаецца ўразрэз з традыцыйнай фальклорнай і мастацкай практыкай фарміраваньня дачыненьняў паміж мужчынам і жанчынай, калі мужчынскі фалацэнтрычны пачатак пераважаў ва ўсіх сферах жыцьця, а мужчынскае семя стварала жаночую сутнасьць, напаўняла яе сэнсам і зьместам. Моц феміннага пачатку ў лірычнай гераіні вызначаецца пераносам родавай функцыі з дзяцей на мужчыну: атрымліваючы, жанчына “перапрацоўвае” набытае згодна з уласнымі ўяўленьнямі пра шчасьце і вопытам стратаў і набыткаў і вяртае ўзмоцненую фемініннасьцю і глыбокім пачуцьцём энергетыку душы і цела каханаму, пад узьдзеяньнем якой ён набывае матэрыялізаваны воблік мары. Жаночае атрымлівае кіроўныя функцыі ня толькі ў каханьні, але і ў зьмене псіхалагічна-генетычнага коду мужчынскай сутнасьці. Аднак такая актыўнасьць жаночага “эга” лірычнай гераіні ня зводзіцца да праяваў фемінізму. Яна не адмаўляецца ад традыцыяў роду ў пабудове ўласнага лёсу, яе сутнасьць прасьвечваецца моцным мацярынскім пачаткам, як рэнтгенам, што адлюстравана ў вялікай колькасьці вершаў, прысьвечаных “услухоўваньню” паэтэсы ў перажываньні мацярынскай душы (“***Аніякіх адчуваньняў…”, “***кожны тыдзень – прыступка…”, “***выплываюць з віроў глыбокіх…”, “***Ноч зьвініць над нашай хаткай…”).

Бог ахоўвае крокі жанчын
якія ведаюць
што ў іх народзяцца дзеці
(“кожны тыдзень – прыступка…”, С.56)

Сувязь маці з дзіцём заўсёды адбывалася з боскай волі, як гаворыць паэтэса “Сьвет – ад Бога і да Бога”. Праз цяжарнасьць яе лірычная гераіня “жыве ў зачараваньні // Гарманічнасьцю прасторы”. Дзіця становіцца тым цэнтрам сусьвету, праз які адбываецца гарманізацыя прасторава-часавых вымярэньняў. Менавіта дзеці ўтвараюць хранатоп жыцьця жанчыны, а разам з гэтым і ўзвышаюць жанчыну да вобразу Мадонны.

І глядзіць спагадліва Мадонна
На пакуты вечныя жанчын…
(“***Так абачліва і далікатна…”, С.60)

Сінхранізацыя абагуленага вобразнага выяўленьня Мадонны ў гісторыі культуры і суб’ектыўнасьці сучаснай жанчыны ў беларускай паэзіі – у гендэрнай прадвызначанасьці “пакутнага” шчасьця. Вечнасьць аб’ядноўвае жаночыя лёсы ў пакутах самасьцьвярджэньня, у пакутах нараджэньня дзяцей. Нават у такім рамантызавана-“дзіцячым” вершы “***Калі мы вярталіся з дзіцячага садка…” паўстае праблема “месца жанчыны на небе”, якая вырастае не з антрапалагічнай абмежаванасьці яе зямнога існаваньня, а з міфалагізацыі ролі Маці, якая распаўсюджваецца на ўвесь сусьвет, у тым ліку і на зорнае неба. Мадыфікацыя вобразаў Жанчыны, Маці адбываецца ў творчасьці Аксаны Данільчык на грунце класічных традыцыяў беларускай літаратуры. Яе таленту (а тое, што перад намі таленавітая паэтэса – не выклікае сумненьняў) дадзена гарманізаваць у творы розныя культурныя прасторы і надаць твору суплетыўную цэласнасьць, якая прасьвечваецца лепшымі традыцыямі беларускай літаратуры.
Можна паспрачацца з думкамі Л. Галубовіча наконт персьпектываў разьвіцьця творчай індывідуальнасьці Аксаны Данільчык, які сьцьвярджаў, што “ад яе будзем чакаць ня толькі заспакоеных, няхай падчас і ўражлівых, сузіраньняў нашага сьвету скрозь прызму пачуцьцёвых перажываньняў яе ўласнага жыцьця, але і яркіх драматычных мастацкіх адкрыцьцяў…”. Ня можа праявіцца драматычная зададзенасьць у асэнсаваньні сьвету і асобы без яе першапачатковай прадвызначанасьці ў паэтычнай сьвядомасьці аўтара. Сумныя настроі (адзін з разьдзелаў кнігі так і называецца “Сумная мелодыя 2002”), песімістычныя рэфлексіі ня могуць стаць грунтам да ўзьнікненьня драматызаванай рэальнасьці паэтычнага твору. А таму дамінацыя прасьветлена-чыстага, “інтэлектуальна-імпрэсіяністычнага” погляду на акаляючы сьвет дасьць нямала падставаў да стварэньня тэкстаў, у якіх будзе валадарыць аптымістычная недасягальная гармонія сьвету, да якой усё жыцьцё імкнецца зямны чалавек. У эпіграфы з Ж-П.Сартра, з якога пачынаецца трэці разьдзел “Сумная мелодыя 2002”, вызначана таксама і пазіцыя Аксаны Данільчык да ўласнай творчасьці: “…жыў на сьвеце бедалага, які выпадкова патрапіў ня ў той сьвет. Ён існаваў, як іншыя людзі, сярод гарадскіх паркаў, бістро, гандлёвых цэнтраў, але хацеў пераканаць сябе, быццам жыве недзе па той бок жывапісных палотнаў з дожамі Цінтарэта і адважнымі фларэнційцамі Гацолі…”. Увогуле структура кнігі, якая складаецца з чатырох разьдзелаў, адлюстроўвае шляхі разьвіцьця думкі і перажываньня паэтэсы: ад “авалодваньня” сэнсам жыцьця да яго смакаваньня ва ўсіх нечаканых пералівах і несумяшчальных палітрах, што ўвасобілася ў вобразе “гранатавага соку”.
А.Пашкевіч адзначае: “Свайго росквіту дасягае і яшчэ адзін ідэйна-тэматычны магістрал сучаснай беларускай літаратуры – літаратура эстэтызму. Апяваньню ідэалаў прыгожага, гарманічнага і ўзьнёслага прысьвячаюць свае творы Р.Барадулін, У.Някляеў, Л.Дранько-Майсюк, Н.Мацяш, М.Скобла, Э.Акулін, А.Камоцкі, А.Бадак, А.Данільчык і сотні іншых у паэзіі”. Месца Аксаны Данільчык акрэсьлена сярод ужо добра вядомых імёнаў беларускай літаратуры і нездарма: яе творы сьведчаць пра самыя высокія эстэтычныя якасьці паэтычнага майстэрства, пра дэтэрмінацыю ідэалаў прыгожага ў пабудове твору, пра мастацкае ўзвышэньне будзённага да вышыняў міфілагізавана азначанага прыкметамі абсалютнай гармоніі.