12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Вераніка Кашкан

_____________________
Не пакідай мяне, голас! Вершы


* * *

Я сёння забіла апошнія дзверы
Зышла ў нябёсы глухая сцяна
Тут тысячу год пражыві – не паверыш
Ні ў бога, ні ў чорта – тут веры няма

Тут коцяцца весела ў бездань галовы
Са спевам нясуць аўтаматы ў руках
Тут кожнае слова – апошняе слова
Прапісваюць страх на жывёльных ілбах

Паветра працятае духам бяздушша Бязвольныя вучаць тут волі дзяцей
З экранаў, з газетаў крычыць крывадушша
Стабільна “ў парадку”, стабільна “вапшчэ”
Я сёння забіла апошнія дзверы
Зыходзіць ў нябёсы глухая сцяна
Тут тысячу год пражыві – не паверыш
Ні бога, ні чорта, ні нас тут няма


* * *
Мне не забыць першай усмешкі сяброўкі
Першыя слёзы над збітай далонькай
Першае крыўды палынны смак горкі
Першае слова “люблю” наўздагонку

Мне не забыць паху травеньскіх кветак
Першай сустрэчы пад восеньскім небам
Першых стаптаных ў дзве пары ног сцежак
Паху рук маці ад цёплага хлеба

Мне не забыць першай вольнае думкі
Немага выкрыку: “Кім я завуся?”
Твой запавет: не зысці з накірунку
І не зракацца сваёй Беларусі

Мне не забыць чэрствых позіркаў ў спіну
Мне не забыць тых, што поруч стаялі
Тых, што кляліся: за край свой – загіну!
Тых, што пад ногі нам злосна плявалі

Мне не забыць некранутага снегу
Мне не забыць зіхоткую мрою
Мне не забыць тое сіняе неба
Над неўміручай вялікай Зямлёю


* * *
Страшна адной мне, холадна
У абдымках цагельных,
Унутры мёртвага горада
Сярод глыбаў каменных

А за маім акном – вецер
Сумныя песні спявае
Ды па ўсім белым свеце
Шчасце маё раскідае

А на маім стале – д’ябал
Карты свае раскладае
Робіць мяне слабай
Веру маю адбірае
І ў галаве маёй – боязь
І ў душы маёй – цемра..
Не пакідай мяне, голас!
Я не хачу стаць зверам.


* * *

сястрычка.
сяброўка.
знаёмая.
распісаны ролі і функцыі...
свая і чужая для кожнага
спакойная...
буйная...
слушная…
і восень
мне косы
распусціць

паўзу я на неба
саслізгваю
за косы мае зачапіўся ўвесь свет
і заблытаўся
ў золаце жніўня
сястрычка.
дачка.
незнаёмая...
праходзяць
праносяцца
паўз
мігценне світанкавых кропель
з вачэй
ці са шкла накацілася...

ваганне прамежкавых фраз
у горле булькоча
і падае

на самае дно распранутай душы

і ноччу
ў самотнай
цішы
так хочацца
проста
быць
самай каханаю..
* * *

доўгая дарога
куды яна вядзе?
побач – анікога
думкі – анідзе

марнае блуканне
спаміж марных спраў
спрэс апанаванне
зманлівых праяў

што хавацца ў процьме
непатрэбных слоў?
прыкрывацца цяжарам
зменлівых умоў?

свет сам не змяняецца
колькі б ні чакалі
за лепшае – змагаюцца
а не плывуць па хвалях.


* * *

Пакацілася, панеслася
маё шчасце па руках
І было яно бязгрэшнае,
І не ведала пра страх.
А цяпер яго за волас
Прыцягнулі на кірмаш
Прадаюць, пускаюць колам
А музыкі граюць марш.
Рэквіем па нашых мроях
Вецер лісцем праспяваў
Ў сэрцы аддаліся болем
Словы, што ты не сказаў.
Мой адчай, твая – памылка
Усё ў жыцці не проста так
Адпачні, калі стаміўся,
Мой сумуючы манарх


* * *

Мне воля не патрэбная, верыш?
Хачу з табою быць
Толькі дзверы, вакно і шкло, цагляныя блокі
Падлога, сцены, дах, твае крокі
Цягну руку табе праз аблокі
Свінец у сэрцы...
Цяжкая восень
Цягну-цягну шчымлівае штосьці
Мне страшна, чуеш?
Без цябе, анёл, тут іншае сонца


* * *

Буйнымі кроплямі слёз нябёсаў
Абмыты твар мой колеру попелу
Жыццё разышлося мільёнам злых лёсаў
Бы ў багну зацягвае край невядомасці

Сціхаюць крокі навокал апошнія
Ніводны гук не спудзіць маўклівасці
І толькі пад гнілымі, чорнымі дошкамі
Сэрца ірвецца маё, баліць

Я стрываю. Я здолею.
І ў душы сваёй стомленай
Быццам ката, бы лютага ворага
Забіваю абрыдлага зломка

Вось мяне не стае. Не стае маёй боязі.
Ад мяне злыя думкі ідуць.
Чую ззаду нясмелы я шоргат
Гэта новыя крылы растуць.