12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аляксей Каўка

_____________________
Уладзіслаў Сыракомля: на сумежжы ліцвінства-беларускасці


Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі, –
Не забудуцца дум тваіх словы,
Як і слоў беларускіх, жывучых між намі,
Не забыўся ты, лірнік вясковы.
Янка Купала. “Лірнік вясковы”, 1910.

У самы раз зверыць сваю думку з Купалавым словам, спадчынай Сыракомлі, з набыткамі даследнікаў яго творчасці, у прыватнасці, Г. Кісялёва. Дарэчы, Генадзь Васільевіч калісьці падтрымаў наша зацікаўленне падобнай тэмай, агучанай на міжнароднай славістычнай канферэнцыі, адлюстраванай у іншых публікацыях (1). Яшчэ раней гэтую ж праблему нацыянальнае свядомасці ў станаўленні новай беларускай літаратуры – ад “краёвай” да нацыянальнай – акрэсліў В.А. Каваленка (2).
Напрошваецца ўдакладненне наконт адналітасці, этнакультуровае скіраванасці краёвага пісьменства – сублітаратурнага прыдомку польскае (у другім выпадку рускае) славеснасці. Праўда, класічны фенамен ліцвіна-“краёўца” А. Міцкевіча здавалася б падважвае правамоцнасць панятка сублітаратурнасці. Але парадаксальнасць магчымае засцярогі адразу знікае пры ўспрыманні аўтара “Пана Тадэвуша”, “Дзядоў” як польскага, з вызначэння, паэта, чый лакальна-ліцвінскі патрыятызм на свой лад выявіў яго ўласна польскі светагляд, мастацкі геній – у рухомай, узаемапранікальнай прасторы “Літвы-айчыны” і “маці-Польшчы”.
Складаней, супярэчлівей выглядае пытанне з “ліцвінамі” іншае катэгорыі – з польска-беларускімі (беларуска-польскімі) пісьменнікамі. З гэтае прамежкавае двухдомнасці адны (ці не бальшыня) пачуваючыся палякамі, з “ліцвінскай” адметнасцю, кіравалі, аканчальна прычаліўшы да польскага берага. Другія – чуйна ўслухоўваліся ў абуджальныя сігналы свайго даўніннага “крывіцка-рус­кага” радаводу, з часам усведамляючы і ўласную нацыянальную ідэнтычнасць як беларускую – адпаведна этнамаркерам “Беларусь”, “беларус”, “беларускі”, якія на зыходзе ХІХ ст. стала замацоўваюцца на абшары так званага Паўноч­на-Заходняга, “забранага” краю, пацясніўшы ранейшыя азначэнні кшталту “Літва”, “ліцвін”, “крывіч”, “русін”. У гэтым самапазнаўчым працэсе краёвае пісьменства выступіла своеасаблівым рухавіком-паскаральнікам на шляху нацыянальна-літаратурнага самавызначэння: ад “краёвасцi” (“ліцвінскасці”) да беларускасці.
У гістарчычным кантэксце нашага літаратурнага Пачынальніцтва за Новым часам постаць Кандратовіча-Сыракомлі вымалёўваецца мабыць найвыразней, а для адраджэнскіх памкненняў сучаснікаў, паслядоўнікаў – найзначней ад іншых яго калегаў па пяру. Што пацверджвае надзіва ёмісты, разнабаковы характар творчага плёну беларускага Дабравесніка: паэта, крытыка, гісторыка літаратуры, краязнаўца, фалькларыста, у пэўнай ступені і мовазнаўцы, які пераважна польскай літарай выказаў дух, ментальнасць беларуса (3).
З кранальнай адданасцю Сыракомля, следам за Міцкевічам, маніфестуе сваю патрыятычную наканаванасць: “Святая Літва мая, краю мой родны”; “Бо мой прадзед шчырым быў ліцвінам” (4). І – паралельна – сваё крывічанска-беларускае “я”, найярчэй выяўленае ў “марцінкевічавых” сюжэтах пісьменніка (вершаванае прысвячэнне “Навуму”, рэцэнзіі ў “Газеце варшаўскай”): “Хай жыве родны Мінск наш, браты дарагія!”; “На гэтай [беларускай] ніве працаваць можна і варта”. Прычым паверанае паэтам і крытыкам чытачу – гэта не проста спачувальна старонні пагляд апалячанага шляхціча-інтэлектуала на люд сялянскі Літвы-Беларусі, але праява глыбока асабістага, лірычнага суперажывання ўласнае прыналежнасці да гэтага люду – “братоў у капоце, братоў у сярмязе” – іхняе мовы, культуры: “І я навучыўся крывіцкай мове… Бо гэта мова нашага літоўскага Статута, законадаўства...” (5).
Адзін з першых сістэмных даследнікаў у беларушчыне, ён такімі ж беларускімі вачыма ўгледзеўся ў культуру свайго народа як у мнагавечную духатворную традыцыю – ад “Слова аб палку Ігаравым” (“Гэта беларуская старажытная песня”), першадрукаў Скарыны, Буднага, братоў Мамонічаў да Яна Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Кіркора, А.Вярыгі-Дарэўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча (адпаведныя старонкі ў “Гісторыі літаратуры ў Польшчы”, на польскай, рускай мовах, у “Вандроўках..”, “Мінску”). Заангажаваным стаўленнем да беларускага слова, гісторыі роднага краю Лірнік наш выходзіць далёка за ўмоўныя рамкі дэклараванае ім “вясковасці”, стаючыся фактычна асветнікам-будзіцелем Літвы-Беларусі, жывым увасабленнем яе непрамінальных творчых каштоўнасцей, прыўмножаных і яго асабістымі намаганнямі. Дасюль не блякнуць Сыракомлевы мастацка-вобразныя выявы беларускага чалавека ў рознатыповых сацыяльна-псіхалагічных іпастасях – селяніна-хлебароба, яго ж суседа – шарачковага шляхціча, палешука, паштара, жабрака-спевака, а таксама габрэя-карчмара, арандатара, вулічнага кнігара, або тутэйшага татарына (чые продкі “пралілі не адну кроплю крыві, абараняючы сваю прыёмную айчыну” (6).
Душэўнай цеплынёй, хрысталюбнай ласкаю кранаюць чытацкае вока і слых яго пейзажныя, сямейна-бытавыя замалёўкі, як і спавядальныя строфы інтымных мрояў, перажыванняў пісьменніка. У асобе, стылявой манеры Лірніка вясковага – прыўзнятага рамантыка і прыземленага рэаліста – выразна пазначыліся тыпалагічныя рысы беларускага паэта-“народнага песняра” (7), ідэальнага суплёту мастацкіх і грамадзянскіх якасцей літаратуры.
Зразумела, чаму гэты непрыкаяны “ліцвін”, працяты перажываннямі сучасных рэалій, гістарычнага лёсу Бацькаўшчыны, прывабліваў да сябе не адну чулліва крэўную душу з таго ж ліцвіна-беларускага раздарожжа. Як у выпадку з Арцёмам Вярыга-Дарэўскім, стваральнікам знакамітага “Альбома” пісьменнікаў-“краёўцаў”, чыё ўзрушлівае літанне ў лісце да Сыракомлі многае сведчыць пра глыбіню-вастрыню духоўных парыванняў “Наддзвінскага дудара” і ўскосна – пра ўзаемную шчырасць яго сябра-дарадчыка: “Ажыві маё рассеянае беларускае сэрца! Падмацуй мой дух!” (8). Што ўжо казаць пра сяброўска-творчае сумоўе Марцінкевіча-Сыракомлі, увечненае абок іншага ў балеснай паэме “Плынуць вятры” (пра трагічныя падзеі ў Варшаве 1861 г.), вернутай сучаснаму чытачу стараннямі нястомнага Кротуса-Кісялёва (9). Невыпадкова ў асабістай бібліятэцы самотніка з Барэйкаўшчыны знаходзіліся і кнігі першага Беларускага дудара, магчыма з дарчымі надпісамі аўтара (10), творчасць якога стала не толькі фенаменальнай асабістай з`явай, але прыкметным чыннікам развіцця, грамадскае легітымнасці беларускае літаратуры як такой (11). Не ашчадзілі нашаму Лірніку кранальных слоў узнання А.Кіркор, В.Каратынскі, А.Плуг, пазней З.Тшачкоўская-Манькоўская (псеўданім Адам М-скі), Янка Лучына, А.Абуховіч і, нарэшце, Янка Купала, а таксама рускі пісьменнік М.Ляскоў.
У полі Сыракомлевага прыцягнення бачыцца нам яго сучаснік Ю.Ляскоўскі, аўтар “Беларускага бандурыста” (Вільня 1863, на польскай мове), чыя рамантычна ахопленая беларускаю стыхіяй муза адчуваль­на перагукоўваецца з многімі вершамі, гавэндамі аўтара “Лірніка вясковага”. Магчыма, эмігранцкія абставіны пана Юльяна (пазней пад псеўданімам Карабіча публікатара беларускіх вершаў “Зямелька мая..”, “Пад дуду” 1882) (12) заважылі на непасрэднай лучнасці гэтых паэтычна крэўных постацей, хаця Кіркораў след у жыццяпісе Ляскоўскага (выдавец яго згаданага вышэй зборніка) дазваляе не выключаць іхняга асабістага знаёмства, мажліва ў тым жа віленскім “літаратурным салоне” Яна са Слівіна.
Словам, у беларускім сімвалічным аркестры дудароў, песняроў, бандурыстаў, лірнікаў сярэдзіны ХІХ ст. вельмі вылучаецца мілагучны спеў Сыракомлі, заварожваючы чысцінёй, пранікнёнасцю мелодыі. Да таго ж і сам наш пясняр, не раз аказаўшыся за дырыжорскім пульпітрам літаратурна-музычнага ансамбля, прыстойна паспрыяў дынамічнасці й гарманічнасці супольнага гучання.
Даўно заўважана прываблівая каларытнасць “крэсовай” пальшчызны творцы “Паштальёна”, “Жмені пшаніцы”, “Яна Дэмбарога”, густа перасыпанай беларусізмамі. Але ж і польскамоўная тканка многіх яго тварэнняў успрымаецца чытачом-беларусам чымсці вельмі знаёмым, а нават родным – сугучным яго ўласнай моўна-гаваркой практыцы, пераказанай лацінкаю: “od chaty do chaty; z kraju do kraju; lirnik wioskowy; Tu moj domek pochylony; ciemny bor sosnowy; Oto przyzba oto ganek; Ot na scianie wieniec zyta—Pаmiec zniwa і dozynek” (13). Сапраўды, як жа тая пальшчызна “лёгка кладзецца па-беларуску”(14). Усе гэтыя словы, фразеалагізмы – “ад хаты да хаты”, “ад краю да краю”, “прызба і ганак”, “вянок жыта – памяць жніва”*, процьма іншых лексічных адзінак, жыўцом перанесеных з польскага на беларускі палетак (калі не спрадвеку на ім прарослых) гожа зіхацяць у лірычным слоўніку нацыянальнае паэзіі, кранаючы пачуцці, творчую фантазію наступнікаў Уладзіслава Сыракомлі, чыіх “слоў беларускіх” вячыстасць празарліва прадказаў Купала. Тым самым істотна скарэктаваўшы не зусім дакладнае, калі не ўшчэрбнае вызначэнне Каратынскім спадчыны свайго колішняга настаўніка ўсяго толькі як “Слабое святло польскага пісьменства” (15), цалкам змаўчаўшы яго ліцвіна-беларускую прамяністасць.
Аднак жа пад родным нашым небасхілам святло гэтае каторы ўжо век праменіць даволі ярка – амаль на біблійны лад: “І свет ў цемры свеціць і цьма не схлынула яго” (Ін. 1, 5).


Л і т а р а т у р а:
1. Кавко А.К. От “Литвы” к Беларуси. Эволюция национального самосознания в белорусской литературе ХIХ в.// Межславянские связи и взаимодействия в Восточной Европе: история, проблемы, перспективы. Брянск, БГУ, 2003. С.27-30. (У паперах БДАЛіМ, ф.340, туляцца старонкі гэтага паведамлення з паметамі Г.Кісялёва). Кавко А.К. От Скорины до Купалы. Белорусская литература в контексте нацинально-культурного возрождения. М., ИМЛИ РАН, 2006. С. 91-110.
2. Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць. Мн., “Навука і тэхніка”, 1975. С. 119.
3. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ-ХІХ ст. Т.2. Мн., “Беларуская навука”, 2007. С.232, 274.
4. Сыракомля Ул. Добрыя весці. Паэзія. Поза. Крытыка. Укладанне, каментарыі Ул.Мархеля і К.Цвіркі. Мн., “Мастацкая літаратура”, 1993. С.53, 106.
5. Там сама. С. 492, 493.
6. Там сама. С. 438.
7. Тарасюк Л.К. Мастацкія кірункі ў беларускай паэзіі ХІХ-пачатку ХХ ст. Мн., БДУ, 1998. С. 20.
8. Пачынальнікі. З гісторыка-літратурных матэрыялаў ХІХ стагоддзя. Укладальнік Г.Кісялёў. Мн., “Навука і тэхніка”, 1977. С. 225.
9. Кісялёў Г. Сыракомля ці Дунін-Марцінкевіч?//Літаратура і мастацтва, 1993.
(Язэпу Янушкевічу, Яніне Кісялёвай, Ганне Запартыка ўдзячны за “наводку” да гэтае публікацыі – А.К.).
10. Кісялёў Г.В. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. Мн., выд-ва “Універсітэцкае”, 1988. С. 65.
11. Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Праблемы крыніцазнаўства і атрыбуцыі беларускай літаратуры ХІХ ст. Мн., “Навука і тэхніка”, 1993. С. 120.
12. Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. Каліноўскі – эпоха наступнікі. Мн., “Мастацкая літаратура”, 1994. С. 158-159.
13. Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Беларуская польскамоўная паэзія ХІХ ст. Укладанне… Ул.Мархеля. Мн., ППП імя Я.Коласа, 1998. С. 148 і наст.
14. Кісялёў Г. Сыракомля ці Дунін-Марцінкевіч?...
15. Картынскі В. Творы. Укладанне… Ул. Мархеля. Мн., “Мастацкая літаратура”, 1994. С. 291. Мажліва з рацыі па-свойму разуметай “polskosci” ні пан Вінцэсь, ні сыны яго так і не патрапілі абнародаваць беларускамоўныя творы Сыракомлі, якімі яны валодалі. А на творчую постаць нашага Дабравесніка куды дакладней, праніклівей глянуў польскі мысляр з беларускага мястэчка Ракава – Мар`ян Здзяхоўскі, ацаніўшы “першапачатак беларускай літаратуры ў польскай творчасці” пісьменніка, выявіцеля “духоўнае мяжы паміж Літвой, Беларуссю і Польшчай”.—Zdziechowski M, Wladyslaw Syrokomla: pierwiastek literatury bialoruskiej w tworczosci polskiej. Wilno, 1924. S. 21.