12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Валерый Казакоў

_____________________
Абібокі.
Заканчэнне


***
Незаробленае багацце – крыніца дэградацыі асобы, а ў выніку і заняпаду дзяржаўнасці.

***
Маё “я” чамусьці часта адрозніваецца ад мяне самога; мне становіцца не па сабе, калі гэтыя блізняткі пачынаюць даймаць адзін аднаго.

***
Шануеце ноч, бо ўначы жыццё праходзіць міма нас.

***
Ён стаў багатым пасля народнай галечы, але затое як ён пакутуе па камуністычным мінулым!

***
Чэкіст застанецца чэкістам, хоць ты абсып яго выгодамі.

***
У Расіі ўрад змяняюць як палюбоўніц, каб усім публічна даказаць сваю полавую заможнасць.

***
Маленькі чалавек паспрабаваў напалохаць усіх, начапіўшы на сябе маску волата. Усе здзівіліся, а маленькі застаўся задаволены сабой, хоць не падрос ні на ёту.

***
Самае дэмакратычнае спараджэнне чалавека – дзярмо! Ежа, адзежа, жыллё – знак класавай няроўнасці, і толькі га...но аднолькавае і па форме, і па змесце.

***
Як казала адна з Візантыйскіх царыц, “пурпур улады – лепшы саван”, так што ад нашых кіраўнікоў добраахвотнага сыходу з дэмакратычнага трона чакаць няма чаго.

***
Бальшавізм – пунсовая чума мінулага стагоддзя.

***
Вера ў Бога ў нас вычарпаецца ў чарговы раз, як толькі людзі зразумеюць, што пад спеў псалмоў іх у чарговы раз ператварылі ў рабоў, і прытым далёка не Божых.

***
Памятай усё, нават тое, чаго ніколі не было, і жыццё тваё будзе заўсёды цікавым і поўным незвычайнага.

***
Ланцужны сабака разбэшчаны ланцугом, які забяспечвае яму ежу і прытулак пры абсалютным лайдацтве, таму калі ў двор уварвецца воўк, наш Палкан вобмігам ляціць у сенцы, збіваючы з ног гаспадара. Калі ж у сад залазяць суседскія хлапчукі, кудлаты вартавы рве іх на кавалкі, імкнучыся паказаць гаспадару сваю значнасць і незаменнасць. Як гэта падобна на працу сілавікоў.

***
Самы страшны праклён чалавецтва – кароткая памяць жывых.

***
Усе высокія намеры вышэй пояса, як правіла, не падымаюцца.

***
Свет закаціўся далёка-далёка, у самае забыццё, чалавек пачаў даставаць яго палкай, ды так намяў свету бакі, што пачалася чарговая сусветная вайна.

***
Нават самая добрая казка можа скончыцца жахлівым сном.

***
Калі ворагаў няма, іх прызначаюць.

***
Чым больш ворагаў народа, тым тлусцейшыя і мардацейшыя чэкіс­ты.

***
Цяжка жыць, калі не плачацца.

***
Дзе пачынаецца суд людскі, там памірае справядлівасць і праўда.

***
Ва ўсякага нягодніка заўсёды адшукаецца нямала чыстых абаронцаў.

***
Доўга не атрымліваецца толькі тое, што і атрымацца не можа.

***
Усякая ўлада трымаецца на трох кітах: нашай ляноце і надзеі на дарэмшчыну, жандарах і пацучынай грызні апазіцыі.

***
Нішто не вечна пад месяцам, калі ты спіш з чужой жонкай.

***
Мне беларуская мова патрэбная дзеля таго, каб размаўляць з Госпадам.

***
Карова была такая худая, як нашая нязбытная камуністычная будучыня.

***
Калі ў прэзідэнта няма ворагаў, іх выдумаюць спецслужбы.

***
Дзеці ўсё ж мудрэй за нас, бо не вераць у Бога – яны жывуць у Ім.

***
Мы ўжо даўно дурасць прымаем за мудрасць, а хлусню за праўду.

***
Народ яго так любіць, аж баіцца!

***
Можна верыць хоць у чорта, хоць у іншапланецян, але толькі не ў любоў алігарха да народа.

***
Ён ім так пагарджаў, што зрабіў сваім пераемнікам.

***
Мы ўвесь час штосьці шукаем, хоць да гэтага нічога і не гублялі.

***
Свабода таксама крывадушная, як і праўда, сказаная за грошы.

***
Далонькі маленькіх дзяцей пахнуць нашым шчасцем, так шкада, што дзеці вельмі хутка вырастаюць.

***
Самае вялікае дасягненне іспанскай дэмакратыі – цудоўнае надвор’е на Канарах.

***
Дурата, прыйшоўшы да нас, ужо нікуды не сыходзіць. Так, са сваімі дурнотамі, мы і жывём.

***
Мае словы перашкаджаюць маім думкам, вось так, у апошні час, яны і жывуць у поўнай раз’яднанасці.

***
Апошні час вельмі шкадую, што перагрузіў сваю галаву масай чужых ведаў, якія нахабна ператварыліся ў маю адукаванасць, што замінае бачыць сапраўдную карціну свету.

***
Бойцеся ісціны ўбогіх, яе ў іх няма.

***
Казнакрадства не крадзеж, а стыль жыцця.

***
Праўдзівай качэўніцай на зямлі з’яўляецца толькі любоў.

***
Хрыстос і ўявіць не мог, што Яго імем будуць карміцца гэтулькі лайдакоў.

***
Дэмакратыя, па сутнасці сваёй, такая ж улада бюракратаў, толькі прыкрытая пярэстай шырмай агульнапрынятых умоўнасцяў.

***
Вялікіх губіць дробязная мітусня нікчэмнага асяроддзя.

***
Першым праўду за грошы сказаў Юда.

***
«Не здавайся ў рабства, пакуль у цябе ёсць выбар памерці свабодным!» – мудрагеліў Эўрыпід і, пры ўсіх мудрагельствах свайго часу, паміраць за свабоду не спяшаўся.

***
Ён пасля смерці патрапіў у Пекла, а яна ў Рай, хоць да гэтага жылі адной сям’ёй.

***
У божых слугаў заўсёды чалавечыя патрэбы.

***
Матрыярхат – гэта калі бабы справодзілі мужыкоў па маманта ці на вайну, а самі адвязаліся па поўнай праграме.

***
Здзічэнне абраных вядзе да ўсеагульнага вычварэння грамадства.

***
«Нішто не занадта», – казалі старажытныя грэкі, але і само «нішто» было ўжо занадта для чалавека.

***
Таго, чаго не было, ужо ніколі і не будзе.

***
Прыхамаць і капрызы слабых мужчын кіруюць светам.

***
Каб убачыць будучыню, зусім неабавязкова зазіраць у зад сучаснасці.

***
Галасаванне ўзняццем рукі азначае палавіністую здачу ў палон.

***
Калі Богу маліцца натоўпам, дык гэта ўжо не малітва, а харавы спеў.

***
Хто шмат піша, той – пісьменнік, а я сведка дзён вашых і шэпт лістоты памяці вашай, і дождж дажджоў слоў вашых, і змярканне ўчарашняга. І няма пакаяння на зямлі, бо хто каецца – ужо маніць у імя будучага граху свайго. Усякае слова з вуснаў яго ёсць хлусня. Не жыві ў хлусні і не паклёпнічай на імя сваё, і дадзена будзе табе ад маўчання твайго. Маўклівая скала ў ракі Катунь, і ў вякі вякоў цела яе, і няма ёй канца. Бязмоўныя і звер, і птушка, і не маюць яны страху смерці, і патрэбы ў пакаянні няма ў іх; і ў тым праўда, усё іншае слепата і цямрэча розуму твайго.

***
У цярплівасці свая праўда.

***
У Бога і чэрці на падхваце.

***
Улада і патрэбы народа – паняцці рознапалярныя, усе гэта ведаюць і працягваюць адвечную гульню ў добрага, але акружанага нягоднікамі цара.

***
Калі сілы няма, то і бяссілле – сіла.

***
Юда-хрысціянскую цывілізацыю чакае страшная помста мусульман за крыжовыя паходы.

***
Галоўны запавет нашага часу: чэкісту – чэкістава, бандыту – бандытава, а астатняе – мянтам.

***
Вось яна, вузкавокая будучыня маёй краіны.

***
Ёсць такая прафесія – кнопкі націскаць.

***
На ўсякую прыгажосць старасць адшукаецца.

***
Ёй так падабалася быць прыгожай, што яна гэтым жыла. Людзі на яе заглядваліся, а яна любавалася толькі сабой; так самотнай і памерла.

***
Вар’яцтва генія з часам становіцца нашай рэчаіснасцю.

***
Калі б не было Рыма, не было б і Бога, але калі б Бог туды прыйшоў, Рым давя­лося разбурыць.

***
Дачцэ падабаецца Рым, а мне – іспанка за суседнім столікам.

***
Аб вечныя камяні Рыма сціраецца час, і ўначы, заблукаўшы ў пустэльных вулках, ты можаш патрапіць зусім у іншую эпоху.

***
Прыляцець у Рым, каб усё гэта ўбачыць, і паляцець, каб ужо ніколі не забыць.

***
Толькі ў вечна жывым Рыме Гогаль змог напісаць “Мёртвыя душы”.

***
Гогалю так падабаўся Рым, што ён нават стаў рускім патрыётам у аповесці “Тарас Бульба”, каб ніколі не вяртацца ў Расію, а вярнуўшыся, з глузду з’ехаў і спаліў працяг “Мёртвых душ”.

***
Жанчына з тварам стомленага вярблюда.

***
Беднаму грошай на ўсё хапае, а багатаму іх заўсёды мала, бо іх ужо і злічыць не можа.
***
Чым больш ён імкнецца быць бацькам нацыі, тым усё больш становіцца яе айчымам.

***
Ён так заўзята шукаў Бога ў нябёсах, што згубіў у сабе чалавека.

***
Яшчэ невядома, што для народа лепш: сіла дыктатуры ці імпатэнцыя ўлады.

***
Калі карміць нават самае цнатлівае каханне грашыма, яно непазбежна вырасце ў агідную прастытутку.

***
Нават два леты не заменяць адной восені.

***
Дзяржава сёння ўжо так далёка адышла ад чалавека, што мы яе амаль не бачым.

***
Гора той краіне, правадыр якой не ведае, чым сябе заняць.

***
Дурнота таксама бывае крэатыўнай.

***
Не гожа пісьменніку чакаць дапамогі ад прэзідэнта, які не чытае кніг.

***
Дзе знайсці дзень, у які б змясцілася ноч?

***
Усё часцей папы перашкаджаюць маёй доўгай гутарцы з Богам.

***
Калектыў – самае страшнае вынаходства нягоднікаў.

***
Час пройдзе таксама незаўважна, як прыйшоў.

***
Узрост непазбежна крадзе ў нас бестурботнасць, пакідаючы сум.

***
Улада не хлусіць не можа. Хлусня – яе ідал.

***
Улада – такая ж хімера, як і час: за прыдуманай намі абалонкай хаваецца бездань пустэчы.


***
Больш за ўсё людзі хлусяць падчас вайны і пра вайну.

***
У начным дыханні восені асабліва выразна адчуваецца вечнасць.
***
Рэчы ў вёсцы жывуць даўжэй, чым у горадзе і, тым самым, запавольваюць плынь часу, адтуль і даўгалецце чалавецтва.

***
Вечар загус як бітум і пераўтварыўся ў ноч, мне не хопіць запалак, каб яго растапіць.

***
Вялікі Рым забіла хрысціянства, з яго цэглы пабудавала Ватыкан, але дагэтуль на руінах “вечнага горада” турыстаў больш, чым паломнікаў у храмах.

***
Апошнім часам у царкве нас усё часцей спрабуюць пераканаць у тым, што Хрыстос і прэзідэнт адно і тое ж.

***
У Маскве ў 1945 годзе куфаль піва каштаваў шаснаццаць рублёў – дзённы заробак афіцэра-франтавіка.

***
Божую мілату на зямлі людзі ствараюць сваімі рукамі.

***
Бог жыве ў храме, калі Яго туды прыносяць людзі ў сэрцах сваіх.

***
Не хлусіць толькі вар’ят.

***
Чым бядней краіна, тым дэспатычней у ёй улада, тым больш у гарадах храмаў.

***
Заўтра мы абавязкова забудземся аб тым, што ведалі сёння.

***
Каб не прыйшоў чорт, не заві бога, якога не ведаеш.

***
Адзінота жанчыны пачынаецца з адзіноты зубной шчоткі ў шкляначцы яе туалета.

***
Еўропа проста на вачах ператвараецца ў араба-афрыканскі халіфат.

***
Бог стварыў людзей, падзяліў іх на расы і рассяліў па ўсім свеце ў надзеі, што яны ніколі не перасякуцца. Яму і ў галаву не магло прыйсці, што белыя вынайдуць самалёт і караблі, каб загубіць сябе.

***
У двары Ватыкана стаіць самы страшны помнік, які мне даводзілася бачыць: кружляюць адзін у адным і разбураюцца шары – мадэль канца свету, нагляднасць знішчэння адной цывілізацыі іншай ці проста закончанае вар’яцтва нашага свету.

***
Амаль у кожнага народа быў свой Леанарда да Вінчы; у беларусаў гэта, безумоўна, Францыск Скарына, таямніцу якога мы так ніколі і не раскрыем.

***
Шлях з грэкаў у варагі – гэта не толькі гандлёвая дарога, гэта таксама шлях рабства, подласці і распусты.

***
Моліце Бога, каб Ён хутчэй паслаў нашай царкве сумленных і добрых айцоў, пакуль цяперашнія яе канчаткова не раскралі.

***
Самыя агідныя вернікі – былыя камсамольскія актывісты і партыйныя началь­нікі, для іх Бог – гэта генсек, толькі на небе.

***
Няўжо чалавецтва выпаўзла з цемры існасці толькі дзеля таго, каб знікнуць пад сонцам прагрэсу?

***
Містыка без матэрыяльнага свету – вар’яцтва.

***
Ці варта было Канту ці Талстому столькі шмат пісаць, каб іх сёння ніхто не чытаў.

***
Прыгажосці свету нам дадзеныя дзеля таго, каб адчуць сваю нікчэмнасць.

***
Хутчэй за ўсё, людзі – адна з разнавіднасцяў паразітаў.

***
Самым страшным наркотыкам з’яўляюцца грошы.

***
Прывыкнуць можна да болю, але не да страху.

***
Ва ўсякай улады адзін твар – задніца.

***
Мінулае няшчасце амаль заўсёды дапамагае новаму шчасцю.
***
У Бога адзін клопат – не замінаць людзям.

***
Ствараецца ўражанне, што нас не трэба заваёўваць: мы і так усё за бесцань спусцім самі.

***
Не кліч мінулае, сучаснае цалейшым будзе.

***
Жыццё не кубак: яго да краёў не нальеш і да дна не вып’еш.

***
На ўсякага караля казырная шасцёрка знойдзецца.

***
Ёй было так сумна, як нікому ў свеце не бывае.

***
Ён нікуды не спяшаўся, бо ўжо ўсюды паспеў.

***
Мы ўвесь час як блытаем волю са свабодай, ад таго і большасць нашых бедаў.

***
З гадамі яго твар становіцца ўсё зласнейшым, яшчэ трошкі – і ён ператворыцца ў старога лысага пацука.

***
У дурноты шмат твараў, але мы ведаем толькі два: жонкі і начальніка.

***
Лёс становіцца лёсам толькі пасля таго, як з намі штосьці здарылася.

***
Самая крамольная навука – гэта гісторыя.

***
Навіна заканчваецца адразу, як толькі пачалася.

***
Не імкніся ўбачыць тое, чаго няма, і ты пазбавіш сябе непатрэбнай рэальнасці і шэрагу непрыемнасцяў.

***
Праўда знаходзіцца дзесьці паміж хлуснёй і нашым жаданнем ашукацца.

***
Раніца – гэта штодзённая рэпетыцыя ўваскрашэння.


***
Калі мы спрабуем зразумець незразумелае, нараджаецца рэлігія.

***
Нам амаль заўсёды трэба туды, дзе нас зусім не чакаюць.

***
Іх, як школьнікаў, зрэдзьчас вывозяць на экскурсіі па падначаленай ім краіне.

***
Дурное памятаць тое, аб чым іншыя ўжо даўно забылі.

***
Для кагосьці і захад з’яўляецца ўзыходам.

***
Казка ўжо даўно скончылася, а воўк усё яшчэ не з’еў Чырвоны Капялюшык.

***
Сабраўшыся далёка, азірніся вакол: можа, і ехаць нікуды не трэба.

***
Ва ўлады заўсёды сваё свята, на якое нас ніколі не паклічуць.

***
Помніку напляваць, якія мітынгі збіраюцца ля яго падножжа.

***
Чым больш гарэлкі, тым больш зразумелая мова птушак.

***
У адрозненне ад жывых, мёртвыя заўсёды да нас вяртаюцца.

***
Хто не ўмее працаваць, той праводзіць нарады і з’езды.

***
Не трэба ганяцца за поспехам, а то ён яшчэ падумае, што вы ад яго ўцякаеце – і пакрыўдзіцца.

***
Гаворачы пра вар’яцтва свету, мы кажам пра сябе.

***
Чалавецтва вядзе вечную вайну за вечны мір.

***
Чым менш у народзе рэлігійнага фанатызму, тым меншая верагоднасць вайны.

***
У Неба няма душы, толькі воля, таму яно нас ніколі не чуе.

***
Калі бюджэт войска меншы за бюджэт сілавікоў – гэта ўжо турма, а не дзяржава.

***
Нам не хапае таго, чаго ў нас ніколі і не было.

***
Аднойчы паверыўшы ў тое, чаго няма, мы засталіся ў палоне гэтай веры.

***
Асобай заўсёды безаблічныя кіруюць.

***
У годнага ваўка і казляняты сытыя, і козы апрыходаваныя.

***
Кепска, калі вочы смяюцца, а душа плача.

***
Прыдумаць Бога значна лягчэй, чым яго спасцігнуць.

***
Мужнасці заўсёды бракуе кроплі баязлівасці, каб застацца жывой.

***
Самалюбны чалавек заўсёды гатовы да здрады.

***
Народ – творца ўсяго, акрамя мудрасці; мудрасць ствараюць адзінкі, гнаныя народам.

***
Сыйсці – гэта значыць кудысьці вярнуцца.

***
Чым больш у цябе мабільных тэлефонаў, тым страшней яны маўчаць.

***
Рабая восень са скуластым тварам азіяцкага сонца глядзела на свет раскосымі жоўтымі лістамі таполяў. Гэтыя рудыя вочы павольна слізгалі ў празрыстым бліскучым паветры і, некалькі разоў міргнуўшы, з лёгкім шоргатам апускаліся на зямлю. Я сунуўся па шапаткім восеньскім дыване. Дзікая, як начное выццё ваўка, нуда павольна ўсплывала ў душы. Хацелася сарваць адзежу і, скурчыўшыся ад дакранання звярынай шкуры да голага цела, разарваць нябачную заслону часу і заскакаць вакол вогнішча з вялікім, бязважкім бубнам у руках. Хацелася да вытокаў; галава кружляла ў такт лістоты, і гэтае кружэнне набывала сепарыруючую сілу, якая адлучала дух ад цела. Павольна атухла сонца, прастора сціскалася, яшчэ імгненне – і ўвесь гэты велізарны свет ператворыцца ў маленькую, ледзь бачную кропку. Пад цесна сціснутымі стагоддзямі ўжо пульсавала вясёлкавая пустэча. Палёт пачаўся. Аднак нейкая невядомая сіла раптам вярнула ўсё на свае месцы.
Ціха ападала лісце. Сонца мружылася вачыма Мікалая Угодніка. Хацелася плакаць і маліцца.