12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рышард Капусьцінскі

_____________________
Шахіншах. Аповесьць. (Заканчэньне)
Пераклад з польскай мовы Яўгена Салейчука


З нататак (6)

Шыітгэта перадусім зацяты апазіцыянер. Ад па­чатку шыіты ўтваралі невялікую групу сяброў і прыхільнікаў зяця Магамета, мужа яго любімай дачкі ФацімыАлі. Пасьля сьмерці Магамета, які не пакінуў нашчадка па мужчынскай лініі і не назваў выразна свайго наступніка, сярод мусульманаў пачалася барацьба за спадчыну прарока, за тое, хто будзе правадыром (халіфам) пасьлядоўнікаў Алаха, першай асобай у ісламскім сьвеце. Партыя (бо менавіта гэта абазначае слова шыіа) Алі высоўвае на гэтую пасаду свайго правадыра, сьцьвярджаючы, што Алі адзіны прадстаўнік сямі прарока, бацька двух унукаў МагаметаГасана і Гусейна. Аднак суніцкая мусульман­ская большасьць дваццаць чатыры гады ігнаруе голас шыітаў выбіраючы па чарзе трох халіфаў Абу Бакра, Умара і Утмана. Урэшце Алі здабывае халіфат, але толькі на пяць гадоў, бо ён загіне забіты тэрарыстам, які расьсячэ яму галаву атручанай шабляй. З двух сыноў, якіх меў Алі, Гасан будзе атручаны, а Гусейн загіне ў бітве. Сьмерць сямі Алі пазбаўляе шыітаў шанцу здабыць уладу (якая трапляе ў рукі суніцкіх дынастыяў Амайядаў, потым Абасідаў, нарэшцэ Атаманаў). Халіфат, які паводле ўяўленьняў прарока мусіў быць інстытутам сьціпласьці і простасьці, быў зьменены ў спадчынную манархію. У гэтай сітуацыі плебейскія, набожныя і бедныя шыіты, якіх непрыемна ўражвае стыль нядаўна разбагацелых халіфаў, пераходзяць у апазіцыю.
Усё гэта адбываецца ў сярэдзіне сёмага стагоддзя, але дагэтуль зьяўляецца жывой і горача ўзгадваемай гісторыяй. У размове з набожным шыітам на тэму яго веры ён увесь час будзе вяртацца ў тыя даўно мінулыя часы і са сьлязьмі ў вачах распавядаць усе падрабязнасьці забойства пад Карбалой, падчас якога Гусейну адсеклі галаву. Скептычны, іранічны еўрапеец падумае ў гэты момантБожа, якое ж значэньне гэта мае сёньня! Але калі ён прамовіць гэтую думку ўголас, нарвецца на гнеў і нянавісьць шыіта.
Лёс шыітаў, па сутнасьці, трагічны з любога пункту гледжаньня, і гэтае пачуцьцё трагізму, гістарычнай несправядлівасьці і няшчасьця, якое безупынна спадарожнічае ім, глыбока закадавана ў сьвядомасьці шыіта. У сьвеце існуюць грамадствы, у якіх спрадвеку нічога не атрымліваецца, неяк усё валіцца з рук, калі і блісьне праменьчык надзеі, дык адразу ж згасьне, усе ветры ім сустрэчныя, адным словам, здаецца, што тыя народы пазначаныя нейкім фотальным кляймом. Менавіта такая сітуацыя ў шыітаў. Можа таму яны ствараюць уражаньне сьмяротна сурёзных, зацятых, якія ўпарта настойваюць на сваёй праўдзе і неспакойна, нават пагрозьліва прынцыповых, а таксама (натуральна, гэта толькі ўражаньне) – сумных.
З таго моманту, калі шыіты (якія складаюць ледзь адну дзясятую мусульманаў, у той час як астатнія зьяўляюцца сунітамі) пераходзяць у апазіцыю, пачынаецца іх перасьлед. Яны дагэтуль жывуць успамінамі чарговых пагромаў, ахвярамі якіх яны рабіліся на працягу гісторыі. Таму шыіты зачыняюцца ў гета, жывуць у межах уласнай камуны, дамаўляюцца паміж сабой толькі ім зразумелымі знакамі і выпрацоўваюць кансьпіратыўныя формы паводзінаў. Але ўдары працягваюць сыпацца на іх галовы. Шыіты непакорныя, яны не такія, як паслухмяная суніцкая большасьць, яны супрацьстаяць афіцыйнай уладзе (якая з пурытанскіх часоў Магамета абрасла раскошай і багацьцем), яны выступаюць супраць абавязковай артадаксальнасьці, і таму іх ня церпяць.
Паступова яны пачынаюць шукаць больш бясьпечныя месцы, якія давалі б болей шанцаў пратрымацца. У тыя часы цяжкай і павольнай сувязі, калі адлегласьць, прастора граюць ролю дзейснага ізалятару, сьцяны, якая адгароджвае, шыіты стараюцца выбрацца як мага далей ад цэнтру ўлады (што знаходзіцца ў Дамаску, пазьней у Багдадзе). Яны расьцярушваюцца па сьвеце, вандруюць праз горы і пустыні, крок за крокам сыходзяць у падпольле. Такім чынам узьнікае шыіцкая дыяспара, якая існуе дасюль у ісламскім сьвеце. Эпапея шыітаў, поўная актаў нечуванага самаахвяраваньня, адвагі і стойкасьці духу, заслугоўвае асобнай кнігі. Частка тых вандруючых шыіцкіх камунаў, выпраўляецца на ўсход. Яны перапраўляюцца праз Тыгр і Еўфрат, праз горы Заграс і дабіраюцца да пустыннага іранскага ўзвышша.
Іран у той часзьнясілены, спустошаны спрадвечнымі войнамі з Візантыяй, ня так даўно быў захоплены арабамі, якія пачынаюць укараняць новую веруіслам. Гэты працэс адбываецца павольна і ў атмасферы барацьбы. Да гэтага часу ў іранцаў была афіцыйная рэлігія (зараастрызм), зьвязаная з пануючым рэжымам (Сасанідаў), а цяпер ім спрабуюць навязаць іншую афіцыйную рэлігію, зьвязаную з новым (у дадатак з чужым) пануючым рэжымамсуніцкі іслам. Гэта ўсё роўна што з агню ды ў полымя.
Але менавіта ў гэты момант у Іране зьяўляюцца змучаныя, бедныя, няшчасныя шыіты, на якіх відаць сьляды таго, што яны прайшлі праз пекла. Іранцы даведваюцца, што тыя шыіты, гэта мусульмане, у дадатак (як яны самі сьцьвярджаюць) адзіныя законныя мусульмане, адзіныя носьбіты чыстай веры, за якую яны гатовыя аддаць жыцьці. “Ну добра, – пытаюць іранцы, – а тыя вашыя браты арабы, якія нас захапілі?” “Браты? – абурана ўскрыкваюць шыіты, – гэта ж суніты, узурпатары, нашыя перасьледнікі. Яны забілі Алі і завалодалі ўладай. Не, мы іх не прызнаем. Мы ў апазіцыі!” Потым шыіты пытаюцца, ці могуць яны адпачыць пасьля цяжкага доўгага падарожжа, і просяць збанок халоднай вады. Гэтая заява басаногіх пры­шэльцаў накіроўвае думку іранцаў на вельмі важны сьлед. Ага, значыцца можна быць мусульманінам, але неабавязкова мусульманінам рэжымным. Больш за тое, з таго, што яны гавораць, вынікае, што можна быць мусульманінам апазіцыйным! І тады нават мусульманінам лепшым! Ім падабаюцца гэтыя бедныя і пакрыўджаныя шыіты. Іранцы ў той час таксама бедныя і адчуваюць сябе пакрыўджанымі. Іх краіна зруйнаваная вайной, імі кіруе захопнік. Яны хутка знаходзяць агульную мову з выгнанцамі, якія шукаюць тут прытулку і разьлічваюць на гасьціннасьць, пачынаюць прыслухоўвацца да шыіцкіх прапаведнікаў і ўрэшце прымаць іх веру.
У гэтым спрытным манеўры, які робяць іранцы, выяўляецца ўвесь іх розум і незалежнасьць. У іх ёсьць асаблівая здольнасьць захоўваць незалежнасьць у варунках залежнасьці. Сотні гадоў Іран быў ахвярай захопаў, агрэсіі, падзелаў, стагоддзямі ім кіравалі чужыя, альбо мясцовыя рэжымы, залежныя ад чужых дзяржаваў, аднак жа ён захаваў сваю культуру і мову, сваю паважную індывідуальнасьць і столькі духоўнай сілы, што ў спрыяльных умовах здолеў адрадзіцца і паўстаць з попелу. На працягу дваццаці пяці стагоддзяў сваёй пісьмовай гісторыі іранцы заўсёды, раней ці пазьней, умелі абдурыць тых, хто думаў, што будзе кіраваць імі беспакарана. Часам, дзеля гэтай мэты, яны былі вымушаныя выкарыстоўваць зброю паўстаньняў і рэвалюцыяў, і плаціць трагічную даніну крыві. Часам, яны прымяняюць тактыку пасіўнага супраціву, але зьдзяйсьняюць яе нечувана настойлівым, крайнім чынам. Калі ім ужо досыць улады, якая зрабілася невыноснай, якую рашуча ня хочуць далей цярпець, тады ўся краіна застывае, увесь народ зьнікае, нібыта правальваецца пад зямлю. Улада загадвае, але няма каму слухаць, насуплівае бровы, але на гэта ніхто не глядзіць, крычыць, але гэта марны лямант у пустыні. І тады ўлада рассыпаецца, як карткавы дамок. Аднак найбольш часты прыём, які яны прымяняюць, гэта прынцып паглынаньня, асіміляцыі, актыўнай асіміляцыі, такой, якая азначае перакоўваньне варожай зброі ва ўласную.
І гэтаксама яны зрабілі тады, калі былі захопленыя арабамі. “Жадаеце каб быў іслам, – кажуць яны сваім акупантам, будзе вам іслам, але ў нашай, нацыянальнай форме, у незалежным, мяцежным выглядзе. Гэта будзе вера, але вера іранская, у якой мы выкажам наш дух, нашую культуру і нашую незалежнасьць”. Гэтая філасофія ляжыць у аснове рашэньня іранцаў, калі яны прымаюць іслам. Прымаюць яго, але ў шыіцкім варыянце, які ў той час зьяўляецца верай пакрыўджаных і пераможаных, зьяўляецца прыладай выказваньня пратэсту і супраціўленьня, ідэалогіяй непакорных, якія гатовыя цярпець, але не адмовяцца ад прынцыпаў, бо хочуць захаваць сваю своеасаблівасьць і годнасьць. Шыізм зробіцца для іранцаў ня толькі іх нацыянальнай рэлігіяй, але таксама іх прыстанішчам і прытулкам, формай нацыянальнага пратрываньня, а таксама, у адпаведныя моманты, формай змаганьня і вызваленьня.
Іран пераўтвараецца ў самую неспакойную правінцыю мусульманскай імперыі. Увесь час тут нехта робіць змовы, увесь час нейкія паўстаньні, круцяцца замаскіраваныя эмісары, ходзяць тайныя ўлёткі і пісьмы. Прадстаўнікі акупацыйных уладаўарабскія губернатары сеюць тэрор, але яго вынікі адваротныя ад задуманых. У адказ на афіцыйны тэрор іранскія шыіты пачынаюць змагацца, але не франтальна, бо для гэтага яны занадта слабыя. Адным з элементаў шыіцкага грамадства стане адгэтуль, калі можна ўжыць такое акрэсьленьне, маргінальны тэрарызм. Да сёньня гэтыя закансьпіраваныя, маленькія, але бясстрашныя і бязьлітасныя арганізацыі тэрарыстаў сеюць жах у Іране. Палова забойстваў у Іране, якія прыпісваюць аяталам, выконваецца па прысуду гэтых груповак. Увогуле лічыцца, што шыіты першыя ў гісторыі сьвету стварылі тэорыю і ўвялі ў практыку індывідуальны тэрор як метад барацьбы. Той, узгадваемы, маргінальны тэрарызм зьяўляецца прадуктам ідэалагічнай барацьбы, якая стагоддзямі цягнецца ва ўлоньні шыізму.
Шыітаў, як і кожнае асуджананае на ізаляванасьць грамадства, якое перасьледуецца і якое змагаецца за выжываньне, характарызуе зацятасьць, артадаксальная, апантаная, фанатычная дбаласьць за чысьціню дактрыны. Перасьледуемы чалавек, каб выжыць, павінен захоўваць непахісную веру ў слушнасьць свайго выбару і сьцерагчы каштоўнасьці, якія спрычыніліся да гэтага выбару. Такім чынам усе схізмы, якіх шыізм перажыў дзясяткі, мелі адну агульную рысу, гэта былі (як мы сказалі б) ультралевыя схізмы. Заўсёды знаходзілася нейкая фанатычная група, якая атакавала рэшту масы адзінаверцаў, абвінавачваючы іх у затуханьні запалу, ігнараваньні наказаў веры, за любоў да выгодаў і апартунізм. Адбываўся раскол, пасьля чаго самыя шчырыя сярод схізматыкаў хапаліся за зброю і ішлі распраўляцца з ворагамі ісламу, каб акупіць крывёю (бо часта самі гінулі) здраду і гультайства марудзячых братоў.
Іранскія шыіты восемсот гадоў жывуць у падзямельлях, у катакомбах. Іх жыцьцё нагадвае пакуты і нягоды першых хрысьціянаў у Рыме, якіх кідалі на зьядзеньне ільвам. Часам здаецца, што яны будуць вынішчаныя дашчэнту, што іх чакае канчатковая пагібель. Яны гадамі хаваюцца ў гарах, жывуць у пячорах, паміраюць з голаду. Іх песьні, якія захаваліся з тых гадоў, поўныя жалю і роспачы, прадказваюць канец сьвету.
Але бываюць таксама больш спакойныя перыяды, і тады Іран становіцца прыстанішчам для ўсіх апазіцыянераў у мусульманскай імперыі, якія зьбіраюцца сюды з усяго сьвету, каб сярод шыітаў, якія робяць змовы, знайсьці прытулак, падтрымку і паратунак. Таксама яны могуць браць урокі ў вялікай школе шыіцкай кансьпірацыі. Могуць, напрыклад, авалодаць правілам маскіроўкі (taqija), якое палягчае выжываньне. Яно дазваляе шыіту, калі ён апынецца перад больш магутным праціўнікам, уяўна прыняць пануючую рэлігію, абвясьціць сябе адданым ёй, абы толькі выратаваць існаваньне сваё і сваіх блізкіх. Могуць авалодаць правілам дэзарыентацыі праціўніка (kitman), якое дазваляе шыіту, у выпадку небясьпекі, адрачыся ў вочы ад усяго, што ён сказаў за момант да гэтага, прыкінуцца дурнем. І таму Іран у сярэднявеччы робіцца Мекай усякага роду пратэстантаў, мяцежнікаў, бунтароў, самых дзіўных пустэльнікаў, прарокаў, апантаных, ератыкоў, стыгматыкаў, містыкаў, варажбітаў, якія рознымі шляхамі сыходзяцца сюды і навучаюць, сузіраюць, моляцца і прарочаць. Усё гэта стварае ў Іране такую характэрную для гэтай краіны атмасферу рэлігійнасьці, экзальтацыі і містыкі. “У школе я быў вельмі набожным, – кажа іранец, – і ўсе дзеці верылі, што маю галаву акружае зьзяючы арэол”. Уявім сабе еўрапейскага правадыра, які расказвае, што калі ехаў на кані, зваліўся ў прорву, але нейкі сьвяты працягнуў руку, схапіў яго ў паветры і такім чынам уратаваў яму жыцьцё. Між тым шах апісвае такую гісторыю ў сваёй кнізе, і ўсе іранцы чытаюць гэта сурёзна. Вера ў цуды тут глыбока ўкаранёная. А таксама вера ў лічбы, знакі, сімвалы, прароцтвы і адкрыцьці.
У XVI стагоддзі ўладары іранскай дынастыі Сафавідаў узьнімаюць шыізм да ўзроўню афіцыйнай рэлігіі. Цяпер шыізм, які быў ідэалогіяй народнай апазіцыі, робіцца ідэалогіяй апазіцыйнай дзяржавыіранскай дзяржавы, якая супрацьпастаўляе сябе дамінаваньню суніцкай імперыі Атаманаў. Але з цягам часу адносіны паміж манархіяй і шыіцкай Царквой будуць псавацца ўсё больш.
Справа ў тым, што шыіты ня толькі адпрэчваюць уладу халіфаў, але яны таксама ледзьве трываюць любую сьвецкую ўладу. Іран зьяўляецца ўнікальным прыкладам краіны, у якой грамадства верыць толькі ў панаваньне сваіх рэлігійных правадыроўімамаў, апошні з якіх, у дадатак, па рацыянальных, але не па шыіцкіх крытэрыях, пакінуў сьвет у IX стагоддзі.
Тут мы падыходзім да сутнасьці шыіцкай дактрыны, галоўнага акту веры яе прыхільнікаў. Шыіты, пазбаўленыя шанцаў на халіфат, назаўжды адварочваюцца да халіфаў сьпіной і з таго часу прызнаюць правадыроў толькі ўласнага веравызнаньняімамаў. Першым імамам зьяўляецца Алі, другім і трэцім яго сыныГасан і Гусейн, і так ажно да дванаццатага. Усе гэтыя імамы загінулі гвалтоўнай сьмерцю, забітыя альбо атручаныя халіфамі, якія бачылі ў іх правадыроў пагрозьлівай апазіцыі. Аднак шыіты вераць, што апошні, дванаццаты імамМагамед, не загінуў, а зьнік у пячоры вялікага мячэту ў Самары (Ірак). Гэта адбылося ў 878 годзе. Гэта Утоены, Чаканы імам, які ў адпаведны момант зьявіцца як Магдзі (якога вядзе Бог) і ўсталюе на зямлі валадарства справядлівасьці. Потым надыдзе канец сьвету. Шыіты вераць, што калі б той імам не існаваў, калі б ён ня быў прысутным, сьвет загінуў бы. Вера ў існаваньне Чаканага зьяўляецца крыніцай духоўнай сілы шыітаў, яны жывуць з гэтай верай, і гінуць за яе. Гэта вельмі чалавечы смутак пакрыўджанага і пакутуючага грамадства, якое ў гэтай ідэі знаходзіць падтрымку і перадусімсэнс жыцьця. Мы ня ведаем, калі гэты Чаканы прыйдзе, але ж ён можа зьявіцца ў любы момант, хоць бы і сёньня. І тады скончацца сьлёзы, і кожны атрымае месца за сталом дастатку.
Чаканы зьяўляецца адзіным правадыром, якому шыіты гатовыя цалкам падпарадкавацца. Ужо ў меньшай ступені яны прызнаюць сваіх рэлігійных стырнавыхаяталаў, і ў яшчэ меньшайшахаў. Наколькі Чаканы зьяўляецца прадметам культу, Шанаваным, дык шах мог быць ледзь Цярпімым.
З часоў Сафавідаў у Іране існавала сваеасаблівае двоеўладдземанархіі і Царквы. Адносіны паміж абедзьвюма сіламі розныя, але ніколі не былі надта дружалюбнымі. Аднак, калі раўнавага гэтых сілаў парушаецца, калі шах стараецца навязаць татальную ўладу (у дадатак пры дапамозе чужых апекуноў), тады народ зьбіраецца ў мячэтах і пачынае барацьбу.
Мячэт для шыітаў нешта большае, чым месца культу, гэта таксама прыстань, у якой можна перачакаць буру, і нават уратаваць жыцьцё. Гэта тэрыторыя, якая ахоўваецца недатыкальнасьцю, улада ня мае туды доступу. У Іране даўней існаваў звычай: калі бунтар, якога перасьледуе паліцыя, хаваўся ў мячэце, ён быў уратаваны, адтуль ужо ніхто ня мог выцягнуць яго сілай.
Нават у канструкцыі хрысьціянскага храму і мячэту можна заўважыць істотнае адрозьненьне. Хрысьціянскі храм зьяўляецца закрытым памяшканьнем, месцам малітвы, засяроджаньня і цішыні. Калі нехта пачне размаўляць, іншыя зробяць яму заўвагу. У мячэтах інакш. Найбольшую частку абекту складае адкрыты двор, на якім можна маліцца, але таксама шпацыраваць і дыскутаваць, і нават праводзіць сходы. Тут праходзіць бурнае таварыскае і палітычнае жыцьцё. Іранец, якога падганяюць на працы, які ва ўстановах сустракае толькі бурклівых бюракратаў, што выцягваюць з яго хабар, якога паўсюль перасьледуе паліцыя, прыходзіць у мячэт, каб знайсьці раўнавагу і супакой, каб вярнуць сваю годнасьць. Тут яго ніхто не прысьпешвае, ніхто яго ня лае. Тут зьнікаюць іерархіі, усе роўныя, усе браты, а паколькі мячэтгэта яшчэ і месца размовы, месца дыялогу, чалавек можа ўзяць слова, выказаць сваю думку, паскардзіцца і паслухаць што кажуць іншыя. Якая ж гэта палёгка, і як жа гэта кожнаму патрэбна! Таму, па меры таго як дыктатура заціскае, і ўсё большае маўчаньне ўсталёўваецца на працы і на вуліцы, мячэты напаўняюцца людзьмі і шумам. Ня кожны, хто прыходзіць сюды, зьяўляецца шчырым мусульманінам, ня ўсіх прыводзіць раптоўны прыліў набожнасьці; прыходзяць, бо хочуць перадыхнуць, хочуць адчуць сябе людзьмі. На тэрыторыі мячэту нават Савак мае абмежаванае поле дзейнасьці. Што праўда, арыштоўваюць і катуюць шмат сьвятароў, тых, якія адкрыта асуджаюць злоўжываньні ўлады. У пакутах гіне аятала Саідзі. Ён памёр, калі яго катавалі на электрычным стале. Аятала Азаршары памірае праз некалькі хвілінаў пасьля таго, як савакоўцы апускаюць яго ў кацёл з кіпячым алеем. Аятала Тэлегані выйдзе з турмы, але настолькі закатаваны, што будзе жыць нядоўга. У яго няма павекаў. Савакоўцы гвалтавалі ў яго прысутнасьці дачку, і Тэлегані за­плюшчваў вочы, каб не глядзець на гэта. Тады яму папяросамі прыпалілі павекі, каб вочы былі адкрытыя. Усё гэта адбываецца ў сямідзясятыя гады нашага стагоддзя. Але ў сваіх паводзінах адносна мячэту шах заблытаўся ў немалых супярэчнасьцях. З аднаго боку ён перасьледуе духоўную апазіцыю, з другогадамагаючыся ўвесь час папулярнасьці, абвяшчае сябе набожным мусульманінам, увесь час зьдзяйсьняе пілігрымкі да сьвятых мясьцінаў, паглыбляецца ў малітвы і просіць у мулаў дабраславеньня. Як жа тады ён абявіць адкрытую вайну мячэтам?
Але была таксама і іншая прычына, з-за якой мячэты маюць адносную свабоду. Амерыканцы, якія кіравалі шахам (з-за чаго ў манарха адбываліся адныя няшчасьці, бо яны ня ведалі Ірану і не разумелі да канца, што тут адбываецца), лічаць, што адзіным праціўнікам Магамеда Рэзы зьяўляюцца камуністы, партыя Тудэ. Таму увесь запал Саваку скіроўваўся супраць камуністаў. Але камуністаў на той час было няшмат, яны былі вынішчаныя, загінулі, альбо жылі ў эміграцыі. Рэжым настолькі быў заняты перасьледваньнем сапраўдных і выдуманых камуністаў, што не заўважаў, як у зусім іншым месцы, і пад іншымі лозунгамі, вырасла сіла, якая пераможа дыктатуру.
Шыіт наведвае мячэт яшчэ і таму, што ён заўсёды паблізу, па суседст­ве, па дарозе. У самім Тэгеране тысячы мячэтаў. Неспрактыкаванае вока турыста заўважыць толькі некалькі найбольш значных. У той час як большасьць мячэтаў, асабліва ў бедных кварталах, гэта ўбогія памяшканьні, якія цяжка адрозьніць ад беднай забудовы дамкоў, у якіх гнязьдзіцца плебейскі сьвет. Яны пабудаваныя з той самай гліны і настолькі заглыбленыя ў аднастайны краявід вулак і завулкаў, што ходзячы там, мы мінаем шмат тых сьвятыняў наогул не заўважаючы іх. Гэта стварае рабочы, інтымны клімат паміж шыітам і яго мячэтам. Ня трэба рабіць шматкіламетровыя паходы, ня трэба апранацца па сьвяточнаму, мячэтгэта штодзённасьць, самое жыцьцё.
Першыя шыіты, якія дабіраліся да Ірану, былі людзі гарадскія, дробныя купцы і рамесьнікі. Яны закрываліся ў сваіх гета, дзе будавалі мячэт, а побач лаўкі і крамкі. У гэтым самым месцы рамесьнікі адкрывалі свае майстэрні. Паколькі мусульманін павінен памыцца перад малітвай, пачалі тут дзейнічаць таксама і лазьні. А паколькі пасьля малітвы мусульманін хоча напіцца гарбаты ці кавы, а таксама падесьці, пад рукой у яго рэстараны і кавярні. Так узьнікае феномен іранскага гарадскога краявідубазар (бо гэтым словам азначаецца тое стракатае, шматлюднае, крыклівае, містычна-гандлёва-спажывецкае месца). Калі нехта кажаіду на базар, гэта ня значыць, што ён павінен браць з сабой сетку для пакупак. На базар можна ісьці, каб памаліцца, каб сустрэць сяброў, абладзіць нейкі інтарэс, пасядзець у кавярні. Можна пайсьці, каб паслухаць плёткі і прыняць удзел у сходзе апазіцыі. У адным месцы, на базары, без неабходнасьці бегаць па горадзе, без неабходнасьці выпраўляцца куды-небудзь, шыіт задавальняе ўсе патрэбы цела і духу. Тут ён знойдзе тое, што неабходна для зямнога існаваньня, і тут жа, малітвамі і ахвярамі, забясьпечвае сабе жыцьцё вечнае.
Старэйшыя купцы, найбольш таленавітыя рамесьнікі і мулы базарнага мячэту ствараюць эліту базару. Іх указаньні і думкі слухае ўсё шыіцкае грамадства, бо яны вырашаюць жыцьцё на зямлі і на небе. Калі базар абвесьціць страйк і закрые свае брамы, людзі памруць з голаду, а таксама ня будуць мець доступу да месца, у якім яны могуць умацаваць дух. Таму саюз мячэту з базарам зьяўляецца самай вялікай сілай, якая здольная расправіцца з любой уладай. Так было і ў выпадку з апошнім шахам. Калі базар вынес яму прысуд, лёс манарха быў прадвызначаны.
Па меры таго, як барацьба набірала сілу, шыіты ўсё больш адчувалі сябе ў сваёй стыхіі. Талент шыіта праяўляецца ў змаганьні, а ня ў працы. Народжаныя буркуны і пратэстанты, людзі, якія маюць вялікую годнасьць і гонар, нястомныя апазіцыянеры, паўстаўшы да бою, яны ізноў апынуліся ў сваёй талерцы.
Шыізм для іранцаў заўсёды быў тым, чым для нашых кансьпіратараў у часы паўстаньняў была шабля, якую хавалі за бэлькай на гарышчы. Калі жыцьцё было адносна нядрэннае, а сілы яшчэ не арганізаваныя, шабля ляжала ў схованцы загорнутая ў праалееныя анучы. Але калі чуўся баявы сігнал, калі надыходзіў час, выпраўляцца ў паход, чулася рыпеньне сходаў, што вялі на гарышча, а потым тупат коней і сьвіст вастрыя, якое працінае паветра.
З нататак (7)

Магмуд Азары вярнуўся ў Тэгеран на пачатку 1977 году. Восем гадоў ён жыў у Лондане, кормячыся з перакладаў кніг для розных выдавецтваў і перакладаў тэкстаў для рэкламных кампаніяў. Ён быў сталым, самотным мужчынам, які апроч працы любіў бавіць час на шпацырах і ў размовах са сваімі суайчыньнікамі. Падчас тых спатканьняў, дыскусіі вяліся ў асноўным пра цяжкасьці, якія перажываюць ангельцы, бо Савак нават у Лондане быў установай паўсюднай, таму трэба было пазьбягаць размоваў на нацыянальныя тэмы.
Напрыканцы свайго побыту, ён атрымаў з Тэгерану некалькі лістоў ад брата, перададзеных прыватным шляхам. Адпраўнік заахвочваў яго вярнуцца, пішучы, што набліжаюцца цікавыя часы. Магмуд баяўся цікавых часоў, але ў іх сямі брат заўсёды меў уладу над ім, таму ён спакаваў валізкі і вярнуўся ў Тэгеран.
Ён ня мог пазнаць горад.
Некалі спакойны, пустынны аазіс пераўтварыўся ў аглушальнае зборышча. Пяць мільёнаў людзей тоўпіліся, намагаліся нешта рабіць, нешта гаварыць, кудысьці ехаць, нешта есьці. Мільён аўтамабіляў ціснуўся па вузкіх вулачках, а іх рух зводзіўся да нуля, бо калона, што ехала ў адным напрамку, сутыкалася з калонай, што ехала ў супрацьлеглым напрамку, у дадатак і адная, і другая атакаваліся, перасякаліся, зьнішчаліся калонамі што напіралі збоку, справа і зьлева, з паўночнага ўсходу і з паўднёвага захаду, ствараючы гіганцкія марскія зоркі, якія дымяць і гудуць, зьняволеныя ў цесных завулках, як у клетках. Тысячы аўтамабільных сігналаў вылі ад ранку і да ночы без ніякага сэнсу і карысьці.
Ён заўважыў, што людзі, некалі такія спакойныя і ветлівыя, цяпер сварацца пры нязначнай нагодзе, пачынаюць злавацца бяз дай прычыны, хапаюцца за горлы, равуць і клянуць. Людзі нагадвалі яму нейкіх дзіўных, сюрэалістычных, раздвоеных пачвараў, адныя органы ў якіх паслужліва гнуліся перад кімсьці важным і ўплывовым, а другія ў той самы момант малацілі кагосьці слабага. Як відаць, дзякуючы гэтаму дасягалася нейкая ўнутраная раўнавага, што праўда, вартая жалю і нікчэмная, але неабходная для таго, каб утрымацца на паверхні і выжыць.
Яго ахапіў страх, ці здолее ён прадбачыць, сутыкнуўшыся ўпершыню з такім монстрам, якія органы ў яго адрэагуюць першымітыя, што гнуцца, ці тыя, што топчуць. Але хутка канстатаваў, што найбольш актыўныя тыя, што топчуць, яны ўвесь час нібыта вырываюцца наперад, і адступаюць толькі пад націскам важных акалічнасьцяў.
Падчас першага шпацыру ён пайшоў у парк. Сеў на лаўку, якую займаў нейкі мужчына, і паспрабаваў пачаць з ім размову. Але той, не гаворачы ні слова, устаў і хуценька пайшоў. Ён паўтарыў спробу, зьвяртаючыся праз момант да іншага мінака. Той паглядзеў на яго такім зьляканым позіркам, нібыта ўбачыў варята. Таму Магмуд пакінуў яго ў спакоі і вырашыў вярнуцца ў гатэль, у якім спыніўся адразу пасьля прыезду.
У рэцэпцыі заспаны, грубы тып сказаў яму, што ён павінен зьявіцца ў паліцыю. Першы раз за восем гадоў ён адчуў страх, і ў гэты момант усьвядоміў, што гэта пачуцьцё, якое ніколі не старэе: тое самае раптоўнае прыкладваньне глыбы лёду да голых плячэй, якое так добра запомнілася з мінулых гадоў, той самы цяжар у нагах.
Паліцыя займала дрэнны затхлы будынак у канцы той жа вуліцы, на якой стаяў гатэль. Магмуд стаў у доўгую чаргу панурых і апатычных людзей. З другога боку балюстрады сядзелі паліцыянты і чыталі газеты. У вялікім набітым памяшканьні панавала поўная цішыня: паліцыянты былі занятыя чытаньнем, і ніхто з чаргі не наважваўся сказаць ні слова. Невядома па якой прычыне, раптам пачалося выкананьне службовых абавязкаў. Цяпер паліцыянты з шумам перасоўвалі крэслы, калупаліся ў шуфлядках і прабіралі просьбітаў, лаючыся на іх самым грубым чынам.
Адкуль столькі хамства паўсюль?” – задумваўся ўстрывожаны Магмуд. Калі надышла яго чарга, ён атрымаў анкету, якую павінен быў запоўніць на месцы. Ён вагаўся на кожнай графе і заўважыў, што ўсе падазрона пазіраюць на яго. Спалоханы, ён пачаў пісаць нярвова, няўмела, нібы быў малапісьменны. Адчуў, што на лбе ў яго выступае пот, а калі ўпэўніўся ў тым, што забыў насоўку, успацеў яшчэ больш.
Пасьля таго, як ён падаў анкету, пасьпешна выйшаў і, ідучы задуманы па вуліцы, сутыкнуўся з нейкім мінаком. Той пачаў гучна лаяць яго. Затрымаліся некалькі асобаў. Такім чынам, Магмуд зрабіў парушэньне, бо сваімі паводзінамі ён сабраў натоўп. Гэта супярэчыла закону, які забараняў стварэньне ўсялякіх несанкцыянаваных сходаў. Падышоў паліцыянт. Магмуд мусіў доўга тлумачыць, што справа была ў выпадковым сутыкненьні, і што за ўсё сваё жыцьцё ён не выказваўся супраць манархіі. Нягледзячы на гэта, паліцыянт перапісаў яго асабістыя дадзеныя і ўзяў у кішэню тысячу рыялаў.
У гатэль Магмуд вярнуўся прыгнечаны. Усьвядоміў, што ён ужо запісаны, і запісаны нават двойчы. Ён пачаў разважаць, што адбудзецца, калі тыя запісы недзе сустрэнуцца. Потым суцешыўся, што, магчыма, усё загіне ў бяздонным беспарадку.
Ранкам прыйшоў брат, і пасьля ўступных прывітаньняў Магмуд сказаў яму, што яго ўжо запісалі. Ці ня будзе больш разумна, спытаў ён, вярнуцца яму ў Лондан. Брат некалі кіраваў значным выдавецтвам, якое было зьнішчана Савакам. Савак рабіў цэнзуру кніг толькі пасьля выхаду цэлага накладу. Калі кніга выклікала падозраньні, усе асобнікі трэба было ад­даць на зьнішчэньне, а выдаткі нёс выдавец. Гэтак разарылася большасьць выдавецтваў. Іншыя, у краіне населенай трыццацьцю пяцьцю мільёнамі людзей, баяліся рабіць наклад большы за тысячу асобнікаў. Бэстсэлер Вялікай Цывілізацыі – “Як клапаціцца пра свой аўтамабіль”, выйшаў накладам у пятнаццаць тысячаў асобнікаў, але на гэтым друк быў спынены, бо ў разьдзелах пра сапсуты рухавік, дрэнную вентыляцыю і разраджаны акумулятар Савак угледзеў намёкі на сітуацыю ва ўрадзе.
Брат хацеў пагаварыць з ім, але паказваючы на жырандолю, тэлефон, разетку і начнік сказаў, што трэба выйсьці з пакою, і запрасіў яго ў прыгарадную паездку. Яны адправіліся на старым аўтамабілі ў бок гор. Затрымаліся на пустой дарозе. Быў сакавік, дзьмуў ледзяны вецер, і паўсюль ляжаў сьнег. Яны схаваліся за высокім валуном і калаціліся ад холаду.
Тады брат сказаў мне, што я павінен застацца, бо пачалася рэвалюцыя, і я буду патрэбны. “Якая рэвалюцыя, – спытаў я, – ты ашалеў?” Я баяўся ўсялякіх хваляваньняў, увогуле не пераношу палітыку. Штодзённа займаюся ёгай, чытаю паэзію і перакладаю. Навошта мне палітыка? Але брат засьведчыў, што я нічога не разумею, і пачаў праясьняць сітуацыю. Зыходнай кропкай, сказаў ён, зьяўляецца Вашынгтон, там вырашаюцца нашыя лёсы. Менавіта ў Вашынгтоне Джымі Картэр гаворыць цяпер пра правы чалавека. Шах ня можа ігнараваць гэта! Ён павінен спыніць катаваньні, выпусьціць частку людзей з турмаў і стварыць хоць бы выгляд дэмакратыі. А гэтага на пачатку нам хопіць! Брат быў вельмі ўсхваляваны, я супакойваў яго, нягледзячы на тое, што ў ваколіцы не было ніводнай жывой душы. Падчас гэтага спатканьня ён даў мне машынапіс, які налічваў больш за дзьвесьце старонак. Гэта быў даклад нашага пісьменьніка Алі Аскара Джавадзіадкрыты ліст шаху. Джавадзі пісаў у ім пра пануючы крызіс, пра залежнасьць краіны і скандалы манархіі. Пра карупцыю, інфляцыю, рэпрэсіі і маральны заняпад. Брат сказаў, што гэты гэты дакумент патаемна ходзіць з рук у рукі, і што дзякуючы капіяваньню існуе ўсё больш асобнікаў. “Цяпер, – дадаў ён, мы чакаем, як адрэагуе шах. Ці пойдзе Джавадзі ў турму, ці не. Пакуль што яму пагражаюць па тэлефоне, але на гэтым заканчваецца. Ён бывае ў кавярні, зможаш пагаварыць з ім. Аднак я адказаў, што баюся спатканьняў з чалавекам, за якім, напэўна, цікуюць”.
Яны вярнуліся ў горад. Магмуд, зачыніўшыся ў пакоі, усю ноч чытаў даклад. Джавадзі абвінавачваў шаха ў зьнішчэньні душы народу. Ён пісаў, што любая думка вынішчаецца, а найбольш асьвечаныя людзі, асуджаныя на маўчаньне. Культура апынулася за кратамі альбо мусіла сысьці ў падпольле. Асьцерагаў, што рух наперад нельга вымяраць колькасьцю танкаў і машынаў. Меркай прагрэсу зьяўляецца чалавек, яго пачуцьцё годнасьці і свабоды. Магмуд чытаў, прыслухоўваючыся, ці не ідзе нехта па калідоры.
На другі дзень ён занепакоіўся, што рабіць з машынапісам. Узяў яго з сабой, каб не пакідаць у пакоі. Аднак ідучы па вуліцы, усьвядоміў, што такі пачак паперы можа выклікаць падазрэньне. Тады ён купіў газету і ўклаў даклад усярэдзіну. Нягледзячы на гэта, ён баяўся, што яго ў любы момант затрымаюць і абшукаюць. Найгорш было ў рэцэпцыі. Ён не сумняваўся, што там павінны былі зьвярнуць увагу на пакунак, які ён увесь час трымаў пад пахай. На ўсялякі выпадак Магмуд вырашыў абмежаваць выхады і вяртаньні.
Паступова ён пачаў знаходзіць былых сяброў, калегаў са студэнцкіх гадоў. Нажаль, часткі ўжо не было ў жывых, шмат было ў эміграцыі, а некалькіу турмах. Аднак, нарэшце, ён вызначыў шэраг патрэбных адрасоў. Пайшоў ва універсітэт, дзе сустрэўся з Алі Каідзі, з якім некалі ладзілі супольныя вандроўкі ў горы. Каідзі быў цяпер прафесарам батанікі, сьпецыялістам па цьвёрдалісных расьлінах. Магмуд асьцярожна запытаўся ў яго пра сітуацыю ў краіне. Трохі падумаўшы Каідзі адказаў, што ўжо шмат гадоў ён займаецца выключна цьвёрдаліснымі расьлінамі. Потым пачаў разьвіваць гэтую тэму гаворачы, што абшары, на якіх растуць цьвёр­далісныя расьліны, адрозьніваюцца своеасаблівым кліматам. Зімой там ідуць дажджы, у той час як лета сухое і гарачае. Зімой, тлумачыў ён, лепш разьвіваюцца эфемерныя гатункі, ці тэрафіты і геафіты, летам жа лепш ксерафіты, бо яны здольныя абмяжоўваць трансьпірацыю. Магмуд, якому гэта нічога не гаварыла, спытаў павярхоўна калегу, ці можна тут чакаць вялікіх падзеяў. Каідзі ізноў задумаўся, і праз момант пачаў гаварыць пра цудоўную крону, якую мае атлантычны кедр (Cedrus atlantica). “Але, – ажывіўся ён, – нядаўна я дасьледваў гімалайскі кедр (Cedrus deodara), які расьце ў нас, і мушу з радасьцю сказаць, што ён яшчэ прыгажэйшы!”
У другі дзень ён сустрэўся з калегам, з якім яшчэ ў школе спрабавалі разам напісаць драму. Калега цяпер быў мэрам гораду Карадж. У канцы абеду, які на запрашэньне мэра яны елі ў добрым рэстаране, Магмуд спытаў у яго пра настроі ў грамадстве. Аднак мэр не жадаў выйсьці за межы, якія тычыліся спраў яго гораду. “У Караджы, – сказаў ён, – цяпер асфальтуюць галоўныя вуліцы. Пачалі будаваць каналізацыю, якой няма нават у Тэгеране”. Лавіна лічбаў і тэрмінаў прыціснула Магмуда, ён адчуў недарэчнасьць свайго пытаньня. Аднак вырашыў не саступаць і спытаў калегу, пра што часьцей за ўсё размаўляюць жыхары яго гораду. Той задумаўся. “Хіба я ведаю? Пра свае справы. Людзі ня думаюць, ім усё роўна, яны лянівыя і апалітычныя, клапоцяцца толькі пра свой падворак. Справы Ірану! Хіба іх гэта кранае?” І далей ужо гаварыў і гаварыў, як пабудавалі фабрыку паральдэгіду і што паральдэгідам заваляць усю краіну. Але Магмуд ня ведаў, што азначае гэтая назва, і адчуў сябе невукам, чалавекам, які застаўся ззаду. “І ў цябе ўвогуле няма клопатаў?” – зьдзіўлены спытаў ён калегу. “А як жа! – сказаў той, і, нахіліўшыся над столікам дадаў сьцішаным голасампрадукцыя гэтых новых фабрык прыдатная толькі для сьметніка. Тандэта і ламачча. Людзі ня хочуць працаваць, усё робяць абы як. Паўсюль нейкая апатыя, нейкае неакрэсьленае супраціўленьне. Уся краіна на мелі”. “Але чаму?” – запытаў Магмуд. “Ня ведаю, – сказаў калега, выпростваючыся і ківаючы кельнеру, – мне цяжка ска­заць”. І прыгнечаны Магмуд заўважыў, што шчырая душа школьнага драматурга паказаўшыся на момант, каб прамовіць некалькі тых нязвыклых словаў, хутка ізноў схавалася за барыкадай генератараў, транспарцёраў, рэле і насадкавых ключэй.
Для гэтых людзей канкрэтнасьць зрабілася прытулкам, схованкай, нават збаўленьнем. Кедр, так, гэта канкрэтнасьць, асфальтгэта таксама канкрэтнасьць. На канкрэтную тэму заўсёды можна выступіць, выказацца, як мага свабодней. Перавагай канкрэтнасьці зьяўляецца тое, што ў яе ёсьць свая выразна вызначаная мяжа аснашчаная сігналамі небясьпекі. Калі розум, заняты нечым канкрэтным, пачне набліжацца да той мяжы, сігналы асьцерагуць яго, што па-за ёй распасьціраецца поле рызыкоўных агульных думак, непажаданых разважаньняў і сінтэзу. На гук гэтага сігналу абачлівы розум адступіць і зноў паглыбіцца ў канкрэтнасьць. За ўсім гэтым працэсам мы можам паназіраць, гледзячы на твар нашага суразмоўцы. Вось ён разважае даволі ажыўлена, падае лічбы, адсоткі, назвы і даты. Мы бачым, што ён моцна, як у сядле сядзіць у канкрэтнай тэме. Тады мы пытаемся ў яго, ну добра, але чаму людзі нейкія такія ня вельмі, скажам, задаволеныя. У гэты момант мы бачым, як мяняецца твар суразмоўцы [у ім адгукнуліся сігналы небясьпекі, увага! Праз момант пярэйдзеш мяжу канкрэтнай тэмы]. Суразмоўца змаўкае і ліхаманкава шукае выйсьця з сітуацыі, якім, натуральна, зьяўляецца адступленьне ў канкрэтнасьць. Задаволены, што пазьбег пасткі, што ня даў злавіць сябе, уздыхнуўшы з палёгкай ён ізноў ажыўлена разважае, прамаўляе, нішчыць нас канкрэтнасьцю, якой можа быць прадмет, рэч, стварэньне альбо зьява. Адной з рысаў канкрэтнасьці зьяўляецца тое, што сама па сабе яна ня мае ўласьцівасьці злучэньня з іншымі канкрэтнасьцямі і спантаннага стварэньня агульных вобразаў. Напрыклад, негатыўная канкрэтнасьць можа існаваць побач з іншай негатыўнай канкрэтнасьцю, але яны ня створаць спалучанага вобразу, пакуль іх не абяднае чалавечая думка. Аднак тая думка, якая сігналам небясьпекі затрымліваецца на мяжы кожнай канкрэтнасьці, ня можа выканаць свайго заданьня, і таму адасобленыя негатыўныя канкрэтнасьці могуць доўга існаваць, ня складваючы ніякай трывожнай панарамы. Калі атрымаецца давесьці да таго, што кожны чалавек закрыецца ў межах сваёй канкрэтнасьці, тады ўзьнікне разьяднанае грамадства, якое складаецца з нейкай колькасьці канкрэтных адзінак, няздольных да абяднаньня ў дзеючую адзінадушна супольнасьць”.
Аднак Магмуд вырашыў адарвацца ад прыземленых справаў і паляцець у краіну мрояў і ўзрушэньняў. Ён адшукаў калегу, пра якога ведаў, што той стаў прызнаным паэтам. Гасан Рэзвані прыняў яго ў сучаснай шыкоўнай віле. Яны сядзелі ў старанна дагледжаным садзе на беразе басейну (пачалося ўжо гарачае лета) і з заінелых шклянак пілі джын-тонік. Гасан скардзіўся, што ён змучаны, бо толькі ўчора вярнуўся з падарожжа ў Манрэаль, Чыкага, Парыж, Жэневу і Афіны. Езьдзіў чытаць лекцыі пра Вялікую Цывілізацыю, пра Рэвалюцыю Шаха і Народу. Непрыемны занятак, прызнаўся ён, бо яго прыгняталі крыклівыя дыверсанты, якія перашкаджалі гаварыць і не шкадавалі брыдкіх словаў. Гасан паказаў Магмуду свой новы томік вершаў, якія ён прысьвяціў шаху. Першы верш называўся: “Дзе ён зірне, квітнеюць кветкі”. Калі шах, гаварылася ў вершы, толькі кіне вокам, адразу ж там вырасьце і зацьвіце гвазьдзік альбо цюльпан. Дзе ж паглядзіць даўжэй, там зацьвітуць ружы.
Іншы верш называўся: “Дзе ён стане, там пачне біць крыніца”. У гэтым вершы аўтар запэўніваў, што там, дзе стане нага манарха, пачне біць крыніца крыштальнай вады. А калі шах затрымаецца і пачакае, пацячэ рака.
Вершы чыталі па радыё і на ўрачыстых пасяджэньнях. Сам манарх выказваўся пра іх вельмі пахвальна, а Гасану прызначаная стыпендыя Фонду Паглаві.
Аднойчы, ідучы па вуліцы Магмуд заўважыў чалавека, які стаяў пад дрэвам. Калі ён падышоў бліжэй, пазнаў (хоць і з цяжкасьцю), што гэта быў Магсен Джалавер, з кім яны разам некалі дэбютавалі ў студэнцкім выданьні. Магмуд ведаў, што Магсен быў катаваны і зьняволены, бо хаваў у сябе сябра-маджахеда. Ён затрымаўся і хацеў падаць яму руку. Той паглядзеў на яго адсутным позіркам. Магмуд нагадаў яму сваё прозьвішча. Магсен, не зварухнуўшыся, сказаў: “Мне ўсё роўна”. Ён працягваў стаяць сагнуты і глядзеў у зямлю. “Пайшлі куды-небудзь, – сказаў Магмуд, – я хацеў бы пагаварыць”. “Мне ўсё роўна” – паўтарыў той, застаючыся нерухомым, з апушчанай галавой. Магмуд адчуў, што яму робіцца холадна. “Слухай, – спрабаваў ён яшчэ, – а можа дамовімся на іншы дзень?” Магсен не адказаў, толькі раптам скурчыўся яшчэ больш, а потым азваўся ціха, здушаным шэптам: “Забяры пацукоў”.
Праз нейкі час Магмуд зьняў у цэнтры гораду сьціплую кватэру. Ён яшчэ распакоўваў валізкі, калі да яго прыйшлі тры мужчыны і вітаючы, як новага жыхара кварталу, запыталіся, ці ён член партыі шахаРастахіз. Магмуд адказаў, што не, бо толькі вярнуўся з Еўропы, дзе правёў некалькі гадоў. Гэта выклікала ў іх падазрэньне, бо тыя, што маглі, хутчэй выяз­джалі, чым вярталіся. Яны пачалі дапытваць аб прычыне яго вяртаньня, а адзін з наведнікаў занатоўваў усё ў сшытку. Магмуд з жахам канстатаваў, што такім чынам будзе запісаны ўжо ў трэці раз. Прышэльцы ўручылі яму членскую заяву, але Магмуд адказаў, што ня хоча запісвацца, бо ўсё жыцьцё быў апалітычным чалавекам. Мужчыны паглядзелі на яго аслупянела, бо, вымушаныя былі ўсьвядоміць, што новы кватарант ня ведаў, што гаварыў. Яны далі прачытаць яму ўлётку, на якой вялікімі літарамі былі надрукаваныя словы шаха: “Тыя, хто ня будзе ўваходзіць у партыю Растахізальбо здраднікі, для каторых месца ў турме, альбо яны ня вераць у Шаха, Народ і Айчыну і таму не павінны чакаць, што іх будуць прымаць нароўні з іншымі”. Аднак Магмуд праявіў столькі адвагі, што папрасіў дзень адтэрміноўкі патлумачыўшы, што ён павінен дамовіцца з братам.
Брат сказаў: “У цябе няма іншага выйсьця. Мы ўсе належым! Увесь народ як адзін павінен належаць”. Магмуд вярнуўся дамоў, і падчас візіту, які нанесьлі яму актывісты, абявіў аб сваім уступленьні ў партыю. Такім чынам ён стаў барацьбітом Вялікае Цывілізацыі.
У хуткім часе ён атрымаў запрашэньне ў сядзібу Растахізу, якая месьцілася паблізу яго дому. Там адбываўся сход творцаў, якія сваімі творамі павінны былі ўшанаваць трыццаць сёмую гадавіну ўзыходжаньня манарха на трон. Усе гадавіны зьвязаныя з асобай шаха і яго найвялікшымі дасягненьнямі: Белай Рэвалюцыяй і Вялікай Цывілізацыяй, адзначаліся ўрачыста і шумна, усё жыцьцё імперыі праходзіла ад гадавіны да гадавіны ў прыўзьнятым, аздобленым і ганаровым рытме. Незьлічоныя штабы людзей пільнавалі з календаром у руках, каб не прапусьціць дзень наро­дзінаў манарха, дзень яго апошняга шлюбу, каранацыі, зьяўленьня на сьвет нашчадка трону і наступных шчасьліва народжаных патомкаў. І да традыцыйных сьвятаў увесь час дапісвалі ўсё новыя і новыя. Ледзь канчалася адная гадавіна, а ўжо рыхтавалася другая, у атмасферы ўжо адчувалася ліхаманка і узбуджанасьць, спынялася любая праца, усе рыхтаваліся да наступнага дня, які таксама міне сярод гучнага банкетаваньня, адзначэньняў, віншаваньняў і ўзьнёслай літургіі.
Гэтым разам падчас сходу абмяркоўвалі праекты новых помнікаў шаху, якія павінны былі адкрыць у дзень зьвязаны з гадавінай. У зале знаходзілася каля ста асобаў, і калі старшыня зьвяртаўся да іх, кожны раз падкрэсьліваў, што яны выдатныя. Аднак ніводнае з названых прозьвішчаў Магмуду нічога не казала. “Хто гэта, – спытаў Магмуд суседа, – тыя, што сядзяць сьпераду ў атласных фатэлях?” “Гэта асабліва адзначаныя, – адказаў шэптам сусед, – некалі яны атрымалі ад шаха яго кнігу, з уласнаручным подпісам”.
Старшынём сходу быў скульптар Куруш Лашаі, з якім Магмуд некалі пазнаёміўся ў Лондане. Лашаі правёў шмат гадоў у Лондане і Парыжы, спрабуючы зрабіць там мастацкую кареру. Аднак у яго нічога не выходзіла, не было ў яго таленту і ён не здабыў там прызнаньня. Пасьля шэрагу няўдачаў, расчараваны, пакрыўджаны ён вярнуўся ў Тэгеран. Але як амбітны чалавек ён ня мог пагадзіцца з паразай, шукаў кампенсацыі. Уступіў у Растахіз і з таго моманту пачаў узьнімацца ўсё вышэй і вышэй. У хуткім часе стаў галоўным членам журы Фонду Паглаві, стаў адказным за ўзнагароды, лічыўся тэарэтыкам імперскага рэалізму. Меркавалі, што слова Лашаі вырашае ўсё, хадзіла пагалоска, што ён зьяўляецца дарадцам шаха па справах культуры.
Калі Магмуд выходзіў са сходу, да яго падышоў пісьменьнік і перакладчык Галям Касэмі. Яны ня бачыліся шмат гадоўМагмуд жыў за мяжой, а Галям сядзеў у краіне, пішучы апавяданьні, якія праслаўлялі Вялікую Цывілізацыю. Ён жыў вельмі добра, меў свабодны ўваход у палац, яго кніжкі выходзілі ў скураных вокладках. Галям хацеў сказаць яму нешта важнае і сілай зацягнуў у армянскую кавярню, дзе расклаў на століку нейкі тыднёвік, і з гонарам у голасе сказаў: “Паглядзі, што мне ўдалося надрукаваць!” Гэта быў яго пераклад верша Поля Элюара. Магмуд зірнуў на верш і спытаў: “Ну і што ж у гэтым такога?” “Як гэта, – абурыўся Галям, – ты нічога не разумееш? Прачытай уважліва”. Магмуд уважліва прачытаў, але спытаў яшчэ раз: “Ну і што ў гэтым незвычайнага? Чым ты так ганарышся?” “Чалавеча, – ажно шалеў Галям, – ці ты асьлеп? Паглядзі:

Настала пара смутку, ноч чорная як сажа,
Што і сьляпых ня варта з дому выганяць.

Чытаючы, ён пазногцем падкрэсьліваў кожнае слова на паперы. “Колькі мне каштавала намаганьняў, – усклікваў ён узбуджана, – каб надрукаваць гэта, каб пераканаць Савак, што гэта можа выйсьці! У гэтай краіне, дзе ўсё павінна дыхаць аптымізмам, квітнець, усьміхацца, раптам – «настала пара смутку»! Ты можаш уявіць сабе гэта?” У Галяма быў выраз твару пераможцы. Ён ганарыўся сваёй адвагай.
Толькі цяпер, гледзячы на скурчаны, хітры твар Галяма, Магмуд упершыню паверыў у тое, што набліжаецца рэвалюцыя. Яму здавалася, што ён раптам усё зразумеў. Галям адчувае, што набліжаецца катастрофа. Ён распачаў свае хітрыя манеўры, мяняе фронт, спрабуе ачысьціцца, аддае даніну наступаючай сіле, пагрозьлівыя крокі якой ужо адбіваюцца глухім рэхам у яго ўстрывожаным і абложаным сэрцы. Пакуль што, на пурпуровую падушку, на якой сядзіць шах, Галям употайкі падклаў кнопку. Гэта не бомба, не. Шах ад гэтага не загіне, у той час як Галям адчуе сябе лепшён выступіў супраць! Цяпер ён будзе паказваць гэтую кнопку, распавядаць пра яе, шукаць сярод блізкіх прызнаньня і пахвалы, радавацца, што ён праявіў незалежнасьць.
Але ўвечары ў Магмуда ізноў зьявіліся ранейшыя сумненьні. Яны прагульваліся з братам па пусьцеючых вуліцах. Міналі стомленыя, патухлыя твары. Змучаныя мінакі сьпяшаліся дадому, альбо маўкліва стаялі на прыпынках. Нейкія мужчыны сядзелі пад мурам, драмалі, паклаўшы галовы на калені. “Хто будзе рабіць гэтую тваю рэвалюцыю?” – спытаў Магмуд, паказваючы на іх рукой, – “Тут жа ўсе сьпяць.” “Тыя самыя людзі, – адказаў брат, – тыя самыя, якіх ты тут бачыш. Аднаго дня ў іх вырастуць крылы”. Але гэтага Магмуд ня мог сабе ўявіць.
“...Аднак жа раньнім летам я сам пачаў адчуваць, што нешта мяняецца, нешта ажывае ў людзях, у паветры. Гэты настрой вельмі неакрэсьлены, трохі як абуджэньне ад цяжкага сну. Пакуль што амерыканцы прымусілі шаха, каб ён вызваліў з турмаў частку інтэлектуалаў. Аднак шах круціў, адных выпускаў, іншых замыкаў. Але самае галоўнае, што ён вымушаны быў саступіць хоць бы на крок, што ў цьвёрдай сістэме зьявілася першая расколіна, першая шчыліна. Гэтым скарысталася група людзей якія хацелі адрадзіць Арганізацыю Іранскіх Пісьменьнікаў. Шах распусьціў яе ў шэсьцьдзесят дзявятым годзе. Наогул усялякія, нават самыя бяскрыўдныя, арганізацыі былі забароненыя. Існаваў толькі Растахіз альбо мячэт. Tertium non datur. Але ўрад надалей не згаджаўся, каб у літаратараў быў свой саюз. У сувязі з гэтым пачаліся тайныя сходы ў прыватных дамах, часьцей за ўсё ў старых падворках пад Тэгеранам, бо там лепш за ўсё можна было закансьпіравацца. Тыя сходы называліся культурнымі вечарамі. Спачатку чыталі паэзію, а потым разьвівалася дыскусія пра цяперашнюю сітуацыю. У дыскусіях гаварылася, што ўся прыдуманая шахам праграма разьвіцьця, якая яму ж і служыць, канчаткова правалілася, што ўсё перастае функ­цыянаваць, што рынак пусьцее, а жыцьцё робіцца ўсё больш дарагім, што кватэрная плата паглынае тры чвэрці заробку, што бяздарная, але прагная эліта рабуе краіну, што чужыя фірмы вывозяць вялізныя грошы, што палову прыбытку ад нафты зьядае бессэнсоўнае ўзбраеньне. Пра ўсё гэта гаварылася ўсё больш адкрыта і гучна. Помню, што на адным з тых вечароў я ўпершыню ўбачыў людзей, якія нядаўна выйшлі з турмы. Гэта былі пісьменьнікі, навукоўцы, студэнты. Я ўзіраўся ў іх твары, хацеў угледзець, які сьлед пакідае на чалавеку вялікі страх і вялікае цярпеньне. У мяне склалася ўражаньне, што ў іх паводзінах было нешта ненармальнае. Яны рухаліся няўпэўнена, ашаломленыя сьвятлом і прысутнасьцю іншых. Адносна акружэньня захоўвалі чуйную дыстанцыю, нібыта асьцерагаючыся, што набліжэньне іншага чалавека можа скончыцца для іх зьбіваньнем. Адзін з іх выглядаў жахліва, на твары і далонях у яго былі шнары ад апёкаў, хадзіў з кіёчкам. Ён быў студэнтам юрыдычнага факультэту, падчас ператрусу ў яго знайшлі ўлёткі федайнаў. Помню, як ён расказваў, што савакоўцы завялі яго ў вялікую залу, дзе адна сьцяна была распаленым да белага жалезам. На падлозе былі рэйкі, на рэйках стаяла металічнае крэсла на калёсіках, да якога яго прывязвалі рамянямі. Саваковец націснуў кнопку, і крэсла пачало рухацца ў бок распаленай сьцяны. Гэта быў павольны, скачковы рух, кожную хвіліну на тры сантыметры наперад. Ён падлічыў, што шлях да сьцяны будзе працягвацца дзьве гадзіны, але ўжо праз гадзіну ён ня мог вытрымаць тэмпературы, пачаў крычаць, што ва ўсім прызнаецца, хоць яму не было ў чым прызнавацца, тыя ўлёткі ён знайшоў на вуліцы. Мы ўсе слухалі моўчкі, студэнт плакаў. Помню, што ён усклікваў: “Божа, навошта ты пакараў мяне гэтым страшным калецтваммысьленьнем! Навошта ты навучыў мяне мысьліць, замест таго, каб навучыць быдлячай пакоры!” Урэшце ён страціў прытомнасьць, давялося вынесьці яго ў другі пакой. Аднак іншыя, што выйшлі з лёхаў, часьцей за ўсё маўчалі, не гаварылі ні слова”.
Але Савак хутка высачыў месцы гэтых спатканьняў. Аднае ночы, калі яны пакінулі дворык і па сьцежцы ішлі ў бок шашы, Магмуд раптам пачуў шоргат у прыдарожных кустах. Праз момант адбылася сумятня, пачуліся крыкі, цемра раптоўна згусьцілася, ён адчуў жахлівы ўдар ззаду па галаве. Захістаўся, упаў тварам на камяністую сьцежку і страціў прытомнасьць. Ачомаўся на руках у брата. Праз апухлыя, залітыя крывёй вочы з цяжкасьцю ўгледзеў у цемры яго шэры, разьбіты твар. Пачуў енкі, нехта клікаў на дапамогу. Ён пазнаў голас студэнта, які мабыць атрымаў шок, бо недзе, нібыта з-пад зямлі, той паўтараў: “Навошта ты навучыў мяне мысьліць! Навошта пакараў мяне гэтым страшным калецтвам!” Цяпер Магмуд бачыў, як у кагосьці, што стаяў непадалёку, зьвісала зламаная рука, бачыў укленчанага побач чалавека, у якога з вуснаў цякла кроў. Паціху яны пачалі прасоўвацца згуртаванай грамадой у бок шашы, паміраючы ад страху, што ізноў пачнецца новае катаваньне.
Раніцай ён ляжаў у сваім ложку з абкручанай галавой і зашытым лбом. Вартаўнік прынёс яму газету, у якой Магмуд прачытаў апісаньне начнога здарэньня: “Мінулай ноччу, паблізу Кан, шматразова караныя адкіды грамадства арганізавалі ў адным з навакольных дворыкаў агідную оргію. Мясцовае патрыятычнае насельніцтва колькі разоў зьвяртала ім увагу на неадпаведнасьць і агідны спосаб іх паводзінаў. Аднак расьпярэзаная хеўра замест таго, каб прыслухацца да слушных заўвагаў мясцовых патрыётаў, кінулася на іх з палкамі і камянямі. Атакаванае насельніцтва было вымушана выступіць ва ўласную абарону і вярнуць парадак, які дагэтуль панаваў у той мясцовасьці!” Магмуд стагнаў, ён адчуваў, што ў яго высокая тэмпература, галавакружэньне.
Вечарам яго наведаў брат. Ён быў усхваляваны, узбуджаны. Не зважаючы на раны Магмуда і нібы забыўшыся пра начное нападзеньне, выцягнуў з папкі вялікі машынапіс і падсунуў чытаць хвораму. Магмуд з цяжкасьцю налажыў акуляры. “Ізноў ліст, – сказаў ён расчараваны і адклаў машынапіс, – адчапіся ад мяне!” “Але чалавеча! – зрабіў заўвагу абураны брат, – прыгледзься добра, гэта важная справа!” І Магмуд, нягледзячы на разьбітую галаву, прымушаны да чытаньня, праз момант мусіў быў прызнаць, што гэта сапраўды была важная і незвычайная справа. Перад ім была копія ліста, які накіравалі шаху тры асобы, блізкія Масадэгу. Магмуд прачытаў подпісы: Карым Санджабі, Шагпур Бахціяр, Дарый Фаругар. Вялікія прозьвішчы, падумаў ён, вялікія аўтарытэты. Усе ў розны час былі вязьнямі шаха. Бахціяр быў вязьнем шэсьць разоў.
З 1953 году, – чытаў Магмуд, – Іран жыве ў атмасферы тэрору і страху. Усялякая апазіцыя зьнішчаецца ў зародку, а калі выйдзе на дзённае сьвятло, яна топіцца ў крыві. Згадваньне дзён, калі можна было дыскутаваць на вуліцы, калі свабодна прадаваліся кнігі, калі ў перыяд Масадэга можна было праводзіць маніфестацыі, з цягам часу зрабілася ўсё больш далёкім сном, які ўжо сьціраецца з памяці. Усялякая дзейнасьць, якая хоць бы ў самай нязначнай ступені выклікала антыпатыю двара, была забароненая. Народ асуджаны на маўчаньне, яму нельга сказаць слова, выказаць думку, узьняць пратэст. Застаўся толькі адзін шляхшлях падпольнай барацьбы”.
Магмуд паглыбіўся ў разьдзел пад назвай: “Трывожная эканамічная, грамадская і маральная сітуацыя Ірану”. Там была гаворка пра заняпад гаспадаркі, пра жахлівую грамадскую няроўнасьць, пра зьнішчэньне сельскай гаспадаркі, пра наўмыснае адурненьне грамадства і маральную дэпрэсію, у якую саштурхнулі народ. “Але маўчаньне і ўяўную пакорлівасьць народу, – чытаў ён, – нельга тлумачыць як абыякавасьць і, тым больш, як зьмірэньне з існуючым станам рэчаў. Пратэст можа прымаць розныя формы, і толькі масы здольныя выбраць форму, якая адпавядае дадзенай сітуацыі”. Ліст быў вытрыманы ў катэгарычным тоне, гучаў як ультыматум. Заканчваўся ён патрабаваньнем рэформаў, дэмакратыі і свабоды. “Гэтых людзей пасадзяць”, – падумаў разьбіты і зьнясілены Магмуд, адкладваючы ліст, і адчуў у скронях агонь гарачкі.
Праз некалькі дзён прыйшоў брат у кампаніі мужчыны, якога Магмуд ня ведаў. Гэта быў рабочы з інструментальнага заводу ў Караджы. Ён казаў, што паўсюль усё больш страйкаў. Ніколі не было іх столькі, як у гэтым годзе. “Страйкі забароненыя і зьнішчаюцца, – сказаў ён, – але ў людзей няма іншага выйсьця, жыцьцё зрабілася невыносным. Савак кіруе прафсаюзамі і заводам, рабочы зьяўляецца нявольнікам. Аплата расьце, але кошты растуць яшчэ хутчэй, усё цяжэй зьвесьці канцы з канцамі”. Яго дужыя рукі зрабілі ў паветры такі рух, нібыта хацелі спаткацца, але нейкая сіла адштурхнула іх ад сябе. Ён сказаў, што рабочыя з Караджу рушылі ў бок Тэгерану, каб у міністэрстве працы дамагацца вышэйшых заробкаў. Насустрач выехала войска і адкрыла агонь. З абодвух бакоў дарогі адкрытая пустыня, уцякаць не было куды. Тыя, хто перажыў гэта, вярнуліся, забіраючы палеглых і параненых. Загінула семдзесят чалавек, а дзьвесьце было паранена. Горад ходзіць у жалобе і чакае моманту, каб адпомсьціць.
Дні шаха зьлічаныя, – сказаў рашучым голасам брат, – нельга гадамі забіваць безабаронны народ”. “Зьлічаныя? – зьдзівіўся Магмуд, узьнімаючы абвязаную галаву, – ты страціў розум? Бачыў яго армію?” Натуральна, што брат бачыў. Пытаньне было рытарычным. Магмуд увесь час аглядаў дывізіі шаха ў кіно і па тэлевізіі. Парады, манеўры, зьнішчальнікі, ракеты, ствалы гарматаў накіраваныя проста ў сэрца Магмуда. Без жаданьня ён глядзеў на шэрагі пажылых генералаў якія з намаганьнем напіналіся перад манархам. Цікава, думаў ён, як бы яны сябе паводзілі, калі б побач выбухнула сапраўдная бомба. Напэўна, атрымалі б інфаркт! З кожным месяцам экран тэлевізару ўсё больш быў забіты танкамі і мінамётамі. Магмуд лічыў, што гэта страшная сіла, якая зламае любую перашкоду, усё пераўтворыць у пыл і кроў.
Пачаліся летнія сьпякотныя месяцы. Пустыня, якая акружае Тэгеран з поўдню, дыхала жарам. Магмуд ужо адчуваў сябе добра і вырашыў рабіць вечаровыя шпацыры. Першы раз за доўгі час ён выйшаў на вуліцу. Было позна. Ён кружляў па малых, цёмных завулках побач з гіганцкай, панурай будоўляй, якую сьпешна канчалі. Гэта была новая сядзіба Растахізу. Яму здавалася, што бачыць, як у цемры варушацца постаці, і чуе, што нехта выходзіць з кустоў. Але ж тут няма ніякіх кустоў, спрабаваў ён супакоіць сябе. Нягледзячы на гэта, напалоханы, Магмуд зьвярнуў у бліжэйшую папярэчную вуліцу. Ён адчуў, што баіцца, хоць ведаў, што яго страх ня мае ніякай акрэсьленай прычыны. Яму зрабілася холадна, і таму ён вырашыў вярнуцца дамоў. Магмуд ішоў па вуліцы, што спускалася ўніз, да цэнтру гораду. Раптам ён пачуў крокі чалавека, які ішоў за ім. Магмуд зьдзівіўся, бо быў перакананы, што вуліца пустая, што нікога ня бачыў побач. Міжволі ён паскорыў крок, але той, ззаду, таксама паскорыў. Нейкі час яны ішлі нага ў нагу, рытмічна, як два вартавыя. Магмуд вырашыў яшчэ больш паскорыць хаду. Цяпер ён ішоў кароткім шпаркім крокам. Той зрабіў тое ж самае і нават пачаў набліжацца. Будзе лепш, калі я запаволю крок, вырашыў Магмуд, шукаючы выйсьця з пасткі. Але страх быў мацнейшы за розум і ён, каб адарвацца да таго, яшчэ больш паскорыў крок. Магмуд адчуваў, што ў яго дранцьвее скура. Ён баяўся справакаваць таго. Думаў, што такім чынам ён адцягвае момант, у які атрымае удар. Але той, ззаду, быў ужо зусім блізка, Магмуд чуў яго дыханьне, водгульле іх крокаў адбівалася ў тунэлю вуліцы адзіным рэхам. Магмуд ня вытрымаў і пабег. Тады той кінуўся за ім у пагоню. Магмуд бег, ягоны пінжак лунаў у паветры як чорная харугва. Раптам ён усьвядоміў, што да таго далучаюцца іншыя, ён чуў за сабой грукат дзясяткаў крокаў, якія рухаліся за ім з гулам наступаючай лавіны. Магмуд працягваў бегчы, але пачаў задыхацца, ён быў мокры, непрытомны, адчуў, што праз момант упадзе на зямлю.
З апошніх сілаў ён дабег да бліжэйшай брамы і ўчапіўся за краты апушчаных жалюзі. Думаў, што зараз яго сэрца лопне. У яго было ўражаньне, што чужы кулак прабіў яму рэбры, уварваўся ўсярэдзіну і наносіў балючыя, аглушальныя ўдары, сеяў спусташэньне.
Урэшце Магмуд пачаў прыходзіць у сябе. Агледзеўся. На вуліцы ні душы, пад сьцяною прашмыгнуў шэры кот. Паціху, трымаючыся за сэрца, Магмуд пасунуўся дадому, разьбіты, прыгнечаны, пераможаны.
Усё пачалося з таго начнога нападу ўвесну, калі мы выходзілі пасьля сходу. З таго часу я баяўся, адчуваў страх. Страх часта атакаваў мяне ў самы нечаканы момант, дабіраўся да мяне, калі я зусім быў не гатовы да гэтага. Мне было сорамна, але я ня мог даць сабе рады. Гэта пачало мне вельмі перашкаджаць. Я з жахам думаў пра тое, што носячы ў сабе страх, я міжволі зьяўляюся часткай сістэмы, якая абапіраецца на страх. Так узьнік нейкі жудасны, але непадзельны саюз паміж мной і дыктатарам, нейкі паталагічны сімбіёз. Дзякуючы майму страху, я зрабіўся апорай сістэмы, якую ня мог трываць. Шах мог разьлічваць на мяне, гэта значыць мог разьлічваць на мой страх, на тое, што страх мяне не падмане, і тым самым, што я не падману яго манаршы разьлік, менавіта той, што на голас зьверху я адкажу сутаргай страху. Так, рэжым абапіраўся на мяне, не магу адрачыся ад гэтага. Калі б я мог пазбавіцца страху, тады падкапаў бы фундамент, на якім стаяў трон, падкапаў бы прынамсі ў той частцы, у якой мой страх падпіраў і нават ствараў яго, але пакуль я ня мог зрабіць гэтага”.
Усё лета ён адчуваў сябе дрэнна, весткі, якія прыносіў яму брат, успрымаў абыякава.
У той час усе ўжо жылі на вулкане, любая іскра магла распаліць пажар. У горадзе Керманшах ашалелы конь напаў на людзей. Нейкі селянін прыехаў на ім у горад і прывязаў да дрэва, што расло на галоўнай вуліцы. Конь налякаўся аўтамабіляў, сарваў лейцы і параніў некалькі чалавек. Урэшце яго застрэліў нейкі жаўнер. Вакол забітай жывёлы сабраўся натоўп. Прыйшла паліцыя і пачала разганяць сабраўшыхся. У натоўпе азваўся нейкі голаса дзе ж была паліцыя, калі конь таптаў людзей? І пачалася бойка. Паліцыянты адкрылі агонь. Але натоўп нарастаў. Горад кіпеў, людзі пачалі ставіць барыкады. Прыехала войска, кіраўнік гораду абвясьціў каменданцкую гадзіну. “Думаеш, гэтага было замала, – запытаўся ў Магмуда брат, апавядаючы пра гэтае здарэньне, – каб там магло распачацца паўстаньне?” Але той, як заўсёды, лічыў, што брат ва ўсім перабольшвае.
На пачатку верасьня, ідучы па алеі Рэзы Хана, Магмуд заўважыў на вуліцы нейкі рух. Здалёк ён убачыў перад галоўным уваходам ва ўніверсітэт вайсковыя грузавікі, шлемы, вінтоўкі, жаўнераў у зялёных камуфляжных куртках. Жаўнеры хапалі студэнтаў і вялі іх у грузавікі. Магмуд пачуў крыкі, бачыў уцякаючых па вуліцы маладых людзей. Так выглядаў пачатак акадэмічнага году. Ён падаўся назад і зьвярнуў на бакавую вуліцу. Там убачыў прыклееную да сьцяны ўлётку, якую чыталі некалькі мінакоў. Гэта была копія дэпешы, якую адвакат Мастафа Бахэр даслаў прэмеру Амузегару.
Вы, безумоўна, ведаеце пра тое, што цягам апошніх дваццаці гадоў чарговыя ўрады, парушаючы асновы свабоды, зрабілі так, што нашыя ўніверсітэты перасталі быць месцам навучаньня. Яны былі пераўтвораныя ў вайсковыя крэпасьці, акружаныя засекамі з калючага дроту, якімі кіруе паліцыя. Гэта магло выклікаць толькі гнеў і расчараваньне маладых, мысьлячых людзей. Таму цяжка зьдзіўляцца, што на працягу гэтых гадоў універсітэты ў Тэгеране і ў правінцыі былі альбо зачыненыя, альбо дзейнічалі толькі часткова”.
Людзі чыталі ўлётку і моўчкі разыходзіліся.
Раптам пачулася выцьцё сірэнаў, і Магмуд убачыў, як па вуліцы праязджаюць вайсковыя грузавікі, поўныя студэнтаў. Яны стаялі на платформах, сьціснутыя, акружаныя жаўнерамі, іх рукі былі зьвязаныя вяроўкамі. Відаць хапун скончыўся, і Магмуд вырашыў пайсьці да брата, каб сказаць яму, што войска зрабіла ва ўніверсітэце аблаву. У кватэры брата ён застаў маладога мужчыну, гэта быў настаўнік гімназіі Ферэйдун Ганджы. Магмуд прыгадаў, што першы раз сустрэў яго падчас культурнай вечарыны, пасьля якой іх пабіла паліцыя. Брат некалі згадваў, што на другі дзень Ганджы зьявіўся ў школе, але дырэктар, які раней ужо атрымаў тэлефон з Саваку, выкінуў яго з працы з крыкамі, што ён хуліган і авантурыст, якога сорамна паказваць вучням. Даволі доўга ён быў бяз працы і блукаў у пошуку занятку.
Брат вырашыў, што яны пойдуць на базар, каб паабедаць. У цесных і душных завулках побач з базарам Магмуд заўважыў шмат маладых людзей, якія ішлі хістаючыся, ачмураныя опіумам. Некаторыя сядзелі на ходніках гледзячы перад сабой шклянымі, невідушчымі вачыма. Іншыя чапляліся да мінакоў, лаяліся і пагражалі ім кулакамі. “Як паліцыя можа дапускаць гэта?” – спытаў ён у брата. “Вядома, што можа, – адказаў брат, – час ад часу гэтая кампанія робіцца вельмі прыдатнай. Заўтра яны атрымаюць трохі грошай, атрымаюць палкі і пойдуць біць студэнтаў. Потым прэса напіша пра здаровую, патрыятычную моладзь, якая па закліку партыі дала адпор сацыяльным баламутам і адмарозкам, што гнязьдзяцца ў мурах універсітэту”.
Яны увайшлі ў рэстаран і занялі столік пасярэдзіне залы. Яшчэ чакалі кельнера, калі Магмуд заўважыў, што за суседнім столікам разьняволена сядзяць два дужыя тыпы. Савакоўцы! Прамільгнула ў яго галаве. “Ведаеце, – сказаў ён брату і Фэрэйдуну, – пайшлі бліжэй да дзьвярэй”. Яны зьмянілі месца, адразу падышоў кельнер. Але пакуль брат замаўляў, позірк Магмуда трапіў на двух стылёва апранутых прыгажуноў, якія сядзелі побач трымаючыся за рукі... Савакоўцы, якія прыкідваюцца гомікамі! Падумаў ён са страхам і агідай. “Я хацеў бы сесьці ля вакна, – прапанаваў ён брату, – хачу паглядзець як жыве базар”. Яны перайшлі да новага століка. Аднак толькі яны пачалі есьці, як у залу ўвайшлі тры мужчыны. Моўчкі, нібыта гэта загадзя было вызначана, яны разьмясьціліся каля таго самага вакна, з якога Магмуд меў від на базар. “За намі назіраюць”, – сказаў ён шэптам і адначасова заўважыў скіраваныя ў свой бок падазроныя позіркі кельнераў, увагу якіх прыцягнула тое, што Магмуд і яго таварышы ўжо трэці раз зьмянілі месца. Тады ён падумаў, што можа менавіта іх кельнеры прымаюць за Савакоўцаў, якія перасаджваюцца з аднаго канца залы ў другі ў пошуках сваёй ахвяры. Ён страціў апетыт, ежа расла ў яго роце. Ён адставіў талерку і даў галавой знак, што трэба выходзіць.
Яны дабраліся да дому брата і вырашылі выехаць адтуль на машыне ў горы, каб на момант выбрацца з тлумнага гораду і падыхаць сьвежым паветрам. Ехалі на поўнач, праз Шэміранраён нуварышаў, які яшчэ пахнуў цэментам. Міналі шыкоўныя, самавітыя вілы і палацыкі, камфортныя рэстараны і дамы моды, прасторныя сады, элітныя клубы з басейнамі і кортамі. У гэтым месцы кожны квадратны метр пустыні (бо навокал распасьціралася пустыня) каштаваў сотні, калі ня тысячы даляраў, але яго ўсё роўна было цяжка купіць. Гэта быў чароўны сьвет прыдворнай эліты, іншая зямля, іншая планета. У пэўны момант яны ўваткнуліся ў калону нерухомых машынаў. Недзе сьпераду, але не было відаць дзе, мусіла быць нейкая перашкода. Стаялі доўга, без надзеі на далейшы рух.
Ізноў вайна бульдозераў!” – канстатаваў брат. Яны запаркавалі аўтамабіль на ходніку і далей пайшлі пешшу. Праз чвэрць гадзіны павольнай хады яны ўбачылі ў канцы вуліцы воблака пылу, што ўзьнімалася да неба. Уздоўж вуліцы стаялі аўтазакі, а далей віднеўся чорны віруючы натоўп. Магмуд пачуў крыкі і енкі. Праехаў грузавік, і ён убачыў, што той вязе парэшткі двух людзей, прыкрытых анучамі. Ён пачуў сухі водгук стрэлаў. Калі падышлі бліжэй, праз галовы натоўпу ён убачыў, як пяць жоўтых, масіўных бульдозераў руйнуюць квартал мазанак. Потым убачыў жанчын, якія з крыкам кідаліся пад бульдозеры, бездапаможных кіроўцаў, якія штохвіліны затрымлівалі машыны, і паліцыянтаў, якія палкамі адганялі людзей, што ўласным целам закрывалі свае бедныя мазанкі.
“– Гэта вайна бульдозераў, – сказаў мне тады брат, – яна цягнецца некалькі месяцаў. Выганяюць беднату, бо эліта хоча тут будавацца. Тут найлепшае паветра ў горадзе і гэтыя раёны ахоўваюць казармы. Участкі, на якіх стаяць гэтыя трушчобы, ужо падзеленыя, трэба толькі выгнаць жыхароў і разбурыць іхнія дамы. Такім чынам Шэміран разрывае кола галечы, якое яго акружае, і супер раён зможа разьвівацца далей на карысьць людзей набліжаных да трону. Але нягледзячы на ўсё, – дадаў брат, – справа не ідзе лёгка. Сярод жыхароў гэтых мазанак федайны арганізавалі сапраўднае супраціўленьне. Ты пераканаешся, што менавіта адсюль пачнецца першы штурм палацу”.
Але Магмуд лічыў брата энтузіястам і ня верыў у гэтыя прадказаньні. Яны вярнуліся ў машыну і спрабавалі даехаць да гор бакавымі вулкамі. Урэшце даехалі да месца і паглыбіліся ў скальныя руіны. Яны ўселіся ў ценю пахілай скалы, і тады Ганджы выцягнуў з торбы маленькі магнітафон, уставіў у яго касету і націснуў на пластмасавую клавішу. Магмуд пачуў нізкі, невыразны голас:
У імя Алаха, літасьцівага і міласэрнага!
Людзі!
Абудзіцеся!
Дзесяць гадоў шах гаворыць пра разьвіцьцё. Але ўвесь народ пазбаўлены самых асноўных рэчаў. Шах робіць сёньня абяцаньні на наступныя дваццаць пяць гадоў. Але народ ведае, што абяцаньні шаха, гэта пусты гук. Сельская гаспадарка зруйнаваная, пагоршылася сітуацыя працоўных і сялянаў, незалежнасьць гаспадаркі зьяўляецца фікцыяй. І гэты чалавек наважваецца гаварыць пра рэвалюцыю! Што ж гэта за рэвалюцыя, якая паралізавала сілы народу, якая зрабіла залежным народ і яго культуру ад чужой яму дыктатуры? Я заклікаю студэнтаў, рабочых, сялянаў, камерсантаў і рамесьнікаў распачаць барацьбу, ствараць рух супраціўленьня, і хачу запэўніць вас, што гэты рэжым блізкі да падзеньня.
Людзі!
Абудзіцеся!
У імя Алаха, літасьцівага і міласэрнага!”
Дынамік сьціх. “Чый гэта голас?” – Спытаў Магмуд. “Гэта гаворыць Хамейні”, – адказаў Ганджы.
Ганджы вярнуў Магмуду сьвет, які даўно ўжо сьцёрся з яго сьвядомасьці. Мячэты, мулы, Каран, іслам, Мека. Магмуд, так сама як і яго сябры і знаёмыя, шмат гадоў ужо ня быў у мячэце. Ён лічыў сябе рацыяналістам і скептыкам, усялякае ханжаства абуджала ў ім антыпатыю, ён не маліўся, ня верыў.
Падчас гэтага спатканьня Ганджы сказаў нам, што займаецца кантрабандай касетаў. Ён належаў да групы людзей, якія займаліся кантрабандай касетаў з адозвамі Хамейні. Хамейні ў той час знаходзіўся ў ссылцы ў невялікім ірацкім мястэчку Наджаф. Ён быў там выкладчыкам у медрэсе. Там жа і запісваліся на касеты яго звароты. Раней я нічога пра тое ня ведаў, а гэта працягвалася ўжо шмат гадоў, усё было добра закансьпіравана. У сваіх адозвах Хамейні атакаваў кожны выступ, кожнае пачынаньне шаха. Гэта былі кароткія каментары з некалькіх сказаў, прамоўленыя простай, выразнай мовай, зразумелыя ўсім і яны лёгка запаміналіся. Кожны зварот пачынаўся і канчаўся заклікам да Алаха і формулайлюдзі, абудзіцеся! Гэтыя касеты кантрабандай правозіліся праз мяжу, часта вакольным шляхам, праз Парыж і Рым. Ганджы казаў тады, што, каб падмануць Савак, многія з тых зваротаў зьмяшчаліся на канцы стужкі з запісамі розных бітавых гуртоў. Стужкі дастаўляліся ўмоўленым людзям, адным з іх быў Ганджы. Яны адносілі іх у мячэты і аддавалі мулам. Такім чынам мулы атрымлівалі інструктажшто ім прапаведаваць падчас казаняў і як дзейнічаць. Можна было б напісаць цэлую працу пра роль магнітафоннай касеты ў іранскай рэвалюцыі. Усё гэта было для мяне тады сенсацыяй, я не ўсьведамляў сабе абём шыіцкай кансьпірацыі, і думаю, што шах таксама ня мог уявіць сабе, нават калі да яго і даходзіла нейкая інфармацыя на гэтую тэму. У той дзень я зразумеў, што побач са мной існуе нейкі іншы, падпольны сьвет, пра які я амаль нічога ня ведаю”.
Яны вярнуліся ў горад.
У наступныя тыдні зьявіліся новыя маніфесты і лісты пратэсту. Адбываліся тайныя чытаньні і дыскусіі. У лістападзе ўзьнік камітэт абароны правоў чалавека і падпольныя студэнцкія саюзы. Іншы раз Магмуд наведваў бліжэйшыя мячэты, бачыў у іх натоўпы людзей, але пануючая там атмасфера шчырай набожнасьці засталася яму чужой, у яго не атрымлівалася навязаць з гэтым сьветам ніякага эмацыйнага кантакту. Аднак жа, казаў ён сабе, да каго гэтым людзям зьвярнуцца, куды пайсьці? Большасьць з іх ня ўмела нават ні чытаць, ні пісаць. Год таму, а можа нават месяц таму, яны прыйшлі ў вялікі горад са згубленых у пустыні і гарах вёсак, дзе за тысячы гадоў нічога не зьмянілася. Яны апынуліся ў незразумелым і варожым для іх сьвеце, які падманвае і эксплуатуе іх, які пагарджае імі. Яны шукаюць для сябе прытулку, шукаюць палёгкі і абароны. Яны ведаюць адно, што ў гэтай новай і такой зусім непрыхільнай рэчаіснасьці толькі Алах той самы як і ў вёсцы, як і паўсюль, як і заўсёды.
Цяпер ён шмат чытаў, перакладаў на персідскую Лондана і Кіплінга. Прыгадваючы лонданскія гады, думаў, наколькі Еўропа адрозьніваецца ад Азіі, і паўтараў словы Кіплінга: “Усход зьяўляецца Усходам, а ЗахадЗахадам, і гэтыя два сьветы ніколі не сустрэнуцца”. Не сустрэнуцца і не паразумеюцца. Азія адкіне любы трансплантант з Еўропы, як чужое цела. Еўрапейцы могуць абурацца, але гэта мала што зьменіць. У Еўропе мяняюцца эпохі, новая выціскае папярэднюю, час ад часу зямля ачышчаецца ад мінулага, чалавеку нашага стагоддзя цяжка зразумець яго продкаў. Тут інакш, тут мінулае актуальнае як і сучаснасьць, непрадказальны і бязьлітасны каменны век суіснуе з халодным, карысьлівым векам электронікі, яны жывуць у адным чалавеку, які ў аднолькавай ступені зьяўляецца як патомкам Чынгіз Хана, так і вучнем Эдысана, калі, зразумела, ён наогул сутыкаўся са сьветам Эдысана.
Аднае ночы, на пачатку студзеня, Магмуд пачуў грукат у дзьверы. Ён ускочыў з ложку.
Гэта быў мой брат. Я бачыў, што ён нечувана ўсхваляваны. Яшчэ ў калідоры сказаў адно словаразьня! Ён не хацеў прысесьці, хадзіў па пакоі, гаварыў вельмі хаатычна. Сказаў, што сёньня на вуліцах Куму паліцыя страляла ў людзей. Сказаў, што было забіта пяцьсот чалавек. Загінула шмат жанчын і дзяцей. Пачалося з падзеі, якая здавалася нязначнай. У выданьніЭтэлятзьявіўся артыкул з нападкамі на Хамейні. Напісаў яго нехта з палацу альбо з ураду. Аўтар артыкулу называў Хамейні іншаземцам, што ў нашым уяўленьні мае пагардлівае адценьне. Калі газета дайшла да Куму, гораду Хамейні, людзі пачалі зьбірацца на вуліцах і абмяркоўваць артыкул. Потым яны пайшлі на галоўную плошчу, якую адразу ж акружыла паліцыя. Паліцыянты зьявіліся таксама на дахах. Нейкі час нічога не адбывалася, магчыма працягваліся кансультацыі з Тэгеранам. Затым нейкі афіцэр заклікаў людзей, каб яны разышліся, але ніхто не здрыгануўся. Запанавала цішыня. У гэтай цішыні, з дахаў і вуліцаў, якія выходзілі на плошчу пачуліся стрэлы, паліцыя ў форме адкрыла агонь. На плошчы ўзьнікла паніка, людзі хацелі ўцякаць, але не было куды, вуліцы былі заблакаваныя страляючай паліцыяй. “Уся плошча засланая трупамі, – казаў брат, – з Тэгерану прыйшлі падмацаваньні і цяпер у горадзе ідуць арышты. Загінулі цалкам нявінныя людзі, – сказаў ён, – адзіным іх злачынствам было тое, што яны стаялі на плошчы”. Памятаю, што на другі дзень увесь Тэгеран быў усхваляваны, адчувалася, што набліжаюцца нейкія чорныя і страшныя дні”.


Мёртвае полымя


Дарагі Пане Божа!
Чаму Ты не пакідаеш сонца на ноч,
калі мы найбольш маем у ім патрэбу?
Барбара. “Лісты дзяцей да Пана Бога”, выд. Pax, 1978.

Канец панаваньню шаха паклала рэвалюцыя. Яна разбурыла палац і пахавала манархію. Гэтае здарэньне пачалося з-за дробнай, на выгляд, памылкі, якую зрабіла імператарская ўлада. Улада зрабіла няправільны крок і гэтым самым асудзіла сябе да зьнішчэньня.
Звычайна прычыны рэвалюцыі шукаюць у абектыўных умовахва ўсеагульнай беднасьці, ва ўціску, у скандальных злоўжываньнях. Але гэты погляд хоць і трапны, зьяўляецца аднабаковым. Бо такія ўмовы існуюць у ста краінах, аднак жа рэвалюцыі пачынаюцца рэдка. Неабходна усьведамленьне беднасьці і ўсьведамленьне прыгнёту, перакананьне, што беднасьць і прыгнёт не зьяўляюцца натуральным парадкам сьвету. Цікава, што ў гэтым выпадку, самога досьведу, хоць бы і самага балючага, зусім недастаткова. Абавязковым ёсьць слова, неабходна думка, якая б тлумачыла. Таму тыраны больш чым петардаў і штылетаў баяцца словаў, якія яны ня могуць кантраляваць, словаў, якія ходзяць вольна, падпольна, мяцежна, словаў, не апранутых у парадныя мундзіры, не забясьпечаных афіцыйнай пячаткай. Але здараецца, што менавіта такія словы, у мундзіры і з пячаткай, выклікаюць рэвалюцыю.
Трэба адрозьніваць рэвалюцыю ад бунту, ад дзяржаўнага, палацавага перавароту. Пераварот можна запланаваць, рэвалюцыюніколі. Яе пачатак засьпявае зьнянацку ўсіх, нават тых, хто імкнуўся да яе. Яны зьдзіўленыя стаяць перад стыхіяй, якая зьявілася раптам і разбурае ўсё на сваім шляху. Разбурае так няшчадна, што ўрэшце можа зьнішчыць лозунгі, якія выклікалі яе да жыцьця.
Памылковае меркаваньне, што пакрыўджаныя гісторыяй народы (а такіх большасьць) жывуць безупыннай думкай пра рэвалюцыю, што ў ёй бачаць самае простае рашэньне. Кожная рэвалюцыягэта драма, а чалавек інстынктыўна пазьбягае драматычных сітуацыяў. Калі нават і апынецца ў такой сітуацыі, ліхаманкава шукае з яе выйсьця, імкнецца да спакою і часьцейда будзённасьці. Таму рэвалюцыі ніколі ня цягнуцца доўга. Гэта апошняя зброя, і калі народ вырашае ўзяцца за яе, дык гэта таму, што працяглы досьвед навучыў яго: іншага выйсьця не засталося. Усе іншыя спробы скончыліся паразай, усе іншыя сродкі расчаравалі.
Кожнай рэвалюцыі папярэднічае стан агульнага зьнясіленьня і узбуджанай на гэтым тле агрэсіі. Улада не трывае народу, які яе раздражняе, народ ня церпіць уладу, якую ненавідзіць. Улада ўжо растраціла ўвесь давер, у яе пустыя рукі, народ ужо страціў рэшткі цярплівасьці і сьціскае кулакі. Пануе атмасфера напружаньня і ўсё больш прыгнятальнай задушлівасьці. Мы пачынаем паддавацца псіхозу небясьпекі. Набліжаецца разрадка. Мы адчуваем гэта.
Калі гаварыць пра тэхніку барацьбы, гісторыя ведае два тыпы рэвалюцыяў. Першы, гэта штурмуючая рэвалюцыя, другіасадная рэвалюцыя. У выпадку штурмуючай рэвалюцыі, яе лёс, яе посьпех вырашае глыбіня першага ўдару. Ударыць і заняць як мага большую тэрыторыю! Гэта істотна, бо рэвалюцыя такога тыпу, будучы найбольш гвалтоўнай, адначасова зьяў­ляецца найбольш павярхоўнай. Праціўнік быў разьбіты, але саступаючы захаваў частку сілаў. Ён будзе контратакаваць, вымушаць пераможцаў да адступленьня. Таму, чым больш глыбокім будзе першы ўдар, тым большую прастору, нягледзячы на саступкі, можна будзе ўратаваць. У штурмуючай рэвалюцыі першы этап найбольш радыкальны. Наступныя, далейшыя, гэта ўжо павольнае, але няспыннае адступленьне да таго пункту, у якім абедзьве сілы, мяцежная і кансерватыўная, дасягнуць канчатковага кампрамісу. Інакш у выпадку асаднай рэвалюцыі: тут першы ўдар звычайна слабы, мы з цяжкасьцю здагадваемся, што ён прадказвае катаклізм. Але ў хуткім часе падзеі набіраюць тэмп і драматызм. У іх прымае ўдзел усё больш і больш людзей. Муры, за якімі хаваецца ўлада, паступова крышацца і трэскаюцца. Посьпех асаднай рэвалюцыі вырашае рашучасьць мяцежнікаў. Іх сіла волі і стойкасьць. Яшчэ адзін дзень! Яшчэ адно намаганьне! Урэшце брамы саступаюць. Натоўп урываецца ўсярэдзіну і сьвяткуе свой трыумф.
Гэта ўлада правакуе рэвалюцыю. Вядома, яна ня робіць тое сьвядома. Аднак жа яе стыль жыцьця і спосаб кіраваньня становяцца ўрэшце правакацыяй. Гэта наступае тады, калі сярод людзей эліты укараняецца адчуваньне беспакаранасьці. Нам усё дазволена, мы ўсё можам. Гэта ілюзія, але не пазбаўленая рацыянальных падставаў. Натуральна, нейкі час выглядае так, нібыта ім усё можна. Скандал за скандалам, адное беззаконьне за другім сыходзяць ім з рук. Народ маўчыць, ён цярплівы і асьцярожны. Ён баіцца, яшчэ не адчувае ўласнай сілы. Але адначасова ён вядзе падрабязны ўлік крыўдаў і ў пэўны момант падводзіць вынікі. Выбар гэтага моманту зьяўляецца самай вялікай загадкай гісторыі. Чаму ён прыпаў на гэты дзень, а не на іншы? Чаму яго паскорыла гэтая падзея, а ня іншая? Бо ж учора ўлада дазваляла сабе горшыя выхадкі, аднак жа ніхто не рэагаваў. “Што ж я такое зрабіў, – пытае захоплены зьнянацку ўладар, – што яны так раптоўна ашалелі?” Дык вось жа зрабіў: злоўжыў цярплівасьцю народу. Але дзе праходзіць мяжа той цярплівасьці, як яе акрэсьліць? У кожным выпадку адказ будзе іншы, калі тут наогул можна што-небудзь вызначыць. Пэўна толькі адно, што тыя ўладары, якія ведаюць пра існаваньне такой мяжы і здолеюць захоўваць яе, могуць разьлічваць на доўгае панаваньне. Але іх няшмат.
Якім чынам шах парушыў гэтую мяжу і прыгаварыў самога сябе? Пачалося з артыкулу ў газеце. Неасьцярожнае слова можа падарваць самую вялікую імперыю, улада павінна ведаць пра гэта. Яна нібы ведае, нібы ня сьпіць, але ў пэўны момант яе падманвае інстынкт самазахаваньня:самаўпэўненая і саманадзейная, яна робіць памылку праз сваё нахабства і гіне. Восьмага студзеня 1978 году ва ўрадавай газецеЭтэлятзьявіўся артыкул з нападкамі на Хамейні. Хамейні на той час знаходзіўся ў эміграцыі, адтуль ён змагаўся з шахам. Перасьледуемы дэспатам, потым выгнаны з краіны, ён быў ідалам і сумленьнем народу. Зьнішчыць міт Хамейні, значыла зьнішчыць сьвятасьць, зруйнаваць спадзяваньні пакрыўджаных і прыніжаных. Менавіта такім і быў намер артыкулу.
Што трэба напісаць, каб скончыць з праціўнікам? Лепей давесьці, што гэта чужы чалавек. З гэтай мэтай ствараем катэгорыю сапраўднай сямі. Мы тут, ты і я, улада і народ, мы сапраўдная сямя. Мы жывем у згодзе, нам добра і вольна. У нас агульны дах, агульны стол, мы ведаем, як паразумецца, адзін аднаму заўсёды дапаможа. На жаль, мы не адныя. Навокал поўна чужых, якія хочуць разбурыць наш спакой і заняць наш дом. Хто ён, чужы? Чужы, найперш, гэта нехта горшы і, адначасованехта небясьпечны. Няхай бы толькі горшы быў, але паводзіў сябе спакойна! Дзе там! Ён будзе каламуціць, баламуціць і нішчыць. Будзе сварыць, ашукваць і скандаліць. Чужы падпільноўвае цябе, ён віноўнік тваіх бедаў. У чым сіла чужога? У тым, што за ім стаяць чужыя сілы. Чужыя сілы могуць называцца, альбо не называцца, але пэўна аднояны магутныя. Гэта азначае, што яны магутныя, калі мы ігнаруем іх, калі ж мы напагатове і змагаемся, мы мацнейшыя за іх. А цяпер паглядзіце на Хамейні. Ён чужы. Яго дзед паходзіў з Індыі, можна запытаццачыім інтарэсам служыць унук гэтага дзеда-іншаземца? Гэта была першая частка артыкулу. Другая была прысьвечаная здароўю. Як добра, што мы здаровыя! Бо нашая сямя таксама здаровая. Здаровая целам і розумам. Каму мы гэтым абавязаныя? Абавязаныя нашай уладзе, якая забясьпечыла нам добрае, шчасьлівае жыцьцё і таму зьяўляецца найлепшай уладай пад сонцам. У сувязі з гэтым, хто можа пярэчыць такой уладзе? Толькі той, хто не пры сваім розуме. Калі гэта найлепшая ўлада, трэба быць варятам, каб змагацца з ёй. Здаровае грамадства павінна ізаляваць такіх варятаў, адасабляць іх. Як добра, што шах выкінуў Хамейні з краіны, інакш яго трэба было б зачыніць у варятні.
Калі газета з тым артыкулам дайшла да Куму, людзей ахапіла абурэньне. Яны пачалі зьбірацца на вуліцах і плошчах. Хто умеў чытаць, чытаў уголас іншым. Усхваляваныя людзі стваралі ўсё большыя групы, крычалі і дыскутавалі, іранцы маюць цягу да бясконцага дыскутаваньня ў любым месцы, у любы час дня і ночы. Групы, якія былі найбольш разгарачаныя гэтым дыскутаваньнем, пачалі дзейнічаць як магніт, прыцягваць усё больш новых разявакаў і слухачоў, урэшце на галоўнай плошчы сабраўся вялікі натоўп. А гэта менавіта тое, чаго найбольш ня любіць паліцыя. Хто даў згоду на такі вялікі натоўп? Ніхто. Такой згоды не было. Хто даў згоду крычаць? Хто дазволіў махаць рукамі? Паліцыя загадзя ведае, што гэта рытарычныя пытаньні і што проста павіны брацца за работу. Цяпер самы важны момант, які вырашыць лёс краіны, шаха і рэвалюцыі, гэта той момант, калі адпраўлены з пастарунку паліцыянт набліжаецца да чалавека, што стаіць на краю натоўпу і павышаным голасам загадвае яму ісьці дадому. І паліцыянт, і чалавек з натоўпугэта звычайныя, ананімныя людзі, аднак жа іх спатканьне мае гістарычнае значэньне. Яны абодва дарослыя людзі, нешта перажылі, маюць уласны досьвед. Досьвед паліцыянта: калі я на каго-небудзь крыкну і падніму дручок, той здранцьвее ад жаху, а потым пачне ўцякаць. Досьвед чалавека з натоўпу: убачыўшы паліцыянта, які набліжаецца, я пераўтвараюся ў страх і пачынаю ўцякаць. На падставе гэтых досьведаў складаем далейшы сцэнар: паліцыянт крычыць, чалавек уцякае, сьледам уцякаюць іншыя, плошча пусьцее. Аднак жа на гэты раз усё адбываецца інакш. Паліцыянт крычыць, але чалавек не ўцякае. Ён стаіць і глядзіць на паліцыянта. Гэта чуйны позірк, яшчэ з невялікай колькасьцю страху, але разам з тым цьвёрды і нахабны. Так! Чалавек з натоўпу глядзіць на апранутую ў мундзір уладу нахабна. Ня рухаецца з месца. Потым ён азіраецца навокал, бачыць погляды іншых. Яны падобныя: чуйныя, яшчэ з невялікай колькасьцю страху, але ўжо цьвёрдыя і несаступныя. Ніхто не ўцякае, нягледзячы на тое, што паліцыянт яшчэ працягвае крычаць, і ўрэшце надыходзіць момант, калі ён змаўкае і на нейкі час усталёўваецца цішыня. Невядома, ці ўсьвядомілі паліцыянт і чалавек з натоўпу, што адбылося. Адбылося тое, што чалавек з натоўпу перастаў баяцца, і што менавіта гэта і ёсьць пачаткам рэвалюцыі. Яна пачынаецца з гэтага. Дасюль, як толькі гэтыя два чалавека набліжаліся да сябе, паміж імі адразу зьяўляўся нехта трэці. То быў страх. Страх зьяўляўся як саюзьнік паліцыянта і вораг чалавека з натоўпу. Навязваў сваё права, вырашаў усё. А цяпер гэтыя двое апынуліся сам-насамстрах зьнік, сышоў пад зямлю. Дагэтуль адносіны паміж імі былі поўныя эмоцыяў. Гэта была сумесь агрэсіі, пагарды, злосьці і страху. Але цяпер, калі страх саступіў, гэты двудушны і ненавісны саюз раптам распаўся, штосьці патухла, штосьці згасла. Тыя двое зрабіліся абыякавымі да сябе, узаемна непрыдатныя, кожны мог пайсьці ў свой бок. І таму паліцыянт адварочваецца і пацяжэлым крокам ідзе ў бок пастарунку, чалавек з натоўпу застаецца на плошчы і нейкі час праводзіць позіркам зьнікаючага ворага.
Страх: агрэсіўны, прагны зьвер, які сядзіць у нас. Ён не дае забыцца пра сябе. Ён увесь час паралізуе і катуе нас. Увесь час дамагаецца ежы, мы ўвесь час павінны карміць яго. Мы самі дбаем пра тое, каб харчаваньне было як мага лепшым. Яго любімыя стравызмрочныя плёткі, дрэнныя весткі, панічныя думкі, кашмарныя ўявы. Сярод тысячаў плётак, вестак і думак мы заўсёды выбіраем самыя горшыя, а значыцца такія, якія страх любіць найбольш, каб задаволіць яго, каб задобрыць пачвару. Вось мы бачым чалавека, які, слухаючы іншага, мае бледны твар і неспакойныя рухі. Што ж здарылася? Ён корміць свой страх. А калі няма ніякай ежы? Мы ліхаманкава выдумляем яе. А калі ня можам прыдумаць (што здараецца рэдка)? Сьпяшаемся да іншых, шукаем людзей, распытваем, слухаем і зьбіраем весткі так доўга, пакуль ізноў заспакоім наш страх.
Усе кнігі пра ўсе рэвалюцыі пачынаюцца з разьдзелу, які гаворыць пра гніль падаючай улады, альбо пра бядоту і нястачы народу. А павінны пачынацца з разьдзелу ў галіне псіхалогііпра тое, як прыгнечаны, зьляканы чалавек раптам пераадольвае страх, перастае баяцца. Трэба, каб быў апісаны ўвесь гэты незвычайны працэс, які часам адбываецца ў адзін момант, як сатрасеньне, як ачышчэньне. Чалавек пазбаўляецца страху, адчувае сябе вольным. Бяз гэтага не было б рэвалюцыі.
Паліцыянт вяртаецца ў пастарунак і дакладвае каменданту. Камендант высылае снайпераў і загадвае ім заняць пазіцыі на дахах дамоў, што акружаюць плошчу. Сам едзе на аўтамабілі ў цэнтр гораду і праз гучнагаварыльнікі заклікае натоўп разыйсьціся. Аднак ніхто ня хоча яго слухаць. Тады ён адступае ў бясьпечнае месца і загадвае адкрыць агонь. Лавіна куль з аўтаматаў абрыньваецца на галовы людзей. Пачынаецца паніка, паўстае сумятня, хто можаўцякае. Потым страляніна сьціхае. На плошчы застаюцца забітыя.
Невядома, ці паказвалі шаху здымкі той плошчы, якія паліцыя зрабіла тут жа пасьля бойні. Скажам, што паказалі. Скажам, што не паказалі. Шах вельмі шмат працаваў, у яго магло ня быць часу. Яго дзень пачынаўся а сёмай раніцы, а заканчваўся апоўначы. Уласна кажучы, адпачываў ён толькі зімой, калі ехаў у Сан Морыц катацца на лыжах. Але і там ледзь дазваляў сабе зрабіць два, тры заезды, а потым вяртаўся ў рэзідэнцыю і працаваў. Узгадваючы гэтую гісторыю Мадам Л. кажа, што жонка шаха паводзіла сябе ў Сан Морыц вельмі дэмакратычна. Як доказ яна паказвае мне здымак, на якім відаць як жонка шаха стаіць у чарзе да падёмніка. Вось так, простаабапершыся на лыжы, стаіць зграбная, прыемная жанчына. “А ў іх жа было столькі грошай, – кажа Мадам Л., – што яна магла б запатрабаваць, каб пабудавалі падёмнік выключна для яе!”
Памерлых тут абкручваюць у белыя прасьціны і кладуць на драўляныя мары. Тыя, хто нясе мары, ідуць хуткім крокам, часам падбягаюць трушком, гэта выклікае ўражаньне вялікай сьпешкі. Усё пахавальнае шэсьце сьпяшаецца, чуюцца крыкі і галашэньні, сярод удзельнікаў жалобы пануе неспакой і ўсхваляванасьць. Нібыта памерлы раздражняў іх сваёй прысутнасьцю, нібыта яны хацелі неадкладна аддаць яго зямлі. Потым на магіле раскладваюць ежу і адбываюцца хаўтуры. Калі хто будзе праходзіць гэтай дарогай, яго запросяць, ён атрымае ежу. Калі не галодны, атрымае толькі садавіну: яблык ці памаранчык, але нешта зьесьці павінен.
На другі дзень распачнецца час успамінаў. Людзі узгадваюць жыцьцё памерлага, яго добрае сэрца і сумленны характар. Гэта працягваецца сорак дзён. На саракавы дзень у доме памерлага зьбіраецца сямя, сябры і знаёмыя. Вакол дому зьбіраюцца суседзі, уся вуліца, уся вёска, натоўп людзей. Натоўп, які аддаецца ўспамінам, галосіць. Боль і смутак дасягаюць сваёй хвалюючай кульмінацыі, свайго жалобнага, роспачнага crescendo. Калі гэта была сьмерць натуральная, згодна з парадкам чалавечага лёсу, то ў такім сходзе, які можа цягнуцца ўвесь дзень і ноч, праз некалькі экстатычных гадзінаў, што суправаджаюцца страшнымі выліваньнямі пачуцьцяў, запануе настрой атупелага і пакорлівага адрачэньня. Але калі гэта была сьмерць гвалтоўная, сьмерць кімсьці ўчыненая, людзей ахоплівае дух адплаты, прага помсты. У атмасферы бушуючага гневу і раздражнёнай нянавісьці чуецца імя забойцывіноўніка няшчасьця. І хоць ён можа быць далёка ад гэтага месца, верыцца, што ў гэты момант ён павінен затрэсьціся ад страху: так, яго дні ўжо лічаныя.
Народ, прыгнятаемы дэспатам, зьведзены да ролі прадмету, здэградаваны, ён шукае сабе прытулку, шукае месца, у якім мог бы акапацца, адгара­дзіцца, быць сабой. Гэта яму патрэбна, каб захаваць сваю своеасаблівасьць, сваю тоеснасьць, нават проста сваю звычайнасьць. Але ўвесь народ ня можа эміграваць, таму ён робіць падарожжа не ў прасторы, але ў часе, ён вяртаецца да мінулага, якое з-за пакутаў і пагрозаў акружаючай яго рэчаіснасьці здаецца страчаным раем. І ён знаходзіць свой прытулак у старадаўніх звычаях, настолькі старадаўніх і праз гэта настолькі сьвятых, што ўлада асьцерагаецца з імі змагацца. Таму пад накрыўкай кожнай дыктатуры, насуперак ёй і наперакор ёй, наступае паступовае адраджэнь­не старадаўніх звычаяў, вераваньняў і сімвалаў. Яны набываюць новы сэнс, новыя, з выклікам значэньні. Спачатку гэты працэс нясьмелы і часта патаемны, але па меры таго, як дыктатура робіцца ўсё больш невыноснай і цяжкай, яго сіла і абём узрастае. Можна пачуць крытычныя думкі, што гэта вяртаньне ў сярэднявечча. Бывае і так. Але часьцей за ўсё гэта форма, у якой народ выказвае сваю апазіцыю. Паколькі ўлада абвяшчае, што яна сімвал прагрэсу і сучаснасьці, мы пакажам, што ў нас іншыя каштоўнасьці. У гэтым больш палітычнай упартасьці, чым жаданьня вярнуцца ў забыты сьвет продкаў. Хай толькі жыцьцё палепшае, стары звычай умомант страціць свой эмацыянальны зьмест і зробіцца тым, чым і быўрытуальнай формай.
Такім звычаем, які раптам пераўтварыўся ў палітычны акт пад уплывам духу нарастаючай апазіцыі, стаўся гэты абрад супольнага ўспамінаньня памерлых на саракавы дзень пасьля сьмерці. Сямейна-суседская ўрачыстасьць пачала пераўтварацца ў мітынгі пратэсту. На саракавы дзень пасьля падзеяў у Куме ў мячэтах многіх гарадоў Ірану сабраліся людзі, каб успамінаць тых, хто стаў ахвярай забойства. У Тэбрызе па гэтай прычыне дайшло да такога напружаньня, што ў горадзе пачалося паўстаньне. Натоўп выйшаў на вуліцы, дамагаўся сьмерці шаха. Увайшло войска, якое патапіла горад у крыві. Загінула некалькі сотняў чалавек, тысячы былі параненыя. Праз сорак дзён гарады пакрываюцца жалобайнастаў час успаміну забойства ў Тэбрызе. У адным з іх, у Ісфагане, роспачны і гнеўны натоўп выходзіць на вуліцы. Войска акружае маніфестантаў і адкрывае па іх агонь. Ізноў падаюць забітыя. Мінаюць наступныя сорак дзён, цяпер у дзясятках гарадоў жалобныя натоўпы зьбіраюцца, каб успамінаць тых, хто загінуў у Ісфагане. Яшчэ раз маніфестацыі і забойствы. Потым, праз сорак дзён, тое самае паўтараецца ў Мешхедзе. Затым у Тэгеране. І зноў у Тэгеране. Урэшце ва ўсіх гарадах.
Гэткім чынам іранская рэвалюцыя разьвіваецца ў рытме выбухаў, якія адбываюцца адзін за адным кожныя сорак дзён. Кожныя сорак дзёнвыбух роспачы, гневу і крыві. Кожны раз выбух усё больш жудасны, кожны раз усё большыя натоўпы і ўсё больш ахвяраў. Механізм тэрору пачаў працаваць у адваротным напрамку. Тэрор прымяняецца дзеля таго, каб запалохаць. Між тым тэрор улады заахвочваў народ да далейшай барацьбы, да новых штурмаў.
Рэакцыя шаха была тыповай для кожнага дэспата: спачатку ўдарыць і задушыць, потым вырашаць, што далей. Спачатку паказаць мускулы, паказаць сілу, потым, калі спатрэбіцца, даводзіць, што ёсьць таксама і галава. Для дэспатычнай улады важна, каб яе ўспрымалі, як моцную, значна меншкаб захапляліся яе розумам. Зрэшты, што такое мудрасьць у разуменьні дэспата? Уменьне ўжываць сілу. Разумныгэта той, хто ведае, як і калі ўдарыць. Гэтае сталае дэманстраваньне сілы зьяўляецца неабходным, бо апорай любой дыктатуры зьяўляюцца самыя нізкія інстынкты, якія яна вызваляе ў падуладных: боязь, агрэсія да бліжняга, лёкайства. Гэтыя інстынкты найбольш пасьпяхова абуджаюць страх, а крыніцай страху зьяўляецца боязь перад сілай.
Дэспат перакананы, што чалавек зьяўляецца подлай істотай. Подлыя людзі запаўняюць яго двор, ствараюць яго акружэньне. Грамадства, якое тэрарызуюць доўгі час, паводзіць сябе як бяздумны і пакорлівы зброд. Дастаткова іх карміць, і яны будуць паслухмянымі. Трэба даць ім забаву, і яны будуць шчасьлівымі. Арсенал палітычных прыёмаў вельмі бедны, ён не зьмяняецца цягам тысячаў гадоў. Адсюль у палітыцы столькі аматараў, столькі перакананых, што яны здолеюць кіраваць, абы ім далі ўладу. Але здараюцца таксама і непрадбачаныя рэчы. Вось натоўп, які накармілі і разьвесялілі, перастае быць паслухмяным. Ён пачынае дамагацца нечага большага, чым забавы. Ён хоча свабоды, жадае справядлівасьці. Дэспат зьдзіўлены. Рэчаіснасьць патрабуе таго, каб убачыць чалавека ва ўсёй яго паўнаце, ва ўсім багацьці. Але такі чалавек уяўляе пагрозу для дыктатуры, зьяўляецца яе ворагам, і таму яна зьбірае сілы, каб зьнішчыць яго.
Дыктатура хоць і пагарджае народам, усё ж дамагаецца яго прызнаньня. Нягледзячы на тое, што яна зьяўляецца беззаконнасьцю, і хутчэй менавіта таму, што зьяўляецца беззаконнасьцю, яна клапоціцца пра ўяўнасьць легальнасьці. На гэтай глебе дыктатура празьмерна раздражняльная і ўражлівая. Апроч таго, яе турбуе (што праўда, гэта глыбока ўтойваецца) пачуцьцё няўпэўненасьці. Таму дыктатура не шкадуе намаганьняў, каб даводзіць сабе і іншым, якой падтрымкай і згодай народу яна карыстаецца. Нават калі гэта толькі бачнасьць падтрымкі, яна будзе адчуваць задавальненьне. Ну і што з таго, што гэта ўяўнасьць? Увесь сьвет дыктатуры поўны фальшу.
Шах таксама адчуваў патрэбу ў апрабацыі. І таму, калі ў Тэбрызе пахавалі апошніх ахвяраў забойства, у горадзе арганізавалі маніфестацыю ў падтрымку манарха. На вялікім лузе сабралі актывістаў партыі шахаРастахіз. Яны несьлі партрэты свайго лідэра, на якіх, над галавой манарха, было намаляванае сонца. На трыбуне зьявіўся ўвесь урад. Да прысутных прамаўляў прэмер Джамшыд Амузегар. Прамоўца разважаў, як гэта можа быць, што некалькі анархістаў і нігілістаў здольныя разбурыць адзінства народу і парушыць яго спакойнае жыцьцё. Падкрэсьліваў малую колькасьць гэтых падрыўнікоў. “Іх так мала, што нават цяжка казаць пра групу. Гэта жменька людзей. На шчасьце, – сказаў ён, – з усёй краіны ідуць словы асуджэньня тых, хто хоча зруйнаваць нашыя дамы і наш дабрабыт”. Пасьля чаго была ўхваленая рэзалюцыя ў падтрымку шаха. Па заканчэньні маніфестацыі яе удзельнікі дабіраліся дадому крадком. Большасьць адвезьлі аўтобусамі ў суседнія гарады, адкуль іх прывезьлі ў Тэбрыз на гэтае мерапрыемства.
Пасьля той маніфестацыі шах адчуў сябе лепей. Здавалася, што ён пачынае станавіцца на ногі. Дагэтуль ён гуляў картамі пазначанымі крывёй. Цяпер ён вырашыў гуляць чыстымі картамі. Каб атрымаць сімпатыю ў народу, ён зьняў некалькі афіцэраў, якія камандавалі аддзеламі, што стралялі ў жыхароў Тэбрыза. Сярод генералаў пачулася незадаволенае бурчаньне. Каб задаволіць генералаў, ён загадаў страляць у жыхароў Ісфагану. Народ адказаў выбухам гневу і нянавісьці. Шах хацеў супакоіць народ, таму зьняў шэфа Савака. Савак ахапіў жах. Каб улагодніць Савак, шах дазволіў ім арыштоўваць, каго захочуць. І так кружляючы, пятляючы, ідучы зігзагамі, крок за крокам ён набліжаўся да бездані.
Шаху закідваюць, што ён не праяўляў рашучасьці. Палітык, кажуць, павінен быць рашучым. Але што азначае рашучы? Шах быў рашучы адносна таго, каб утрымацца на троне, і каб гэтага дасягнуць ён выкарыстоўваў розныя магчымасьці. Спрабаваў страляць і спрабаваў дэмакратызаваць, то зачыняў, то выпускаў на волю, адных здымаў, іншых ставіў, раз пагражаў, іншы раз хваліў. Усё дарэмна. Людзі проста не хацелі больш шаха, не хацелі такой улады.
Шаха згубіла ягоная пыха. Ён лічыў сябе бацькам народу, народ тым часам выступаў супраць яго. Шах вельмі перажываў гэта, адчуваў сябе абражаным. Ён любым коштам хацеў (на жаль таксама коштам крыві) вярнуць былы, гадамі пялегаваны вобраз шчасьлівага народу, які бе ўдзяч­ныя паклоны свайму дабрачынцу. Але ён забыўся, што мы жывем у часы, калі народы дамагаюцца правоў, а ня ласкі.
Магчыма, яго згубіла тое, што ён сам да сябе ставіўся занадта літаральна, занадта сурёзна. Мабыць, верыў, што народ яго шануе, што лічыць яго сваёй найвышэйшай і найлепшай часткай. І раптам ён убачыў народ, які ўзбунтаваўся. Гэта было нечакана і незразумела для яго. Ён успрыняў тое нярвова, лічыў, што зараз жа павінен рэагаваць. Адсюль ягоныя гвалтоўныя, істэрычныя, шалёныя рашэньні. Яму не хапіла пэўнай колькасьці цынізму. Мог бы тады сказаць: “Маніфестуюць? Ну што ж, няхай маніфестуюць! Колькі могуць так маніфеставаць? Паўгоду? Год? Думаю, што я вытрымаю. У любым выпадку не крануся з палацу. І людзі, расчараваныя, хочаш ня хочаш, урэшце вярнуліся б дадому, бо цяжка спадзявацца на тое, што нехта пагадзіўся б правесьці ўсё жыцьцё ў маніфестацыях і шэсьцях. Ён ня ўмеў чакаць. А ў палітыцы трэба ўмець чакаць.
Яго загубіла яшчэ і тое, што ён ня ведаў уласнай краіны. Усё жыцьцё правёў у палацы. Калі і пакідаў палац, дык з такім адчуваньнем, як з цёплай хаты высоўваеш галаву на мароз. Вызірнуў на момант, і хуценька назад! Між тым жыцьцём усіх палацаў кіруюць тыя самыя дэфармавальныя і разбуральныя законы. Так было спрадвеку, так ёсьць і будзе. Можна пабудаваць дзесяць новых палацаў, але ў іх адразу пачнуць панаваць ідэн­тычныя законы, якія існавалі ў палацах узьведзеных пяць тысячаў гадоў таму. Адзінае выйсьце, гэта ўспрымаць палац як месца часовага побыту, так як мы ўспрымаем трамвай, ці аўтобус. Сядаем на прыпынку, нейкі час едзем, але потым аднак выходзім. І вельмі добра памятаць пра тое, каб выйсьці на сваім прыпынку, каб яго не праехаць.
Самае цяжкае, калі жывеш у палацы, гэта ўяўляць сабе іншае жыцьцё. Напрыкладуласнае жыцьцё, але без палацу, па-за ім. Чалавек заўсёды будзе мець цяжкасьці, уяўляючы сабе падобную сітуацыю. Урэшце знойдуцца такія, што захочуць яму ў гэтым дапамагчы. На жаль, часам пры гэтай нагодзе гіне шмат людзей. Праблема гонару ў палітыцы. Дэ Гольчалавек гонару. Прайграў рэферендум, упарадкаваў пісьмовы стол, пакінуў палац і больш ніколі туды не вяртаўся. Ён хацеў кіраваць з умовай, што яго прымае большасьць. У той момант, калі большасьць адмовіла яму ў прызнаньні, ён сышоў. Але колькі такіх? Іншыя будуць плакаць, і не скрануцца, замучаюць народ і не здрыгануцца. Выкінутыя праз адныя дзьверы, вернуцца праз іншыя, скінутыя са сходаў, пачнуць ускарасквацца зноў. Будуць апраўдвацца, прыніжацца, хлусіць і паддобрываццаабы толькі застацца, ціабы толькі вярнуцца. Будуць паказваць рукі, калі ласка, на іх няма крыві. Але сам факт, што гэтыя рукі трэба паказаць, пакрывае найвышэйшай ганьбай. Будуць паказваць кішэні, калі ласка, там мала што ёсьць. Але сам факт паказваньня кішэняў, наколькі ж ён зьняважлівы. Шах, калі пакідаў палац, плакаў. На лётнішчыізноў плакаў. Потым у інтэрвю апраўдваўся, колькі ў яго грошай, і што ён мае менш, чым думаюць. Якое ж гэта ўсё вартае жалю, якое ж мізэрнае.

Цэлымі днямі я соўгаўся па Тэгерану. Уласна кажучы бяз сэнсу, бяз мэты. Уцякаў ад мардуючай пустаты майго пакою, а таксама ад дакучлівай, агрэсіўнай вядзьмаркімаёй прыбіральшчыцы. Яна ўвесь час дамагалася грошай. Брала мае чыстыя, адпрасаваныя кашулі, якія я забіраў з пральні, укідвала іх у ваду, мяла, разьвешвала на вяроўцы і патрабавала грошай. За што? За тое, што зьнішчыла мне кашулі? З пад чадры ўвесь час высоўвалася яе працягнутая, худая рука. Я ведаў, што ў яе няма грошай. Але ў мяне іх таксама не было. Яна не магла зразумець гэтага. Чалавек, які прыехаў з далёкага сьвету, павінен быць багатым. Гаспадыня гатэлю разводзіла рукамі: нічога не магу параіць. Вынікі рэвалюцыі, мой пане, у гэтай жанчыны цяпер улада! Гаспадыня трактавала мяне як свайго натуральнага саюзьніка, як контррэвалюцыянера. Меркавала, што я маю ліберальныя погляды, а лібералы, як людзі сярэдзіны, зьнішчаліся найбольш. Выбірай паміж Богам і сатаной! Афіцыйная прапаганда ад кожнага дамагалася выразнай заявы, бо пачынаўся перыяд чыстак і таго, што называлі пазіраньнем кожнаму на рукі.
У гэтых вандроўках па горадзе я правёў сьнежань. Надышоў пярэда­дзень 1979 году. Патэлефанаваў калега, сказаў што яны ладзяць супольную вечарыну, сапраўдную, хоць асьцярожна замаскіраваную забаву, і каб я прыйшоў да іх. Але я адмовіў, сказаў, што ў мяне іншыя планы. “Якія планы?” – зьдзівіўся ён, бо сапраўды, што можна было рабіць у Тэгеране ў такі вечар? “Планы дзіўныя”, – адказаў я, і гэта было вельмі блізка да праўды. Я вырашыў, што ў навагоднюю ноч пайду да амерыканскай амбасады, пагляджу, як ў гэтую пару будзе выглядаць месца, пра якое ў той час гаварыў увесь сьвет. Так я і зрабіў. Аб адзінаццатай выйшаў з гатэлю, ісьці было недалёкаможа два кіламетры зручнай, бо ўніз гораду, дарогі. Быў пранізьлівы холад, дзьмуў сухі, марозны вецер, у гарах відаць шалела завіруха. Я ішоў пустымі вуліцамі, ні мінакоў, ніводнага патруля, толькі на плошчы Валяд у латку сядзеў прадавец арэшкаў, захутаны ў цёплыя хусткі, як нашыя прадавачкі ўвосень на Польнай. Я ўзяў у яго торбачку з арэшкамі і даў яму жменю рыялаў, шмат, бо гэта быў мой калядны падарунак. Ён не зразумеў. Адлічыў належную суму, а рэшту мне вярнуў з сурёзным, годным выразам твару. Такім чынам мой жэст, які павінен быў дапамагчы ў нейкім, бадай, хвілінным збліжэньні з адзіным чалавекам якога я спаткаў у вымерлым і ледзяным горадзе, быў адхілены. Таму я пайшоў далей, разглядаючы ўсё больш бедныя вітрыны крамаў, зьвярнуў на Тахтэ-Джамшыд, мінуў спалены кінатэатр, спалены банк, пусты гатэль і цёмныя вокны офісу авіялініяў. Урэшце дабраўся да амбасады. Удзень гэтае месца нагадвае вялікі кірмаш, рухавае качэўе, нейкі гаманлівы, палітычны лунапарк, дзе можна нарабіць шуму і накрычацца. Можна прыйсьці сюды, аблаяць магутных гэтага сьвету, і чалавеку нічога ня будзе. Таму жадаючых хапае, тут таўкуцца вялікія натоўпы. Але цяпер, а набліжалася поўнач, нікога не было. Я хадзіў нібы па вялізнай, вымерлай сцэне, якую даўно пакінуў апошні актор. Засталіся толькі нядбайна пастаўленыя дэкарацыі і нейкае жудаснае адчуваньне пакінутага людзьмі гораду. Вецер варушыў шматкамі транспарантаў і грукатаў у вялікую карціну, на якой статак дяблаў грэўся каля пякельнага агню. Трохі далей Картэр, у зоркавым цыліндры, трэс мяшком з золатам, а побач з ім натхнёны імам Алі рыхтаваўся да пакутніцкай сьмерці. На платформе, з якой захопленыя прамоўцы разагравалі натоўпы да гневу і абурэньня, стаяў мікрафон і батарэя рэпрадуктараў. Від гэтых маўклівых рэпрадуктараў яшчэ больш паглыбляў уражаньне пустэчы і зьмярцьвеньня. Я падышоў да галоўнай брамы. Яна была зачыненая, як заўсёды, на ланцуг і вісячы замок, бо той замок, які выламалі ўдзельнікі штурму амбасады, потым ніхто не адрамантаваў. Перад брамай, абапершыся аб цагляны, высокі мур, скурчаныя ад холаду, стаялі два маладыя вартаўнікі, з аўтаматамі на плячах, студэнты, прыхільнікі імама. Здавалася, што яны дрэмлюць. У глыбіні, паміж дрэвамі, стаяў асьветлены будынак, у якім знаходзіліся закладнікі. Але нягледзячы на тое, што я ўзіраўся ў вокны, у іх ніхто не зьявіўся, ніводнай постаці, ніводнага ценю. Я паглядзеў на гадзіньнік. Была поўнач, ва ўсякім выпадку поўнач у Тэгеране, пачынаўся Новы Год, недзе ў сьвеце білі гадзіньнікі і шумела шампанскае, панавалі радасьць і ўздым, у ярка асьветленых каляровых залах працягвалася вялікае баляваньне. Гэта адбывалася нібыта на іншай планеце, з якой сюды не даходзілі нават слабыя адгалоскі, не дабіраўся нават прамень сьвятла. Цяпер, калі я стаяў і мёрз, раптам пачаў задумвацца, навошта я прапусьціў гэтую поўнач і прыйшоў сюды, у самае апусьцелае і прыгнятальнае месца. Ня ведаю. Проста сёньня вечарам я падумаў, што павінен быць у гэтым месцы. Я нікога тут ня ведаў, ні тых пяцідзесяці амерыканцаў, ні тых двух іранцаў, я нават ня мог з імі паразумецца. Можа думаў, што тут нешта адбудзецца? Але нічога не адбылося.
Набліжалася гадавіна адезду шаха і падзеньня манархіі. З гэтай прычыны па тэлевізары можна было паглядзець дзясяткі фільмаў пра рэвалюцыю. Нейкім чынам яны былі падобныя паміж сабой. Паўтараліся тыя самыя выявы і сітуацыі. Першы акт складаўся са сцэнаў, якія прадстаўлялі велізарнае шэсьце. Цяжка апісаць памеры такога маршу. Гэта рака людзей, шырокая, бурлівая, якая цячэ бясконца, увесь дзень, ад раніцы плыве па галоўнай вуліцы. Патоп, імклівы патоп, які праз момант усё паглыне і затопіць. Лес узьнятых, рытмічна грозячых кулакоўпагрозьлівы лес. Натоўпы, якія сьпяваюць, натоўпы, якія крычацьсьмерць шаху! Мала буйных планаў, мала партрэтаў. Аператары захопленыя выглядам гэтай напіраючай лавіны, уражаныя памерам зьявы, якую яны бачаць, нібыта апынуліся каля падножжа гары Эверэст. Такія маніфестуючыя, мільённыя шэсьці ішлі па вуліцах усіх гарадоў на працягу апошніх месяцаў рэвалюцыі. Гэта былі безабаронныя натоўпы, іх сіла была ў колькасьці і ўпартай, непахіснай рашучасьці. Усе выйшлі на вуліцы. Гэтая незвычайная зьява, калі на вуліцы адначасова высыпалі цэлыя гарады, была феноменам іранскай рэвалюцыі.
Другі актсамы драматычны. Аператары стаяць з камерамі на дахах дамоў. Сцэну, якая зараз пачнецца, будуць здымаць зьверху, з вышыні птушынага палёту. Спачатку нам паказваюць, што адбываецца на вуліцы. А тут стаяць два танкі і дзьве бронемашыны. На праезнай частцы і ходніках ужо занялі пазіцыі для стральбы жаўнеры ў шлемах і камуфляжных куртках. Яны чакаюць. Цяпер аператары паказваюць, што набліжаецца шэсьце. Спачатку яго ледзь відаць у далёкай персьпектыве вуліцы, але хутка мы ўбачым яго выразна. Так, гэта галава калоны. Ідуць мужчыны, але таксама ідуць і жанчыны з дзецьмі. Яны апранутыя ў белае. Апранутыя ў белаегэта азначае што яны гатовыя памерці. Аператары паказваюць нам іх твары, яшчэ жывыя. Іх вочы. Дзеці, ужо змучаныя, але спакойныя, цікаўныя, што будзе адбывацца. Натоўп, які ідзе проста на танкі і не запавольвае крок, не спыняецца, натоўп загіпнатызаваны, зачараваны? Лунатычны? Нібыта нічога ня бачыць, нібыта вандруе па бязлюднай зямлі, натоўп, які ў гэты момант пачаў ужо ўваходзіць у неба. Цяпер выя­ва дрыжыць, бо дрыжаць рукі аператараў, а ў дынаміках чуецца лязгат, страляніна, сьвіст куль і крыкі. Буйным планам паказваюць жаўнераў, якія мяняюць магазіны. Буйны план вежы танка, якая круціцца ўлева і ўправа. Буйны план афіцэра, камічны, у якога шлем зьехаў на вочы. Буйны план праезнай часткі, потым раптоўны рух камеры па сьцяне дому насупраць, па даху, па коміне, сьветлая прастора, яшчэ край воблака, пустыя клеткі і цемра. Надпіс на экране паведамляе, што гэта былі апошнія здымкі гэтага аператара, але што іншыя ацалелі і пакінулі сьведчаньні.
Трэці акт прадстаўляе сцэны з пабоішча. Ляжаць забітыя, нехта паранены паўзе ў бок брамы, імчаццахуткія дапамогі”, бегаюць нейкія людзі, жанчына крычыць, працягвае рукі, дужы, успацелы мужчына спрабуе падняць чыёсьці цела. Натоўп адступіў, расьсеяны, хаатычны ён сыходзіць бакавымі вулкамі. Нізка над дахамі пралятае шрубалёт. Праз некалькі вуліцаў далей ужо пачынаецца нармальны рух, штодзённае жыцьцё гораду.
Яшчэ памятаю такую сцэну: ідзе маніфестацыя. Калі яна праходзіць каля шпіталю, у натоўпе ўсталёўваецца цішыня. Трэба, каб хворыя мелі спакой. Або іншая карціна: у канцы шэсьця ідуць хлопцы і зьбіраюць у кошыкі сьмецьце. Дарога, па якой прайшла маніфестацыя, павінна быць чыстай. Фрагмент фільму: дзеці вяртаюцца са школы. Чуюць страляніну. Яны бягуць проста пад кулі, там дзе войска страляе ў маніфестантаў. Вырываюць са сшыткаў старонкі і мачаюць іх у расьцеклую на ходніку кроў. Трымаючы ў паветры гэтыя аркушы паперы, яны бягуць па вуліцах, паказваючы іх мінакам. Гэта перасьцерагальны знакасьцярожна, там страляюць! Некалькі разоў паказвалі фільм, зроблены ў Ісфагане. Па вялікай плошчы ідзе маніфестацыя, відаць мора галоваў. Раптам з усіх бакоў войска адкрывае агонь. Натоўп кідаецца на ўцёкі, мітусьня, крыкі, бязладная беганіна, урэшце плошча робіцца пустой. І вось у той момант, калі зьніклі апошнія ўцякаючыя, адкрываючы голую паверхню вялізнай плошчы, мы бачым, што на самай сярэдзіне застаўся бязногі інвалід у вазку. Ён таксама хоча ўцякаць, але адно кола нерухомае (на экране не відаць, чаму яно нерухомае). Ён у роспачы штурхае вазок рукамі, бо навокал так сьвішчуць кулі, што ён інстынктыўна хавае галаву ў плечы, але адехаць ня можа, круціцца на адным месцы. Гэтая карціна настолькі шакуючая, што жаўнеры на момант перастаюць страляць, нібыта чакаюць сьпецыяльнага загаду. Усталёўваецца цішыня. Мы бачым шырокі, пусты план, і толькі ўглыбіні ледзь бачная, згорбленая постаць самотнага чалавека, падобная з гэтай адлегласьці на параненую, паміраючую інсэкту, якая яшчэ змагаецца, схопленая ў зацягваемую сетку. Доўга гэта не працягваецца. Страляюць ізноў, маючы перад сабой толькі адну цэльпраз момант канчаткова нерухомую, якая застанецца пасярод плошчы на гадзіну, ці дзьве, як помнік.
Аператары злоўжываюць агульнымі планамі. Такім чынам губляюцца дэталі. А якраз жа праз дэталі можна паказаць усё. У кроплі знаходзіцца цэлы сусьвет. Падрабязнасьці нам бліжэй чым агульнае, мы лягчэй усталёўваем з ім кантакт. Мне не хапае буйных планаў людзей, якія ідуць у шэсьці. Мне не хапае размоваў. Колькі ж надзеі ў тым чалавеку, які ідзе ў шэсьці! Ён ідзе, бо на нешта разьлічвае. Ён ідзе, з вераю, што вырашыць нейкую справу, нават некалькі справаў. Ён упэўнены, што палепшыць свой лёс. Ідзе з думкаю: “Ну, калі выйграем, больш ніхто ня будзе ставіцца да мяне як да сабакі”. Думае пра боты. Усёй сямі ён купіць добрыя боты. Думае пра жытло. Калі выйграем, пачнем жыць па-чалавечы. Новы сьвет: ён, звычайны чалавек, будзе знаёмы з міністрам і з яго дапамогай усё вырашыць. Але што там міністр! Мы самі створым камітэт і возьмем уладу! У яго таксама ёсьць думкі і планы, якія яшчэ ня вельмі ясныя, ня вельмі выразныя, але ўсе яны добрыя, усе абуджаюць бадзёрасьць, бо ў іх ёсьць вельмі важная вартасьцьяны зьдзейсьняцца. Ён адчувае сябе ўзбуджаным, адчувае, як у ім прыбывае сілы, бо так ідучызрабіўшыся ўдзельнікам, ён упершыню трымае лёс у сваіх руках, першы раз прымае ўдзел, на нешта ўплывае, нешта вырашае, ён ё с ь ц ь.
Некалі я бачыў, як ствараецца шэсьце. Па вуліцы, што вядзе да лётнішча, ішоў чалавек і сьпяваў. Гэта была песьня пра АлахаАлах Акбар! У яго быў прыгожы, моцны голас з цудоўным, кранальным тэмбрам. Ён ішоў ні на што і ні на каго не зьвяртаючы ўвагі. Я пайшоў за ім, хацеў паслухаць той сьпеў. Праз момант далучылася грамадка дзяцей, што гуляліся на вуліцы. Яны таксама пачалі сьпяваць. Потым, нейкая група мужчынаў, потым, збоку і нясьмела, некалькі жанчын. Калі было ўжо каля ста ідучых, натоўп пачаў хутка павялічвацца, уласна кажучы ў геаметрычнай прагрэсіі. Натоўп прыцягвае натоўп, як заўважыў Канэці. Яны тут любяць быць у натоўпе, натоўп іх узмацняе, дадае значнасьці. Яны выяўляюць сябе праз натоўп, шукаюць натоўпу, відаць, у натоўпе яны пазбаўляюцца чагосьці таго, што носяць унутры сябе, калі яны адны, і з чым адчуваюць сябе ня вельмі добра.
На той самай вуліцы (некалі яна называлася вуліцай Шаха Рэзы, цяперЭнгелоб) стары армянін займаецца продажам вострых прыправаў і сушанай садавіны. Паколькі ўсярэдзіне крамы цесна і ўсё загрувашчана, купец раскладвае свой тавар на вуліцы, на ходніку. Тут стаяць мяшкі, кашы і слоікі з разынкамі, міндалём, фінікамі, арэшкамі, аліўкамі, імбірам, гранатамі, цёрнам, перцам, просам і дзясяткам іншых далікатэсаў, ні назвы, ні прызначэньня якіх я ня ведаю. Здалёк, на фоне старых сьценаў з абадраным тынкам, гэта выглядае як каляровая і багатая палітра, як мастацкая кампазіцыя, зробленая з густам і фантазіяй. У дадатак час ад часу купец мяняе разьмяшчэньне колераў, бо іншы раз брунатныя фінікі стаяць побач з пастэльным арахісам і зялёнымі аліўкамі, другім разам белы, прыгожай формы міндаль займае месца мясістых фінікаў, а там, дзе стаяла залацістае проса, чырванее стос пярцовых струкоў. Я хаджу глядзець на гэтыя каларытныя ідэі ня толькі для адных уражаньняў. Штодзённы лёс гэтай вітрыны зьяўляецца для мяне таксама крыніцай інфармацыі пра тое, што будзе адбывацца ў палітыцы. Бо вуліца Энгелобгэта бульвар дэманстрантаў. Калі раніцай вітрыны няма, гэта азначае, што армянін падрыхтаваўся да гарачага днябудзе маніфестацыя. Ён палічыў за лепшае схаваць свае прыправы і садавіну, каб іх не затаптаў праходзячы натоўп. Мне трэба брацца за працувызначыць, хто будзе маніфеставаць і за што. Калі ж ідучы па вуліцы Энгелоб, я здалёк бачу як палітра армяніна зіхаціць усімі колерамі, ведаю, што гэта будзе звычайны, спакойны дзень без здарэньняў, і што з чыстым сумленьнем я магу пайсьці да Леона на шкляначку віскі.
Далей па вуліцы Энгелоб ёсьць пякарня, дзе можна купіць сьвежы, гарачы хлеб. Хлеб у Іране мае форму вялікага, плоскага блінца. Печ, у якой пякуць гэтыя блінцы, уяўляе сабой выкапаную ў зямлі трохметровую студню, сьцены якой выкладзеныя шамотам. На дне гарыць агонь. Калі жанчына здрадзіць мужу, яе ўкідваюць ў такую палаючую студню. У пякарні працуе Разак Надэры, яму дванаццаць гадоў. Нехта павінен зьняць фільм пра Разака. Калі яму было дзевяць гадоў, хлопец прыехаў у Тэгеран шукаць працу. У сваёй вёсцы каля Занджан (тысяча кіламетраў ад сталіцы), ён пакінуў матку, дваіх малодшых сясьцёр і трох малодшых братоў. З таго часу мусіць утрымліваць сямю. Ён устае а чацьвёртай раніцы і ўкленчвае каля пячной адтуліны. У печы гудзе агонь, адтуль сыходзіць страшны жар. Доўгім прутом Разак прылеплівае блінцы да шамотавых сьценаў і пільнуе, каб выцягнуць іх своечасова. Так ён працуе да дзявятай вечару. Заробленыя грошы высылае маці. Ягоная маёмасьць: дарожная торба і коўдра, якой ён накрываецца ноччу. Разак увесь час мяняе працу і часта застаецца без яе. Ён ведае, што ў гэтым нікога ня можа абвінаваціць. Проста праз тры-чатыры месяцы ён пачынае вельмі сумаваць па маці. Нейкі час ён змагаецца з гэтым пачуцьцём, але потым сядае ў аўтобус і едзе ў сваю вёску. Ён хацеў бы быць з маці як мага даўжэй, але ня можа, павінен працаваць, ён адзіны карміцель у сямі. Таму вяртаецца ў Тэгеран, але там, дзе ён працаваў, ужо ўзялі кагосьці іншага. Тады Разак ідзе на плошчу Гамрука, дзе зьбіраюцца беспрацоўныя. Гэта рынак танных рук, той хто прыходзіць сюды, прадае сябе за самыя малыя грошы. Аднак, пакуль яго нехта возьме на працу, Разак чакае тыдзень, альбо два. Увесь дзень ён стаіць на плошчы, мерзьне, мокне, з пачуцьцём голаду. Урэшце зьявіцца нейкі чалавек, які зьверне на яго ўвагу. Разак шчасьлівыён ізноў працуе. Але радасьць хутка мінае, неўзабаве ён пачынае моцна сумаваць, таму ізноў едзе да маці, і зноў вяртаецца на тую плошчу. Побач з Разакам існуе вялікі сьветсьвет шаха, рэвалюцыі, Хамейні і закладнікаў. Усе гавораць аб ім. Але ж сьвет Разака большы. Ён такі вялікі, што Разак блукае па ім і ня можа знайсьці з яго выйсьця.

Вуліца Энгелоб восеньню і зімой 1978 году. Па ёй праходзяць вялікія безупынныя маніфестацыі пратэсту. Падобнае адбываецца ва ўсіх вялікіх гарадах. Бунт ахоплівае ўсю краіну. Пачынаюцца страйкі. Страйкуюць усе, спыняецца прамысловасьць і транспарт. Нягледзячы на дзясяткі тысячаў ахвяраў, націск увесь час павялічваецца. Але шах застаецца на троне, палац не саступае.
Кожная рэвалюцыягэта барацьба дзьвюх сілаў: структуры і руху. Рух атакуе структуру, імкнецца яе зьнішчыць, структура абараняецца, хоча вынішчыць рух. Гэтыя абедзьве аднолькава магутныя сілы, маюць розныя асаблівасьці. Асаблівасьць руху, гэта яго спантаннасьць, стыхійная, дынамічная экспансіўнасьць ікароткачасовасьць. Асаблівасьць структуры, гэта інерцыя, супраціўляльнасьць, уражвальная, амаль інстынктыўная здольнасьць вытрываньня. Структуру адносна лёгка выклікаць да жыцьця, зьнішчыцьнепараўнальна цяжэй. Яна можа значна перажыць усе аргументы, якія матывавалі яе паўстаньне. Створана шмат слабых, уласна кажучы фіктыўных дзяржаваў. Але дзяржавагэта ўжо структура, і ніводная з іх ня будзе выкрэсьленая з мапы. Існуе нібыта сьвет структураў, яны ўзаемна падтрымліваюць адна адну. Хай толькі якая-небудзь структура апынецца пад пагрозай, іншыя, сваяцкія, адразу ж кінуцца ёй на дапамогу. Рысай структуры зьяўляецца эластычнасьць, якая спрыяе вытрываньню. Пад напорам і націскам яна здолее сьціснуцца, уцягнуць жывот і чакаць, пакуль ня прыйдзе момант, калі яна ізноў зможа распаўсюдзіцца. Цікава, што паўторнае распаўсюджваньне адбываецца дакладна ў тых самых напрамках, у якіх адбылося адступленьне. Адным словам імкненьнем кожнай структуры зьяўляецца вяртаньне да status quo, які лічыцца самым лепшым, ідэальным. У гэтым таксама праяўляецца інерцыя структуры. Яна здольная да дзеяньняў толькі паводле аднойчы запраграмаванага коду. Калі ёй даць новую праграму, яна не здрыганецца, не адрэагуе. Будзе чакаць папярэднюю праграму. Структура таксама здольная паводзіць сябе як некуляйка. Быццам упадзе, але зараз жа ізноў узьнімаецца. Рух, які ня ведае гэтых асаблівасьцяў структуры, доўга барукаецца з ёй, потым слабее, урэшце церпіць паразу.

Тэатр шаха. Шах быў рэжысёрам, ён хацеў стварыць тэатр на самым высокім сусьветным узроўні. Ён любіў публіку, хацеў падабацца. Аднак яму не ставала разуменьня, чым зьяўляецца мастацтва, што такое мудрасьць і фантазія рэжысёра, ён думаў, што дастаткова мець тытул і грошы. У яго распараджэньні была вялізная сцэна, на якой акцыя магла адначасова разгортвацца ў многіх месцах. На гэтай сцэне ён вырашыў паставіць песу пад назвайВялікая Цывілізацыя”. За нечуваныя грошы ён прывёз з замежжа дэкарацыі. Гэта было рознага тыпу абсталяваньне, машыны, апараты, цэлыя горы цэменту, кабеляў і пластмасавых вырабаў. Значная частка дэкарацыяў складалася з ваенных рэквізітаўтанкаў, самалётаў, ракетаў. Шах хадзіў па сцэне задаволены і горды. Ён чуў, як з часта расстаўленых рэпрадуктараў плывуць словы прызнаньня і пахвалы. Сьвятло рэфлектараў сьлізгацела па дэкарацыях, потым затрымлівалася на постаці шаха. Ён альбо стаяў, альбо рухаўся ў іх зьзяньні. Гэта быў тэатр аднаго актора, у якім акторам і рэжысёрам быў шах. Рэшту складалі статысты. На самым высокім паверсе сцэны рухаліся генералы, міністры, элегантныя дамы, лёкаівялікі двор. Потым пачыналіся сярэднія паверхі. У самым нізе тоўпіліся статысты самай нізкай катэгорыі. Гэтых было найбольш. Яны наплывалі ў гарады з бедных вёсак прывабленыя спадзяваньнем высокіх заробкаў, шах абяцаў ім залатыя горы. Шах увесь час знаходзіўся на сцэне, назіраючы за дзеяй і кіруючы гульнёй статыстаў. Па яго жэсту генералы выцягваліся ў струнку, міністры цалавалі яму руку, дамы схіляліся ў паклоне. Калі ён сыходзіў на ніжэйшыя паверхі і ківаў галавой, да яго зьбягаліся чыноўнікі, якія чакалі ўзнагародаў і павышэньняў. У партэры ён зьяўляўся рэдка, і толькі на хвіліну. Статысты, якія засялялі партэр, паводзілі сабе найбольш апатычна. Яны былі разгубленыя, дэзарыентаваныя, прыгнечаныя вялікім горадам, іх ашуквалі і выкарыстоўвалі. Яны адчувалі сябе чужымі сярод незнаёмых ім дэкарацыяў, у непрыхільным і агрэсіўным сьвеце, які цяпер іх акружаў. Адзіным арыенцірам у новым краявідзе быў мячэт, бо мячэт таксама быў у іхняй вёсцы. Таму яны ішлі ў мячэт. Адзінай блізкай для іх постацьцю ў горадзе быў мула, яго таксама ведалі з вёскі. Мула ў вёсцыгэта найвышэйшы аўтарытэт: ён вырашае спрэчкі, дзеліць ваду, ён з намі ад нараджэньня і да сьмерці. Таму і тут яны таксама гарнуліся да мулаў, слухалі іх голас, які быў голасам іх дзяцінства, іх страчанай зямлі.
Песа адначасова ідзе на некалькіх паверхах, на сцэне адбываецца шмат рэчаў. Дэкарацыі пачынаюць рухацца і сьвяціцца, круцяцца колы, дымяць коміны, танкі езьдзяць туды і сюды, міністры цалуюць шаха, чыноўнікі бягуць па ўзнагароды, паліцыянты насупліваюць бровы, мулы гавораць і гавораць, статысты маўчаць і працуюць. Таўкатня і рух усё павялічваецца. Шах ходзіць, тут махне рукой, там пакажа пальцам. Увесь час у сьвятле рэфлектараў. Аднак у хуткім часе на сцэне ўзьнікае замяшаньне, нібыта ўсе забыліся, што павінны граць. Так, яны выкідаюць сцэнар у кош і самі прыдумваюць ролі. Бунт у тэатры! Сьпектакль мяняе сваё аблічча, пераўтвараецца ў гвалтоўнае драпежнае відовішча. Статысты з партэру, якія здавён расчараваныя, якім дрэнна плоцяць, якімі пагарджаюць, ідуць на штурм, пачынаюць узьбірацца на вышэйшыя паверхі. На сярэдніх паверхах таксама бунтуюцца і далучаюцца да людзей з партэру. На сцэне зьяўляюцца чорныя сьцягі шыітаў, з дынамікаў чуецца баявая песьня дэманстрантаў: “Алах Акбар!” Танкі езьдзяць туды і сюды, паліцыянты страляюць. З мінарэту даносіцца працяглы заклік муэдзіна. На самым вышэйшым паверсе небывалае замяшаньне! Міністры пакуюць мяшкі з грашыма і ўцякаюць, дамы хапаюць куфэркі з ювелірнымі вырабамі і зьнікаюць, лёкаі бегаюць бездапаможныя. Зьяўляюцца апранутыя ў зялёныя курткі федайны і маджахеды. У іх ужо ёсьць зброяяны здабылі арсеналы. Жаўнеры, які перад гэтым стралялі ў натоўп, цяпер братаюцца з народам і носяць чырвоныя гвазьдзікі, уторкнутыя ў рулі вінтовак. Сцэну засыпаюць цукеркамі. З прычыны агульнай радасьці купцы раскідваюць у натоўпе кашы цукерак. Нягледзячы на тое, што поўдзень, ва ўсіх аўтамабілях запаленае сьвятло. На могілках вялікі сход. Усе прыйшлі аплакваць палеглых. Прамаўляе маці, сын якой учыніў самазабойства, бо, як жаўнер, не хацеў страляць у братоў маніфестантаў. Прамаўляе стары аятала Тэлегані. Сьвятло рэфлектараў паступова згасае. У заключнай сцэне з найвышэйшага паверху, які ўжо цалкам апусьцеў, на партэр зьязджае тронтрон шахаў, інкруставанамі тысячамі каштоўных камянёў. З яго струменіць каляровы, асьляпляльны водбліск. На троне вельмі дзіўная постаць вялікіх памераў, узьнесеная, велічная. Яна таксама праменіць яркім сьвятлом. Да рук і ног, да галавы і тулава падключаныя нейкія кабелі, дроты і правады. Від гэтай постаці абуджае наш страх, мы баімся, інстынктыўна хочам упасьці на калені. Але на сцэне зьяўляецца група манцёраў, яны адключаюць кабель і перарэзваюць дрот за дротам. Бляск, які праменіць з постаці, пачынае згасаць, сама яна робіцца ўсё меншай і ўсё больш звычайнай. Урэшце манцёры адыходзяць убок, а з трону ўстае шчуплы, стары пан, от, такі пан, якога мы можам спаткаць у кіно, у кавярні, ці ў чарзе, ён абтрасае гарнітур, папраўляе гальштук і пакідае сцэну, каб выправіцца на лётнішча.

Шах стварыў сістэму, здольную толькі да таго, каб бараніцца, і ня здольную прыносіць людзям задавальненьне. Гэта было яго самай вялікай слабасьцю і сапраўднай прычынай ягонай паразы. Псіхалагічнай асновай такой сістэмы зьяўляецца пагарда адносна ўласнага народу, якой харчуецца ўладар, перакананы, што цёмны народ заўсёды можна ашукаць, увесь час нешта абяцаючы яму. Але іранская прымаўка гаворыць: абяцаньні маюць каўтоўнасьць толькі для тых, хто ў іх верыць.
Хамейні вярнуўся з эміграцыі і перш чым выехаў у Кум, на кароткі час затрымаўся ў Тэгеране. Усе хацелі ўбачыць яго, некалькі мільёнаў людзей хацелі паціснуць яму руку. Будынак школы, у якім ён затрымаўся, асаджалі натоўпы. Кожны лічыў, што мае права сустрэцца з аяталой. Усё ж змагаліся за яго вяртаньне, пралівалі кроў. Панаваў настрой эйфарыі, вялікага натхненьня. Людзі хадзілі, паляпвалі адзін аднаго па плячах, нібыта хацелі гэтым сказаць: “Бачыш? Мы ўсё можам!”
Як жа рэдка народ перажывае такія моманты! Але цяпер гэтае пачуцьцё перамогі здавалася натуральным і абгрунтаваным. Вялікая Цывілізацыя шаха ляжала ў руінах. Чым жа яна была па сваёй сутнасьці? Чужой прышчэпкай, якая не прынялася. Спробай накінуць пэўную мадэль жыць­ця грамадству, прывязанаму да зусім іншых традыцыяў і каштоўнасьцяў. Была прымусам, хірургічнай аперацыяй, у якой найбольш важным была сама аперацыя, а ня тое, каб пацыент застаўся жывы, і перш за ўсёзастаўся сабой.
Адарваньне прышчэпкіякі ж няўмольны гэты працэс, калі ўжо пачнецца. Хопіць таго, каб грамадства пераканалася, што навязаная яму форма існаваньня прыносіць больш зла, чым карысьці. І яно адразу пачне паказваць сваю антыпатыюспачатку прыхавана і млява, потым усё больш адкрыта і бязьлітасна. І ня зьведае спакою, пакуль не ачысьціць арганізм ад гэтага, прышчэпленага сілай, цела. Будзе глухім да ўгавораў і аргументаў. Будзе запальчывым, няздольным да разважаньняў. У аснове Вялікай Цывілізацыі ўсё ж ляжала шмат шляхетных намераў і прыгожых ідэалаў. Але народ бачыў яе толькі ў выглядзе карыкатуры, а значыць у той форме, якую ў працэсе практыкі набываў сьвет ідэі. І таму нават узьнёслыя ідэі падпалі пад сумненьне.
А потым? Што адбылося потым? Пра што цяпер мне трэба напісаць? Пра тое, як заканчваецца вялікае перажываньне? Сумная тэма. Бо бунтгэта вялікае перажываньне, прыгода сэрца. Зірніце на людзей, калі яны ўдзельнічаюць у бунце. Яны ўзбуджаныя, усхваляваныя, гатовыя да самаахвярнасьці. У гэты момант яны жывуць у монатэматычным сьвеце, які зводзіцца толькі да адной думкіяны прагнуць дасягнуць жаданай мэты. Усё будзе падпарадкавана ёй, любую перашкоду цяпер лёгка зьнішчыць, любая ахвяра ня будзе занадта вялікай. Бунт вызваляе нас ад уласнага я, ад штодзённага я, якое цяпер нам здаецца малым, нікчэмным і чужым для нас саміх. Зьдзіўленыя, мы адкрываем у сабе невядомыя запасы энергіі, мы здольныя да паводзінаў настолькі шляхетных, што самі гэтым захаплямся. А колькі ж пры тым гонару, што мы здолелі ўзьняцца так высока! Колькі ж задавальненьня, што мы на такое здольныя! Але надыходзіць момант, калі настрой згасае, і ўсё заканчваецца. Яшчэ інстынктыўна, па звычцы, мы паўтараем жэсты і словы, яшчэ хочам, каб было так, як учора, але ўжо ведаем, і гэтае адкрыцьцё напаўняе нас жахам, што гэтае ўчора больш ніколі не паўторыцца. Азіраемся навокал і робім новае адкрыцьцётыя, што былі з намі, таксама зрабіліся іншымі, у іх таксама нешта згасла, нешта патухла. Раптам нашая супольнасьць распадаецца, кожны вяртаецца да штодзённагая”, якое спачатку перашкаджае, як дрэнна пашытая вопратка, але мы ведаем, што гэта нашая вопратка, і што іншае ў нас ня будзе. З нежаданьнем глядзім адзін аднаму ў вочы, пазьбягаем размоваў, мы перасталі быць патрэбнымі сабе.
Гэтае зьніжэньне тэмпературы, гэтая зьмена клімату, належыць да самых прыкрых і прыгнятаючых досьведаў. Пачынаецца дзень, калі павінна нешта адбыцца. І нічога не адбываецца. Ніхто нас ня кліча, ніхто не чакае, мы непатрэбныя. Мы пачынаем адчуваць вялікую стому, паступова нас ахоплівае апатыя. Мы кажам сабе: “Мне трэба адпачыць, мне трэба сабрацца, набрацца сілаў”. Мы абавязкова хочам зачарпнуць сьвежага паветра. Абавязкова хочам зрабіць нешта вельмі штодзённаепрыбрацца ў кватэры, адрамантаваць акно. Гэта ўсё абарончыя дзеяньні, каб пазьбегнуць дэпрэсіі, якая надыходзіць. Таму мы зьбіраем сілы і рамантуем акно. Але нам дрэнна, няма радасьці, бо мы адчуваем, як нас нешта грызе, нешта, што мы носім у сабе.
Мне таксама перадаваўся гэты настрой, які ахоплівае нас, калі мы сядзім каля вогнішча. Я хадзіў па Тэгеране, з якога зьнікалі сьляды ўчарашніх перажываньняў. Зьнікалі раптоўна, магло скласьціся ўражаньне, што тут нічога не адбывалася. Некалькі спаленых кінатэатраў, некалькі спаленых банкаўсімвалы чужых уплываў. Рэвалюцыя надае вялікае значэньне сімвалам, адныя помнікі разбурае, а на іх месцы ставіць свае, бо хоча замацавацца, хоча ператрываць такім метафарычным спосабам. А што сталася з людзьмі? Гэта ізноў былі звычайныя мінакі, упісаныя ў нудны краявід шэрага гораду. Яны недзе ішлі, альбо стаялі каля вулічных печаў, грэючы рукі. Былі зноўкожны сам па сабе, кожны асобна, закрытыя і маўклівыя. Можа, яны яшчэ чакалі, што нешта адбудзецца, што адбудзецца нешта незвычайнае? Ня ведаю, не магу сказаць.
Усё, што складае вонкавую, бачную частку рэвалюцыі, зьнікае хутка. У чалавека, асобнага чалавека, ёсьць тысячы спосабаў, праз якія ён можа выказаць свае пачуцьці і думкі. Ён зьяўляецца бясконцым багацьцем, сьветам, у якім мы ўвесь час нешта адкрываем. Натоўп жа зьмяншае індывідуальнасьць асобы, у натоўпе чалавек абмяжоўваецца некалькімі элементарнымі учынкамі. Формы, праз якія натоўп выказвае свае памкненьні, незвычайна бедныя і ўвесь час паўтараюццаманіфестацыя, страйк, мітынг, барыкада. Таму пра чалавека можна напісаць раман, пра натоўпніколі. Калі натоўп расьцярушыцца, разыдзецца па дамах і больш не зьбярэцца, мы кажам, што рэвалюцыя скончылася.

Цяпер я наведваў сядзібы камітэтаў. Гэтак называліся органы новай уладыкамітэты. У цесных і засьмечаных памяшканьнях за сталамі ся­дзелі зарослыя людзі. Іх твары я бачыў упершыню. Калі я прыйшоў сюды, трымаў у памяці прозьвішчы тых асобаў, якія за часамі шаха дзейнічалі ў апазіцыі, альбо трымаліся ў баку. Менавіта яны, рабіў я лагічныя высновы, павінны цяпер кіраваць. Пытаўся, дзе б мог спаткаць іх. Людзі з камітэтаў ня ведалі. У любым выпадку, тут іх не было. Уся ўстойлівая структура, у якой адзін быў ва ўладзе, другіу апазіцыі, трэцінажываўся, а чацьвёртыкрытыкаваў, уся гэтая складаная канструкцыя, якая існавала гадамі, была зьмеценая рэвалюцыяй з паверхні, нібы карткавы домік. Для гэтых зарослых дзецюкоў, якія ледзьве ўмелі чытаць і пісаць, усе тыя людзі, пра якіх я пытаўся, ня мелі ніякага значэньня. Якая ім была справа да таго, што некалькі гадоў таму Гафэз Фарман пакрытыкаваў шаха, за што страціў пасаду, а Кульсум Кітаб паводзіў сябе як лайдак і рабіў кареру? Гэта было ў мінулым, той сьвет ужо не існаваў. Рэвалюцыя прывяла да ўлады зусім новых людзей, яшчэ ўчора ананімных, нікому невядомых. Цэлымі днямі барадачы з камітэту сядзелі і раіліся. Аб чым? Раіліся аб тым, што рабіць. Так, бо камітэт жа павінен нешта рабіць. Выступалі па чарзе. Кожны хацеў выказацца, хацеў выступіць. Адчувалася, што для іх гэта істотна, што яны надаюць гэтаму вялікае значэньне. Потым кожны мог сказаць суседзям: “Я выступаў”. Людзі маглі пытацца адзін у аднаго: “Ты чуў яго выступленьне?” Калі ён ішоў па вуліцы, яго маглі спыніць, каб сказаць з прызнаньнем: “Ты цікава выступіў!” Паступова пачала стварацца нефармальная іерархіяна вяршыні былі тыя, хто заўсёды добра выступаў, унізе ж зьбіраліся інтраверты, людзі з дэфектамі вымаўленьня, цэлыя атрады тых, хто ня мог пераадолець хваляваньне, і нарэшце такія, якія меркавалі, што бясконцая балбатня ня мае сэнсу. Назаўтра яны раіліся ізноў, нібыта ўчора тут нічога не адбывалася, нібыта ўсё трэба было пачынаць спачатку.

Іранская рэвалюцыябыла дваццаць сёмая, якую я бачыў у Трэцім Сьве­це. У дыме і грукаце мяняліся ўладары, падалі ўрады, у фатэлі сядалі новыя людзі. Але адно было нязьменным, невынішчальным, баюся сказаць, вечнымбездапаможнасьць. Як жа гэтыя сядзібы іранскіх камітэтаў нагадвалі мне тое, што я бачыў у Балівіі і Мазамбіку, у Судане і Беніне. Што рабіць? А ты ведаеш, што рабіць? Я? Ня ведаю. А можа ты ведаеш? Я? Я ішоў бы да канца. Але як? Як ісьці да канца? Так, гэта праблема. Усе пагодзяцца, што гэта праблема, над якой варта дыскутаваць. Душныя, задымленыя залы. Выступленьні лепшыя і горшыя, некалькі сапраўды цудоўных. Пасьля добрага выступленьня ўсе адчуваюць задавальненьнеусё ж прымалі ўдзел у нечым, што было сапраўды ўдалым.
Гэта пачало мяне так інтрыгаваць, што на сядзібе аднаго з камітэтаў я сеў (пад выглядам чаканьня кагосьці з непрысутных) і назіраў, як вырашаюцца нейкія, самыя простыя справы. Урэшце жыцьцё складаецца з вырашэньня справаў, а прагрэс заключаецца ў тым, каб вырашаць іх спраўна і да агульнага задавальненьня. Праз момант увайшла жанчына, каб папрасіць даведку. Той, хто мусіў яе прыняць, якраз прымаў удзел у дыскусіі. Жанчына чакала. Людзі тут маюць фантастычную здольнасьць чаканьня, яны здольныя пераўтварацца ў камень і знаходзіцца ў стане нерухомасьці бясконца. Нарэшце той чалавек прыйшоў, і пачалася размова. Жанчына казала, ён пытаў, жанчына пытала, ён казаў. Торг торгам, дайшлі да паразуменьня. Пачаліся пошукі кавалка паперы. На стале ляжалі розныя паперчыны, але ніводная не здавалася адпаведнай. Чалавек зьнік, напэўна пайшоў шукаць паперу, хоць з аднолькавым посьпехам мог пайсьці ў бар насупраць, каб выпіць гарбаты (было горача). Жанчына маўкліва чакала. Чалавек вярнуўся, задаволена выціраў вусны (напэўна піў гарбату), але таксама прынёс і паперу. Цяпер пачалася самая драматычная частка, пошукі алоўка. Алоўка нідзе не было: ні на стале, ні ў шуфлядках, ні на падлозе. Я пазычыў яму асадку. Ён пасьміхнуўся, жанчына з палёгкай уздыхнула. Ён узяўся пісаць. Калі ж пачаў пісаць, усьвядоміў, што ён ня надта ведае, што менавіта павінен засьведчыць. Яны пачалі размаўляць, чалавек ківаў галавой. Нарэшце дакумент быў гатовы. Цяпер яго павінен быў падпісаць нехта вышэйшы. Але вышэйшага не было. Вышэйшы дыскутаваў у іншым камітэце, дамовіцца з ім не атрымалася, бо тэлефон не адказваў. Чакаць. Жанчына ізноў пераўтварылася ў камень, чалавек зьнік, а я пайшоў піць гарбату.
Потым гэты чалавек навучыцца пісаць даведкі і навучыцца шмат якім іншым рэчам. Але праз некалькі гадоў адбудзецца пераварот, чалавек, якога мы ўжо ведаем, сыдзе, на яго месца прыйдзе іншы, пачне шукаць паперу і аловак. Тая самая ці іншая жанчына будзе чакаць, пераўтварыўшыся ў камень. Нехта пазычыць сваю асадку. Вышэйшы будзе заняты дыскусіяй. Усе яны так, як і іх папярэднікі, ізноў пачнуць рухацца ў зачараваным коле бездапаможнасьці. Хто стварыў тое кола? У Іране яго стварыў шах. Шах думаў, што ключом да сучаснасьці зьяўляецца горад і прамысловасьць, але гэта было памылковае мысьленьне. Ключом да сучаснасьці зьяўляецца вёска. Шах упіваўся выявамі атамных электрастанцыяў, вытворчым канвеерам, якімі кіруюць кампутары, і вялікай нафтахіміяй. Але ў адсталай краінегэта толькі бутафорыя сучаснасьці. У такой краіне большасьць людзей жыве ў беднай вёсцы, з якой уцякае ў горад. Яны ствараюць маладую энергічную сілу, якая мала што ўмее (гэта часта людзі без кваліфікацыі, непісьменныя), але з вялікімі амбіцыямі і гатовая змагацца за ўсё. У горадзе яны знаходзяць закасьнелую сістэму, якая так ці інакш зьвязаная з існуючай уладай. Таму спачатку яны агледзяцца, трохі абжывуцца, зоймуць зыходныя пазіцыі ізьбіраюцца на штурм. Для барацьбы яны выкарыстоўваюць тую ідэалогію, якую вынесьлі са сваёй вёскі, звычайнагэта рэлігія. Паколькі яны зьяўляюцца сілай, якая сапраўды мае патрэбу ў паляпшэньні становішчачаста перамагаюць. Тады ўлада пераходзіць у іх рукі. Але што з ёй рабіць? Пачынаюцца дыскусіі, яны ўваходзяць у зачараванае кола бездапаможнасьці. Народ неяк жыве, бо мусіць жыць, яны ж жывуць усё лепей. Пэўны час жывуць спакойна. Іх наступнікі яшчэ бегаюць па стэпу, пасьвяць вярблюдаў і пільнуюць статкі баранаў. Але потым вырастуць, пойдуць у горад і пачнуць барацьбу. Што ў гэтым самае істотнае? Тое, што новыя ўносяць больш амбіцыяў, чым здольнасьцяў. У выніку пасьля кожнага перавароту краіна ў нейкай ступені вяртаецца да зыходнай кропкі, пачынае з нуля, бо пакаленьне пераможцаў павінна з самага пачатку вучыцца ўсяму таму, чым з цяжкасьцю авалодала пераможанае пакаленьне. Ці гэта значыць, што тыя, пераможаныя, былі спраўнымі і разумнымі? Зусім не. Паходжаньне папярэдняга пакаленьня было такім самым, як пакаленьня, што прыйшло на яго месца. Якое ж выйсьце з кола бездапаможнасьці? Толькі праз разьвіцьцё вёскі. Пакуль вёска будзе адсталай, да таго часу адсталай будзе і краіна, хоць бы ў ёй існавала пяць тысячаў фабрык. Пакуль сын, што пасяліўся ў горадзе, будзе наведваць родную вёску як экзатычную краіну, дагэтуль народ, да якога ён належыць, ня будзе сучасным.

У дыскусіях, якія адбываліся ў камітэтах на тэмушто рабіць далей, усе пагаджаліся ў адным: перш за ўсё адпомсьціць. Такім чынам пачаліся выкананьні прысудаў. Яны знаходзяць нейкае задавальненьне ў гэтым занятку. На першых старонках газетаў зьмяшчаюць здымкі людзей з завязанымі вачыма і хлопцаў, якія цэляцца ў іх. Доўга і падрабязна апісваюць усе падзеі. Што асуджаны сказаў перад сьмерцю, як паводзіў сябе, што напісаў у апошнім лісьце. У Еўропе тыя сьмяротныя пакараньні выклікалі вялікае абурэньне. Аднак жа тут нямногія разумелі гэтыя прэтэнзіі. Для іх правіла помсты было старым, як сьвет. Яно сягала ў даўнія часы. Шах кіраваў, потым яму адсякалі галаву, прыходзіў наступны, адсякалі яму галаву. Як жа інакш пазбавіцца шаха? Сам жа ён не саступіць. Пакінуць шаха альбо яго людзей жывымі? Яны адразу пачнуць арганізоўваць войска, каб вярнуць уладу. Пасадзіць іх у турму? Падкупяць ахову і выйдуць на свабоду, пачнуць зьнішчаць тых, хто іх перамог. У гэтай сітуацыі забойства нібы элементарны інстынкт самазахаваньня. Мы знаходзімся ў сьвеце, дзе закон успрымаецца не як інструмент аховы чалавека, але як прылада да зьнішчэньня праціўніка. Так, гэта гучыць бязьлітасна, ёсьць у гэтым нейкая вампірская, няўмольная жорсткасьць. Аятала Халхалі распавядаў нам, групе журналістаў, як пасьля вынясеньня сьмяротнага прысуду былому прэмеру Гавейды, у яго раптам узьнікла падазрэньне да людзей з карнага атраду, якія мусілі выканаць вырак. Аятала асьцерагаўся, што таго могуць выпусьціць. Таму ён пасадзіў Гавейды ў свой аўтамабіль. Гэта было ноччу, яны сядзелі ў машыне. Халхалі сьцьвярджае, што размаўлялі. Не сказаў нам, пра што. Ці ён не баяўся, што той уцячэ? Не, нічога такога яму не прыйшло ў галаву. Час ішоў, Халхалі думаў, у чые надзейныя рукі мог бы аддаць Гавейды. Надзейныя рукі, гэта значыць такія, якія напэўна выканалі б прысуд. Урэшце, яму прыгадаліся людзі з аднаго камітэту, побач з базарам. Ён завёз Гавейды да іх, і там яго пакінуў.
Я спрабую зразумець іх, але кожнага разу натыкаюся на цёмную прастору, па якой пачынаю блукаць. У іх іншыя адносіны да жыцьця і да сьмерці. Яны інакш рэагуюць на выгляд крыві. Выгляд крыві выклікае ў іх напружаньне, захапленьне, яны ўпадаюць у нейкі містычны транс, я бачу іх ажыўленыя жэсты, чую, як яны крычаць. Да майго гатэлю падехаў на новай машыне уладальнік суседняга рэстарану. Гэта быў прыгожы, залацістыПанціяк”, толькі з аўтамабільнага салону. Пачаўся рух, на падворку крычалі куры, якіх рэзалі. Іх крывёй людзі спачатку апырсквалі сябе, а потым мазалі ёй кузаў аўтамабіля. Праз момант машына была чырвоная, сьцякала крывёю. Гэта быў хростПанціяка”. Там, дзе ёсьць кроў, яны ціснуцца, каб вымазаць у ёй рукі. Яны не маглі мне растлумачыць, навошта гэта трэба.
На некалькі гадзінаў на тыдзень яны наважваюцца на фантастычную дысцыпліну. Гэта адбываецца ў пятніцу, падчас супольнай малітвы. Ранкам, на вялікую плошчу прыходзіць першы, найбольш шчыры мусульманін, раскладвае дыванчык і кленчыць на краі. За ім прыходзіць наступны і раскладвае свой дыванчык побач з першым (хоць уся плошча свабодная). Потым зьяўляецца наступны вернік і наступны. Потым тысячы іншых, потым мільён. Яны раскладваюць дыванчыкі і кленчаць. Кленчаць у роўных, дысцыплінаваных шэрагах, моўчкі, павернутыя тварамі ў бок Мекі. Каля поўдня кіраўнік пятнічнай малітвы пачынае абрад. Усе ўстаюць, схіляюцца ў сяміразовым паклоне, выпростваюцца, нахіл цела да сьцёгнаў, падзеньне на калені, падзеньне на твар, сядзячая поза на нагах, ізноў падзеньне на твар. Дасканалы, нічым не патрывожаны рытм мільёну целаўвідовішча цяжкае для апісаньня, і крыху пагрозьлівае для мяне.
Неўзабаве ў рэвалюцыйным лагеры пачаліся спрэчкі. Усе былі супраць шаха і хацелі яго скінуць, але будучыню кожны ўяўляў сабе па-свойму. Частка людзей верыла, што ў краіне запануе такая дэмакратыя, якую яны ведалі пажыўшы у Францыі і Швейцарыі. Але ў барацьбе, што пачалася пасьля выезду шаха, менавіта яны прайгралі першымі. Гэта былі інтэлігентныя, разумныя, але слабыя людзі. Яны адразу апынуліся ў парадаксальнай сітуацыідэмакратыю нельга навязаць сілай, за дэмакратыю павінна выказацца большасьць. Між тым большасьць хацела таго, чаго дамагаўся Хамейніісламскай рэспублікі. Пасьля сыходу лібералаў засталіся тыя, хто быў за рэспубліку. Але хутка і паміж імі дайшло да барацьбы. У гэтай барацьбе цьвёрдая, кансерватыўная лінія паступова брала верх над лініяй сьветлай і адкрытай. Я ведаў людзей з аднаго і з другога лагеру і кожны раз, калі я думаў пра тых, на чыім баку была мая сімпатыя, мяне ахопліваў песімізм. Кіраўніком сьветлых быў Бані Садр. Худы, трохі згорблены, ён заўсёды насіў спартыўную кашульку, хадзіў, пераконваў, увесь час удзельнічаў у дыскусіях. У яго былі тысячы ідэяў, ён шмат, зашмат гаварыў, бясконца разважаў, пісаў кнігі цяжкай, незразумелай мовай. У гэтых краях інтэлігент у палітыцыгэта заўсёды нехта не на сваім месцы. Інтэлігент зашмат фантазіруе, перажывае разлады, кідаецца ад сьцяны да сьцяны. Якая карысьць з правадыра, які сам ня ведае, чаго трымацца? Бэгэшці (цьвёрдая лінія) ніколі так не рабіў. Ён зьбіраў свой штаб і дыктаваў інструкцыю. Усе былі ўдзячныя яму, бо ведалі, як рабіць і што рабіць. У Бэгэшці ў руках быў шыіцкі апарат, у Бані Садрабылі сябры і прыхільнікі. Бані Садр абапіраўся на інтэлігенцыю, студэнтаў, маджахедаў. Апорай Бэгэшці быў гатовы да заклікаў мулаў натоўп. Было зразумелым, што Бані Садр павінен прайграць. Але і Бэгэшці дастала рука Літасьцівага і Міласэрнага.
На вуліцах зьявіліся банды. Гэта былі групы маладых, моцных людзей, у якіх з задніх кішэняў вытыркаліся нажы. Яны нападалі на студэнтаў, “хуткія дапамогівывозілі з універсітэтаў параненых дзяўчын. Пачаліся маніфестацыі, натоўп пагражаў кулакамі. Але на гэты разкаму? Чалавеку, які пісаў кнігі цяжкай, незразумелай мовай. Мільёны людзей былі бяз працы, сяляне працягвалі жыць у бедных мазанках, але хіба гэта мела значэньне? Людзі Бэгэшці былі занятыя нечым іншым, яны змагаліся з контррэвалюцыяй. Так, нарэшце, яны ведалі, што рабіць, што гаварыць. У цябе няма чаго есьці? Табе няма дзе жыць? Мы пакажам табе віноўніка тваіх няшчасьцяў. Гэта контррэвалюцыянер. Зьнішчы яго і пачнеш жыць па людску. Але ж які ён контррэвалюцыянер, мы ж учора разам змагаліся супраць шаха! Гэта было ўчора, а сёньня ён твой вораг. Выслухаўшы гэта, разгарачаны натоўп кідаецца ў атаку, ня надта задумваючыся над тым, ці сапраўдны гэта вораг. Але натоўп нельга ні ў чым вінаваціць, бо тыя людзі сапраўды хочуць жыць лепш і здавён прагнучы гэтага, яны ня ведаюць, не разумеюць, што адбываецца на гэтым сьвеце, бо нягледзячы на сталыя памкненьні, ахвяры і нягоды, лепшае жыцьцё працягвае заставацца за гарамі.
Сярод маіх сяброў панаваў прыгнечаны настрой. Яны казалі, што набліжаецца катаклізм. Як і заўжды, калі набліжаліся цяжкія часіны, яны, інтэлігентныя людзі, гублялі сілы і веру. Яны рухаліся ў густой цемры, ня ведалі, у які бок накіравацца. Яны былі поўныя страху і фрустрацыі. Яны, тыя, хто калісьці не прапусьціў ніводнай маніфестацыі, цяпер пачалі баяцца натоўпу. Размаўляючы з імі, я думаў пра шаха, Шах езьдзіў па сьвету, у газетах часамі зьяўляўся яго твар, усё больш схуднелы. Ён да апошняга думаў, што вернецца ў краіну. Не вярнуўся, але шмат з таго, што ён зрабіўзасталося. Дэспат сыходзіць, але з яго зыходам ніводная дыктатура цалкам не канчаецца. Умовай існаваньня дыктатуры зьяўляецца невуцтва натоўпу, таму дыктатары заўсёды дбаюць пра яго, заўсёды культывуюць невуцтва. І каб зьмяніць гэта, каб унесьці сьвятло, патрэбныя цэлыя пакаленьні. Перш чым гэта наступіць, часта тыя, што перамаглі дыктатара, дзейнічаюць міжволі насуперак сабе, як яго спадкаемцы, сваім стаўленьнем і спосабам мысьленьня яны працягваюць эпоху, якую самі зьнішчылі. Гэта настолькі міжвольна і падсьвядома, што калі ім зьвярнуць на гэта ўвагу, яны загарацца самым сьвятым абурэньнем. Але ці можна ва ўсім вінаваціць шаха? Шах засьпеў пэўную традыцыю, рухаўся ў межах комплексу звычаяў, якія існуюць сотні гадоў. Вельмі цяжка перайсьці такія межы, вельмі цяжка зьмяніць мінулае.
Калі я хачу прыўзьняць сабе настрой і прыемна правесьці час, я іду на вуліцу Фірдаусі, на якой пан Фірдаусі прадае персідскія дываны. Пан Фірдаусі, які ўсё жыцьцё правёў у кантакце з мастацтвам і хараством, глядзіць на рэчаіснасьць, што акружае яго, як на другарадны фільм у танным і забруджаным кінатэатры. “Усё зьяўляецца пытаньнем густу, – кажа ён мне, – трэба мець густгэта самая важная рэч. Сьвет выглядаў бы інакш, каб трохі больш людзей мела крыху больш густу. Усе жахі (бо ён называе гэта жахамі), такія як мана, здрада, крадзёж, даносы, прыводзяць да агульнага назоўнікатакія рэчы робяць людзі, у якіх няма густу”. Ён верыць у тое, што народ перажыве ўсё, і што прыгажосьць невынішчальная. “Вы павінны памятаць, – кажа ён мне, раскручваючы чарговы дыван (ведае, што я не куплю яго, але хацеў бы каб я парадаваў ім сваё вока), – тое, што дазволіла персам застацца персамі цягам двух з паловай тысячаў гадоў, тое, што дазволіла нам застацца сабой, нягле­дзячы на столькі войнаў, нападаў і акупацыяў, гэта была нашая духоўная, а не матэрыяльная моц, нашая паэзія, а ня тэхніка, нашая рэлігія, а ня фабрыкі. Што мы далі сьвету? Мы далі паэзію, мініяцюру і дыван. Як вы бачыце, з матэрыяльнага пункту гледжаньня самыя бескарысныя рэчы. Але менавіта ў гэтым мы праявілі сябе. Мы далі сьвету гэтую цудоўную, непаўторную бескарыснасьць. Тое, што мы далі сьвету, не пасуе для таго каб палегчыць жыцьцё, але для таго, каб яго аздобіць, вядома, наколькі мае сэнс гэтае адрозьніваньне. Бо, напрыклад, для нас дыван жыцьцёва патрэбны. Вы расьцілаеце дыван на страшнай, спаленай пустыні, кладзецеся на яго і адчуваеце, што ляжыце на зялёным лузе. Так, нашыя дываны нагадваюць квітнеючыя лугі. Вы бачыце кветкі, бачыце сад, сажалкі і фантаны. Паміж дрэвамі прагульваюцца паўліны. А дывангэта трывалая рэч, добры дыван захоўвае колер на вякі. І такім чынам, жывучы ў голай і аднастайнай пустыні, вы жывяце як у садзе, які вечны, які не губляе ні колеру, ні сьвежасьці. А яшчэ можна ўявіць сабе, што той сад пахне, можна пачуць шум ручая і сьпеў птушак. І тады вы адчуваеце сябе добра, вы адчуваеце сябе абраным, вы каля неба, выпаэт”.