12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Кавалёў

_____________________
Вяртанне Галадара.
П’еса-прыпавесць у 2-х дзеях

Тадэвушу Ружэвічу
і ўсім вялікім галадарам
гэтага свету прысвячаецца

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ
Э р н а, дырэктарка звярынца
Н е з н а ё м ы
Б у р м і с т р
Ж у р н а л і с т к а
А л я к с а н д р, малады настаўнік
П ы з а, вартаўнік звярынца
Ж а б р а ч к а
С а н і т а р ы
П у б л і к а

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
З’ява першая

На ўскраіне правінцыйнага мястэчка спыніўся вандроўны звярынец. Ля ўваходу мы бачым вагончык з акенцам і над­пісам “Каса”, побач – пустую клетку з афішай “Галадар: 40 дзён без ежы”. З-за вагончыка выходзіць вартаўнік звярынца – таўстун па мянушцы “Пыза” – і пачынае ляніва падмятаць пляц, забруджаны абрыўкамі газет, піўнымі і кансервавымі бляшанкамі.
Пыза мармыча сабе пад нос нейкую песенку. Час ад часу чуваць таксама глухі звярыны рык і крык нейкай экзатычнай драпежнай птушкі.
На пляцы з’яўляецца старая Жабрачка, з цікаўнасцю разглядае вагончык, клетку і вартаўніка.

Ж а б р а ч к а (асуджальна). Зноў некага чорт прынёс! Панаедуць з-за свету – адно ім у галаве: абадраць нас як ліпку. (Падыходзіць бліжэй да Пызы, лісліва). Бог у помач, паночку. (Працягвае руку). Падайце беднай жанчыне.
П ы з а (не адрываючыся ад працы). Бог падасць.
Ж а б р а ч к а (ные). Хоць пару грошыкаў, паночку.
П ы з а. Ідзі прэч, бабуля. Не цярплю жабракоў ды іншых гультаёў.
Ж а б р а ч к а. Нядобра, паночку. Гасподзь сказаў, што жабракам будзе належыць Царства Нябеснае.
П ы з а (спыняе працу). Асабліва не люблю тых жабракоў, якія шукаюць Царства Нябеснага. Жабракоў па перакананні, апосталаў пыхі, прарокаў канца свету. Яны лічаць сябе разумнейшымі за іншых і жабруюць, не таму, што не маюць працы, а таму, што пагарджаюць ёй. А, значыць, – пагарджаюць асабіста мной, вартаўніком Пызам. (Да Жабрачкі). Чаму я павінен працаваць, а ты – не?
Ж а б р а ч к а (ные). Я – старая, нямоглая жанчына. Хто мне дасць працу?
П ы з а. Я. (Аддае Жабрачцы мятлу). Бяры. Будзеш кожнага ранку падмятаць пляц перад звярынцам і паміж вагончыкамі, а я буду даваць табе колькі грошаў.
Ж а б р а ч к а. Дзякуй табе, сынок! (З надзеяй). Надоўга да нас прыехалі? (Ста­ранна падмятае пляц).
П ы з а (сядае на прыступкі перад вагончыкам, вымае цыгарэты). Пабачым, якія будуць зборы.
Ж а б р а ч к а. Наконт гэтага не хвалюйцеся, паночку. Людзі ў нашым мястэчку не багатыя, але вельмі цікаўныя. Хто толькі да нас не прыязджаў, што толькі ні паказвалі! Садом ды Гамора!
П ы з а (паліць). Вось бачыш, вялікая канкурэнцыя. А яшчэ мясцовыя ўлады як накладуць падатак – дык збірай манаткі і ў дарогу.
З’яўляюцца дырэктарка звярынца Эрна і Бурмістр мястэчка. Эрна – маладая, прыгожая жанчына, апранутая па-дзелавому, але стыльна. Бурмістр – мужчына з прэтэнзіямі на элегантнасць, але выглядае як тыповы правінцыял.
Ж а б р а ч к а. Пра воўка памоўка, а воўк на парог!
П ы з а (шэптам). На сёння праца скончана! (Дае Жабрачцы колькі грошаў і адбірае мятлу). Каб вочы мае цябе не бачылі да заўтра!
Жабрачка паспешліва знікае, а Пыза робіць выгляд, што старанна падмятае пляц.
Э р н а. Усё, агляд закончаны. Вы – наш першы, ганаровы наведвальнік, пане Бурмістр.
Б у р м і с т р. Што ж, уражанне ад вашага звярынца ў цэлым добрае. Звяры дагледжаныя, клеткі чыстыя. Блізкае знаёмства жыхароў нашага мястэчка з прадстаўнікамі жывёльнага свету палепшыць іх норавы. Вось толькі гэты арангутанг у трэцяй клетцы, чым ён займаецца?
Э р н а. Не арангутанг, пане Бурмістр. Самец шымпанзэ.
Б у р м і с т р. Арангутанг, шымпанзэ, макака, якая розніца? Але самец ваш, прашу прабачэння, пані…
Э р н а. Эрна.
Б у р м і с т р. Самец ваш, пані Эрна, займаецца ананізмам.
Э р н а (паціскае плячыма). Натуральныя паводзіны самца ў адсутнасці самкі.
Б у р м і с т р. Я разумею, макака універсітэтаў ды акадэміяў не заканчвала, але, дбаючы пра цнатлівасць жанчын і дзяцей, няхай бы яна займалася натуральнымі паводзінамі ў менш публічным месцы. (Фамільярна). Дарэчы, можаце зваць мяне проста Артурам. (Заўважае пустую клетку з афішай “Галадар: 40 дзён без ежы”). А гэтая клетка чаму пустая?
Э р н а. З гэтай клеткі пачыналася гісторыя нашага звярынца. Калісьці ў ёй жыў славуты Галадар – чалавек, які сорак дзён вытрымліваў без ежы. З вы­ступленняў Галадара мой бацька распачынаў кар’еру імпрэсарыo, потым маці пачала таньчыць на канаце, пазней з’явіўся звярынец.
Б у р м і с т р. А што сталася з тым Галадаром? (Смяецца). Памёр з голаду?
Э р н а (паціскае плячыма). Ніхто не ведае. Бацька казаў, што выступленні Галадара перасталі прывабліваць публіку, і давялося яго звольніць. Маці расказвала, што майстар пакрыўдзіўся на людзей, якія не разумелі сэнсу яго галадання, і з’ехаў у Тыбет. (Усміхаецца). А вось у нашага вартаўніка Пызы свая, арыгінальная версія.
Пыза спыняе працу і ахвотна ўключаецца ў размову.
П ы з а. Пані Эрна з мяне смяецца, але я кажу чыстую праўду. Тое, што людзі перасталі цікавіцца выступленнямі дзівака – факт, мне мой папярэднік, стары вартаўнік распавядаў. Але ніхто Галадара не звальняў і нікуды ён не з’язджаў. Проста аднойчы пасля сарака дзён ён наўмысна не спыніў галадоўку. Няшчасны галадаў далей, худнеў ды сохнуў, ажно пакуль не зменшыўся да мікраскапічных памераў. Спачатку яго можна было яшчэ ўгледзець у саломе, а цяпер можна толькі пачуць, як ён ціхенька спявае сваім пісклявым галаском.
Б у р м і с т р. Якія дзівосы! Такую гісторыю за грошы трэба расказваць!
Э р н а. Не сумнявайцеся: Пыза так і робіць, а даверлівых слухачоў не бракуе. Як бы там не было, але шануючы памяць бацькі, я пакінула клетку Галадара ў звярынцы. Сямейная рэліквія.
Б у р м і с т р (з павагай). Правільна: бацькоў трэба шанаваць. Вы мне ўсё больш падабаецеся, Эрна. І каб засведчыць вам сваю сімпатыю, я запрашаю вас на вячэру. (Шэптам). У неафіцыйнай абстаноўцы, сам-насам.
Э р н а. Дзякуй, пане Артур. Але… не сёння. Яшчэ столькі спраў на галаве: атрымаць дазвол ад санэпідэмстанцыі, задбаць пра рэкламу, правесці кампанію ў прэсе. (Незаўважна працягвае Бурмістру канверт). Гэта вам невялічкі падарунак… у знак агульнай любові да жывёлаў.
Бурмістр хуценька хавае канверт у кішэню, Пыза пры гэтым далікатна адва­рочваецца.
Б у р м і с т р (бадзёра). Дазвол, лічыце, у вас ужо ў кішэні, я патэлефаную на­чальніку санэпідэмстанцыі. Пра рэкламу таксама можаце не клапаціцца: я распараджуся, каб наведванне вашага звярынца стала абавязковым мерапрыемствам для ўсіх жыхароў мястэчка. А вось з прэсай раю быць асцярожнай…
З’яўляецца Журналістка з дыктафонам у руках, заўважыўшы яе, Бурмістар пачынае нервавацца і паспешліва адкланьвацца.
Б у р м і с т р. Зрэшты, самі з’арыентуецеся... Прыемна было пазнаёміцца, пані Эрна. (Ціха). Памятайце пра маю прапанову.
Э р н а (са штучнай усмешкай на твары). Дзякуй вялікі! Запрашаю наведаць наш звярынец усёй сям’ёй.
Б у р м і с т р (скрозь зубы). Ужо наведалі. (Праходзячы каля Журналісткі). Збачэнка.
Ж у р н а л і с т к а (скрозь зубы). Кабель!
Бурмістр імкліва сыходзіць. Журналістка падыходзіць да Эрны і працягвае ёй руку.
Ж у р н а л і с т к а (з пачуццём годнасці). Касандра. Рэдактар мясцовай газеты.
Э р н а (прыязна). Эрна. Дырэктар звярынца.
Ж у р н а л і с т к а. Перавышэнне службовых паўнамоцтваў, сексуальныя дамаганні і, урэшце, прыняцце ўзяткі. Поўны джэнтэльменскі набор, праўда?
Э р н а (здзіўлена). Што?
Ж у р н а л і с т к а (з’едліва ўсміхаецца). Ды так, нічога. Магу я ўзяць у вас інтэрв’ю?..
Вартаўнік Пыза стаўляе перад вагончыкам з надпісам “Каса” невялікі раскладны столік і два раскладныя крэслы. Выканаўшы справу, сыходзіць. Эрна запрашае Журналістку сесці, потым прысаджваецца сама. Журналістка кладзе дыктафон на столік і націскае кнопку.
Э р н а. Хачу вас адразу папярэдзіць: я не буду адказваць на занадта асабістыя пытанні. І на занадта агульныя – таксама.
Ж у р н а л і с т к а. Ясна: аніякага сексу, аніякай палітыкі.
Э р н а. Так, чыстая рэклама.
Ж у р н а л і с т к а. Шчыра. А вы верыце ў рэкламу без сексу і палітыкі?
Э р н а (дыпламатычна). Я, спадзяюся, што нашае інтэрв’ю паспрыяе наведванню звярынца жыхарамі мястэчка.
Ж у р н а л і с т к а. Гэта залежыць ад правільнасці і арыгінальнасці вашых адказаў. (Дабразычліва). Пастарайцеся спадабацца нашым чытачам. Вы ўпершыню ў нашых краях?
Э р н а. Так, але шмат гадоў таму назад сюды прыязджалі мае бацькі. (Даб­разычліва). Так што ў мяне прыроджаная сімпатыя да вашага мястэчка.
Ж у р н а л і с т к а. Думаеце, нашае мястэчка яе заслугоўвае?
Э р н а (разгублена). Не разумею.
Ж у р н а л і с т к а. Добра, пойдзем далей. (Бадзёра). Скажыце, як вы, мала­дая, прыгожая жанчына адчуваеце сябе ў ролі дырэктара звярынца?
Э р н а. Цудоўна.
Ж у р н а л і с т к а. А звяры, якія сядзяць у клетцы, яны адчуваюць палёгку ад таго, што іхняя гаспадыня – жанчына?
Э р н а (здзіўлена). У чым гэта можа праяўляцца?
Ж у р н а л і с т к а. У больш гуманным стаўленні да ахвяраў. Вы не лічыце, што жанчына ўвогуле больш падыходзіць да кіравання грамадствам?
Э р н а. Шчыра кажучы, я ахвотна перадала б наш сямейны бізнес свайму брату, калі б такі ў мяне быў.
Ж у р н а л і с т к а. А чаму не мужу? Як растлумачыць, што такая абаяльная, прыгожая жанчына незамужам? (Нечакана). Вы – лесбіянка?
Э р н а. Што?
Ж у р н а л і с т к а. Як вы ставіцеся да Парадаў роўнасці?
Э р н а. Якое дачыненне мае гэтае пытанне да тэмы нашай гутаркі?
Ж у р н а л і с т к а. У вас не было праблемаў з абаронцамі правоў жывё­лаў?
Э р н а. Я належу да іхняга Таварыства і рэгулярна плачу складкі з даходаў звя­рынца.
Ж у р н а л і с т к а. Скажыце, як вы, выкарыстоўваючы сваю дырэктарскую пасаду, змагаецеся з палавой дыскрымінацыяй?
Э р н а (здзіўлена). А якім чынам я магу з ёй змагацца? Памяняць шыльду “Леў” на клетцы “Ільвіца”?
Ж у р н а л і с т к а. Я пытаюся сур’ёзна. Вы не лічыце, што звярынец – гэта ідэальная метафара нашага сённяшняга свету?
Э р н а (стомлена). Я лічу, колькі тон ежы закупіць для жывёлаў, каб яны адчувалі сябе сытымі, колькі заплаціць рабочым, каб яны не разбегліся, лічу колькі каштуе арэнда тэрыторыі, аплата электрычнасці, колькі пойдзе на падаткі і прабачце, на розныя, неафіцыйныя выдаткі… У мяне няма часу думаць пра метафары.
Ж у р н а л і с т к а. Скажыце, як вы ставіцеся да абортаў?
Э р н а. Вам не здаецца...
Ж у р н а л і с т к а (перапыняе). А да аўтаназіі?
Э р н а. Якім чынам адказы на гэтыя пытанні паспрыяць наведванню звя­рынца?
Ж у р н а л і с т к а. Нашым чытачам важна ведаць вашую грамадзянскую пазіцыю. Дык што вы робіце з безнадзейна хворымі жывёламі?
Э р н а. Іх усыпляюць.
Ж у р н а л і с т к а. Скажыце ці адчуваеце вы сябе свабоднай у нашым пат­рыярхальна-мужчынскім грамадстве?
Э р н а. Я адчуваю сябе стомленай. (Нахіляецца над столікам і выключае дыктафон). Інтэрв’ю скончана. Баюся, у мяне няма шансаў спадабацца вашым чы­тачам.
Ж у р н а л і с т к а (нечакана лагодна). Дарэмна, вы так нервуецеся, Эрна. Не крыўдуйце, проста ў мяне такі стыль. А інтэрв’ю атрымаецца цудоўнае.
З’яўляецца Аляксандр у суправаджэнні Пызы. У руках у Аляксандра дык­тафон.
П ы з а (разводзіць рукамі). Пані Эрна, тут яшчэ адзін.
Э р н а (спалохана). Не! Больш – ніякіх журналістаў!
А л я к с а н д р. Я не журналіст.
Ж у р н а л і с т к а (паблажліва). Гэта праўда.
А л я к с а н д р. Я настаўнік. Працую ў мясцовай гімназіі, а ў вольны час вывучаю праблему галадання. (Да Эрны, нясмела). Мы маглі б паразмаўляць?
Э р н а. Не! У маім звярынцы звяры не галадаюць!
А л я к с а н д р. Вы не зразумелі. Мяне цікавіць галаданне ў метафізічным сэнсе: праблема свабоды.
Э р н а. Хопіць з мяне праблемаў! Пыза, праводзь госця.
А л я к с а н д р (у адчаі). Пачакайце! Гэта вельмі важна. Мы павінны з вамі паразмаўляць! Я пішу кніжку пра Галадара.
Э р н а (паспешліва). Поспехаў!.. (Усвядоміўшы, здзіўлена). Пра каго вы пі­шаце?
А л я к с а н д р (усхвалявана). Пра Майстра галадання, які працаваў у цырку вашага бацькі. Я сабраў усе архіўныя матэрыялы, усе газетныя публікацыі пра ягонае жыццё, крытычна разгледзіў шматлікія навуковыя інтэрпрэтацыі ягонай дзейнасці і стварыў сваю ўласную, арыгінальную тэорыю. Я не хачу выглядаць нясціплым, але, здаецца, я – першы, хто правільна зразумеў сэнс ягонай вялікай місіі.
Ж у р н а л і с т к а (усміхаецца). Наш мясцовы дзівак.
Э р н а (павагаўшыся хвіліну). Усё роўна не разумею, чым я магу вам дапамагчы. Калі хочаце, паразмаўляйце з Пызам, гэта яго ўлюбёная тэма. (Да Журналісткі). Хадземце, я вас праводжу.
Ж у р н а л і с т к а. Вы хацелі сказаць – выправаджу? (Узнімаецца з крэсла). Дарэчы, я хачу вас папярэдзіць: будзьце асцярожныя з нашым Бурмістрам. (Павучальна). Пад маскай ягняці хаваецца аблічча ільва.
Э р н а (непрыязна). Дзякуй за папярэджанне. Але я вырасла сярод звяроў.
Журналістка з Эрнай адыходзяць. Аляксандр як загіпнатызаваны глядзіць на клетку Галадара. Пыза нецярпліва торгае яго за рукаў. Аляксандр абарочваецца да вартаўніка.
П ы з а (да Аляксандра). Малады чалавек! За невялікую колькасць плацёжных адзінак вы можаце выслухаць надзвычай цікавую і павучальную гісторыю, якая некалі здарылася ў нашым звярынцы.
Аляксандр вымае з кішэні некалькі паперак і працягвае вартаўніку. Пыза з павагай цалуе грошы і хавае ў кішэню.
П ы з а (пастаўленым голасам). Ну, слухайце, шаноўны! У клетцы, якую вы перад сабой бачыце, жыў некалі Галадар – чалавек, які сорак дзён мог абыходзіцца без ежы. Такі незвычайны талент прынёс яму гучную славу, багацце і ўвагу з боку жанчын. Карацей, усё тое, да чаго кожны з нас імкнецца. Але Фартуна любіць завабіць чалавека ў пастку краявідамі шчасця, а потым выкінуць на брудную памыйку рэчаіснасці. Неўзабаве людзі перасталі цікавіцца выступленнямі Галадара. Учарашні герой аказаўся нікому непатрэбны і забыты, ягонае каляровае жыццё ператварылася ў шэрае існаванне. І вось аднойчы, пасля сарака дзён Галадар наўмысна не спыніў галадоўку. Ён худнеў ды сохнуў, ажно пакуль не зменшыўся да памераў казюркі і не згубіўся ў саломе на дне клеткі. Цяпер яго ўжо не ўгледзіш, але можна яшчэ пачуць яго ціхую тужлівую песенку.
А л я к с а н д р. Я таксама чытаў гэтае апяваданне Кафкі... (Іранічна). І вы верыце ў тыя казкі, якія расказваеце?
П ы з а (абурана). Які яшчэ Кафка? Хто такі Кафка? Ён што, працаваў у нашым звярынцы? Я табе чыстую праўду расказваю!
А л я к с а н д р (сумеўшыся). Прабачце, я не хацеў вас абразіць. Вы, мусіць, проста не ведаеце, што Галадар пакінуў сваю клетку якраз падчас выступлення ў нашым мястэчку. Па маіх падліках, здарылася гэта трыццаць гадоў таму назад.
П ы з а. Слухай, адкуль ты ўзяўся такі разумнік? (Насоўваецца на Аляксандра). Можа прэтэндуеш на маё месца, га? Скажы лепш, дзе тут у вас бліжэйшы бар?
А л я к с а н д р (вінавата). Не ведаю.
П ы з а. Цьфу! Бярэшся расказваць пра тое, што здарылася трыццаць гадоў назад, а што цяпер адбываецца ў тваім горадзе – не ведаеш.
Пыза адпраўляецца шукаць бар. Аляксандр падыходзіць і дрыжачай рукой дакранаецца да прутоў клеткі Галадара.
А л я к с а н д р. Няўжо тут, у гэтай клетцы, сядзеў некалі чалавек, які мог перайначыць свет?…

З’ява другая

Праз некалькі дзён на тым самым месцы. Пагодны ранак. Жабрачка падмятае пляц перад звярынцам. З вагончыка выходзіць Пыза, пазяхае, глядзіць на гадзіннік.
П ы з а (філасофскі). Усё ў гэтым свеце змяняецца: кошты на хлеб і на цыгарэты, назвы вуліцаў і гарадоў, філасофіі і рэлігіі. І толькі адно правіла застаецца непарушным: кожнага дня Пыза мусіць прачынацца з цёмнага рана і карміць звяроў. Цікава, каб я хоць аднойчы праспаў, няўжо свет разваліўся б? Галодныя звяры вылезлі б са сваіх клетак і зжэрлі ўсіх жыхароў планеты. Пачынаючы з насельнікаў гэтага соннага мястэчка. (Да Жабрачкі, якая спыніла працу і слухае ягоныя разважанні). Працуй, працуй, бабуля: я жартую.
Жабрачка, старанна падмятае далей і знікае за вагончыкам.
П ы з а (задаволена). Але прыемна бачыць, што хоць нехта прачынаецца раней за мяне. (Робіць некалькі крокаў і нечакана заўважае ў клетцы Галадара Незнаёмага). А гэта што за нумар? Гэй, прыяцель, ты хто такі?
Незнаёмы ніяк не рэагуе на словы вартаўніка.
П ы з а. Не чуеш? Навошта ты залез у клетку, дзівак? (Падыходзіць бліжэй і разглядае Незнаёмага з ног да галавы). На бамжа ты не падобны, хутчэй – на загуляўшага прафесара… Прызнайся, шаноўны: перабраў учора з калегамі, і, замест таго, каб залезці ў цёплы ложак да жоначкі, забраўся ў гэтую халодную клетку. (Разважліва). Яно, канечне, і там, і там – няволя, але лепей ідзі ты дадому.
Незнаёмы не рэагуе. Настрой у Пызы пачынае змяняцца з фамільярнага на злосны.
П ы з а. Ну, хопіць. Я з табой па-сяброўскі, а ты і вухам не вядзеш. А ну, вылазь з клеткі, пакуль я цябе сілком не выцягнуў. (Пагрозліва). Чуеш, фраер? Лічу да трох. Раз, два…
Незнаёмы мармыча сабе нешта пад нос, пагрозы вартаўніка відавочна вы­клікаюць у яго занепакоенасць.
П ы з а. Ага, заварушыўся, нарэшце. (Адчыняе дзверцы клеткі). Тры. Давай, давай, выходзь на свабоду. Не змушай мяне да гвалтоўных дзеянняў. У нас з табой розныя вагавыя катэгорыі і розніца не на тваю карысць.
Незнаёмы замест таго, каб пакінуць клетку, спалохана забіваецца ў самы кут.
П ы з а. Т-а-а-ак. Я пачынаю губляць цярплівасць. Ты што: глухі? Нямы? А, можа, ты вар’ят, які ўцёк з гарадскога шпіталю? Калі ласка, я не супраць: няхай хоць усе вар’яты уцякуць з больніц, а злачынцы – з турмаў. Толькі не трэба хавацца ў нашым звярынцы, у нас на ўсіх клетак не хопіць. (Пагрозліва). Вылазь з клеткі, псіх! Я каму сказаў?!
З-за вагончыка, на імгненне паказваецца галава Жабрачкі.
Ж а б р а ч к а. Што за вэрхал, паночку?
П ы з а (раздражнёна). Другое Прышэсце, старая!
Ж а б р а ч к а. А Божа ты мой!
На шум з’яўляецца ўстрывожаная Эрна. Дырэктарка апранута ў лёгкі халацік, накінуты наспех, твар у яе заспаны і незадаволены. Убачыўшы дырэктарку, Жаб­рачка паспешліва хаваецца за вагончыкам.
Э р н а. Што здарылася, Пыза? Чаму ты крычыш як шаленец?
Пачуўшы голас Эрны, Незнаёмы ўзнімае галаву.
П ы з а. Як жа мне не крычаць, пані Эрна? Самі зірніце. (Паказвае на клетку Галадара).
Э р н а. Хто гэты чалавек? (Пазяхае). Навошта ён залез у клетку?
П ы з а. А я ведаю? Мусіць, мясцовы выпівоха. Зараз я яму! (Сціскае кулакі і хоча ўвайсці ў клетку).
Э р н а. Пачакай, Пыза. Лепш я выклічу паліцыю. Усё ж такі мы ў чужым го­радзе.
Незнаёмы нечакана ўсхопліваецца на ногі і кідаецца на пруты клеткі.
Н е з н а ё м ы. Марта!
Эрна ўздрыгвае і са страхам углядаецца ў твар Незнаёмага.
П ы з а. А я ўжо было падумаў, што ён нямы.
Н е з н а ё м ы (няўпэўнена). Марта?
Э р н а (разгублена). Чаго хоча гэты чалавек?
Н е з н а ё м ы. Entschuldigung! Я памыліўся. (Адыходзіць углыб клеткі і ся­дае на падлогу).
П ы з а. Я ж казаў: псіх. Выклікайце паліцыю, пані Эрна. Або адразу лека­раў.
Э р н а. Пачакай. (Падыходзіць да клеткі і спрабуе завязаць размову з Незнаёмым). Вы мяне ведаеце? Як вы апынуліся ў гэтай клетцы?
Незнаёмы сядзіць на падлозе з абыякавым выглядам.
П ы з а. Не губляйце часу, пані Эрна. І трымайцеся на ўсялякі выпадак далей ад прутоў клеткі. Раптам, ён небяспечны?
Э р н а (да Незнаёмага). Чаму вы назвалі мяне Мартай? Вы былі з ёй знаё­мыя?
Н е з н а ё м ы (падымае галаву і яшчэ раз уважліва разглядае Эрну). Вы не Марта.
Э р н а. А вы хто? Чаго вы хочаце?
Н е з н а ё м ы (абыякава). Пакіньце мяне ў спакоі. (Апускае галаву).
Эрна адыходзіць ад клеткі.
П ы з а. Чулі яго? Якое нахабства!
Э р н а (няўпэўнена). Паслухай, Пыза… а раптам… гэта ягоная клетка?
П ы з а (здзіўлена). Што вы хочаце сказаць, пані Эрна? Нібыта гэты псіх мо­жа быць…
Невядома адкуль з’яўляецца ўзрушаны Аляксандр, падбягае да клеткі і ва ўсе вочы глядзіць на Незнаёмага.
А л я к с а н д р. Так і ёсць! Прыехаў звярынец і Ён вярнуўся. (Да Пызы). Я не памыліўся, я ўсё правільна падлічыў. Гэта Ён! (Да Эрны). Вы разумееце, што адбылося? Вы разумееце, што цяпер адбудзецца? З намі, з усім светам?
П ы з а. Ну, вось: яшчэ адзін. Мястэчка вар’ятаў! Пані Эрна, дарэмна мы сюды прыехалі.

З’ява трэцяя

За невялікім раскладным столікам Эрна і Аляксандр п’юць каву. Незнаёмы сядзіць у клетцы, нерухомы, цалкам засяроджаны на сваіх думках. На клетцы вісіць дошка, на якой мелам выведзена лічба “3”.
Э р н а. У вас дрыжаць рукі: не разліце каву. І не стукайце зубамі аб ку­бачак.
А л я к с а н д р. Прабачце, гэта ад хвалявання. (Узрушана). Я ўсё яшчэ не магу паверыць... Я на ўласныя вочы бачу самога Галадара і ўдзельнічаю ў вялікай Містэрыі перамогі духа над матэрыяй!
Э р н а. А ў мяне адчуванне, што я ўдзельнічаю ў танным фарсе.
А л я к с а н д р. Пані Эрна, як вы можаце такое казаць! У ягонай прысутнасці… Пасля ўсіх маіх аргументаў і доказаў! Вы ж учора пагадзіліся са мной і далі згоду на правядзенне эксперымента.
Э р н а. Я дала згоду на выступленне нейкага дзівака ў цыркавым нумары пад назвай “40 дзён без ежы”. Каб спраўдзіць, ці прынясе гэты старадаўні атракцыён прыбытак у наш час. Але я не падзяляю вашыя містычныя погляды. І не ўпэўнена, што чалавек у клетцы – сапраўдны Галадар.
А л я к с а н д р (з жахам). Пані Эрна, я не веру, што вы пайшлі на гэта толь­кі дзеля грошай! Няпраўда!
Э р н а (няўпэўнена). Ну, яшчэ ў знак пашаны да сваіх бацькоў, якія калісьці гэты нумар арганізавалі. А, можа, з чыста жаночай цікаўнасці: паглядзець, чым усё скончыцца. (Ціха). Напэўна – нічым добрым.
А л я к с а н д р. Але ж ён не есць ужо другі дзень! Гэта сапраўдны Галадар. Новы Ісус Хрыстос!
Э р н а. Я таксама, бывае, некалькі дзён не ем: з-за хваробы ці проста па прычыне дрэннага настрою. Але не раблюся ад гэтага Марыяй Магдаленай.
А л я к с а н д р. Паглядзім, што вы скажаце праз месяц.
Э р н а. А што кажа ваш нібы-Галадар? Хрыстос не толькі рабіў цуды, але і прамаўляў перад вернікамі казанні. Гэты – маўчыць, альбо мармыча нейкія незразумелыя словы, прычым – на ўсіх мовах адразу.
А л я к с а н д р. Я старанна запісваю ўсё, што ён кажа. (Вымае з кішэні невялікі нататнік). Некаторыя фразы мне ўдалося разабраць.
Э р н а Напрыклад?
А л я к с а н д р. “Tere fere kuku strzela baba z łuku…”
Э р н а. Што гэта значыць?
А л я к с а н д р (сарамліва). Не перакладаецца. Нешта смешнае. Здаецца, з Ружэвіча.
Э р н а (іранічна). І ўсё?
А л я к с а н д р. Вось яшчэ, вельмі важнае. “Meine Körperschale konnte nicht meine Geistesgut aushalten”.
Э р н а. А гэта перакладаецца?
А л я к с а н д р. Так. “Жар майго духа спаліў маю зямную абалонку”. Здаецца, гэта з Шапенгаўэра. А, можа, з Кафкі. Вось апошнюю фразу я ніяк не магу разабраць. “…злы вецер мяне разарве на кавалкі”. І яшчэ пра нейкую дзяўчынку.
Э р н а. Нешта знаёмае. Але якое ўсё гэта мае значэнне? Наведайце мясцовую вар’ятню і які-небудзь учарашні дацэнт выдасць вам такія афарызмы, за якія яго ўсё жыццё можна трымаць у клетцы. Мусіць, мае рацыю Пыза, які лічыць нашага нібы-Галадара звычайным беглым псіхам. Дарэмна я паддалася на вашыя ўгаворы.
З’яўляецца Журналістка, спачатку падыходзіць да клеткі з Незнаёмым, потым да століка, за якім сядзяць Эрна з Аляксандрам.
Ж у р н а л і с т к а. Якая мілая кампанія! Рада вас бачыць.
Э р н а (злосна). А я вас, шчыра сказаць, не вельмі. Пасля таго, што вы напісалі ў сваёй газеце, нашаму звярынцу зрабілася няўтульна ў вашым мястэчку. (Бярэ са століка газету і знаходзіць інтэрв’ю).
А л я к с а н д р. Я лепш пасяджу каля Галадара. Раптам ён яшчэ нешта скажа? (Саступае месца за столікам Журналістцы і адыходзіць да клеткі).
Ж у р н а л і с т к а. Вам не спадабаўся наш матэрыял, Эрна? (Сядае за сто­лік).
Э р н а. Не спадабаўся? Я ў абурэнні ад яго! Чаго варта адна гэтая фраза: “Вандроўны звярынец Эрны як у люстэрку паказвае сапраўднае аблічча нашага мястэчка, дзікія парадкі ў ім, атмасферу страху, адсутнасць правоў і свабодаў. Трэба абавязкова пабачыць гэтую мадэль таталітарнага грамадства, каб у няшчасных, зацкаваных, кінутых у клеткі жывёлах пазнаць сябе”. (Глядзіць на Журналістку). Мелася быць чыстая рэклама.
Ж у р н а л і с т к а. Паверце, гэта зацікавіць нашых чытачоў.
Э р н а. А вашага Бурмістра?
Ж у р н а л і с т к а (з выклікам). Баіцеся?
Э р н а. Я не ўмешваюся ў палітыку, я займаюся бізнесам.
Ж у р н а л і с т к а. Не ўмешваецеся? А акцыя пратэста, якая распачалася ўчора ў вашым звярынцы?
Э р н а (здзіўлена). Якая яшчэ акцыя пратэста?
Ж у р н а л і с т к а (паказвае на клетку з Незнаёмым). Супраць чаго галадае гэты чалавек? (Уключае дыктафон). Што ён хоча сказаць нам сваёй галадоўкай?
Э р н а (абурана). Паслухайце, мне не патрэбны лішнія клопаты. А вы мне іх ствараеце. (Нахіляецца над сталом і выключае дыктафон).
Ж у р н а л і с т к а. Але ён галадае ў знак пратэста? Супраць чаго?
Э р н а. Ён галадае не супраць чагосьці, ён галадае проста так. Прабачце, не проста так, а за грошы. Галаданне – ягоная прафесія, ягоны… бізнес. Я плачу яму за гэта.
Ж у р н а л і с т к а (расчаравана). Галадае за грошы? Нашым чытачам гэта не спадабаецца. (Задумваецца). Не, тут патрэбна высокая ідэя, нейкі гучны лозунг, каб прыцягнуць увагу грамадства… Хочаце, я дапамагу вам?
Э р н а. Я хачу аднаго: каб вы трымаліся як найдалей ад нашага звярынца! (Выскоквае з-за стала).
Ж у р н а л і с т к а. Зноў мяне выправаджваеце? (Неахвотна падымаецца з крэсла).
У гэты момант з’яўляецца Бурмістр, падыходзіць да століка.
Б у р м і с т р (падміргвае Эрне). Ужо супрацоўнічаеце? (Да Журналісткі, скрозь зубы). Прадажная дзеўка!
Ж у р н а л і с т к а (да Бурмістра, ціха). Хам!
Э р н а (здзіўлена). Чаму вы заўсёды з’яўляецеся адначасова?
Ж у р н а л і с т к а. Я вас з задавальненнем пакідаю. (Да Эрны). Але запомніце, Эрна: у наш час нічога не робіцца “проста так”. Альбо: “за”, альбо: “супраць”.
Журналістка дэманстратыўна сыходзіць. Бурмістр развальваецца ў крэсле.
Б у р м і с т р. Яна мае рацыю. (Бярэ са століка газету і паказвае Эрне). Вы павінны зрабіць выбар. Як калісьці ставіў пытанне класік: “З кім вы, майстры культуры?”
Э р н а. Божа, які выбар? Я вам зараз усё растлумачу, Артур. (Прыязна). Пап’еце кавы?
Б у р м і с т р (суха). Прашу называць мяне “пане Бурмістр”. Да высвятлення вашай грамадскай пазіцыі. Дарэчы: санэпідэмстанцыя да вас усё ж такі прыедзе.
Э р н а (бездапаможна падае ў крэсла). Няма ў мяне пазіцыі. Я да вашага грамадства не належу. Я не ведаю і не хачу ведаць правілаў вашай гульні.
Б у р м і с т р. Памыляецеся, мілая. (Махае газетай перад тварам Эрны). Калі вы прыехалі да нас, калі вы збіраецеся зарабляць на нас грошы, вы павінны падпарадкоўвацца нашым правілам гульні!
Э р н а (вінавата). Прабачце мне, я заблыталася. Скажыце, што я зрабіла не так? І што я павінна зрабіць, каб вярнуць ваш давер і сімпатыю?
Б у р м і с т р (больш лагодна). Вось так лепш. Я не вінавачу вас, Эрна, у скандальнай публікацыі ў газеце. (Кідае газету на стол). Ведаю, гэта заслуга Касандры. Але тут што ў вас адбываецца? (Паказвае на клетку з Незнаёмым). Чаму вы замкнулі чалавека ў клетку і паказваеце яго наведвальнікам? Што вы гэтым хочаце сказаць?
Э р н а. Я ж вам распавядала: гэта вядомы цыркавы нумар, з яго мой бацька пачынаў кар’еру імпрэсарыо. З’явіўся дабраахвотнік і мы вырашалі ўзнавіць атракцыён, спраўдзіць, наколькі прыбытковы ён у нашыя часы.
Б у р м і с т р (занепакоена). Адкуль з’явіўся? Ён – мясцовы?
Э р н а (няпэўна). Знакаміты прафесіянал. Вось той малады вучоны пра яго цэлую кнігу напісаў.
Б у р м і с т а р (кінуўшы пагардлівы погляд на Аляксандра). Знайшоўся мне вучоны.
Э р н а (пераканальна). Паверце, наша галадоўка ні чаму не прысвечаная. Чыс­та камерцыйная акцыя, без усякіх палітычных матываў.
Б у р м і с т р. Дрэнна, што ні чаму не прысвечаная. У такім выпадку кожны ў сваёй свядомасці можа яе звязаць з чым заўгодна. (Катэгарычна). Трэба вашу чыста камерцыйную акцыю нечаму прысвяціць. Патрэбны канкрэтны, недвухсэнсоўны лозунг. Альбо – закрывайце ваш звярынец і матайце з нашага мястэчка!
Э р н а (разгублена). Але які лозунг?
Б у р м і с т р. Ну, напрыклад: “За чысціню ў нашым горадзе!”.
Э р н а. Але гэта значыць…
Б у р м і с т р (мякка). Я вас не змушаю. Я кажу: напрыклад.
Э р н а (падаўлена). Можна, я падумаю?
Б у р м і с т р. Падумайце, мілая. (Падымаецца з-за стала). І над маім запрашэннем на вячэру – таксама.
Э р н а. Дзякуй, пане Бурмістр. Але спачатку навяду парадак у сваіх уладаннях. (Паказвае на клетку з Незнаёмым).
Б у р м і с т р (сур’ёзным голасам). Гэта правільна. Даю вам час да заўтра. (Падыходзіць у суправаджэнні Эрны да клеткі і разглядае Незнаёмага). Кажаце, знакаміты прафесіянал? А выглядае няважна, як нейкі дахадзяга. (Ціха). Трэба навесці даведкі.
Э р н а. Дык галадае ж чалавек. (Жартаўліва). Вы самі паспрабуйце, пане Бурмістр.
Б у р м і с т р. Э, не! (Ківае пальцам перад тварам Эрны). Не зачыніце мяне ў клетцы! (Фамільярна). Дарэчы, можаце зноў называць мяне Артурам. (Рагоча). Да чарговай газетнай публікацыі.
Бурмістр развітваецца з Эрнай і сыходзіць. Эрна вымае цыгарэты і нервова паліць. Аляксандр падыходзіць да яе з нататнікам у руках.
А л я к с а н д р (са шкадаваннем). Нічога новага не сказаў. Зноў паўтарае нешта пра разарваныя кавалкі. Відаць, глыбокі разрыў з рэчаіснасцю спарадзіў у яго апакаліпсічныя настроі. (Зазірае ў вочы Эрны як верны сабака). Што здарылася, пані Эрна? Яны сапсавалі вам настрой?
Э р н а. Заканчваем гэтую недарэчную камедыю. Растлумачце свайму Ісусу Хрысту, што Бурмістр забараніў Узнясенне.
А л я к с а н д р. Не жартуйце так, пані Эрна.
Э р н а. Гэта не жарты. (Крычыць). Прадстаўленне скончана! Нядошлых акцёраў прашу пакінуць сцэну! (Азіраецца). Дзе Пыза? Забярыце адсюль гэтых вар’ятаў! Абодвух!
Нейкі час пануе гнятлівае маўчанне. Эрна і Аляксандр з насцярожанасцю глядзяць адзін на аднаго.
Э р н а. Маўчыце? Добра, што маўчыце, бо я вашыя псеўданавуковыя трыз­ненні слухаць не збіраюся!
А л я к с а н д р. Ведаеце, ёсць людзі, якія імкнуцца выглядаць лепшымі, чым яны ёсць насамрэч. А ёсць такія, якія намагаюцца выглядаць горшымі. Вы адносіцеся да другой катэгорыі, пані Эрна.
Э р н а (здзіўлена). Ого, мы нечакана перайшлі на асабістыя тэмы! Гэта мне больш па душы. А вы што, за чалавек, Аляксандр? Давайце пагаворым пра вас. Да якой катэгорыі вы адносіцеся?
А л я к с а н д р. Я чалавек нецікавы, звычайны няўдачнік. Ва ўсякім разе, лічыў сябе такім да ўчарашняга дня.
Э р н а (пагардліва). У вас ёсць сям’я?
А л я к с а н д р. Не.
Э р н а. Увагай жанчын вы не распешчаны?
А л я к с а н д р. У мяне была нарачоная. (Сарамліва). Не думаю, што гэта цікавая тэма для размовы.
Э р н а (злосна). Але нарачоная кінула вас?
А л я к с а н д р. Як вы здагадаліся? Зрэшты, гэта не цяжка… Так, яна сказала, што акрамя ідэяў мяне нічога ў жыцці не хвалюе. Што калі я буду займацца праблемай Голада, ёй давядзецца галадаць насамрэч...
Э р н а (зразумеўшы, што зайшла задалёка). Прабачце... Я не хацела вас па­крыўдзіць.
А л я к с а н д р. Ды не, мая нарачоная мела рацыю. Які з мяне муж? Які бацька? (Успамінае). Мы расталіся ў парку. Насустрач нам ішлі дзеці з прыгожымі паветранымі шарыкамі і нарачоная спытала, ці хацеў бы я мець… “Паветраны шарык?” – пажартаваў я. Яна пакрыўдзілася, развярнулася і моўчкі пайшла па алеі …
Э р н а (перапыняе). Пачакайце, Аляксандр! Вы сказалі, дзеці з паветранымі шарыкамі? (Узбуджана). Як я адразу не здагадалася!
А л я к с а н д р. Пані Эрна…
Э р н а. Ягоныя словы пра вецер... Прачытайце мне яшчэ раз апошні запіс у вашым нататніку.
А л я к с а н д р. З прыемнасцю, калі вам цікава. (Разгортвае нататнік). “Злы вецер мяне разарве на кавалкі”.
Э р н а. Слухайце! (Напявае).

Паветраны шарык дзяўчынка трымала,
Вясёлую песенку ціха спявала:
– Ах, шарык, вандроўнік шчаслівы і смелы,
Узняцца ў паветра я вельмі хацела б!

А л я к с а н д р (ветліва). Вы прыгожа спяваеце.
Э р н а. Слухайце далей! (Устае з крэсла і падыходзіць да клеткі з Незнаёмым, спявае гучна).
Каб разам з табою далёка, высока,
Занёс мяне вецер на зайздрасць сяброўкам.
За шэрыя хмары, да цёплага сонца,
Там лётаць бязважка, няспынна, бясконца.
Паветраны шарык ёй сумна адказваў:
– Дурнічка, у небе не быў я ні разу.
Як толькі ўзнімуся за шэрыя хмаркі,
Злы вецер мяне разарве на кавалкі.
Незнаёмы ўважліва выслухоўвае песню, нічога не гаворыць, але бачна, што ён відавочна ўзрушаны.
Э р н а. Разумееце, гэта песня! Дзіцячая песенка, якую спявала мне маці. І ён яе чуў, ён яе запомніў! Я ўпэўнена: ён яе ведаў!
А л я к с а н д р. Нічога не разумею. Каго ведаў? (З надзеяй). Вы не спыніце эксперымент, пані Эрна?
Э р н а. Не. Пакуль не пераканаюся… (Раптоўна). Вы згадалі пра шпацыр па парку з нарачонай, і ў мяне паправіўся настрой.
А л я к с а н д р (незадаволена). Вельмі прыемна.
Э р н а. Не сярдуйце, Аляксандр. Хадземце лепш, пагуляем! Пакажыце мне вашае цудоўнае мястэчка. А потым вып’ем дзе-небудзь шампанскага і прыдумаем правільны лозунг для нашага атракцыёна.
А л я к с а н д р. Але я хацеў бы застацца пры Галадары і працягваць свае за­пісы…
Э р н а (пагрозліва). Я магу раззлавацца і перадумаць! Дайце чалавеку ад­пачыць!
А л я к с а н д р (паспешліва). Вядома, хадземце гуляць. (Вінавата). Прабачце, Эрна! З мяне кепскі кавалер.
Э р н а. Але, спадзяюся, добры экскурсавод. Я вам казала, што адчуваю сім­патыю да вашага мястэчка?
Эрна бярэ Аляксандра пад руку і яны сыходзяць. Незнаёмы сядзіць, пры­хіліўшыся спіной да сцяны клеткі. Нейкі час каля звярынца ціха, але неўзабаве з’яўляецца п’яны Пыза ў суправаджэнні Жабрачкі. Пыза гарланіць непрыстойную песню.
Ж а б р а ч к а. Асцярожна, паночку! (Падтрымлівае Пызу, які моцна хіс­таецца). Ужо амаль дабраліся.
П ы з а. Дзякуй, старая. Прытаміўся я.
Ж а б р а ч к а. (асуджальна). Хіба можна такому культурнаму, замежнаму пану напівацца, як нейкаму мясцоваму гіцалю? Каб не я, праляжаў бы пан пад плотам да ранку.
П ы з а. А хіба я вінаваты, што ў вашым мястэчку піўнухі размешчаныя так нязручна? Спачатку да іх не дабрацца, потым з іх не вярнуцца. (Крычыць у бок клеткі з Незнаёмым). Уставай, дармаед!
Ж а б р а ч к а. Цішэй, хай пакутнік паспіць.
П ы з а. Знайшла пакутніка! Жулік гэта.
Ж а б р а ч к а. Ад добрага жыцця яшчэ ніводзін чалавек самахоць у клетку не залазіў.
П ы з а. Шкадуеш яго? А ён намі пагарджае.
Ж а б р а ч к а. Адкуль вы ведаеце, паночку? Ён жа ўвесь час маўчыць.
П ы з а. Вось бачыш, ён нават размаўляць з намі не хоча. Усё ад пыхі. (На­бліжаецца да клеткі, вымае з кішэні плоскую пляшку і працягвае Незнаёмаму). Выпі з намі, калі нас паважаеш.
Ж а б р а ч к а. Не можа ён піць, калі закусіць няма як.
П ы з а. А мы і закусіць дамо. (Вымае з кішэні кавалак кілбасы і прапануе Незнаёмаму). Еш, мы нікому не скажам. Бачыш, адварочваецца ад нас. (Робіць колькі глыткоў і працягвае пляшку Жабрачцы). На, ты выпі.
Ж а б р а ч к а. Дзякуй, паночку. (П’е з пляшкі). Але вы больш не піце. Яшчэ ўбачыць пані дырэктарка.
П ы з а. А, там... Яна мяне не звольніць. Хто будзе карміць звяроў, чысціць клеткі? Можа, гэты беларучка? (Нечакана кідае ў Незнаёмага кілбасой, але не трап­ляе). Ашуканец!
Ж а б р а ч к а. За што вы яго так не любіце?
П ы з а (раптам апускаецца на зямлю і пачынае плакаць). Ы-ы-ы-ы! Зла­чынца!
Ж а б р а ч к а. Ну вось яшчэ! Казала ж вам, паночку: болей не піце.
П ы з а. Ён яго забіў. Усеўся на яго сваім кастлявым азадкам. Раздавіў сваімі цяжкімі бруднымі ботамі.
Ж а б р а ч к а (здзіўлена). Каго?
П ы з а (усхліпвае). Майго беднага Галадарчыка… Няшчаснага маленькага чалавечка, які хаваўся ў саломе… Ён так жаласліва спяваў сваім пісклявым го­ласам.
Ж а б р а ч к а. Што дзеецца на свеце! (Спалохана жагнаецца).
П ы з а (усхопліваецца з зямлі і як шалёны кідаецца на пруты клеткі). Самазванца! Ты можаш вадзіць за нос увесь свет. Але мяне не ашукаеш! Я выведу ця­бе на чыстую ваду!
Незнаёмы нерухома сядзіць пасярод клеткі і сумнымі вачыма глядзіць на акаляючы яго свет.

ДЗЕЯ ДРУГАЯ
З’ява чацвёртая

Праз некалькі дзён на тым самым месцы. На дошцы, што вісіць на клетцы з Незнаёмым, мелам выведзена лічба “6”. Пыза прымацоўвае над клеткай лозунг: “Галаданне ў медыцынскіх мэтах: танны і эфектыўны СПОСАБ ПАХУДЗЕЦЬ на 15 кілаграмаў!” Эрна энергічна кіруе дзеяннямі Пызы, Аляксандр стаіць крыху воддаль і асуджальна назірае за тым, што адбываецца. Незнаёмы сядзіць у клетцы, адвярнуўшыся.
Э р н а. Не, Пыза: крыху вышэй. Яшчэ вышэй. Цяпер добра.
А л я к са н д р. Якая лухта!
Э р н а. Што вам не падабаецца, Аляксандр?
А л я к са н д р. Прафанацыя вялікай ідэі, якая адбывецца на маіх вачах. Вашая хлусня абражае Галадара і пярэчыць сакральнаму сэнсу ягонай ахвяры.
Э р н а. Па-мойму, вашага Галадара зусім не цікавіць, што напісана на ягонай клетцы. Ён нават не рэагуе. Затое ўсе іншыя будуць задаволены: і тыя, хто “за” і тыя, хто “супраць”, і тыя, каму важна пахудзець на 15 кілаграмаў.
А л я к са н д р. Гэта цынічна.
Э р н а. Я згодная, але што застаецца рабіць? Хадзем, Пыза, перавядзем шымпанзэ ў іншую клетку. Няшчасная малпа!
Эрна і Пыза сыходзяць. Аляксандр набліжаецца да клеткі і “размаўляе” з Не­знаёмым.
А л я к с а н д р (вінавата). Выбачайце Майстра, яны самі не разумеюць, што чыняць. Яны не здагадваюцца, што ўся іхняя штодзённая мітусня, іхнія так званыя “праблемы”, не вартыя адной хвіліны Твайго галадання. Людзі старанна ўкладаюць мазаіку з дробязных спраў, абавязкаў, вартых жалю памкненняў, легкадумна абрастаюць знаёмымі, прыяцелямі, сябрамі, ворагамі, шукаюць забыцця ў каханні, каб толькі не застацца сам на сам з сабой, не спазнаць цяжару сапраўднай свабоды...
Незнаёмы ў клетцы пачынае праяўляць пэўную цікавасць да расповяду Аляксандра.
А л я к с а н д р (задумліва). Некалі і я быў такім самым як яны, пакуль выпадкова не натрапіў у старой газеце на артыкул пра Твае выступленні ў нашым мястэчку трыццаць гадоў назад. Я пачаў цікавіцца праблемай аскезы і адмаўлення ад спажывання жыцця ва ўсіх яго праявах. Спачатку я проста чытаў усё, што напісалі пра гэта іншыя – а пісалі яны пераважна розную лухту – а потым і сам пачаў запісваць у нататнік свае думкі на гэты конт. (Паказвае Незнаёмаму нататнік). І здаецца, я раскрыў Тваю таямніцу, зразумеў сапраўдны, метафізічны сэнс галадання.
Нечакана Незнаёмы працягвае руку да нататніка і робіць нецярплівы, загад­ны рух.
А л я к с а н д р (уражаны). Табе цікава, што я напісаў?.. Не, я не адважваюся аддаць свае дылетанцкія разважанні на Твой суд. Яшчэ не час, я мушу адрэ­дагаваць свае запісы...
Незнаёмы зноў робіць нецярплівы рух рукой. Аляксандр паслухмяна аддае яму нататнік.
А л я к с а н д р. Добра, бяры. Для мяне гэта вялікі гонар. (Сарамліва ўсміхаецца). У кожнага прарока мусяць быць вучні. З натоўпа абыякавых альбо варожых людзей павінен вылучыцца хаця б адзін чалавек, які зразумее Настаўніка, ахвяруе ягонай справе ўсё сваё жыццё. Той, хто растлумачыць вучэнне іншым, сістэматызуе, а, можа, нават удасканаліць яго.
Падчас маналогу Аляксандра Незнаёмы гартае нататнік, чытае асобныя запісы, робячы грымасы здзіўлення.
А л я к с а н д р. Вядома, заўсёды існуе небяспека памылковай інтэрпрэтацыі. Гісторыя ведае шмат выпадкаў, калі вучні не разумелі сапраўднага сэнсу вучэння сваіх настаўнікаў і нават цалкам перайначвалі, скажалі ягоны змест. (Даверліва). Прызнаюся, мяне таксама адольвалі сумненні, мне здавалася, што я блукаю па цёмным лабірынце без карты і без ліхтара. Але пасля твайго цудоўнага вяртання з трыццацігадовага нябыту, я зразумеў, што рухаюся ў правільным кірунку. Гэта – таемны знак, узнагарода за маю веру. Спадзяюся, я буду годным вучнем вялікага Настаўніка, а не якой-небудзь самаўпэўненай малпай.
Незнаёмы нечакана ўпадае ў шал, пачынае выдзіраць лісты з нататніка Аляксандра і раскідаць іх у розныя бакі.
А л я к с а н д р (не верыць сваім вачам). Не! Не! Што ты робіш? Перастань, я прашу цябе! Я прысвяціў тваёй справе ўсё жыццё! (Хапаецца рукамі за галаву). Гэтага не можа быць!
Выведзены з сябе Незнаёмы кідаецца на сценкі клеткі. Разгублены, падаўлены Аляксандр сыходзіць, не азіраючыся.
З’яўляецца Жабрачка, заўважае параскіданыя вакол клеткі лісткі паперы.
Ж а б р а ч к а. Але ж нарабілі смецця!
Жабрачка старанна падмятае пляц перад клеткай. З’яўляецца Бурмістр, аглядае клетку, чытае лозунг.
Б у р м і с т р (услых). “Галаданне ў медыцынскіх мэтах: танны і эфектыўны СПОСАБ ПАХУДЗЕЦЬ на 15 кілаграмаў!” Хітрая дзеўка. Думае, мяне так проста абвесці вакол пальца… (Занепакоена). Заўтра мінае тыдзень, як ён галадае. Гэта ўжо небяспечна. (Азіраецца і заўважае Жабрачку. Уважліва прыглядаецца да яе, потым кліча). Гэй ты, хадзі сюды.
Жабрачка паслухмяна падыходзіць да Бурмістра.
Б у р м і с т р. Ведаеш, хто я такі?
Ж а б р а ч к а (прыглядаецца). Няўжо наш… (Кідаецца цалаваць Бурмістру рукі). Пане Бурмістр!
Б у р м і с т р (хавае рукі за спіну). Працуеш без ліцэнзіі?
Ж а б р а ч к а. Не маю за што жыць, вось і мушу. Пашкадуйце няшчасную жанчыну! (Кідаецца на калені).
Б у р м і с т р. Устань. (Калі Жабрачка ўзнімаецца з зямлі паказвае на Незнаёмага). Ведаеш гэтага чалавека?
Ж а б р а ч к а. Не.
Б у р м і с т р. Шкада. Давядзецца цябе аштрафаваць.
Ж а б р а ч к а (зноў падае на калені). Богам клянуся, не ведаю! Адны кажуць, ён – святы, іншыя – самазванца.
Б у р м і с т р. А ты як думаеш?
Ж а б р а ч к а (жаласліва). Я старая, неразумная жанчына. Як загадаеце, так і буду думаць.
Б у р м і с т р. Добра… А можа, ты ўсё-ткі ведаеш гэтага чалавека, бачыла яго раней і ўспомніш дзе? Хадзем, разгледзім яго ўважліва.
Жабрачка падхопліваецца з каленяў і падыходзіць услед за Бурмістрам да клеткі. Бурмістр паказвае рукой на Незнаёмага і нешта ціха гаворыць Жабрачцы. Жабрачка паслухмяна ківае галавой. Бурмістр гаворыць ёй яшчэ нешта, Жабрачка пагаджаецца, цалуе Бурмістру руку.
З’яўляецца Журналістка. Бурмістр робіць знак Жабрачцы, каб тая знікла. Жабрачка падбірае з зямлі мятлу і хаваецца за вагончыкам. Журналістка з цікавасцю чытае лозунг на клетцы.
Ж у р н а л і с т к а (з пагардлівай усмешкай). Фі, як гэта мелка. Усё роўна, што страляць з гарматы па вераб’ях.
Б у р м і с т р (падыходзіць да Журналісткі). Бачу, ты незадаволена?
Ж у р н а л і с т к а. Можна падумаць, у цябе ёсць прычыны радавацца. Яна робіць з нас ідыётаў.
Б у р м і с т р. Але чым табе не падабаецца гэты Галадар? Са мной усё зразумела: я мушу падтрымліваць парадак, дысцыпліну, а кожная таямнічая з’ява стварае хаос у свядомасці жыхароў нашага мястэчка, выклікае нязручныя пытанні і непатрэбныя сумненні. Але ў цябе, Касандра, чалавек, які дэманстратыўна сядзіць у клетцы і галадае павінен выклікаць іншыя пачуцці…
Ж у р н а л і с т к а. У мяне ён выклікае пачуццё пагарды і раздражнення. (З па­фасам, нібыта цытуючы свой будучы артыкул). У той час, калі за краты кідаюць, тых хто змагаецца за свабоду, гэты “пакутнік” замыкаецца ў клетцы дабраахвотна. У той час, калі людзі галадаюць, каб сцвердзіць сваё права на лепшае жыццё, гэты псеўдааскет адмаўляецца ад радасцяў жыцця прынцыпова. Гэта небяспечны чалавек, і яго з’яўленне ў нашым мястэчку прыносіць вялікую шкоду.
Б у р м і с т р (іранічна). Ты не верыш, што ён галадае ў медыцынскіх мэтах, каб пахудзець на 15 кілаграмаў?
Ж у р н а л і с т к а. Маскіроўка!
Б у р м і с т р (задаволена). Нарэшце, нашыя погляды супалі. (Усміхаецца). Як у старыя добрыя часы. Можа, заключым мір?
Ж у р н а л і с т к а. Пасля ўсяго, што ты нарабіў? Ты яшчэ прапануй у ло­жак да цябе вярнуцца.
Б у р м і с т р. І ў ложак, і дадому. (Лагодна). Маючы цябе побач, мне было спа­кайней.
Ж у р н а л і с т к а. Не спадзявайся. Ніколі мы больш не будзем разам. Аль­бо ты, альбо я.
Б у р м і с т р. Шкада. З нас была добрая пара… А што з гэтым будзем ра­біць? (Паказвае на Незнаёмага). Заўтра пачынаецца другі тыдзень галадоўкі, сур’ёзная справа.
Ж у р н а л і с т к а (паціскае плячыма). Ты ў нас – улада, можаш забараніць гэтае мерапрыемства ў любую мінуту.
Б у р м і с т р. Забараніць? (Смяецца). О, не, такога падарунка для тваёй газеты я не зраблю. Не спадзявайся. Пад тваім лёгкім пяром звычайны валацуга адразу ператворыцца ў героя, у высакародную ахвяру рэпрэсій. Прыдумай што-небудзь лепшае.
Ж у р н а л і с т к а. Не сумнявайся, прыдумаю... (Пасля паўзы). Хачу дамовіцца з Эрнай правесці прэс-канферэнцыю Галадара. З нагоды заканчэння першага тыдня галадоўкі. (Ціха). Баюся толькі, што нашая баязлівая дырэктарка не пагодзіцца.
Уваходзіць Эрна ў суправаджэнні Пызы. Вартаўнік спыняецца каля клеткі Галадара, Эрна падыходзіць да гасцей.
Э р н а (весела). Цяпер я ўжо не здзіўляюся, убачыўшы вас разам! Мне расказалі, што некалі вы былі мужам і жонкай.
Б у р м і с т р. Плеткары!
Ж у р н а л і с т к а. Гэта было вельмі даўно. Цяпер у нас дыяметральна супрацьлеглыя погляды на жыццё.
Э р н а. Я заўважыла. Як вам падабаецца наш лозунг? (Паказвае на клетку).
Б у р м і с т р. У вас спрытны розум, Эрна.
Ж у р н а л і с т к а. Фі!
Э р н а. Зноў вам нешта не падабаецца! Выбачайце, усім немагчыма дага­дзіць.
Ж у р н а л і с т к а. Эрна, я прапаную правесці заўтра прэс-канферэнцыю з нагоды заканчэння першага тыдня вашага эксперымента.
Э р н а. Я катэгарычна супраць. У нас паказальнае выступлення артыста, а не грамадская акцыя. Ніякіх прэс-канферэнцый мы праводзіць не будзем.
Б у р м і с т р (нечакана падтрымлівае Журналістку). А давядзецца. Не толькі ў прэсы, але і ў звычайных жыхароў нашага мястэчка накапілася шмат пытанняў да вашага артыста, і давядзецца яму на гэтыя пытанні адказаць!
Журналістка і Эрна адначасова глядзяць на Бурмістра: Журналістка – здзіўлена, Эрна – спалохана.
Э р н а. Але артыст увесь час маўчыць, ён цалкам засяроджаны на працэсе галадання і не можа губляць апошнія сілы ў размовах.
Б у р м і с т р. У такім выпадку вы раскажаце пра мэты яго выступленне і адкажаце на пытанні прысутных. І ніякіх адгаворак, ніякіх выкручванняў, мая дарагая, інакш я зноў на вас раззлуюся!
Ж у р н а л і с т к а (падазрона). Што з табой, Артур?
Б у р м і с т р. А нічога. Проста не люблю, калі мае асабістыя сімпатыі некаторыя асобы выкарыстоўваюць на шкоду грамадскім інтарэсам. (Да Эрны, строга). Вы пераставілі на іншае месца клетку з арангутангам?
Э р н а. Так.
Б у р м і с т р. Хадземце праверым. (Накіроўваецца шукаць клетку з малпай).
Ж у р н а л і с т к а (шматзначна). Да заўтра, Эрна.
Эрна, не адказваючы, ідзе ўслед за Бурмістрам. Журналістка заўважае каля клеткі лісток паперы, выпадкова непрыбраны Жабрачкай. Нахіляецца, падымае лісток, чытае і, азірнуўшыся па баках, хуценька хавае ў сумачку. Потым няспешна падыходзіць да Пызы.
Ж у р н а л і с т к а. А дзе ж малады чалавек з нататнікам у руках, які не ады­ходзіў ад клеткі ні на крок?
П ы з а. А халера яго ведае!
Ж у р н а л і с т к а. І цяпер ты апякуешся так званым Галадаром? (Іранічна). Чысціш клетку, здзьмухваеш з яго пылінкі, ахоўваеш ягоны сон?
П ы з а (пагардліва). Вось яшчэ! Вочы б мае яго не бачылі!
Ж у р н а л і с т к а. Як: ты не захапляешся яго здольнасцямі, не адчуваеш павагі да сусветнай славы Майстра?
П ы з а. Ніякі ён не Майстра. Звычайны самазванец. Была б мая воля – палкай выгнаў бы яго з клеткі!
Ж у р н а л і с т к а. О, а ты не такі прастак, як я спачатку думала! Значыць, ты яго раскусіў?
П ы з а. Адразу. Няхай іншыя перад ім кленчаць, Пыза – біты воўк.
Ж у р н а л і с т к а. Зух з цябе! А ведаеш, я таксама лічу, што гэта – са­мазванец.
П ы з а (жаліцца). Шкада, што пані дырэктарка прымае ўсё за чыстую манету. Яна забараніла мне абражаць гэтага нахабніка і загадала ахоўваць яго ад настырных наведвальнікаў. Нібыта ў мяне іншай працы мала!
Ж у р н а л і с т к а. А хочаш пазбыцца... нахабніка? І пры гэтым зарабіць добрыя грошы?
П ы з а (падазрона). Якім чынам?
Ж у р н а л і с т к а. Я табе падкажу.
Журналістка адводзіць Пызу ад клеткі і нешта шэпча яму на вуха. Пыза слухае спачатку з недаверам, але потым на яго твары з’яўляецца задаволеная ўсмешка.
П ы з а. Але ж пані мае розум! Хітра прыдумана!
Ж у р н а л і с т к а. Ты згодны?
П ы з а. А…. колькі? (Робіць пальцамі рухі, нібыта пералічвае грошы).
Ж у р н а л і с т к а (дае вартаўніку некалькі банкнотаў). Гэта задатак. Другая палова – пасля.
П ы з а (цалуе купюры, задаволена). Шчодры задатак.
Ж у р н а л і с т к а. І нікому ні слова.
П ы з а. А нягож! Навошта мне непрыемнасці на працы? (Хавае грошы).
Ж у р н а л і с т к а. З тваёй дапамогай мы зробім карысную справу. (Імкліва сыходзіць). Да заўтра.
П ы з а (кланяецца). Маё шанаванне. (Да Незнаёмага). Вось так. Не ўсе жанчыны любяць цябе, прыяцель. Нядоўга табе засталося красавацца перад пуб­лікай!
Пыза сыходзіць, пакідаючы Незнаёмага ў адзіноце. Нечакана Незнаёмы ўзнімае галаву і пачынае напяваць нейкую тужлівую мелодыю.

З’ява пятая

Познім вечарам на тым самым месцы. Незнаёмы сядзіць у клетцы, прыхінуўшы­ся спіной да прутоў. Са свайго вагончыка выходзіць Эрна, набліжаецца да клеткі.
Э р н а (размаўляе хутчэй сама з сабой, чым з Незнаёмым). Ну і што будзем рабіць? Заўтрашняя прэс-канферэнцыя не прынясе нічога добрага, я адчуваю гэта. Мінуў тыдзень, а мы так і не даведаліся: хто ты і навошта залез у гэтую клетку? Хутчэй за ўсё – нахабны самазванец, які ўдае за вялікага Галадара. Ведаеш, найлепшае выйсце для цябе – пакінуць клетку. Зараз, цішком, пакуль падман не раскрыўся. Я папрашу ў публікі прабачэння за сваю даверлівасць і, можа, усё абыдзецца. Як табе такі варыянт, прыяцель? (Вымае ключ, адмыкае замок і адчыняе насцеж дзверцы клеткі). Выходзь, я прашу цябе.
Незнаёмы глядзіць на Эрну сумнымі вачыма, але не выходзіць з клеткі.
Э р н а. Павер мне: так будзе лепш. Нават у тым выпадку, калі ты – сапраўдны Галадар. Азірніся навокал: ніхто не радуецца твайму з’яўленню, нікому не патрэбна твая ахвяра. Тваё нечаканае вяртанне прынесла адныя клопаты. Усім, а ў першую чаргу мне – адзінокай, безабароннай жанчыне. Табе мяне не шкада?
Незнаёмы не рухаецца.
Э р н а. Канечне, не. Табе не шкада мяне, не было шкада маю маці. Памятаеш, ты называў яе імя? Можа, зусім выпадкова, сярод дзесяткаў іншых жаночых імёнаў. “Імя, як ноч глухое – Марта...” Можа, ты ўжо забыўся пра яе, бо ў тваім жыцці, асвечаным вялікімі ідэямі, яна не адыграла істотнай ролі. Цябе нічога ў свеце не хвалюе, акрамя твайго галадання. Ты прыходзіш, калі захочаш, і калі захочаш – сыходзіш.
Эрна сядае ў крэсла каля клеткі і запальвае цыгарэту.
Э р н а. Але я мушу расказаць табе пра яе. Пра чалавека, які шмат гадоў клапаціўся пра цябе, чысціў тваю клетку, мяняў ваду. Пра маладую, прыгожую жанчыну, употайкі закаханую ў цябе і таму няшчасную. Хіба, кахаючы такога як ты, можна быць шчаслівай? Марта мела мужа, Імпрэсарыо, і таму пакутвала ўдвая: ад непадзельнага пачуцця да Галадара і ад пачуцця віны перад сваім мужам, якога пакорліва любіла і шанавала... А яшчэ ад таго, што не магла вытлумачыць прыроду свайго кахання да Галадара: гэта не была фізічная жарсць, але і не было духоўнае захапленне. Прысутнасць гэтага дзіўнага чалавека нараджала ў сэрцы Марты нейкую метафізічную трывогу, пагарду да свайго будзённага – шчаслівага, у прынцыпе! – жыцця, жаданне зразумець да канца асобу Галадара і, адначасова, жаданне сагрэць яго сваім каханнем, абараніць ад жорсткага свету як маленькае, кволае дзіця. Як мне здаецца, Марту заварожваў і прыцягваў той несамавіты голад, які спальваў душу і цела Галадара, і адначасова ёй хацелася наталіць гэты голад, наталіць сабой: сваім целам, сваёй душой. Урэшце аднойчы ноччу яна ўвайшла ў клетку, зняла з сябе кашулю і спрабавала грудзямі накарміць Галадара як маці корміць немаўлятка. На жаль, гэты вар’яцкі ўчынак убачылі чужыя вочы, чужыя языкі далі яму нікчэмнае вытлумачэнне, адбылася непрыемная размова з мужам і Марта была абвінавачана ва ўсіх смяротных грахах. У выніку, яна замкнулася ў сабе, старалася не глядзець у бок Галадара, перастала размаўляць з мужам і нават зрабілася абыякавай да сваёй маленькай дачкі. На працы яна таксама не магла засяродзіць сваю ўвагу, а паколькі яе прафесіяй было хаджэнне па канаце над плошчай, не дзіўна, што ўсё скончылася вельмі трагічна: неяк Марта аступілася і паляцела проста на брук, а страховачнага пояса на ёй чамусьці ў той дзень не было. Не ведаю, ці заўважыў вялікі Галадар яе адсутнасць, ці яму было ўсё роўна, хто клапоціцца пра яго і даглядае.
У вачах Незнаёмага з’яўляюцца слёзы, але не зразумела па якой прычыне: ці таму, што ён і ёсць Галадар, ці проста таму, што расказаная Эрнай гісторыя – вельмі жаласлівая і кранальная.
Э р н а. Вядома, я не памятаю чалавека, якога мой бацька называў Майстрам Галадання, а маці – Эрнэстам, я была занадта маленькая. Усё, што я распавядала зараз, я ведаю са словаў бацькі, дакладней, з ягоных п’яных маналогаў. З абрыўкаў фраз маё дзіцячае ўяўленне хутка ўкладала агульную карціну колішніх падзеяў; у залежнасці ад узросту і настрою гісторыя атрымлівалася то ўзнёсла-рамантычная, то банальна-нікчэмная. Асабліва таямнічым здаваўся мне вобраз Галадара: я то ненавідзела яго як віноўніка смерці маці, то абагаўляла як чалавека, якога яна па-сапраўднаму кахала. (Усміхаецца). Напачатку я нават думала, што гэта ён – мой сапраўдны бацька, але з гадамі адмовілася ад гэтай ідэі: занадта я зямная і прагматычная як на дачку шаленца-летуценніка.
Эрна падымаецца з крэсла і падыходзіць да дзверцаў клеткі. Незнаёмы са страхам глядзіць на жанчыну.
Э р н а. Іншае пытанне мучыць мяне цяпер: ці варта было? Ці варта самотная аскеза Галадара слёз і смерці маёй маці? Ці варта мне рызыкаваць сваім бізнесам, дзеля незнаёмца, які да мяне нават не адгукаецца? Ці варта прыносіць у ахвяру жыццё і шчасце блізкіх людзей дзеля нейкай Ідэі, якую наступныя пакаленні ўсё роўна назавуць памылковай і шкоднай?.. Я ведаю, ты не збіраешся дабраахвотна пакідаць клетку, ты хочаш змагацца. Дакладней, змагацца давядзецца мне: з Бурмістрам, з прэсай, з недабразычлівай публікай, а ты будзеш моўчкі сядзець у клетцы, усведамляючы веліч сваёй місіі. Але прашу цябе: узваж як след сваё рашэнне. Падумай пра ўласны лёс, пра лёс Марты. Я сыходжу і пакідаю клетку незамкнёнай. Калі раніцай я выйду з вагончыка і ўбачу, што клетка пустая – я, магчыма, расчаруюся ў табе і, у чарговы раз, у жыцці, але… вельмі ўзрадуюся.
Эрна рашуча разварочваецца і сыходзіць.
Н е з н а ё м ы (разгублена). Марта. Дзе Марта?

З’ява шостая

На сёмы дзень галадання Незнаёмага Эрна ладзіць невялікую прэсканферэнцыю. Каля клеткі пастаўлена некалькі крэслаў, на якіх размясціліся Бурмістр, Журналістка, публіка. Крыху воддаль знаходзяцца Пыза і Жабрачка. Эрна стаіць проста ля клеткі, у якой сядзіць Незнаёмы, апатычны і абыякавы да таго, што аддбываецца навакол. У апошнюю хвіліну прыбягае Аляксандр, займае вольнае крэсла. Эрна кідае ў бок настаўніка трывожны позірк.
А л я к с а н д р. Прабачце, я спазніўся.
Б у р м і с т р (да Эрны, нецярпліва). Пачынайце, шаноўная!
Э р н а (урачыста, але з адценнем іроніі). Пані і панове! Вы бачыце ў клетцы чалавека, які смела кінуў выклік асноўнаму закону прыроды: каб падрымліваць жыццядзейнасць уласнага арганізма, трэба спажываць іншыя арганізмы, альбо па-просту кажучы – харчавацца. Сёння мінае тыдзень, як гэты унікальны чалавек не прымаў ежы і ён не збіраецца гэта рабіць на працягу наступных 33 дзён. У выніку наш герой пахудзее ажно на 15 кілаграмаў, у чым і заключаецца сутнасць эксперыменту. Думаю многім з нас таксама не пашкодзіла б выкарыстаць ягоны просты, але эфектыўны метад, каб скінуць пару-другую кілаграмаў лішняй вагі. (Усміхаецца). Запэўніваю вас, што выступленне нашага цыркавога артыста не мае ніякіх палітычных, рэлігійных альбо філасофскіх мэтаў. (Замаўкае).
Б у р м і с т р (незадаволена). Гэта ўсё, што вы можаце нам сказаць?
Э р н а. Усё.
Ж у р н а л і с т к а (расчаравана). Нічога ўзвышанага, адухоўленага высокай ідэяй? Нічога, што магло б стаць тэмай першых старонак газет?
Э р н а. Узвышанага? Напрыклад?
Ж у р н а л і с т к а (вымае з сумачкі ліст паперы, разгортвае і зачытвае). “Магчыма, для нашай эпохі, эпохі газавых камераў і канцэнтрацыйных лагероў, тата­літарызму, тэрарыстычных актаў, гэтае добраахвотнае галаданне не з’яўляецца нечым атракцыйным, як за часамі нашых бацькоў і дзядоў. На Зямлі выміраюць з голаду цэлыя плямёны, цэлыя кантыненты галадаюць ці недаядаюць... тым большае захапленне выклікае чалавек, які непрыкметна і сціпла хоча асвяціць сваім цудоўным дарам наш шэры дзень. Хаця ягоныя дасягненні не такія відовішчныя, як подзвігі касманаўтаў, але яны паказваюць нам на што ўсё яшчэ здольны Чалавек!”. (Да Эрны). А вы кажыце: ніякіх філасофскіх мэтаў.
А л я к с а н д р (усхопліваецца з крэсла). Адкуль у вас гэты лісток?
Ж у р н а л і с т к а. Знайшла каля клеткі.
А л я к с а н д р. Аддайце, гэта з майго нататніка! (Спрабуе забраць лісток у Журналісткі, але тая спрытна перадае яго Бурмістру).
Б у р м і с т р. У мяне ўражанне, што нас ашукваюць, як маленькіх дзяцей. (Складвае лісток і кладзе ва ўнутраную кішэню гарнітура). Гавораць адно, а думаюць і пішуць зусім іншае.
Э р н а. Я не адказваю за фантазіі і прыдумкі, якія ўзнікаюць у галовах паэтаў і вучоных. Я выклала вам рэальны стан рэчаў. А кожны дае ім уласную інтэрпрэтацыю.
Ж у р н а л і с т к а. Рэальны стан рэчаў? Вы хочаце сказаць, што ваш артыст насамрэч галадае?
Э р н а. Канечне. Гэта сапраўдны майстра сваёй справы, а не які-небудзь тан­ны шарлатан.
Журналістка падыходзіць да клеткі, вымае з сумачкі ларнетку і ўважліва аглядае падлогу клеткі.
Б у р м і с т р. Вы ўпэўнены, што ў клетцы знаходзіцца той самы чалавек, які некалі быў вядомы ва ўсім свеце пад мянушкаю “Галадар”?
Э р н а. Давайце пачакаем яшчэ 33 дні і разам пераканаемся ў гэтым. Ніхто іншы не здольны паўтарыць ягонае дасягненне.
Б у р м і с т р. А калі, раптам, ён не сапраўдны Галадар і праз тыдзень памрэ? Хто будзе адказваць за ягоную смерць?
Ж у р н а л і с т к а. Не хвалюйцеся, не памрэ. (Кліча Пызу). Шаноўны вар­таўнік, вы не пакажаце нам, што там тырчыць з-пад саломы ў дальнім куце клеткі?
Пыза кідае погляд на Эрну, дырэктарка ківае галавой. Пыза няспешна адмыкае клетку, уваходзіць у яе, рыецца ў саломе ў дальнім куце клеткі і вымае адтуль напалову аб'етую курыцу. Выходзіць з курыцай з клеткі і паказвае прысутным.
Б у р м і с т р (ціха). Зноў яна мяне апярэдзіла, яхідна.
А л я к с а н д р. Не можа быць! (Падбягае да клеткі). Гэта гнюсны падман, правакацыя!
Б у р м і с т р (да Эрны). Вось вам і майстра, вось вам і рэальны стан рэчаў. (Строга). Хто-небудзь з прысутных ведае гэтага чалавека?
Жабрачка падыходзіць да клеткі, уважліва глядзіць на Незнаёмага і ўсплёсквае рукамі.
Ж а б р а ч к а. А, божачкі, гэта ж ён!
Б у р м і с т р. Хто ён?
Ж а б р а ч к а. Шаленец з дзевятай палаты. Калі я працавала прыбіральшчыцай у вар’ятні, я штодня мыла падлогу ў ягоным пакоі.
Ж у р н а л і с т к а (ці то да Незнаёмага, ці то да Бурмістра). Ах ты, сукін сын!
Э р н а. І не сорамна вам, панове?
А л я к с а н д р (кідаецца да Эрны). Не вер ім, Эрна! Яны ўсе ў змове!
Б у р м і с т р. Нарэшце ўсё высветлілася. Трэба выклікаць санітараў.
А л я к с а н д р. Не! Ён сапраўдны! Я магу пацвердзіць! Я патрабую незалежнага следства!
Б у р м і с т р (да Настаўніка, спакойна). І цябе таксама адправім у вар’ятню. За кампанію.
А л я к с а н д р (да Эрны). Чаму ты маўчыш? Змагайся, Эрна!
Э р н а. Я ўжо прайграла сваю бітву. І не хачу ў вар’ятню.
Б у р м і с т р. Разумная дзяўчынка!
А л я к с а н д р (да Журналісткі). А пані? (Убачыўшы, што Журналістка адвярнулася). Эх!
Нечакана з’яўляюцца двое санітараў з насілкамі.
Э р н а (да Бурмістра, іранічна). Якая аператыўнасць! Вы нават не паспелі іх выклікаць, як яны ўжо прыехалі.
1-ы С а н і т а р. Каго забіраць?
Б у р м і с т р. Спачатку таго ў клетцы. (Робіць рух рукой у бок клеткі).
1-ы С а н і т а р (перавёўшы погляд на клетку). Але ў клетцы нікога няма.
Усе абарочваюцца і глядзяць на клетку. Сапраўды, яна пустая. Альбо Незнаёмы выйшаў у адчыненыя Пызам дзверы, альбо проста знік тасама нечакана як і з’явіўся.
Ж у р н а л і с т к а. Сапраўды, няма. (Вымае з сумачкі фатапарат і фатаграфуе пустую клетку).
Б у р м і с т р (да санітараў, злосна). Што сталі? Лавіце яго, ён небяс­печ­ны!
Санітары, кідаюцца шукаць уцекача. Пыза з Жабрачкай таксама сыходзяць.
А л я к с а н д р. Майстра, не пакідайце нас! Вазьміце мяне з сабой! (Зрываецца з месца і бяжыць услед за санітарамі).
Э р н а (невядома да каго). І што цяпер?
Ж у р н а л і с т к а. Усміхайцеся, мая дарагая! (Фатаграфуе Эрну і разгубленага Бурмістра).

З’ява сёмая

Туманным ранкам ля ўваходу ў звярынец. З вагончыка выходзіць Пыза, паёжваецца ад холаду. У клетцы Галадара, спіной да гледачоў сядзіць нейкі чалавек. На галаве ў яго навушнікі, у руках плэер, цела рытмічна пагойдваецца ў такт музыцы.
П ы з а. Бр-р-р-р! Холад сабачы. Час перабірацца ў цёплыя мясціны. А дзе ж мая наймічка? Мусіць, атрымала пенсію ад Бурмістра і кінула працу? (Азіраецца ў пошуках Жабрачкі і заўважае чалавека ў клетцы Галадара). Ну, не! Толькі не гэта! (Працірае вочы). Можо я яшчэ сплю? (Махае рукой перад вачыма). Згінь, прападзі!
Але постаць чалавека ў клетцы не знікае. Перапалоханы Пыза кідаецца да дырэктарскага вагончыка і з усяе сілы барабаніць у дзверы Эрны.
П ы з а (крычыць). Пані Эрна! Пані Эрна! Хутчэй сюды!
Праз нейкую хвіліну дзверы адчыняюцца і на парозе з’яўляецца сонная Эрна ў наспех накінутым халаце.
Э р н а. Ты вырашыў выламаць дзверы? Што здарылася?
П ы з а. Пані Эрна! Я гэтага не вытрымаю! Ён зноў вярнуўся!
Э р н а (здзіўлена). Хто?
П ы з а. Зірніце на клетку!
Эрна паварочвае галаву і глядзіць на клетку.
Э р н а (заўважыўшы ў клетцы чалавека). Зноў? Хто гэтым разам?
П ы з а. Не ведаю! Галадар, самазванца, папа рымскі – мне ўсё адно. Прашу вас, пані Эрна: паедземце з гэтага праклятага мястэчка!
Э р н а (спакойна). Супакойся, і паглядзі, хто гэта.
П ы з а. Ні за што. І кроку не зраблю ў бок гэтай праклятай клеткі.
Э р н а. У такім разе давядзецца мне самой.
Эрна сыходзіць па прыступках і накіроўваецца ў бок клеткі. У гэты час чалавек у клетцы паварочваецца і мы пазнаем у ім Аляксандра. Убачыўшы Эрну, ён радасна махае ёй рукой у знак прывітання, але не здымае навушнікаў і яшчэ больш энергічна раскачваецца ў такт музыцы.
Э р н а. Аляксандр?
П ы з а. Халера ясная! Настаўнік?
Э р н а. Навошта ты залез у клетку? (Робіць запрашальны знак рукой). Выходзь.
Аляксандр адмоўна круціць галавой.
Э р н а. Здымі навушнікі, я хачу з табой пагаварыць. Растлумач, што ты за­думаў.
Аляксандр адмоўна круціць галавой і паказвае рукой на дошку, якая прымацавана да клеткі.
Э р н а (глядзіць на дошку і чытае ўслых надпіс мелам). “Вялікі Майстар галадання: першы дзень эксперыменту”.
П ы з а. Ён што, звар’яцеў?
Эрна пачынае істэрычна смяяцца.
П ы з а (занепакоена). Што будзем рабіць, пані Эрна? Выклічам паліцыю? Ці, можа, адразу санітараў?
Э р н а (перамогшы смех). Не трэба, Пыза. Не чапай яго, хай сядзіць. Няўжо ты не разумееш: вярнуўся вялікі Галадар.
П ы з а. Вось гэты?
Э р н а. Гэты. Іншага мы не заслужылі.
П ы з а (падазрона паглядзеўшы на Эрну). Пайду лепш карміць звяроў, пані Эрна. З імі прасцей, чым з людзьмі. (Яшчэ раз зірнуўшы на Эрну, а потым на Аляксандра ў клетцы, сыходзіць).
Э р н а (сядае на прыступкі да вагончыка). Так, са звярамі прасцей, чым з людзьмі: яны не залазяць клетку, каб быць свабоднымі… (Не гледзячы ў бок клеткі і не чакаючы адказу). Аляксандр, можа, ты здымеш усё-ткі гэтыя ідыёцкія навушнікі? Не ўяўляю, што за музыку ты слухаеш, але я таксама ведаю адну цудоўную песенку. (Спявае ціха і меладычна, у поўнай дысгармоніі з энергічнымі рухамі Аляксандра):
Паветраны шарык дзяўчынка трымала,
Вясёлую песенку ціха спявала:
– Ах, шарык, вандроўнік шчаслівы і смелы,
Узняцца ў паветра я вельмі хацела б!
Каб разам з табою далёка, высока,
Занёс мяне вецер на зайздрасць сяброўкам.
За шэрыя хмары, да цёплага сонца,
Там лётаць бязважка, няспынна, бясконца…

З а с л о н а






Беларускія тэатры не часта бяруць удзел у замежных фестывалях. Таму кожны факт выступлення беларускага калектыву за мяжой заслугоўвае ўва­гі, асабліва калі такое выступленне з самага пачатку рыхтавалася як міжнародны праект. На адным з буйнейшых польскіх фестываляў “Кан­франтацыі тэатральныя” у Любліне 2 кастрычніка 2009 году адбылася прэм’ера спектакля “Вяртанне галадара” па п’есе Сяргея Кавалёва. П’еса беларускага драматурга ахвяравана знанаму польскаму пісьменніку Тадэвушу Ружэвічу і з’яўляецца своеасаблівым працягам яго п’есы ”Галадар адыходзіць”. Эксперыментальны спектакль на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі паставіла маладая мінская рэжысёрка Кацярына Аверкава, яна ж напісала музыку да спектакля. Арганізатары люблінскага фестывалю паставілі перад РТБД умову, каб першы паказ спектакля адбыўся менавіта ў Любліне. І толькі праз месяц адбылася беларуская прэм’ера “Вяртання галадара” і спектакль увайшоў у рэпертуар тэатра.
Ніжэй мы друкуем водгукі на прэм’еру польскіх і беларускіх крыты­каў.


Габрыеля Жук

АПЕТЫТ НА БОЛЬШАГА ГАЛАДАРА

Беларускія тэатр і драматургія – з’явы ў Польшчы ўсё яшчэ малавядомыя і незапатрабаваныя. З такім станам рэчаў ужо некалькі гадоў змагаюцца арганізатары люблінскіх тэатральных фестываляў, падчас якіх штораз часцей з’яўляюцца розныя прапановы нашых усходніх суседзяў. Дастаткова хаця б узгадаць пастаноўку Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя М. Горкага «Утаймаванне свавольніцы», якая выклікала вялікую зацікаўленасць публікі (крыху меншую – крытыкаў) на мінулагоднім Тэатральным фэстывалі Цэнтральнай Еўропы «Суседзі», альбо прадстаўлены яшчэ раней спекталь «Вечар» Брэсцкага тэатру драмы і музыкі. Акрамя таго на працягу апошніх 4 гадоў у рамках люблінскіх «Тэатральных канфрантацый» адбыліся дзве прэм’еры беларускіх спектакляў, а таксама быў ажыццёўлены праект «Адсутная драматургія: чытанне сучаснай беларускай п’есы». Гэтыя апошнія падзеі аб’ядноўваюць чатырох асобаў: Франца Кафку, Тадэвуша Ружэвіча, Сяргея Кавалёва і... «Галадара».
Вернемся ў 2005 год, калі на замову фестывалю ў мінскім Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі Валеры Анісенка паставіў спектакль па п’есе Тадэвуша Ружэвіча «Адыход Галадара». Падзея вельмі знамянальная, бо да гэтага творчасць польскага пісьменнікага не цікавіла беларускіх творцаў, і «Адыход...» быў першай спробай знаёмства з драматургіяй Ружэвіча. Пераклад на беларускую мову зрабіў Сяргей Кавалёў, які ўжо годам пазней у рамках праекту «Адсутная драматургія: чытанне сучаснай беларускай п’есы» прапанаваў свой новы твор – «Вяртанне Галадара» – у якім смела развіваў матывы і сюжэты, вя­домыя з творчасці Кафкі і Ружэвіча. Доўга чакаць сцэнічнага ўвасаблення не давялося, рэжысёрам яго стала Кацярына Аверкава. Такім чынам, падчас сёлетніх «Канфрантацый» загадкавы герой зноў быў госцем на люблінскім фестывалі, а таксама... у свеце невялікага, пакінутага шмат гадоў таму звярынца — і на гэты раз, дзякуючы Рэспубліканскаму тэатру беларускай драматургіі.
Стваральнікі спектакля занадта літаральна патрактавалі п’есу Кавалёва і вель­мі дакладна перанеслі на сцэну ўсе элементы, выкарыстоўваючы даволі прос­тыя і традыцыйныя тэатральныя прыёмы. І там, дзе гэтыя прыёмы падводзяць, прадстаўленне ратуе добра напісаны, цікавы тэкст. Такім чынам, мы знаёмімся з вандроўным звярынцам, які некалі славіўся папулярнымі і даходнымі выступленнямі Галадара – мужчыны, які (тэарэтычна) на 40 дзён адмаўляўся ад ежы і свабоды, застаючыся ўвесь гэты час ў клетцы. Заканчэнне ягонай галадоўкі звычайна ператваралася ў вялікую ўрачыстасць для жыхароў кожнага мястэчка. Але з часам папулярнасць Галадара пачала змяншацца, ён перастаў быць патрэбны і знік. У «Вяртанні...» мы бачым толькі пустую клетку, ягоны ж адыход паспеў абрасці легендай, якую любіць распавядаць вартаўнік звярынца Пыза. Гэтая легенда адсылае нас непасрэдна да апавядання Франца Кафкі. Новай дырэктаркай звярынца з’яўляецца Эрна, дачка былых апекуноў Галадара, якая з павагі да бацькоў працягвае іхнюю справу. Нягледзячы на тое, што ўсе добра памятаюць часы росквіту арыгінальных шоў з Галадаром у галоўнай ролі, амаль ніхто ў панурым незнаёмцу, які самавольна замкнуўся ў пустой да гэтага часу клетцы, не пазнае даўняга героя. Той, каго некаторыя прынялі за вар’ята, п’яніцу ці звар’яцелага прафесара, аказваецца славутым майстрам галадання, які вярнуўся праз гады. Гэты факт меў шмат наступстваў як у асабсітым жыцці герояў п’есы, так і ў невялікім асяроддзі жыхароў мястэчка. Найбольш клопатаў мела Эрна, якая, каб іх пазбегнуць, павінна была надаць гэтай галадоўцы выгляд камерцыйнай акцыі, пазбаўленай ідэалагічных падтэкстаў. Незнаёмы не падабаецца таксама Пызе, які не можа больш распавядаць сваю гісторыю пра маленькага галадарчыка, што жыве ў сене і ціха спявае. Акрамя таго, аказалася, што незнаёмец абуджае балючыя ўспаміны пра трагічную гісторыю маці Эрны, закаханую ў свайго падапечнага – Галадара, якую ілжывыя абвінавачанні і нагаворы мясцовага насельніцтва давялі да смерці. Прысутнасць Галадара непакоіць бурмістра, які спрабуе выкарыстаць яго ў мэтах прапаганды, а таксама інтрыгуе журналістку, што на кожным кроку шукае скандал.
Герой спектакля і п’есы Кавалёва – гэта персанаж, які амаль увесь час маўчыць. Не хапае яму ружэвічаўскай пыхі, нахабства, ці проста ўпэўненасці ў слушнасці сваёй галадоўкі як акту незалежнасці і неабмежаванай свабоды. Ён з’яўляецца ценем сваёй даўняй славы і папулярнасці, пранікнёным сентыметальнымі ўспамінамі няздзейсненага трагічнага кахання. Гэта хутчэй глыбока няшчасны персанаж, які ва ўсім расчараваўся і змірыўся са сваім становішчам, менавіта гэтым ён больш падобны да кафкаўскага героя. Ён вяртаецца ў клетку, бо не можа жыць іначай – таксама як і ў апавяданні Кафкі – бо не знайшоў для сябе занятку ў гэтым свеце. Істотным момантам спектакля, важным для разумення Незнаёмага, з’яўляецца сцэна, калі ён рве нататкі Аляксандра, настаўніка, захопленага праблемай галадання, які нібыта першым пазнаў у ім даўняга майстра. У сваім сшытку настаўнік здаўна запісваў усе разважанні, а з моманту з’яўлення госця – таксама ягоныя паводзіны. Галадар, ірвучы сшытак Аляксандра, яўна супраціўляецца ягоным тэорыям, а калі шырэй – ягонай зацікаўленасці і спробе аналізу арыгінальнай з’явы. Сцэна атрымлівае дадатковае значэнне, калі ў фінальнай сцэне, якая прыводзіць да канчатковага абсмяяння Галадара і ягонага паражэння, журналістка чытае словы са сшытка Аляксандра, узятыя з п’есы Ружэвіча. У п’есе польскага аўтара гэтыя словы прамаўляў імпрэсарыо падчас урачыстасці з нагоды заканчэння галадоўкі Эрнэста. Факт, што нататкі былі парваныя можна разумець як адмаўленне ад інтэпрэтацыі персанажа Галадара, вызначанай літаратурнай традыцыяй. А можа – гэта толькі пратэст супраць імкнення трактаваць ягонае жыццё праз прызму забавы і таннай пацехі, як гэта рабіў імпрэсарыо, калі арганізоўваў гучныя паказы галадання. Дык хто ж такі Незнаёмы? Хутчэй за ўсё, гэта ўвасабленне міфа, які жыве ва ўспамінах герояў, і якому яны любой цаной, хоць і беспаспяхова, спрабуць вярнуць значнасць і прыцягальнасць. Ягонае паражэнне – пакорная згода з лёсам і «цэтлікам» вар’ята – з’яўляецца хутчэй сцвярджэннем бездапаможнасці, чым, як кажа Аляксандр, «перамогай духа над матэрыяй» ці ахвярай у імя маралі або ідэалогіі.
Фінальная сцэна яднае два планы спектакля, якія з самага пачатку існуюць паралельна. На першым з іх паказваюцца актуальныя падзеі: прыезд звярынца ў мястэчка, стасункі Эрны з Бурмістрам, а таксама праблемы, звязаныя са штораз цяжэйшым функцыянаваннем і ўтрыманнем звярынца. Усё гэта замкнута ў сціплай сцэнаграфіі без вытанчанага асвятлення і музыкі. Спектакль набірае фарбаў, калі прыадкрываецца заслона і на сцэну прасочваюцца асобныя фрагменты з былых слаўных часоў звярынца: шыкоўныя ўрачыстасці выступленняў Галадара, паказаныя ў цыркавой або ярмарачнай манеры, успаміны Пызы, нават балючае мінулае Эрны і нешчаслівае каханне яе маці да бунтаўніка-галадара. У такія моманты з-за першага плану сцэнаграфіі паўстае чырвонае, таямнічае нутро, што паказвалася час ад часу толькі на хвіліну, падкрэсліваючы сентыментальнасць і значэнне ўспамінаў, іншым разам – поўнае каляровых, шалёных персанажаў, якія радасна іграюць не самую вясёлую гісторыю Галадара. Злучэнне гэтых двух светаў зaвяршаецца падчас прэс-канферэнцыі. Калі гучыць ярмарачная музыка, выдурняюцца цыркачы і клоуны, нібыта вяртаецца з мінулага вобраз таго даўняга адыходу Галадара, які Ружэвіч у сваёй п’есе апрануў у шаты вялікай урачыстасці. Гэты адыход супадае з бясслаўным сучасным канцом кар’еры Галадара, якога за­біраюць у псіхіятрычную клініку.
Такім чынам, стваральнікі спектакля стараюцца паказаць, што ў сучаснай рэ­чаіснасці даўнія ідэалы і перакананні ўжо не маюць рацыі існавання, а іх вяртанне прыводзіць толькі да непаразумення, абсмяяння і можа быць адно прафанацыяй. Ружэвічаўскі Галадар у п’есе Кавалёва пацярпеў паражэнне, бо новы свет не лі­чыцца з такімі героямі, і ім не хапае ўжо верагоднасці і моцы, каб прабіцца. Таму новым Галадаром па мерках свайго часу з’яўляецца Аляксандр, малады, амбіцыйны філосаф, які жыццё ў клетцы ўспрымае з аднаго боку як форму ўцёкаў, адмежавання ад фальшывай, поўнай інтрыг рэчаіснасці, а з другога – як спробу падтрымкі былых каштоўнасцяў. І можа быць менавіта Аляксандра ў большай ступені тычыцца назва п’есы «Вяртанне Галадара», бо гэта ён робіць гераічную спробу сутыкнення з прымітыўнай рэчаіснасцю, ідзе ёй насустрач, але пры гэтым не прыстасоўваецца слепа да яе патрабаванняў. Спектакль заканчваецца кранальнай сцэнай: Эрна прытуляе новага Галадара, а, значыць, бярэцца ім апекавацца. І як некалі ейная маці, так зараз яна спявае тую ж самую песню.
Але не былі б мы самі сабою, калі б у беларускім спектаклі не спрабавалі знайс­ці намёкаў на грамадска-палітычную сітауцыю. У «Вяртанні Галадара» прад­стаўніком рэпрэсіўнай улады выступае Бурмістр, які ў прысутнасці Незнаёма­га зараз жа бачыць палітычныя алюзіі або нязручную для сябе ідэалогію, чаго Бурмістр, канечне ж, дазволіць не можа, таму спрабуе зрабіць Галадара сродкам уласнай прапаганды. І нарэшце, карыстаючыся запалохваннем і маніпуляцыяй, угаворвае Жабрачку схлусіць і тым самым падарваць веру ў праўдзівасць пахо­джання Галадара. На адным баку з Бурмістрам стаіць Журналістка, ягоная былая жонка, прадстаўніца мясцовых СМІ, якая ва ўсім хоча бачыць скандал, спрытна нажываецца на чалавечай безабароннасці і наіўнасці, ніколі не лічыцца з праўдай, у прадстаўленні фактаў карыстаецца механізмамі маніпуляцыі і надінтэрпрэтацыі. Найбольш выразна відаць гэта ў сцэне, калі яна бярэ інтэрв’ю ў Эрны, якое му­сі­ла прарэкламаваць звярынец, што спыніўся ў мястэчку, а на самой справе ста­лася падставай для нечаканых намёкаў на тэму асабістых поглядаў Эрны і ейна­га прыватнага жыцця. У спектаклі свядома вядзецца адлюстраванне сітуацыі па прынцыпе кантрасту: вельмі прывабная, апранутая з выклікам і ўпэўненая ў сабе Журналістка бачыць у звярынцы метафару грамадства, а у асобе сціплай ад прыроды і ціхай Эрны – намёк на сексуальныя ўпадабанні, з якіх хуценька пераскоквае на стаўленне да праблемы полавай дыскрымінацыі і барацьбы з ёю. Агрэсіўным і грубым нападкам супрацьпастаўлены сухія і дакладныя адказы Эрны, што яшчэ больш падкрэслівае абсурднасць паводзінаў Журналісткі, ейных намераў і спосабу правядзення інтэрв’ю. А Галадар аказваецца ахвярай змовы, церпіць паражэнне ў сутыкненні з механізмамі ўлады і прапаганды. Можа, ягонае з’яўленне павінна нагадаць пра тыя каштоўнасці, якія робяць чалавека па-сапраўнаму свабодным, нават у тых умовах, калі гэтую свабоду абмяжоўваюць. «Вяртанне Галадара» паказвае таксама, што нават калі пацерпіш паражэнне, зной­дуцца наступнікі, гатовыя адстойваць высокія ідэалы.
Стваральнікі спектакля свядома пазбягалі аднак яскравых алюзіяў і паралеляў са светам пазадраматычным, не адважыліся на ўласную інтэпрэтацыю альбо спробу ацэнкі сучаснасці. Яны вельмі даслоўна праілюстравалі тэкст Сяргея Кавалёва, ствараючы на сцэне хутчэй свет тэатральнай ілюзіі, чым метафару рэчаіснасці, на што «Вяртанне Галадара» само напрошваецца. Крыху шкада, бо моцна ўкаранёны ў літаратурнай традыцыі тэкст, дзякуючы сваім суаднясенням з Кафкам і Ружэвічам, па-майстэрску жангліруе рознымі алюзіямі не толькі на тэму галадання і абуджае апетыт на больш сытны, інтэртэкстуальны спектакль.

Пер. з польск. мовы Анастасіі Русецкай.

Катажына Мышак

ТАЯМНІЦА ПЕРАМОГІ ДУХОЎНАГА НАД МАТЭРЫЯЛЬНЫМ

З самага пачатку спектакля пачало з’яўляцца ў мяне пачуццё няпэўнасці. Я ўвайшла ў глядзельную залу і ўбачыла жанчыну. Яна стаяла на прыступках, размаўляла з якімсьці мужчынам і прасіла яго аб разуменні. Спектакль пачаўся? Гэтая жанчына – актрыса ці проста незвычайна апранутая асоба з гучным голасам з аўдыторыі? А гэты спадар? Акцёр ён ці проста глядач, які ахвотна размаўляе з той жанчынай?
Усё стала зразумела толькі тады, калі ўсе будучыя гледачы занялі свае месцы ў зале. Жанчына выйшла на сцэну і пераўвасобілася ў жабрачку. Так пачаўся спектакль, галоўнай тэмай якога з’яўляецца таямніца Галадара. Ніхто не ведае, хто ён ёсць на самой справе, нягледзячы на розныя гісторыі і чуткі пра яго. Некаторыя сцвярджаюць, што гэты чалавек толькі цыркач, іншыя, што гэта – аскет, а трэція бачаць у ім другога Ісуса Хрыста.
На працягу ўсяго дзеяння Галадар знаходзіцца ў нейкім метафізічным вымя­рэнні. Гэты факт пацвярджаецца не толькі вялікай фізічнай трываласцю героя (уключэнне біблейскіх канатацыяў – ён пасціць сорак дзён, як Ісус), але і яго амаль пастаянным маўчаннем.
І нават калі персанаж вымаўляе некаторыя словы, іх значэнне з'яўляецца таямнічым (акрамя імя – Марта, дзе інтуітыўна адчуваецца ўся важнасць біб­лейскага і культурнага значэння). Яго вытрымка і маўчанне надаюць постаці метафізічныя рысы.
Гэтыя рысы ўзмацняюцца праз прымяненне тэатральных прыёмаў (праз сцэнаграфію і пластыку), паглыбляючы пачуцці ад відовішча. Важную ролю тут адыгрывае вагончык, які спалучае і адначасова раз’ядноўвае ўсё тое, што адбываецца на сцэне, і тое, што адбываецца па-за ёй. Вялікае значэнне маюць і цыркавыя персанажы, якія ўпершыню з'яўляюцца ў глыбіні сцэны, так бы мовіць, на трэцім плане (калі падзяліць сцэну наступным чынам: першы план – пляцоўка перад вагончыкам, другі план – ігра акцёраў у вагончыку і трэці план – прастора за вагончыкам, дзе артысты цырку рыхтуюцца да выступлення). Гэтыя персанажы падобны візуальна на герояў Мулен Руж ранняга перыяду, якія таксама ўключаюць у сябе элементы казкі. Яшчэ адным элементам, які падкрэслівае візуальны характар, з'яўляецца выкарыстанне дыму і гукаў, падобных да рэха.
Ці правільна я адчула і зразумела “Вяртанне Галадара”? Гэтага я не ведаю, але ведаю, што спектакль быў напоўнены таямнічай энергіяй, якая падзейнічала так моцна, што мне хацелася ўзбегчы на сцэну да беларускіх акцёраў і падзякаваць ім за спектакль. І не толькі я адчула ўсё гэта, уся публіка ў зале ўзнагародзіла артыстаў моцнымі апладысментамі.

Газета «5 ściana», 03.10.2009.
Пер. з польск. мовы Дар’і Сухан .

Агнешка Баровец

ГАЛАДАР У ЛЮБЛІНЕ

2 кастрычніка 2009 года падчас “Тэатральных канфрантацый” адбылася прэм'ера п'есы «Вяртанне Галадара» беларускага драматурга Сяргея Кавалёва, які жыве ў Любліне. <…> Створаны Кавалёвым напрамак, які завецца герменеўтычным, мае шмат прыхільнікаў на Беларусі, а ў Польшчы, фактычна, не існуе. Герменеўтычная драматургія з'яўляецца вынікам шматгадовых навуковых даследаванняў і захап­лення старажытнай беларускай літаратурай, якая пад ўплывам Усходу і Захаду была полем пастаяннага дыялогу культураў. Матывы твораў шаснаццатага стагоддзя і пазнейшых часоў выкарыстаны ў такіх п’есах Кавалёва, як «Стомлены д'ябал» (спектакль пастаўлены ў Тэатры імя Ю. Астэрвы ў Любліне), «Трыстан і Ізольда», «Саламея», «Тарас на Парнасе», «Легенда пра Машэку», пералічаныя п’есы з'яўляюцца выдатным прыкладам творчага асэнсавання як малавядомых твораў, так і шэдэўраў сусветнай літаратуры.
У спектаклі, паказаным у Любліне, матывы творчасці Т. Ружэвіча сталіся адпраўным пунктам глыбокіх разважанняў аб межах чалавечай свабоды і праб­леме выбару. Галадар (у выкананні Ігара Сігава) прыходзіць невядома адкуль, ніхто не ведае, чаго ён хоча, а потым знікае так жа раптоўна, як і з'явіўся. Насуперак чаканням іншых ён нічога не сцвярджае, ні за што не змагаецца, нічога не просіць, а проста ... маўчыць. Ён хоча зачыніцца ў клетцы, каб вызваліцца ад усіх зямных жаданняў, якія абмяжоўваюць яго больш, чым зняволенне. Галадар шукае выратавання ў метафізіцы, але яна распадаецца на часткі, бо ўсё, што прыцягвае яго ўвагу, аказваецца паветраным шарам, які ўзносіцца ў паветры пад уплывам невядомай сілы. Герой шкадуе толькі страчанага кахання, якое магло б хоць на хвіліну суцішыць яго боль.
Калі Галадар з'яўляецца сімвалам Everymana, то Эрна (Вераніка Буслаева) увасабляе ў сабе тыповыя беларускія рысы: спакой, імкненне да згоды і гармоніі, спачуванне слабым і бедным. У вуснах актрысы Буслаевай, створанай для лірычных роляў, нават зневажальныя словы губляюць сілу, яе ціхмянасць нівеліруе экспрэсію гераіні, якой не даюць спакою і мясцовыя ўлады, і прэса. На яе фоне значна больш выразнымі бачацца такія постаці, як Бурмістр (Віктар Багушэвіч) і журналістка (Анастасія Баброва) – пара былых палюбоўнікаў, кожны з якіх рэалізуе свае ўласныя памкненні: ён шукае цялеснага задавальнення, яна – сенсацыю, якая ўзніме яе на вяршыню прафесійнай кар'еры. Каб дасягнуць сваёй мэты, яны высмейваюць Галадара з дапамогай удалай інтрыгі, якая прыводзіць да паражэння героя. У выніку, як і ў Булгакава, нявінным героем зацікавілася псіхіятрычная лякарня – праклятае месца, куды трапляе той, хто не мае даведкі аб нармальнасці, якая так неабходна грамадству. У Галадара з’яўляецца пераемнік у асобе Аляксандра (Дзяніс Паршын), але яго спробы асуджаныя на няўдачу: ён павінен жыць у свеце абясцэненых каштоўнасцяў і адсутнасці ідэалаў. У такім свеце могуць існаваць толькі нікчэмныя і маладушныя людзі, здольныя на маральныя злачынствы дзеля матэрыяльнай выгады: Жабрачка (выдатны вобраз, створаны Галінай Чарнабаевай) і Вартаўнік (Канстанцін Воранаў).
Невыпадкова і тое, што дзеянне адбываецца ў звярынцы: у барацьбе за матэрыяльны дабрабыт свет людзей становіцца падобным да жывёльнага свету: у абодвух лічыцца тое, чым валодаеш, што з’яўляецца прывабным і яркім для іншых. Павярхоўнасць і варожасць чалавечых адносінаў, заснаваных на эгацэнтрызме і барацьбе за свае інтарэсы, падкрэсліваюцца музычным афармленнем А. Джэйгала і ў светлавым афармленнем С. Цыпкіна.
П’еса С. Kaвалёва – гэта выдатны прыклад сучаснай беларускай драматургіі: з хуткай зменай дзеянняў, музычнымі і танцавальнымі акцэнтамі, не пазбаўленай эротыкі, але далёкай ад “голай” палітыкі і і штучнага тэатральнага пафаса.

„Czasopis”. 2009. №11. С. 45-46.
Пер. з польск. мовы Дар’і Сухан.

Яраслаў Цымерман

ГАЛАДАР, Д’ЯБЛЫ І БЕЛАРУСКІ ТЭАТР

Спектакль «Вяртанне Галадара» па п’есе Сяргея Кавалёва ў пастаноўцы Кацярыны Аверкавай падчас сёлетніх люблінскіх Канфрантацый прайшоў амаль незаўважаны, калі не лічыць кулуарнага абмену думкамі. Аднак, яго варта ўзгадаць, бо на ягоным прыкладзе можна добра паказаць праблему польскага ўспрыняцця беларускага тэатра. Апісанае Ірынай Лапо клішэ — высокі ўзровень акцёрства як спадчына з часоў панавання сістэмы Станіслаўскага разам са схільнасцю да старамоднай формы інсцэніроўкі — усё яшчэ існуе і часта падмяняе сабою разважанні над спектаклямі, якія прывозяць нам з Беларусі. У выпадку прэм’ернага спектакля мінскага Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі згаданае клішэ зноў спрацавала, і гэта нягледзячы на важныя акалічнасці, якія павінны былі схіліць да больш глыбокага роздуму над убачаным.
Па-першае, гэта была пастаноўка п’есы сучаснага драматурга Сяргея Кавалё­ва, прафесара, доктара філалагічных навук, які сваім тэкстам паказаў, што літаратура нашых усходніх суседзяў, хоць і паўстае ў незвычайна цяжкіх грамадскіх і па­літычных умовах, здольна адначасова падтрымаць цікавую дыскусію з еўрапейскай літаратурай і не адмяжоўваецца ад праблемаў сённяшняга свету. Па-другое, паставіла спектакль Кацярына Аверкава — маладая рэжысёрка, якая мела магчымасць працаваць і ў Расіі, і на Захадзе. Яна прадстаўляе новае пакаленне лю­дзей тэатра, здольных заўважаць не толькі адставанне, але і своеасаблівасць бела­рускага тэатра. Нягледзячы на гэта спектакль «Вяртанне Галадара» не меў на Канф­рантацыях вялікага розгаласу, хаця публіка прыняла яго вельмі цёпла (не вядома, аднак, ці не крылася за апладысментамі жаданне маральна падтрымаць прыгнечаных рэжымам творцаў). Па-за ўвагай застаўся і той факт, што ў Любліне ад­быўся прэм’ерны паказ спектакля.
Між тым ужо сам твор павінен быў прыцягнуць увагу — Кавалёў напісаў нешта накштал сіквела апавядання Кафкі і п’есы Ружэвіча «Адыход Галадара». Праз гады ў тое самае мястэчка вяртаецца звярынец Эрны, дачкі дырэктара цырка, у якім паказвалі Галадара. Ягоную пустую клетку — нешта накшталт сямейнай рэліквіі — хутка зноў засяляе невядомы мужчына, у якім некаторым бачыцца былы Галадар, ці па меншай меры ягоны паслядоўнік. Ягоная з’яўленне становіцца нагодай для сутыкнення поглядаў: адны героі бачаць у ім Хрыста, другія — уцекача з псіхіятрычнай клінікі, а трэція — спрытнага махляра. Загадкавы, маўклівы Незнаёмы Кавалёва ставіць пытанні перад кожным, выбівае з каляіны ўяўна спакойнае жыццё мястэчка. Ягоная маўклівая прысутнасць нікога не пакідае абыякавым.
Гэтая п’еса распачынае незвычайна цікавы дыялог з творамі Кафкі і Ружэвіча. У адрозненне ад апавядання аўтара «Працэсу» і інсцэніраванага эсэ, якім з’яўляецца «Адыход Галадара», твор Кавалёва напісаны для тэатра. Галадар, замест таго, каб гаварыць, маўчыць, і тым самым дае штуршок тэатральнаму механізму, які прыводзіць у рух філасофскія, этычныя і грамадскія кантэксты. Праблема, акрэс­леная раней Кафкам і Ружэвічам, увасобленая ў дзеянні робіцца больш празрыстай і лягчэйшай для вытлумачэння.
Гэты інтэлектуальны матэрыял тэатральна апрацавала Кацярына Аверкава, якая змагла правільна ацаніць усю складанасць п’есы. І хаця не ўсе ідэі рэжысёркі аказаліся ўдалымі, але польскага гледача павінна ўразіць павага да тэксту, якая заключаецца між іншым ў настойлівай спробе рацыянальнага сцэнічнага выкарыстання матываў, змешчаных у п’есе, і таксама, як вынік гэтага, імкненне пазбегнуць адчування абсурднасці падзеяў, з якой еўрапейскі глядач (у адрозненне, бадай, ад беларускага) ужо звыкся. Гэта відаць, напрыклад, у спробе надаць постаці Жабрачкі статуса пасрэдніка паміж светамі – яшчэ перад пачаткам прадстаўлення яна пачынае “чапляцца” да гледачоў, у дапісаным да тэксту Кавалёва «фантастычным» плане яна іграе ролю некага накшталт цырымоніймайстра.
Гэты фантастычны план тлумачыць, якім чынам Галадар з’явіўся ў мястэчку. Аказваецца, ён вярнуўся сюды з месца, якое, калі прыгледзецца, можна акрэсліць як нешта падобнае да пекла (іншасвету?), і зацягнула яго ў клетку дзіўная зграя істотаў падобных да д’яблаў, на чале з чалавекам у высокім цыліндры, які сваім выглядам нагадваў дырэктара цырка з даўнейшых часоў. Кожны раз гэтыя персанажы з’яўляліся ў такт гіпнатычнай музыцы, разам з ігрой святла, дыму і г. д. Увесь гэты стафаж, хоць і прыемны для вока, негатыўна паўплываў на ўспрыняцце спектакля: зацьміў добра зробленыя, выразныя ролі, салідны падыход да перадачы складанага інтэлектуальнага пласта тэксту. Даводзіцца канстатаваць, што замест спробы мыслення, беларусы зноў завязлі ў састарэлай стылістыцы і казачнасці, якая нагадвае «Гульню з д’яблам» Яна Дрды.
Я не спрабую тлумачыць, дзеля чаго рэжысёрка паказала з’яўленне і знікненне Не­знаёмага менавіта такім чынам. Магчыма, гэта быў знак, што персанаж з’яў­ляецца постаццю з іншага свету, спроба ўласнай інтэрпрэтацыі загадкі зададзенай драматургам. А можа гэта было зроблена дзеля таго, каб аблегчыць гледачам успры­няцце складанага тэксту (з гледачамі беларускі тэатр звык лічыцца), і акра­мя таго, можа быць, менавіта такая «падкрэсленая відовішчнасць» з’яўляецца спе­цыфікай гэтага тэатра, можа гэта з яе вырастае ягоная арыгінальнасць і менавіта з яе вынікае своеасаблівая вартасць. З’едлівыя заўвагі або ігнараванне «Галадара» з Мінска прымушаюць задумацца: як так атрымліваецца, што мы не ўспрымаем гэтую адметнасць фантазіі беларусаў (можа, за выключэннем лялечнага тэатра), у той час як некалі мы ўспрынялі фантазіі творцаў з Літвы разам з усім дабрадзей­ствам інвентара? Колькі яшчэ мы будзем чакаць прапаноў заангажаванага беларускага тэатра, такога як Свабодны тэатр, і пакідаць без увагі тонкія алюзіі і дыскусію светапоглядаў, якія мелі месца ў «Вяртанні Галадара»?

Пер. з польск. мовы Анастасіі Русецкай.

Аляксей Стрэльнікаў

ЗАПРАШЭННЕ ДА ГАЛАДАННЯ

П’еса С. Кавалёва «Вяртанне Галадара» для беларускага тэатра падобна да лакмусавай паперкі. Найперш для рэжысёра: асвоіць ці не асвоіць. Потым для акцёраў: адолеюць ці не адолеюць. Нарэшце для публікі: прыме ці не прыме.
Матэрыял сам па сабе цікавы, наперш тым, што складаны. Канкрэтныя алюзіі на сучаснасць (медыйнасць) у ім пераплеценыя з культурнымі фішкамі (алюзіямі на Кафку). На цікавы роздум наконт кафкіянства гэтага сюжэта мы натрапілі ў інтэрнеце. Дазволім сабе разгорнутую цытату: «К'еркегор, як мы ведаем, «перачытаў Біблію і не знайшоў у ёй падставаў для душэўнага спакою». Як мне здаецца, пра гэта і спектакль, як пра тое самае, у сваю чаргу і творчасць Кафкі. Гэты спектакль пра тое, як мы знаходзім душэўны спакой, пра тое, як мы адчуваем душэўны непакой тады, калі бачым людзей, што знайшлі сябе. У гэтым сэнсе Галадар – гэ­та ўсяго толькі сімвал нашага душэўнага непакою, які набыў плоцкую форму ў Кафкі, для якога выказванне наўпрост было непрыемным. Галадар дасканалы сам па сабе, але мы адмаўляемся ў гэта верыць і рады апаганьванню, якое павінна пацвердзіць нашае ўласнае права на слабасць. Галадара магло і не быць на сцэне, гэта не абавязкова (ці нас непакояць толькі «рэальныя аб'екты»?), магчыма нават уявіць такі спектакль, і, дарэчы, у канцы гэтага спектакля Галадар «раптам выслізнуў», знік. Сэнс спектакля апісаны ў адноым з момантаў, які здаецца перыферыйным: актрыса ідзе па сцэне і кажа пра тое, што чалавек «павінен рабіць тое, што павінен», пераадольваючы перашкоды. Іначай немагчыма».
Такім чынам у цэнтры твора – постаць Галадара. Пытанне «Навошта вярнуўся Галадар?» – цэнтральнае. П'еса дае нам вельмі цьмяныя падказкі: незнаёмы, што апынуўся ў клетцы, слаба рэагуе на імя Марта, у астатнім ён больш падаецца адбіткам кожнага з прысутных. Рамантычная дзяўчына ў ім знаходзіць водблеск трагічнага кахання, дзёрзкі навуковец – пацверджанне ўласным тэорыям, прадажны чыноўнік – хітрае ашуканства. Рэжысёр спектакля Кацярына Аверкава выкарыстоўвае менавіта гэтую трактоўку вобраза. Адзін з зпізодаў вырашаны наступным чынам: прадажны Бурмістр горада раптам пачынае рабіць грымасы Галадару, той напачатку ў дакладнасці паўтарае рухі, пакуль паважны чыноўнік ужо зусім не скача малпай. У гэтай невялічкай сцэнцы адлюстроўваецца тое, якім чынам Галадар дзейнічае на навакольных людзей. Заганы сучаснага грамадства, пасля сутыкнення з Галадаром гіпербалізуюцца да поўнага непрыяцця іх самім уладальнікам. Таму канчатковае знікненне Галадара цалкам лагічнае. Мажліва, яго ўвогуле не было... Такім чынам аповесць пра Галадара, які вярнуўся, пераўтвараецца ў прыпавесць пра іншых персанажаў – тых, што засталіся.
Для такой ідэі прысутнасць адсутнасці заглаўнага персанажа і сапраўды была б самым арганічным увасабленнем. Але рэжысёр Аверкава раптам настойвае: Галадар быў! На ролю гэтую прызначылі Ігара Сігава, фронтмэна Тэатра беларускай драматургіі (калі мы ўжо карыстаемся тэрміналогіяй сучаснай поп-культуры). Увесь час ён знаходзіцца практычна на авансцэне, без словаў, амаль без дзеянняў, тым не менш нейкім магнетычным чынам прыцягваючы да сябе ўвагу. У спектаклі Галадар увесь час працягвае іншым руку – гэты жэст апісваецца Кафкам, каб наведвальнікі маглі «памацаць голад». У спектаклі гэты жэст набывае іншы сэнс.
Асаблівасцю спектакля становіцца складанасць яго мастацкага свету. У спектаклі ён выразна падзяляецца на даволі пустую побытавую рэчаіснасць і карнавальную яркую мрою. Пустэча пляцоўкі, адсутнасць музыкі, побытавасць – гэта адметныя рысы «нашага» свету. Гаспадыня звярынца, Эрна (Вераніка Буслаева) з'яўляецца ў ім у бляклай сукенцы, непрычасаная. Але раптам на сцэну ўрываецца змрочна-вясёлая музыка, агрэсіўна радасныя аніматары-клоўны бегаюць і падскокваюць туды-сюды, гаспадарлівы кіраўнік атракцыёна і постаццю, і вытанчанасцю касцюма ўвасабляе сабой уладарнасць – з гэтай прасторы Галадар нібыта выпадае ў наш свет, быццам анёл у «Старым сеньёры з вялікімі крыламі».
Галадар такім чынам злучае два светы: сапраўдны і казачны. І працягнутая рука – гэта ўжо нібыта запрашэнне, якое ніхто не можа прыняць, бо не ўспрымае яго як запрашэнне. Такім чынам вырашаецца фінал спектакля, калі абое станоўчыя персанажы – Аляксандр і Эрна – садзяцца ў клетку, яны ідуць за Галадаром, які іх так і не дачакаўся.
Акцёры Вераніка Буслаева і Дзяніс Паршын знаходзяць для сваіх персанажаў сціплыя, але вельмі трапныя фарбы. Эрна Буслаевай простая, нават праставатая, па ёй не адчуваецца «дырэктарскасць», нейкі жыццёвы досвед, але добра бачна стомленнасць, засяроджанасць на дзеянні. Адна з найбольш цікавых сцэнаў, калі Эрна запрашае Аляксандра пагуляць, у артысткі атрымліваецца вельмі рамантычнай, узнёслай. Аляксандр Дзяніса Паршына ў чымсьці наіўны дзівак, але ў належны момант ён умее праявіць цвёрдасць і неабходную для таго самакрытычнасць. Гэтыя персанажы не ўспрымаюць сваё становішча ў грамадстве ўсур'ёз, гатовыя на пошукі і эксперыменты. Эрна адмаўляецца ад спакойнага дабрабыту, Аляксандр ад сваіх апантаных ідэяў... Можна было б назваць гэтых персанажаў галоўнымі, але на думку карыстальніка LJ iten у гэтым спектаклі няма галоўных герояў увогуле: «У гэтым спектакле няма герояў, нават Эрна і Аляксандр не з'яўляюцца «героямі», проста таму, што яны «робяць тое, што павінны рабіць», але іх рашэнне адкрытае, яно не назаўжды. Усе астатнія персанажы спыняюцца на нізкіх стадыях стаўлення да жыцця, а таму таксама не з'яўляюцца героямі, але яны з'яўляюцца людзьмі, якіх можна ацэньваць з этычнай пазіцыі. А гэта ацэнка азначае нейкую міласэрнасць, сутнасць якой зводзіцца да таго, што гэтыя людзі самі сябе караюць, няма неабходнасці ў дадатковым глядацкім асуджэнні. У гэтым спектаклі ўсе роўныя».
Ці пераўтвараецца філасофская прыпавесць у простую рамантычную гісторыю двух дзівакоў, што раптам знайшлі адно аднаго? Прынамсі рэжысёр робіць усё, каб сэнс не абмяжоўваўся выключна гэтай гісторыяй: шэпты і ўскрыкі, жорсткі рытм карнавалу так і застаецца недзе на перыферыі.
Такім чынам акцёрскі і рэжысёрскі складнік спектакля больш-менш рэалізаваў­ся. Застаецца чакаць таго, як ён будзе ўспрыняты беларускай публікай.