12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Галіна Каржанеўская

_____________________
Прыхадні. Прыпавесць


Людзі прыходзілі па адным, звычайна ноччу і ў адным і тым жа месцы. Яно было зацішным, атуленым з аднаго боку густым лесам, а з другога падперта стромкім узгоркам, які таксама зарос дрэвамі і кустоўем. Пра сам узгорак хадзіла нядобрая слава: быццам валуны на яго макаўцы ўвесь час ляжаць па-іншаму, хоць і ў роскід; і як бы ні ляжалі, а адзін заўсёды размяшчаўся ў цэнтры, нібыта які правадыр ці начальнік.
Калі тут пачалі з’яўляцца людзі – наконт таго існавала некалькі здагадак-дапушчэнняў. Адны казалі, што так было заўсёды: людзі не прыходзілі, яны іменна з’яўляліся, як бы звальваліся з неба. Апраналіся ў адзежу, якую пакідалі жыхары паселішча (спецыяльна для гасцей, на выпадак, калі тыя ўцялесняцца), скіроўвалі на дымы з комінаў, знаёміліся і пачыналі тут жыць. Праўда, «знаёміліся» сказана гучна. Ім для пачатку належала даць імёны, для чаго існаваў нескладаны рытуал: у круг станавіліся старэйшыны, задзіралі галовы да зорак, і на макаўку аднаго з іх звальвалася імя – гэтак жа спантанна, як і сам госць.
Сказаць, што мясцовыя напачатку былі агаломшаныя – нічога не сказаць. Хутчэй гэта напамінала шок. Жыхары збірался купкамі ў дварах альбо ў чыёй-небудзь хаціне і бясконца пераказвалі гісторыю, як кульгавы Юз, што пасвіў коз, убачыў ля ўзгорка першага прышэльца – абсалютна голага, як вы разумееце, бо ён быў першым.
Адзежу для прыхадняў клалі на плоскі валун з дзіўнымі знакамі. Клалі то жаночую, то мужчынскую, і было смешна, калі памыляліся: мужыкі блыталіся ў спадніцах, а жанкі мусілі надзяваць кашулі ды штаны. Зрэшты, клімат тут быў такім лагодным, што апрананне было ў асноўным данінай традыцыі, а не жыццёвай неабходнасцю.
Прыхадні не выглядалі разгубленымі, трапляючы ў незнаёмую мясцовасць, ды яшчэ неапранутымі. Так, паазіраюцца для прыліку – і чэшуць у напрамку паселішча. Размаўлялі яны гэтак жа, як і тутэйшыя, так што моўнага бар’еру не існавала. Пра назвы хатніх рэчаў, посуду, раштунку часам пыталіся. Увогуле яны зашмат распытвалі – як быццам засланыя кімсьці шпіёны. З цягам часу да іх і мянушка такая прыклеілася – «шпіёны». А ў астатнім былі людзі як людзі: абжываліся ў хацінах, якія самі ж і будавалі з дапамогай мясцовых, знаходзілі пару (абавязкова са сваіх) ды жылі сумеснай гаспадаркай. Вось толькі дзяцей ні ў кога не нараджалася. Можа, лічылі перажыткам выпускаць маленькіх чалавечкаў з сябе, можа, ім гэта проста забаранялася.
Дэмаграфічнага прыросту не назіралася і ў мясцовых. Ну, цяпер-то няма пытанняў – усе старыя, але і раней жанатыя пары з зайздрасцю назіралі, як давалі прыплод козы альбо з яек выводзіліся хатнія птушкі.
Прыхадні – ні мужчыны, ні жанчыны -- не дапускаліся ў раду старэйшын, а ў астатнім мелі тыя ж правы: права мець асобную хату, асобную жонку (ці мужа), асобны лапік зямлі для земляробства. Участкі з хатамі яны чамусьці называлі д а ч а м і. Паходжанне слова ніхто не ведаў. Участкі выдзяляліся аднолькавай плошчы, кожны дом меў свой парадкавы нумар. Госці садзілі і сеялі, выраблялі прасцейшыя прылады працы, займаліся разьбой па дрэве. Коз і авечак, праўда, не разводзілі, і паляванне ў іх было забаронена. Толькі не падумайце, што яны былі вегатарыянцамі. Мясныя (ці падобныя да мяса) прадукты прывозілі па рэйках суседзі – супольнасць, якая адрознівалася колерам скуры і разрэзам вачэй. Яны згружалі прадукты, а часам і прылады ў вызначаным месцы і ехалі назад у сваіх міні-вагончыках, больш падобных на тачкі. Пры гэтым выглядалі задаволенымі – быццам груз які з плячэй скінулі, і па дарозе моцна гарлалі свае незразумелыя песні. Якогась грашовага разліку пры гэтым мясцовыя не заўважалі. Было падобна, што жоўта­скурых проста абавязалі падтрымліваць жыццё прыхадняў. Тутэйшым не падабалася, што з суседзямі не ўдавалася завязаць кантакту. Што ж гэта за суседзі, калі яны паводзяць сябе так высакамерна?
Са “шпіёнамі” было прасцей. Увесь вольны ад хатніх справаў дзённы час тыя трацілі на распытванне, разглядванне, звычайнае назіранне, а вячэрні – на бязмэтнае сядзенне кругам, дзе ніхто не падаваў голасу. Кіравалі яны ў крузе па чарзе, і кіраванне зводзілася да таго, што галоўны падчас маўчання рэзка ўскрыкваў, але толькі адзінкі спалохана ўздрыгвалі. Астатнія сядзелі з каменнымі тварамі, засяроджаныя і расслабленыя адначасова.
У гэтым свеце ўсё было больш-менш наладжана і зразумела: людзі па адным з’яўляліся і па адным адыходзілі: паднімаліся на ўзгорак -- і проста знікалі. Як раствараліся сярод зараснікаў, і толькі слабае свячэнне ў небе ды мерны гул заставаліся пасля іх адыходу. Але звыклы парадак пачаў даваць збой: прыгатаванае адзенне ўжо некалькі месяцаў ляжала некранутае. Лік прыхадняў змяншаўся, тыя, што заставаліся, сядзелі ўжо зусім вузкім кругам, і многа дачаў стаялі пустымі.
Старэйшына па імені Гай лічыў сваім абавязкам кожны дзень наведваць Месца з’яўлення. Папраўдзе, у тым не было пільнай патрэбы: і таму што прыхадні перасталі з’яўляцца, і таму што, з’явіўшыся, беспамылкова выходзілі на паселішча, як быццам мелі яго карту. Мала таго, хадзілі чуткі, быццам кожны з іх меў сваё ўласнае заданне і падпісваў якісь кантракт. Адкуль пайшла пагалоска – невядома. У чым мог заключацца кантракт – тым больш. Але заўважылі: чым больш дзейсным, неабыякавым быў прыхадзень, чым актыўней ён удзельнічаў у жыцці мясцовых, тым пазней яго з а б і р а л і.
Яшчэ на падыходзе да плоскага валуна Гай спыніўся. Яму здалося, што чуцён дзіцячы плач. Адтуль, з боку каменя. Ён не паверыў сваім вушам. Тым болей – вачам, калі ўбачыў неверагоднае: на траве сядзела і румзала голае малое дзіця. Стары падумаў: а што калі б сюды ніхто доўгі час не наведваўся? Навошта такі сюрпрыз? Хто будзе гадаваць хлопчыка?
Сабралі сход з удзелам прышэльцаў. Дзіця прыгрэлася на руках у Гая і заснула. Адна з новенькіх, падышоўшы, пакратала перш пальчыкі на ножцы, потым ружовую пятку. Усмешка асвяціла круглявы твар. Астатнія назіралі за ёй, і рашэнне было адзінадушным: даглядаць дзіця даверылі ёй. Прыкінулі: да шасці прыкладна гадоў. Бо калі т а м усе такія разумныя, то з цягам часу прышлюць і настаўніка.
Старэйшыны прынялі беспрэцэдэнтнае рашэнне: і новенькая, і хлопчык будуць жыць сярод іх, а не на дачах. Іх не хвалявала, як на гэта паглядзяць няпрошаныя госці. Зрэшты, тыя і не аспрэчвалі рашэнне, толькі наведваліся з падарункамі.
Мясцовыя амаль не здзівіліся, калі ў чарговай прадуктовай тачцы аказаліся байкавы касцюмчык, памперсы і нават пустышка, а таксама некалькі пакетаў сухога малака. Як быццам у іх не хапала “мокрага”!
Падзея ўзрушыла ўсё паселішча. Кожны ведаў, што сам калісьці быў малым і бездапаможным, а потым падрастаў, сталеў, але ўспаміны неяк не тычыліся гэтай мясцовасці. Дзяцінства, відавочна, праходзіла не тут. Дакладна – не тут. Яны ведалі адзін аднаго з маленства, але як сюды трапілі -- ніхто не памятаў, і для чаго тут пасяліліся, заставалася таямніцай.
Не прайшло і двух месяцаў са дня з’яўлення хлопчыка, як мясцовыя зноў перажылі немалы – можа, нават большы стрэс: не стала кульгавага Юза. Козы, якія ён пасвіў, разбрыліся. Добра, што не пагубляліся. Сам Юз ляжаў пад дубам халодны і маўклівы, нават не выпусціўшы з рук пугу. Гай зразумеў: пара даставаць інструкцыю. Яна была надзейна схавана на гарышчы, і пра яе не ведала нават жонка.
Дрыжачымі рукамі Гай расправіў паперыну. Там былі тэкст і малюнак. У прыцемках старэйшына з цяжкасцю разбіраў напісанае: “Калі закончыцца жыццёвы рэсурс клонаў…” Якіх клонаў? Які рэсурс? Ад раптоўнай слабасці захацелася сесці. Інструкцыя вучыла, як правільна капаць магілу і праводзіць у апошні шлях спачылага. Усё лагічна. Ім яшчэ не выпадала х а р а н і ц ь, бо ніхто дасюль не паміраў. Паколькі не было здарэння, то не магло быць і традыцыі. Я н ы прадугледзелі і гэта. Самі сабой выстройваліся ў адзін шэраг падзеі іх доўгага, ненармальна доўгага жыцця сярод зеляніны, райскіх кветак, азярын, поўных рыбы… Дык вось чаму яны прыслалі дзіця. Услед за Юзам пойдуць іншыя.
Адно заставалася няясным: у чым сэнс іх тутэйшага, па сутнасці расліннага існавання? Не выключана, што над імі проста ставяць эксперымент. Хто і дзеля чаго? І ці не час зразумець яго сутнасць?
Халодны пот выступіў на ілбе. Калі яны пахаваюць пастуха, то давядзецца зрабіць яшчэ адзін крок, прадугледжаны інструкцыяй: звязацца з і м і па апараце, які таксама знаходзіўся на гарышчы і быў надзейна завалены рыззём.
Не, здаецца, ён забягае наперад. Сувязь належала ўсталяваць тады, калі памруць двое. А што, калі другім будзе ён сам? Ці прадугледжаны такі варыянт тымі разумнікамі, што назіраюць за імі, як за паддоследнымі звяркамі? У паперыне нічога падобнага сказана не было.
Кожны з 12-ці старэйшын меў свой абавязак. Хто адказваў за будаўніцтва, хто – за развядзенне жывёлы, хто – за падтрыманне міру ў супольнасці, хто – за стан здароўя. Ён, Гай, таму і быў галоўным, што на яго папячэнні знаходзілася мясцовая бібліятэка. Святая святых, можна сказаць. Няхай сабе яны і клоны, як абазвалі іх у інструкцыі, але старэйшына зрабіў усё, каб людзі знаходзілі час для чытання і праслухоўвання запісаў. І не проста чыталі – абмяркоўвалі, стваралі ўласныя песні, казкі, паданні, і ўвесь гэты фальклор Гай збіраў, перапісваў уласнаручна, абцягваў скуранымі вокладкамі…
Прыхадні абступілі магілу разам з мясцовымі, але глядзелі не на памерлага, а на тых, што яго засыпалі зямлёй. Жанчыны плакалі. Адна спрабавала нават галасіць, хаця не была з нябожчыкам у блізкіх адносінах. І ў фанатэцы нічога падобнага не было. Адкуль гэта, з якіх сховаў, з якіх патаемных глыбінь падсвядомасці? Гай стараўся запомніць кожнае слова, каб пасля запісаць. На пахаванні не было толькі выхавацелькі з малым. Ёй было загадана заставацца дома.
Круглатварую назвалі Еўрай, калі яна спусцілася ў паселішча. Цяпер, калі яна пад апекай мясцовых, ніхто з прыхадняў не мае права прапаноўваць ёй сямейны саюз. Хлопчык ужо хадзіў, нават бегаў, рос шустрым і дапытлівым. Ён быў агульным любімцам, і Гай сачыў, каб дзіця не раздурвалі, каб не давалі залішне многа ласкі і ўвагі. Бо той, хто расце ў рэжыме “прыёму”, пасля не здольны аддаваць. Ён ужо марыў пра той час, калі малога завядзе ў бібліятэку і раскрые перад ім фаліянт з каляровымі малюнкамі – гісторыю іх супольнасці. А пакуль што казкі і калыханкі вучыла на памяць Еўра. Што ж гэта за выхавацелька, калі яна сама не абазнаная ў мясцовай культуры?
Кнігі і фанатэка былі завезены сюды жоўтаскурымі, і вельмі даўно. Гэта быў адзіны – і вельмі важны – момант іх кантакту. Праз кнігі ім быццам гаварылі: не захаваеце – і хана вам, можаце здзічэць сярод першароднай прыроды, страціць інтэлект і ўсе прыкметы чалавека разумнага.
Так, яны дасюль не паміралі, аднак аднаго са сваіх мясцовыя страцілі-такі. Той ніяк не мог змірыцца з неабходнасцю жыць на адным месцы. Непраходны лес яго прыцягваў, як магніт. Ён прападаў у ім цэлымі суткамі, пакуль не сапраўды не прапаў, і яго цела не знайшлі. Адказны за бяспеку старэйшына быў пакараны, а потым і адлучаны ад пасады. Каралі сваіх заўсёды аднолькава: поўнай ізаляцыяй ад іх нешматлікага соцыуму на пэўны тэрмін. І горшай кары прыдумаць было нельга.
Дзіўныя адносіны складваліся ў мясцовых з “гасцямі”. Нібыта і прыязныя (дапамагалі адзін аднаму пры выпадку), але з адценнем афіцыёзу. Прыхадні з падкрэсленай павагай ставіліся да абарыгенаў, нізка кланяліся іх жанчынам, а старэйшынам увогуле цалавалі рукі. Гэта было дзіўна, незразумела, але з цягам часу да такога стаўлення прывыклі. Яго ў рэшце рэшт растлумачылі так: “госці” падкрэслена дэманстравалі тутэйшым свой залежны стан, бо мелі да іх невядомы інтэрас, а можа, і разлік. Госці таму і госці, што яны тут ч а с о в ы я. Але і мы не вечныя, падумаў Гай, прыпомніўшы пахавальны абрад, і думкі звыкла пачалі круціцца вакол аднаго і таго ж пытання: хто такія клоны? Мабыць жа, людзі, у тым сунявацца не даводзілася. Тады чым яны адрозніваліся ад астатніх? Бо менавіта а с т а т н і я напісалі тыя кнігі і песні, што з’яўляліся залатым фондам, падмуркам іх культуры.
Наступным знакам кепскіх перамен стаў недахоп пітной вады. Калодзежы за апошні год прыкметна змялелі. Часам за ноч не набіралася столькі вады, колькі патрабавалася для гаспадарчых патрэб. З-за размеркавання вады здарылася нечуванае: пабраліся за грудкі два мясцовыя мужыкі. Іх развёў самы рослы і аўтарытэтны з прыхадняў – Юпітэр. І хто мог даць яму такое недарэчнае імя? Гай не ўмешваўся, бо лічыў ніжэй сваёй годнасці прымяняць фізічную сілу.
Нават клімат пачаў мяняцца, бо сонечны дыск зрабіўся менш яркім, прыхаваным у марыве, а вецер падчас дыхаў такой спёкай – ну як з пустыні, а не з пракаветнай пушчы, якой не было канца і краю.
З Юпітэрам Гай блізка не сышоўся, але аднойчы меў цікавую размову з прыязнай і гаваркой Еўрай. Вельмі цікавую, бо з подступамі, з адхіленнямі, дзякуючы правільна пастаўленым пытанням, тое-сёе выведаў. Найперш наконт таго, чаму з’яўляліся без вопраткі. Аказваецца, для засланых сюды як бы пачыналася новае жыццё. А ў якім выглядзе чалавек нараджаецца? Зразумела – у якім. У чым маці нарадзіла. Аднак “засланым” казаць было няправільна, недакладна. Кожны трапляў сюды выключна па ўласным жаданні; мала таго – прыходзіў спецыяльны адбор, нават конкурс, каб у адзін цудоўны момант апынуцца ў іх “рэзервацыі”. Чаму мясцовая супольнасць настолькі адгароджана ад усяго свету – гэта пытанне “на засыпку”, і нават Еўра, схамянуўшыся, змоўкла і зрабіла выгляд, што не зразумела.
Будуць, будуць перамены... Госці ўсё часцей кучкаваліся, штось абмяркоўвалі – азіраючыся, каб іх не пачулі, а пры сустрэчах не паднімалі вачэй. Як вінаватыя ў чым...
Заняпад станавіўся ўсеагульным. Козы пачалі хварэць, іх пагалоўе змяншалася на вачах. Многія прылады працы паламаліся, і жоўтаскурыя не спяшаліся падвезці новыя. Іх тачкі ўсё радзей палохалі непужаных птушак у лесе. Ды і выглядалі суседзі нейкімі заклапочанымі, незадаволенымі нават, як быццам адбывалі павіннасць. Сярод мясцовых праявіліся нездаровыя настроі. Яшчэ не дэпрэсняк, не пратэст, а проста ледзь прыкметная, разлітая ў паветры туга... Альбо трывожнасць, падобная на нявыказанае пытанне: а што далей? Што з намі ўсімі будзе?
Адказ дало само жыццё. Ідучы ўгару на Месца з’яўлення, адкуль даўно ўжо ніхто не прыходзіў, Гай перажыў яшчэ адзін стрэс: насустрач яму па сцяжыне шыбаваў чалавек у камуфляжнай форме. Яму не хапала хіба што аўтамата на плячы! Асілак наблізіўся і без ніякага палітэсу, не павітаўшыся, коратка мовіў: “Трэба старэйшына”. “Я старэйшына”, – адказаў Гай, у якога вочы ўсё яшчэ лезлі на лоб. “Маю загад давесці наступнае, – працягваў мужчына ў камуфляжы. – У сувязі з экалагічнай катастрофай і перанаселенасцю планеты, прынята рашэнне зліквідаваць паселішча клонаў і рассяліць іх у горадзе. Тут будзе размешчаны дзіцячы лагер. Вы ўсё зразумелі?” “Усё”, – кіўнуў Гай, хаця на самай справе не разумеў нічога. “А як жа пры?..” – ледзьве не ляпнуў старэйшына, маючы на ўвазе прыхадняў. І скоранька паправіўся: “Як жа нашы госці?” “А-а, даследчыкі... Яны ў курсе. Мне даручана арганізаваць адпраўку і вас, і іх.” Камуфляжны рашучым крокам пашыбаваў у бок паселішча, а Гай сеў на траву ад раптоўнай млявасці. Было адчуванне нерэальнасці ўсяго – і гэтага вайскоўца-вестуна, і многіх год іх спакойнага, размеранага існавання. Адно хіба стала ясна: жыццё, якое ў іх было, скончылася. Ды і ці можна яго назваць сапраўдным жыццём?
Штосьці перамянілася ў наваколлі. Гай няўцямна азірнуўся. Знізу, дзе паўставаў неабсяжны лес, жаўцелі барханы. За імі высіліся будаўнічыя краны. І ўжо зусім далёка віднеліся стромкія спічастыя высоткі – горад. Пачуўся мерны гул. Гэта пад’язджалі крытыя тэнтамі фуры і аўтобусы. “Што ж, пераезд дык пераезд”, – падумаў Гай. І заспяшаўся да паселішча.

Восень 2008 – сакавік 2009 г.