12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Кавалёў

_____________________
Інтымны дзёньнік.
П’еса ў 2-х гісторыях

У кожнай эпохі сваё разуменьне інтымнасьці.
Але што такое інтымнасьць? Мяжа,
якая аддзяляе жыцьцё ад літаратуры?
З ненапісанай дысертацыі Пётры.
Гісторыя першая.

А С О Б Ы:
М а к с і м, паэт, 23 г.
С т ы л я, крымскі мастак і выпівоха, каля 30 г.
К л а в а, курортніца, 28 г.
В о л ь г а, яе малодшая сястра, 20 г.
С а л т ы к о ў, служачы банка, муж Клавы, за 30 г.
Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а, гаспадыня пансіёна, за 50 г.

Дзеяньне адбываецца летам 1915 г. у мястэчку Стары Крым.

Гісторыя другая.

А С О Б Ы:
П ё т р а, літаратурны крытык, каля 23 г.
Л я в о н, модны празаік, каля 30 г.
К а л і с а, мастачка-дызайнерка, 28 г.
В е р а н і к а, журналістка, 20 г.
М а к с, выдаўца і бізнесмэн, за 30 г.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а, карэктарка, за 50 г.

Дзеяньне адбываецца ў нашыя дні ў Менску.

Заўвага аўтара: Абедзьве гісторыі разыгрываюць тыя самыя шэсьць акцёраў у адпаведнасьці з узроставай пазнакай. Напрыканцы сьпектакля частка акцёраў выходзіць на паклон у касьцюмах герояў першай гісторыі, частка – у касьцюмах герояў другой, што дапамагае гледачам зьвязаць дзьве гісторыі ў адно цэлае пад назвай “Інтымны дзёньнік”.

Гісторыя першая.

З ь я в а 1.

Пансіянат Дар’і Цімафееўны ў мястэчку Стары Крым. У зацішным дворыку расьце некалькі раскідзістых чарэшняў, пад чарэшнямі – вялікая драўляная лаўка. На лаўцы сядзіць Максім у плашчы і фуражцы. Насупраць прыладзіўся на раскладным стульчыку Стыля, перад ім мальберт, а на мальберце – незавершаны яшчэ партрэт Максіма. Стыля апрануты лёгка, па-летняму, а Максіму відавочна горача ў плашчы.

М а к с і м (глянуўшы з-пад ілба на мастака). Доўга яшчэ?
С т ы л я. Які ты нецярплівы! Глядзі на мяне і шчасьліва ўсьміхайся.
М а к с і м (скардзіцца). Горача мне.
С т ы л я. Затое які партрэт ты атрымаеш! І ўсяго за пяць рублёў.
М а к с і м (усьміхаецца). Што ты, Сьціліян! У мяне няма такіх грошай!
С т ы л я. Эх, ты, студэнт! Добра, дасі грывеньнік, а я табе зраблю з партрэта фотаздымак на памяць. А партрэт пакіну сабе.
М а к с і м. Навошта ён табе?
С т ы л я. А раптам ты, сапраўды, станеш славутым паэтам? І твой партрэт прыдбае ў мяне за вялікія грошы які-небудзь музей. Ты ня сьмейся. Я мінулым летам у Кактэбелі намаляваў для ўласнага задавальненьня нейкую армянку, а адзін курортнік, відаць, нейкі прафесар, купіў у мяне гэты партрэт за восем рублёў. Аказалася, гэта была не армянка, а вядомая маскоўская паэтка Марына Цьвятаева.
М а к с і м (захоплена). Выдумляеш!

Праз дворык праходзіць Дар’я Цімафееўна. Гаспадыня пансіёна апранутая як строгая класная выхавацелька, у руках трымае папіроску з доўгім мундштуком.

Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а (убачыўшы, што Максім у плашчы). Максім Адамавіч, а што гэта вы ў такую сьпёку ды ў плашчы?
М а к с і м (вінавата). Ды вось... (Паказвае на Стылю).
С т ы л я (строга). Мусім скончыць учарашні партрэт. А ўчора было халодна.
Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а. А-а-а... Толькі не давайце гэтаму басурману грошы, калі будзе прасіць.
С т ы л я (абражана). Дар’я Цімафееўна, вы кампраметуеце мяне ў вачах майго новага сябра!
Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а. А то я цябе ня ведаю, злыдня... Дарэчы, як вам падушкі, Максім Адамавіч: не высокія?
М а к с і м. Ды не, дзякуй.
Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а. А, можа, занізкія?
М а к с і м. Цудоўныя падушкі, Дар’я Цімафееўна!
Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а (бурчыць). Адны любяць высокія, іншыя – нізкія, усім не дагодзіш. (Робіць некалькі крокаў). Прыходзьце вечарам на тэрасу, Максім Адамавіч: зьбярэцца добрая кампанія на прэферанс.
М а к с і м. Дзякуй, але я не вялікі ахвотнік да карт.
С т ы л я. А вось я з задавальненьнем прыйду!
Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а (спыняецца). Ты, Стыля, колькі мне вінен? І ня мне адной. Так што на тэрасе лепш не паказвайся.
С т ы л я. Дар’я Цімафееўна, мы ж дамовіліся! Да канца месяца я ўсё аддам. Богам клянуся!
Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а. Вось тады і прыходзь, калі аддасі. (Ціха бурчыць). Каторы год чую: да канца месяца, да канца месяца... Богам клянецца... Цікава, якім богам?.. Бяда мне з ім. (Сыходзіць).
С т ы л я. З гадамі я пачынаю разумець Раскольнікава... У кожнага з нас ёсьць свая бабулька-працэнтніца.
М а к с і м. А па-мойму, Дар’я Цімафееўна – мілая і душэўная жанчына. У маладосьці, відаць, была вельмі прыгажая.
С т ы л я. Усе яны – мілыя і душэўныя... Ты ня думай, хлопча, што я нарадзіўся вулічным мастаком і валацугам. Некалі ў мяне была свая фотамайстэрня, вялікі дом, ласкавая жонка. (З гонарам). І ніхто ў мястэчку ня сьмеў назваць мяне “Стыля”, а толькі – “пан Сьціліян Пефці”...
М а к с і м (спачувальна). Нешта здарылася?
С т ы л я. Усё з-за іх: мілых, душэўных, прыгожых. Нельга, Максім, такім гарачым мужчынам, як я, жыць у курортным мястэчку. Супрацьпаказана. Кожнае лета зьлятаюцца да нас сталічныя дамачкі: маладыя, прыгожыя, эфектна апранутыя. Прыязджаюць сюды, каб адпачыць, завесьці новыя знаёмствы, пакруціць раманы. Выйдзі позьнім вечарам у сад за пансіянатам і прыслухайся: адусюль чуваць шэпты, уздыхі, ускрыкі. Ці ж гэта нармальнае жыцьцё, калі кожнае лета мільгаюць перад табой новыя прывабныя твары, яскравыя сукенкі, стройныя ножкі? Нашым стомленым, запрацаваным жонкам цяжка з імі зраўняцца. Вось і мая Фэля не зраўнялася... А потым пайшло-паехала: адна, другая, трэцяя. Як карты з калоды. Ды яшчэ сапраўдныя карты, ды яшчэ віно... П’янкое адчуваньне свабоды і вечнай маладосьці. Разумееш мяне?
М а к с і м (задумліва) Гэта як тэатр, карнавал замест рэальнага, жыцьця з яго штодзённымі клопатамі.
С т ы л я. Адразу відаць інтэлігентнага чалавека! Ды ты, мусіць, і сам прыехаў, каб хоць на імгненьне акунуцца ў атмасферу гэтага сьвяточнага карнавалу. Недзе там ідзе вайна, у халодных акопах гінуць нашы няшчасныя, галодныя салдаты, а мы тут грэемся на сонейку, гуляем у прэферанс, п’ем віно і заляцаемся да прыгожых паненак!
М а к с і м. Мяне прыслаў бацька лячыць хворыя лёгкія.
С т ы л я. Усе мы хворыя, але тым больш нам хочацца весяліцца, кахаць, цешыцца жыцьцём, якое нібы пясок працякае ў нас скрозь пальцы. (Падміргвае Максіму). Прызнайся, сябра, ты ўжо ўпадабаў сабе якую-небудзь паненку?

Максім маўчыць.

С т ы л я (сьмяецца). Можаш нічога не гаварыць: адказ напісаны на тваім твары. Я нават бяруся вылічыць прадмет твайго ўпадабаньня. Наўрад ці ён пасяліўся недзе далёка. Такім чынам, шукаем аб’ект уздыханьняў студэнта Багдановіча сярод пансіянатак Дар’і Цімафееўны. Задача надзвычый простая. Зразумела, па-за падазрэньнямі апынаецца пажылая гаспадыня пансіянату, хаця ты і адзначыў, што ў маладосьці яна магла быць прыгожай. Выключаем таксама мадэмуазэль Браун, манерную, безгустоўную каханку мясцовага багацея Панамарэнкі. Застаюцца дзьве сястры, старэйшая з якіх, Клава – сімпатычная, цемнавокая жанчына, як з карціны Ўрубеля, але, здаецца, хворая на сухоты і замужняя, а, малодшая, Вольга – юная, стройная прыгажуня, якая нясьмелымі крокамі ўваходзіць у жыцьцё і нагадвае цудоўную ружу, якая вось-вось распусьціцца з бутона. Каго з іх пакахаў паэт Багдановіч? Стаўлю ўвесь свой мізэрны набытак на Вольгу!
М а к с і м (усхвалявана). Чаму ты думаеш, што Клава замужам?
С т ы л я. Прайграў! Прайграў! З маім-то вопытам прафесійнага сэрцаеда. (Уважліва глядзіць на Максіма)
М а к с і м (настойліва). Адкуль ты ведаеш, што Клава замужам?
С т ы л я (усьміхаецца). Стыля ведае ўсё пра ўсіх у Старым Крыме. (Сур’ёзна). Неяк я праводзіў Клаўдзію Пятроўну на пошту. Па дарозе мы размаўлялі.
М а к с і м (абурана). Ты чапляўся да яе!
С т ы л я. Можаш гэта так назваць. Але – абсалютна без энтузіязму, і – безвынікова. Супакойся, дружа, яна мне не падабаецца.
М а к с і м. Хлусіш!
С т ы л я. Кажу чыстую праўду, што са мной рэдка здараецца. (Сумна). Больш таго, калі мы ўжо з табой так шчыра размаўляем, прызнаюся: мне вельмі, страшэнна падабаецца Вольга.
М а к с і м (зьдзіўлена). Вольга? Табе?
С т ы л я (усьміхаецца). Гучыць непраўдападобна? Таксама, як мне непраўдападобным падаўся твой выбар. (Разважліва). Але, калі задумацца, усё заканамерна. Цікаўнага да жыцьця маладога паэта прыцягвае выразная жаноцкасьць, а стомленага жыцьцём мастака – дзявочая нявіннасьць. (Рашуча). Аднак, хопіць пра гэта. Спадзяюся, кожны з нас захавае ў таямніцы прызнаньне сябра?
М а к с і м. Вядома! Слова гонару!
С т ы л я. Вось і добра. Бо нашыя таемныя сімпатыя няўмольна да нас набліжаюцца.

У дворыку зьяўляюцца Клава і Вольга. Старэйшая сястра апранута старанна, з густам, па-жаночаму, малодшая – як нядаўняя гімназістка, галоўнымі ўпрыгожаньнямі якой зьяўляюцца сьвежасьць і маладосьць.

С т ы л я (прыўзьнімаецца са стульчыка і кланяецца). Добры вечар, шаноўныя мамзелі! А мы толькі што з Максімам вас згадвалі!
В о л ь г а. З якой нагоды?
С т ы л я. Спрачаліся, якая жанчына ў пансіянаце – самая прыгожая.
М а к с і м (пачырванеўшы). Стыля, змоўч!
В о л ь г а (з цікавасьцю). І што вырашалі?
С т ы л я. Я, канешне, адразу аддаў свой голас за вас, Вольга Пятроўна.
В о л ь г а (незадаволена). Дзякуй. А Максім Адамавіч?
М а к с і м (абурана да Стылі). Я прашу цябе!
С т ы л я. А Максім выбраў на даму свайго сэрца... Дар’ю Цімафееўну!
В о л ь г а (пагардліва). Перастаньце блазнаваць, Стыля!
К л а в а (клапатліва). Максім Адамавіч, чаму вы ў плашчы? (Спачувальна). Можа, прастудзіліся ўчора?
М а к с і м (разгублена). Ды не...
С т ы л я. Скідай плашч, Максім. Партрэт скончаны. (З гонарам). Усе прысутныя могуць палюбавацца выдатным творам мастацтва.

Клава і Вольга падыходзяць і разглядаюць зблізку партрэт. Максім скідае плашч, фуражку і далучаецца да іх.

К л а в а. Цудоўны партрэт. Вы таленавіты мастак, Сьціліян!
В о л ь г а. Хаця як чалавек часам бываеце нясьцерпны!
С т ы л я. Дзякуй на добрым слове!
В о л ь г а (жартаўліва). Але я вам дарую ўсе вашыя выхадкі, калі вы прызнаецеся: як вы прымусілі Максіма Адамавіча ўсьміхацца?
С т ы л я. Давялося ўвесь час расказваць яму непрыстойныя анекдоты.
В о л ь г а. Усё. Я з вамі не размаўляю.
С т ы л я. Не крыўдуйце на мяне, Вольга Пятроўна. Хочаце, я ваш партрэт намалюю? Бясплатна!
В о л ь г а. Каб вы бясплатна пяліліся на мяне цэлы дзень? Ніколі! (Пакрыўджаная, адыходзіць убок).
К л а в а. А як падабаецца партрэт самому Максіму Адамавічу?
М а к с і м. Вельмі падабаецца. Дзякуй табе, Сьціліян.
С т ы л я. Максім адразу хацеў купіць партрэт, але я катэгарычна адмовіў і заявіў, што прадам партрэт толькі музею.
К л а в а. Якому музею?
С т ы л я. Таму, які больш заплоціць. Вы што, ня ведаеце, што Максім – славуты паэт?
М а к с і м. Стыля, перастань.
В о л ь г а (зацікаўлена). Праўда? (Падыходзіць бліжэй).
С т ы л я. Толькі вершы ён піша на беларускім дыялекце. Гэта Бальмант Паўночна-Заходняга краю. Ды што там Бальмант: Блок!
К л а в а (з дакорам да Максіма). І вы некалькі дзён хавалі ад нас свой талент?
М а к с і м. Мне праўда няёмка...
К л а в а. Прачытайце нам свае вершы, Максім Адамавіч.
М а к с і м. Яны па-беларуску. Вы не зразумееце. А рускія пераклады мне не падабаюцца.
С т ы л я. Няпраўда. Я хоць і грэк, а амаль усё зразумеў, з таго, што ён мне чытаў. Вельмі падобна на дыялект маларосаў.
К л а в а. Ну, хоць адзін верш.
В о л ь г а (нецярпліва). Прачытайце, прачытайце! А потым... потым пойдзем гуляць па-мястэчку! Мы ўжо трэці дзень у Старым Крыме, а акрамя Кацярынінскай вуліцы нічога ня бачылі.
С т ы л я (іранічна). Бо акрамя Кацярынінскай вуліцы тут няма чаго глядзець.

Сёстры сядаюць на лаўку і рыхтуюцца слухаць верш.

М а к с і м. Добра. Адзін верш. Караценькі. (Чытае).

Пад ценьню цёмных ліп, схаваўшы нашу пару,
Мы йдзем праплёванай дарожкай па бульвару;
Акуркі, шалуха, паперкі пад нагамі, —
Ды ці прыкмечу іх, калі іду я з Вамі?
Праз дымчаты крышталь празрыста-цёмнай ночы
Ідушчых міма нас людзей зіяюць вочы;
У цемні к нам плывуць рубіны папяросаў,
Ліхтарні блеск адкрыў на ліпе россып росаў...
Ах, колькі ёсьць красы цудоўнай поруч з намі,
Калі глядзець вакол дзіцячымі вачамі!

В о л ь г а. Я ўсё зразумела: пляўкі на бульвары, акуркі, шалуха!
С т ы л я. Дакладна пра нашую Кацярынінскую вуліцу.
В о л ь г а. Але верш не залічваецца!
С т ы л я. Чаму? Мне спадабаўся. Вельмі мастакоўскі верш, шмат канкрэтных дэталяў, і ў той жа час ёсьць нейкая філасофія!
В о л ь г а (катэгарычна). Верш мусіць быць пра каханьне! Максім Адамавіч, вы каго-небудзь кахалі ў сваім жыцьці?
К л а в а (строга). Вольга!
В о л ь г а. Няхай адкажа! Альбо прачытае верш!
М а к с і м. Пра каханьне? (Падумаўшы, усьміхаецца). “Першая любоў”. (Чытае).
Ўжо позна. Мрок вясеньняй ночы
На вузкіх вуліцах ляжыць.
А мне – вясёла. Блішчаць вочы,
І кроў ад шчасьця аж кіпіць.

Іду я радасны, харошы,
Зьнікае з сэрца пустата...
А пад рызінавай калошай
Ціхутка хлюпае слата.

В о л ь г а (крычыць). Верш не залічваецца!
С т ы л я. А цяпер чаму?
В о л ь г а. Бо верш не пра каханьне, а пра калошу!
С т ы л я (рагоча). І праўда! (Да Максіма). Сеў ты ў калошу са сваёй першай любоўю, сябра!
К л а в а. Вольга, не чапляйся да Максіма Адамавіча! (Да Максіма). Не крыўдуйце на яе, Максім Адамавіч! Яна ў нас студэнтка медыцыны і паэзію ня вельмі любіць. Дзіўлюся я, чаму яна вас прымушае чытаць вершы. Відаць, каб пазабавіцца.
В о л ь г а. Можа, я і не прафесар літаратуры, але верш пра каханьне ад верша пра калошу нават медычка адрозьніць умее. (Катэгарычна). Верш не залічваецца! Трэцяя спроба!
С т ы л я (не вытрымлівае). Прачытай ты ім які раманс, Максім! З пацалункамі, абдымкамі, уздыхамі!
М а к с і м. Ня ведаю. Можа гэты... (Глядзіць як заварожаны на Клаву і чытае).
Прынадна вочы зьзяюць да мяне;
Чароўна усьміхаючыся, губы
Адкрылі буйныя бялеючыя зубы...
Ласкавы шэпт... Гарачай хваляй мкне
Кроў к сэрцу маяму. Мана ўсё або не?
Ці верыць мілым абяцанкам любай?
Мо гэта жар, пылаючы для згубы,
Хавае сьцюжу пад сабой на дне?

Так, іншы раз, над соннаю зямлёю
Агністаю дугою залатою
Прарэжа цемень яркі метэор.

Гарыць ён, іскры сыпе і нясецца,
Бліскаючы мацней ад ясных зор, —
А ў глыбіні халодным застаецца.

Западае доўгая паўза. Вольга кідае ўважлівы позірк на Максіма, потым на Клаву.

С т ы л я. Здаецца, патрапіў? (Запытальна глядзіць на Вольгу). Хоць можна было і без метэора.
В о л ь г а. Я ня ўсё зразумела, але, здаецца, гэты верш – пра Клаву. (Без энтузіязму). Верш залічваецца! Хадземце гуляць!

Стыля складвае мальберт, Максім таксама зьбіраецца: ня ведае ці браць з сабой фуражку і плашч.

К л а в а (нечакана). Нешта мне сёньня не здаровіцца. Я застаюся.
В о л ь г а. Клава, табе прагулка патрэбна ў першую чаргу! Спалучэньне горнага паветра з актыўнымі рухамі дае падвойны эфект!
К л а в а. Ведаю, ведаю, прафесар! Але сёньня ідзіце без мяне. Альбо... можа, Максім Адамавіч, таксама застанецца! (Усьміхаецца). Не сядзець жа мне ў адзіноце.
В о л ь г а (злосна). Тады і я застаюся.
К л а в а. Не, ты ідзі! Дай мне крыху адпачыць ад тваёй клапатлівай апекі. Сьціліян, пакажыце Вользе мястэчка!
С т ы л я. З задавальненьнем!
В о л ь г а. Я не пайду з ім гуляць! Ён нязносны!
С т ы л я. Вольга Пятроўна, абяцаю маўчаць як магіла. І толькі адказваць на вашыя пытаньні. Ніхто ня ведае Стары Крым лепш за мяне.
К л а в а. Ідзі, Вольга, ідзі! Толькі не гуляйце доўга і абавязкова, Сьціліян, праводзьце Вольгу назад.
С т ы л я. Не сумнявайцеся, шаноўная.

Стыля з Вольгай сыходзяць, пры гэтым Вольга некалькі разоў абарочваецца і кідае трывожныя погляды на Максіма і Клаву.

К л а в а. Сядайце, Максім Адамавіч.
М а к с і м (сядае на лаўку побач з Клавай). Вам таксама не спадабаліся мае вершы, Клаўдзія Пятроўна?
К л а в а. Чаму не спадабаліся? Наадварот... Толькі, калі вы чыталі апошні верш, вы так глядзелі на мяне...
М а к с і м (паныла). Як?
К л а в а (сьмяецца). Нібыта я сапраўды ледзяны метэор, а вы сваім позіркам хочаце растапіць мой касьмічны холад.
М а к с і м. Я вам зараз усё растлумачу. Гэта такая метафара...
К л а в а. Ня трэба нічога тлумачыць. Яны хутка вернуцца. (Ціха).Ты хочаш мяне пацалаваць?
М а к с і м (зьдзіўлена). Што?
К л а в а. Я пытаюся: ці хочаш ты мяне пацалаваць? (Проста). Бо мне вельмі хочацца, каб ты гэта зрабіў.
М а к с і м. Так.

Максім нясьмела цалуе Клаву, Клава моцна абдымае яго і цалуе ў адказ: доўга, страсна. У гэты час нечакана вяртаецца Вольга. Хоча нешта сказаць, але ўбачыўшы, што Максім з Клавай цалуюцца, моўчкі праходзіць праз дворык у свой пакой. І толькі ў апошні момант не вытрымлівае.

В о л ь г а (рэзка). Дабранач! (Сыходзіць).

Сканфужаны Максім хоча вырвацца з абдымкаў Клавы, але жанчына не адпускае яго.

К л а в а (шэпча). Ня бойся, яна пайшла... Мілы мой, сарамлівы хлопчык! (Яшчэ мацней абдымае і цалуе Максіма. Так моцна, нібыта гэта апошнія пацалункі ў яе жыцьці).


З ь я в а 2.

Позьнім вечарам у зацішным дворыку пансіянату Дар’і Цімафееўны. На лаўцы пад раскідзістай чарэшняй сядзіць Стыля, грае на гітары і напявае нецьвярозым голасам словы моднага раманса.

С т ы л я (напявае): В том саду, где мы с вами встретились,
Ваш любимый куст хризантем расцвел,
И в моей груди расцвело тогда
Чувство яркое нежной любви.
Отцвели уж давно хризантемы в саду,
Но любовь все живет в моем сердце больном...

У дворыку зьяўляюцца Максім і Клава. У Клавы задумлівы, а ў Максіма выразна закаханы выгляд. Яны ня вельмі рады сустрэчы са Стылям, які да таго ж заняў іх лаўку. Стыля, хоць і выпіўшы, але адразу разумее сітуацыю.

С т ы л я. Здаецца, я заняў вашае ўлюбёнае месца. (Узьнімаецца з лаўкі). Але без барацьбы саступаю яго вам.
К л а в а. Што вы, Сьціліян, сядзіце.
С т ы л я. Э, не... Стыля – біты воўк, ведае, калі прыйсьці, калі пайсьці. (Падміргвае Максіму). На тэрасе, не гуляюць яшчэ ў прэферанс?
К л а в а. Гуляюць. Але кампанія пакуль не вялікая.
С т ы л я. Пайду ім пасьпяваю. Дар’я Цімафееўна забараніла мне паказвацца там у якасьці гульца, але, можа, мяне прымуць у якасьці барда? (Напявае апошні радок раманса). Увы, это были цветы, а не я и не ты...

Стыля сыходзіць. Клава з Максімам сядаюць на лаўку.

К л а в а (асуджальна). Інтэлігентны, па сутнасьці, чалавек. А так апусьціўся.
М а к с і м. Так, ён губіць сябе і свой неардынарны талент. Шкада яго.
К л а в а. Усіх табе шкада, Максім. А я вось — жорсткая. Вельмі жорсткая. Ня верыш?
М а к с і м. Ну, і добра. Значыць, ты пакахала мяне ад шкадаваньня.
К л а в а. Адных губіць невылечная хвароба, а іншыя ў гэты час губяць сябе самі. І атрымліваецца, што па розных прычынах, але ўсе людзі нешчасьлівыя. Нешта шукаюць, выбіваюцца з сілаў... а так нічога і не знаходзяць.
М а к с і м. Няпраўда, я – шчасьлівы. Бо знайшоў цябе. (Бярэ ў свае рукі рукі Клавы).
К л а в а (усьміхаецца). Знайшоў... пад чарэшняй. А калі б там аказалася іншая жанчына – знайшоў бы яе. (Бесклапотна). Сёньня знайшоў, заўтра згубіў.
М а к с і м (пакрыўджана). Не кажы так, Клава. Я веру, што толькі цябе мог сустрэць у гэтым дворыку. І ўжо нікому цябе не аддам!
К л а в а (з цікавасьцю глядзіць на Максіма). Які ты сьмешны, Максім. (Цалуе Максіма). Жыцьцё такое простае, такое банальнае, а ты любому здарэньню ўмееш надаць нейкі вышэйшы, метафізічны сэнс.
М а к с і м (упарта). Бо ў кожным, на першы погляд, выпадковым здарэньні ёсьць вышэйшы, метафізічны сэнс.
К л а в а. Я вырасла ў мяшчанскім асяроддзі і ў мяне ніколі не было знаёмых паэтаў. Але калі я чытала Севяраніна, Блока, Ясеніна, мне заўсёды здавалася, што гэта вельмі небясьпечныя людзі.
М а к с і м (зьдзіўлена). Чаму небясьпечныя?
К л а в а. Бо яны любую падзею, выпадак, сустрэчу ператвараюць у літаратуру. Здаецца, у іхнім жыцьці няма нічога свайго, асабістага. Усё навакол – толькі тэма для вершаў. Вось мы растанемся, і ты таксама напішаш пра мяне вершык?
М а к с і м (пакрыўджана). Мы не растанемся!
К л а в а. Добра, не растанемся. Але вершык ты напішаш?
М а к с і м. Так... Калі ты дазволіш.
К л а в а. Ну, і напішы. (Сумна). Можа нічога і не застанецца на зямлі пасьля Клавы Салтыковай акрамя твайго вершыка...
М а к с і м. Клава! (Прыцягвае Клаву да сябе).

У дворыку зьяўляецца Вольга з кніжкай у руцэ. Максім з Клавай цалуюцца і не заўважаюць дзяўчыну. Вольга сядае на лаўку побач з закаханай парай, разгортвае кнігу і чытае ўслых.

В о л ь г а (чытае). Калі самец заўважае самку, яго арганізм выдзяляе дадатковы бялок, які трапляе ў мозг. Мозг адразу накіроўвае сігнал да палавога органа, што выклікае зьяву так званай эрэкцыі...

Максім з Клавай павольна адсоўваюцца адзін ад аднаго. У Максіма сканфужаны, а ў Клавы сярдзіты выгляд.

К л а в а (строга). Вольга, што ты тут робіш?
В о л ь г а. Рыхтуюся да экзамену па анатоміі. (Зноў чытае). У сваю чаргу, у арганізме самкі, калі яна прагне стасунку з самцом, выдзяляецца сьпецыяльная вільгаць...
К л а в а. Перастань!
В о л ь г а. А, што? Цікава. І вельмі дакладна. Тут нават ілюстрацыі ёсьць. Максім Адамавіч, вы цікавіцеся анатоміяй? Хочаце зірнуць? (Працягвае кнігу Максіму).
К л а в а. Вольга, зараз жа вярніся ў пакой! (Адбірае ў Вольгі кнігу).
В о л ь г а. Не хачу сядзець адна ў пакоі!
К л а в а. Тады ідзі куды хочаш!
В о л ь г а. Куды? Гуляць з Дар’яй Цімафееўнай і яе гасьцямі ў прэферанс? Ці слухаць рамансы п’янага Стылі? Нікуды не пайду! Мне тут добра!
М а к с і м (са спачуваньнем да Вольгі). Клава! Можа...
К л а в а. Максім, у мяне да вас просьба. Схадзіце ў мой пакой і прынясіце мой цёплы шаль. Мы пойдзем з вамі гуляць у сад.

Максім узьнімаецца з лаўкі і са сканфужанным выглядам ідзе выконваць даручэньне Клавы.

В о л ь г а. Так, ідзіце ў сад! У той славуты сад! Самы час вам туды ісьці!
К л а в а. Вольга, чаго ты дамагаешся?
В о л ь г а. Як табе ня сорамна! Перад ім, перада мной, перад тваім мужам!
К л а в а. Перастань! Я выдатна бачу, што не пра майго мужа ты клапоцішся! (Спачувальна). Табе падабаецца гэты бедны хлопчык?
В о л ь г а (з выклікам). А хоць бы і так? Што ў гэтым дрэннага?
К л а в а. Нічога, калі б ён сустрэўся табе на маскоўскім бульвары, а не ў пансіянаце для сухотнікаў. Не надумайся закахацца ў яго, мая дарагая!
В о л ь г а. Я даўно дарослая, і сама вырашаю, калі і ў каго мне закахацца!
К л а в а. Але ня гэтым разам, сястра. У тутэйшага каханьня няма будучыні. Яно для выклятых, такіх, як я, як Максім. А ты... павінна жыць.
В о л ь г а. Нікому я нічога не павінна! Можа, я таксама хачу памерці!
К л а в а (стомлена). У тваім узросьце ўсе хочуць памерці. Максім вяртаецца. Я прашу цябе: ідзі спаць.

Вяртаецца Максім з шалем. Вольга сядзіць надзьмуўшыся, але не сыходзіць.

К л а в а. Дзякуй, Максім. Хадземце гуляць. У Вольгі сёньня дрэнны настрой, лепш яе не чапаць.

Клава накідвае шаль, бярэ Максіма пад руку і выводзіць з дворыка. Вольга застаецца адна.

В о л ь г а (узрываецца). Подлая кабета! Самка! Прыкрываешся высокімі словамі пра каханьне, пра сьмерць, а хочаш толькі аднаго! Фарысейка!

У дворыку зьяўляецца Стыля: сумны, разгублены, без гітары.

С т ы л я. Які фатальны вечар! Прайграў гітару... Божа, які я дурань!.. (Заўважае Вольгу). А вы чаму сядзіце ў адзіноце, Вольга Пятроўна?
В о л ь г а (злосна). Вас чакаю!
С т ы л я. Зьдзекуецеся з мяне? Хочаце мяне канчаткова дабіць сваёй пагардай? Давайце, мне ўжо сёньня нічога ня страшна.
В о л ь г а. Я сур’ёзна! (Рашуча ўсхопліваецца з лаўкі). Я хачу пайсьці з вамі ў сад!
С т ы л я. Вольга Пятроўна, перастаньце.
В о л ь г а. Я вам не падабаюся?
С т ы л я (сумна). Падабаецеся, нават вельмі. Але ўжо ноч. І вы ведаеце, што ў гэтага сада не найлепшая слава.
В о л ь г а. Вось і добра! Сёньня асаблівая ноч! Не ўпусьціце свой шанец.
С т ы л я. Ня трэба.
В о л ь г а. Трэба! Я вам загадваю! (Хапае Стылю за руку і цягне за сабой). Я хачу ў сад!
С т ы л я. Пашкадуйце мяне, Вольга Пятроўна. (Крычыць). За што вы мяне так ненавідзіце?.. (Паслухмяна ідзе ўсьлед за Вольгай).


З ь я в а 3.

У дворыку пансіянату Дар’і Цімафееўны. На лаўцы пад чарэшняй сядзіць Вольга, чытае кнігу: усё той жа падручнік па анатоміі. З боку вуліцы зьяўляецца Максім, ён у цудоўным настроі, ідзе з падскокам, нешта напявае.

В о л ь г а (адклаўшы ў бок кнігу). Ну, што вы скачаце, як горны казёл?
М а к с і м (заўважыўшы Вольгу). Бо жыцьцё цудоўнае, Вольга! Мне хочацца скакаць, сьпяваць, расцалаваць увесь сьвет!
В о л ь г а. Можаце пачаць з мяне. (Пагардліва). Як мала мужчыне трэба для шчасьця: знайсьці сабе ласкавую, падатлівую самку.
М а к с і м (абурана). Вольга! Я прашу вас!
В о л ь г а. Сядайце, нам трэба паразмаўляць...
М а к с і м (рашуча). Сапраўды, трэба, і вельмі сур’ёзна! (Сядае на лаўку, але адразу ж усхопліваецца, нешта ўспомніўшы). Зараз, я толькі скажу Клаве...
В о л ь г а. Ня трэба ёй нічога казаць! Яна перадала вам запіску. Сядзь­це і ўважліва яе прачытайце. (Вымае схаваную паміж старонкамі кнігі запіску і працягвае Максіму).
М а к с і м (усьміхаецца, нічога не разумеючы, паслухмяна сядае). Запіску? (Бярэ запіску, разгортвае і чытае. Паступова твар ягоны пахмурнее, рукі пачынаюць дрыжаць).
В о л ь г а (з цікавасьцю назірае за рэакцыяй Максіма). І дзе тое шчасьце? Вам ужо ня хочацца расцалаваць увесь сьвет? (Спачувальна). Ды не перажывайце вы так. Нічога асаблівага ня здарылася. Да вашай каханкі нечакана прыехаў муж.
М а к с і м (усхвалявана). Я ня ведаю, што мне зараз рабіць... Хаця, не, ведаю... Трэба пайсьці да яго. Ва ўсім прызнацца, сказаць, што я шчыра Клаву кахаю...
В о л ь г а (зьдзіўлена). Толькі не надумайцеся рабіць глупствы. Трымайце сябе ў руках. Сёньня прыехаў, заўтра паедзе.
М а к с і м. Якая вы цынічная, Вольга. (З пачуцьцём крыўды). Яшчэ больш, чым вашая сястра.
В о л ь г а. Я не цынічная. Я нармальная. А вось вы – непапраўны рамантык. Пераспалі раз-другі з жанчынай і ўжо набралі сабе ў галаву. Пайду, прызнаюся, шчыра кахаю... А вы ў яе спыталі: ці хоча яна, каб вы пайшлі і прызналіся? Лепей супакойцеся і паводзьце сябе... як сапраўдны мужчына. (Пагардліва). Тое, што вы называеце каханьнем – насамрэч, адна фізіялогія.
М а к с і м (раздражнёна). Вам адкуль ведаць!

У дворыку зьяўляецца Стыля. Вольга, убачыўшы мастака, спачатку рашуча адварочваецца, але потым паварочваецца назад і зьдзіўлена разглядае яго. Сапраўды, выгляд у Стылі варты ўвагі. Ён у гарнітуры, хаця, здаецца і з чужога пляча, у старанна адпрасаванай белай кашулі і ў гальштуку. У рукух трымае букет палявых кветак.

С т ы л я (нерашуча). Вольга, можна з вамі паразмаўляць. (Круціць у руках букет кветак). Tet a tet.

Максім узьнімаецца з лаўкі, каб сысьці, але Вольга хапае яго за руку.

В о л ь г а. Застаньцеся, Максім!
М а к с і м. Я лепей пайду.
В о л ь г а. Я вас вельмі прашу!
М а к с і м. Ну, як хочаце... (Неахвотна сядае).
В о л ь г а (да Стылі, з выклікам). Максім Адамавіч – сябар нашай сям’і. У мяне няма ад яго сакрэтаў.
С т ы л я. Што ж, можна і пры сьведках. (Перамінаецца з нагі на нагу). Вольга, я, канешне, чалавек нікчэмны. Легкадумны чалавек, марнатраўны. Мной можна пагарджаць, з мяне можна сьмяяцца. Я сам выбраў сабе такое пустое жыцьцё і мне няма каго вініць за сваё незайздроснае становішча. Але я кахаю вас... І пасьля ўчарашняга вечара... Пасьля ўсяго, што сталася... Я падумаў... Калі вы раптам... Словам, выходзьце за мяне замуж!
В о л ь г а (ня верыць сваім вачам). Вы звар’яцелі? Ці проста п’яны з раніцы?
С т ы л я. Наконт вар’яцтва ня ведаю... А піць – ня піў, ні кроплі. Прачнуўся, падумаў-падумаў, і прыйшоў. Я, між іншым, чалавек з гонарам, каб вы ведалі, і да таго ж вас кахаю... Гэта вам. (Працягвае Вользе букет).

Вольга нечакана заходзіцца істэрычным сьмехам.

С т ы л я. Канешне, у вас ёсьць прычыны мяне ненавідзець, але...
В о л ь г а (скроз сьмех). Ды хто вам сказаў, што я вас ненавіджу? Вы мне проста абыякавы!... Ідзіце прэч, сьмешны вы чалавек!
С т ы л я. Так я і думаў. (Сам да сябе). Блазен. (Кідае букет пад ногі, паварочваецца і сыходзіць).

Вольга ніяк ня можа суняць нярвовы сьмех.

М а к с і м (з дакорам). Навошта вы з ім... так жорстка?

Вольга працягвае сьмяяцца, але гэты сьмех пераходзіць у плач.

М а к с і м (зразумеўшы, што дзяўчына плача). Супакойцеся, Вольга. Ня трэба. Ён пайшоў. (Няўмела абдымае дзяўчыну). Усё будзе добра.

Уваходзяць Клава са сваім мужам.

С а л т ы к о ў (жартаўліва). Так, што тут адбываецца? Усхваляваны малады чалавек... Дзяўчына ў сьлязах... Кінутыя ў пыл кветкі... Ай-яй-яй. Усе сімптомы курортнага раману. (Да Клавы). Я не памыліўся, Клава?
В о л ь г а. Ды ну вас усіх! (Усхопліваецца з лаўкі і ўцякае ў свой пакой).
С а л т ы к о ў (да Клавы). Гэта той самы Максім, пра якога ты расказвала?
К л а в а. Так. Пазнаёмцеся, Максім. Гэта мой муж.
С а л т ы к о ў (працягвае Максіму руку). Салтыкоў, Інакенцій Міхайлавіч. Банкаўскі служачы.
М а к с і м (невыразна). Максім Багдановіч.
С а л т ы к о ў (да жонкі). Прысядзем, Клавачка? (Салтыкоў і Клава сядаюць на лаўку, Салтыкоў бярэ ў рукі разгорнутую кнігу, якую пакінула Вольга). Што чытаеце? (Разглядвае малюнкі, потым кідае зьдзіўлены погляд на Максіма). Божа, малады чалавек...
К л а в а. Гэта кніга Вольгі. Падручнік па анатоміі.
С а л т ы к о ў. Зразумела, так сказаць тэорыя... (Загортвае кнігу і кладзе побач з сабой). Я вам спачуваю, Максім: Вольга ў нас дзяўчына прывабная, але характар у яе...
К л а в а (да мужа, з усьмешкай). Кеша, не прымушай нашага мілага сябра чырванець.
С а л т ы к о ў. Ну, добра, зьменім тэму. (Бадзёра). Дык вы вучыцеся Максім?
М а к с і м. Так.
С а л т ы к о ў. І дзе, дазвольце запытацца?
М а к с і м. У Яраслаўскім юрыдычным ліцэі.
С а л т ы к о ў. Слушны выбар прафесіі. Без кавалка хлеба не застанецеся.
М а к с і м. Гэта бацькаў выбар, ня мой.
С а л т ы к о ў. Ну, бацькоў у важных справах трэба слухацца. А бацька ваш дзе служыць?
М а к с і м. У Яраслаўскім аддзяленьні Сялянскага банку.
С а л т ы к о ў. Дык мы з вашым бацькам служым у тым самым банку! (Важна). Толькі я ў цэнтральным, Маскоўскім аддзяленьні. Праўда, цяпер, якраз пераводжуся ў Сімферопаль. У Клавачкі няважна са здароўем, трэба каардынальна зьмяніць клімат. Спадзяюся, вашыя блізкія ў добрым здароўі?
К л а в а (запозьнена). Кеша!
М а к с і м. Не. Маці памерла. І старэйшы брат таксама.
С а л т ы к о ў (разгублена). Прабачце, ня ведаў... (Замаўкае на хвіліну, шукаючы іншую тэму для размовы). А што вы думаеце пра становішча на фроньце? Як, пераможам прусакаў да восені? У нас жа выдатныя генералы: адзін Брусілаў чаго варты! Маладыя Карнілаў і Дзянікін. А рускі салдат ­— увогуле лепшы ў сьвеце. Яшчэ Бісмарк папярэджваў еўрапейцаў: ніколі не ваюйце з Расіяй, усё роўна прайграеце! Рускі салдат усё вытрымае: холад, голад, нават недахоп амуніцыі і зброі. Вось толькі ўсякія там жыда-масоны ды іншыя інародцы падрываюць баявы дух нашай арміі. (Ня вытрымаўшы). Так званыя рэвалюцыянеры, маць іх! Усіх у Сібір!
К л а в а (з жахам). Інакенцій!
М а к с і м (спакойна). Я таксама інародзец: беларус. А мой нябожчык-брат быў рэвалюцыянерам.

Западае доўгая паўза. У дворыку зьяўляецца Дар’я Цімафееўна.

С а л т ы к о ў (узрадавана). А вось і нашая мілая гаспадыня! (Усхопліваецца з лаўкі насустрач Дар’і Цімафееўне).
Д а р’ я Ц і м а ф е е ўна. Што ж вы тут сядзіце? Хадземце да нас, на тэрасу, Інакенцій Міхайлавіч! Сабралася цудоўная кампанія, згуляем у прэферансік.
С а л т ы к о ў. У прэферансік – з задавальненьнем, Дар’я Цімафееўна. (Кінуўшы недабразычлівы погляд на Максіма). Тым больш, што размова нашая неяк ня ладзіцца. (Да жонкі). Хадзем, Клава.
К л а в а. Ідзі, я зараз. (Узьнімаецца з лаўкі).

Дар’я Цімафееўна і Салтыкоў сыходзяць.

К л а в а. Не крыўдуйце, Максім, на майго мужа. Ён неблагі чалавек. Клапоціцца пра мяне, пра Вольгу. А тое, што вы чулі... гэта толькі гучныя словы. Няма ў яго ніякай нянавісьці да інародцаў... Мы з Вольгай па маці – армянкі.

Максім нечакана кідаецца перад Клавай на калені і абдымае яе за ногі.

М а к с і м. Клава, я не магу так! Давай скажам яму, ва ўсім прызнаемся! Паедземце са мной, Клава!
К л а в а (азірнуўшыся). Устаньце, зараз жа! Нас могуць убачыць. (Прымушае Максіма ўстаць). У чым прызнаемся, куды паедзем?
М а к с і м. Прызнаемся, што мы кахаем адзін аднаго! Паедзем у Яраслаўль!
К л а в а (усьміхаецца). У Яраслаўль? У дом вашага бацькі? І што мы з вамі будзем там рабіць? Хадзіць разам у ліцэй?
М а к с і м. Я кіну ліцэй, знайду працу, хоць бы самую цяжкую! Затое мы будзем разам, Клава!
К л а в а. Максім, не паводзьце сябе як юны гімназіст. Я ж вас прасіла ў запісцы: трымайце сябе ў руках. Вы хочаце сапсаваць мне жыцьцё? Мае апошнія гады...
М а к с і м. Не кажыце, так, Клава! (Хапае Клаву за рукі).
К л а в а. Я кажу праўду. Мне трэба ісьці, Максім.
М а к с і м. Вы мяне не кахаеце! Вольга мае рацыю: гэта толькі фізіялогія. Я для вас быў толькі эратычнай прыладай!
К л а в а. Што ж, думайце так, калі вам ад гэтага лягчэй. (Ідзе на тэрасу, потым на імгненьне спыняецца). Дарэчы, мой муж хутка зьязджае. (Выходзіць).
М а к с і м (у роспачы). Я не магу так! Не магу!

З ь я в а 4.

У дворыку пансіянату Дар’і Цімафееўны. На лаўцы – спакаваныя рэчы Максіма. На адной з валізак ляжыць кніга. Сам Максім стаіць непадалёк у плашчы і фуражцы і размаўляе з Дар’яй Цімафееўнай.

Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а. А, можа, застанецеся, Максім?
М а к с і м. Не, Дар’я Цімафееўна. Я ўжо вырашыў.
Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а. Няўжо вам дрэнна ў нас было? Пакой быў цесны ці, можа, кухня не адпавядала? Дык вы б сказалі, я б вас у іншы пакой перавяла. А кухарцы загадала б, каб яна вам асобна гатавала.
М а к с і м. І пакой быў цудоўны, і абеды былі смачныя. Дзякуй, Дар’я Цімафееўна. Проста, стаміўся я ў жо адпачываць. Цягне да кніжак, у бібліятэку. Паеду.
Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а. Ну, не крыўдуйце на мяне, калі што. (Вымае з партманэ грошы і працягвае Максіму). Я падлічыла: вы заплацілі за месяц, а былі тры тыдні. Пяць рублёў вашыя.
М а к с і м. Што вы, Дар’я Цімафееўна! Ня трэба. Я сам вінаваты, што раней зьязджаю.
Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а. Бярыце, бярыце. У дарозе спатрэбяцца. Вы – студэнт, чалавек бедны, а я – дама з гонарам, муж мой быў гвардзейскім афіцэрам. Мне чужыя грошы ня трэба. (Прымушае Максіма забраць грошы). Вы да Феадосіі на чым дабіраецеся?
М а к с і м. Сьціліян абяцаў знайсьці лінейку.
Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а (асуджальна). І вы даверылі такую важную справу гэтаму прайдзісьвету? Знойдзе якую-небудзь драбіну, а грошы заплоціце як за экіпаж! Пайду сама пракантралюю.

У дворыку зьяўляецца Вольга. Спыняецца і чакае, пакуль сыдзе Дар’я Цімафееўна.

Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а (заўважыўшы Вольгу). А вось і паклоньніцы прыйшлі разьвітаццца. Я ж кажу: заставайцеся. (Выходзіць на вуліцу).
В о л ь г а (падыходзіць да Максіма). Шкада, што вы зьязджаеце. (Прыязна ўсьміхаецца). З кім мы цяпер будзем лазіць па гарах, шукаць напаўразбураныя манастыры? З кім будзем езьдзіць у Кактэбель купацца і зьбіраць сердалікі?
М а к с і м. Усе манастыры мы ўжо з вамі знайшлі, калі верыць даведніку. І ў Кактэбель слаўна зьезьдзілі, а ўсе сердалікі не пазбіраеш, трэба і для іншых курортнікаў пакінуць. Дзякуй вам за цудоўную кампанію, Вольга.
В о л ь г а. Не крыўдуеце на мяне? Я вам столькі непатрэбных словаў нагаварыла.
М а к с і м. Ды не, вы мелі рацыю. Усе нашыя высокія пачуцьці можна зьвесьці да простай фізіялогіі. Дарэчы, я пад вашым уплывам нават паспрабаваў апісаць усе свае адчуваньні натуралістычным метадам. Але неяк няўдала. (Вінавата ўсьміхаецца). Кепскі з мяне натураліст. (Бярэ кніжку, якая ляжала на валізцы і працягвае Вользе). Вось ваш падручнік, вы яго на лаўцы забылі. Жадаю пасьпяхова здаць экзамен.
В о л ь г а. Божа, якое я яшчэ дзіця! А вы знайшлі каго слухаць... Мужчына называецца... (Строга). І на Клаву не крыўдуйце. Яна ўчора ўсю ноч праплакала.
М а к с і м (з недаверам). Яна?
В о л ь г а. Так. І я разам з ёй. А што вы думалі? Клава толькі з выгляду такая халодная і абыякавая, а сама ведаеце, як перажывае? (З болем). Няўжо вы не зразумелі, што вы – апошняе каханьне ў яе жыцьці? Апошняя, хаця і недазволеная радасьць, апошні цёплы дзень восені перад доўгаю зімой, якая, магчыма, ніколі ня скончыцца... (Замаўкае).

У дворыку зьяўляецца Стыля. У руках у яго – карціна, загорнутая ў паперу. Убачыўшы, што Максім разьвітваецца з Вольгай, Стыля тактоўна спыняецца воддаль.

М а к с і м (ціха). Клава выйдзе са мной разьвітацца?
В о л ь г а. Ня ведаю. (Працягвае Максіму лісток з блакнота). Вось мой адрас. Калі вам захочацца напісаць Клаве – пішыце, я перадам. Мне таксама можаце напісаць – я буду радая. (Кінуўшы погляд на Стылю). Я скажу Клаве, што вы ад’язджаеце.

Вольга сыходзіць, Стыля падыходзіць бліжэй.

С т ы л я (урачыста). Карэта чакае, граф! Лінейку, праўда, знайсьці не ўдалося, але драбіна – цалкам спраўная.
М а к с і м (усьміхаецца). Графу падыдзе і драбіна, абы на ёй была салома!
С т ы л я. Наконт саломы не хвалюйся: ёсьць і сьвежая. Дар’я Цімафееўна асабіста праверыла. Яна там спрачаецца з вазьніцай, цану зьбівае. (Працягвае Максіму карціну, абгорнутую ў паперу). А гэта табе.
М а к с і м (узяўшы карціну). Што гэта?
С т ы л я. Партрэт славутага паэта Максіма Багдановіча, напісаны малавядомым крымскім мастаком Сьціліянам Пефці.
М а к с і м. Дзякуй! Ведаеш, у мяне якраз ёсьць пяць рублёў, Дар’я Цімафееўна вярнула. (Шукае ў кішэні грошы).
С т ы л я. Ніякіх грошай! Гэта падарунак. (Завагаўшыся). Але калі ты вельмі настойваеш, я магу прыняць ад цябе грывеньнік – выпіць вечарам за тваё здароўе.
М а к с і м (аддае грывеньнік). Дзякуй, Стыля. І за партэт, і за сяброўства. Без цябе Стары Крым быў бы сумным мястэчкам. (Абдымае мастака).
С т ы л я (расчулена). Гэта найвышэйшая пахвала маёй працы. Ну, што, хадзем?
М а к с і м (разгублена). Зараз, я толькі хацеў... (Кідае позірк у той бок, адкуль можа зьявіцца Клава).
С т ы л я (усё зразумеўшы). Але нядоўга. Вазьніца нярвуецца ці пасьпееце вы на цягнік.

Стыля бярэ валізкі Максіма і нясе на драбіну. Максім нярвова ходзіць уздоўж дворыка, час ад часу паглядваючы на гадзіньнік. Але Клава не зьяўляецца.

М а к с і м. Не прыйшла. (Пакрыўджана). Ну, і няхай!

Максім вымае з кішэні нататнік, вырывае аркуш паперы і хуценька пачынае пісаць Клаве запіску. Напісаўшы, складвае лісток удвая, падпісвае, і глядзіць, куды б пакласьці запіску. Урэшце, пакідае яе проста на лаўцы, а зьверху кладзе каменьчык. У гэты момант у дворыку нарэшце зьяўляецца Клава.

К л а в а. Максім!
М а к с і м (амаль спалохана). Клава! (Хапае сваю запіску, камечыць і рве на кавалкі).
К л а в а. Я ўсю ноч думала... шукала словы... мне так шмат чаго трэба табе сказаць...

У дворыку зьяўляецца ўзбуджаная Дар’я Цімафееўна.

Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а. Максім, вы едзеце ці не?
М а к с і м. Так... еду... (Глядзіць на Клаву).
Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а (загадным голасам). Тады бяжыце хутчэй! Стыля знайшоў нейкую жахлівую калымагу і шалёнага вазьніцу, невядома, ці пасьпееце вы з такім транспартам на цягнік!
М а к с і м. Так... бягу... (Робіць некалькі крокаў убок Дар’і Цімафееўны). Цягнік... (Нечакана разварочваецца і бяжыць да Клавы). Гэта табе, на памяць. (Укладае Клаве ў рукі партрэт, атрыманы ад Стылі). Я ўсё роўна кахаю цябе, Клава!
К л а в а. Максім! (У адчаі абдымае Максіма і цалуе на вачах зьдзіўленай гаспадыні пансіянату).
Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а. Гэта яшчэ што такое?! (Строга). Ма-а- ксім!
М а к с і м (адрываецца ад Клавы). Бягу, Дар’я Цімафееўна!

Максім выбягае з дворыку. Клава, прыціснуўшы партрэт да грудзей, вяртаецца ў свой пакой. У дворыку застаецца толькі Дар’я Цімафееўна, сядае на лаўку, пераводзіць дух.

Д а р’ я Ц і м а ф е е ў н а (бурчыць). Бяда мне з імі. Кожны год тая самая гісторыя. Прыязджаюць да нас здалёк: самотныя, замёрзшыя, напаўжывыя. Адагрэюцца крыху на паўднёвым сонейку, падыхаюць сьве­жым паветрам, і пачынаюць харахорыцца, паглядваць адзін на аднаго, заляцацца. Потым разьвітваюцца, плачуць, клянуцца сустрэцца праз год. А, глядзіш, наступным летам – зусім іншыя твары мільгаюць, а тыя, хто кляўся і чакаў сустрэчы, ужо знайшлі сабе вечны прытулак і спакой... Як мятлушкі над вадой. Усё ў іх нетрывалае, і жыцьцё, і пачуцьці на адзін сезон. І толькі мы, тут, вечныя. Чакаем іх, рыхтуем пакоі, даглядаем дворык і сад. (Стомленна). Божа, калі ўжо спыніцца гэтая каруселя?


Гісторыя другая.

З ь я в а 1.

У рэдакцыі літаратурна-мастацкага часопісу „Брама”. Памяшканьне рэдакцыі ўяўляе сабой звычайную двухпакаёвую кватэру. У большым пакоі знаходзіцца некалькі сталоў, крэсел, шафа з часопісамі ды пашарпаная канапа. За кампутарным сталом сядзіць Каліса, за пісьмовым – Ядзьвіга Антонаўна, на канапе ўладкаваўся Лявон. У Лявона памяты, заспаны выгляд. Дзьверы ў меншы пакой – рэдактарскі кабінет – прыадчынены.

Л я в о н (адплюшчыўшы адно вока). Калісачка, сэрцайка, зрабі кавы. Мой розум бяз допінгу не функцыянуе.
К а л і с а (не адрываецца ад кампутара). Якая мяне чакае ўзнагарода?
Л я в о н. Маё палкае каханьне.
К а л і с а (без энтузіязму). Ф-фу!
Л я в о н. І кавалак шакаладкі. (Пашукаўшы ў кішэнях, вымае патрушчаную шакаладку. Адплюшчвае другое вока і скептычна разглядае шакаладку). Шмат кавалачкаў. Дро-о-обненькіх.

Каліса ўздыхае і ўзьнімаецца рабіць каву. Налівае ваду і ўключае электрачайнік.

К а л і с а. Магу зрабіць з цытрынай. (Спачувальна). Дапамагае.
Л я в о н. Ня трэба. Як кажуць, ня псуй гарбату цукрам, каву цытрынай, а каханьне шлюбам.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (асуджальна паглядзеўшы на Лявона). Лёнечка, вы зусім не беражэце свой малады арганізм.
Л я в о н. Я згараю на вогнішчы натхненьня.
К а л і с а. Тлееш. Смуроду ад твайго вогнішча больш, чым агню. Ты скончыў раман?
Л я в о н. Ц-с-с! Шэф пачуе! (Удакладняе). Маю на ўвазе не таго шэфа, які пялёхаецца зараз у хвалях Чорнага мора, а кар’ерыста, які часова заняў рэдактарскі кабінет.

З рэдактарскага пакою выходзіць Пётра.

П ё т р а. Вераніка не тэлефанавала?
К а л і с а. Пакуль не. Вып’еш кавы, Пётра?
П ё т р а. Можна. (Падумаўшы). Толькі з цытрынай.
К а л і с а. А вы, Ядзьвіга Антонаўна?
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а. Я лепей гарбаты. (Вымае з сумкі тэрмас). У мяне свая, з зёлкамі. (Да Лявона). Лёнечка, вам таксама карысьней выпіць гарбаты.
Л я в о н. Не заўсёды карыснае – прыемнае, Ядзьвіга Антонаўна.

Каліса частуе Лявона і Пётру кавай, потым налівае сабе.

П ё т р а. Лявон, ты скончыў раман?
Л я в о н (без энтузіязму). Амаль што. Засталося напісаць фінальную сцэну.
П ё т р а. Пасьпееш здаць у наступны нумар?
Л я в о н. Ня ведаю. (Задумліва). Разумееш, бракуе яркага жыцьцёвага ўражаньня.
К а л і с а (іранічна). А ўчарашняе было недастаткова яркае?
Л я в о н (махае рукой). Э-э-э!
П ё т р а. Хацелася б пачаць нумар цікавым матэрыялам.
Л я в о н (удакладняе). У сэньсе – скандальным?
П ё т р а (з надзеяй). Можа, у рэдакцыйных запасах знойдзецца нешта вартае ўвагі?
Л я в о н (узважвае на руцэ стос рукапісаў, які толькі што ляжаў у яго пад галавой). Вось вып’ю кавы і бяруся за чытаньне непрызнаных геніяў.
П ё т р а. Дзякуй за каву, Каліса. (Накіроўваецца ў кабінет).
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (нясьмела). Пётр Уладзіміравіч, вы не забыліся пра маю просьбу? Гануся так хвалюецца...
П ё т р а. Памятаю, Ядзьвіга Антонаўна. Але прафесар яшчэ не вярнуўся з канферэнцыі. (Зьнікае ў кабінеце).
Л я в о н (праводзіўшы Пётру поглядам). Выслужваецца, Бялінскі.
К а л і с а. Зайздросьціш, што Бронік не на цябе пакінуў часопіс?
Л я в о н. Наадварот, спачуваю. Я – вольны мастак.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а. Лёнечка, вы праўда напісалі раман?
Л я в о н. Неўзабаве вам давядзецца выпраўляць памылкі.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (з павагай). Вы таленавіты пісьменьнік, Лёня. У вашым узросьце ды напісаць раман...
К а л і с а. Які там раман, Ядзвіга Антонаўна! Дзесяць старонак, ні герояў, ні сюжэту.
Л я в о н (пакрыўджана). Няпраўда. Старонак сорак набярэцца. І герой ёсьць – я. Астатнія ўсе – гераіні. І назва клёвая: „Я і мятлушкі. З прыватнага жыцьця Лявона К.”
К а л і с а. Назаві прасьцей: „Як я іх”.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а. Зноў давядзецца вычытваць карэктуру ў рэдакцыі. У мяне дачка цікаўная, яшчэ зазірне. (Усхвалявана). Можаце з мяне сьмяяцца, называць мяне старамоднай, але за некаторыя публікацыі ў нашым часопісе мне сорамна. Прыходзіць да мяне надоечы сяброўка-настаўніца і пытаецца: „Што вы, Ядзя, друкуеце? Замест таго, каб заклікаць чытачоў любіць Бацькаўшчыну і берагчы родную мову, вы ў сваім часопісе культывуеце распусту і брыдоту”. І зачытвае ўрывак... (Бездапаможна). Я пасьля на яе вачэй не магла ўзьняць.
Л я в о н (з цікавасьцю). А што яна зачытала?
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (адмахваецца). Мне сорамна такое ўслых вымаўляць.
Л я в о н. Які нумар?
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а. Мінулы.
Л я в о н (упэўнена). „Апосталы Нірваны”.
К а л і с а. Я рабіла мастацкае афармленьне. Кампутарная графіка.

Лявон робіць знак Калісе. Каліса бярэ з шафы часопіс і кідае Лявону. Лявон спрытна ловіць часопіс, адкрывае і зачытвае ўрывак са згаданага твора.

Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (пратэстуе). Дзеля Бога, Лёня, ня трэба!
Л я в о н (чытае). „Вось упэўненая жылістая рука гладзіць ейныя лыткі, клубы, потым мокрае прамежжа. Сярэдні палец трапляе ў вільготную похву й казыча, казыча, казыча. Жанчына зьнемагае і пакутуе ад нутранай гарачыні, цяжка дыхае, трымаючыся за халодныя поручні ложка. Раптам заўважае, што нехта сядае ёй на грудзі так, што яе галава апынаецца спаміж потных валасатых ног нахабнага вершніка. Да ейных вуснаў дакранаецца нешта пругкае й цёплае. Кабета аўтаматычна адкрывае рот і пачынае смактаць, нібы даўгую салодкую цукерку. Час ад часу вершнік рукамі прыціскае ейную галаву да сябе, ажно настаўніца ледзь не задыхаецца. Бо памеры ўзбуджанага адростка не супадаюць з памерамі ейнага мініяцюрнага ратка. У ніжняй частцы свайго тулава яна адчувае шпаркія паступальныя штуршкі іншароднага прадмета. Эма Барысаўна не вытрымлівае гэткай напругі, ды ў экстазе траціць прытомнасьць…” (Адрываецца ад часопіса). Дарэчы, у гэтым самым нумары зьмешчаная і аповесьць „Эрагенная зона”.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (абурана). Быкаў і Караткевіч ніколі б не апусьціліся да такога бруду!
К а л і с а. Згодная. Хаця мастацкае афармленьне было добрае.
Л я в о н. Але ж гэта быў сьпецыяльны дыскусійны нумар: „Эротыка і парнаграфія”. Навошта вашая сяброўка яго купляла, калі яна такая цнатлівая?
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а. Я спадзяюся, Лёня, за ваш раман мне не давядзецца чырванець?
К а л і с а. Не спадзявайцеся, Ядвіга Антонаўна: давядзецца ды яшчэ як. Стыль – той самы, а імёны і прозьвішчы гераінь – сапраўдныя.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (ня верыць). Як сапраўдныя? (Запытальна глядзіць на Лявона).
Л я в о н. Каліса праўду кажа. Раман дакументальны. У гэтым ягоная унікальнасьць.
К а л і с а. Сяброўкі Лявона з задавальненьнем прачытаюць пра свае сэксуальныя подзьвігі. І ня толькі сяброўкі. Іхнія мужы таксама.

У дзьвярах рэдактарскага кабінету паказваецца Пётра.

Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (з жахам). Але ж гэта ... амаральна. Якая ж гэта літаратура?
Л я в о н (з гонарам). Шчырая літаратура. А ўявіце, колькі ў майго раману будзе чытачоў. Усе, пра каго напісана – раз. Іхнія сябры і знаёмыя – два. І ўрэшце прачытаюць усе астатнія, каб пераканацца, што пра іх нічога не напісана...
К а л і с а (самазадаволена). Напрыклад, я.
Л я в о н. Памыляешся, Каліса. Пра цябе я напісаў.
К а л і с а (зьдзіўлена). Што напісаў? Я, здаецца, не давала табе падставаў...
Л я в о н (перапыняе). Не давала. Таму ў рамане ты – лесьбіянка.
К а л і с а. Сьвіньня. Не прасі больш зрабіць табе кавы.
Л я в о н. А малюнкі зробіш?
К а л і с а (павагаўшыся). Малюнкі зраблю. Гэта мой прафесійны абавязак. (Усьміхаецца).
Л я в о н. Хітрая ты. Каліса. У цябе нават зубы хітрыя.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (заўважыўшы Пётру). Пётр Ула­дзіміравіч, вы чулі? Хіба так можна?
П ё т р а. Дарагая Ядзьвіга Антонаўна, вы думаеце Лявон гэта прыдумаў? Сусьветная літаратура даўно прайшла праз этап эксгібіцыянізму і прылюднага аўтарскага самараспрананьня...
Л я в о н (падміргвае Калісе). Пачалася лекцыя.
П ё т р а (працягвае). Што датычыцца сэксуальных сцэнаў – гэта проста агульнае месца, своеасаблівы код, па якім пазнаецца прыналежнасьць тэксту да сучаснай літаратуры. Раней чытач такія сцэны нецярпліва вышукваў, цяпер – абыякава прамінае, як літаратурны штамп. (Зрабіўшы паўзу). У нашага геніяльнага раману іншы недахоп.
Л я в о н (з выклікам). Цікава, які?
П ё т р а. Ён не завершаны, і мы ня можам здаць яго ў наступны нумар.

Дзьверы ў рэдакцыю насьцеж адчыняюцца і на парозе зьяўляецца ўсхваляваная Вераніка. Яна кідае свой партфель Лявону і з разьбегу ўскоквае на Пётру, абхапіўшы яго рукамі за шыю, а нагамі за пояс.

Л я в о н. Упс! (Ловіць партфель).
В е р а н і к а. Yes! Я знайшла яго! Я яго маю!
П ё т р а. Каго?
В е р а н і к а. Дзёньнік Багдановіча!
Л я в о н (захоплена). Той самы?
В е р а н і к а. Той самы, славуты, ніколі не публікаваны інтымны дзёньнік найвялікшага беларускага паэта Максіма Багдановіча! Хлопцы, бяжыце па шампанскае!
П ё т р а. Ёсьць матэрыял для наступнага нумара. (Строга). Але шампанскае піць рана: спачатку трэба перакласьці дзёньнік на беларускую мову.
Л я в о н. Я бяруся!
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (пераможна паглядзеўшы на Лявона). Нарэшце ў нашым часопісе будзе друкавацца класіка.


З ь я в а 2.

Позьнім вечарам у аднапакаёвай кватэры Пётры. На тахце напаўляжыць Вераніка, апранутая ў піжаму, і робіць нейкія пазнакі ў маленькім нататнічку. Пётра сядзіць за пісьмовым сталом і чытае дзёньнік Багдановіча.

В е р а н і к а (зірнуўшы на Пётру). Ну як, падабаецца дзёньнічак?
П ё т р а. Прызнацца, я ўяўляў яго іншым. Я ведаў, што ў дзёньніку апісаны раман Максіма Багдановіча з Клавай Салтыковай летам 1915 году ў Старым Крыме. Але не здагадваўся, што ў такіх выразах! (Зачытвае). „У мяне ўстаў і я пайшоў з прыўзьнятым... Я паваліў яе на зямлю і задраў спадніцу...”
В е р а н і к а (з усьмешкай). Цябе шакіруюць падобныя выразы? Не стасуюцца з вобразам любімага паэта? Пётра, ты сам казаў, што Багдановіча вельмі цікавіла фізіялогія чалавека: сэкс, цяжарнасьць. А Клава была яго першай, а магчыма і адзінай жанчынай. Я не лічу рамантычныя закаханасьці кшталту Кіціцынай.
П ё т р а. Але пагадзіся, што вобраз гэтай першай і адзінай – дарэчы, замужняй – жанчыны з дзёньніка паўстае не найлепшы. Як і вобраз аўтара. Пасварыліся яны былі ці што?
В е р а н і к а (горача). Няпраўда. З дзёньніка я даведваюся, што паэт Багдановіч ня быў імпатэнтам, ня быў гомасэксуалістам, а меў нармальныя палавыя стасункі з жанчынай, няхай сабе і з замужняй. А Клава... я б ёй помнік паставіла! Яна ўмела па-сапраўднаму кахаць і аддавацца мужчыне. Ня тое, што гэтыя чыксы Какуева і Гапановіч!
П ё т р а. У цябе выключна практычны погляд на адносіны паэта з жанчынамі. Мяне больш цікавіць іх уплыў на творчасьць. Ганьне Какуевай і Нюце Гапановіч прысьвечаны цэлы шэраг выдатных твораў. А што Клава? Пра сваю крымскую каханку Багдановіч напісаў адзін маленькі вершык на рускай мове. (Цытуе па памяці).

Забудется многое, Клава,
Но буду я помнить всегда,
Как в сердце шипела отрава
Любви, и тоски, и стыда...
Тебя в темно-синем платочке
И песню, что пела мне ты:
Прошли золотые денечки,
Осталися только мечты.

В е р а н і к а (паціскае плячыма). Можа, Максім не хацеў больш пісаць па-руску, а па-беларуску Клава не разумела. Здаецца, яна была армянкай па маці.
П ё т р а (задумліва). Цікава, якія яны былі ў сапраўднасьці? Клава, яе сястра Вольга... Малады Максім... Крымскі мастак Сьціліян Пефці, які намаляваў партрэт Багдановіча. І куды прапаў потым гэты партрэт? У музеі захаваўся толькі фотаздымак з яго. Дарэчы, ты не расказала мне галоўнае: адкуль у цябе копія дзёньніка.
В е р а н і к а (хітра). А як ты думаеш?
П ё т р а. Паняцьця ня маю! Дзесяць гадоў доўжыцца палеміка: друкаваць дзёньнік ці не? Супрацоўнікі музея Багдановіча пакляліся, што касьцьмі лягуць, а не дадуць апублікаваць непрыстойныя нататкі любімага паэта. І раптам расшыфраваная копія дзёньніка аказваецца ў руках пачынаючай журналісткі!
В е р а н і к а (па-змоўніцку). Было так. Прыходжу я ў кабінет дырэктара музею і кажу адкрытым тэкстам: хочаш трахнуць маладую, прыгожую журналістку – давай дзёньнік Багдановіча!

У пакоі западае маўчаньне.

П ё т р а (незадаволена). Вераніка, я сур’ёзна.
В е р а н і к а. Добра, адказваю сур’ёзна. Прозьвішча Санковіч табе знаёмае?
П ё т р а (падумаўшы). Не.
В е р а н і к а. Дзіўна, бо ўпершыню я пачула яго ад цябе. Ты распавядаў, як у 70-я гады ў Менску ставілі оперу пра Максіма Багдановіча.
П ё т р а. Было такое.
В е р а н і к а. Па просьбе аўтара лібрэта адзін тэатральны крытык месяц праседзеў з павелічальным шклом над дзёньнікам Багдановіча. Тады яшчэ дзёньнік знаходзіўся ў Акадэміі Навук і пра яго мала хто ведаў. Пазнаёміўшыся са зьместам дзёньніка, стваральнікі оперы адмовіліся ад яго выкарыстаньня, а тэатральны крытык неўзабаве памёр.
П ё т р а. Ягонае прозьвішча было Санковіч!
В е р а н і к а. Нарэшце дацяміў. Я падумала, а што калі ў паперах Санковіча захавалася зробленая ім копія дзёньніка? Мне пашанцавала: дзеці Санковіча ня зьнішчылі бацькаў архіў, як гэта часта бывае.
П ё т р а. Вераніка, ты геніяльная журналістка! Сам бы я да такога ніколі не дадумаўся.
В е р а н і к а. Вось чаму побач з табой павінна быць такая дзяўчына, як я. (Весела). Можа, усё-ткі вып’ем шампанскага: за саюз мужчынскага розуму і жаночай інтуіцыі?

Звоніць тэлефон. Пётра бярэ трубку.

П ё т р а. Слухаю. Не, Ядзьвіга Антонаўна, я не забыўся. Зараз патэлефаную. Няма за што. Дабранач. (Кладзе трубку, потым зноў бярэ).
В е р а н і к а. Чаго яна хацела?
П ё т р а. Гануся здае заўтра экзамен Паўлу Сямёнавічу. Трэба патэлефанаваць замовіць слоўца за бедную студэнтку. Можа, прафесар прыслухаецца да просьбы свайго любімага асьпіранта?
В е р а н і к а. Забаўная наша Ядзьвіга Антонаўна. Апякуецца дачкой як дарэвалюцыйнай гімназісткай. А Гануся – сучасная, эмансіпаваная дзяўчына. Неяк у рэдакцыі, у адсутнасьці маці, яна распавядала нам з Калісай пра твайго Паўла Сямёнавіча.
П ё т р а. Спадабаліся ягоныя лекцыі?
В е р а н і к а. Ды не. Прафесар так павольна гаворыць, што студэнткі ня могуць даўмецца, як ён займаецца сэксам. „Мусіць, адзін штуршок у мінуту”, – падсумавала Гануся.
П ё т р а. Пра што думаюць студэнткі на лекцыях! (Набірае нумар). Павел Сямёнавіч? Добры вечар, Пётра вас непакоіць. Павел Сямёнавіч, заўтра вам будзе здаваць экзамен адна вельмі прыгожая і таленавітая дзяўчына. Не, не сваячка. І не каханка... Што? (Разгублена). Добра, прыду. Да заўтра, Павел Сямёнавіч. (Кладзе трубку).
В е р а н і к а (іранічна). Атрымаў свой штуршок?
П ё т р а. Прафесар папрасіў дапамагчы яму прыняць экзамен. А ў нас заўтра столькі працы ў рэдакцыі!
В е р а н і к а. Не перажывай, сам напрасіўся. Затое Ганусьцы пашанцавала... Дарэчы, што з нашым шампанскім. Зноў адмяняецца?

Чуваць званок у дзьверы. Пётра аўтаматычна хапаецца за тэлефонную трубку.

П ё т р а. Слухаю.
В е р а н і к а. Гэта не тэлефон, дзівак! Адчыні дзьверы!
П ё т р а. А! (Кладзе трубку). Запозна для візітаў. Хто гэта можа быць?

Пётра ідзе адчыняць дзверы. Вераніка папраўляе на сабе піжаму. Уваходзіць Макс, усьлед за ім – Пётра.

М а к с. Прывітаньне, Вераніка! Ты вельмі эратычна выглядаеш у піжамцы.
В е р а н і к а (зьдзіўлена). Макс?

Макс без запрашэньня сядае ў крэсла. Вераніка запытальна глядзіць на Пётру, Пётра разводзіць рукамі.

М а к с. Вас зьдзіўляе маё зьяўленьне?
П ё т р а. Ня тое слова. Мы проста агаломшаны. Каб знаны выдаўца ва ўласнай асобе нанёс візіт сьціплым літсупрацоўнікам...
В е р а н і к а (недабразычліва). Прытым без папярэджаньня.
М а к с. А чаму б і не? Калісьці мы былі сябрамі.
П ё т р а. Калі ў дзіцячы садок разам хадзілі.
М а к с. Бачу, вы ня вельмі радыя майму візіту. Добра, адразу перайду да справы. Я хачу мець дзёньнік Багдановіча.

Пётра з Веранікай зноў абменьваюцца поглядамі.

П ё т р а (спакойна). Калі ласка. Зьвярніся ў музей Багдановіча. Я магу падказаць адрас.
М а к с. Дзякуй за параду. Добра ведаеш: музейшчыкі дзёньнік нікому нават у рукі не даюць. А мне патрэбна копія, прытым – расшыфраваная. (Уважліва глядзіць на Вераніку). Тая, якая ў Веранікі.
В е р а н і к а. Данесьлі шпегі!
П ё т р а. Навошта яна табе?
М а к с. Я хачу апублікаваць дзёньнік у сваёй „Новай газеце”.
П ё т р а (ня верыць). Ты звар’яцеў? Інтымны дзёньнік Багдановіча? У газеце?
М а к с. Так, у газеце. Тыражом 30 000 экземпляраў. Гэты матэрыял варты большага, чым ваш аматарскі часопіс накладам 100 асобнікаў.
В е р а н і к а (з выклікам). 300!
М а к с (адмахваецца). Усё роўна вас ніхто не чытае.
П ё т р а (хвалюецца). Няўжо ты не разумееш: дзёньнік Багдановіча вымагае сьпецыяльнай прадмовы, навуковых каментарыяў, урэшце добрага перакладу на беларускую мову!
М а к с. Потым можна і гэтак. Асобным выданьнем. Я нават вазьму цябе рэдактарам. Але спачатку – у газеце, на рускай мове. Прадайце мне копію.
В е р а н і к а. Ніколі!
М а к с (мякка). А калі я добра заплачу?
П ё т р а. Цябе адразу паслаць ці спачатку пагуляць у выхаванасьць?
М а к с. Спачатку добра падумайце. Прапаную два варыянты. Першы: я афіцыйна пералічваю грошы на рахунак вашага засранага часопісу. Пакрыеце выдавецкія расходы прынамсі на год. Другі варыянт: я даю вам грошы цяпер, на рукі. На маю думку, гэты варыянт лепшы. Зьезьдзіце, напрыклад, у Лондан. А, Вераніка? (Падміргвае Вераніцы).
В е р а н і к а (злосна). Fuck off!
М а к с (пакрыўджана). Ня хочаце ў Лондан? Зьезьдзіце ў Парыж.
П ё т р а. Ты сапраўды разьлічваеш зарабіць на дзёньніку вялікія грошы?
М а к с. Якія там грошы? Я проста вельмі люблю Багдановіча! (Усьміхаецца). А калі шчыра: хачу зрабіць сенсацыю. Нават не сенсацыю: скандал. Разварушыць так званую нацыянальную эліту і пазабавіць тым самым шырокую публіку. (Бадзёра). Ну як, згода?
П ё т р а (паказвае рукой на дзьверы). Валі адсюль, Мефістофель саматужны!
В е р а н і к а. Чытай дзёньнік Багдановіча ў наступным нумары нашага часопісу!
М а к с. Шкада мне вас, сябры. Я свайго ўсё роўна дамагуся. А вы страціце добрыя грошы. Падумайце да заўтра.

Макс узьнімаецца і нясьпешна выходзіць з кватэры.

В е р а н і к а. Ведаю, якая птушачка начырыкала яму пра дзёньнік: Каліса. У іх раман.
П ё т р а. Не падабаецца мне ўсё гэта. Візіт Макса. Ягоная цікавасьць да дзёньніка. Ды і сам дзёньнік мне пачынае не падабацца.
В е р а н і к а (зьдзіўлена). Пётра, супакойся! Пры чым тут дзёньнік?
П ё т р а (падыходзіць да Веранікі). Нейкі ён зусім не мастацкі, не для чытача напісаны. Кароткія медыцынска-фізіялагічныя нататкі. Спроба зразумець сябе, сваю мужчынскую натуру. А, можа, камусьці штосьці даказаць. (Заўважае на тахце нататнічак Веранікі). Што гэта? (Бярэ нататнічак у рукі).
В е р а н і к а. Мой жаночы каляндар. (Заўважыўшы неўразумелы погляд Пётры). Месячныя я там адзначаю і небясьпечныя дні. Аддай! (Працягвае руку).
П ё т р а. Пачакай! (Не сьпяшаецца аддаваць нататнічак). Мне прыйшло ў галаву параўнаньне: дзёньнік Багдановіча як твае нататкі. (Нечакана). Вераніка, ты б хацела, каб нашчадкі праз стагоддзе апублікавалі твой каляндар крытычных дзён?
В е р а н і к а. Правакуеш мяне? (Узьнімаецца ва ўвесь рост, з годнасьцю). Я буду проста шчасьлівая, калі праз сто гадоў кагосьці будуць цікавіць мае менструацыі! Шчыра табе кажу!
П ё т р а (захоплена глядзіць на Вераніку). У адным я згодны з Максам: у гэтай піжамцы ты выглядаеш вельмі эратычна!
В е р а н і к а. Таму давай забудзем пра Макса, пра Багдановіча, пра ўсё на сьвеце! І будзем займацца каханьнем да раніцы! (Працягвае да Пётры рукі).
П ё т р а (міжволі зазірае ў нататнічак). Але ў цябе сёньня крытычныя дні!
В е р а н і к а (выхоплівае ў Пётры нататнічак і кідае аб сьцяну). Божа, якога занудлівага мужчыну я пакахала!.


З ь я в а 3.

Наступнага дня ў рэдакцыі часопісу „Брама”. Пасьляабедзенны час. Прысутнічаюць усе супрацоўнікі часопісу акрамя рэдактара, які адпачывае ў Крыме, і Пётры, які спазьняецца. Каліса і Ядзьвіга Антонаўна сядзяць за сваімі сталамі, Лявон і Вераніка – на канапе. Лявон гэтым разам выглядае больш акуратна, апрануты ў гарнітур.

Л я в о н (зірнуўшы на гадзіньнік). Пагадзіся, Вераніка: Пётра паводзіць сябе па-хамску. Сабраў усіх супрацоўнікаў, а сам спазьняецца.
В е р а н і к а. Пётра затрымаўся ва універсітэце. Дапамагае прафесару прымаць экзамен.
Л я в о н (прысьвіснуўшы). Зайздрошчу яму: маладзенькія студэнткі ў празрыстых сукенках і кароткіх спаднічках. Ядзьвіга Антонаўна, вашая дачка як апранаецца на экзамен?
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (разгублена). Ах, я так хвалююся, каб вы толькі ведалі! (Здымае трубку і набірае нумар).
Л я в о н а (настойліва). За яе голыя каленкі?
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (ня слухаючы Лявона). Гануся ў мяне такая нярвовая, такая нясьмелая. Варта выкладчыку ўзвысіць голас ці задаць нечаканае пытаньне – і яна адразу губляецца, маўчыць нібы вады ў рот набраўшы. (Не атрымаўшы адказу, кладзе трубку). Яшчэ не вярнулася... Ведае прадмет на выдатна, а экзамены здаваць ня ўмее. У гэтую сесію атрымала ўжо адну двойку, будзе пераздаваць.
Л я в о н (бадзёра). Не хвалюйцеся, Ядзвіга Антонаўна, наш Пётра ня дасьць пакрыўдзіць Ганусю. Калісачка, а ты як прыходзіла на экзамены: у празрыстай сукенцы ці ў кароткай спаднічцы?
К а л і с а (халодна). Я падпрацоўвала ў выкладчыкаў натуршчыцай.
Л я в о н (ускінуўшы рукі). Больш пытаньняў няма!

Дзьверы адчыняюцца, уваходзіць Пётра. У яго незадаволены, пахмурны выгляд.

Л я в о н. Нарэшце! Дзе цябе чэрці носяць? За гэты час я пасьпеў бы перакласьці палову дзёньніка Багдановіча!
П ё т р а. Ня трэба нічога перакладаць. (Скідае плашч).
В е р а н і к а (уважліва глядзіць на Пётру). Пётра, што здарылася?
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (узьнімаецца з-за стала). Пётра Ула­дзіміравіч, скажыце пра ...
П ё т р а. Потым, Ядзьвіга Антонаўна. Пагаворым пазьней.

Ядзвіга Антонаўна зьнясілена апускаецца ў крэсла.

Л я в о н. Як ня трэба перакладаць? (Абурана). У мяне ўся беларуская эратычная лексіка распрацаваная. (Да Калісы). Калісачка, ты ведаеш, што такое секель?
П ё т р а (змрочна). Мы ня будзем друкаваць дзёньнік Багдановіча. Ні ў арыгінале, ні ў перакладзе.
В е р а н і к а (усхопліваецца з канапы). Пётра!
Л я в о н. Зусім ня будзем?
П ё т р а. Ва ўсякім разе, у бліжэйшы час.
К а л і с а (пра сябе). Шкада. Я ўжо цікавае мастацкае афармленьне прыдумала.
Л я в о н (да Пётры). Ты з глузду зьехаў? (Да Веранікі). Вераніка, не пускай яго больш да студэнтак.
В е р а н і к а (падыходзіць да Пётры). Ты скажаш, нарэшце, што здарылася? (Спрабуе зазірнуць Пётру ў вочы).
П ё т р а (адводзіць вочы). Нічога асаблівага.
Л я в о н. Не, спадар начальнік, ты нам растлумач! Іначай... Не забывайся, у нас ёсьць яшчэ галоўны рэдактар!
П ё т р а (сумна ўсьміхаецца). Менавіта галоўны рэдактар і забараніў публікацыю. Я патэлефанаваў яму ў Ялту і расказаў пра дзёньнік Багдановіча. Браніслаў сказаў: „Не!”

Каліса кідае зьдзіўлены погляд на Пётру. Вераніка сьціскае кулакі.

Л я в о н (панура). Тады ўсё зразумела. Бронік – чалавек старой фармацыі. У Ялце схадзіў на могілкі, кветачкі ўсклаў на магілу паэта, расчуліўся. Не чапайце крохкую вазу бруднымі рукамі. Якога д’ябла ты яму ўвогуле тэлефанаваў? Ня выкарысталі такі шанец.....
В е р а н і к а. А ты спрабаваў яго пераканаць?
П ё т р а (глядзіць у вочы Вераніцы). Я з ім пагадзіўся.
В е р а н і к а. Пагадзіўся? Так адразу? Бяз бойкі? (Абурана). А я? (Азіраецца на супрацоўнікаў рэдакцыі). А мы ўсе? (Пагардліва). Баязьлівец!
Л я в о н (філасофскі). З начальствам трэба пагаджацца. Тут я з Пётрам салідарны.

Пётра адварочваецца ад Веранікі і сустракаецца поглядамі з Ядзьвігай Антонаўнай. Ядзьвіга Антонаўна прыўзьнімаецца з-за стала.

П ё т р а. Цяпер пра вашую дачку, Ядзьвіга Антонаўна! Тое, што сарамлівая Ганусенька сьпісвала на экзамене – гэта паўбяды. Тое, што паводле яе словаў паэма Янкі Купалы „Курган” пачынаецца словамі „Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…” – таксама яшчэ не катастрофа. Але абмяркоўваць з сяброўкай падчас лекцыі сэксуальныя здольнасьці прафесара на першай лаўцы – гэта ўжо занадта!
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а. Божухна, Пётр Уладзіміравіч, што вы такое гаворыце! (Падае ў крэсла).
П ё т р а. Як аказалася, у прафесара – выключна добры слых і ніякага пачуцьця гумару. Двойка без надзеі на пераздачу.
В е р а н і к а. І ты не заступіўся?
П ё т р а (сумна). Калі я спрабаваў заступіцца, прафесар параіў мне пашукаць іншага навуковага кіраўніка дысертацыі.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а. Двойка... Усю ноч рыхтавалася... Бедная мая дзяўчынка! (Плача).
К а л і с а. Ядзьвіга Антонаўна, не бярыце да сэрца. Чаго не здараецца ў студэнцкім жыцьці? (Узьнімаецца з-за стала). Выпіце вады, Ядзьвіга Антонаўна! (Налівае з графіна вады і падае Ядзьвізе Антонаўне).
Л я в о н (разважліва). Відаць, сэксуальныя здольнасьці ў прафесара – слабы пункт. (Азіраецца). Слухайце, што сёньня за дзень такі? І навошта я гарнітур апранаў? Пайду нап’юся!
В е р а н і к а (да Пётры, раптоўна). Аддай мне дзёньнік! Я знайду, дзе яго надрукаваць.

Пётра нібыта ня чуе.

К а л і с а (спачувальна). А можа гарбаты вып’еце, Ядзьвіга Антонаўна? З зёлкамі...
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (выпіўшы вады). Дзякуй. (Аддае шклянку Калісе). Пётр Уладзіміравіч, адпусьціце мяне дадому.
П ё т р а (пасьпешліва). Калі ласка, Ядзьвіга Антонаўна, ідзіце. (Вінавата). Выбачайце, што так атрымалася.
К а л і с а. Я падвязу вас, Ядзьвіга Антонаўна. (Дапамагае Ядзьвізе Антонаўне ўстаць з-за стала).
В е р а н і к а (да Пётры). Ты мяне чуеш? Аддай мне дзёньнік!
П ё т р а. Пачакай, Вераніка. Нам трэба паразмаўляць.
В е р а н і к а. Няма мне пра што з табой размаўляць.
Л я в о н (з цікавасьцю глядзіць на Вераніку і Пётру). Ого, пачынаецца сямейная сварка! (Да Калісы). Каліса, Шумахер ты наш, падкінь і мяне, калі ласка.

Ядзьвіга Антонаўна, Каліса, а ўсьлед за імі і Лявон пакідаюць рэдакцыю.

П ё т р а. Вераніка, я ня ведаю, як табе растлумачыць... Мы абураліся жаданьнем супрацоўнікаў музею прыўлашчыць спадчыну Багдановіча, увесьці цэнзуру... Правільна абураліся. Але калі я сядзеў на экзамене, слухаў адказы студэнтаў, я раптам уявіў, як яны, такія вось Гануські, будуць чытаць інтымны дзёньнік Багдановіча, і якія каментарыі яны будуць даваць... Нешта ўва мне зламалася, зьнікла ўпэўненасьць... (Рашуча). Карацей, я таксама супраць публікацыі дзёньніка.
В е р а н і к а. Што?.. Што ты сказаў? (Хапае ротам паветра). Не, ты не баязьлівец. Ты – здраднік! (Выбягае з рэдакцыі).
П ё т р а. Вераніка! Пачакай, Вераніка! (У адчаі). І навошта ён увогуле напісаў гэты дзёньнік?!


З ь я в а 4.

Вечарам таго самага дня ў кватэры Пётры. Пётра нярвова ходзіць уздоўж пакою, потым падбягае да тэлефону, здымае трубку і набірае нумар.

П ё т р а (стрымана). Ларыса Паўлаўна? Добры вечар. Гэта Пётра. Так, даўно ня бачыліся. Скажыце, Вераніка... у вас? (Слухае ўважліва, потым кладзе трубку на стол і нейкі час глядзіць на гадзіньнік. Вытрымаўшы паўзу, зноў хапае трубку). Я цудоўна ведаю, што вы пра мяне думаеце, Ларыса Паўлаўна. Але, калі вашая дачка зьявіцца, перадайце ёй... А! (Кідае трубку). Дзе ж яна можа быць? (Зазірае ў нататнік). Што за нумар? Мусіць, мабільны... Алё, Каліса? Ты ня ведаеш, дзе Вераніка? Не, не вярнулася... пакуль. (Усхвалявана). Каліса, дапамажы мне. Я мушу яе знайсьці. (Пасьля паўзы). Дзякуй. (Кладзе трубку). Дзе ж яна можа быць? (Задумліва глядзіць на тэлефон, потым нерашуча бярэ трубку і набірае нумар). Прывітаньне, Лявон. Чым займаешся? Ды не, нічога не здарылася. (Памаўчаўшы). Проста цікаўлюся, як ідзе праца над раманам. Сам разумееш: калі мы не друкуем дзёньнік Багдановіча, уся надзея на цябе. Бывай. (Кладзе трубку). Праклятая выхаванасьць!

Чуваць званок у дзьверы.

П ё т р а. Вераніка!

Пётра бяжыць адчыняць дзьверы. Уваходзіць прыгожа апранутая Каліса.

К а л і с а. Калі ты патэлефанаваў, я якраз праязджала побач.
П ё т р а. Праходзь. (Дапамагае Калісе скінуць плашч).
К а л і с а. Знайшоў Вераніку?
П ё т р а. Не.
К а л і с а. І што зьбіраешся рабіць?
П ё т р а. Чакаць.
К а л і с а. Чаканьне не замінае табе пачаставаць мяне кавай?
П ё т р а. Зараз. (Бярэцца рабіць каву). Але ў мяне толькі распушчальная.
К а л і с а. Усё адно. (Сядае на край тахты). Як у банальнай мела­драме: каханкі пасварыліся і адразу зьяўляецца найлепшая сяброўка, каб прапанаваць свае паслугі ў ложку.
П ё т р а (азіраецца на Калісу). Спадзяюся, мы жывем па законах іншага жанру?
К а л і с а (усьміхаецца). О, не. Нашая гісторыя – у жанры інтэлектуаль­най драмы. Дарэчы, у адным ложку мы з табой ужо былі. Памятаеш тую ноч у Кракаве?
П ё т р а (падае каву). Пасьля літаратурнай вечарыны? У кватэры Збышка? Памятаю. Але мы апынуліся разам толькі таму, што ў Збышка бракавала на ўсіх ложкаў.
К а л і с а (прамружыўшы вочы). І ты сказаў мне: „Каліса, давай уявім, што мы з табой – двое каханкаў, якія адпачываюць пасьля бурлівай начы”. Сказаў – і адразу ж заснуў. У мяне не такое багатае ўяўленьне і я круцілася побач да раніцы.
П ё т р а. Але ў Менску цябе чакаў... (Ня можа ўспомніць). Як яго?.. Забыўся.
К а л і с а (з дакорам). Вось бачыш, ты нават ня памятаеш ягонага імя.
П ё т р а. Але ён існаваў, і, здаецца, быў нашым агульным знаёмым.
К а л і с а. І гэта парашкаджала табе мяне кахаць? Хаця б адну ноч!
П ё т р а. Так. Нашая літаратурна-мастацкая тусоўка невялікая. Няварта ператвараць яе ў клуб былых палюбоўніц і палюбоўнікаў.
К а л і с а. Ты – самы дзіўны мужчына з усіх, што апыналіся са мной у адным ложку. Хаця… тое ўяўнае каханьне я запомніла лепш, чым многія сапраўдныя. (Іншым тонам). Але вернемся да нашай інтэлектуальнай драмы. Мне тэлефанаваў з Ялты Браніслаў.
П ё т р а (спрабуе жартаваць). Як, наш шаноўны рэдактар таксама ў цябе закаханы?
К а л і с а. Ня важна. Але з ягонай балбатні – пра цудоўнае надвор’е, прыгожыя краявіды і адзіноту – я зразумела, што ён нічога ня ведае пра дзёньнік Багдановіча. Ня ведае, што Вераніка знайшла копію дзёньніка, і што мы зьбіраліся яго друкаваць. Натуральна, ён ня мог нам нічога забараніць. (Памаўчаўшы). Ты ўсіх падмануў, Пётра.
П ё т р а. Так. Прызнаюся.
К а л і с а. Чаму?
П ё т р а. Не адважыўся ўзяць адказнасьць на сябе. Я пабаяўся, што Вераніка альбо Лявон патэлефануюць Браніславу і дзёньнік Багдановіча будзе надрукаваны без маёй згоды.
К а л і с а. Я так і падумала.
П ё т р а (нерашуча). Скажы, Каліса... А Браніслаў тэлефанаваў табе пасьля паседжаньня рэдакцыі ці...
К а л і с а. Перад тым.
П ё т р а. Значыцца, калі я спасылаўся на забарону рэдактара, ты ведала, што я хлушу? Чаму ж ты... (Замаўкае).
К а л і с а. Каб папярэдзіць тваё наступнае пытаньне, адразу прызнаюся: я не расказала Броніку пра дзёньнік Багдановіча.
П ё т р а (уважліва глядзіць на Калісу). Ты самая загадкавая жанчына з усіх, што апыналіся са мной у ложку.

Звоніць тэлефон. Пётра хуценька хапае трубку.

П ё т р а (да Калісы). Прабач! (Крычыць у трубку). Алё, Вераніка? (Іншым голасам). Так, пазнаў. (Глядзіць на Калісу). Яна ў мяне. Добра, прыязджай. (Кладзе трубку).
К а л і с а. Хто гэта быў?
П ё т р а (адвёўшы погляд). Макс. Я сказаў, што ты ў мяне. Ён зараз прыедзе.
К а л і с а. А хто цябе прасіў? Можа, я зусім не хацела яго бачыць?
П ё т р а. Прабач.
К а л і с а. Хочаш, прачытаю табе на разьвітаньне вершык? Пра цябе. (Дэкламуе). Анёлы – цудоўныя,
Добрыя птушкі.
Давайце зробім з іх
Падушкі.

П ё т р а. Сама прыдумала?
К а л і с а. Ага. Падабаецца?
П ё т р а. Крыўдны вершык.
К а л і с а. Але праўдзівы. (Узьнімаецца з тахты). Дарэчы, Максу пра дзёньнік Багдановіча расказала я.
П ё т р а. Ня цяжка было здагадацца.
К а л і с а. Проста пахвалілася як дурнічка, што наш сьціплы часопіс будзе друкаваць такі цікавы матэрыял. Я не чакала, што ён захоча перакупіць дзёньнік для сваёй „Новай газеты”.
П ё т р а. Нічога ў яго не атрымаецца.
К а л і с а. Хто ведае? Макс вельмі ўпарты.

Чуваць званок у дзьверы.

П ё т р а. Прыдумаць для цябе алібі?
К а л і с а (пагардліва). Навошта? Хіба я падобная на жанчыну, якой неабходна алібі?

Пётра адчыняе дзьверы. Уваходзіць Макс.

М а к с (да Калісы). Не магла патэлефанаваць? Я дзеля чаго табе ключы ад машыны даў – каб потым ганяць за табой па ўсім горадзе на таксі? Паўсюль сябры, знаёмыя, глядзяць як на ідыёта. (Цалуе Калісу, потым вітаецца за руку з Пётрам). Дзякуй, Пётра. Не перадумаў наконт дзёньніка?
П ё т р а. Адчапіся! (Да Калісы). Каліса, дзякуй табе за ўсё. Калі раптам убачыш Вераніку...
М а к с. Дык я яе толькі што бачыў!
П ё т р а. Дзе? (Хапае Макса за плячо).
М а к с. На стаянцы таксі. Яна была разам з...
К а л і с а. Маўчы, ідыёт!

Каліса выштурхоўвае Макса за дзьверы і зьнікае ўсьлед за ім. Агаломшаны Пётра застаецца стаяць ля дзьвярэй.


З ь я в а 5.

Раніцай наступнага дня ў рэдакцыі часопісу “Брама”. Паступова пачынаюць зьбірацца супрацоўнікі. Першым уваходзіць Пётра, нясьпешна скідае плашч. Усьлед за ім зьяўляецца Лявон, які зноў мае памяты і нявыспаны выгляд.

Л я в о н. Cпадар начальнік ужо на месцы... (Азіраецца). Добра, што я засьпеў цябе аднаго. Трэба паразмаўляць.
П ё т р а (суха). Пра што? Ты дапісаў раман?
Л я в о н. Так, можаш мяне павіншаваць. (Вымае з сумкі рукапіс). Але ёсьць адна праблема. (Мнецца). Маральнага плану. (Працягвае рукапіс Пётру). Прачытай апошнія старонкі і ты зразумееш.

Пётра бярэ рукапіс і праглядае некалькі апошніх старонак. Потым моўчкі кідае рукапіс Лявону, пры гэтым рукапіс рассыпаецца.

Л я в о н (вінавата). Я цябе разумею. Калі хочаш, я апублікую раман у іншым часопісе. (Нахіляецца, каб падабраць рассыпаныя старонкі раману).
П ё т р а. Ня трэба.

Уваходзяць Каліса і Ядзьвіга Антонаўна, зьдзіўлена глядзяць на Лявона, які зьбірае з падлогі старонкі рукапісу.

П ё т р а. Ядзьвіга Антонаўна, Лявон дапісаў раман. Пасьпееце за дзень-два вычытаць карэктуру?
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (пакорліва ўздыхае).. А што рабіць?
Л я в о н. Ты не крыўдуеш на мяне, Пётра?
П ё т р а. Крыўдаваць на цябе? (Паціскае плячыма). Адно мне цікава: у цябе ў жыцьці бываюць падзеі, якія ты не ператвараеш у літаратуру?
Л я в о н (з пафасам). Кожны эпізод майго жыцьця варты таго, каб стаць сюжэтам твору!
П ё т р а. Менавіта... А што застаецца табе самому? (Сыходзіць у рэдактарскі кабінет).
Л я в о н (з палёгкай). Шэф даў згоду. (Ціха). Сапраўды, у чым я вінаваты? Яна сама гэтага дамагалася.

Каліса нахіляецца, падбірае з падлогі колькі старонак рукапісу і праглядае іх.

Л я в о н (незадаволена). Калісачка, хочаш мне дапамагчы – дзякуй, але чытаць асобныя старонкі ня варта. Не атрымаеш цэласнага ўяўленьня пра твор.
К а л і с а. Сволач ты, Лёнік. На месцы Пётры, я проста дала б табе ў морду. (Скамечвае прагледжаныя старонкі і кідае назад на падлогу).
Л я в о н. Акуратней, я абяцаў свае геніяльныя рукапісы літаратурнаму музею.
К а л і с а. І ведаеш, мастацкае афармленьне твайго рамана я рабіць ня буду.
Л я в о н. А прафесійны абавязак?
К а л і с а. Пляваць мне на прафесійны абавязак. Я замуж выходжу.
Л я в о н. Як сабе хочаш. У мяне ёсьць фотаздымкі. (Задаволена). Аўтэнтычныя.
К а л і с а. Не сумняваюся.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а. Дзеці, мілыя, не сварыцеся! (Заклапочана). Каліса, я не разумею: што здарылася.
К а л і с а. А нічога, Ядзьвіга Антонаўна. Проста... наш Лёнік аказаўся большай дрэньню, чым я думала. (Каб супакоіцца, бярэцца рабіць каву).
Л я в о н (пакрыўджана). Знайшлася мне сьвятая! Ты апішы свае сэксуальныя подзьвігі – і мой раман на іх фоне падасца трызьненьнем падлетка.

Каліса хапае электрачайнік і вылівае ваду з яго проста на Лявона.

Л я в о н (усхопліваецца з падлогі). Ты што, ашалела? А калі б там быў кіпень?
К а л і с а (пагардліва). Атрымаліся б яйкі ўсьмятку.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (спалохана). Лёнечка, Каліса, дзеля Бога, супакойцеся!

На шум з кабінету выходзіць Пётра.

П ё т р а. Што тут у вас за вайна?

У рэдакцыю ўрываецца Вераніка. У руках у яе газета. Вераніка кідае газету ў твар Пётру.

В е р а н і к а. Дачакаўся, Дон Кіхот? Хацеў быць сьвяцейшым за папу рымскага? Ну, дык атрымай! Дзёньнік выдалі іншыя: без перакладу, без каментарыяў! Сапсавалі такі матэрыял! Месяц маёй працы ляснуў, мая вера ў чалавецтва ляснула! Задаволены цяпер?!

Пётра разгортвае газету, колькі хвілінаў глядзіць у яе. Потым ідзе ў рэдактарскі кабінет.

К а л і с а. Што там, Вераніка?
В е р а н і к а. Ты яшчэ пытаешся? (Наступае на Калісу). Ты ня ведаеш, што ў сёньняшняй “Новай газеце” апублікаваны дзёньнік Багдановіча? І ня ведаеш адкуль у Макса копія?
Л я в о н (прысьвіснуўшы). Вось дык фокус! Прызнацца, не чакаў ад цябе, Калісачка, такога спрыту. (Пакрыўджана). А яшчэ сьвятой прыкідвалася, кіпень мне на галаву ліла.

З кабінету выходзіць Пётра з газетай і пустой тэчкай у руках.

П ё т р а (суха). З сейфа прапаў дзёньнік.
Л я в о н. Натуральна. Цяпер ён ляжыць у сейфе Макса. Э-эх, а я хацеў перакласьці дзёньнік на беларускую мову.
В е р а н і к а (да Калісы). Здрадніца! Вы ўсе здраднікі! Бачыць вас не хачу! (Выбягае з рэдакцыі).
Л я в о н (праводзіўшы Вераніку поглядам). Гераіня эфектна зьявілася на сцэне і яшчэ больш эфектна яе пакінула.
К а л і с а. Вераніка, пачакай! (Бяжыць усьлед за Веранікай, у дзьвярах на імгненьне спыняецца). Пётра, я не... Чаму ты ня спыніш яе?! (Зьнікае за дзьвярыма).
Л я в о н (каментуе). Субрэтка таксама пакідае сцэну. Самы час адкланяцца і герою любоўніку. (Ціха). На сцэне застаюцца старая няня і ўсімі падмануты муж. Трыньдзец. Заслона. (Падыходзіць да Ядзьвігі Антонаўны). Ядзьвіга Антонаўна, перадаю ў вашыя клапатлівыя рукі сваё бяспутнае дзецішча. Думаю, на сёньня праца скончана. Сустрэнемся ў лепшыя часы.

Лявон тэатральна раскланьваецца і выходзіць з рэдакцыі.

Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (пасьпешліва). І праўда, трэба ісьці. Пётр Уладзіміравіч, калі вы ня супраць, я папрацую дома. (Не атрымаўшы адказу, накіроўваецца да дзьвярэй).
П ё т р а (нібы прачнуўшыся). Ядзвіга Антонаўна!
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (азіраецца). Слухаю, Пётр Ула­дзіміравіч?
П ё т р а. Чаму вы гэта зрабілі?
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (зьдзіўлена). Што?
П ё т р а. Перадалі копію дзёньніка Максу.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (абурана). Пётр Уладзіміравіч! Як вам ня сорамна такое казаць!
П ё т р а (падыходзіць бліжэй). Ня бойцеся, Ядзьвіга Антонаўна. Я не заяўлю ў міліцыю і нават ня звольню вас з працы. Прысядзьце, калі ласка.

Ядзьвіга Антонаўна паслухмяна сядае на канапу.

П ё т р а. Я ўпэўнены, што дзёньнік з сейфа ўзялі вы. Больш няма каму: Лявон быў з Веранікай, Каліса – у мяне. А ключ... Усе ведалі, дзе ён ляжыць. (Памаўчаўшы). Я нават вас не асуджаю, я толькі хачу зразумець.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (дрыжачым голасам). Што вы хочаце зразумець, Пётр Уладзіміравіч?
П ё т р а. Чаму вы гэта зрабілі?
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (з цяжкасьцю падбірае словы). Канешне, калі студэнтка на лекцыі абмяркоўвае з сяброўкай тэмперамент прафесара – гэта нядобра. Але з-за двойкі па-беларускай літаратуры Гануся мусіць перавесьціся на платнае аддзяленьне. Ці ж гэта справядлівае пакараньне за легкадумны дзявочы жарт? Дзе мне, адзінокай маці, узяць такія грошы?.. Нехта расказаў Максу пра выпадак з Ганусяй. Ён прыехаў да мяне і прапанаваў грошы на навучаньне дачкі ўзамен за дзёньнік. Хіба я магла адмовіцца?
П ё т р а (сумна ўсьміхаецца). Значыцца, ва ўсім вінаватая Ганна. Фатальнае для Багдановіча імя.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (узьнімаецца з канапы). Пётр Ула­дзіміравіч, мая дачка нічога ня ведае! Можаце мяне звольніць, але не ламайце жыцьцё Ганусьцы! Яна павінна скончыць універсітэт.
П ё т р а. Не сумнявайцеся, Ядзьвіга Антонаўна: яна скончыць. Яшчэ і заслужанай настаўніцай зробіцца. І вас, як ужо казаў, я ня звольню. (Філасофскі). Сталася тое, што і павінна было стацца. Можаце ісьці, Ядзь­віга Антонаўна.
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (вінаватым голасам). Я нават ня ведаю, што ў тым дзёньніку. Паверце, Пётр Уладзіміравіч, я яго нават не чытала!
П ё т р а. Вазьміце, прачытайце. Нічога цікавага. (Аддае Ядзьвізе Антонаўне газету).
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (шэптам). Пётр Уладзіміравіч, а праўда, што ў рамане Лявона пра Вераніку напісана?
П ё т р а (рэзка). Ідзіце, Ядзьвіга Антонаўна! Ідзіце!
Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (спалохана). Іду, Пётр Уладзіміравіч! Іду!

У дзьвярах Ядзьвіга Антонаўна сутыкаецца з Веранікай.

Я д з ь в і г а А н т о н а ў н а (радасна). А вось і Веранічка вярнулася! (Зьнікае за дзвярыма).

Вераніка ўваходзіць і нейкі час моўчкі стаіць побач з Пётрам.

В е р а н і к а. Значыцца, гэта не Каліса, а Ядзьвіга Антонаўна. Хто б мог падумаць?
П ё т р а. А хто б мог падумаць, што ты выбярэш менавіта Лявона, каб мне адпомсьціць?
В е р а н і к а. Няўжо не зразумела? Мне хацелася зрабіць нешта такое, што немагчыма дараваць. Каб раз – і назаўсёды. З Лявонам я няпроста здрадзіла табе – я здрадзіла публічна. Ператварылася ў гераіню літаратурнага твору, толькі пад сапраўдным іменем і прозьвішчам.
П ё т р а. Блізкія людзі ведаюць балючыя месцы адзін аднаго. (З на­дзеяй). Але час гоіць самыя цяжкія раны...
В е р а н і к а (перапыняе). Пётра, нават калі ты мне даруеш, я сабе – ніколі.
П ё т р а. Зразумела. (Памаўчаўшы). І што ты зьбіраешся рабіць?
В е р а н і к а. А што мне застаецца? Толькі зьбегчы. З твайго жыцьця, з нашага гораду, з гэтай краіны.
П ё т р а. Якім чынам?
В е р а н і к а. Еду на два гады вучыцца ў Прагу. А потым... невядома ці вярнуся. (З надзеяй). А ты ня хочаш зьехаць?
П ё т р а. Куды?
В е р а н і к а. Усё роўна – куды, галоўнае – адсюль.
П ё т р а. Не, я не хачу зьязджаць. З якой нагоды? Таму, што мая каханая ператварылася ў гераіню парнаграфічнага раману? (Сумна ўсьміхаецца). Несур’ёзная падстава для атрыманьня візы. Адзінае, на што я адважуся – сысьці з часопісу.
В е р а н і к а. І чым будзеш займацца?
П ё т р а. Пісаць дысертацыю пра творчасьць Багдановіча. Каментаваць цікаўным студэнткам ягоны інтымны дзёньнік.
В е р а н і к а. Бывай, Пётра. Нам з табой было... (Шукае слова). Так разам!
П ё т р а. Бывай, Вераніка. Але памятай: аднойчы на вулках старадаўняй Прагі ты зразумееш, што ня выправіла сваю памылку, а зрабіла наступную.
В е р а н і к а. Якую?
П ё т р а. Простую. Хацела ўцякчы ад сябе самой. Спадзявалася ў іншым горадзе, у іншай краіне стаць іншай Веранікай. А гэта немагчыма. Зьмена дэкарацыяў не перайначвае ўнутранай сутнасьці герояў.
В е р а н і к а (сумна). Значыцца, я назаўсёды застануся гераіняй парнаграфічнага раману.

Чуваць званок у дзьверы.

П ё т р а (крычыць). Адчынена!

Уваходзіць Макс з дзьвюма бутэлькамі шампанскага ў руках.

М а к с (радасна). Сябры мае, ёсьць прапанова! Давайце забудзем пра старыя крыўды і разам вып’ем шампанскага. Як пісаў герой нашай сёньняшняй урачыстасьці: “Хто мы такія? Толькі падарожныя – пакутнікі сярод нябёс. Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?” (Азіраецца). Дарэчы, вы ня ведаеце, куды прапала Каліса?

У гэты момант на сцэну выходзіць Клава. А, можа, акцёрка, якая ў першай гісторыі іграла Клаву. Застывае нерухома непадалёк ад прасцэніума, да грудзей прыціскае загорнуты ў паперу партрэт. Пасьля яе зьяўляецца акцёрка ў касьцюме Дар’і Цімафееўны, пакурвае папіроску ў доўгім мундштуку. І нарэшце зьяўляецца акцёр у касьцюме Стылі, з гітарай у руках. Акцёры, якія іграюць персанажаў другой гісторыі – Пётру, Вераніку і Макса – зьдзіўлена глядзяць на персанажаў першай гісторыі, потым пераглядаюцца між сабой. Урэшце ўсе разам кланяюцца публіцы, заканчваючы адразу дзьве гісторыі: даўнюю і сучасную.

З а с л о н а.