12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Калевала

_____________________
Карэла-фінскі эпас. Асобныя руны

Пераклад
з фінскай
Якуба
ЛАПАТКІ



Рэха «Калевалы»
Некалі песьня савецкая быламажорная, рамантычная, з прыпевам: ”А нам ня страшны ні вал дзявяты, ні холад вечнай мерзлаты! А мы рабяты, а мы рабяты шасьцідзясятай шыраты!..” Не абы-якія, значыць, рабяты, калі аказаліся на 60-й шыраце.
60-я паўночная шыратагэта ўжо ня поўнач як умоўны накірунак сьвету, а Поўнач як тэрыторыя, кавалак зямлі. Сапраўдная Поўнач.
Але не для ўсіх. Для фінаўгэта самы-самы поў­дзень. Такія вось, гэтыя фіны, рабяты. Сьветлавалосыя людзі Поўначы.
Як яны аказаліся за 60-й шыратой?..
Пасьля падзеньня ў 1552 годзе Казані экспансія Маскоўскай Русі скіравалася спачатку на ўсходніх угра-фінаў (мардву, марыйцаў, удмурдаў), а пасьля і на паўночных... Потым была экспансія Расійскай імперыі, потым экспансія Савецкага Саюзутак фіны і аказаліся там, дзе яны ёсьць.
Хоць былі ня там. Жылі, напрыклад, на месцы, якое Пётр І абвясьціў пустым і загадаў збудаваць на ім Санкт-Пецярбург. Рака, на берагах якой Санкт-Пецярбург збудаваны, называецца фінскім словамнева”, што значыць балота.
У 1721 годзе ў горадзе Уусікаупункі (гэта зусім ня так цяжка вымавіць, як здаецца, яшчэ раз паспрабуйце) быў падпісаны мір паміж Расіяй і Швецыяй. Фінляндыя ў тым падпісаньні ніякім бокам ня ўдзельнічала, яе без яе дзялілі, і яна амаль цалкам засталася ва ўладаньнях Швецыі. Расіі дастаўся заснаваны шведамі Выбарг і частка Карэліі.
У 1809 годзе Расія забрала ўсю Фінляндыю сабе. Да 1917 году Фінляндыя была часткай Расіі на правах Вялікага княства, у якім кіравалі расійскія генерал-губернатары. І ў адносінах да шведаў, і ў адносінах да рускіх фіны былі на дзіва лаяльнымі, нават стараннымі падданымі.
У пасьляваенныя гады ўзьнік міжнародны тэрмін фінляндызацыятрохі іранічны, але фіны мала зважаюць на іронію ў адносінах да іх. Фінляндызаваццагэта значыць жыць па суседству з вялікай дзяржавай і не падпарадкоўвацца ёй, але падтрымліваць самыя цесныя эканамічныя і палітычныя сувязі. Гэта талент, які рацыянальныя фіны выяўлялі бліскуча.
У адрозьненьне ад нас.
Фіныпаўночныя людзі нават для эстонцаў, хоць Талін можна разгледзець пры добрым надворі са скалістых пагоркаў Хельсінкі.
У эстонскіх паданьнях Фінляндыя называецца Паўночналандыяй. Па адным з паданьняў з гэтай самай Паўночналандыі прыплыў аднойчы вядзьмак Туслар, каб выкрасьці Лінду, маці Калевіпоэга (герой эстонскай міфалогіі, аналаг Кулерва зКалевалы”). Бог Уку пашкадаваў бедную Лінду і вырваў яе з рук страшнага ведзьмака, але дзіўным спосабам: ператварыў яе ў валун. Больш лагічна было б ператварыць у валун Туслара, толькі сюжэт тады разьвіваўся б інакш... Герой Калевіпоэг, шукаючы маці, не падаўся б усьлед за Тусларам у Паўночналандыю, не сустрэў бы там на пустэльным востраве адзінокую прыгажуню, з чаго, як можна меркаваць, і пачалося, а дакладней, размножылася ў Паўночналандыі жыцьцё. Хоць зноў жа цяжка зразумець, як, бо фінская прыгажуня з радасьці ад такой блізкай сустрэчы з эстонскім героем раптам кінулася ў мора са скалы. Але, што было, тое было...
Усё тое, што было і чаго быць не магло, фіны склалі ў адноі стварылі славуты эпасКалевала”. Надрукаваны ў 1835 годзе, ён амаль адразу ўвайшоў у залаты фонд сусьветнай літаратуры.
У 1888 годзе «Калевала» была перакладзеная на рускую мову. Пераклад, які да гэтай пары лічыцца класічным рускамоўным перакладам, зрабіў Лявон Пятровіч Бельскі.
У 1901 годзе намаганьнямі вядомага лінвіста і перакладчыка Яўгена ЦімчанкіКалевалазагучала па-ўкраінску.
Беларусы затрымаліся з перакладам славутага эпасу болей чым на 170 гадоў. Але, магчыма, і ня варта было нам сьпяшацца, бо, пасьпяшаўшыся, мы б маглі і ня мець такога выніку: перакладу значна лепшага за названыя. Бліскучага перакладу, які наўпаўней і найдакладней перадае і мову, і памер, інтанацыю, і вобразны сьвет, і ўсе тонкасьці, нюансы арыгіналу. Мяркую, так сталася ня толькі таму, што ў адрозьненьне ад Л. Бельскага і Я.Цімчанкі, якія фінскай мовы ня ведалі і перакладалі праз нямецкую ды французскую, наш перакладчык Якуб Лапатка фінскую мову ведае дасканала (як, між іншым, і нямецкую з французскай). І ня толькі таму так сталася, што наш перакладчыквыдатны знаўца фінскай культуры, літаратуры, гісторыі, этнаграфіі. Можна ўсё ведацьі нічога не любіць, а Якуб Лапатка, ужо доўгі час жывучы ў Фінляндыі, усё фінскае палюбіў. Бо яно, гэтае фінскае, надта ж падобнае на беларускае. Таму і пераклад ягоны выйшаў такі, нібы гэта арыгінал: беларускі эпас з беларускімі герояміхіба што з дзіўнаватымі, як для беларусаў, назвамі ды імёнамі. Пераклад Якуба Лапатківялізная і якасная праца, у выніку якой «Калевала» стала (стане) часткай нашай нацыянальнай культуры і рэхам будзе гукацца ў ёй праз стагоддзі.
Уладзімір Някляеў.
Калевала
Руна трыццаць першая
Нелады паміж братамі Унтама і Калерва. Унтама пачынае вайну і вынішчае ўвесь род свайго брата за выключэньнем адной цяжарнай жанчыны, якая ў палоне нараджае сына Кулерва (1-82). Немаўлятка ўвесь час думае аб помсьце, і Унтама спрабуе забіць хлопчыка, але гэта яму не ўдаецца (83-202). Кулерва падрастае і пачынае працаваць па гаспадарцы, але стараецца шкодзіць і псуе ўсё, што толькі можна. Унтама прадае яго ў рабства Ілмарынену (203-374).

Куранят расьціла маці,
белых лебядзяў расьціла.
Вяла куранят да пуні,
лебядзяў вяла на рэчку.
5 Тут напаў арол на птушак,
наляцеў драпежны ястраб,
усіх дзетак раскідаў ён:
аднаго ў Расію кінуў,
у Карэліюдругога,
10 трэцяга пакінуў дома.

Той, што ў Расіі вырас,
гандляром стаў самавітым,
той, што рос сярод карэлаў,
Калервам стаў называцца,
15 а з таго, што рос у доме,
вырас Унтама злахітры,
на бяду сваёй матульцы,
бацьку роднаму на гора.

Унтама закінуў нерат,
20 там, дзе брат лавіў звычайна,
Калерва ўбачыў нерат
і забраў сабе ўсю рыбу.
Унтама, дзяцюк злахітры,
раззлаваўся, угнявіўся,
25 ды пусьціў у бой усе пальцы,
распачаў рукамі бойку,
сварку распачаў з-за рыбы,
дробных акунькоў паганых.
Ды ня бачна пераможцаў
30 у той бойцы, у той сварцы:
як адзін другога стукне,
адказ тут жа атрымае.

Дні праз два, можа на трэці,
адбылося зноў такое ж:
35 Калерва авёс пасеяў
на палетках Унтамолы.
Тады Унтамы авечка
здратавала тую ніву,
Калервойнена ж сабака
40 разадраў тую авечку.

Пагражаць стаў Унтамойнен
Калерву пачаў гразіць ён,
што ўвесь род ягоны зьнішчыць,
што пабе старых і дзетак,
45 вынішчыць усю радзіну,
спапяліць усе сядзібы.
Ён мячы раздаў мужчынам,
ваярам адважным зброю,
маладзёнам даў ён дзіды,
50 дзецюкам раздаў сякеры
ды пайшоў вось так вайною,
рушыў у паход на брата.

Калервы краса-нявестка
блізка ля вакна сядзела.
55 Выглянула ў вакенца
дый прамовіла, сказала:
Ці то дым густы клубіцца,
ці то хмара там чарнее
на ўскрайку той паляны,
60 у канцы дарогі новай?”

Ды была гэта ня хмара,
і ня дым густы клубіўся
гэта войска з Унтамолы
набліжалася з вайною.
65 Збройныя прыйшлі героі,
людзі Унтамы з мячамі,
войскі Калервы разьбілі,
зьнішчылі ўвесь род вялікі,
спапялілі ўсе сядзібы,
70 усе хаты зруйнавалі,
адна дзеўка засталася,
і была яна цяжарнай.
Людзі Унтамы схапілі,
павязьлі з сабой дзяўчыну,
75 каб падлогу падмятала,
прыбірала там у хаце.

Час мінуў зусім кароткі
нарадзіўся хлопчык жвавы
у бяздольнай той жанчынкі.
80 Як назвалі тут немаўлятку?
МаціКулервасказала,
Унтама сказаў, што воін.
Вось паклалі немаўлятку,
сірацінку ўладкавалі,
85 у люльку зыбацца-гайдацца,
гушкацца ў калысцы цеснай.

Хлопчык гойдаўся ў люльцы,
вецер валасы расчубіў.
Гойдаўся два дні спадраду,
90 а на трэці дзень раптоўна
стаў на ногі ў калысцы,
моцна штурхануў ён люльку,
спавівач свой цесны скінуў,
выпрастаўся з-пад спавіваў,
95 разламаў усю калыску,
на рызьзё падраў пялёнкі.

З выгляду дзіцёнак моцны,
пэўна вырасьце асілкам.
Унтамола ўся чакала,
100 калі падрасьце дзіцятка;
як набудзе сілу й розум,
стане добрым ён асілкам,
сотню ён рабоў заменіць,
можа й тысячу, ня меней.

105 Два, тры месяцы ўзрастаў ён,
ды ўжо на трэці месяц,
як стаў ростам па калена,
сам сабе сказаў ён ціха:
Калі б вырас я вялікі,
110 узмацнеў, набраўся б сілы,
я адпомсьціў бы за бацьку,
за матуліны пакуты.”

Унтама, пачуўшы тое,
словы вымавіў такія:
115 “Вось дзе роду майму гібель,
новы Калерва ўзрастае!”
Думаць пачалі мужчыны,
меркаваць кабеты сталі,
куды дзець таго дзіцёнка,
120 як знайсьці яму пагубу.
Пасадзілі хлопца ў бочку,
запіхнулі ў кадушку,
ды панесьлі на ўзьбярэжжа,
кінулі ў марскія хвалі.
125 Праз тры дні і праз тры ночы
паглядзець прыйшлі на бераг,
ці зглынула хлопца мора,
ці загінуў ён у бочцы?
Ды хлапчук не утапіўся,
130 не загінуў ён у бочцы!
Хлопчык выбраўся з кадушкі,
асядлаў марскую хвалю,
вуду медную трымаў ён,
з лёскай тонкаю вудзільна;
135 вудзіў ён у хвалях рыбу,
ваду ў моры вымяраў ён:
а вады было ў тым моры
толькі два каўшы напоўніць,
а калі дакладней зьмерыць,
140 дык хапіла б і на трэці.

Унтама падумаў зноўку:
Куды дзець таго дзіцёнка,
дзе знайсьці яму пагібель,
адшукаць яму пагубу?”
145 Загадаў сваім рабам ён
дроў бярозавых насекчы,
сотні цурбакоў сасновых,
тысячы карчоў смалістых,
каб спаліць на іх дзіцёнка,
150 Кулерва навекі зьнішчыць.
Вось насеклі, назьбіралі,
дроў бярозавых таўшчэзных,
сотні цурбакоў сасновых,
тысячы карчоў смалістых,
155 тысячу вазоў бяросты,
ясеню пад сто сажэняў,
ды агонь пусьцілі ў дровы,
полымя туды пусьцілі,
кінулі ў агонь дзіцёнка,
160 прама ў вогненнае пекла.
Вогнішча два дні гарэла,
увесь трэці дзень палала,
а тады прыйшлі і бачаць:
у попеле ён па калена,
165 у вугольлі ён па локці,
качаргу ў руках трымае,
дзьмухае ў агонь, гуляе,
ды вугольле разграбае,
валаска не падпаліўшы,
170 аніводнай нават пасмы!

Унтамойнен раззлаваўся:
Куды дзець таго дзіцёнка,
дзе знайсьці яму пагібель,
адшукаць яму пагубу?”
175 Прывязаў яго да дрэва
і пакінуў так на дубе.
Так тры дні ўжо мінулі,
так прайшлі ўжо тры ночы,
Унтама тады падумаў:
180 “Час настаў пайсьці ды глянуць,
можа Кулерва памёр там,
можа ён сканаў на дубе?”
Паглядзець раба паслаў ён.
Хутка той вярнуўся з весткай:
185 “Кулерва там не загінуў,
не сканаў на дубе хлопчык!
Драпае ён там малюнкі,
моцна цьвік рукою сьціснуў.
На ствале малюнкаў поўна,
190 дуб малюнкамі пакрыты:
ваяры стаяць з мячамі,
дзіды вострыя трымаюць.”

І нічога Унтамойнен
з хлопчыкам зрабіць ня можа!
195 Сьмерць яму як ні рыхтуе,
як ні насылае згубу,
хлопчык той ніяк ня гіне,
не памрэ ніяк, паганец!
Ён ужо зусім зьнясілеў
200 сьмерць прыдумваючы хлопцу,
вырашыў яго расьціць ён,
як дзіця сваёй рабыні.

Унтама тады прамовіў,
словы вымавіў такія:
205 “Калі будзеш паслухмяным,
будзеш хлопчыкам прыстойным,
жыць табе дазволю ў хаце,
працаваць рабом пакіну.
Дам табе такую плату,
210 як заслужыш, як заробіш:
можа пояс дам прыгожы,
а можа заробіш поўху.”

Трошкі вырас Кулервойнен,
усяго на чвэрць узьняўся,
215 тут яго запрэглі ў працу,
тут знайшлі яму занятак:
няньчыць ды люляць малое,
немаўлятку з палец ростам.
Даглядай дзіцё странна,
220 дай яму й сабе паесьці!
Вопратку памый у рэчцы,
у вадзе памый пялёнкі!”
Дзень, другі дзіцёнка няньчыў,
Вырваў ручкі, выбіў вочкі,
225 а на трэці дзень наогул
загубіў дзіця хваробай,
і пялёнкі рэчка зьнесла,
і спаліў агонь калыску.

Унтама тады падумаў:
230 “Непрыдатны гэты хлопец
даглядаць дзіця малое
немаўлятку з палец ростам!
Невядома, што за працу
даць яму, які занятак,
235 можа лес валіць адправіць?”
І паслаў у лес дзіцёнка.

Калервы сын, Кулервойнен
тут сказаў такія словы:
Толькі я вазьму сякеру,
240 дык мужчынам дужым стану,
стану я болей прыгожым,
лепшым, чым раней я стану,
буду пяцярых я варты,
шасьцярым героям роўны.”
245 Потым ён пайшоў у кузьню,
так да каваля прамовіў:
Гэй кавальнік, братка любы!
Скуй мне добрую сякеру!
Скуй сякеру, як герою,
250 мужа вартую прыладу.
Я пайду бярозы секчы,
лес пайду валіць пад ляда.”
Вось каваль зрабіў, што трэба,
спрытна выкаваў сякеру,
255 змайстраваў, як для героя,
мужа вартую прыладу.

Калервы сын, Кулервойнен,
тут пачаў вастрыць сякеру;
ён удзень лязом займаўся,
260 адвячоркамтапарышчам.
Ён у лес пайсьці сабраўся
сосны звонкія там секчы,
лес прыдатны для будоўлі,
гонкія валіць лясіны.
265 Дрэвы ён валіў сякерай,
падсякаў лязом сталёвым:
моцныя адным ударам,
тонкіяў палову сілы.
Пяць лясін зваліў у злосьці,
270 восем дрэў зваліў магутных.
Сам сабе сказаў ён потым,
словы вымавіў такія:
Хай нячысьцік тут працуе,
Хійсі з Лемпа лес тут валяць!”
275 Потым ён на пень ускочыў,
засьвістаў што было моцы,
загукаў што было сілы,
словы вымавіў такія:
Хай паваляцца ўсе дрэвы,
280 лягуць стройныя бярозы,
дакуль далятае голас,
дакуль сьвіст мой далятае!
Хай ні парастка ня ўзыйдзе,
хай не ўзрасьце ні сьцяблінкі,
285 хай навечна пустка будзе,
пакуль месяц ясны сьвеціць,
там, дзе Кулерва зьнясілеў,
высякаючы лес дзікі!
Калі ўсё ж ячмень пасеюць,
290 калі зарунее ніва,
калі парасткі ўзыйдуць,
бурна ўзрастуць пасевы,
хай ні каласка ня будзе,
ні зярнятка на сьцяблінках!”

295 Унтама, дзяцюк руплівы,
паглядзець прыйшоў на месцы,
як сын Калервы працуе,
што з ягонай працы выйшла:
дрэнная была падсечка,
300 непрыдатная пад ляда.
Унтама падумаў зноўку:
І куды ён толькі варты!
Сапсаваў усе бярвеньні,
лес прыдатны для будоўлі!
305 Невядома, што за працу
даць яму, які занятак,
можа плот ён пабудуе?”
Паслаў ставіць агароджу.

Калервы сын, Кулервойнен,
310 будаваць паркан узяўся.
Прыцягнуў таўшчэзных соснаў
замест жэрдачак у плоце,
а яловыя бярвеньні
ў зямлю забіў, як кольле,
315 і ўсю гэтую спаруду
павязаў лясной рабінай;
ён зрабіў паркан бяз брамы,
без праходаў плот паставіў.
А сабе сказаў ён потым,
320 словы вымавіў такія:
Хто ня лётае, як птушка,
хто на крылах не ўзьлятае,
той ня зможа перадолець,
сына Калервы агароджу!”

325 Унтама, дзяцюк руплівы,
паглядзець прыйшоў на месцы,
як тут Кулерва працуе,
гэты раб вайной здабыты.
Без варотаў плот убачыў,
330 без праходаў ды бяз брамаў,
ад зямлі паркан узьняўся
аж да самых хмар у небе.
Унтама прамовіў словы:
І куды ён толькі варты!
335 Згарадзіў паркан бяз брамы
ды бяз шчылінкі адзінай,
ад зямлі ўзьняў да неба,
да аблокаў паднябесных,
і праз верх не пералезеш
340 і ня знойдзеш тут праходу.
Невядома, што за працу
даць яму, які занятак,
можа жыта ён змалоціць?”
Жыта малаціць прымусіў.

345 Калервы сын, Кулервойнен,
жыта малаціў штомоцы:
на мякіну струшчыў зерне,
усю салому патрухлявіў.

Гаспадар прыйшоў праведаць,
350 паглядзець прыйшоў на месцы,
як сын Калервы працуе,
як там Кулерва малоціць:
зерне струшчана ў мякіну,
у труху уся салома.

355 Унтама тут раззлаваўся:
Бесталковы ён работнік!
Як ні дам яму занятак
сапсуе ўсё дашчэнту.
Ці яго ў Расію зьвезьці,
360 ці ў Карэлію прадаць мне,
Ілмарынену падручным,
каб там молатам махаў ён?”
Сына Калервы прадаў ён
У Карэлію на кузьню,
365 Ілмарынену падручным,
майстру слаўнаму слугою.

Як жа расплаціўся майстар?
Даў кавальнік вельмі многа:
два катлы старых гарэлых,
370 рагачоў тры палавінкі,
даў пяць кос зусім скляпаных,
шэсьць матык даў паламаных
за нікчэмнага мужчыну,
за нявольніка благога.