12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ілля Камінскі

_____________________
На танцах у Адэсе. Вершы
Пераклад
з ангельскай
Вальжыны
МОРТ.


MUSICA HUMANA

[сучасны Арфей: пасля выгнання ў пекла, ён так і не вярнуўся, у той час, як яго ўдава абгойсала ў пошуках адну шостую зямной паверхні з каструляй, у якой скруціліся яго песні, завучваючы іх па начах на той выпадак, калі яны будуць знойдзеныя Фурыямі з ордэрам на вобшук]

Пакуль на старонку ліецца святло,
ён разам з жонкай знікае. Потам
нясе ад яго паліто;
і следам за імі бяжыць шчанё
і ліжа зямлю, яшчэ цёплую ад іх крокаў.

На лесвіцы, што над ракавінай на кухні,
ён ёй пакажа шлях да маўчання,
яны пакінуць радыё без слухачоў.
Кахаючыся, яны выключаюць святло,
але ў суседа – бінокль, і ён назірае,
пакуль яму на павекі сядае пыл.

Трыццатыя: Пецярбург бы ледзяны карабель.
Саборы, кавярні плывуць па Неўскім праспекце
і Новая Дзяржава ў спешцы
іх прышпільвае да сябе.

[У Крыме ён склікаў багатых лібералаў і строга загадаў ім: Калі Вас спытаюць у Судны Дзень: ці разумелі Вы паэта Восіпа Мандэльштама, кажыце не. Ці кармілі Вы яго? – Адпавядайце: так.]

Я чытаю ўслых кнігу свайго жыцця на зямлі
і прызнаюся ў тым, што люблю грэйпфрут.
На кухні: каўбасы; мужчыны п’юць
гарэлку з падшкляннікаў.
Хлопчык у белай кашулі, макаю палец
у слодыч. Маці мые
мне за вушамі. Мы размаўляем пра ўсё
што не спраўджваецца, дарэчы:
быў жнівень.
Жнівень! Дрэвы блішчаць!
Цэлыя жмені мовы на смак падобнай да дыму.
Памяць мая! Налі піва,
і соллю пасып край шклянкі,
вось табе залатая манета
і мой язык, пад які яе трэба пакласці.

(малодшы брат воблака,
ён гуляе няголены ў зялёных штанах.
РАДАСЦЬ моліцца ён на кукішках
і словы яго на падлозе – шкілеты птушак.)

Так, я кахаў. Мыў рукі. Распавядаў у жарсці
пра вернасць да зямлі. Цяпер смерць,
пералічвае мае пальцы.
Я ўцякаю, я злоўлены, уцякаю ізноў
і злоўлены, уцякаю
і злоўлены: выканаўца
гэтай песні – фігурка з гліны,

паэзія – гэта ты сам. Я супраць
сябе. Недзе:

ёсць Пецярбург
як згубленая маладосць
чые цэрквы, караблі і гільяціны
паскараюць наша жыццё.
[Летам 1924 Восіп Мандэльштам прывёз сваю маладую жонку ў Пецярбург. Яна была, кажучы па-французку, laide mais charmante. Эксцэнтрык? Менавіта такім ён і быў. Ён спусціў студэнта ўніз па лесвіцы, за тое што той скардзіўся, што яго не друкуюць. Восіп крычаў: А Сапфо? А Ісуса Хрыста?]

Паэт – гэта голас, я б сказаў, як Ікар,
што падаючы, шэпча сабе пад нос.
Так, маё жыццё, паламанай ветрам галінай
падае на паўночную зямлю.
Я пішу гісторыю снегу,
святло ад лямпы купае караблі
што плывуць праз аркуш.

Але ў пэўныя дні
адчыняецца Рэспубліка Псалмаў
і мяне ахінае страх, што я не жыў, не паміраў, не дастаткова
каб выдрапаць свой экстаз у гукі, слухаць
плёскі чыстай біблейскай мовы.

Я чытаю Платона, Аўгусціна, іх складоў адзіноту,
пакуль Ікар усё падае.
І я чытаю Ахматаву, яе вага прыбівае мяне да зямлі.
Арэшнікі дыхаюць на тэрасе
сухім паветрам, святлом дня.

Так, я жыў. Дзяржава мяне павесіла за нагу, я бачыў
дачок Пецярбургу, лебядзеў,
вучыў граматыку рознаплямённых чаек
і вынайшаў сябе назаўсёды
на вуліцы Пушкіна, пакуль памяць
сядзела ў куце і працірала мяне анучай.
Так, я памыляўся: у ложку
я параўнаў дзяржаву
з каханкай.
Дзяржава! Пагардлівая цырульніцкая рука
што згольвае скуру лёгкім рухам,
пакуль мы весела танчым вакол цырульніка.

[Ён сядзеў на краі крэсла і марыў услых аб добрых вячэрах.
Ён складаў свае вершы не за сталом, а на вуліцах Пецярбургу;
ён быў у захапленні ад вобраза пеўня, што пад сценамі Акропалісу раздзірае ноч на ашмёткі сваёй песняй.
Ён грымеў у дзверы сваёй зачыненай камеры: “Вы мусіце выпусціць мяне, я не створаны для астрогу.”]

Раз ці два на жыццё, з чалавека
здымаюць скуру, як з яблыка.

Яму застаецца голас
што расшчапляе сутнасць
па самы цэнтр.
Мы бачым: перапуд, непрыстойнасць, бруд

аднак існуе радасць формы, існуе
заўсёды
больш за адно маўчанне.
– паміж тут і Неўскім праспектам
цягнуцца па-птушынаму гады.

Маліся за таго чалавека
што жыў на памідорах і хлебе

а сабакі чыталі яго вершы
на кожным вуглу.

Так, падлічы “ліпень”, “сакавік”
перапляці іх разам ніткай –

ужо час, Гасподзь,
прыцісні гэтыя словы да твайго маўчання.

*
гісторыя пра чалавека, які ўцёк,
але быў захоплены

ў прозу вечароў:
пакахаўшыся, ён сядзіць

на кухоннай падлозе, вочы расплюшчаныя шырока,
распавядае пра Божую пустэчу

па падабенстве да якой мы створаныя.
– ён не працуе – сярод срэбра

і бруду ён цалуе
жончыну шыю так, што скура яе жывата напружваецца.

можна ўявіць хлопчыка, што выкладвае
сваім языком склады

на жаночай скуры: гэта лініі
пашытыя цалкам з цішыні.

[Надзея ўздымае галаву і кажа: Восіп, Ахматава і я былі разам, калі Мандэльштам раптам расквітнеў ад шчасця: міма нас прабеглі некалькі дзяўчатак, уяўляючы сябе канямі. Першая спынілася і паспешна спыталася: “Хто будзе апошнім конікам?” Я схапіла Мандэльштама за руку, каб ён не паспрабаваў далучыцца; а Ахматава, таксама прадчуваючы нядобрае, прашаптала: “Не збягай ад нас, ты наш апошні конік.”]

Паміраючы, я іду басанож праз сваю краіну,
дзе зіма будуе наймацнейшую
адзіноту, трактары ператвараюцца ў кентаўраў
і нясуцца наўгалоп па раўніне мовы:
мне дваццаць тры, мы жывем у кокане,
матылі спароўваюцца.
Восіп апускае пальцы ў агонь; ён
прачынаецца рана, праходжваецца
ў сандалях. Марудна піша. Малітвы
падаюць у пакой. Моль
назірае за ім з вакна. Яго язык
рухаецца па маёй скуры, я бачу
яго твар з-пад нізу,
тую балючую яснасць
– так кажа Надзея,
у памаранчавым святле,
яе ціхія рукі, самі з сабой
размаўляюць:
О Бог Абрама, Ісака й Якуба
на свае вагі Добра і Зла
пастаў талерку гарачай ежы.

*
Калі муж вярнуўся
з Варонежу, у яго роце
хавалася срэбная лыжка –

у сваіх снах,
уніз па Неўскаму бег дыктатар
за сваім мінулым як воўк,
воўк з заспаным вокам.

Ён верыў у чалавека. Не мог
вылечыцца
ад Пецярбургу. Ён чытаў на памяць
нумары тэлефонаў
мёртвых.

А што ён казаў у паўголас! –
нявыказаныя словы сталі абрысамі выспаў.

Калі ён ударыў
Талстога па твары, было так прыемна.
Калі мужа забралі, словы разам
зніклі з кнігі.

Яны назіралі
за яго размовай: рубцы ад зубоў на галосных.
Яны сказалі: Ты мусіш яго пакінуць
бо ўжо за яго спіной
самі па сабе камяні кружаць і падаюць уніз.

[У Восіпа былі густыя вейкі аж да шчок. Мы ішлі па вуліцы Прачысценка, пра што размаўлялі не памятаю. Мы збочылі на бульвар Гогаля, і Восіп сказаў: “Я гатовы да смерці.” Падчас арышту яны шукалі вершы, на падлозе. Мы сядзелі ў пакоі. За сцяной у суседзяў грала гавайская гітара. Пры мне следчы знайшоў верш “Воўк” і паказаў яго Восіпу. Ён злёгку кіўнуў. Сыходзячы, ён пацалаваў мяне. Яго забралі а сёмай раніцы.]

Пасля кожнай відзежы, Мандэльштам
сціскае ў жмені зямлю і кідаецца
ёю ў прахожых. Ты пазнаеш яго, Божа:
– ён ненавідзеў Царскае Сяло,

сказаў Маякоўскаму: “колькі ўжо можна вашых вершаў, вы ж не
румынскі аркестр.”
А што гармонія? Яна заблытвалася
і разблытвалася; Надзея сказала, што ўнутры яе выпаў снег,
яна пачула галасы цыпак на сваёй скуры.

Надзея, яе Так і Не цяжка
адрозніць. Яна танчыць,
спадніца сабралася складкамі на клубах
і святло завострываецца.
У кожным пакоі
чатыры куты: ён кахаецца з яе мочкай, брывамі,
завязваючы дні ў вузлы.
Ён вандруе па яе кухні, кранае мэблю,
маленькі прапелер у яго галаве

круціцца за размовай. Знадворку
хлопчык мочыцца пад дрэва, жабрак
лаецца на свайго ката – гэтым летам 1938 –
сцены смягнуць, сонца б’е
па гарадскіх плітах
“горад, што любіў казаць так магутнаму.”
Пасля кожнай відзежы ён націраў ёй ступні малаком.
Яна адамкнула свае цела, лягла яму жывот.
Ён сказаў: мы сустрэнемся ў Пецярбурзе,
мы там пахавалі сонца.