12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аляксей Каўка

_____________________
Недыпламатычныя нататкі.
Польскі дзёньнік беларуса. (Заканчэньне)


1981 год

4 студзеня.
Будзем жыць, Сонік, і працаваць (ня толькі мітусіцца). Пакланіся апоўначы з вагону “варшаўскага” нашаму Менску прыціхламу, доньцы-студэнтцы. Падзякуй ёй за надасланае ў Варшаву віншаваньне “З Новым Годам”. За гэтыя вось літаркі “З” і “а”, і ўсё наступнае: “шчыра віншую… сардэчна жадаю… добрага настрою, меней суму”. Буду старацца, дачушка.
Падаў голас і Валодзя “У-Ну” з-над Віцьбы і таксама – “З Новым Годам”. Разгамоньваецца паціху інтэлігенцыя нашая – і дарослая, “сьпялейшая”, і падлесак. Прафесар Барысаглебскі, фізік, прыехаў у Варшаву студэнтам польскім лекцыі чытаць і тутэйшых беларусаў заадно ўцешыў (Юрка казаў) дасканалай літаратурнай мовай роднай. Нічога дзіўнага, заўважыў сябра, — гадунец Віленскай беларускай гімназіі гэты прафесар. Сапраўды! Як жа далекавата сёньняшнім “універсітэтчыкам” з БССР да колішніх гімназістаў з Вільні! Ды ўсё ж, ёсьць яшчэ навіна – нязвыклая для тых і другіх. З тэматычнага плану-выпуску “Международной книги”: “Энциклопедия природы Белоруссии в 5-ти томах. На белорусск. яз. Изд. Белор. Сов. Энциклопедии… Рассчитано на массового читателя”.
А вы кажаце, мова мая памірае. Яна толькі яшчэ з полак сярмяжлівых выпаўзае; падрасьце і вылюдзее, нагамоніцца і насьпяваецца. Не на Беразе ж Слановай Косткі будзе “масавы чытач” гартаць старонкі чарговай Беларускай энцыклапедыі. Дык цішэй, “акоў паломаных” жандары, з вашым ваяўнічым спрытам.
Аднак, спакойнай ночы, дружа мой. Хай стрэне ласкаю цябе маскоўскі ранак.

5 студзеня.
Пацягнула на марозік, і ў сыравата-туманнай Варшаве дыхнулася глыбей, сьвяжэй. З Масквы суцешылі – Соня даехала, Менску пакланілася, у Вуглавым мірна і нават любоўна. Прынамсі буйны сын прэтэнзіямі “генія” не страляе. Пакуль.
Калі пра самае істотнае – мабыць вось што:
“…А дзе, на чым мы спынімся на гэтым адмаўленьні (свае беларускае адметнасьці, “ліштвы”, як яе азначыў дасьціпны Алесь Адамовіч)? Дзе мяжа?” “Прабачце, але калі рушым гэткім шляхам, — пярэчыць крытыку-вастраслову паэт Гілевіч, — то пасьля спыніцца ўжо не давядзецца – дойдзем да лагічнага канца. Да поўнага самаадмаўленьня”. Хутчэй наадварот, Ніл Сымонавіч. Прыходзім да лагічнага пачатку: фальклор, народная эстэтыка і філасофія, мараль, нацыянальнае самапазнаньне. Маем ужо сваіх Кірыеўскіх, чарга – за Талстымі.

6 студзеня.
“Я ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду…” (Ян, 8:13).
Адкуль іду – сіла мая. Куды – надзея мая, паратунак мой. Чаму ж учора забыўся пра вытокі і накірунак і зламаўся, разгубіўся?

7 студзеня.
Толькі на службе й прыгадалася, што дзянёк – Калядны. “Бацька” (Пасол) пачынаў “пяцімінутку салідарнасьці” з гумарам: “Пели, черти, здорово – из Кемтемберийского собора. Давно я такого пения не слушал”. Саветнікі дружна зарагаталі. У самога ж старшынуючага твар па-сьвяточнаму лагодны, прасьветлены нават. Пазьней і гаманілася з ім – службова, але хораша.
“Бараніў” Якуба Коласа перад братамі-палякамі. Заўзятая кабета ад палітыкі-дружбы: “Mam w№tpliwoњci co do motto Sali 10 proc. bкd№ wiedzieli kto to jest Koіas, a wiкkszoњж… Znьw їe – “nowy lud”. Wiesz, jak u nas dzisiaj z tym “odnowionym” ludem…”1 і да т.п.. Раўнавага і гэтым разам мне здрадзіла, але спрабаваў не гарачыцца, не “мітынгаваць”. “Калі большасьць ня ведае, дык чаму яе, неасьвечаную, не паменшыць? Мо, каторы, прачытаўшы запрашэньне з Коласавым “мотто” і пацікавіцца – “цо то за едэн?”.
Варта было спакайней, лагадней, па-коласаўску: “Мае браты, мае суседзі…”
Хіба ж не па-людску сказана? Чаму ж, панове, не пагадзіцца з дружалюбствам суседа? Народу, як і вы, палякі, вальналюбнага, духоўна незалежнага.

8 студзеня.
“Маючы слаўную тысячагадовую гісторыю, беларусы набылі дзяржаўнасьць крыху больш чым 60 гадоў назад” (Голас Радзімы, 1980, № 51). Цікава было б паспрачацца наконт гэтага сьціплага “крыху”. Наколькі яно большае ад 60-ці, — на сто, на трыста гадоў? А можа – на тую самую тысячу? З нагоды якой невядомы мастак Беларусі складае “Найлепшыя зычэньні ў юбілейным (980-1980) годзе Беларусі”. Філосаф Мікола Алексютовіч, сьветлай памяці, такога “крыху” не праглынуў бы. А гісторыкі? Тыя сьціпла маўчаць. Гонар іхні і наш ратуюць мастакі, паэты. Урэшце, ім лягчэй – з вобразамі. З фактамі намнога складаней. За факты б’юць пад дых або садзяць у “псіхушку”.

10 студзеня.
З хлопцамі-равесьнікамі (палякі, былыя слухачы курсаў пры ЦК КПСС) гаманілася ўчора да позьняга вечару, пра польскую “аднову”, — проста, бяз хітрыкаў, спавядальна. Цалкам узаемапаразумеліся – адносна раўнапраўя, справядлівасьці за сацыялізмам. Хаця, прыгадаўшы Спенсера, наўрад ці знойдзецца дастаткова дасканалая сістэма, здольная “обуздать” інстынкты чалавека. Куды іншая справа, каб разумная “жывёліна” двухногая, сьвядомая адвечнае антыноміі паміж “двух градов” (Булгакаў), не стамлялася ўласнаю воляю ўздымацца над уласнымі інстынктамі. Але мае сябры, матэрыялісты, далікатна запярэчылі… Затое з маўклівай лагоднасьцю патрактавалі “nacjonalizm” беларускі, паколькі той “заборчосьцю” (захопніцтвам) не пагражае. Тым болей, што Томаш, “крэсавяк з-пад Вільні”, змалку, як за­значыў, дасьведчаны ў беларускай памяркоўнасьці.
Увогуле ж добразычліўцаў з польскага боку нам у мінулым таксама не бракавала, у часы найсмутнейшыя: “Беларусы паволі выбіраюцца на шлях нацыянальнага адраджэньня. Сёньня яшчэ цяжка прадбачыць, якімі напрамкамі пакіруецца гэтае нацыянальнае разьвіцьцё, і ці мае яно шанцы на посьпех”, — гэтак падагульніў на пачатку стагоддзя свае нататкі пра Беларусь і беларусаў варшаўскі аўтар Зубовіч (Biblioteka Warszawska, 1910, t.1, zesz. 2). Мала лягчэй і цяпер, праз 70 гадоў, прадказваць шляхі нашага самаакрэсьленьня, самасьцьверджаньня. Хіба што шанцы руху беларускага ўжо намнога відавочнейшыя, неабарачальныя.

12 студзеня.
“Товарищи, Центр интересует… К завтра каждому дать свои соображения-предложения…”
Крочыў прыцішаным, каляпаўночным прыцемкам да Віслы, надумваючы па­трэбныя “соображ.-предлож.”. Толькі глуздам, парадкам засьмечаным дзённаю лухтой, ніяк не ўдавалася адмахнуцца ад учора пачутага досьціпу (чаму Ленін адмовіў Герэку ў падтрымцы): — Ja zіodziejuw przeksztaіciіem w komunistuw, ty natomiast postкpowaіeњ wrкcz przeciwnie.2 Прыгадаліся і іншыя словы са споведзі паляка-партыйца з Лодзі: “Вельмі цяжка, прыкра. Утварылі з нас партыю хабарнікаў, кар’ерыстаў, нуворышаў…”. Так яно з польскім (ці толькі з польскім?) крызісам.
Зладзейства, хабарніцтва – хваробы невылечныя. Але ж калі нельга іх пазбыцца, дык можна злодзея называць па імені, а не выбіраць у парламент.

29 студзеня.
Не спыняцца ў бегу – кожнага ранку ці вечара браць свае кіламетрыкі. І такім чынам ствараць “у сабе Гімалаі” – сховішча ад цывілізатарства, мітусьні.
Гартаю “Гісторыю Беларускай (крыўскай) кнігі” В. Ластоўскага (з ласкі Юркі Туронка): “Крывія, Русь, Літва – патройны вузел, трохпаверхі лабірынт, у якім блудзіла і дагэтуль блудзіць нашае нацыянальнае я”. Там жа – слоўнічак, складзены з дакументаў Літоўскай метрыкі: адкуль, аксаміт, апытваць, ведаць, вымелкі, вельмі, жаданьне, млынар, непарушна, няхай (Узяў чорт кароўку, няхай бярэ і вяроўку – Насовіч), насьледак, ялавіца…

30 студзеня.
Польскай “аднове” штораз цяжэй, трывожней. Страйкі – глухія, акупацыйныя. Вузее поле “пшыязьні польска-радзецкай” і аратаму-саматужніку клопатна, няўтульна:
— Какие там поезда дружбы?! Пусть сидят дома и наводят порядок – не то, глядишь, иные поезда пойдут. — Такі вось жарт пануры, начальніцкі.
Пані Аліцыя ў Бібліятэцы Сеймовай – голасам сумнаватым, прытомленым:
— Proszк Pana, czyni Pan wszystko, їeby tylko niemcy I czesi do nas nie wst№pili, jako ratowniey…3 . — Здарыцца можа, — працягвала з балючай усьмешкай, што наступным разам замест мяне сустрэне пана якісь капрал…
Такая яна – Польска мая: сумная, даверлівая, спавядальная, далікатная. Прыгожая ў разгубленасьці, вялікая Надзеяй і Верай нязломнаю.

31 студзеня.
Нечаканая вестка: “Усё ж такі практычнае значэньне “Ліста” (Письмо русскому другу. Лондон, 1979) велізарнае. Трэба яго паставіць побач нацыянальных зваротаў Багушэвіча, крыку Каліноўскага, веры Купалы, Багдановіча і Гаруна” (Божым шляхам, 1980, № 151, с. 35).

1 лютага.
Ва універсітэцкай чытальні. Ціха там, глыбокавечна (хоць недзе страйкі, пагрозы…). П. Мятла, заходнебеларускі дэпутат Сейма польскага пісаў пра падарожжа сваё па “Радавай Беларусі”: “Дзеці сьвядомыя нацыянальна і разьвітыя… Наогул, моладзь расьце ў сэнсе нацыянальным і хутка выкіне за борт усю тую гніль і хлам, што асталіся з старых часоў” («Беларуская справа», 1926, 21 красавіка). Гэтак абяцаюча шырылася беларусізацыя ў Беларусі.

3 лютага.
“Разблакаваць” граніцу для польскіх турыстаў не ўдалося (“Что вы доказываете?! Пусть они у себя сначала порядок наведут, а затем разъезжают…”). Што было рабіць? Уцёк да ціхае крынічкі – у бібліятэку. Гартаў “Беларускую справу”, потым “Беларускі дзень”, брашуркі палякаў у абарону “ўсходніх крэсаў”, з далёкае ўжо пары – тае самае, калі мой старажытны Ігумень перайменавалі, вызваліўшыся ад “абаронцаў”, у Чэрвень (з гэтага б факту і зачынаць калі ліст да польскага сябры). Трапляліся вершы Уладзімера Жылкі:

Беларусь, Беларусь – гэты зык
Паліць душу маю, як вагнём…

Чаму ж нам сёньня не шанаваць сваю ўласьцівасьць і адметнасьць – прыстаўное в: у вагні.
Чытаў пра Ігната Буйніцкага, нашага “другога Багушэвіча” і, можа, першага беларуса, чыё сакавітае дасьціпнае слова людзі пачулі і нібы ўбачылі, шырока ўсьміхнуўшыся ад цеплыні — дык вось якія мы, беларусы… Ай, ды Ігнат!
Даведаўся, як Умястоўскі з Луцкевічамі рупіліся і выпусьцілі ў сьвет першую ластаўку – “Нашу долю”; як сябравалі з беларусамі, падмагаючы іхняму ўзыхо­джаньню, украінцы Міхайла Драгаманаў, Дзьмітры Дарашэнка.
Не здамося так проста. Яшчэ паваюем.

4 лютага.
Страчаць бы кожную ранічку, як сёньня – бегаючы. У Лазенках – пацягнула сьвежанькім, сакавіцкім…
4 – 6 лютага (поўнач).
Варшава – Гданьск – Быдгашч – Торунь: пуцявінамі польскай “адновы” – rozdyskutowanej, zastrajkowanej, sfrustrowanej.4 Маўчаць цяжка, яшчэ цяжэй – выказвацца (“Як у Зьвёнзку Радзецкім глядзяць на нашыя справы?”). Ва ўсім гэтым задужа палітыкі і замала, амаль не чутно (не шанцуе мне на субяседнікаў?) духовасьці.
У горадзе Каперніка, аднак, “агрызнуўся” беларус – нібы далікатна, але, аказалася, не зусім прыязна для гаспадароў:
— Owszem, data 17 wrzeњnia 1939 jest, dіugo pozostanie jednym z najdraїliwszych wydarzeс w dziejach stosunkьw polsko-radzieckich. Wartym jest I koniecznym jednak rozpatrywai ten fakt w caіoksztaіcie z 22 czerwc№ 1941, 9 maja 1945, no I przode wezystkim z Ukіadem Ryskim z 1921 r., na mocy ktьvego w sposьb gwaіtowny rozknejony zojtaі na czкњci organism narodowo-terytorialny Bialorusinow, Ukraiсcьw…5 Бачыў, як гаснуць перад тым ажыўленыя вочы субяседнікаў, хмурнеюць іх твары. Але думку трэба было дакончыць. І яны слухалі: пра асадніка польскага, пра нацыянальна-духоўны і сацыяльны ўціск, пра беларусаў-каталікоў, у абарону якіх (“…прыцісканых палякаў у …Расіі”) уздымаліся прывіды Радзівілаў, Вішнявецкіх. Далей — пра мой родны Чэрвень, народжаны пад такім імем у памяць вызваленьня ад панска-польскай навалачы, працягваць не выпадала. Словы, адчуваў, ляцяць у бездань – ні рэха, ні водгуку. Да якой халеры, думалася пазьней, пакутваць мне за гэтыя “стасункі радзецка-польскія” (Катынь!), замоўчваючы адносіны польска-беларускія?

11 сакавіка.
Можа, і праўда, нацыянальны момант у Быкава ня надта кідкі. Але, помніцца, як працяў быў аднойчы, усхваляваў адзін толькі радок яго: маўляў, яму, вясковаму настаўніку, абавязаныя мы сваім нацыянальным сталеньнем. Дарэчы, у рускім аўтарызаваным перакладзе “Абеліска” на старонках “Нового мира” так яно, здаецца, і гучала, па-быкаўску лаканічна і востра: “стали мы, белорусы, нацией…”

23 сакавіка.
Дзень сапраўды з нялёгкіх – панядзелак. Але не з пахмельля. Трэба, нікуды ня дзенешся, кіравацца да свайго “Міністэрства Думкі” (Любові, Братэрства, Праўды – як яшчэ там?), дзе праца кожнага панядзелку і пачынаецца з “Гадзіны нянавісьці”. Наогул жа, ці буду далей працягваць свой дыярыюш, ці зьніштожу яго, парваўшы з пісаньнем – не заважыць на далейшым бегу падзей. “Паліцыя Думкі завалодае ўсім, так ці іначай” (Оруэл, “Год 1984”). Уінстан Шмідт даконваў злачынства нават тады, калі і пяра ў руцэ не трымаў – Злачынства Мысьлі!

26 сакавіка.
— Як ваша там рэвалюцыя? З Масквы, на процілеглым канцы проваду запыталіся нібы між іншым, з гумарком у голасе.
— Цяжкавата, — рэагаваў стрымана, перавёўшы гаворку “по делу”. Рэвалюцыя тым часам працягваецца, хаця яе сутнасьць ня нашым вачам разгледзець. Лепшае, на што ты здатны ў гэтым становішчы – не абражаць эквілібрыстыкай славеснай, даносамі натуральнага руху народу… Хтосьці з радыё: “Chcemy poprostu їyж, їyж po ludzku”. Па-людску жыць, без маніпуляваньня чалавекам, калектывам, народам – вось голад сёньняшняга паляка, мо яшчэ вастрэйшы ад штодзённай нястачы тавараў, прадуктаў. Крызіс духа. І тут нават папа Рымскі, “велькі Поляк”, амаль бездапаможны.
27 сакавіка.
У Жырардаве Фелікса Дзяржынскага, таксама ж “вялікага паляка”, ужо ня памятаюць, не ганаруюць. Хіба што ў беларускім Івянцы музей яму адчынілі, панішчыўшы па дарозе ці не апошнія крыжы.

2 красавіка.
Валаку сваё ярмо. Штораз усё больш дайманы “большим начальником” (“надо разобраться, чем вы занимаетесь…”) і большым ад мяне нявольнікам, рабом. Прынамсі, я магу агрызнуцца. К чорту вашыя цацкі! А ён?
Польшча выкарабкаецца з грувасткае каляіны, пашыбуе далей, глядзіш, шпарка, хораша, разумна.
(…) З Юркам учора гаманілі вечарам за плячыма Падарэўскага-помніка: “А наогул, — рэплікаваў сябра адносна маіх “недыпламатычных” клопатаў, — іх (палякаў) звыш 36 мільёнаў, і яны дадуць сабе рады. Але калі я перастану рабіць сваю справу…” Словам, трымайся свайго поля.

13 красавіка.
У палякаў – Велькі Тыдзень. Суботкай-нядзелькай ля касьцёлаў на бялюткіх кужальных абрусах – пучочкі пушыстай лазы, пралескі сінія, чырвоныя цюльпаны, нарцысы цыбатыя, жоўтыя. А ў небе – сінеча, лагода сонечная. Вербніца…
“І шматлікія прарокі паўстануць і спакусяць многіх. І з прычыны няпраўды ў многіх патухне любоў” (Мацьвея, 24:11, 12).
Але палюбіць – ад нас саміх залежыць: “Выбросим из сердца яд, разрушим вражду, станем возносить привычные нам молитвы, вместо демонского зверства воспримем ангельскую кротость, и как бы тяжело мы не были оскорблены, представим себе собственные наши согрешения…, умягчим гнев, укротим волны, чтобы нам настоящую жизнь пройти безмятежно и по отшествии туда, найти для себя Господа таковым, каковыми были к собратьям своим” (Иоанн Златоуст. Творения… Т. 7. Спб., 1901, с. 231).

22 красавіка.
“І вецер гамоніць між лоз… Народ беларускі прынёс”, — расьпеўна, плынна разьлеглася мелодыя беларуская пад скляпеньнем Тэатру Польскага. Гучала яна прыгожа, сакавіта і, нібы на беларускі лад, трошку стрымана, сьціпла – на твары мілыя сьпевакоў гледзячы. А варшавяне-гледачы не шкадавалі воплескаў. З праграмы “ўрачыстага канцэрту” кожная літарка, слоўца кожнае – у польскім перакладзе – адгукаліся ў істоце маёй нейкім дзіўным, сьвятым узрушэньнем: “Piesс nibieskoьka”. У Менск бы напісаць пра беларускія сьпевы ў Варшаве – як жа весялейшыя, магутнейшыя гукамі й паветрам ад тае, мабыць, першае вечарыны, пра якую на пачатку стагоддзя Гальяш Леўчык пісаў у “Нашу Ніву”.
Але – сьпяшаем да Кракава, з “официальной делегацией”. У гэтым жа таварыстве не ступіць і ня збочыць мне на колішнія сьцежкі Алаізы Пашкевічанкі, або студэнтаў-заснавальнікаў беларускага гуртка (пачатак 1900-х). І ўсё ж…

27 красавіка.
Вялікодную “пісанку” распачаць меркавалася ўчора, першым дзянёчкам сьвяточным. Не атрымалася. Хоць ранічка і пачыналася па-Божаму, з добрым, мабыць, чалавекам. Той, па нашым супольным сьняданьні, прыняў на разьвітаньне кавалачак Сонінага пірага і чырвонае яйка – трошку бянтэжачыся, але шчыра прамарматаўшы “Хрыстос уваскрос…”.

30 красавіка.
Вось і сустрэліся з панам дацэнтам – на мілай імпрэзе культурнай, дзеля тае самае Краіны Духа незьнішчальнай, пра якую лапідарна выказалася Халіна Аўдэрска – “nie da siк nie podbiж, nie zagazowaж”6. Аўтар “Птушынага гасьцінца” ў размове лагодная, ды ўсё ж свайго вострага болю беларускага за ейнага героя – “тутэйшага” палешука, сілком пагнанага на захад і тым канчаткова, мабыць, спольшчанага, – не краналася. Хаця з другой асобай – сялянскім палітыкам і паэтам Юзафам Озга-Міхальскім можна было б і на гэтую далікатную тэму паразважаць (як Бацькаўшчыну траціў, траціць беларус-“тутэйшы”). З Алесем Барскім (Баршчэўскім) затое адразу прамой гаворкай – як, маўляў, добра што ня скрозь замірае слова роднае, тым прыемней – над Віслай. “Не кажыце, усьміхнуўся шырака суродзіч: няшмат нашых у Варшаве, але мова беларуская чуваць. Часам і з вашага, “радзецкага” боку падмогуць. Жонка дырэктара новага (ДСНК) як жа хораша, свабодна размаўляе — заслухаешся. Хаця сам начальнік – ня вельмі…”.

3 мая.
Польшча адзначыла 190 год сваёй Канстытуцыі, пад гукі-літаўры Манюшкавага паланезу. Калі ж ты, Краіна мая, вось так урачыста, суважна ўстрапянешся пад сваім штандарам, у імя сваёй Канстытуцыі?..

14 мая.
Папа Ян Павал Другі пасьля замаху на яго жыцьцё паволі выздараўлівае. Сімвал сумленьня і маральнасьці чалавека й чалавецтва – гэтак трактуюць свайго Суродзіча ў польскіх сродках інфармацыі. У малітоўнай сьцятасьці ледзь ня ўся краіна; у жалобе і “керовца” прадстаўніка – пан Балеслаў, рэпатрыянт са Слонімшчыны.
А тым часам двое беларусаў з Беласточчыны выжальваюцца прадстаўніку амбасады, даверыўшыся яго беларускасьці, пра самае таёмнае, балючае: мала ня ўсё беларускае на спрадвечнай зямлі беларускай “за Герэкам” скалечана, ледзь ня вымерла.
У Менску ж выдадзена “Песьня пра зубра” Міколы Гусоўскага – на лацінскай, беларускай, рускай мовах: Дзяржава абапіраецца больш на мужнасьць духу, чым на сілу цела…
Я палічыў бы за грэх незнарок перамешваць ісьціну з выдумкай байкі. І дай жа мне, Божа, сілы і ўмельства лучынным агенчыкам праўды ісціну тым прасьвятліць, хто дзівосы і цуды прагне спасьцігнуць, а не ў лабірынце памылак, што спластавалі вякі.
Гасьціў жа я Язэпа Семяжона, перакладчыка гожага ў гэтых самых пакоях, вечарам маёвым, пазалеташнім. Замест нудзіць госьця нязгасна зьбеларушаным “Цёркіным”, чаму было не запытацца – а хто ён, Кулік Яўген, які нас, замурзаных, сьлепаватых так нечакана ўзрушыў, прасьвятліў узорамі нашае зброі, штандараў нашых даўнінных? Зноў з забыцьця набліжаецца, чую, Пагоня. Хто мы? Адкуль? Ці згадаем, нарэшце, — куды?
А тым часам “сьвет вар’яцее, і ўсе міратворцы на словах”.

26 мая.
Калі б, дапраўды, аніякае прасьветы – канчай крывую хаду і выходзь на прамую:

Даруй, таварыш-сябра мілы,
І ты, чужак, палагадней –
Сыходжу я ў сутонь магілы,
Каб жыць сумленьней і ладней.
Рахункі зводзіць не бяруся
(Плынь гострай праўды не спыніць).
Бывайце. Годнасьць Беларусі
Мне й Там трымаць і бараніць…

25 лістапада.
Слухаеш вялікага наваградчаніна пана Адама, “распалячанага” нарэшце, і саўсім весялееш. Яшчэ б! Мы, аказваецца, не адны лапці плясьці ўмелі, не адной мякінай прабаўляліся. Гонару і годнасьці нам не бракавала. І бараніцца не пужаліся:

Град куль на нас сыпалі з долу маскоўскія пешкі,
Мы жарылі зьверху цальней, хоць радзей і бяз сьпешкі.
Ужо тры разы аж над дзьверы хлопства наперла,
Ды кожны раз трое з іх ногі ад куляў задзерла.

Не, пара нанова выбрацца да Мірскага замку. Пачуць неспакойнага Стольніка голас…

29 лістапада.
Шкада, страйкуюць студэнты універсітэту і да чытальні не прабіцца. Брама зачыненая, залепленая транспарантамі, заклікамі, пратэстамі. Мне ж карціць глянуць на Купалавую “Жалейку”. Наогул, цяжка дыхаецца – туман сыры павіс сьцяною. Слова не ідзе ў радок. Пад вечар рушыла, здаецца: “Па-нашаму напісана!”.

1 сьнежня.
Перагортваў заляжалыя газеты і… такая радасьць. Кавалёнак, двойчы Герой касьмічны, такой сакавітай сапраўднай беларушчынай павіншаваў чытачоў “Зьвязды”: “Вельмі рад зноў пабываць на роднай беларускай зямлі…”. Хто ведае – ці не дачакаемся мы (унукі ж нашыя – напэўна) тэлепартажаў з касьмічных арбітаў мовай Купалы – Коласа?

12 сьнежня.
Зірк у вакно, а там, па вуглох скрыжаваньня Трасы Лазенкоўскай і Польнай – танкі, шэраплямістыя, з дуламі-хобатамі, ускінутымі ў баявы прыцемак ранішні… У пакоі запляскалі ціхімі празрыстымі хвалямі шчымлівыя гукі Шапэнавых накцюрнаў. Генерал Ярузельскі толькі што адчытаў Зварот да свайго народу. “Jeszcze Polska nie zgineіa…” (гэтымі словамі і закончыў) секанула па сэрцы чымсьці гост­рым, трывожным. А 9-й збор у “Бацькі”. Сьпешна.
(…) Такім чынам, аднова польская абярнулася станам вайсковым. Тэлефон на кватэры адключаны. Апошні званок быў учора вечарам, з Менску. Ада, сястра, нібы штось прадчуваючы, з непрыхаваным сумам у голасе пажартавала на разьвітаньне: “Золатка, глядзі ж там…” Сягоньня ж спрабую праз іншыя каналы пераказаць у Маскву, Соні, суцяшальны сігнал: усё будзе добра, не хвалюйся.

14 сьнежня.
Тая ж мітульга – гэтым разам у “стане вайсковым”. Праўда, мая дзялянка не зьмілітарызаваная пакуль што, хаця і абумоўлена суверэнітэтам гаспадароў. Але ж не пра іхнюю краіну сказана – “paсstwo jest wszystkim, a narud niczym”7 (здаецца, Норвід Цыпрыян). Аднак, уважай, Насарожа. Маглі ж з табой і пры звычайных умовах абысьціся надзвычайна, тым больш – цяпер. Адзіны клопат: уратаваць бы набыткі свае беларускія – адбіткі, кансьпекты, нататкі, кнігі. І, зразумела, гэты вось дыярыюш, пакуль не трапіўся да сейфа каторага з Міністэрстваў (Любові, Братэрства, Справядлівасьці, Праўды) – разам, дарэчы, з ксеракопіяй Оруэла. Рамана-прагнозу.

15 сьнежня.
А тым часам народ “радзімы васілька” вярнуў сабе Паэта (помнік Багдановічу). Пытаецеся пра характар, нацыянальны тып беларуса? Прыгледзьцеся да нашых помнікаў. Да Сымонавых лапцяў (пл. Якуба Коласа), да кія дарожнага Купалы (у ягоным скверы), урэшце – да васількоў Максімавых, навечна застыглых у бронзавай руцэ. Да абвугленых комінаў Хатыні – пра іх многа гаворана. Словам, сімвалаў нашае працавітасьці, паэтычнасьці, неўміручасьці балеснай дастаткова, каб не хлюпаць і не кідацца ў роспач ад “далакопнага” глуму.

17 сьнежня.
На гонкай, скрозь вірлівай Маршалкоўскай гэтым разам надзіва ціха і прасторна. Жаўнерна-міліцыйныя патрулі прыпыняюць рэдкія аўто. Патрульных салдаці­каў паненкі ў кажушках-міні частуюць гарбаткай з тэрмасаў. І тым і другім весела і, відаць, лірычна. У кіёсках сьвежыя газеты, у кнігарнях харошыя кнігі – ёсьць што глядзець, чытаць, набываць. Словам, “стан вайсковы” па-польску. Дай Божа, такім яму, лагодным, чалавечым, і адысьці ў мінулае…
Аднак… З вячэрніх паведамленьняў: у Катовіцах, на шахце “Вуек” пралілася кроў – сямёра забітых “забастоўшчыкаў” і некалькі дзясяткаў параненых з боку “siі povz№dkowych”8 . Памаўчым…
— Алексей Константинович, может, я чем-то обидел Вас, оскорбил? Поверьте, ничего подобного и в мыслях не было. Простите, если что…
— Я, Василий Васильевич, терзался такой же тревогой. Искал повода повиниться перед Вами.
І абодва чыноўнікі (першы з іх – начальнік), наўрад ці праз парады Карнегі, падалі сабе рукі. А Леанід Ільіч няхай свае 75 сьвяткуе спакойна – нават, калі б віншавальная тэлеграма з Варшавы не ўзварушыла юбіляра.

22 сьнежня.
Трэба выкарабкацца і з гэтае ямы. Калі выберашся адсюль нармальным чалавекам, не змалахоленым, — ня дайся, на старасьць, зноў сьпіхнуць сябе ў чародны роў. Бо сіл ужо ня стане, нават на карабканьне.
Наважыцца б – і адысьці, рынуць назаўсёды “тэатр” рытуальны. Вярнуцца ў сьвет – дзе слова азначае дзела, а дзела слова акрыляе.
Вечарам. Зноў пад вакном пралязгаталі чолгі… Палякі, аднак, ня трацяць гумору і ў стане вайсковым”. Сусед – да балонкі (разгаўкалася): “Марта, pvzestaс, bo ciк internuj№!”9 І – традыцыйна – да вігілійнае вячэры: “Сьвежага карпа на Каляды, бадай, не забракуе на кожным польскім стале” – нават амаль пры спаралізаванай гаспадарцы, “вымеценых”, апусьцелых прылаўках.

1982 год

6 студзеня.
Гасьцявалася на вуліцы Тамцы хораша і весела, па-навагодняму. “Зусім іншы чалавек каля жонкі…” – жартавала Зіна-гаспадыня. Трэба аднак знову ў свае вярыгі: цярпець і працаваць, адлічваючы апошнія месяцы свайго “дыплямацтва”.
…Аднак мне Менск чуцён – ён скрозь гаворыць: “…днём чакаецца чатыры градусы марозу. Сьнег. Мяцеліца. Зараз сем гадзін, сорак мінут. Добрай раніцы, дзеці!... (…) Падчас стойлавага ўтрыманьня жывёлы – мы, асьнежыцкія даяркі…”.
Не сьціхай, Беларусь дарагая. Нават “стойлавае ўтрыманьне” тут успрымаеш як гаючую музыку.

12 студзеня.
Наскокамі – да Нарадовай бібліятэкі. Купалаўскі зборнік “Шляхам жыцьця”. Перавыдаць бы да 100-годдзя. Замест прылізаных прафесарскіх рэляцыяў няхай бы знову грукацеў Паэтаў голас – да прышчэмленага, змоўчанага, забранага Краю:

Ні сьвятых дуброваў,
Зьніч пайшоў з вадой,
Загасьціў лад новы
Ды ня той, ня свой.

19 студзеня.
Там жа, у Нарадовай, трапілася на вочы спагадлівае беларусам слова яшчэ аднаго паляка, а дакладней — ліцьвіна Ліманоўскага: “Ці беларускі люд здолее ўтварыць асобны народ?”. Тады, у 1912-м, Нестару польскага сацыялізму самому адказаць адназначна на пастаўленае пытаньне было, мабыць, клапатліва. І ўсё ж пачуцьцё веры і такту падказала нашаму магутнаму “краёўцу” аптымальнае рашэньне: “Co do mnie, to wierzк w przyszіoњж narodu biaіoruskiego”10 (Krytyka, 1912, wrzesieс, S. 71).
Наогул жа – сумна. Скрозь усё тая ж мітусьня кшталту “ваш выход, артист…” І нічога не папішаш – трэба выходзіць “гжэчным, усьмехнентым”. Ды і Соніна вестка затрымалася дзесьці ў дарозе.

20 студзеня.
“От стихии чумы Пушкин, говорят, искал спасения не в молитве и не в пиру, но в песне”. Так бы і нам: стыхіі зла – сваю, прыгожую, стыхію. Не расплывацца ў дарэмшчыне, марнасьці, але ўзьнімацца над пошасьцю. Натуральна, калі сам ты – паэт і здатны ўскрыліцца, падобна Цветаевай. Перамагла ж яна, жанчына, безнадзейную роспач гармоніяй пакутнай хараства. Няхай сабе ў парнасьніках ня ходзіш, але “мыслить и страдать”, да горняга кіруючы пагляд, ніхто, нішто й табе не перашкодзяць.
Паштоўка з Вільні ад Людвікі Антонаўны Войцік. Далікатнае, шчырае слоўка. Празрыстае, як і сьветлы, праменны твар здарожана-нястомнае “нашаніўчанкі”. Папытацца: ці не яна, часам – выканаўца ролі жабрачкі ў Аляхновічавай п’есе “На Антаколі” (афіша з Вільні, 1920)? Што яшчэ магла б дадаць да ўспамінаў пра Івана Луцкевіча?

24 студзеня.
У варшаўскай Гарадской бібліятэцы на вул. Кошыковай. На стэньдзе новых паступленьняў – чародны “Неман” з кранальнаю на вокладцы выявай: Максім Багдановіч і Зоська Верас. Гартаю “Варшавское слово” (1920, 27.04): “За особым белорусским языком я признаю все права, как за всяким другим литературным языком”. І сьледам – нязводна-прыкрае “але” наконт нашага, нібы прадвызначанага скону: “Белорусский язык столь близок языку великорусскому, что ему навряд ли удастся удержаться рядом с этим, последним”. Што сказаў бы сёньня дзядзька Бадуэн дэ Куртэнэ? Мо і ўхваліў бы нашую трывучасьць?

6 лютага.
Брама “стану военнэго” трошкі прыадчынілася. Бібліятэка знову працуе. Вы­краў шматок часу і пагартаў гадавікі “Нашай Нівы”.
Цішкі Гартнага прысьвячэньне Івану Луцкевічу, Купалава паэма “На дзяды”, верш “Брату – беларусу”; зьверыў дома з “Творамі” – няма! Чаго ж бянтэжыліся ўкладальнікі-выдаўцы? Няўжо паэтавай рэвалюцыйнасьці?

Забылі ўсё, згубілі долю,
Зьмяшалі слова цьвет з гразёй
І запрадаліся ў няволю,
З душой і скурай счэзьлі ў ёй.

Так яно было з народам зямлі забранай. Было? Рускія выдалі “поўнага” Пушкіна, “поўнага” Гогаля, нават – Дастаеўскага.
Калі ж мы, агораўшы сёньняшніх Валуевых, дачакаемся свайго “поўнага” Купалы? Але ж да паўнаты-такі набліжаемся:

Паўстаньце, рабскія натуры,
Пакіньце свой адвечны сон,
Загаманіце віхрам, бурай,
Каб ажно дрогнуў ваш палон!

Толькі “рабскім натурам”, зрэдка аплочаным, куды дагодней кадзіць Купалу панегірыкамі, чым жыць і пакутваць па-купалаўску.

17 лютага.
Ратаваўся тамсама – у кніжных сховішчах. Сёньня – над лістамі Віктара Гамуліцкага. Спадзяваўся хоць слоўка пра Беларусь (некалі ж ён так спачувальна заўважыў нас, сярмяжных) – нічога. Ветлівая і руплівая пані Марыя з уласьцівай кабетам-кніжніцам мяккасьцю ўзялася “вадзіць” мяне па каталогах, паказальніках, прыгадаўшы “еднэго дэцеклівэго бадача з Міньску” (Мальдзіс? Хто ж яшчэ з нашых дацеклівых затрымліваўся тут?). словам – заўтра разгорнецца папка з лістамі Яна Луцкевіча.

10 сакавіка.
На рэдактарскім стале, загрувашчаным кнігамі, часопісамі, рукапісамі – грудка беларускіх выданьняў. Гаспадар кабінету падымае аберуч, нібы ўзважваючы, чатыры, з каштанавымі вокладкамі тамы. “Янка Брыль, як пан бачыць, не забывае нас. Збор твораў менавіта ад яго атрымаў”. Далей пан Э. пачынае перакладваць выданьні таўсьцейшыя, танейшыя, падаючы пры кожным з іх прозьвішчы: Куляшоў, Вярцінскі, Сіпакоў, Казько. Потым расхінае зеленаватага колеру папку, дастаючы некалькі старонак машынапісу. – “З Лодзі паэт Хрусьцялеўскі, — мабыць, пан яго ведае, — даслаў некалькі сваіх перакладаў з Танка, Панчанкі, Бічэль-Зачнетавай. Так што сёе-тое маем да юбілейнага нумару. Не стае, праўда, Быкава, ведаю яго асабіста, але Быкаў шырока перакладзены ў Польшчы”.
Далей наша гутарка пацякла спакойна, нетаропка. Пан Эўгеніуш разглядвае прынесеныя госьцем беларускія навінкі выдаўнічыя – Броўкі, Брыля, Гілевіча, Караткевіча. Затрымаўся на прадмове В. Быкава да двухтомніка аўтара “Каласоў пад сярпом…”, ажыўлена зазначыўшы: “Вось і добра, дамо ў нумар штось з Караткевіча разам з Быкаўскай прадмовай. І аўтара “Сотнікава” не абыдзем, і “прадстаўніцтва” літаратурнай Беларусі паўнейшым будзе”. Разам сышліся на думцы, што вось яно, беларускае слова мастацкае – багатае, толькі выбірай. Ёсьць з чаго выбраць, ёсьць што паказаць.
Цёпла і хораша гаманілася нам абодвум. Што гэтаму спрыяла — цяжка сказаць. Можа, непасрэднасьць гаспадара – ненатужлівая, далікатная, пры якой і слухаецца добра, і гаворыцца ўсмак. А можа, тая самая “крэсэвасьць”, якая ў ягоным, паляка сэрцы, зарубцавалася ня толькі пакутлівым успамінам аб першай сваёй пакінутай радзіме, але занялася на ўсё жыцьцё ціхім цяпельцам дабрыні і павагі да людзей адтуль, з беларускага краю?

6 красавіка.
“Пан Тадэвуш па-беларуску” («Przyjaџс», 1982, № 3). Пані Веслава датрымала слова, прынамсі ў загалоўку. Хаця Браніслаў Тарашкевіч, пакуль абеларушваць Міцкевіча ў цэлі турэмнай, змагаўся для беларусаў не за “арыентацыю на дзяржаўнасьць ім больш прыхільную”, але за ўласна беларускую, незалежную дзяржаву. Але пакуль дзякуй і на гэтым.

12 красавіка.
“Прамова” начальнікам забракавана. Затое – Соніку сонечны, не па сёньняшнім дні слотным, сіберным, ліст. Не пасьпеў да “Паланэза”, каб пераказаць праз каго прама ў Маскву. Няхай бы пакутніца-суцяшыцелька мая акрылілася, уцешылася. Ад Дворца Цэнтральнага падаўся пешкі далей – ціхай, чыстай, не залюдненай Варшавай сьвяточнай. На вуліцы Сенатарскай – дзьве, адна супроць другой, прыкметы “польскага” пейзажу: «Институт русского языка. Филиал в Варшаве» (каму даспадобы іншаземныя філіялы?) – пад агульнай шыльдай Дому савецкай навукі і культуры. А наўскасяк – касьцёл францішканаў-рэфарматараў. У капліцы – нагробкі мемарыяльныя “загінёных за вольносьць” Айчыны: ахвяры Дахаў, Бухенвальда, Асьвенцыму і… Катыні, Старабельску. На другой “табліцы памянтковай” – яшчэ выразьней, жудасьней: “Zamordowani przez sowiety”. Што ж, чытай і “мільч”, прапагандыст “пшыязьні радзецка-польскай”.
Надвячоркам – на Празе, у цэркаўцы праваслаўнай. Тры сьвечкі памінальныя – маме, дзядзьку Андрэю, Янку “Моцарту” (Няборскаму). Перахрысьціліся, памаўчалі, трошку суцішней, спакайней стала. Кесару кесарава аддамо ў панядзелак. Нядзельку, Божы дзянёк, да таго ж сьвята набожных палякаў, усьцеражэм ад хцівасьці.
Чытаньне. Жыціе сьвяшчэннамучаніка Кіпрыяна, епіскапа Карфагенскага: “Молитва и чтение да будут твоим постоянным занятием; и будешь ты то сам беседовать с Богом, то Бог будет беседовать с тобою. Да поставит Он тебя в твоих запаведях, да управляет Он тобою. Кого Он обогатит, того никто не сделает скудным”. Прыйшоўшы на месца пакараньня, сьв. Кіпрыян сам распрануўся, стаў на калені, памаліўся, багаславіў народ, завяшчаў 25 дынараў кату-выканаўцу прысуду і, завязаўшы сабе вочы, нахіліў галаву пад меч ката. (Бахметьев А. Н. Избранные жития святых. Изд. 14-е. М., 1897).

23 мая.
У Базыля Белаказовіча.
— Добры дзень, пане прафесару. Ня майце жалю за маю “панскасьць” (замест “towarzyszu”). Гэта – ад цеплыні, незмушонасьці, пераказанай, дарэчы і ў паштоўцы Зоські Верас, – мабыць, апошняй з жывых нашаніўцаў.
— Так, — жвава, цяплеючы паглядам, падзначыў прывітаньне гаспадар кватэры. — А ведаеце, — працягваў ён, — ваша – таксама адтуль, з нашаніўства.
— Не кажыце! Вось думаю і шкадую, што за тры гады свайго “прадстаўніцтва” замала эксплуатаваў беларускі рэсурс прафесара.
— Што вы? Цалкам наадварот! Апошнім часам толькі і гаворкі пра зьвіхненьне на пункце беларускім. Нехта пажартаваў нават: каб таму прадстаўніку-беларусіну болей магчымасьцяў – патрапіў бы і Расію да Беларусі далучыць.
І абодва мы, прыязна сьмеючыся, падаліся ў праём пакоіка, застаўленага кніжнымі стэлажамі…

26 мая.
Божа літасьцівы! Няхай бы дзетак нашых навучалі паводле “Дон-Кіхота”.
“Перш-наперш, сыне мой, табе трэба баяцца Бога, бо ў страху Божым запарука мудрасьці; будучы мудрым, засьцеражэшся памылак. Па-другое, зазірні ў сярэ­дзіну сябе і пастарайся пазнаць, пазнаньне ж гэтае ёсьць найцяжэйшае з магчымых. Пазнаўшы самога сябе, ты ўжо ня будзеш надзімацца, быццам жаба, што наважылася параўнацца з валом; калі ж і будзеш – то, падобна паўліну, які зьбянтэжана хавае свой пышлівы хвост, згледзеўшы брыдкія свае ногі, міжволі будзеш падціскаць хвост вар’яцкае свае пыхі (памятаючы, што ў родным краі ты калісьці пасьвіў сьвіней).”

11 чэрвеня.
Канферэнцыя навуковая ў Варшаве на 100-я ўгодкі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Беларускае слова згуртавала багата народу – польскую прафесуру, пісьменьнікаў, студэнтаў-славістаў. З Менску прадстаўнічая дэлегацыя: Алег Лойка, Уладзімір Казьбярук, Леў Шакун.

18 чэрвеня.
Мне всё равно теперь.
Клубится Енисей,
Звезда Полярная сияет.
И синий блеск возлюбленных очей
Последний ужас застилает…

Строфы Ахматавай, ацярушаныя вострым смуткам язьміновым з Жалязовай волі і шчымлівымі гукамі Шапэнавага накцюрна. Сонік, пагасьцяваўшы трошку, зноў падалася ў Маскву, пакідаючы самотніка на кірмашовым вэрхале.

19 чэрвеня.
У Познані – Targi (кірмаш). Кантрасты, купля – продаж. У Савецкім павільёне – бадзёрыя рэфераты пра дасягненьні гаспадаркі, багаты вопыт Краю Радзецкага. Словам – “выставка достижений”. А вось пачаставаць польскіх гасьцей з TРР-R11 “вопыту” ў гаспадароў павільёну забракла. Урэшце было не да тостаў. Зьбег дачасна ў кніжны сьвет – балазе тут, над Вартаю, багаты. Фонд беларускі ў мясцовай бібліятэцы таксама варты ўвагі.

27 чэрвеня.
З Беласточчыны (пра яе – асобна) прывёз апавяданьні Анатоля Кудраўца. “Чарэнь ля коміна была яшчэ цёплая, і ён адсунуў пасьцілку, дастаў нагамі да голай цэглы. Пазіраў у столь, у тое месца, дзе цямнее дзірка ад выбітага сучка ў дошцы. Кастусь ведаў, што ў гэту дзірачку нанач уцякае спаць павучок. Гэта яго домік!” Захацелася панесьці і Кудраўцова, і сваё ціхае нявыказанае слова на сьцежку палявую, атуленую густымі жытамі наліўнымі. Вяртаючыся нясьпешна да пачатку свайго і канца. Чарэнь ля коміна… Чарэнь… Вытлумачце, паспрабуйце, перакладзі­це вось гэтыя два гукі. Усяго толькі два. Паспрабуйце пранікнуць у таямніцы тае самае мовы, якая, наперакор чужацкім віхурам-буранам, скрозь ажывае, уздымае чало – са сваімі “чарэнямі”, “далі-божачкамі”…

28 чэрвеня.
Вяртаючыся ў Беласток. Доўга, відаць, аглядвацца-азірацца буду ў краіну спакойных пагоркаў, лагчынаў травяністых. Да вёскі Herasimowicze, што першаснае імя сваё Герасімовічы ўжо і не вымаўляе. А ўрэшце, скуль табе ведаць, дыпламата? Ты ж да герасімовіцкіх хлапчукоў і дзяўчынак адазваўся po-polsku. Нават у харцэра, што, стрункаю выцягнуўшыся ў варце ля помніка герою Купавіну і дапытлівымі вачыма нібы чакаючы твайго запытаньня, гатовы быў, здаецца, на кожнае тваё слова адказаць дзіцячай шчырасьцю, — нават у таго хлапчука з валошкавай хмурынкай у позірку ты не запытаўся: “Чый жа будзеш, такі стройны, чыста салдат?” А прамямліў дзеравянна-казённае: “Jak siк nazywasz? ” Што толку з значка (радзецкага), прычэпленага падлетку на грудзі госьцем з Амбасады? Не адазваўся да дзяцей беларуска-польскіх па-беларуску. Не выпадала. Мо таму, што і дзеткі да гасьцей чыталі па-руску? Мне ж па-беларуску не выпала, по-русски не схацелася. Што тут скажаш? Вунь на Гродзеншчыне, побач, цераз граніцу, ёсьць толькі “Гродненская правда” – а праўды нашае пакуль ня бачна, не чутно.

18 верасьня.
Як спытаюцца: што рабіў ты, Насарожа, у Польшчы? Нашто гэтулькі часу выдаткаваў?
— Усяго, скажу, “нарабілася”: лухты поўныя карабы і… жменька сонечных пром­няў.
— Пакажы хоць з адзін той праменьчык.
Вось тады разгарну плакат польскі і – маеце: Дні літаратуры беларускай у Польшчы. Наша роднае слоўка, лірычнае, дзяржаўнае, абок суверэннага польскага Dni literatury biaіoruskiej w Polsce.
“К награде не представлен” і на шыю нічога мне не павесілі. Але ж і мяне ня вешаюць. Нават дазволілі ехаць у Менск на міжнародную канферэнцыю “Славянскія культуры…”. Зірнула хмурае начальства на паперу-запрашэньне і, стрымліваю­чы расчараваньне, (“Ну вот ещё. Тут изучать, анализировать обстановку кризисную, а ему в голове некая славянская культура…”), усьміхнулася:
— Что ж, езжайте, я не возражаю. Только не вздумайте оставаться в своём Минске.
Мілы мой Пасол! Як жа хораша пажартавалася Вам наконт “майго Менску”.
Учора Юрка Туронак падараваў дыялогі Сакрата-Платона (“Палітэя”), пераказаныя з Беластоку другім Сакратам, беларускім:
“Ці гэта прыгожа для чалавека — гаварыць пра нешта, чаго ён ня ведае, быццам ведае? Не, — калі быццам ён ведае, ён ня мае права чыніць гэтага, але ён можа сказаць тое, што ён думае, як свой пункт гледжаньня”.
Вось і выкажы свой пункт гледжаньня: Купала – беларускае слова аб чалавеку і чалавецтве. І дыбай сабе далей.

10 кастрычніка.
Беларускія пісьменьнікі ў Варшаве. Стрыманасьць сялянская, зямная лагоднасьць. Максім Танк – прытомлены, відаць, юбілеем, але зусім не п’едэстальны. Юпітэр, тэлекамеры, здаецца, бянтэжылі Паэта.
У гатэлі, раячыся наконт заўтрашняе прамовы: “Тут вось хлопцы падрыхтавалі невялічкі тэкст, мінут на пяць… І разгарнуў лісткі з вучнёўскага сшытка: “Дарагія польскія сябры. Дазвольце перадаць вам прывітаньне на той мове…” “Дык як выступаць – па-руску ці…” “Па-польску”, — напаўголасу, але цьвёрда зазначыў пан Фларыян, “танкавед”. “Па-беларуску — Яўген Іванавіч!” – не ўстрымаўся радца Амбасады. І госьць павёў павесялелым позіркам: “Вось і добра”. Юзаф Озга-Міхальскі не пярэчыў. Паэты паразумеліся.

11 кастрычніка.
Тым часам у Менску вось-вось падасьць голас яшчэ адзін навародак беларускага адраджэньня (мы скрозь нараджаемся і адраджаемся) – альманах “Спадчына”. Будуць у ім “Тутэйшыя” Купалы, успаміны Зоські Верас-Войцікавай. Адам Мальдзіс падаў навіну як штось звычайнае, дадаўшы другую, ня менш кранальную вестку: з Новага году штомесячнік пачне выходзіць – “Мастацтва Беларусі”.
Іншы, сумнейшы, аповед Вячаслава Адамчыка. На месцы вёскі Сяліба, спаленай, як і Хатынь, цяпер залажылі саўгас “Новае Палесьсе” (“Новое Полесье”). Людзі туды наязджаюць не з Беларусі, з бясхлебнага “Нечерноземья”. Ні мовы нашай там больш не чуваць, ні песьні. На зямлі, на касьцях беларускіх паўстае штось новае, нясвойскае. “Вось яшчэ тэма”, — скрушліва ўздыхнуў пісьменьнік.
Але ж браты-палякі dali siк podbiж biaіorusinom12 ды яшчэ авацыямі адарылі “захопнікаў”. Як жа ўзьнёсла, расьпеўна і чыста ў варшаўскай Зале Кангрэсаў гучала Купалы-Коласа-Танка слова, песьня беларуская (хор Дрынеўскага). А вы кажаце, панове, памірае мова наша. Яна сама пачынае сваё ўзыходжаньне – з сядзібаў і сялібаў у палацы, на плошчы.

15 кастрычніка.
Сумнаватае неба, колеру позьняй незабудкі. На Макатоўскім полі палаюць клёны. Трошку пабегаў і паспакайнеў. “А дні ідуць”. Хаця… На Гуце Леніна застрэлены хлапец, дэманстрант. У краіне скрозь неспакойна. Polska… Любоў мая, крыўда, надзея, трывога. Роспач мая, маё суцяшэньне. Адна Польшча страйкуе. Другая – чытае беларускія вершы, апладзіруе беларускай песьні. Трэцяя – тужліва, балесна ўздыхае, maj№c doњж gadaniny i stania siк w kolejkach13 . Разнастайная, кантрасная Польшча…

17 кастрычніка.
Дні беларускай культуры закончаны і аб’яўлены распачатымі: іначай, будуць перманентнымі (Ю. Озга-Міхальскі). Паехалі пісьменьнікі дахаты. Са мною – томік Танка, з кранальным дарчым надпісам аўтара. Разьвітальныя абдымкі магутных ягоных рук і вобраз буйнае грывы, вадаспадам навіслай над прытомленым чалом Паэта. Тут слова паэт – штучнаватае. Проста — хлопец з нарачанскае вёскі Пількаўшчына, які некалі выправіўся Віленскім шляхам “шукаць Беларусі”. І ўжо паўстагоддзя нясе на магутных плячах крыўды і радасьці свае Радзімы. Са мною журботны пагляд Адамчыкавых вачэй і суцішнае слова падтрымкі: “Посьпехаў табе, дружа”. Спачувальная рэпліка Івана Чыгрынава: “Нешта ёсьць у табе трапяткое”. Далікатная рэмарка Грачанікава: “Шчырасьць – заўсёды пакута”. Хоць сам ён, мабыць, ня псіх-адзіночка, а роўны, гульлівы ручай. І Мальдзіса стрыманы голас: “Шукаць, не спыняцца”. Патрыятычную лірыку Купалы ў “Спадчыну” гатовы прыняць, хоць на два аркушы. Новая мая, сьвежая крынічка. Астуджвай сьцюдзёным млосныя комплексы і працуй – як працуюць Адамы, Юркі, Сьцяпаны. Вось яны, дні – канцы і пачаткі.

9 снежня.
Пасьля скону Бранеўскага пасівеў яго сабака і неўзабаве падаўся за гаспадаром. Жывыя сябры паэта дасюль ажыўляюць вобраз Першамайстры, чалавека па-людс­ку слабога (кожны хварэе па-свойму…) і мужнага. Мужнага ў сваім выбары, сумленнасьці. Былы афіцэр-легіянер, Уладзіслаў Бранеўскі з гонарам насіў вышэйшую адзнаку свае жаўнерскае сьмеласьці – ордэн “Віртуці Мілітары”. У 1920-м на польска-савецкім фронце, недзе над Бугам, паручнік Бранеўскі падняў у атаку свой узвод… Рышард Дабравольскі распавядаючы пра гэты далёкі эпізод, нібы папярхнуўшыся, павёў позіркам у бок радзецкага госьця-дыпламата: “Nasz уwczesny wrуg, wrуg w cu dzysіowie, a dzisiejszy sojusznik…”14. Прыйшлося тлумачыцца і “представителю” – перад аратарам і слухачамі-палякамі, удзельнікамі паэтычнае вечарыны:
Proszк paсstwa. Jestem synem narodu, do ktуrego woіaі Broniewski o prayjacielsk№ dіoс – “Podaj mi dіoсй, Biaіoruњ, podaj mi dіoс, Ukraino…” Otуї w tym, biaіoruskim narodzie nie pamiкta siк za co Broniewski otrzymaі “Wirtuti…”, oile w ogуle wiedz№, їe posiadaі takie zaszczytne odznaczenie. Natomiast pamieta siк dobrze pokіon nowej Ludowej Polski, dokonany przez wielkiego Poetк wobec Rewolucii Paџdziernikowej. Co do mnie, nie doznaіem od Polski їadnej wrogosci. Doznaіem natomiast i nadal doznajк samej Prayiaџni, aczkolwiek nie samej przyiemnoњci. Bo kto powiedziaі, їe przyiaџс ma skіadaж siк z samych sіodkich rzeczy? Nie brak tu i rzeczy garzkich, niekiedy bardzo ostrych15. Дык вось, шчырасьці й неспакою ў сяброўстве вучыўся я ў паэта Бранеўскага.
Публіка? Выслухала паблажліва, нехта нават нясьмела плескануў у далоні. Шырокая ўсьмешка пана Рышарда азначала і яго задаваленьне і, магчыма, супакаеньне – маўляў, не зьбянтэжыўся госьць савецкі. Дамовіліся спаткацца. Цяпер жа, натуючы, пашкадаваў: навошта было аж так “надзімацца”? Чаму ж не падзякаваў на разьвітаньне трапяткім словам таго ж самага Рамантыка з-над Віслы: “Niech wam szumi, wiњlanie, sosnowo wiatr…”16 .

21 сьнежня.
Апошняя, мабыць, “імпрэза” на Фоксаль, 10 (Дом савецкай навукі і культуры). Сьпяшаўся, па звычцы, амаль скамянелым, устрывожаным. І вяртаўся незвычайна – вычарпаным і шчасьлівым. Чаму? Гучала там рускае слова, польская песьня, латышская, азербайджанская і… беларускі верш. Сівы, пад гусьляра, Путрамант, прыгадаўшы першае сваё спатканьне з беларускім паэтам Максімам Танкам, ня гэтулькі прачытаў, колькі выдыхнуў – прыцішана й выразна:

Ну што, кажы, што у вас чуваць? –
Пачаў стары пра сенажаць,
Успомніў жыта і авёс…
А вочы мокрыя ад сьлёз.

І, уздыхнуўшы глыбей, пайшоў далей адлічваць для прыцішанай залы гранёныя вострыя словы:
Ня плач! Мы вернемся вясной
І ў поле выйдзем грамадой,
Сустрэнем новы ўсход зары, —
Ня плач і не бядуй, стары!..

Падагульніў пан Ежы сваё нязвыклае чытаньне проста і шчыра: “Po-biaіorusku mуwiж nie potrafiк, a ten wiersz pamiкtam. I to jest siіa poezji17”. Так вось у Варшаве адгукнуліся на 60-гадовы юбілей “Краіны 100 народаў”. Майго народу – таксама.

29 сьнежня.
— Так что будем делать в Москве?
— Пакуль ня ведаю, што буду рабіць. Затое, чаго ня буду — ведаю. Лёгка сказаць. Перад ад’ездам сюды заракаўся таксама.
“Гісторыя салдата” Стравінскага-Афанасьева ў Тэатры Велькім (з Соняй). Яшчэ адзін напамін-зарок: можна забаўляць сваімі песьнямі нават д’ябла. Толькі скрыпкі свае не аддай, не прадай. Інакш – бяда. Аднак жа паспрабуй, разьбярыся, вычуй – дзе да цябе д’ябал горнецца ў прыяцельскіх шатах.

3 – 4 студзеня 1983 г.
Скрынкі з кнігамі, папкамі. Пісьмы, даручэньні сябрам (ёсьць яны!) гатовыя. Прыхіліць галаву на часінку – перад апошнімі, разьвітальнымі візітамі. Каля 6-й раніцы. Завурчэла, зашумела Траса Лазянкоўская…