12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Кавалёў

_____________________
На лініі фронту: Раман Артура Клінава «Шалом»


Яшчэ зусім нядаўна беларуская проза трывала асацыявалася з вясковай тэмай, менавіта ў вёсцы адбывалася дзеянне большасці твораў Янкі Брыля, Івана Мележа, Івана Шамякіна (выключэннем былі толькі асобныя апавяданни Міхася Стральцова). Напрыканцы ХХ ст. маладыя аўтары Адам Глобус, Уладзімір Сцяпан, Максім Клімковіч і інш. пачынаюць эстэтычнае асваенне гарадской прасторы. Характэрна, што перанясенне дзеяння мастацкіх твораў з вёскі ў горад спалучалася з пераходам ад рэалізму да постмадэрнізму.
Цікавай тэндэнцыяй у беларускай прозе пачатку ХХІ ст. з’яўляецца асваенне еўрапейскай геаграфічнай прасторы: дзеянне асобных празаічных твораў пераносіцца з блокаў Мінска ў кавярні Варшавы і клубы Берліна. Выразным праяўленнем гэтай тэндэнцыі з’яўляецца новы раман Артура Клінава “Шалом” (2011).
Вядомы мастак-авангардыст, рэдактар незалежнага часопіса “pARTizan” Артур Клінаў дэбютаваў у літаратуры аповесцю-эсэ пра Мінск “Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца” (2008), якая выклікала цікавасць у айчыннага чытача (невялікі наклад кнігі быў раскуплены вельмі хутка) і сталася даступнай для чытача замежнага (аповесць перакладзена на нямецкую і польскую мовы, у Польшчы выйшла ў прэстыжным выдавецтве “Czarne”). Хаця “Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца” пазіцыянавалася аўтарам як “аўтабіяграфічны раман”, але насамрэч уяўляла сабой сінтэз дзіцячых успамінаў і культуралагічнага эсэ, таму не ўспрымалася як сур’ёзная заяўка мастака Клінава на пачатак літаратурнай кар’еры, хутчэй – як творчы эксперымент, вербальная паралель да ягонага фотаальбома “Горад СОНца” (2006). Зусім іншая справа – фабулярны раман “Шалом”, фрагменты якога друкаваліся ў “Дзеяслове” і які трапіў у шорт-ліст прэміі імя Ежы Гедройца Польскага Інстытута ў Мінску.
Цяжка знайсці ў сучаснай беларускай літаратуры твор, які б так выразна і мэтанакіравана, як “Шалом”, уздымаў праблемы нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, пошукаў Беларусі свайго месца ў Еўропе, успрымання беларусаў іншымі еўрапейскімі народамі. Цяжка знайсці ў беларускай літаратуры, тэкст настолькі прыдатны і “адкрыты” для даследавання тэхнікі апісання прасторы, літаратурнай тапаграфіі еўрапейскіх гарадоў, мастацкага адлюстравання апазіцыі “Усход-Захад” і іншых праяваў сучаснай геапалітыкі. Прычым, яшчэ раз падкрэслім, перад намі не культуралагічны трактат і не зборнік падарожных эсэ, а авантурны раман з каларытнымі героямі і дасціпным гумарам.
Адразу трэба прызнаць, што ідэя ўздзець на галаву героя кайзераўскую каску часоў першай сусветнай вайны і адправіць у лукашэнкаўскую Беларусь – надзвычай прадуктыўная для стварэння шматлікіх сюжэтных калізій і выпрабавання самых розных ідэалагем і стэрэатыпаў. Дзіўны ўчынак героя выклікае шмат пытанняў, у залежнасці ад сітуацыі па-рознаму тлумачыцца аўтарам і стварае шырокае поле для чытацкіх інтэрпрэтацый. Слова “шалом” у беларускай мове азначае старадаўні воінскі шлем, але ў той жа час можа разумецца і як габрэйскае “Мір табе!” Таму, шалом на галаве Андрэ – гэта абвяшчэнне вайны, але і знак міру, гэта выклік “звышчалавека” нікчэмнаму свету, але і прызнанне поўнай капітуляцыі перад светам, гэта выдатны, самы значны арт-праект героя, але і канчатковае адмаўленне ад мастацкіх праектаў, гэта прадуманая ідэалагічная дыверсія і ў той жа час звычайнае вар’яцтва, у рэшце рэшт шалом – гэта поўны абсурд, туга ў квадраце, бессэнсоўнасць у кубе.
Нават калі прыняць “ваенную версію” ўчынка героя (невыпадкова жанр твора вызначаны аўтарам як “ваенны раман”), узнікае пытанне: што гэта за таямнічая вайна, куды рушыць у паход і з кім будзе змагацца беларускі мастак, уздзеўшы сабе на галаву прускую каску? Найпрасцейшы адказ: Андрэ адпраўляецца на заваяванне свету, у паход па славу, ён, як і кожны мастак, вымушаны змагацца за прызнанне, “легітымізацыю сваёй творчасці” (П. Бурдзьё). Альбо наадварот: Андрэ не збіраецца нікога заваёўваць, ён адзявае каску і забіраецца ў акопы, каб абараняць сваю мастакоўскую свабоду ад наступлення нікчэмнага, прадажнага свету. Ёсць алкагольны варыянт: Андрэ са сваімі сябрамі штовечар змагаюцца з шыхтамі чырвонага віна, залацістага піва, віскі, гарэлкі, настоек няпэўнага паходжання ды іншых выбуховых трункаў аж пакуль не палягуць на полі бою (у такой сітуацыі мець на галаве шалом вельмі зручна). Але найбольш цікавую інтэрпрэтацыю набывае шалом і вайна ў рамане Клінава ў катэгорыях геапалітыкі (у постмадэрністычным яе выданні): Андрэ збіраецца ўзяць удзел у вялікай бітве дзвюх цывілізацый, у рашаючым сутыкненні Усходу і Захаду.
У залежнасці ад таго, кім з’яўляецца ягоны субяседнік, Андрэ па-рознаму вызначае сваю ролю і месца на полі бою. Нямецкаму кіроўцу, які падвёз яго на сваёй шыкоўнай машыне, ён прызнаўся, “…што ў яго ўсяліўся дух прускага воіна, і цяпер ён мусіць выправіцца на ўсход, каб вярнуць на гістарычную радзіму свой бедны, заблукалы ў багнах і стагодзьдзях народ. Што ён даў абяцаньне ніколі да часу, калі ён убачыць сваё балотнае племя радасным і вольным на берагах бацькі Рэйна, не здымаць шалома з галавы. Праўда, місія гэта вельмі складаная. Існуе яго антыпод у касцы-ваяра-вызваліцеля, які жадае заманіць ягоны люд на берагі матухны Волгі. І, уласна, на двубой волатаў, ад якога залежыць будучыня ягонага народу, ён і кіруецца”. Свайму магілёўскаму начальніку, які абвінаваціў яго ў ідэалагічнай дыверсіі, ён напісаў у тлумачальнай запісцы, што ў сітуацыі, калі Беларусь акружана варожымі дзяржавамі, кожны грамадзянін павінен насіць на галаве шалом: “Гэты прадмет служыў бы сымбалем няскоранага духу нашага народу, які, насуперак усім зласьліўцам, цьвёрда і ўпэўнена ідзе да сваёй, яму аднаму вядомай мэты. Гэты шалом, або ў прастамоўі “каска”, сваім задраным угару шпілем кідаў бы выклік супольнасці непрыязных дзяржаў”.
Сімвалічным увасабленнем адвечнага змагання Захаду і Усходу за душы Андрэ і ягоных няшчасных землякоў выступаюць два ільвы, змешчаныя на франтоне шалома, якім герой даў характэрныя імёны “Валенрод” і “Святаполк”: “На шыкоўным франтоне шалома важна гарцавалі два залатыя львы. Яны ці то трымалі ў лапах, ці то спрабавалі вырваць адзін у аднаго залаты рыцарскі шчыт. Львы відавочна займаліся геапалітыкай, тузаючы распластаную на шчыце рыбу”. У многіх сітуацыях Валенрод і Святаполк паводзяць сябе як жывыя, рэагуюць на небяспеку, як, напрыклад, пры набліжэнні да беларускай дзяржаўнай мяжы: “Яны быццам сьціснуліся ад напругі, мацней ухапіліся за шчыт і ў трывожным чаканьні глядзелі адзін на аднаго, у прадчуваньні дзіўнай, таямнічай азёрнай краіны зь бясконцымі лясамі, багнамі, незьлічонымі вурдалакамі, чырвонаносымі ёрыкамі й блакітнай водарасьцю, што выпраменьвае дурманлівы пах”.
Апазіцыя “Захад/Усход” выразна праяўляецца на працягу ўсяго рамана Артура Клінава і падаецца не толькі ў жартаўлівым ключы. Яскравым прыкладам адлюстравання постмадэрністычнай геапалітыкі з’яўляюцца апісанні гарадоў і краінаў, у якіх даводзіцца пабываць Андрэ. У свядомасці галоўнага героя адбываецца псіхалагічнае і эстэтычнае асваенне сярэднееўрапейскай прасторы, трансфармацыя геапалітычных рэаліяў у культуралагічныя фантомы.
З гэтай перспектывы “Шалом” адкрываецца ў першую чаргу як “раман-падарожжа”, а не як “ваенны раман”, сюжэт твора тыпалагічна ўзыходзіць да “Адысеі”, а не да “Іліяды” (паводле борхесаўскай класіфікацыі сюжэтаў).
І, сапраўды, раман распавядае пра вяртанне героя: з Бона ў Магілёў – праз Гановер, Берлін, Варшаву, Брэст і Мінск. Дзеянне твора адбываецца ў сямі пералічаных гарадах, якія маглі б даць назву сямі раздзелам твора, калі б аўтар з’яўляўся пісьменнікам-рэалістам і не вылучаўся буйнай фантазіяй. Але раман відавочна народжаны пад зоркай постмадэрнізму, мастацкая фантазія аўтара не ведае межаў – і таму не гарады, а спажытыя ў іх героем спіртныя напоі далі назвы раздзелам, уваскрашаючы дух незабыўнага Венечкі Ерафеева: “Чылійскае чырвонае”, “Егермайстар”, “Фінляндыя”, “Крупнік”, “Скарб Радзівілаў”, “Белая Русь”, “Крыжачок”. Толькі назва апошняга, восьмага раздзела, выбіваецца з “алкагольнага” стылю: “Ідал вярнуўся”, але гэты раздзел выконвае ў рамане функцыю эпілога і да таго ж герой апынаецца ў выцвярэзніку, дзе здабыць чарговы алкагольны напой вельмі цяжка.
У рамане Клінава паўстаюць маляўнічыя партрэты-апісанні сямі гарадоў. Рухаючыся з Захаду на Усход услед за героем, чытач спазнае асаблівасці тапаграфіі, архітэктуры, атмасферы кожнага горада, даведваецца пра яго месца ў біяграфіі і сістэме каштоўнасцяў героя. Вобразы еўрапейскіх гарадоў паказаныя ў рамане “Шалом” праз прызму свядомасці чалавека адукаванага, творчага, надзвычай назіральнага, але, што найбольш істотна, – таго, які быў народжаны ў савецкую эпоху за “жалезнай заслонай”, а цяпер вымушаны жыць на руінах сацыялізму.
Як з геаграфічнага, так і з кампазіцыйнага пункту гледжання лагічна было б пачаць экскурс па галерэі еўрапейскіх гарадоў, створанай Артурам Клінавым, з Бона, у якім распачынаецца дзеянне рамана. Але такі пачатак быў бы недаравальнай памылкай, бо з першых старонак рамана перад вачыма чытача ўзнікае вобраз іншага, улюбёнага горада героя – Парыжа. Парыж і Францыя выступаюць у рамане як недасяжная мара, як увасабленне ідэальнай, найбольш гарманічнай з мастацкага пункту гледжання прасторы для жыцця творчага чалавека: “Францыя... Цудоўная, прыгожая краіна, што вабіла яго з самога юнацтва. Парыскія кавярні, Эйфелева вежа, “Мулен Руж”, пляц Пігаль, Ван Гог, Дэга, Тулюз-Лятрэк...”
Невыпадкова імя героя ўжываецца ў рамане найчасцей у французскім варыянце: “Андрэ”. Так назвала яго мастачка Франка, якую ён сустрэў у Боне і адразу закахаўся: “Андрэ” любіў маркотныя вочы Франкі, бачыў у ёй музу і, магчыма, мадэль для будучай скульптуры. Адно яе імя ўвасабляла ў сабе нешта ўзнёслае. Франка... Францыя...” “Андрэем”, “Андрэйкам” называюць героя сябры і жонка, а калі ён сам называе сябе так у думках – значыць, учыніў нешта непрыемнае і брыдкае, за што сорамна перад “Андрэ”, перад Франкай, перад Францыяй. Узнікае выразная апазіцыя паміж “Андрэ” і “Андрэйкам”, у якой французскі варыянт увасабляе найлепшыя якасці героя (шляхетнасць, незалежнасць, смеласць), а памяншальны беларускі – найгоршы (правінцыйнасць, “жлобства”, хамства). Стаўленне “Андрэйкі“ да Франкі не такое ўзнёсла-паэтычнае, як у “Андрэ”: “Ён хацеў зацягнуць Франку ў ложак: месячнае ўстрыманне ўжо адбівалася на парадку ягоных думак…”
Захапленне Парыжам як сімвалам культуры і цывілізаванасці, жаночай і мастацкай прыгажосці можа падацца ў ХХІ ст. праявай стэрэатыпнага мыслення і традыцыйнага, нават банальнага густу. Яшчэ Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч высмеяў у “Ідыліі” (1844) франкаманію, уласцівую ў ХІХ ст. палякам і беларусам. У нейкім сэнсе герой Артура Клінава нагадвае героя “Ідыліі” Караля Лятальскага, які патэтычна ўсклікваў: “О чаму край наш дагэтуль яшчэ не можа набраць тае цывілізацыі, якою вызначаецца Францыя? Тут усё так панура! Так глуха! <…> Няма нідзе як у Францыі! Там кожная, хоць бы найпрасцейшая сялянка далёка асвячнейшая за тутэйшую паненку. О, Францыя, Францыя!”
Напрыканцы ХХ ст. у беларускай літаратуры ўзнік шэраг тэкстаў, у якіх свядома разбураецца міф Парыжа як мастацкага цэнтра Сусвету і ўзора для наследавання, сцвярджаецца анталагічная роўнасць паміж вершамі Рыльке і песнямі палескай бабулькі, сусветна вядомымі нацюрмортамі Маціса і “цікеткамі” (малюнкамі кветак на драўляных дошчачках) нязнаных давыд-гарадоцкіх мастакоў. Паэт Леанід Дранько-Майсюк у эсэ “Стомленасць Парыжам”, вандруючы па парыжскіх вулках і скверах услед за Гіёмам Апалінэрам, па-майстэрску ўплятае беларускія ўспаміны і асацыяцыі ў габелен французскіх уражанняў і прыходзіць да жыццесцвярджальнай высновы, што “калі мы сапраўды адстаём ад сваіх суседзяў на сто, дзвесце ці нават на больш гадоў, калі мы часта прыстаём, стамляемся, басанож адольваючы дадзены гістарычны шлях, то адставанне нашае (я ўпэўнены!) вельмі блізкае да той відавочнай розніцы, якая некалі існавала паміж пакутнай хадою босых галілейскіх рыбакоў і зладжаным крокам абутых рымскіх легіянераў”. Філосаф Валянцін Акудовіч у эсэ “Разбурыць Парыж”, узяўшы ў якасці эпіграфа выказванне Дранько-Майсюка, а ў якасці інтэлектуальнага ўзбраення – працы Дэрыды, Льётара, Барта, Дэлёза, упэўнена абвясціў “усім занураным у паныласць беларусам, што ў нас няма альтэрнатывы: альбо мы разбурым Парыж, альбо Парыж сваім цяжкім ценем разбурыць нас – дашчэнту”. Парыж разумеўся як Сталіца вялікага еўрапейскага наратыву, як глабальны Сімулякр, што засланіў нашыя вочы ад белага свету, як сімвал лагацэнтрычнага мыслення, у катэгорыях якога Беларусь нязменна выглядала як незавершаны праект, краіна-аўтсайдэр, інтэлектуальная і культурная правінцыя. На думку Акудовіча, збаўцам беларусаў з-пад інтэлектуальнага прыгнёту Вялікага еўрапейскага наратыву, станецца Постмадэрн, прыход якога ў “родныя балоты” беларускі філосаф горача вітаў.
Культавая постаць беларускага альтэрнатыўнага мастацтва (падобнае азначэнне ў дачыненні да Артура Клінава нярэдка ўжываецца ў незалежных выданнях), пісьменнік-постмадэрніст Артур Клінаў ласкава дазволіў свайму герою, прыхільніку авангарднага метаду “некрарамантызму-турбаабстракцыянізму” захаваць у свядомасці досыць старамодны, “неразбураны” вобраз Парыжа, насіць яго ў сэрцы як узнёслую мару, немагчымую для здзяйснення, як і каханне да Франкі (здзейсніцца мог толькі палавы акт Андрэйкі). З’едлівым водгукам на распрацоўку тэмы Парыжа ў айчыннай літаратуры гучыць у рамане рэпліка Андрэ пра паэта і мастака Буяна, які нібыта стварае батальнае палатно пра тое, як “мандавошкі выпраўляюцца захапіць Парыж”. Ідэя палатна нагадвае жартаўлівую фантасмагорыю з эсэ Акудовіча пра калону трактароў “Беларусь”, якая рухаецца “да Парыжа, каб засадзіць Елісейскія Палі беларускай бульбай”.
У адрозненне ад далёкага Парыжа, горада мар і летуценняў героя, нямецкі горад Бон прысутнічае ў “Шаломе” рэальна: тут Андрэ пражыў цэлы месяц на творчай стыпендыі, тут адбываецца дзеянне першага раздзела рамана. Але гэты рэальны горад уяўляецца герою не зусім сапраўдным у параўнанні з той рэчаіснасцю, якую Андрэ пакінуў на радзіме: “Ён нагадваў яму вялікі ціхі санаторый, куды часам прыемна патрапіць, каб паправіць змучаную “Крыжачкамі” і нягодамі жыцьця па той бок плоту нэрвовую сыстэму. Зрэшты, усе нямецкія гарады, акрамя Бэрліну, былі для яго падобныя да санаторыяў. Калі час ад часу Андрэ прыяжджаў у Нямеччыну, яму нават здавалася, што ён жаўнер, якога адпусьцілі з фронту на пабыўку ў глыбокі тыл – каб адпачыць і набрацца сілаў. Але празь некалькі дзён апошні вечаровы цягнік ізноў павязе яго на ўсход, у смуродныя брудныя акопы, туды, дзе вошы й блохі, туды, дзе страляюць, – на перадавую”.
Ізноў узнікае апазіцыя “Захад/Усход”, у якой Захад асацыюецца з мірным жыццём, тылам, санаторным лячэннем, а Усход – з вайной, акопамі, вошамі (аўтар рамана відавочна мае замілаванне да розных падвідаў гэтых насякомых). Апазіцыя праяўляецца і на ўзроўні алкагольных трункаў (у Германіі і Польшчы Андрэ спажывае шляхетныя гатункі, а ў Беларусі – сумніўныя сурагаты накшталт “Скарбу Радзівілаў” ды “Крыжачка”), і нават у эратычных упадабаннях (Андрэ адштурхоўвае тып тургенеўскіх дзяўчат і прыцягвае вобраз фасбіндэраўскай жанчыны). На вакзале ў Гановеры Андрэ знаёміцца з “фасбіндэраўскім анёлкам” Інгрыд, якая тае ж начы робіцца яго баявой сяброўкай, а раніцай адпраўляецца разам з ім у Берлін. У Гановеры герой праводзіць усяго адну ноч і таму гэты горад паказаны ў рамане фрагментарна (начны вакзал, кватэра бой-фрэнда Інгрыд), а мо яшчэ й таму, што якраз гэты нямецкі горад “асвоены” беларускай літаратурай дастаткова добра: варта згадаць эсэ Уладзіміра Арлова “Няхай жывуць гановерскія вароны” альбо зборнік “Гановерскія пункціры” Алеся Разанава, які пражыў у Гановеры некалькі гадоў (“Пакуль ты карміў гановерскіх птушак, тут памірала эпоха”, – напіша пазней у паэтычным лісце да Разанава Ігар Бабкоў, надрукаваным у кнізе “Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб”).
У раздзеле “Фінляндыя”, дзеянне якога адбываецца ў Берліне, чытач нарэшце даведваецца, чаму гэты горад у адрозненне ад іншых нямецкіх гарадоў не асацыяваўся ў героя з санаторыем: бо нагадваў яму Пецярбург часоў маладосці, з такімі ж пашарпанымі аблезлымі сценамі, смуродам у парадных пад’ездах, прусакамі (яшчэ адно любімае насякомае аўтара рамана) у кватэрах. Таксама, як і ў Пецярбурзе, бытавая неўладкаванасць жылых раёнаў спалучаецца ў Берліне з архітэктурнай веліччу і хараством музейна-турыстычнага цэнтра: “Дабраўшыся да Музейнай выспы, Андрэ акамянеў ад убачанай прыгажосьці. Уражвала нават не архітэктура, што прамянела магутнасьцю і размахам, а тая атмасфера, якая ахутвала велічныя палацы”.
З усіх партрэтаў-характарыстык гарадоў у рамане “Шалом” апісанне Берліна – найбольш разгорнутае і маляўнічае, адчуваецца архітэктурная адукацыя і мастакоўская назіральнасць Клінава. У апісанні каларытнага жыцця “калоніі хобітаў” у Тахелес – беларускіх мастакоў, асеўшых у Берліне – праяўляецца веданне рэаліяў і выдатнае пачуццё гумару аўтара (спісаны са Зміцера Вішнёва вобраз паэта і мастака Буяна – несумненна адзін з найлепшых у рамане).
Аднак не толькі назіральнае вока, але і розум, уяўленне актыўна ўдзельніча­юць у стварэнні вобраза Берліна, густа ахутанага колішнімі ўражаннямі Андрэ ад знаёмства з нямецкай літаратурай і філасофіяй: “Гэта здавалася квінтэсэнцыяй прускага духу, тым, што несла ў сабе вобраз Нямеччыны, намаляваны ў яго ўяўленні яшчэ ў юнацтве, калі ён узахлёб чытаў Гётэ, Кляйста, Гофмана, іншых нямецкіх рамантыкаў ды спрабаваў пранікнуць у “Крытыку чыстага розуму” Канта”.
Вызначаючы сутнасць клінаўскага метаду апісання еўрапейскіх гарадоў, згадваеш выснову Валянціна Акудовіча з цытаванага ўжо эсэ “Разбурыць Парыж”: “…Чалавек спакваля развучыўся бачыць бытнае ў яго канкрэтна-рэальнай самоце, урэшце як і ўвогуле бачыць вокам. Ён ужо даўно толькі глядзіць вокам, а бачыць розумам. <…> Мы мерым тапаграфію рэальнасці не яе ўласнай мерай, а маштабамі, напрацаванымі ў “прасторы” а-рэальнасці”.
Таксама і расійскі Пецярбург ва ўспамінах, трызненнях начных кашмарах героя паўстае не толькі як горад ягонай маладосці, як частка рэальнай біяграфіі, але і як горад Дастаеўскага, дзе з падваротняў вынырваюць правіды Раскольнікава, бабулькі-працэнтніцы, Свідрыгайлава. Пецярбург цяжкіх успамінаў, як і Парыж няздзейсненых мараў, займае ў свядомасці героя даволі значнае месца, атаясамліваецца з пагрозай, небяспекай, подыхам Імперыі (Маскву Андрэ па-просту не любіў і яна амаль не згадваецца ў рамане).
Яшчэ адно праяўленне апазіцыі “Усход/Захад” у рамане Клінава – гэта процістаянне еўрапейскай і расійскай філасофіі ды культуры: Гофмана і Тургенева, Канта і Дастаеўскага, Маркса і Бярдзяева. Здаецца, і герой рамана, і яго аўтар цалкам падзяляюць знаны тэзіс Ігната Абдзіраловіча пра спецыфіку Беларусі як культурнай прасторы паміж: паміж Захадам і Усходам, паміж лацінскай і візантыйскай цывілізацыяй, паміж каталіцызмам і праваслаўем. Характэрна ў гэтым плане размова Інгрыд з Андрэ на вакзале ў Гановеры:
“– Ты адкуль? – пацікавілася тая, зразумеўшы па акцэнце, што ён ня немец.
– Зь Беларусі.
– А дзе гэта?
– На ўсходзе. Адразу за Польшчай.
– У Расеі?
– Паміж. На лініі фронту.
– Ааа! Чарнобыль!”
Такім чынам, Беларусь – гэта лінія фронту. Але і Польшча ва ўяўленні героя – памежная краіна, ужо не Усход, але не зусім і Захад. У адрозненне ад Андрэ, ягоны польскі сябра Яцак хутка прыстасаваўся да законаў мастацкага рынку і зрабіў паспяховую кар’еру, малюючы сэксуальныя акты ў грамадскім транспарце. Творчасцю Яцка цікавяцца ўплывовыя куратаркі і найбуйнейшыя еўрапейскія галерэі, ён даўно выйшаў з брудных акопаў, стаўшы ці то шчаслівым пераможцам, ці то пераможаным у той вялікай вайне, якую ўсё яшчэ вымушаны весці Андрэ. З іншага боку, у Варшаве на кожным кроку сустракаюцца яшчэ сляды іншай вайны, выразна чуецца подых гісторыі: старая полька раіць герою зняць нямецкі шалом, бо ён можа выклікаць непрыемныя пачуцці ў яе суайчыннікаў, Палац Культуры і Навукі перадае гарачае прывітанне ад бацькі народаў Іосіфа Сталіна.
Але дамінуе ва ўспрыманні Польшчы героем рамантычны вобраз даўняй Рэчы Паспалітай, агульнай дзяржавы палякаў, літоўцаў, беларусаў, украінцаў, невыпадкова ягоным улюбёным алкагольным напоем з’яўляецца не “Wyborowa” ці „Żytnia”, а „Krupnik”: “Гэта быў старалітоўскі крупнік, моцная і смачная, настоеная на мёдзе гарэлка – напой, калісьці папулярны за Бугам, ва Ўсходняй частцы Рэчы Паспалітай. Пазьней там на яго рэцэптуру забыліся, не перасталі яго вырабляць толькі ў Польшчы. І кожнага разу, калі Андрэ вяртаўся на каронныя землі, з усіх напояў ён аддаваў перавагу менавіта крупніку. Кожны яго глыток здаваўся яму прывітаньнем з таго салодкага часу, калі іх краіна магутнела і цягнулася ад мора да мора, а ў гарадах, замках і мястэчках квітнеў смачны, як мёд, залаты век сармацкай культуры”.
Нягледзячы на гаючае ўздзеянне старалітоўскага крупніка, у Варшаве з Андрэ адбываецца нервовы зрыў, і ён, сам таго не жадаючы, устройвае дэбош у майстэрні Яцэка, які гасцінна прыняў даўняга сябра і нават спрабаваў уладкаваць яго лёс, знаёмячы з уплывовымі куратаркамі мастацтва Адной з прычынаў зрыву з’яўляецца паблажліва-спачувальнае стаўленне куратарак да Андрэ як да прадстаўніка няшчаснай краіны, дзе пануе “дыктацюр”, а па гарадскіх вуліцах ходзяць мядзведзі, што перабраліся сюды з Масквы. З праяўленнямі такога стаўлення да яго радзімы герою даводзіцца сутыкацца на працягу ўсяго шляху з Бона да Брэста: Чарнобыль, дыктатура, бяда і нястача, гаротны народ, які цягнецца да імперскай Расіі замест таго, каб гарнуцца да цывілізаванага Захаду.
Менавіта мастацкае выкрыццё заходніх стэрэатыпаў у дачыненні да беларусаў і паслухмянай гатоўнасці беларусаў адпавядаць гэтым стэрэатыпам, выкарыстоўваючы брэнд “няшчаснага народа” для карысных мэтаў, з’яўляецца важнейшай заслугай аўтара “Шалома”. Метафарычным увасабленнем падобнай сістэмы стэрэатыпаў і ўсталяванай мадэлі ўзаемадносінаў еўрапейцаў з беларусамі становіцца параўнанне беларусаў з хобітамі*, а таталітарнай улады – з Мордарам:
“Ён жа прадстаўляў маленькую, забытую Богам краіну, што прытулілася дзесьці пад плотам Эўропы. Усім, хто знаходзіўся з гэтага боку плоту, яна ўяўлялася нейкім страшным Мордарам з казак Толкіна, дзе ўладу захапілі оркі, якія зьдзекаваліся зь бедных хобітаў ды ўсяляк уціскалі іх грамадзянскія правы.
Каб дапамагчы няшчасным хобітам, іх час ад часу запрашалі ў Эўропу на які-небудзь сэмінар – растлумачыць, як перамагчы оркаў на выбарах і ператварыць Мордар у дэмакратыю хобітаў, альбо на літаратурны фэстываль – паслухаць. як гучыць іхняя дзіўная архаічная мова, альбо, як цяпер, на скульптурны пленэр, каб пераканацца, што яны ўвогуле яшчэ існуюць і нават здольныя вырабляць творы мастацтва”.
Праблема героя і аўтара рамана заключаецца ў тым, што іхні вобраз Беларусі мала чым адрозніваецца ад стэрэатыпных уяўленняў еўрапейцаў, створаны ён не насуперак, а як бы насустрач іхнім фобіям, жалям, спачуванням.
Андрэ ў думках неаднаразова наракае на свой лёс, ён перакананы, што яго геніяльныя мастацкія праекты завісаюць у пустэчы толькі таму, што нарадзіўся ён у гіблым месцы, за плотам, у дупе. Са шкадаваннем думае пра свайго сябра мастака Хведара, што “калі б ён служыў у іншай арміі – французскай, або нямецкай, то напэўна насіў бы ўжо пагоны калі не генерала, то палкоўніка ці маёра. Але ў Мордары генэралаў у мастацтве не існавала, дакладней, мелася пару, якіх прызначалі зьверху”.
Артур Клінаў у другой, “беларускай” частцы рамана (з мастацкага пункту гледжання значна слабейшай за першую) малюе карціну бязрадасную і проста апакаліптычную, ад якой упору звар’яцець не толькі герою, але і чытачу “Шалома”. У Брэсце аўтар адпраўляе свайго героя ў брудную прывакзальную закусачную, дзе той выслухоўвае споведзь алкагалічкі Кацярыны і даведваецца пра існаванне таннага пойла пад высакароднай назвай “Скарб Радзівілаў”. Брэсцкая Кацярына – ці то рэальная асоба, ці то персанаж рамана Дастаеўскага – не ідзе, вядома, ні ў якае параўнанне з Інгрыд, істотай з гановерскага вакзала (таксама як “Скарб Радзівілаў” не ідзе ні ў якае параўнанне з “Егермайстарам”). Архітэктурнаму вобліку Мінска аўтар прысвячае некалькі паэтычных абзацаў у стылі “Малой падарожнай кніжцы па Гораду Сонца”, але асноўны змест “мінскага” раздзела складае падрабязнае апісанне візіта Андрэ ў віна-водачную краму і ўцёкаў героя ад нейкіх таямнічых тыпаў (хутчэй за ўсё, супрацоўнікаў КДБ). Якраз у дзень візіту героя ў сталіцы адбываецца несанкцыянаваны мітынг гандляроў на Кастрычніцкай плошчы, па вуліцах ездзяць калоны аўтобусаў з амапаўцамі і грузавікоў з жаўнерамі, у дварах чакаюць на арыштаваных дэманстрантаў вялізныя чорныя аўтазакі. Дыктацюр!
Вярнуўшыся ў родны Магілёў, Андрэ трапляе ў зону для мутантаў-выраджэнцаў, у недарэчныя раёны панурых дамоў без усякага намёку на архітэктуру, з цёмнымі смярдзючымі пад’ездамі, з дабітымі ліфтамі, спісанымі непрыстойнымі словамі. Трэба аддаць належнае герою, ён усё роўна любіць свой родны горад, але не за рэшткі захаванага хараства (цудоўны від на Дняпро, напрыклад), а якраз за ягоную брыдоту: “Ва ўбостве няўдалага твору ён бачыў праўдзівы бок жыцьця. У ім было больш глыбіні, і шчырасьці, і дасканаласьці, чым у гарадах прыгожых, пышных, пампэзных. Бо ў гэтым, здавалася яму, і ляжала задума Бога, які сьвядома стварыў гэты сьвет няўдалым выродцам”.
Можна бачыць у дысгарманічнасці вобліку роднага горада праяўленне волі Усявышняга, але калі шукаць вінаватых на зямлі, для героя няма сумнення, што да заняпаду Магілёва прычынілася Расія: “Калісьці – гадоў трыста таму – ён меў шарм эўрапейскага гораду: мноства барочных касцёлаў, вежы замка, ратуша, вузкія вулачкі з дамамі пад высокімі чарапічнымі дахамі. Але потым прыйшлі сьвятаполкі, і горад захрос у шэрай правінцыйнай нудзе. Касьцёлы зьнесьлі, замак зруйнавалі, ратушу ўзарвалі, дамы перабудавалі, сьпічастыя дахі замянілі на плоскія, чарапіцу – на бляху, – адным словам, з квітнеючага горад стаў звычайным пазаштатным лузэрам, што згубіўся дзесьці на задворках Расейскай Імпэрыі”.
Характэрна, што нягледзячы на свае антырасійскія настроі, Андрэ спрабаваў у маладосці перасяліцца ў Пецярбург, але тамтэйшыя мастакі яго не прынялі. Няўтульна пачуваецца Андрэ і ў цацачна-санаторнай Германіі, ён прызнаецца, што не хацеў бы застацца там назаўсёды. А Беларусі, у якой герой мог бы быць шчаслівым як чалавек і запатрабаваным як творца, ужо (ці яшчэ) не існуе.
У выніку герой “Шалома” насамрэч апынаецца у трагічнай сітуацыі: паміж, на лініі, а канкрэтна: пад мастом, які звязвае левы і правы берагі Дняпра, злучае Усход і Захад. Андрэ збіраецца ўзарваць гэты мост.
Узнікае пытанне: чаму? Толькі ў знак пратэсту? Ці, можа, гэта свядомы геапалітычны выбар героя?