12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Караткевіч

_____________________
"Беларусь - гэта цэлы сусьвет у Сусьвеце".
Лісты да Мікалая Улашчыка

Сярод вялікай колькасьці разнастайных па складзе і зьмесьце фондаў асабістага паходжаньня вядомых беларускіх вучоных, пісьменьнікаў, грамадска-культурных дзеячаў, якія захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, нельга не адзначыць рукапісны архіў беларускага гісторыка, археографа, этнографа, краязнаўца Мікалая Мікалаевіча Улашчыка.
Лёс М.М.Улашчыка быў трагічным – безпадстаўна абвінавачаны, тройчы рэпрэсаваны, ён зьведаў засьценкі ГУЛАГу, быў пазбаўлены магчымасьці працаваць на Бацькаўшчыне, але ўсё жыцьцё заставаўся адданым свайму прызваньню – гісторыі.
М.М. Улашчык – аўтар працаў па пытаньнях сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця класавай барацьбы на Беларусі і ў Літве, археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі дакастрычніцкага перыяду, праблемах беларуска-літоўскага летапісаньня, этнаграфіі і фалькларыстыкі. Ён падрыхтаваў да выданьня два тамы ”Поў­нага збору рускіх летапісаў”, у якіх былі сабраныя ўсе вядомыя беларуска-літоўскія хронікі, што зьяўляюцца каштоўнай крыніцай па гісторыі культуры беларускага і літоўскага народаў.
Нягледзячы на тое, што М.М. Улашчыку не было дазволена працаваць на Беларусі, усё яго жыцьцё і творчая дзейнасьць былі зьвязаныя з Бацькаўшчынай. Таленавіты вучоны, чалавек энцыклапедычных ведаў, яркая асоба, Мікалай Мікалаевіч шчодра дзяліўся вопытам з маладымі беларускімі калегамі, прымаў удзел у навуковым і культурным жыцьці рэспублікі, пільна сачыў за навінкамі беларускай навуковай і мастацкай літаратуры, вёў шырокую перапіску.
Мікалай Улашчык пакінуў багатую творчую спадчыну. У яго рукапісным архіве захоўваюцца матэрыялы творчага характару, сярод якіх чарнавікі і шматлікія матэрыялы, сабраныя вучоным-гісторыкам падчас працы над яго асноўнымі манаграфіямі: “Перадумовы сялянскай рэформы 1861г. у Літве і Заходняй Беларусі”, “Нарысы па археаграфіі і крыніца­знаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду”, “Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання”, гісторыка-этнаграфічным нарысам “Вёска Віцкаўшчына”. У архіве таксама захоўваецца рукапіс яго “Края­знаўства”, чарнавікі, накіды, варыянты шматлікіх нарысаў, артыкулаў, успамінаў, рэцэнзіяў, водгукаў і інш.; біяграфічныя матэрыялы; цікавыя фотаздымкі; артыкулы і дасьледаваньні аб яго жыцьці і творчай дзейнасьці.
Засталася вельмі багатая эпісталярная спадчына вучонага. Сярод яго карэспандэнтаў былі пісьменьнікі, мастакі, вучоныя многіх краінаў сьвету, сябры: Гаўрыла Гарэцкі, Янка Брыль, Іван Мележ, Пятро Глебка, Станіс­лаў Шушкевіч, Ніл Гілевіч, Уладзімір Караткевіч, Ларыса Геніюш, Адам Мальдзіс, Анатоль і Валянцін Грыцкевічы і інш. Значная частка лістоў М.М. Ула­шчыка да розных асобаў і ўстановаў захавалася ў архіве ў выглядзе машынапісных копіяў. Відаць, частка пісьмаў друкавалася на машынцы ў двух экземплярах і другі заставаўся ў хатнім архіве.
Сярод пісьмаў розных асобаў да М.М. Улашчыка ў рукапісным архіве захоўваюцца 2 лісты Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.
У першым з публікуемых лістоў ідзе гаворка пра раман У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, які быў выдадзены на рускай мове Маскоўскім выдавецтвам “Советский писатель” у 1974 годзе. В. Шчадрына, якая перакладала творы пісьменьніка з беларускай мовы, адзначала цяжкасьці, з якімі раман выдаваўся ў Маскве. Рэцэнзіі маскоўскіх крытыкаў былі адмоўныя, выдаваць раман вядомага беларускага пісьменьніка не зьбіраліся. В. Шчадрыной параілі зьвярнуцца да М. М. Улашчыка, матывуючы тым, што вучоны-гісторык добра ведае беларускую літаратуру і не адмовіцца даць водгук на раман. Так і здарылася. Дзякуючы прыхільнаму, грунтоўнаму водгуку М.М. Улашчыка, раман у рускім перакладзе выйшаў у сьвет, а потым неаднаразова перавыдаваўся. У першым лісьце У. Караткевіча да М. Улашчыка, які напісаны алоўкам і не датаваны, ідзе размова аб водгуку на раман “Каласы пад сярпом тваім”, які вучоны даў у кастрычніку 1973 г. Таксама ўзгадваецца кватэра па вул. К. Маркса, у якую У.Караткевіч з жонкай і маці ўсяліўся 25 красавіка 1973 г. Таму можна лічыць, што гэты ліст У. Караткевіч напісаў у траўні-верасьні 1973 г. Лісты Уладзіміра Караткевіча друкуюцца паводле правапісу арыгіналаў.
Т. Жук,
Загадчык сектару аддзелу рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.
У.С.Караткевіч – М.М.Улашчыку
[Не пазьней за верасень 1973 г.]

Даражэнькі Мікалай Мікалаевіч!
Прабачце, але абставіны, звязаныя з “Каласамі”1 не дазваляюць мне доўга злоўжываць Вашай гасціннасцю.
Мы, мабыць, проста не зразумелі адзін – аднаго. Вы сказалі: «па абедзе, га­дзіны ў тры – тры трыццаць». Ну а тут атрымалася, што мне яшчэ трэба да размовы з Лесючэўскім2 (яна будзе заўтра) павідацца з двума – трыма людзьмі.
Калі будзе такая патрэба, каб Вам разгледзець раман – яго Вам прынясуць. Я не прашу у Вас водгука прыязнага. Ацаніце рэч, як яна ёсць. Шкада, калі зарэжуць працу 12-ці год.
І ў заключэнне. У мяне цяпер цудоўная хата ў Мінску. Адрас яе і тэлефон:
Мінск, Карла Маркса 36 кв. 24 (наўскос ад Купалаўскага тэатра). Тэлефон 22-22-98. Лічыце, што ў Вас цяпер ёсць другая Ваша і Вашай сям’і хата.
Дужа шкадую, што так атрымалася. Ад усёй душы спадзяюся, што праз месяцы чатыры (яна ўжо на падыходзе) дашлю Вам чарговую беларускую кніжку3 .
Ул. Караткевіч.
(АРКіР ЦНБ НАН Беларусі. Ф. 44. Воп. 1. Адз. зах. 934. Арк.1)


У.С.Караткевіч – М.М.Улашчыку
2 ліпеня [19]82 г.

Дарагі Мікалай Мікалаевіч!
Прабачце за доўгае маўчанне. Карэспандэнт з мяне ўвогуле ніякі, але гэты год (год сабакі) неяк зусім выбіў мяне з сядла і фізічна і духоўна. Ледзь не з смага пачатку года пачаў хварэць (жоўцевы пухір, а значыць ледзь перанервуешся або цяжкія думкі рынуць – гатовы прыпадак, а жыццё наша, на жаль, дае для гэтага прорву падстаў), і вось зараз ледзь-ледзь выкарасківаюся. Акрамя таго, звалілася бездань працы, ды яшчэ прахадной, няўдзячнай, можа камусьці і патрэбнай, толькі не табе самому. Са студзеня пераклаў «багдановічаўскі» цыкл вершаў адной бедалагі, хворай украінскай паэтэсы4 , напісаў рэцэнзіі на некалькі паэтычных зборнікаў, прычым адзін з іх пра гісторыю, так што давялося даследванне пісаць; зрабіў некалькі артыкулаў і эсэ (адно пра Украіну для новага альманаха «Братэрства»5 і адно пра Кіеў для «Маладосці»6 ). Як бачыце, усё гэта не сабе і не для душы, але ж рабіць паслугі і памагаць людзям таксама трэба.
Акрамя таго скончыў п’есу пра паўстанне Вашчылы пад назвай «Маці ўрагану» (патроху і да Магілёва, як бач, з часам дабяруся). Коласаўцы гастралююць у Сімферопалі, дык вылятаў туды і чытаў ім, а пра рэзультат пакуль нічога не ведаю, як яшчэ яны разбяруцца, ды як яшчэ ў міністэрстве паглядзяць. Кляты лёс, калі будучыня твора залежыць ад таго, як на яго нехта паглядзіць!
Ну і яшчэ скончыў і здаў на кінастудыю сцэнарый трохсерыйнага фільма па «Чорным замку Альшанскім». Лёс таксама пакуль невядомы. І ўсё гэта хворы. А цяпер яшчэ вісіць на мне заказ, кніга пра Мсціслаў. І яшчэ – «Каласы» трэба ўрэшце канчаць.
А настрой такі, што здаецца, усе сілы вычарпаў. І, здаецца, плюну я на ўсё гэта, да махну на Камчатку, а пасля на Сахалін, а пасля на Чорнае мора ды прайдуся з рыбакамі. І так аж да асенніх дажджоў, да лістапада, а там зноў засяду за работу. А дальбог, так і зраблю! Абрыдла ўсё, папера, і тая абрыдла.
Дзякуй Вам за добрую думку пра «Зямлю»1. Скора выйдуць пасля дваццацігадовай забароны «Леаніды»2 /цьху-цьху-цьху!/ – дашлю іх Вам.
З цікавасцю прачытаў артыкул пра Вас, але, мяркуючы па тым, што Вы напісалі ў лісце да мяне, Вашы асабістыя ўспаміны былі б значна цікавей. Дальбог, напісалі б ! Мемуарная літаратура ў нас у зародышы, практычна зусім яе няма. А што гэта за літаратура без мемуараў? Камусьці трэба пачынаць. Вось Вы і пачніце. Чалавек Вы разумны, відалы, зычлівы, разбірацца ў людзях умее­це. Можа атрымацца дужа цікавая рэч.
А Беларусь і мне здавалася аднастайнай, пакуль ведаў я Оршу ды Рагачоў. А як пабываў на Наваградчыне, прайшоў Палессе, паўночны азёрны край, Белавежу і інш. – пераканаўся, што гэта цэлы сусвет у Сусвеце, розны, разнастайны, з самымі непадобнымі людзьмі, краявідамі, дрэвамі. І ў кожнай ракі, у кожнага возера, у кожнага гарадка (што асабліва датычыцца Палесся і Заходняй, якія менш нівеліравала вайна) сваё аблічча, невыказна цікавае, калі да яго прыгледзішся.
Ці збераглося хаця нешта з фотак Вашага колішняга падарожжа з Купаліхай?
Прыязджайце. А прыехаўшы заходзьце ў госці. І не чакайце для гэтага Каляд.
Ваш Ул. Караткевіч.
(АРКіР ЦНБ НАН Беларусі. Ф. 44. Воп. 1. Адз. зах. 934. Арк. 2.)