12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Календа

_____________________
Хлеб свой пускай па вадзе.
Прыпавесць

Ахвярам тэракту ў метро 11. 04. 11

Хлеб свой пускай па вадзе,
час міне, і зноў знойдзеш яго.
Давай частку на сем і нават на восем,
бо не ведаеш, якая нагода чакае зямлю.
Эклезіяст 11: 1–2

I see you found my underground
Help yourself to guns and ammo
Nothing here has ever seen the light of day
I leave it in my head

It’s the first day of the rest of your life
It’s the first day of the rest of your life
It’s the first day of the rest of your life
It’s the first day of the rest of your life
Песня Timo Maas feat. Brian Molko


– Мікітка, ты чуеш?! Я кажу, каб ты сёння скарыстаўся метро, бо я не хачу, каб ты ў гадзіну-пік ехаў ізноў аўтобусам, каб я цябе чакала немаведама колькі гадзінаў! Я так да старасці пасівею! Чуеш?!
– Божачкі, ну чую, чую я! Ты мне адно і тое ж кажаш кожны дзень! Я не магу так!
– А чаму ты мяне не слухаеш? Вось мне і даводзіцца столькі разоў адно і тое ж казаць!
– Я ўжо стомлены ад усяго гэтага, я даволі дарослы й самастойны, каб самому вырашаць, як і на чым ездзіць! – абурыўся Мікітка, адчыняючы ўсе засаўкі на металічных уваходных дзвярах, яму зноў трэба было ехаць да рэпетытара ажно да станцыі “Пушкінская”. Ён вельмі не любіў ездзіць пад зямлёю, сумна, моташна, шумна, не тое што звонку, калі ёсць магчымасць назіраць за наваколлем… Нават калі цябе з усіх бакоў ціснуць пасажыры, якія няшчадна ўпіхваюцца ў аўтобусы, быццам у Ноеў каўчэг, гэта больш цярпіма за падарожжа пад зямлёю, хоць пад зямлёй і хутчэй…
– Ты чуеш?! Мікіта, я з табою размаўляю, дзе ты думкамі ізноў лётаеш, вось так мне настаўніцы й кажуць, што на занятках, як пачнеш лётаць, дык так цэлыя чвэрці праз цябе й праходзяць, нават не крануўшы! – ягоная маці злавалася й не знаходзіла сабе месца… Пасля разводу ёй не надта карцела ўсё сваё лепшае жыццё марнаваць толькі на побыт, але яна вельмі любіла сына, таму працавала й даглядала адзінае сваё дзіця.
– Чую-чую, мама!!! – нерваваўся хлапчук.
– То добра! І глядзі мне, каб быў уважлівы з рэпетытарам, не дзеля таго я шмат працую й аплочваю гэтыя заняткі, каб цябе пакінулі на другі год!!!
Металічныя дзверы грымнулі й Мікіта пабег да ліфта, ён яшчэ паспеў пачуць, як за ім мама зачыніла дзверы, павярнуўшы ключы двойчы ў левы бок… Хлапчук выбег на вуліцу, было каля трох гадзінаў, сонца ледзь праглядала праз хмары, якія былі відавочна вясновымі і вабілі сваім шэра-малочным колерам… Мікіта пабег да прыпынку, прытрымліваючы заплечнік за шлейкі… Ён не любіў панядзелкі… Пасля школы – хуткі абед і да рэпетытара… Быццам спецыяльна тыдзень пачынаўся з такіх цяжкіх выпрабаванняў – дзве вучэбныя гадзіны матэматыкі… Гэта псавала яму настрой… І кожны раз, калі трэба было спяшацца, менавіта па панядзелках ягоныя аднакласнікі прыдумлялі розныя цікавыя забаўлялкі й гульні пасля школы… І кожны раз ён быў заняты… І так цягнулася ажно з верасня… не, лухта… з траўня… калі настаўніца па матэматыцы выклікала бацькоў, дакладней, матулю і ціхенька, у куточку, паведаміла ёй, што можа пакінуць яго на другі год, калі ён нарэшце не возьмецца за алгебру й не падцягне яе… Вядома, настаўніца давала нядвухсэнсоўны намёк на тое, каб яе зрабілі рэпетытарам… Але што тут паробіш… Мама пагадзілася й пачаліся ягоныя пакуты… Настаўніца хацела, каб ён да яе прыходзіў ажно тры разы на тыдзень, але цяжкое фінансавае становішча не дазволіла, і Мікіта гэтаму быў рады… Магчыма, упершыню ён быў рады, што ў іх сям’і не было дастаткова грошай…
Ён не дабег да аўтобуснага прыпынку і, збочыўшы, нырнуў у прахалодныя тунелі падземкі… “Асцярожна, дзверы зачыняюцца”… Мікіта ніколі не чуў гукаў і чужых размоваў у метро… ягоныя слухаўкі, яшчэ калі ён пакідаў кватэру, уздрыгвалі ад музычных бітоў Фэт Бой Сліма, дыджэя, якога яму адкрыў сябра, старэйшы за яго на два гады… Мікіта любіў бавіць час за слуханнем музыкі й марыў пра тое, як ён будзе стаяць за пультам і круціць вінілавыя кружэлкі… А яшчэ ён марыў пра кар’еру біёлага…
Цягнік зачыніў дзверы і рушыў у чорны тунель…
Мікіту нельга было назваць няўважлівым альбо неразумным хлопцам… Ён, як звычайна гэта надыходзіць у пэўным узросце, марыў пра каханне, дзяўчат, пра будучыню і, лежачы ў ложку, часта ўяўляў сябе тым ці іншым героем… Часцей за ўсё ён уяўляў сябе ў ролі Чубакі з “Зорных войнаў”, а таксама Чалавекам-невідзімкам…
Праз трыццаць хвілінаў ён ужо быў у кватэры Вольгі Аляксандраўны, настаўніцы… Жанчыны, тоўстай у сцёгнах, з круглаю кучараваю (хімічная завіўка на маленькія каклюшкі) галавою… і расфарбаваным тварам, нібыта ў грыме… Яна кожны раз усім сваім выглядам нагадвала яму Рональда Макдональда… І кожны раз ён уяўляў сабе, як яна дастае з кішэні шырокіх штаноў абалонік і робіць з яго надзьмутага сабачку… Але кожны раз усё заканчвалася аднолькава… Вольга Аляксандраўна прыціскала яго старым фатэлем да стала й яны пачыналі працаваць… Выгляд настаўніцы цалкам не пасаваў ейнаму характару… Яна была жанчынай злой і тоўстай, таму часта на сваіх уроках прасіла дзяцей набываць ёй яблычны воцат і прыносіць перад заняткамі… Бо калі яго, яблычны воцат, піць у пэўнай колькасці, ён дапамагае худнець… “Нічога табе ўжо не дапаможа, курва”, – разважалі вучні, седзячы за партамі…
Час пачаў марна цягнуцца… У пяць пятнаццаць ён будзе вольным, але да гэтага – цэлая вечнасць…
– Не, ну я не разумею, як гэта ты ніяк не можаш уцяміць дзяленне дробаў!!!
– Вольга Аляксандраўна, я проста не разумею, як можна падзяліць, напрыклад, траціну яблыка на чвэрць… гэта НЕМАГЧЫМА! – абураўся Мікітка.
– Божухна Святы… Дзякуй табе, што гэтаму дзіцёнку не трэба здаваць іспыты ў які “мехмат” альбо на “фізіка”! – уздымала вочы да столі настаўніца. – Ты ж, Мікітка, ніяк не здольны да матэматыкі, табе трэба ў які гуманітарны… Добра, што мне з табою даводзіцца падцягваць толькі школьную праграму! – плакалася Вольга Аляксандраўна.

Праз неймаверна доўгі час Мікітка нарэшце апынуўся на свежым паветры, і яму больш не заміналі ані парфума настаўніцы, ані пах ейнай коткі з туалета… Ён увабраў лёгкімі свежае паветра й хуценька пабег да падземкі…
Метро праглынула яго… У чэраве цягніка было не надта ўтульна, але скразняк крыху аблягчыў цяжкасці пераезду… Вагон быў спрэс напампаваны пасажырамі, якія, стомлена пазіраючы ў прастору, ехалі з адзінымі думкамі: хутчэй дадому, а там фатэль, вячэра, адпачынак…
Панядзелак – дзень цяжкі…
Са слухавак даносілася, як голасна спяваў Токіа Гатэль… Раптам зазваніла мабілка, Мікіта дастаў з аднаго вуха “музыку” і, пабачыўшы на экране слова “мама”, адказаў:
– Ма, я цяпер у метро еду, нічога не чую (!), ператэлефануй праз колькі хвілінаў, якраз буду пераходзіць з “Купалаўскай” на “Кастрычніцкую”!!!

Праз дзесяць хвілінаў грымнуў выбух на станцыі “Кастрычніцкая”… Святло адключылася… Пайшоў дым, попел, нехта крычаў, хтосьці лямантаваў… нехта гарэў… Людзі беглі ў розныя бакі, ступаючы адно на аднаго, трымаючы адно аднаго, дапамагаючы адно аднаму… Вакол жах смерці… жах… жах… жах.
Калі спусціліся першыя брыгады хуткай, лекары пабачылі шмат параненых, забітых… Людзі плакалі й стагналі… Гэта было падобна да таго, нібыта спускаешся ў пекла… Малады лекар, пабачыўшы разарваную на шматкі вопратку на яшчэ амаль дзіцячым целе, схапіў яго й пабег вонкі, на вуліцу, на праспект…
Але было ўжо позна… Пакуль лекар бег па прыступках эскалатара, спрэс закіданага рэкламаю, якая ад выбуховай хвалі ўпала са сценаў, ён чуў, як няспынна ў кішэньцы хлопчыка грае музыка… “Магчыма, рынгтон мабілкі”, – падумаў лекар… Ужо на вуліцы ён паклаў цела на насілкі і з жалем у сэрцы выявіў, што хлопец памёр… Ён дастаў мабілку… Гэта была спартовая мадэль “Нокіа” – корпус гумовы, каляровы дысплей, магчы­масць запампоўкі сваёй музыкі на рынгтоны, mp3, плэер, гульні, слухаўкі ў дадатак… Лекар паклаў мабілку, ужо без слухавак, каля цела… Яго адразу паклікалі на дапамогу параненай дзяўчыне… А мабілка званіла… На дысплеі свяцілася “мама”… Рынгтон на ёй быў нейкі нязграбны, гэтую песню Мікіту яшчэ сябра запампоўваў, недзе з тыдзень таму: “It’s the first day of the rest of your life”… Цалкам дурны й абсурдны рынгтон, які цяпер гучаў неяк няўтульна й ненатуральна… Быццам спявак не ведаў таго, пра што спяваў.
13.04.2011,
Мінск