12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Павал Касюцевіч

_____________________
Кава на дарожку. Апавяданне


У сваё самае першае верасня я назіраў урачыстую лінейку праз вакно, бо прыхварэў. Потым яшчэ прапусціў пару дзён, і таму, дзякуючы гэтай злыбядзе, не дазнаўся ўсякіх неабходных базавых звестак пра школу. Вось што я ведаў стасоўна вучэння: трэба падняцца рана па будзільніку, згатаваць сабе гарбаты, выпіць яе, выйсці з кватэры, пашыбаваць праз двор да школы, зайсці ў клас. Пры з’яўленні настаўніка заняць якое-небудзь месца за партаю і сорак пяць хвілінаў засяроджана слухаць. Усё, дагэтуль. Сшыткі, хатняе заданне, завучванні на памяць – пра гэтыя тонкасці я ўжо быў не ў курсе, бо праз маю адсутнасць на першых занятках я папросту аб іх не чуў.
І вось праз тры тыдні школы – а ўвесь гэты час я, ачунялы пасля хваробы, ужо сумленна наведваў заняткі – настаўніца ўпершыню выклікала мяне пачытаць уголас па складах нейкі ўрывак у стылі “ма-ма мы-ла ра-му”. У адказ я толькі прамармытаў нешта няўцямнае, абсалютна не патрапляючы ў літары.
Чытаць я не мог, бо ні разу не займаўся дома. Пасля таго, як выклікалі ў школу бацькоў, настаўніца, паўапраўдваючыся ці паўабвінавачваючы, сказала, што бачачы такога харашмянага хлопчыка, які з сур’ёзным выглядам штодня засядае на першай парце і глядзіць на яе ўважліва сваімі разумнымі сінімі вачыма, ёй нават у галаву не прыходзіла, што я – абух-абухом і не раблю ніякіх хатніх заданняў. Потым ужо дома мама ў слязах мне патлумачыла, што пасля заняткаў належыць забіраць ранец дадому, а не пакідаць яго пад партаю, як тое, не надта мудруючы, рабіў я дагэтуль.
І так усё жыццё – я надта харашмяны, каб сказаць мне праўду. Ад мяне хавалі смерць бабы Груні, бацькі запэўнівалі, што яна назаўжды з’ехала ў Крым, каб лекавацца, бо моцна-моцна хворая, і калі я выпадкова знайшоў фоткі з яе пахавання, дзе яна ў труне, была адурэнная істэрыка. У мінскай школе настаўнікі мяне любілі і ставілі пяцёркі, як высвятляецца, без дай прычыны, бо на ўступных іспытах незнаёмыя са мною ізраільскія выкладчыкі не пусцілі мяне ў ВНУ.
Не патрапіўшы ва ўніверсітэт, у Рамат-Гане я пайшоў працаваць начным ахоўнікам. З цягам часу ў банку на маім рахунку ўтварыўся мінус. Рахунак арыштавалі і праз адвакатаў прымусілі плаціць даўгі.
– Я ведаў, што ў мяне на рахунку ўсё пагана, але ўсё роўна: чаму вы мяне не папярэдзілі? – абураўся ў банку я. – Так, лістоў я не чытаю, бо ў маім пад’ездзе зламаныя паштовыя скрыні, але ж можна ж было сказаць, што падаеце на мяне ў суд – я ж прыходзіў сюды амаль штодня?
За акенцам сядзела прыветная дзяўчына, з якой мы амаль пасябравалі падчас маіх колішніх візітаў, нават перакідваліся неабавязковымі аптымістычнымі фразамі.
– Я думала, што ваш доўг неяк рассмокчацца, – адказала дзяўчына і таксама перайшла “на вы”.
Я азвярэў:
– Напрамілы бог, вы, банкаўскі супрацоўнік, думалі, што “неяк рас­смокчацца”? Вас, якую пасадзілі тут знарок, каб не даваць веры ўсякай нізкааплатнай шушары кшталту мяне і правяраць, думалі “што доўг рассмокчацца”?”
– Ну, я не ведаю, – сказала дзяўчына няпэўным голасам, і малой драбніцай не заплакала. – Вы глядзелі на мяне так… так харашмяна… і я падумала… падумала я…

У той вечар мы ляглі ў ложак рана. Раздзеўшыся, Мэйталь паказала мне спіну. Я адчуў, што яна ляжыць і перыцца ў сценку. Але я ўсё роўна стаў да яе лашчыцца пацалункамі ў патыліцу. Абняў за талію. Мэйталь доўга не рэагавала, але ўрэшце павярнулася да мяне, уздыхнуўшы глыбока і безнадзейна, як можа ўздыхаць толькі яна. Потым сказала, што не кахае мяне, што яна доўга думала, амаль месяц, пакуль працавала па кантракце ў Гішпаніі, і што вырашыла ад мяне сысці, і што ў яе паўгода ўжо ёсць іншы мужчына.
Адзін сказ, а колькі новай і карыснай інфармацыі. Я спытаў яе, чаму яна не сказала пра гэта раней.
– Я хацела, – адказала Мэйталь. – Але ты быў надта харашмяны, каб сказаць табе пра тое.
І потым яна паглядзела на мяне так, як глядзяць уладальніцы кацянятак, калі іх улюбёнца званітуе на паркет у гасцёўні, і дадала:
– Ты так кранальна кахаў мяне.
Перад сыходам яна параіла прачытаць “Трансерфінг рэальнасці”, кнігу, якую яна цяпер штудыявала. Нью-эйджавае нешта там — па тэхніцы спраўджвання жаданняў: як шляхам разумовых маніпуляцый дасягаць сваёй мэты, быць шчаслівым, жыць, дзе падабаецца, вучыцца, дзе хочаш, мець грошы на рахунку і г.д.
Асабліва цяжка было слухаць радыё. Глузд таго, хто балансуе на мяжы клінічнай дэпрэсіі, як высветлілася, можа абрынуцца ў бездань шалу ад аднаго-адзінюткага саплівага шлягера. Я цяпер выразна адчуў, што ладная палова песеннага запасу чалавецтва перажоўвала адно і тое: якое ж балючае растанне, і як жа нясцерпна шчыміць таму, ад каго сыходзяць. Радыйнікі толькі далівалі ў агонь алею – ставілі адныя пампезныя, вылізаныя хіты: песні, дзе хвацка падабранае інтра, жарсны меланхалічны запеў і прыпеў са шчымлівым сола ці найграннем у даважак. Песні білі ніжэй за пояс: драпалі нервы, шкуматалі не тое што падсвядомасць – самую душу. Давялі мяне: пасля кожнай я ўціраўся кулаком. Прычым, няважна: былі гэта папса ці рок, сучасныя трэкі ці балады 50-х. Усё роўна: расійская музыка, амерыканская або ізраільская. Праз некалькі дзён я нават стаў шкадаваць, што ведаю ўсе гэтыя мовы. Пры канцы другога тыдня я залічыў песні да абсалютнага зла, як і мой дар быць харашмяным.
У гэтай псіхічнай атацы найперш шчыраваў Боб Дылан са сваёй “Кавай на дарожку”. Той стараваты хіт упадабаў штатны ды-джэй і круціў па “Гальгалацу” безупынку, ад рана да рана, з невялічкім перапынкам на навіны і рэкламу. І тады гэты надрыўны паўтор: “Яшчэ кавы на дарожку, яшчэ кубак на пасашок” суправаджаў мяне ўсюды: калі я сядзеў ноччу ў сваёй каравульнай будцы і пачынаў вадзіць носам, або па дарозе дадому. Тады мараканец Аві, чалавек добрай душы, але сапсаванага густу, адной рукой запальваў цыгарэту і заводзіў сваё падрапанае “Субару”, што мелася адвезці нас дадому. Другою рукою Аві ўлучаў гэты пякельны эфэм. І нават па вяртанні з начной змены, ці калі я рабіў перад сном у сваім арандаваным пакоі штучную ноч, орды бобаў дыланаў са сваімі апошнімі кававымі хоцькамі падступна вырываліся з усіх жалюзевых шчылінаў сумежных кватэраў…
Я сяджу ў Мішанькі і распавядаю яму пра гэта. На стале яго тэль-авіўскай кватэры-студыі попельніца ў форме чэрапа. Горка канопляў. І сушы. Дзень народзінаў вытхнуўся – усе ўсё выбухалі і сышлі. І вось засталося трохі сушаў. Гэта наймодная чухня, якой звычайныя ізраільцы, такія як мы з Мішанькам, спрабуюць заглушыць хаатычна-бясконцыя будні. Праца-дом-шабатшалом! Для такіх, як мы, пастаянна вынаходзяць нешта падобнае: дармавое порна па інтэрнэце, ша-а-алёныя зніжкі на распродажах, эфект матылька і тэорыю змовы. Штогод нам, нестудэнтам, падганяюць шыкоўны Дзень студэнта ў Тэль-Авіўскім універы з дармавым канцэртам Стынга, а кожныя чатыры гады – мундыяль, і дванаццаць месяцаў толькі для нас тут трывае абсалютна курортнае надвор’е.
Я трохі падбуханы. Мішанька ківае ў адказ, але яго ногі нецярпліва патупваюць. Яму хочацца не слухаць мяне, а паказаць новую шапачку, якую яму толькі што падарылі на дзень народзінаў. Шапачка гумовая, з невялікім пад’ёмам на макаўцы, нагадвае насадку помпы. Думаю, яе нават зрабілі з помпамі на адным заводзе, а можа, нават на адным канвееры.
Мішаньку падарылі шапачку не проста дзеля прыгажосці. Рэч у тым, што з прычыны эканоміі месца ў сваёй малюпасенькай аднапакаёўцы Міша ўсталяваў ложак на доўгіх нагах, як бы стварыў другі паверх. У куце прычапіў да ложка прыстаўны трап. Залазіць і спаць на гэтым ложку даволі зручна. Аднак, калі прыводзіш якую-небудзь дзяўчыну, дык знаходзіцца ў паставе місіянера зверху – немагчыма, бо раз-пораз ляскаешся макаўкай аб нізкую столь. Мішаньку пару разоў быў аблом. Адзін раз — таму, што ён да крыві ўдарыўся галавою сам, а другі — таму, што дзяўчына, якую ён прывёў, убачыўшы яго такога, збервянелага над ёю, бо падчас любошчаў думае не пра свой чэлес і яе цела, а пра паставу галавы, ад смеху перахацела. Цяпер гэтай нявыкрутцы будзе дадзены рашучы адпор пры дапамозе гумовай спружыннай шапачкі. Перад самымі народзінамі Мішанька заказаў гэтую шапачку Лене, сваёй колішняй.
– Ведаеш, Мішань, сама крыўднае нават не тое, што яна здраджвала мне з іншым мужчынам. Я таксама, калі прыязджаў у Мінск, пераспаў з аднакласніцай. І як мне не балела, усё роўна на сподзе душы я разумею, што гэтак справядліва, бо яе здрада па вялікім рахунку пахне праведнай адплатай. І нават паскудна не тое, што вось паўгода Мэйталь удавала, што кахае мяне. То бок: сядзела, хадзіла, ела поруч са мною, распраналася перада мною – і не кахала. Калі вельмі старацца пра гэта не думаць, дык ведаеш, чорт бяры з яе каханнем менавіта ў апошнія паўгода: прапала кароўка, дык хай сабе і вяроўка. Самае страшнае, Мішань, – я, хоць задушыся, не ведаю, як мне жыць далей такім па-здрадніцку харашмяным, такім мілым, калі ад гэтага мяне чакаюць адныя трагедыі?
– Мілых жанчыны любяць, – абы збыць з галавы казённымі фразамі адбіваецца Мішанька і прымярае гумовую шапачку. Потым дэманструе, як эфектным жэстам ён дастане яе перад чарговай дзяўчынай, калі яны ўдвох трапяць на ложак на другім паверсе. Шапачка – чырвоная. Эфектны жэст – неэфектны.
– Мішань, я не хачу патрасенняў. Я з’ехаў з РБ, каб пачаць новае жыццё тут, дзе ніхто не ведае ні мяне, ні маёй харашмянасці. Тут я зусім перастаў займацца навядзеннем такой любай мне справядлівасці ў свеце, мне цяпер похер на праблему арабскай меншыні, хаця, як чалавек абазнаны, я мушу пераймацца. Я не хаджу на выбары – ізраільская дэмакратыя мяне, калі шчыра, таксама не абыходзіць. Тут я працую на простых працах і калі прыходжу дадому з дзвюх зменаў, дык у мяне адно жаданне – выпіць два півы і ўсімі сваімі чатырма вачыма паглядзець васьмігадзінныя навіны. А на начных зменах я сікаю пад дэкаратыўныя дрэвы на падворку офіснага будынку, і пасля ранішняй вячэры, не маючы сурвэтак і жадання пайсці па іх, пакуль ніхто не бачыць, выціраю тлустыя рукі аб ногі. Я накурваюся, набухваюся, а ўчора з дагестанцам Пецем я схадзіў да прастытутак. Але мне, Мішань, не сорамна. Мяне маральны бок цікавіць слабавата – я ж хачу хутчэй абжыцца, прыцерціся да новай краіны. Я падоўгу стаю на рынку, каб навучыцца ў самых значных гаспадароў ізраільскага жыцця, уласнікаў гандлёвых ятак, прадаўцоў хасы і сумсума. Лаўлю кожнае іх слова. Сур’ёзна-сур’ёзна, Мішань, я нават запісваю іх дыялогі і маналогі ў свой чорны нататнічак, каб прыхапіць сабе ў дарогу гэтую рыторыку і няхітрыя, але стопудовыя перакананні. …Ну, не тое што прысабечыць, але ўмець усім карыстацца, даставаць як фінку з залапленых шортаў у часе патрэбы…
Мішаньчык заняты – перабірае шышкі ў каноплях і на мяне не зважае. Ён таксама, як і я, працуе начным вартаўніком. Пасля таго, як мяне кінула Мэйталь, я перасяліўся да яго ў рамат-ганскую аднапакаёўку, пажыў трохі тут, але потым знайшоў асобны пакой непадалёк: на Кацнельсон, 25.
І я распавядаю яму гісторыю пра прадаўца сокаў на рынку Маханэ-Егуда.
Да яткі прадаўца свежавыціснутых сокаў падыходзіць стары і заказвае кубак капуснага соку. “Так-так, дзеду, зараз будзе”, – кажа прадавец сокаў ды ідзе шукаць капусту ў суседняй ятцы. У яго на прылаўку цесняцца апельсіны, яблыкі, ананасы і ўсякае іншае, а вось капусты няма. Аднак бізнэс ёсць бізнэс, і гэта ж рынак, дзе ёсць усё, і ў дадатак — усе ўладальнікі іншых ятак яго сябры: бяры ў іх што хочаш. Таму прадавец сокаў, ніяк не падаючы сваёй збянтэжанасці, пазычае на суседняй ятцы качан капусты. Трохі шаткуе той качан і запіхвае капусныя лахманы ў прафесійную – для апельсінаў – сокавыціскалку. Агрэгат голасна ўпінаецца, але ўрэшце адшкадоўвае празрыстую, трохі жаўтаватую вадкасць у кубак пад сабою. “Вуаля, дзеду, капусны сок”, – кажа прадавец сокаў і пхае ў кубак ружовую саломінку. Дзед прымае кубак і плоціць за сок. Выкідвае саломінку, нагбом залівае кубак у рот, але адразу ж выплёўвае ўсё змесціва за левае плячо на брук. “Што такое, дзеду, што здарылася?” – урэшце, насамрэч пачынае трывожыцца прадавец сокаў. “Усё нармальна, – кажа стары. – Я, бачыш, юнача, прыйшоў пераканацца, што капусны сок такое ж паскудства, як і трыццаць гадоў таму”.
– Я ўжо каторы год, Мішань, стараюся стварыць ідэальныя ўмовы дзеля таго, каб жыццё не цырымонілася са мною і рэзала праўду-матку ў вочы, бо з досведу ведаю – інакш будзе яшчэ горш, – працягваю я, по­куль сагнуты напалам Мішанька лёгенька б’ецца галавою ў сценкі кватэры, гэтак выпрабоўваючы спружынныя якасці шапачкі.
– Я, Мішань, відаць, не ў cтане кантраляваць вакол сябе ўсё цалкам, – гэта, пэўна, немажліва, аднак, разумееш, я мушу быць у курсе ўсіх сваіх непрыемнасцяў. Ведаць усё і ад пачатку, каб горыч заставалася пры мне, каб я мог яе прыручыць...
– Ведаеш, Мішань, – кажу я яшчэ. – Я хачу быць падобны да дзота. Адваяваць у гэтых сук сваё права быць рэзкім і непрыемным. І таму ніякіх харашмянасцяў. І я буду дзеля гэтага есці зямлю, калі спатрэбіцца. Што скажаш?
Але Мішанька з помпай на галаве нічога не кажа. З Мішанькі ўжо струменіцца гісторыя пра аднаго сантэхніка, які аднойчы прыйшоў да яго.
Яшчэ тады, калі ён быў са сваёй колішняй — картачнай шулеркай Ленай, у іхняй ерусалімскай халабудзе прабіла каналізацыйную трубу. Па хаце разышоўся магутны смурод. Мама і таты ў Лены і Мішанькі жывуць ва Украіне, таму ўсе шляхі да ўцёкаў былі перакрытыя, і трэба было даваць рады самастойна. Тады ў даведніку “Залатыя старонкі” ў раздзеле “Сантэхнікі” Мішанька знайшоў першую-лепшую абвестку і патэліў. Прыехала двое: сабра*, гадоў трыццаці пяці, і ягоны памочнік, значна старэйшы за яго малдаванін, з усяго відаць гастарбайтар. Халабуда, якую Мішанька арандаваў у старым раёне Нахлаот, стаяла ў прыватным сектары: вадаправод там вялі яшчэ туркі, і, можа, таму сантэхнікам давялося праверыць трубы на прабоіну не толькі ў доме, але таксама і ў прылеглым садочку.
Аднак сам сабра каналізацыйных сцёкаў даследваць не стаў, адно назіраў з адлегласці і толькі даваў каманды малдаваніну, які капаў яму ў пошуках каналізацыйнай жылы. Мішанька, перабываючы ў тым жа садочку, сярод кактусаў у засені персікавага дрэва, заўважыў, што шчака сабры дзіўнавата паторгвалася ўгору й долу, а ніжняя губа раз-пораз па-здрадніцку раз’язджалася да вушэй, не раўнуючы замок-маланка, – ажно стваралася ўражанне, што нехта згары невідочнымі ніткамі стараецца падвесіць сабру за куток рота, а ён гэтаму трохі супраціўляецца. Калі сабра ўрэшце пашыбаваў на кухню – выпісаць рахунак за працу, Мішанька ціхенька спытаўся малдаваніна, якога звалі Косцем, што з ягоным начальнікам такое. Малдаванін адказаў, што гэта такі цік, алергія. Алергія на лайно, дадаў ён па-расейску.
– Ці ж гэта не смешна: сантэхнік, у якога алергія на лайно? – падсумоўвае гісторыю Мішанька.
– Гэта не смешна, Мішань. Ведаеш, Мішань, – кажу яшчэ я. – У мяне такое адчуванне, што пад маім носам маё атачэнне, людзі і абставіны, клеяць свой паскудненькі шахер-махер, гуляюцца са мной і маім лёсам, як з лялькаю, крояць мяне на шматкі, як якую-небудзь рэч паспалітую, і ніхто нават не лічыць належным давесці гэта да майго ведама. Адбываюцца сур’ёзныя падзеі, Мішань, і кожны чарговы чалавек на маёй дарозе толькі тое і робіць, што ставіць мяне перад фактам ракам. Усё гэта вельмі падобна да абразы. Смяротнай знявагі. Ты мяне ўвогуле слухаеш? – ужо істэрычна выкрыкваю я.
Мішанька не слухае. Ён перастаў біцца галавою аб сцену – выпрабаванні шапачкі, трэба меркаваць, адбыліся паспяхова. Тут ён нагадвае пра яшчэ адну нашую прыгоду – з часоў, калі ён быў яшчэ з Ленай, а я з Мэйталь.
Аднойчы Сашу-Ластаўцы на дом прыйшла рэкламка зніжак курсаў нямецкай мовы ў тэль-авіўскім філіяле Інстытута Гётэ. Нам з Мішанькам нямецкая мова была пофіг. Драпануць у Нямеччыну хацеў толькі Ластаўка. Нас завабіў тэкст, набраны дробным шрыфтам у самым куце абвесткі, які абяцаў, што падчас запісу ў вітальні Інстытута будуць наліваць бясплатна куфаль піва і пачастуюць кілбаскамі.
Што тут скажаш – такімі заявамі пра халяўнае піва можна выбіць са сну і спакою каго заўгодна. А то. Да прыкладу аднойчы ў Швецыі – пра гэта нават пісалі ў інтэрнэце – у адным бары памылкова прыварылі трубы: пераблыталі сістэмы водазабяспячэння з піўнымі трубамі і з крана кватэры, што месцілася па-над барам, палілося піва. Жанчынка, жыхарка той кватэры, якая выявіла гэта, ад шчасця зусім глузданулася: не пайшла на працу, цэлымі днямі валялася на канапе, піла піва з вадаправода і горачна дзякавала свайму шведскаму Усявышняму. Самае цікавае, што ў жыцці яна была ў прынцыпе непітушчая. Яна гэтак узрадавалася, аж не заўважыла нават, што цёплае піва, якое прастаяла некалькі дзён у няправільнай трубе, скісла.
– Пэўна, падумала, што наступіў апакаліпсіс, толькі наадварот, – рагатнуў Ластаўка, калі Мішанька распавёў яму гісторыю пра шведку. Потым Ластаўка аддаў нам рэкламку, бо для атрымання кілбасак і піва яе трэба было паказаць на месцы запісу.
І вось мы пайшлі на дармавое піва ў Інстытут Гётэ.
Тое было на Пэсах. Мэйталь жыла ў Гішпаніі, і мне без яе было нялёгка. Нялёгка было наконадні і Мішаньку, які адпрацаваў ахоўнікам на ўваходзе ў нейкі тэль-авіўскі гатэль: правяраў торбы ў тых, хто заходзіць. Мішаньку паскудна працавалася, бо ў вечар Пэсаха па краіне прайшло штармавое папярэджанне: некалькі членаў тэрарыстычнай групоўкі “Пакутнікі Аль-Акцы”, у сваёй чорнай уніформе, пакляліся перад камерамі, што падымуць якую-небудзь габрэйскую пагулянку на паветра. Таму ў святочны вечар усіх ізраільскіх ахоўнікаў ля разнастайных уваходаў краіны турзалі дэманы страху.
І што самае займальнае ў гэтай сітуацыі? Адзіная рэч, якае застаецца ў гэтым свеце нейкаму ахоўніку Хав’еру, Армэну ці Мішаньку, пры ўсёй аграмаднасці выбару ды наяўнасці ўсемагчымых магчымасцяў – стаяць і чакаць, як да іх наважацца прыйсці аматары даць слова і ўзяць жыццё. То бок, фактычна прыдзверны ахоўнік у гэткай сітуацыі можа яшчэ ад самага пачатку скласці рукі і адкінуць свой пісталет падалей – бачце, у любым выпадку шоу адбудзецца без удзелу сэк’юрыці.
Вось глядзіце. Вы – ахоўнік, і паводле плану тэрарыстаў бомба мусіць грымнуць ля вашага ўваходу. Дык тады да вашых дзвярэй проста падыдзе падазроны хрэн, які размаўляцьме з арабскім акцэнтам. Вы згодна з інструкцыямі больш-менш ветліва папросіце яго адчыніць торбу ці расшпіліць не па надвор’і ўгрэўную куртку. І далей усё – хлапок, штуршок і да пабачэння літраёт. Нават гупат і тупат вы ўжо не пачуеце. Калі ж палестынцы падарвуць іншы ўваход з іншым ахоўнікам, дык у вашым гатэлі ці офісным будынку абавязкова знойдзецца клапатлівы пастаялец, які, мінаючы вас, паведаміць: так і так, хлопча, толькі што перадалі па радыё — тэракт на ўваходзе адбыўся там і там, загінула столькі і столькі людзей, што тусаваліся ў фае, плюс адзін ахоўнік, а табе, гэтакі ты шчаслівец, адбой да наступнага разу.
Урэшце, тэракт на ўваходзе адбыўся ў Натаніі, у нейкай зале ўрачыстас­цяў а дзявятай вечара, загінула пятнаццаць чалавек (гэта ўлічваючы ахоўніка). І над Тэль-Авіўскім узбярэжжам пранёсся ўраган сярэдняй моцнасці – гэта ўсе ахоўнікі што ў той дзень працавалі ля ўваходаў, – мінус адзін іхні калега, – уздыхнулі з палёгкай.
Аднак, зразумелая рэч, нягледзячы на навіну, што яго не ўзарвалі, да канца змены Мішанька застаўся трохі ніякаваты, а па вяртанні дадому доўга не мог заснуць. Не мог заснуць і я, але з іншай прычыны – пасля чарговай тэлефоннай размовы з Мэйталь, я пачаў нешта падазраваць пра нашае хуткае растанне. Таму ў той дзень, завітаўшы ў тэль-авіўскі Інстытут Гётэ, каб пакаштаваць піва, мы з Мішанькам былі крыху хмурныя і нічога асабліва добрага ад гэтага дня не чакалі.
У холе Інстытута Гётэ мы ўбачылі дзве чаргі. Першая, доўгая, як макароніна, мудрагеліста выкручвалася па вітальні ў нейкі клас. Другая, караценькая, фактычна абрубак, вяла ў бар. Па піва ў той чарзе стаяў толькі геяваты немец, як мы потым даведаліся – супрацоўнік Інстытута Гётэ. Мы нават затрымаліся на якую секунду, але не таму, што вагаліся, да якой чаргі далучыцца, а таму, што засумняваліся, што гэта не сон ці нейкае аптычнае ашуканства.
У бары завіхаліся дзве прыгожыя немачкі. Першая: вытанчаная і бялявая, прымала заказы. Другая вытанчанасцю не вылучалася, але была такая, што гэтая якасць якраз была без патрэбы, бо яна была крамяная, шчодрая на ўсё: кроў з малаком такая, што ого-го. Як заўзяты электрык рубільнікам чарнявая немачка спрытна арудавала двума барнымі кранамі з півам.
Як высветлілася, немачкі не размаўлялі ні на іўрыце, ні па-ангельску, адно цвердзілі фразу “ноў сосіджыс”. Мішанька напяў лінгвістычныя звіліны і, звяртаючы да бялявай сваю блядскую ўсмешку, абсалютна выразна заказаў “Цвай грундыг”. Бог яго ведае, што такое “грундыг”, але гучала дужа па-нямецку і пераканаўча. І тут бялявая немачка паварочваецца да чарнявай, што стаіць ля кранаў, і кажа: “Оксанка, а шо він там ляпнув?”
Немачкі выявіліся гастарбайтаркамі з Луганска Марынай і Аксанай, якія наймаліся на ўсялякую элітную падзёншчыну. Я адразу папінаў нагамі ідыётаў сабраў, якія, вось фраеры, як заўжды папераблытваюць чэргі. Марына з Аксанай шчыра засмяяліся і налілі нам, як і дакляравалася – задарма, па паўлітры баварскага. Паколькі піва заставалася яшчэ процьма – потым яшчэ па паўлітра. І яшчэ.
Калі акцыя па запісу на курсы нямецкай скончылася і радасныя сабры павыскоквалі з аўдыторыі вонкі, з пяціадсоткавай зніжкай мінаючы бар, дык немачкі – а менавіта так мы іх працягвалі з Мішанькам клікаць за вочы – зачынілі касу і з чатырма куфлямі піва падселі да нас.
Калі Марына, расшпіліўшы верхні гузік на сукні, нібы няўзнак паказала пачатак белых грудзей, я трохі прыраўнаваў яе да Мішанькі, бо гэтае распрананне было разлічанае відочна на яго, бо сядзеў ён роўненька насупраць. Але потым чарнявая Аксана зірнула на мяне так, што я зразумеў: момант і яе грандыёзнага расшпільвання – не за гарамі. Я невялікі знаўца флірта, але гэтым разам сітуацыя была настолькі празрыстая, што калі яна другім кантрольным позіркам глянула на мяне, дык ад такой непрыхаванай спакуслівасці піва фантанам хвастанула ў мяне праз нос. Я папярхнуўся.
Немачкі зарагаталі. Аксана паказала свае роўныя зубкі і сэксапільную ўсмешку, чым спадабалася мне яшчэ больш. Мы злавілі кураж: смяшылі немачак, лавіравалі між столікаў, гутарылі з геяватым немцам, глушылі дармавое піва, хай сабе і без сасісак. Мішаня распавёў дзяўчатам – па-расейску, і немцу – на іўрыце, увесь свой ударны арсенал анекдотаў пра Штырліца. І гэтым разам яны мне не паказаліся дэбільнаватымі. Дзяўчатам – пагатоў, хоць яны і чулі іх раз у соты, напэўна, а немец – ніколі, нават не ведаў, што рускія ізраільцы так любяць герояў у нацысцкай форме, але рагатаў, што дурны. Потым спявалі разам песню “Тры танкісты” і тыя прыпеўкі, якім мяне навучыла баба Груня: “Шпацырэн, шпацырэн, дойчэн афіцырэн. Партызанен – піф-піф-піф, камуністэн – паф-паф-паф”. Ужо падбуханы я схадзіў у прыбіральню, дзе, стоячы ля пісуара, раіўся з незнаёмым тэль-авіўскім металістам, якая немачка лепей: бялявая ці чарнявая. Незнаёмы металіст разважліва зазначыў, што “немачкі ўсякія важны”. Калі я вярнуўся да столікаў, Мішанька ўжо бессаромна страляў у геяватага немца цыгарэты і абдымаў Марыну. А Аксана непрыхавана ім зайздросціла і, калі я прыйшоў, шчыра мне ўсміхнулася. Немец, якога звалі Рамі, паглядаў на нас весела і, як мне падалося, крыху захоплена.
І вось у самы той момант, калі ўсё пачало круціцца вакол дылемы, якім транспартам нам учатырох ямчэй ехаць да немачак у іх двухпакаёвую кватэру ў паўночным Тэль-Авіве – на таксоўцы ці на маршрутцы, Міша раптам паглядзеў на гадзіннік і неспадзявана сказаў, што ў нас справы, і, беручы мяне пад рукі, хапатліва пацёг на выхад. Я быў агаломшаны – усё ж складалася найлепшым чынам... Я супраціўляўся, але Мішанька, гэты раздзяўбай, можа быць упартым. Мы літаральна скаціліся з прыступак Інстытута Гётэ: часткова – таму, што былі п’яныя, а часткова – таму, што Мішанька надта імпэтна ўдаваў, што спяшаецца. Мы так спрытненька давалі драпака, што не ўзялі ў немачак тэлефонаў, гэта я ўжо не кажу пра недапітае піва на стале. Калі мы гэтак уцякалі, я проста адчуваў спінаю, як дзяўчаты і Рамі праводзяць нас закаханымі і няўцямнымі позіркамі. Ціпа, Оксанка, ніхт ферштэйн, клёвы завісон вжэ закінчівся чы шо?
Калі мы подбегам дапялі да аўтавакзала, Мішанька раптам спыніўся і распавёў прычыну сваіх уцёкаў. Выяўляецца, пару дзён таму ён моцна, да ванітаў, палаяўся з Ленай і хацеў ёй адпомсціць, але раптам, за тым сталом, перадумаў. Чым больш прыемныя і прыгожыя Аксана і Марына дэманстравалі сваю весялосць і сэксапільнасць, тым больш на яго ціснула пачуццё віны і раскаянне...
Вось такую прыгоду прыгадавае мне цяпер Мішанька ў аднапакаёўцы пасля дня народзінаў. Наастатак ён напамінае, што тады, у Пэсах, адразу пасля ягонага прызнання пра прычыну ўцёкаў, я абняў яго і нават прабачыў за сапсаваны вечар. І яшчэ, у прыліве пачуццяў, я сказаў, што пляваць, Мішаня, што мы з немачкамі не пераспалі і нават не ўзялі тэлефончыка. Бо, ведаеш, нават без сэксу гэта была ў мяне адна з такіх прыгодаў, якія на ўсё жыццё. “Можа, нават лепей, што не было сэксу, – сказаў я тады Мішаньку яшчэ, – бо такога шанцунку, відаць, аж занадта. Дзякуй табе за гэты дзень. Там, у Інстытуце Гётэ, мяне ўпершыню ў жыцці проста распірала адчуванне, што згэтуль мне ў жыцці будзе толькі шчасціць”.
Але цяпер, працверазеламу пасля чаргова-неабавязковых народзінаў, мне тут во не трэба ўзгадаў аб маіх удалых днях, я ж хачу засяродзіцца якраз на няўдачах і вырашыць, як мне жыць далей. Я зноў крычу Мішу:
– Вось скажы, Мішань, хіба я харашмяны? Хіба я харашмяны?
Я плачу і размазваю слёзы па твары. Мішанька круціць у руках чырвоную шапачку для бяспечнага сэкса. Доўга-доўга маўчыць. Стомлена выцірае твар рукою. Урэшце ціха-ціха, бы катаецца жалезны шар па падваконні, гучыць ягоны голас:
– Так, Ігарок, я таксама лічу цябе надта харашмяным, каб казаць табе праўду, – кажа Мішанька. – Ты такі ёсць і такім будзеш. І заўжды будзеш даведвацца пра ўсё самае важнае ў тваім жыцці апошні. Прабач, але раз за разам у гэтай жа ганебнай і прыніжальнай форме ты будзеш атрымліваць павучанні ад усякіх-розных настаўніц жыцця.
І дадае ўжо гучней:
– І, дай ты мне веры, такая херня паўсюль: у Штатах, Нямеччыне, Ізраілі, я ўжо не кажу пра нашыя Украіну ды Беларусь, бо для праўды-маткі ўсе пагалоўна надта харашмяныя. І ад чарговай Мэйталь ты дазнаешся пра яе некаханне і здраду ў самым канцы.
Зноў робіць паўзу. Паварочвае да мяне свой твар:
– …І я сам надта харашмяны. Я быў харашмяны таксама там у вечар Пэсаха, калі, зачараваны вераемнай смерцю, пакінуты на растурзанне пакутнікам Аль-Акцы, стаяў на ўваходзе ў гатэль са сваёй смешнай “берэтай” супраць бомбы з цвікамі. Я паспеў перадумаць усякае-рознае і памерці сто разоў ад страху (і два разы абасрацца – бо двойчы згледзеў падазроных хлопцаў у зімніх куртках). Я, харашмяны Міша Ліберман, даведаўся пра тэракт апошні. Пазней за тэрарыстаў і іх памагатых, пазней за ахвяраў тэракту, і пасля журналістаў, што прымчалі на месца тэракту. Толькі тады, калі да мяне з гатэля няспешнай хадою літасціва падыйшоў пульхны мужык у вязанай кіпе. Ён прынёс мне кілбасы з мацой і навіну пра выбух у Натаніі. Сваё паведамленне ён пачаў словамі: “Як?! Ты яшчэ не ведаеш?!”.
Мішанька глядзіць на мяне спагадліва і агрэсіўным рэчытатывам, нібы расчытвае малітву, працягвае:
– І сам пакутнік Аль-Акцы, які пацягнуў за сабою ў магілу яшчэ чатырнаццаць чалавек у Натаніі, харашмяны. Бо пра тое, што ён не трапіць у свой мусульманскі рай з нявінніцамі, ён таксама даведаўся толькі пасля выбуха, бо ізраільцы, у якасці помсты, паклалі ягоныя парэшткі ў свіную тушу, а паводле шарыята нават герой джыхада не зможа трапіць у рай разам з нячыстай жывёлай.
Мішаньчыкаў твар нават трохі пачырванеў, а яго жэстыкуляцыя зрабілася хаатычнай:
– І Дзіма Заляціцкі, гэты экс-бандзюган з Растова, які ўсё жыццё будзе старацца паступіць на псіхалагічны факультэт у Хайфе, але якому вырачана да сарака гадоў працаваць вышыбалам у падпольных тэль-авіўскіх бардэлях, пакуль яму не праломіць чэрап нейкі абколаты француз, таксама харашмяны. Бо Дзіму ніхто да самай ягонай смерці не наважыцца сказаць, што ён непапраўны невук, які “аддай” піша праз адно “д”, “адай”, а пры памнажэнні 6 на 7 да канца не ўпэўнены – гэта будзе 13 ці 67. Яму проста ніхто не скажа, бо ўсе будуць надта замілаваныя выглядам ягоных кулакоў і прыпадкаў раз’ятранасці, гэтага псіха ненармальнага (а, як ты ведаеш, страх і замілаванне – фактычна сінонімы). І што нават закаханая ў яго Таня, дачка ўральскіх інтэлігентаў, не зможа сказаць яму, што да лепшага ў гэтай сітуацыі ўсё магло змяніцца толькі ў другім класе, але тады Дзімавага старэйшага брата, таксама бандыта, забілі пры разборках, і таму той так і не паспеў купіць усю Дзімаву школу, ці хаця б наняць рэпетытара, які тады яшчэ мог хоць сяк-так паправіць Дзімаву адукацыю.
Чырвоная шапачка ўзлавана трусілася ў Мішанькі на галаве:
– І Гога – харашмяны. Гога, гэты грузінскі бежанец, які ўзімку хо­дзіць у майцы, шортах і “крокусах”, бо пераканаў сябе, што яму цёпла, а насамрэч ў яго папросту няма грошай, бо ён не працуе, а лазіць па сметніках кампутарных крамаў, бо ягоная мара – сабраць і прадаць у Сіліконавую даліну вечны рухавік другога пакалення. Аднак цяпер ён пакуль што вымушаны пабірацца і целюпаць у Хайфу за сто дваццаць кэмэ на іржавым ровары, каб наведаць сваю дачку ў былой жонкі. Гога дазнаецца, відаць, апошні, што на гэтай зямлі ён дарэмна ходзіць, жыве, ездзіць на ровары, збірае дэталі да свайго вечнага рухавіка і марыць пра годнае ўзнагароджанне. Толькі праз два гады ён даведаецца пра тое, што цяпер відавочна нам, ягоным сябрам, ягонай былой жонцы, а таксама ягонай дачцы і гандляру на тэль-авіўскім рынку, які прадае Гогу “крокусы”. Гогу знойдуць у ягонай заваленай жалеззем каморцы ў Скрынкавым завулку мікрараёна Пардэс-Кац, засіленым на электычным дроце. З апошняй, блытанай і даўгаватай цыдулкі можна будзе зразумець толькі тое, што Гога адмаўляецца жыць на свеце, дзе Усявышні стварае людзей выключна дзеля таго, каб тыя служылі хадзячым антыпрыкладам для сваіх блізкіх.
Мішаньку біла дрыготка, і ён пачаў прытанцоўваць вакол мяне:
– І жонка Авіка Бадасяна – харашмяная. Вядома, пра здрады мужа яна даведаецца раней за ўсіх, тут базару няма. І пра прынцып Авіка “дзве жанчыны” яна дазнаецца яшчэ да замуства, бо будзе сведкай, як аднойчы Авік адзначыць свае народзіны двойчы: апоўдні пойдзе з ёю ў італьянскі рэстаран, а ўвечары яна выпадкова заспее яго ў бары на Шэнкін з Юляй, прыбіральшчыцай з рамат-авіўскага мола, і ўбачыць, як за столікам Авік і Юля будуць мала не распранаць адно аднога. Да слова кажучы, гэты прынцып Авіка “дзве жанчыны” пачаўся яшчэ з Арменіі. Хоць там усё выглядала прыстойна і памяркоўна, бо ў Ерэване ў Авіка былі дзяўчына і мама, а Авіку заўжды трэба былі не адна, не тры, не пяць, а роўна дзве жанчыны. І што Авік – бабнік, нават сам ён даведаўся толькі тут, у Ізраілі, дзе мамы няма. Дык вось, жонка Авіка Банасяна даведаецца пра самае галоўнае толькі ў самым канцы: тады, калі, пазмагаўшыся з мужам і сваёй рэўнасцю дзесяць гадоў, пасля двух сыноў, яна ўрэшце народзіць яму дзяўчынку. І тады Авік, якому былі заўжды патрэбны не адна, не тры, не пяць, а роўна дзве жанчыны, урэшце супакоіцца і стане ўзорным мужам (і вядома ж, бацькам)...
Тут Мішанька са свамі кружляннямі ў чырвонай гумовай шапцы вакол мяне зусім стаў падобны да бажавольнага дэрвіша.
– І лепей не будзе, май наўвеце, Ігарок, хочаш ты ці не, застанешся ты тут ці пераедзеш назад у РБ! – голасна вяшчаў Мішанька ў вар’яцкім танцы. – Ты заўсёды будзеш гэткі харашмяны. Бо паглядзі, напрамілы бог, на нас: дзе мы і дзе шчаслівы лёс? Табе ўсё будуць тлумачыць у саменькім канцы, калі ты праз год, скажам, пакусаны восамі – бо ў цябе была алергія на іх атруту, а ты ўсё жыццё пра гэта не ведаў – будзеш ляжаць з распухлай мазгаўнёю, дзе-небудзь у балоце, у сваім Палессі. Або ў Мінску пасля чарговай асабістай трагедыі за кожным рогам цябе будзе пільнаваць Боб Дылан з гітараю напагатоў, каб агрэць ёю на дарожку. And you have to face it.
– Мішань, ты пра што? – Я проста ачмурэў ад гэтай тырады. – Што за прароцтвы такія?
Але Мішанька ўжо крычаў і кружляў адначасова, і таму разабраць словы было немагчыма. З яго вылётвалі фразы кшталту: “А што ты, Ігарок, думаеш: аднаму табе пагана? Адзін ты такі харашмяны?...” Гэты дэрвіш разышоўся на ўсю сілу-моц: чырвоная шапачка звалілася з ягонай галавы, але танец не спыніўся. Я быў на нагах таксама і злы, як чорт. Бачыць Бог, я бы мог як след начысціць яму пысу. Аднак склікаў разам рэшткі сяброўскага пачуцця і заскавытаў:
– Міша, я цябе ніхалеры не разумею!
– Вось, – прагаварыў Мішанька неспадзеў ціхім голасам, сеў назад на канапу і, падчапіўшы ссохлую сушыну доўгімі пальцамі, зашпурнуў у рот. – А я цябе не разумею ўжо цэлы вечар. Таму сядай, за прастой грошай не плацяць. Давай заб’ем касяк на пасашок? Ці, можа, хочаш неабветраных сушаў – у лядоўні пад фальгою я пакінуў адзін дзясятак пра запас.
Сонца, якое ўзыходзіла, адбівалася ў хмарачосах тэль-авіўскай дыяментавай біржы. Я падхапіўся і, не развітаўшыся з гаспадаром, дэманстратыўна хуткім крокам сышоў з кватэры ў парны ізраільскі ранак. Але на вуліцы, ідучы пад мастом шашы Аялон, падумаў, што гэтаксама, як пасля той гісторыі з немачкамі, я не буду крыўдаваць на Мішаньку надта доўга.