12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Валерый Казакоў

_____________________
Абібокі


Часта ўвосень, калі ідуць бясконцыя дажджы, калі нізкія, яшчэ не агідныя аблокі, чапляючыся адно за аднаго, паўзуць бясконцымі статкамі, а рэдкія прыглушаныя пробліскі сонца нечакана ўспыхваюць у мільярдах дробных і бялявых, як макавыя зерні, расінках, – раптам нараджаюцца абібокі – спакойныя, марудлівыя, можа, дзесьці гультаяватыя развагі аб усім і ні пра што.
«Абібок» азначае: гультай, сузіральнік. Мне здаецца, як бы актыўна ні жыў чалавек, ён усё адно застаецца абібокам свайго жыцця, яму заўсёды ёсць што сказаць, без надрыву, без прыспеху, сказаць, як убачылася, як падумалася. Галоўнае – не прамінуць гэты шчаслівы час.

***
Зверху віселі прагнутыя ад нашых грахоў чорныя нябёсы. Унізе па шчыкалатку хлюпала агідная гразюка восеньскай палявой дарогі. Змрочная імжа паступова згушчалася, і толь­кі там, удалечыні, на захадзе, зіхцела вузкая і драпежная, як лязо нажа, стужка паміраючага заходу.
У душах, як у паўпустых пляшках, боўталася нявызначанасць. Яе алюмініевы прысмак у роце паказваў найвысокую ступень стомы. Целу не менш за душу неабходны быў адпачынак.

***
Ці патрэбна чалавеку ўлада? Наіўнае пытанне. Чалавек нараджаецца сілай улады, дадзенай мужчынам і жанчынам адно над адным. Пазней ён паступова спасцігае законы ўлады і, калі ўлада не ператвараецца ў самамэту чалавека, а раствараецца ў ім, не прыцясняе рухі і думкі, яна ў яго ёсць. Пра тое, што ёсць, як правіла, не пытаюць.
Сцеражыцеся тых, хто задае вам падобныя пытанні.

***
Ні пра што не думай. Шумяць за вокнамі дрэвы. Восень вяжа свае пярэстыя карункі. Карагоды лістоты ў бліскучай перадсмяротнай жаўцізне і чырвані павольна кружляюць у астываючых прамянях індыферэнтнага сонца. Салодкія, шчымлівыя імгненні заходу жыцця, якія вы выдатныя!

***
Раніцай штосьці гучна пстрыкае; гэта стрэлкі нябачнага будзільніка растапырыліся на лічбе сем. Ноч ліпкая, даўкая, з вечна грукатлівым за акном горадам, неахвотна паўзе за дахі суседніх дамоў. Металічны скрыгат дня, які нарадзіўся яшчэ дзесьці ў сярэдзіне ночы, усё нарастае, становіцца выразным і рэзкім. Пройдзе зусім крыху часу, і ты перастанеш чуць гэты скрыгат, зробішся яго часткай, яго маленькім, ледзь прыкметным скрыжатком. І так заўсёды.

***
На ўтульнай лясной сцяжынцы разгулялася страшная трагедыя. Дзясятка паўтара малых рудых мурашоў спрабавалі абезрухоміць і забіць свайго вялікага чорнага субрата. Барацьба са зменным поспехам працягвалася ўжо больш за сем хвілінаў. Я так захапіўся сузіраннем гэтай баталіі, што не заўважыў, як да мяне падбегла пяцігадовая дачка. Нічога не ведаючы, яе ножка ў бліскучым памаранчавым сандаліку мякка і бестурботна ступіла на тых, хто б’юцца. Дзіця пабегла далей па нейкіх сваіх, напэўна, вельмі важных справах. На ўтаптанай зямлі засталіся сохнуць расплясканыя парэшткі.
Вечнасць для кожнага мае сваю выяву. Для мурашоў яна стала бліскучым памаранчавым сандалем.

***
Чым даўжэй жыву, тым часцей сумняваюся. Складаныя філасофскія развагі рассыпаюцца па пыльных, мала чытаных кнігах і паступова забываюцца.
Просты ўздых каханай жанчыны ператвараецца ў каскад складаных лагічных пабудоў і, у залежнасці ад адценняў гэтага ўздыху, нас кідае ў засмучэнне ці, наадварот, напаўняе душу і цела нязломнай сілай і святлом.
Я жыву, каб кожны дзень спасцігаць глыбіню гэтай прастаты.

***
Маленькія птушачкі, не ведаю, як іх завуць, раскрадалі кедравыя арэшкі, якія я запасіў для вавёркі. І рабілі яны гэта так непасрэдна, з такім вясёлым піскам і ціўкатам, што душа мая цешылася.


***
Калі я пачаў разумець, а потым амаль фізічна адчуваць боль маленькіх жыццёвых трагедый маіх дзяцей, мне стала страшна. Я зразумеў, што старэю.

***
На тваім юным дапытлівым твары адбітак чужога суму. Ты гэтага не разумееш, і таму пакутуеш, злуешся на сябе, а заадно і на ўвесь белы свет. Але, на жаль, твой свет замкнуты пакуль у сценах нашай кватэры, таму больш за ўсіх перападае нам з мамай.

***
Калі ў нас няма гадзінніка і вокны пакоя шчыльна заштораны, мы перастаем адчуваць час, але гэта не пазбаўляе нас ад старасці.

***
У маёй дачкі ёсць любімы вецер, ён жыве ў жытнім полі, дзе наліваецца колас і буяніць жыццё. Я гэтага не ведаў, пакуль не ўбачыў іх разам на фотаздымку. Яны, абняўшыся, глядзелі на мяне яе вачыма.

***
Дзесяць гадоў узмоцненай дэмакратызацыі і павароту з храбусценнем у шыйных пазванках да прыватнай уласнасці далі свае вынікі. Чытаю сачыненні старшакласнікаў сорак пятай кемераўскай школы: «Самай ідэальнай формай кіравання з’яўляецца манархія, бо гэта аптымальная, гістарычна апраўданая форма быцця Расійскай цывілізацыі», «…у Расіі неабходна самадзяржаўе», «Можна, напрыклад, вярнуцца да таго часу, калі ў краіне было адзінаначалле», «Ёй (Расіі) патрэбен дыктатар (цар), які б трымаў уладу ў кулаку».
Думалі, што вучым аднаму, атрымалі – іншае. Ёсць пра што задумацца.

***
Зоркі глядзяць на зямлю халоднымі абыякавымі вачыма, якія ніколі не плакалі. Ім усё адно, на што глядзець. Але гэта ўяўная веліч – многія з іх ужо даўно патухлі, а іх святло – як задоўжаны погляд з фотаздымка на глянцы надмагільнага каменя.

***
Стаяў на верандзе і хвілінаў пятнаццаць слухаў скаргі дажджу. Я яго зразумеў, але толькі расчыніў рот для зваротнай споведзі, як дождж раптам гучна ўсхліпнуў і заціх. Трэці тыдзень чакаю яго вяртання, хвалююся: раптам прыйдзе не той дождж – і мы не зразумеем адзін аднаго.

***
Душа ўжо адляцела, а страх ліпкім потам яшчэ доўга блішчэў на пахаладзелым ілбе. Дзіўна, але менавіта страх пакідае нас апошнім, да чаго ж ён уеўся ў наша цела…

***
Дзікія камяні, знявечаныя ветрам і холадам лістоўніцы. На сотні кіламетраў тайга і гнюс. Падкаменная Тунгуска пра штосьці ўсхліпвае і мармыча на перакатах. Стары эвенк ведае, пра што гаворыць рака, але ён забыў рускую мову. Маўчым і п’ем чай.

***
Горная рака імчыць так шпарка, што час за ёй не паспявае. Можа таму людзі на яе берагах па-ранейшаму жывуць у каменным веку? Ім пашанцавала.

***
Галец – моцная і прыгожая рыба, якая хапае па наіўнасці сваёй любы зіхоткі прадмет, што патрапіў у бурную таймырскую рэчку. Часцей за ўсё сюды трапляюць блешні. Блешняў усё больш, а гальца ўсё менш, тое ж адбываецца і з абарыгенамі.

***
Навідавоку ва ўсіх вецер забіў некалькі дрэў, але мы гэтага не заўважылі, бо сусвет мураша, па словах Альбера Камю, адрозніваецца ад сусвету коткі.

***
На кангрэсе гуманістаў усе гаварылі пра вечныя каштоўнасці і дасягненні прагрэсу. Доўга не вытрымаў, заснуў. Прысніўся кашмар: мёртвыя судзілі мёртвых. Падсудных некалькі тысячаў – усе найвялікія навукоўцы, якія стагоддзямі рухалі сусветную навуку. Пацярпелых – мільёны мільёнаў, іх забілі плады адкрыццяў. Прачнуўся, а кангрэс працягваецца.

***
На верталёце завіслі над балотам, дзе звалілася тое, што пазней назвалі Тунгускім метэарытам. Мы прыліплі да ілюмінатараў. Унізе авальная чорная прамыіна, акаймаваная смарагдавай травой, падслепавата глядзела ў неба. Цень ад верталёта здавалася парушынкай у гэтым воку. Не ведаю, хто каго разглядваў.

***
Выйшаў на змярканні на лясную паляну і аслупянеў. Насупраць мяне стаяў здаравенны замшэлы пень, у профіль падобны да Троцкага. Не ведаю, прырода над намі жартуе ці мы навязваем ёй свае выявы, але хтосьці ж назваў гэта месца яшчэ ў сямнаццатым стагоддзі Давыдкавым борам.

***
Раніца была халоднай і пыхлівай. Сонца ўжо ашчаслівіла золатам толькі вокны верхніх паверхаў вышынных будынкаў і, здавалася, зусім не збіралася звярнуць свой погляд уніз, на азяблую за ноч зямлю. Аўтобуса доўга не было. Людзі, апранутыя ў міжсязонне, ціснуліся адзін да аднаго. Раніцы гэта не спадабалася. Павольна пагасла золата вокнаў. Хутка сцямнела.
Ты – як раніца, толькі настрой у цябе змяняецца часцей.

***
На дне шэрапясчанай катлавінкі з маленькай крыніцай, што прытулілася на цяністым схіле яра, па чарзе ўздымаліся чатыры бурунчыкі. Малюсенькія гейзеры з толькі ім вядомай перыядычнасцю выкідвалі ўгару ваду, уздымаючы смешныя слупкі рудых пясчынак. У кожнага з іх быў свой кратар, сваё жарало, сваё індывідуальнае жыццё, пазначанае на шэрым дне пульсуючымі плямамі. Крыніца была старажытнай і вяла свой радавод яшчэ з паганскіх часоў.
У дзяцінстве я часта прыходзіў сюды, клаўся на шырокую, белую ад дажджоў і сонца дошку і, падпёршы галаву рукамі, глядзеў у гэта таямнічае акенца. У вёсцы яшчэ не было святла, і гэта быў мой першы тэлевізар з чатырма праграмамі. З часам мы звыкліся адзін да аднаго, і я навучыўся вызначаць, які з бурунчыкаў ажыве ў наступную хвіліну.
Даўно з’ехаў з тых мясцін, але, калі мне дрэнна, я абапіраюся тварам у далоні і бачу шэрае стромкае дно крыніцы, і адгадваю, з якога ўздыбіцца смешны фантанчык дробных пясчынак. Я яшчэ ні разу не памыліўся.

***
Наймоцная зброя чалавецтва – памяць, але мы чамусьці ўспамінаем і паўтараем, як правіла, толькі дрэннае ці вельмі дрэннае.

***
У нараджэнні садызму вінаватая цешча, якая ўпякла дэ Сада ў турму, а дваццаць сем гадоў адседкі толькі давяршылі справу.

***
Радасць прыходзіць і сыходзіць, а гора заўсёды застаецца з намі.

***
Усю ноч беглі да святла, а сонца ўзышло за спіной.

***
Ціха, напаўголасу за заснежаным акном плакала віхура, мне было яе шкада, але ўпусціць у хату не адважыўся.

***
Ішоў падслепаваты восеньскі дождж. Яго струменьчыкі тонкія, нібы прасеяныя праз сіта, у змярканні былі нябачныя. Дождж ішоў амаль бязгучна. Калі самотны падарожнік у старым брызентавым плашчы з каптуром спыняўся на раскіслай палявой дарозе перавесці дух, дождж як бы заміраў. Ні ўсплёск, ні бурбалкі на лужынах не выдавалі яго прысутнасці, і толькі ціхае, ледзь чутнае шыпенне ды пацяжэлая ад вільгаці адзежа выяўлялі прысутнасць гэтага дзівакаватага пасланца восеньскага неба.
Чалавек пастаяў, пахукаў на азяблыя мокрыя далоні, азірнуўся назад. Пакаты схіл поля, па якім, амаль не віхляючы, слалася дарога, упіраўся ў загуслую цямрэчу начы, якая паспела ўжо размыць і абясколерыць абрысы гарадскіх прадмесцяў. Бледныя кропкі ліхтароў і размазаныя стужкі вокнаў яшчэ мацней нявечылі прывідныя абрысы пакінутага ззаду гарадскога гмаха. Гэта быў яго горад. Ён тут нарадзіўся, вырас, пражыў сваё мітуслівае жыццё, дамогся вызначанай вядомасці, становішча, дастатку. Ён у дасканаласці спасціг жорсткія гарадскія законы, прыладзіўся да іх, навучыўся іх выкарыстоўваць. Яму цяжка было скардзіцца на сваё жыццё, аднак ён гэтага і не рабіў. Проста адной ноччу ён, раптам, зразумеў, што не супадае з горадам. Яны сталі чужымі адзін аднаму. Аказваецца, усё сваё жыццё ён баяўся стаць чужым.
Яшчэ раз, азірнуўшыся, падарожнік перахрысціўся і хуткай хадой, слізгаючы кірзавымі ботамі па тлустым глеі, закрочыў прэч. Ноч дагнала яго – і растварыла ў сабе самотную, злёгку згорбленую постаць.

***
Калі хочаш дакрычацца да чалавека, гавары цішэй. У цішыні жыве сэнс, сіла і любоў, але мы гэта, як правіла, забываем і з паўабарота пераходзім на павышаны голас.
Тэлефонная слухаўка дагэтуль не можа агоўтацца ад таго, што мы ў яе накрычалі сёння ўначы.

***
Здзічэў сярод людзей ад дэфіцыту адзіноты. Доўгія гады я марыў пра маленькую хатку ў восеньскай тайзе, дзе толькі я і дождж, ды рудая бязгучная завея ігліцы старых лістоўніц.
Доўгія гады штосьці мяне не пускае ў гэту жаданую восень. Але я настырны, я прадзяруся… Потым бы толькі не каяцца.

***
У здрады два смакі: горкі і салодкі, толькі дастаюцца яны розным людзям, таму аднаму добра – іншаму кепска. Крыўдна, што нельга здрадзіць самому сабе.

***
Паслухайце вецер, як па-рознаму ён вядзе свае маналогі, колькі ў іх гукаў, музыкі, звярынага рыку, птушынага свісту, колькі сілы, болю, радасці і страху, які студзіць кроў.
Паслухайце вецер, ён многае распавядзе пра вас.

***
Самым крывавым словам, вымаўленым чалавецтвам перад тварам Бога, без сумневу, з’яўляецца слова «свабода». У імя яе дасягнення над светам пранесліся ўсе войны і рэвалюцыі. Заўсёды і ўсюды свабода выступала апраўданнем усіх нашых бедаў. Так было ў старажытныя часы, так і сёння. Войны і беды яшчэ не закончаны, бо свабода бязмежная, як бяскрайняе мора самападману і нашых ілюзій.

***
Як часта людзі жывуць у прыдуманым свеце. Варта фантазіям ці памылкам аднаго супасці з настроем вакольных, як яны зараджаюцца імі і, праз вызначаны час, пачынаюць лічыць іх сваімі ўласнымі дасягненнямі. Так з памылак адных вырастаюць перакананні і вера іншых. Памылка ідзе на змену памылцы, праўда застаецца не запатрабаванай, яе проста ніхто не шукае. Шукаць цяжэй, чым памыляцца. Магчыма, толькі ў апошнія імгненні жыцця мы становімся відушчымі, і нам даецца права ўбачыць праўду, але сказаць пра гэта свету мы ўжо не паспяваем.

***
Вы спрабавалі доўга глядзець у вочы драпежнай птушцы? Пусты, халодны, гіпнатызуючы, маларухомы позірк, цалкам пазбаўлены думкі і эмоцый. Вока імгненна рэагуе на любы рух і цень, пры гэтым каманда перадаецца ў непрапарцыйна маленькі мозг, рэагуючы толькі на тыя раздражняльнікі, якія можна з’есці, іншыя адсяваюцца.
У апошні час сярод нас усё больш і больш людзей з птушынымі вачыма.

***
Глыбока абаяльны чалавек «з прыродна-ласкавым тварам і голасам», як ён сам сябе часта рэкамендаваў. Мы дзеці любові, незалежна ад полу і ўзросту, мы ўвесь час штосьці ці кагосьці любім. Без любові жыць нецікава, таму мы пераносім свае пачуцці на самыя, здавалася б, непадыходныя прадметы і з’явы. Да прыкладу, на палітычных лідараў. Іх рэйтынг – гэта каэфіцыент нашых да іх сімпатый. Выбары – банальны акт прызнання ў закаханасці. Па той жа вечнай схеме адбываецца і ахаладжэнне да прадмета нашых пачуццяў. Пасля расчаравання застаецца адваротны прысмак марнай траты надзей і эмоцый. Кожны ўсё гэта перажыў на сабе.
***
Аднаго чалавека падмануць вельмі складана, але чаму ж тады з такой лёгкасцю ашукваюцца цэлыя народы? Адказ, на мой погляд, да прымітыву просты: праз ляноту.
Чалавек ідэнтыфікуе сябе з народам і з дзіўнай хуткасцю перакладае на яго адказнасць за сябе і сваю сям’ю, фактычна раствараецца ў ім. Народ жа не атаясамляе сябе з пэўным чалавекам і не нясе перад ім ніякай адказнасці.

***
Людзі, як правіла, ведаюць, што іх падманваюць, але з дзіўнай паспешнасцю звыкаюцца з гэтым, асцерагаючыся, як бы ў іх не забралі што-небудзь больш істотнае.

***
Падаткі і подаці, як вядома, з’яўляюцца формамі нашых узаемаадносінаў з дзяржавай, але без асабістага грамадзянскага служэння яны ператвараюцца ў працэс куплі-прадажы.
На цяперашнім рынку добрая дзяржава каштуе вельмі дорага, таму ў нас «по Сеньке и шапка».

***
Туман стаяў над бялявай ад расы травой, як пара над выпушчанымі з жывата кішкамі. Дзесьці ўдалечыні, на балоце, натужліва енчыў бугай. Не ведаю, што шукаў я ў гэтым тумане, але кожны раз яшчэ з дзяцінства мяне цягнула сюды, у гэтую лукавіну амаль зарослай лясной рачулкі. Часам у бялявым прывідным марыве мне бачыліся нечыя постаці, чуліся ціхія галасы. Я працягваў руку, і яна ўваходзіла па самы плячук у малочную субстанцыю, знікаючы з поля зроку. Аднойчы я раптам выразна адчуў дакрананне нечых вільготных, прахалодных вуснаў. Гэта было так нечакана, што я здрыгануўся і рэзка адхіснуўся. Туман вісеў у паўметра над зямлёй. Я бачыў ледзь мігатлівы светлячок вогнішча на іншым беразе поймы, вакол не было нікога. Я сядзеў на кукішках ля самага краю багны, яшчэ крок – і ўсё. Летась якраз тут патанула ўсяго за сем хвілін амхініцкая карова. Нават за вяроўкай не паспелі збегаць.
Багна вантробна бурчала, з прагнасцю цмокала сваім нябачным ротам. З сілай выдраўшы з халоднай жыжкі ногі, я падаўся прэч.
Мяне цягне ў туман. Я дагэтуль спадзяюся сустрэць там уладальніцу прахалодных і далікатных вуснаў…

***
Разважаючы аб сутнасці чыноўніка, яго прызначэнні, сіле і слабасці, а галоўнае, усё глыбей спасцігаючы найстаражытную з навук – паперазнаўства, я спрабаваў падабраць адпаведную выяву для ёмістага вызначэння свайго ж унутранага свету і, урэшце, прыйшоў да высновы, што чыноўнікі-службоўцы ўсяго толькі пыл на ботах улады, але каб яго змахнуць, улада павінна нагнуцца.

***
Вялікая драпежная птушка ўсё кружыць і кружыць у звар’яцелай ад бяздоння нябеснай сферы. Яна то ўздымаецца ўгару і ператвараецца ў маленькую пульсуючую кропку, то шырокімі кругамі імкліва набліжаецца да зямлі і здаецца амаль металічнай, адлюстроўваючы сонечныя прамяні. Што яна хоча сказаць мне? Пра што нагадаць? Куды яна мяне кліча? Тысячы асацыяцый і вобразаў нараджаецца ў маёй галаве ад яе галавакружнага танца.
Ляжу моўчкі, ахінуўшыся цёплай камуфляжнай курткай. Галоўнае – не варушыцца. Хоць гэта дарэмна, і я сапраўды ведаю, што яна даўно мяне ўбачыла, і ўсе гэтыя нябесныя выкрутасы яна вытварае адмыслова для мяне. І ўсё ж, што яна мне хоча сказаць?

***
Як памірае каханне? Адразу, раптам, як калісьці нарадзілася – ці павольна, ледзь прыкметна, як восеньская палявая трава? Кожны з нас, абапіраючыся на свой досвед ці неспрактыкаванасць, можа адказаць на гэтае пытанне па-свойму, хутчэй за ўсё, колькі будзе людзей – гэтулькі і адказаў. Магчыма, кожны з нас мае рацыю, не ведаю. Толькі мне здаецца, што каханне не памірае, яно хутчэй здыхае ад непатрэбнасці, забытае, галоднае, затаптанае эгаізмам – і ўсё яшчэ на штосьці спадзяецца. Пакінуўшы яго, некалі такое роднае каханне, мы падаемся на пошукі новага, самага што ні ёсць самага. Але і гэтае новае, калі вам, вядома, не трынаццаць гадоў, апынецца слабым паўтрупам нечых пачуццяў, уздыхаў, запалу і саладжавых слёз. Замучыўшы сваё каханне, мы кідаемся па ўзаемнай незгаворлівасці рэанімаваць чужое, якое з часам пачынае здавацца нашым, крэўным. Год за годам праходзіць жыццё. Адны з нас становяцца ледзь ці не прафесійнымі рэаніматарамі кахання і, урэшце, калеюць у лютай адзіноце. Іншыя, і такіх, дзякуй Богу, большасць, не кідаюцца з боку ў бок, а, як умеюць, берагуць тое, што ім адпушчана лёсам: гадуюць дзяцей, чакаюць унукаў і доўжацца ў стагоддзях.

***
Народ, дарваўшыся да свабоды, нягледзячы на гучныя папярэджанні звонку, усёткі яе перажорся. Чаго ж тады так гучна абурацца, што мы абас…аліся?!

***
Толькі доля жабракоў быць багатымі без дастатку, але большасці з нас, людзей пасярэдніх і па вялікім рахунку жабракоў духам, дасягнуць падобных вышыняў практычна не пад сілу. Жабракі просяць кавалак хлеба, мы ж, як правіла, просім і ў жыцця, і ў Бога выгоды, здароўе, дабрабыт, ды і само жыццё. Яны, здаволіўшы голад, сыходзяць у свае нябесныя палацы, дзе маюць зносіны з Невядомымі нам, а мы застаёмся на сваім пажыццёвым пасту з працягнутай рукой ці словам-просьбай. Мы прыдумляем мудрагелістыя байкі пра юродзівых, цураемся іх, пабойваемся за адвагу і цвярозасць меркаванняў, спяшаемся сунуць мядзяшку і бегчы далей, пры гэтым перажываем ці то пачуццё задавальнення ад падачы міласціны і датычнасці да Дабра, ці то суцяшаем сваё самалюбства сузіраннем істоты нізкай, якая стаіць на сацыяльных прыступках пад намі – дары даючых.
Вось так і жывём побач – багатыя жабракі і жабрацкія багачы; калі пра гэта не думаць, можна пражыць цалкам сытае і шчаслівае жыццё. Таму пасярэдні чалавек спрадвеку баяўся сваіх герояў і рэгулярна прыносіў іх у ахвяру свайму Страху.

***
Ніхто не ведае дня свайго, і чым дзень гэты стане для чалавека: яго пачаткам ці яго канцом. Хто адкажа, што адбудзецца з нашым унутраным Я там, за шчыльна захінутымі шторамі астылых павекаў? Не забягай наперад, ідзі сваім шляхам, які асобны, як капілярныя лініі вялікай мазаікі ўсеагульнага жыцця, любі сам, і хай цябе любяць вакольныя, і ў свой час ты атрымаеш адказы на ўсе пытанні. Хутчэй за ўсё, у кожнага з нас будуць свае і не падобныя на адказы іншым, і толькі Вечная Немата астылых вуснаў будзе аднолькавай для ўсіх.

***
Чалавек і ганебнасць – двайняты-браты. Вядома, гэта не заўсёды адно і тое, але яна заўсёды жыве ў кожным з нас ад самага нараджэння. Нядзіўна, што мы ўвесь час спрабуем прыбраць яе ў нейкія іншыя рызы і выдаць за мілату. Страшна падумаць, але дзясяткі гадоў агіднасць бацьказабойства хлопчыка Паўліка Марозава была эталонам для пераймання, на гэтай гнюснай гісторыі выгадаваны мільёны ні ў чым не вінаватых людзей. Наогул, калі корпаешся ў дзеях падобных адкідаў чалавецтва, імёны якіх чамусьці гучна ўпісвалі ў гісторыю, дзівішся той мабільнасці, з якой нашыя амаль заўсёды несумленныя продкі прыстасоўвалі мінулае для сваёй імгненнай выгады і карысці. Здзейсніўшы акт ганебнасці ў дачыненні да мінулага, яны здзяйснялі рытуальны чын па ператварэнні ганебнасці ў мілату для сябе і нас. Не думаю, што нашае пакаленне будзе чымсьці адрознівацца ад сваіх бацькоў і дзядоў. Крыўдна.

***
Дзесьці далёка за лесам, у вёсцы, натужліва і глуха выў сабака, як быццам нечая душа прасілася на неба.

***
Жыццё на зыходзе заўсёды цікавей і багацей, а мы яго чамусьці абзываем нямоглым словам – старасць.

***
Сталыя думкі пакідаюць людзей бясплоднымі.

***
Вечнасць змяшчаецца ў адным глытку атруты.

***
У разумных заўсёды дурань адказны, а з дурня што возьмеш? Вось вам і ўся мудрасць.

***
У наш бесталковы час дзяцей трэба яшчэ і заслужыць.

***
Не спрабуй пакрыўдзіцца на няздольнага пакрыўдзіць цябе, каб не пакрыў­дзіць яго.

***
З хісткай, разнамаснай і непрычасанай агульнай мэтай кіруючай масы цяперашняга грамадства не можа з’явіцца агульнанацыянальны лідар, які адпавядае маштабам і гістарычнасці краіны.

***
Ад дурасці, дэспатызму і хворага самалюбства аднаго непазбежна пакутуюць вакольныя, няхай гэта будзе сям’я, калгас, слясарная майстэрня ці дзяржава.

***
Ва ўсе часы ў Расіі асабліва няма каму было кіраваць дзяржавай, вось ім і круцяць, прыкрадваючы, фаварыты ды блізкія да цела.

***
Пра тое, што мы сталі жыць лепш, народ, як і раней, даведваецца не па зарплаце і сямейным дастатку, пра гэта нам аб’яўляе чалавек з тэлевізара.

***
Хутка будзе дваццаць гадоў, як пад дружныя заклікі вышэйшай бюракратыі грамадства, нібы ўтрапёнае, кінулася на барацьбу з карупцыяй. Зацяжная, аднак, вайна атрымалася, але галоўнае, усе задаволеныя. Чыноўнікі – павелічэннем штатаў і ростам зарплат (для плённай барацьбы, зразумела, патрэбныя войскі “непадкупных” барацьбітоў); дэпутаты, як і належыць ананістам, – працэсам; вольныя ад прынцыпаў маралі і этыкі журналісты – магчымасцю даказаць, што іх прафесія старажытней; прэзідэнт – роляй канстытуцыйнага гаранта і пачуццём уласнай значнасці; народ… А што народ? Ледзь што, адразу народ, народ! Народ маўчыць, ён заўсёды маўчыць, пакуль інтарэсы банкіраў не закрануць, ну а ў барацьбе з бюракратыяй іх інтарэсы сапраўды не закрануць, братэрскія ж цяганні за пэйсы не ў лік. Так што ўсё сваім шляхам, і люд служывы можа спаць спакойна.

***
Зманіўшы першы раз, кожны з нас атрымлівае права на сваю ўласную праўду. Гэта як з яблыкам у раі.

***
Чым бліжэй да Крамля, тым непраглядней улада.

***
Чым далей ад трона, тым больш у кішэнях, а тыя, хто побач, для тых і трон – машна.

***
І вуліцы чыстыя, і платы ў вёсках уздоўж дарог пафарбаваныя, і аўтобусы па раскладзе ходзяць, а твары ў мінакоў шэрыя, хмурныя, злыя. (Беларусь).

***
Стварыўшы для чалавека сакавітыя яблыкі, Бог не падумаў пра чарвякоў, якія дабіраюцца да іх першымі. Так і бюджэт – яшчэ і прыняць не паспелі, а яго ўжо точаць.

***
Прафіцытам сыты не будзеш!

***
Страшная трагедыя, якая адбылася з Югаславіяй, пакуль да канца нікім не асэнсавана. Гэты славянскі ўскраек заўсёды быў чужым для самазадаволенай Еўропы, і наступствы яго разбурэння могуць быць страшней наступстваў Другой сусветнай вайны. Прыбраўшы натуральны шматвяковы бар’ер паміж актыўным ісламам і ўжо страціўшым запал каталіцызмам, хтосьці ўшчыльную прысунуў трагедыю Бейрута і Лівана да сценаў Бона і Парыжа.

***
У Чарнагорыі дзеля таго, каб патрапіць у Стамбул, не трэба нікуды ехаць. Проста ў пятніцу належыць з еўрапейска-курортнага Бара пешшу падняцца ў Стары Бар.
***
Чым менш чытаеш, тым больш пішаш. Чым больш пішаш, тым больш чытаюць цябе.

***
Гляджу на аднаго, напоўненага цяпер значнасцю палітыка, вельмі ўжо моцна падобны на будучага цара: лялечны тварык, лупаватыя вочкі, маленькія ручкі, кажа складненька і не заўсёды ўтолк, пярэчанняў на дух не пераносіць, а галоўнае, росцік ніжэй, чым у папярэдняга.

***
А мне вось не шанцуе: і нарадзіўся не ў тым горадзе, і служыў не ў тым ведамстве, і ростам Бог не пакрыўдзіў.

***
Кажуць, у старых замках водзяцца чэрці і прывіды, напэўна, фэсэошнікам у Крамлі па начах жудасна, хоць там і днём у звычайнага чалавека мароз па скуры паўзе.

***
Высокія двухстворкавыя дзверы расчыніліся, дзяржаўны голас абвесціў яго пасаду і імя, хоць у гэтай зале яго ведалі ўсе. Чалавек ішоў па чырвоным дыване і не адкідаў ценю. Можа, у тым вінаватыя ліхтары тэлевізійнікаў ці хітрасці палацавага асвятлення, а можа... Хто ведае, хто ведае...

***
Усё, што праходзіць праз нашыя душы, забываецца, і ў сваім бяспамяцтве мы шчаслівыя.

***
Толькі Насенне дае жыццё, а нябыт ці смерць схаваныя ў самім жыцці. Гэта значыць, нашае разбурэнне закладзена ў нас саміх ад самага нараджэння; нават пасля фізічнай смерці і пахавання цела нашае ў першую чаргу пачынаюць пажыраць не зямныя насельнікі – чарвякі і жукі, а бактэрыі, якія да гэтага мірна знаходзіліся ў нашым уласным страўніку.

***
Дзе пачынаешся ты – заканчваецца рэальнасць і грошы.

***
Вядома ж, я не ведаю, што такое Рай, але калі мы былі разам, мне здавалася, што я да яго блізка падлятаю.

***
У кахання шмат твараў, але вочы ў яго твае.

***
Навучыўшыся прасіць – навучыся аддаваць.

***
Узяўшыся за гуж – паглядзі, дзе муж.

***
У самотных свая самота, адрозная ад самоты статкавых.

***
Навучыцца жыць без мамы – як навучыцца наноў хадзіць без мыліц. Свет няўстойлівы, нецікавы, абрыдлы.

***
Адзінае сонца, якое па-сапраўднаму саграе нашыя душы, гэта Мама. І аказваецца, для нас важны не столькі яе клопат, яе любоў, яе чаканне нашых лістоў, званкоў ці прыездаў, а звычайнае рудаватае святло ў яе заштораным акне, святло жыцця, яе жыцця.

***
Актыўна Расію пачалі спойваць Раманавы, ну дык чаго ж тады крыўдзіцца на вынік? Цікава, трэба будзе даведацца, ці гандляваў Іпацьеў гарэлкаю?

***
Хочаш быць бюракратам, будзь ім.

***
У аснове ўсялякай харызмы ляжыць жаночы пачатак, ён і заводзіць натоўп. Першымі абурана ўскіпаюць жанчыны, пачуўшы ў харызматыку суперніцу. Іх інстыктыўная ўзрушанасць перадаецца мужчынам, і вось ужо пары сплятаюцца ў калектыўным экстазе, дэманструючы дзіўнае яднанне грамадства. Адсопшыся ад тэлемітынговага запалу, жанчыны перакладаюць харызматыка з разраду суперніц у вышэйшую катэгорыю куміраў і зараджаюць гэтым вакольных.

***
Зусім нядаўна даведаўся, што кабак – татарскае слова, і прывёз яго ў Маскву Іван Грозны, працягнуўшы тым самым ненавіснае іга да нашых дзён.

***
Не было б праўды, ды няпраўда дапамагла.

***
“Для жанчыны адзін мужчына – многа, а два ўжо – мала”, – казаў мой настаўнік Яўген Міхайлавіч Вінакураў. За ўсё сваё жыццё так і не змог даказаць адваротнае.

***
Ужо так павялося, што Руссю заўсёды кіравала нерусь.

***
У Расіі цяжка знайсці рускага, затое досыць рускамоўных, часам з вялікай цяжкасцю.

***
Калі мужчына арэ, дык жанчына – лётае.

***
Жанчына – стварэнне незямное, можа, анёл, можа, чарцяня, як каму пашанцуе. Дык навошта ж мы спрабуем ёй штосьці растлумачыць на сваёй грубай і недасканалай мове? Чаго крыўдзімся, спрачаемся, імкнёмся перарабіць пад сябе? Перакаваная жанчына перастае быць ёю і ператвараецца ў падобнага нам чалавека. Ці добра гэта?

***
Без ворагаў няма перамог, няма вялікіх спраў, няма, урэшце, улады.

***
У душы мы засталіся ідалапаклоннікамі: што ні кабінет, дык кумірня – на сталах бюсты, на сценах партрэты, у душах страх перад вышэйстаячым грамабоем.

***
Улада спараджае карупцыю, а карупцыя, гуртуючы і мацуючы самаўзнаўляльнае войска чыноўнікаў, карумпуе грамадства, яго свядомасць, і, у выніку, умацоўвае ўладу.

***
Вышэйшая форма карупцыі – гэта барацьба з карупцыяй.

***
Мяне раздзіраюць супярэчнасці паміж далікатнай настальгіяй па мінулым і сполашнай пустэчай будучыні.

***
Паабяцаўшы будучыню, у нас зноў забралі мінулае.

***
Шмат ведае толькі энцыклапедыя, так што не давай сябе часта чытаць – загартаюць.

***
За словам “Радзіма” заўсёды хаваецца рабаўнік.

***
Таптаць таго, хто ўпаў, усё адно што бегчы на месцы, толькі больш гідка.

***
Толькі ў крывавай вайне Расіі дазваляюць быць першай дзяржавай свету і сваімі косткамі брукаваць будучы дабрабыт чалавецтва.

***
Прыгожыя жаночыя ногі – як сродак вядзення трэцяй сусветнай вайны: у ёй ніколі не будзе ні пераможцаў, ні пераможаных, толькі працэс.

***
На тое ён і бюджэт, каб яго раскрадаць.

***
Крадзі, ды не абкрадзены будзеш.


***
Чым больш веруючых, тым менш вернікаў. Богу, напэўна, крыўдна, а царкве прыбытак.

***
Для поўнага шчасця заўсёды няшчасця не стае.

***
Цяжка, з надрывам і крывёй памірае любоў у сэрцы тваім. Нясцерпным болем сціскаецца душа, і свет, велізарны каляровы свет, ператвараецца ў шэрую, суконную нуду, і радасць сыходзіць з дома твайго, і жыццё становіцца нікчэмным існаваннем, і смерць ужо заве далучыць цела тваё да астылага трупа былога шчасця.
О, як шмат людзей прайшло па гэтай журботнай дарозе!
Толькі мастаку дадзена магчымасць, спальваючы сябе, падоўжыць Любоў сваю ў стагоддзях! Насуперак здрадам, пагалоскам, зайздрасці, сваёй маладушнасці захаваць, выпеставаць і паднесці вечнасці вялікі дар, пасланы Небам.
Якое шчасце, што мая Любоў жыве і доўжыцца, і так будзе заўжды, дакуль будзе жыць кніга і будзе жывы яе апошні чытач.

***
Няма нічога больш пэўнага, чым тое, чаго ніколі не было.

***
Амерыка, падштурхнуўшы Еўропу да аб’яднання і прыдумаўшы для яе адзіную валюту, вельмі паспяхова завяршыла каланізацыю Старога Света. Лягчэй кіраваць адной аморфнай і насамрэч бяспраўнай дзяржавай, чым спраўляцца з трыма дзясяткамі нацыянальных амбіцый.

***
Бог абдарыў яе прыгажосцю, нічога не запатрабаваўшы наўзамен.

***
Прыгожая жанчына – як яблык разладу ў раі, нават праведніку хочацца паспрабаваць.

***
Прыгожая жанчына заўсёды няшчасней, бо прыгажосць нараджае ганарлівасць, ганарлівасць – ганарыстасць, а ганарыстасць вядзе да заганы і лютай адзіноты.

***
Я не бачыў, каб хтосьці жаніўся на розуме.

***
На кухні пахла саспелым кавуном, і я ўспомніў, што гэта першы пах восені.

***
Вайна – гэта вар’яцтва ўладаў і нічога больш.

***
Наш розум чамусьці прагне апантанасці, можа, таму мы так часта выбіраем кіраўнікамі сабе вар’ятаў.

***
На вайне парыў самаахвяравання ў імя Радзімы падобны да першага выбліску кахання, напэўна, таму сярод ветэранаў столькі цынікаў і няшчасных у шлюбе людзей, ім здаецца, што Радзіма іх недалюбіла.

***
Захопленасць, як і жыццё – перманентная.

***
Калі свае полавыя прыхільнасці дэманстраваць не ў ложку, а на пляцах і парадах, то гэта ўжо не каханне, не патаемныя пачуцці, а самая што ні на ёсць палітыка.

***
Артадаксальныя рэлігіі (хрысціянства, іслам, юдаізм) у цялесным каханні, як у наймоцным эмацыйным пачуцці, бачаць, найперш, канкурэнтку і пагрозу веры. Напэўна, менавіта таму яны ўсяляк імкнуцца заглушыць у нашай існасці пульсуючую вонкі энергію, тым самым скажаючы яе, а забаронамі і абмежаваннямі ператвараюць натуральныя і светлыя пачуцці ў голы сэкс і парнаграфію.

***
Большасць жанчын бландынкамі не нараджаюцца, а імі становяцца. Іх унутраны свет, пасля доўгіх пошукаў і дыскамфорту, нарэшце такі знаходзіць сваю праўдзівую форму. Так яны спрабуюць выправіць памылку прыроды.

***
А, між іншым, кажуць, што сярод святых няма ніводнай бландынкі.

***
Ён так любіў бландынак, што закахаўся ў сваю жонку толькі пасля таго, як яна пасівела.

***
Верыць жанчыне – таксама ненадзейна, як і даваць слова самому сабе.

***
У выніку ніхто з нас так і не даведаецца, дзеля чаго ён жыў на зямлі.

(Працяг будзе)