12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Валеры Казакоў

_____________________
Крыж Еўфрасіньні. Апавяданьне


Дарога была цяжкай і таму здавалася бясконцай. Нудотна з раніцы да вечару рыпелі вялікія колы буды, якую ледзьве цягнулі па бязьмежным камяністым стэпе змардаваныя стомай валы. Павольна ступалі жывёлы, павольна і безупынна адыходзіла з яе жыцьцё.
Гасподзь усемагутны! – бязгучна малілася апранутая ў просты манашскі падрызьнік сівая ігуменьня. Яе строгі твар быў нібы выразаны са старадаўняга бурштыну. – Спадобі дажыць да сьветлага месца Іерусаліму! Ня дай прадставіцца сярод расхрыстанай вятрамі і выпаленай сонцам пустэльні, Госпадзі!
Калі нябачная хваля бездапаможнасьці запаўняла цела, і нечае халоднае дыханьне рыхтавалася задзьмуць слабы агеньчык прытомнасьці, дзесьці далёка, неспадзя­вана ўзьнікаў уласны сьпеўны голас: «І ўваскрэсіцца Бог, і змарнатравяцца ворагі Яго, і ўцякуць ад твару Яго тыя, хто ненавідзяць Яго…», і падступная слабасьць адыходзіла. Манашка непаслухмянымі рукамі з вялікай вымогай падносіла да засьмяглых вуснаў дзіўнай формы крыж і з удзяч­насьцю цалавала яго.
І Еўфрасіньня зноў перамагла ды атрымала вымаленую ўзнагароду.
Матухна, матухна, – радасна крычалі наперабой ейныя спадарожніцы. – Сьвяты горад! Сьвяты горад! Ужо над купаламі крыжы зіхцяць! Даехалі, матухна! Сьвятыя горад!
Хвала табе Божа! – прашаптала ігуменьня, і беларуская яе душа адышла да Яе Бога.

***
Мікалай Платонавіч гучна храпануў і ад таго прачнуўся. Расплюшчыў вочы, падняў апухлы ад стомы і пянкі твар і з сіплым крыкам ускочыў з крэсла. Скрозь цёмную шыбу на яго глядзела строгая незнаёмая старая, захутаная ва ўсё чорнае. Да грудзей яна абедзьвюма рукамі прыціскала нязвыклай формы крыж.
Правая рука чэкіста звычна зашаргала каля дзягі ў пошуках зброі.
«Ды вось жа ён, пісталет, проста перад табой на стале ляжыць!» – прарыпела ў галаве думка, і ўпаўнаважаны, ледзь апусьціўшы вочы, ужо было памкнуўся схапіць трафейны «Вальтар», але замест гэтага вылаяўся і падняў перакуленае крэсла. «Ідыёт! Ды няма ж ніякой старой і быць ня можа». На двары глухая ноч прыфрантавога гораду. Акно кабінету на другім паверсе шчыльна зачыненае звонку сьвятломаскіроўкай, а ў шкле адлюстроўваецца той самы незвычайнай формы крыж, што ляжыць на тваім працоўным стале
Аднак і сны табе сталі сьніцца! – буркнуў раззлаваны афіцэр і прагна прыгубіў вузкі гарлач графіну. Вада была кепскай, цёплай, яшчэ заўчарашняй, з ужо адчувальным смакам застаялага балота.
Якая гадасьць, не хапала якую-небудзь бацылу падхапіць! – гучна ікнуўшы, падумаў маёр, апускаючы графін на стол. – Абсерашся, і раніцай маскоўскі начальнік у шкоднікі запіша, а там і да расстрэльнай сьценкі рукой падаць.
Ён зірнуў на крыж, і перад вачыма ў падрабязнасьцях паўстала карціна расстрэлу траіх чырвонаармейцаў у рэдкім падлеску недалёка ад Бялынічаў.
Так-сяк абмундзіраваныя салдацікі, напэўна, чымсьці атруціліся і час ад часу, як змовіўшыся, выскоквалі з абозу і пад сьмех таварышаў ды крыкі камандзіраў ляцелі ў найблізкія кусты. Небаракі даўно пакутавалі на непрыемную хварату, так што ўрэшце выбіліся з сілаў і ледзь пляліся ў самім канцы абозу, гружанага нейкім казённым дабром, – працягваючы адлучкі ў падлесак. Балазе вазы ледзь цягнуліся, што і ратавала паносьнікаў ад беззваротнага адставаньня ад сваіх.
Мікалай Платонавіч вяртаўся з-пад Менску, які ўжо амаль пакінулі войскі і партыйнае кіраўніцтва рэспублікі. Аб гэтым ніхто ўслых не гаварыў, але ўсе ведалі, страшыліся і чакалі горшага. Ішоў пяты дзень вайны, а разабрацца ў тым, што вакол дзеецца і хто кім камандуеусё ніяк не маглі. І парторганы, і стаўка перабраліся ў Магілёў і рыхтаваліся пры першым жа зручным выпадку ірвануць далей на ўсход. Хоць многія менскія начальнікі аднойчы ўжо прарабілі гэты шлях у першы дзень вайны. Як толькі бомбы зваліліся на горад, і варожыя самалёты зьніклі, самыя шустрыя і верныя партыі адказныя работнікі, сабраўшы сьпехам скарб і дамашніх, плюхнуліся ў свае легкавікі і, прыхапіўшы пабольш бензіну, ламанулі на Маскву. Толькі пад Адзінцовам перахапілі вялікую частку іх машынаў і, абвінаваціўшы ў паражэнстве і панікёрстве, павярнулі назад, дазволіўшы, праўда, выгрузіць пажыткі з дзеткамі й жонкамі. У прыфрантавую рэспубліку вярнуліся далёка ня ўсе з уцекачоў. Мікалай Платонавіч цэлую ноч тырчаў на Маскоўскай дарозе пад Оршай, адлоўліваў тых шустрыкаў і накіроўваў іх у Магілёў: на Менск ехаць было ўжо небясьпечна...
Дваццаць другога раніцай успудзіўся ўвесь іхні дом. У горадзе было ціха, народ сышоў, дворнікі толькі пачыналі шоргаць сваімі венікамі, а ў кватэрах чэкістаў ужо на ўсю моц заліваліся тэлефоны, пляскалі дзьверы, і неўразумелыя супрацоўнікі вобміргам беглі ў абласное ўпраўленьне, балазе яно разьмяшчалася недалёка. Слова вайна ўслых напачатку прамаўляць ніхто не адважваўся. Начальства толкам растлумачыць нічога не магло і тэлефанавала ў Менск. Менск, які ўжо бамбавалі, маўчаў і тэлефанаваў у Маскву. Масква ня верыла, мацюкалася і пагражала самымі страшнымі карамі за панікёрства. Першыя дні ўсё ведамства знаходзілася ў нейкім немарасьцевым ступары. Не, усе мітусіліся, кудысьці бегалі, нешта палілі, кагосьці дапытвалі, кагосьці расстрэльвалі, – руціннае жыцьцё ведамства ішло само сабой. Ступар сядзеў усярэдзіне кожнага, як быццам цябе замарозілі знутры і за цёплай, мяккай скурай натапырылася мільёнамі вострых іголак самая сапраўдная шэрань, і не было ніякіх сілаў і жаданьня дужацца з застылымі мазгамі і целам. Маёр так з той раніцы толкам і ня спаў. Марыў, што пасьля адлову начальст­ва, якое ўцякло з Менску, хоць пару гадзінаў пасьпіць, але кіраўніцтва вырашыла па-іншаму. Там, на ранішняй шашы ў Оршы, яму ўручылі канверт з загадам рэквізаваць любую машыну, узяць запас гаручага і гнаць наўпрост на Менск: у раёне Чэрвеня адшукаць такую-та воінскую частку і, забраўшы адмысловы груз і палкоўніка з Масквы, які суправаджае яго, тэрмінова даставіць усё ў Магілёў. Частку ён, хоць і з велізарнымі цяжкасьцямі, знайшоў, знайшоў на сваю галаву і палкоўніка. Той акрамя як гарлапаніць на людзей і штохвілінна хапацца за пісталет, нічога іншага, здавалася, ня ўмеў. Маёр перш на ўсе начальніцкія крыкі рэагаваў і кідаўся выконваць дурныя распараджэньні, але пабываўшы пад парай авіяналётаў, а затым паў­дзельнічаўшы ў баі з нямецкімі дыверсантамі (якія спрабавалі захапіць і падарваць адзін з мастоў праз нейкую рачулку), ён, убачыўшы сапраўдную сутнасьць маскоўскай гніды, што дрыжэла толькі за сваю ўласную скуру, махнуў на палкоўніка рукой і зусім перастаў рэагаваць на ягоныя істэрычныя распараджэньні.
Спаць хацелася страшна. І ён лавіў любую магчымасьць хоць да чаго-небудзь прытуліць галаву, і калі гэта атрымлівалася, то непранікальная цемра імгненна тушыла навакольны сьвет і апускала перагрэты мозг у салодкую пустэчу сну. Машына іх паўзла ледзь-ледзь, бо з-за сустрэчных маршавых калонаў аніяк не магла абагнаць гаспадарчы абоз уцекачоў. Маскоўскага начальніка гэта выводзіла з сябе, і ён, як перасьпелы памідор сокам, наліваўся гневам і пачынаў гарланіць ужо сіпатым ад крыку голасам з самай дробязнай прычыны. Даставалася ўсім: і соннаму маёру, і атупеламу ад стомы шафёру, і пехацінцам, якія не саступалі іх машыне дарогу, бо мкнулі насустрач глухому гуду фронту. Палкоўнік ня гэтак кудысьці сьпяшаўся, як, хутчэй за ўсё, баяўся, бо ведаў: чым надаўжэй яны застравалі на дарозе і гублялі час, тым большай была рызыка зноў трапіць пад налёт фашысцкіх самалётаў, якія ганяліся ў тыя дні за штабнымі машынамі і іх пасажырамі, нібы каршуны за курапаткамі.
Бачачы, што на ягоныя пагрозы і крыкі ніхто не зважае, палкоўнік пераключыўся на абозьнікаў. Не зразумела было, чым яны яму не спадабаліся.
Набрыдзь! Няўжо камандзіры ня бачаць? Глядзі, глядзі, маёр, – трос за плячо палкоўнік, – зноў пабеглі! Не, гэта маскіроўка! Пабегаюць, пабегаюць і адстануць, у надзеі, што немец сюды калі-небудзь прыйдзе...
Нарэшце сустрэчная пяхота прайшла, але язда не зьмянілася. Цяпер па дарозе густа каціла тэхніка. Палкоўнік ня вытрымаў, выскачыў з легкавушкі і тармазнуў першую машыну. З кабіны неахвотна вылез капітан з пятліцамі і шэўронам НКУС. Выслухаўшы масквіча, ён гукнуў з кузава двух салдатаў з рэдкімі на той час для войскаў аўтаматамі, і ўсе разам з палкоўнікам пабеглі ў падлесак. Не пасьпеў Мікалай Платонавіч агоўтацца ад сну, як пачуў недалёкія аўтаматныя чэргі.
Усё ж-ткі парашыў ён гэтых бедалаг... – глыбока зацягваючыся папяросай, са шкадаваньнем вымавіў пажылы кіроўца.
Не зразумеў я цябеякіх бедалаг? – разьмінаючы закляклае ад няёмкага спаньня цела, адазваўся маёр.
Ды вунь абозьнікаў, што ўвесь час у кусты бегалі.
Тваю маць! – маёр выскачыў з машыны і пабег да падлеску.
Салдаты ляжалі ў невялікай лагчынцы, перад імі на зямлі валяліся вінтоўкі, якія раптам сталі непатрэбнымі. Няшчасным не далі ні штаны падцягнуць, ні апраўданьне сказаць у сваю абарону. Нямое зьдзіўленьне застыгла на іхніх тварах, а правая рука кожнага яшчэ сьціскала толькі што сарванае лісьце, якое замяняла ў такім разе паперу. На шэрым моху ненатуральна і палахліва-гідліва сьвяціліся не загарэлыя часткі іх целаў. Буйныя лясныя мурашы, якія ня ведалі дабра і злосьці, ужо дзелавіта бегалі па белай скуры, вялікія балотныя камары зьляталіся на неспадзяваную спажыву, сьпяшаліся ўсмактаць у сябе яшчэ пакуль не загуслую чалавечую кроў.
Што, праспаў, маёр, акцыю! – весела вымавіў палкоўнік, засоўваючы ў кабуру пісталет. – Ты гэта, капітан, зьбяры іх дакументы, – кіўнуў ён на забітых, – і потым, як паложана, дакладзі рапартам па каманьдзе, не забудзься толькі ўказаць, што акцыя праведзеная па асабістым указаньні палкоўніка цэнтральнага апарату МГБ Залатапузава Мэ Кэ. Усё, пайшлі, пайшлі маёр, няма калі тут тырчаць. Другі раз спаць менш будзеш, а то так за ўсю вайну ні аднаго ворага ня зьнішчыш, і ўнукам ня будзе пра што расказаць.
Мікалай Платонавіч цёгся да машыны, як пабіты сабака. Дзіка вось так, ні з таго ні з сягоузяць і загубіць ні ў чым не вінаватых яшчэ зусім смаркатых хлапчукоў...
З якога ляду ўсё гэта лезла цяпер яму ў галаву, зразумець было цяжка, ды і не было калі. Маёр зірнуў на гадзіньнік: без дваццаці чатыры раніцы. Пара зьбірацца. Ён узяў са стала крыж, з-за якога ў апошні час было ўзьнята гэтулькі шуму. Дзеравяка-дзеравякай з абадранымі залатымі ўстаўкамі, пакалупанымі нажом эмалямі з выявамі нейкіх сьвятых, са шкельцамі замест каштоўных камянёў, толькі тонкая нітка ўжо зжоўклага жэмчугу засталася на рэліквіі сапраўднай. Усё гэта вынікала з прыкладзенага да крыжа акту прыёмкі і здачы матэрыяльных каштоўнасьцяў. Хоць якія гэта каштоўнасьці? Акт прыёмкі падпісаў у дваццаць дзявятым годзе мацёры вораг савецкай улады Вацлаў Ластоўскі, які ў той час акапаўся ў Дзяржаўным рэспубліканскім музеі. Гэты зьмей мог любую подласьць утварыць, не гаворачы ўжо аб падмене крыжа, кажуць жа вось, што езуіты яшчэ ў васямнаццатым стагоддзі зрабілі дакладную копію і спрабавалі прысвоіць сабе сьвятыню. Да, дзялы!
Пакруціў дзіўную дзеравячыну ў руках: «Сапраўды ўсе падурнелі: нацыянальная рэліквія! Падумаеш, нейкай князёўне-манашцы калісьці належала гэтая штука. Ну і што з таго: дзе яны сёньняі князі гэтыя, і манахі? Глупства нейкае! Глупства глупствам, а вось, глядзі ж ты, з-за яе фактычна гоняць у Маскву. І прыдурак гэты Залатапузы таксама з-за гэтага кавалка старога дрэва ў Менск папёрся. У першапрастольнай, ці бачыш, і ведаць ня ведалі, што гэтую ерундовіну адзінаццаць гадоў як перавезьлі з Менску ў Магілёў. Гэта ж трэба: тыдзень разьбіраўся, што ды дзе? А тут на табе, бахі вайна пачалася. Не пашанцавала мужыку, яшчэ невядома, як да сталіцы дабярэцца і ці дабярэцца наогул... Што ж гэта ты над сабой раскаркаўся! – шчыра цмокнуў маёр. – Палкоўніка хутчэй за ўсё аднаго не пашлюць, яму ня тое што рэліквіірубель па піва зьбегаць даверыць нельга, згубіць. Відаць, табе і давядзецца ехаць з ім разам. Можа, гэта і да лепшага: вайна толькі пачалася, а ў Маскве ваявацьяно і ганаровей, і надзейней будзе, яе ж здаваць ворагу, ня бойся, ніхто ня будзе... Не, у цябе сапраўды нешта з галавой!», – развагі Мікалая Платонавіча перапыніў тэлефонны званок.
Так, слухаю вас. Я, ёсьць! Куды? Ёсьць! Зараз буду! – чэкіст загарнуў крыж у першае, што трапілася пад рукуу заалеены рушнік, якім ён учора ўвечары чысьціў свой трафейны пісталет, і сунуў скрутак у вялікі палатняны баул для перавозкі грошай і каштоўных дакументаў. Уздыхнуў, памасіраваў перад бляклым люстэркам сонны твар і выйшаў з кабінету. Машына, са знаёмым пажылым кіроўцам, якога ён разам з тэхнікай рэквізаваў калісьці пад Оршай у адказнага работніка спажыўкаа­перацыі, стаяла ля падезду будынку былога народнага банку, а цяпер гаркаму партыі.
Ну, вось і добра, што з табой паедзем, – вітаючыся, вымавіў маёр, уладкоўваючыся на пярэднім месцы, – ёсьць шанцы, што і даедзем. Табе ж не прывыкаць у Маскву матацца
Ды годзе вам, таварыш маёр, падчэпліваць! Я матаюся туды, куды мяне начальства спасылаяць. А вы часам ня ведаеце, гэты Залатажопенка з намі папрэцца, ай не?
Ох, брат, дагаворышся ты калі-небудзь, дагаворышся!
А што я такога сказаў? – папярхнуўся дымам кіроўца.
Шмат чаго, паехалі, ды глядзі ня ляпні пры палкоўніку пра Залатажопава. Залатапузаў ён, запомні: За-ла-та-пу-заў.
Ды мне похрэну. Жываед ён. Можа, маёр, ты ўгаворыш сваіх камандзіраў, хай бы мяне тут пакінулі, сямя ж у мяне пад Менскам, як яны тамака без мяне? Баба цяжарная, месяцы праз два ражаць.
Замоўкні, мужык! Якія роды? Ты ўдумайся, што нясеш! Сам добраахвотна пад немцам зьбіраешся застацца? Ты што, ня ведаеш, што за такія гаворкі ўміг сьценку можна па законе вайсковага часу выпрасіць?
Ды я што, я ж нічога! – зьніякавеў кіроўца
Раніца была пахмурнай і золкай, церусіў дробны дожджык.
«Гэта добра, хоць сьцярвятнікаў гэтых ня будзе», – гледзячы на неба, з радасьцю падумаў маёр. Да будынку на пляцы дабраліся хутка. Захапіўшы, як загадалі, палатняны баул, ён увайшоў у шэры, здавалася б, прыплюснуты нізкім небам будынак. Каля вартавога яго ўжо чакаў суправаджаты. Падняўшыся на другі паверх, Мікалай Платонавіч зьдзівіўся ярка асьветленым калідорам і мноству, нягледзячы на раньне, людзей.
Пачакайце тут, вас запросяць! – спынілі яго ля дзьвярэй з аўтаматчыкамі. Праз хвілінаў дзесяць дазволілі зайсьці ў вялікі кабінет, асьветлены нязыркім сьвятлом.
Ён увайшоў і збаяўся: ля вялікага стала да яго сьпіной стаялі людзі. Суправаджаты гучна паведаміў, што маёр дзяржбясьпекі такі-та прыбыў для атрыманьня інструктажу, і зьлёгку падпіхнуў яго наперад.
Усе свабодныя, прашу застацца таварышаў Цанаву, Яфімава і сакратара абкаму. І, таварышы, просьба да вас далёка не разыходзіцца. Хвілінаў праз дваццаць мы працягнем нараду...
Кіраўнікоў рэспублікі Мікалаю Платонавічу так блізка яшчэ бачыць не даводзілася, хіба што некалькі разоў сустракаўся па службовых справах з галоўным чэкістам Беларусі Лаўрэнціем Цанавам, чалавекам зласьлівым і помсьлівым.
Добры дзень, таварыш маёр, – прывітаўся з ім за руку першы сакратар ЦК кампартыі рэспублікі Панамарэнка, – праходзьце да стала і пакажыце нам гэтую штуковіну.
На нягнуткіх нагах, стараючыся заставацца ў цені і дыхаць носам, Мікалай Платонавіч разгарнуў завэдзганы рушнік і выклаў крыж князёўны на край засланага мапамі стала.
Маёр, ты што, апупеў? Анучы чысьцейшай не знайшлося? – раўнуў над самым вухам Цанава.
Вы ня правы, Лаўрэнцій Фролавіч, ануча, ды яшчэ такая, менш кі­даецца ў вочы, у падобную нічога вартага заварочваць ня стануць. Дык вось ён, які гэты крыж! Гэта ж трэба: дзеравяка, а старажытны сімвал Беларусі, многа я аб ім чуў, а руках першы раз трымаю. Ён жа і на сьвятыню не падобны...
Калі Гаспадар думае, што гэта нейкая сьвятыня, значыць, так яно і ёсьць. Таварыш Сталін не памыляецца! – з каўказскім акцэнтам адазваўся кат беларускага народу. – Дазволіце, я таксама зірну на гэты абадраны цуд. Ты ўсё ж анучу, маёр, зьмяні, а то алеем ад стрэльбы сьмярдзіць. Ці мала хто там у Маскве яго ў руках трымаць будзе...
Не чакаючы, пакуль усе разгледзяць крыж, Панамарэнка паклаў руку Мікалаю Платонавічу на плячо і пранікнёна пачаў інструктаж.
Вам, таварыш маёр, партыя і камандаваньне даручаюць вельмі важнае і адказнае заданьне. На пачатку гэтага месяца па прыгранічных рэспубліках была разасланая сакрэтная дырэктыва ЦК партыі аб вынятцы і адпраўцы ў цэнтр усіх культавых і іншых прадметаў, якія спрыяюць распальваньню сярод несьвядомых грамадзянаў рэлігійнага і нацыяналістычнага фанатызму, а таксама антысавецкіх настрояў. Дык вось... гэты музейны экспанат такім прадметам і зьяўляецца, а таму павінен быць у самы найкароткі час дастаўлены ў Маскву. Заданьне настолькі сакрэтнае, што аб ім ведаеце толькі вы і мы, – ён паказаў рукой на прысутных. – І ўсё. Для ўсіх вы перавозіце звычайную пошту і нейкія малаважныя музейныя каштоўнасьці. Усё, што неабходна, вам выдадуць ва ўстаноўленым парадку. Крыж гэты прыстройце дзе-небудзь сярод сваіх ручных рэчаў. І галоўнае: ні пры якіх акалічнасьцях, – сакратар ЦК падняў крыж над сабой, як быццам памкнуўся ім блаславіць прысутных, – ён не павінен патрапіць у чужыя рукі. У першую чаргу фашыстаў і іх падхалімаў з нацыяналістычнага беларускага падпольля. Яны сьпяць і бачаць гэты крыж у сябе. Гэта для нас, атэістаў, гэта старадаўняя дзеравяка, музейная старызна. А для іх гэта сімвал незалежнасьці і магутнасьці іхняй міфічнай буржуазнай дзяржавы. Сімвал, як яны лічаць, уваскрашэньня былой моцы Літоўскага Княства. Так што, калі патрапіць крыж да нацыяналістаў, ён можа нарабіць гэтулькі бедаў, што і ўявіць сабе страшна. Ёсьць павере, што ў крыжы гэтым утоеная нейкая містычная сіла… – голас першага сакратара абарваўся на паўслове, зьбянтэжыўшыся, Панамарэнка адышоў да стала з зялёнай настольнай лямпай і зрабіў некалькі глыткоў ужо астылай гарбаты.
Глядзі, маёр, – амаль на самае вуха прашаптаў Цанава, – не давязеш крыж да Масквыз-пад зямлі і цябе, і радню тваю знайду! Заданьне самога Сталіна выконваеш, зразумеў?
Зразумеў? – ледзь выдушыў з сябе афіцэр.
А калі зразумеў, – ужо ва ўвесь голас роў наркам, – забірай гэтае гно і наперад! На Лубянцы цябе чакаюць, ды глядзі, не забудзься расьпіску ўзяць, і, чаго б табе гэта ні стала, расьпіску тую перадасі асабіста мне. Паедзеш без палкоўніка, ён пры мне застанецца. Усё!..

Праз тры дні «груз» быў дастаўлены па прызначэньні, пра што была выдадзеная адпаведная расьпіска і зроблены запіс у кнізе паступіўшых каштоўнасьцяў. Ці перадаў чэкіст расьпіску свайму высокаму начальніку, невядома, няма нават зьвестак, ці вярнуўся ён ва ўжо амаль акружаны Магілёў. Відавочцы, аднак, распавядалі, што бачылі напярэдадні прыходу ў горад немцаў кіроўцу той легкавушкі. Мужчына шукаў адпраўленага ў апалчэньне аднарукага дырэктара Магілёўскага дзяржмузею, каб аддаць яму акты аб здачы старажытных кніг і старадаўніх манет, вывезеных разам з крыжом Еўфрасіньні Полацкай у Маскву...

Таварышы, таварышы, прашу ў наступную залу, якая распавядае нам аб гераічнай абароне нашага гораду ў чэрвені-ліпені 1941году. Гэтыя дні адны з самых гераічных і таямнічых старонак гісторыі Магілёву
А чаму таямнічых, – хрыплаватым ад курыва голасам перапыніла экскурсавода высокая рудавалосая дзяўчына, абцягваючы неймаверна кароткую спадніцу, якая здрадліва агаляла тое нямногае, што яшчэ хоць неяк было ўтоена ад навакольных.
Правільнае пытаньне. Гераічнасьць і таямніца заўсёды знаходзяцца дзесьці побач, – прапускаючы наперад старшакласьнікаў, працягнула ўмалоджаная музейная дама. – Так было і ў тыя трагічныя дні. Менавіта тады абрываецца сьлед знакамітага крыжа нябеснай заступніцы Беларусі Еўфрасіньні Полацкай. Існуюць некалькі версіяў гэтай амаль дэтэктыўнай гісторыі. Адны сьцьвярджаюць, што неацэннае тварэньне ювеліра адзінаццатага стагоддзя Лазара Богшы выкралі немцы, і ён згубіўся ў прыватных калекцыях на Захадзе. Іншыя ўпэўненыя, што крыж вывезьлі супрацоўнікі кампетэнтных органаў на ўсход. Трэція праз Інтэрпол спрабуюць знайсьці нашую сьвятыню на Амерыканскім кантыненьце ў прыватных зборах Морганаў і Ракфелераў
Нарэшце самыя недысцыплінаваныя і няўсёведы перабраліся ў суседнюю залу. І ў памяшканьне запырхнула хісткая музейная цішыня.
Бабуля, хадзем, хадзем хутчэй! – цягнула за руку худзенькую, ахайна апранутую бабульку дзяўчынка гадоў васьмі. – Ты што, няўжо ня чула... цётачка там пра крыж нашай Сьвятой казала.
Супакойся, дзетка, усюды мы з табою пасьпеем, – адказвала ёй бабуля, уважліва разглядаючы сьцяну паміж нешырокімі скляпеністымі вокнамі. – Давай, унучка, пакуль нікога няма, станем на калені й паціху памолімся сьвятой Еўфрасіньні аб дабрабыце нашага дому. Вось тут, паміж гэтымі вокнамі, і выставілі тады ў музеі сьвяты яе крыж. Мяне сюды мая бабуля маліцца вадзіла. Народу, бывала, зьбіралася як у храме. Ля крыжа цуды зьдзяйсьняліся, сама бачыла.
Бабуля апусьцілася на калені перад міжваконьнем, ахінула сябе двуперсным хросным знакам і зашаптала малітву. Малая, ня гледзячы на бабулю, дакладна паўтарыла яе рухі. Дзіцячы тварык, сурёзны і шчасьлівы, здавалася, сьвяціўся нейкім радасным незямным сьвятлом, вусны шапталі словы старажытнай малітвы на забытай сёньня мове...
Былі б у музейных сьценаў вушы!.. І дзяўчынка, і яе бабуля размаўлялі паміж сабой і маліліся на цудоўнай беларускай мове, якая сёньня амаль забытая ня толькі ва ўсходнім Магілёве, але і ў Менску, і ў апоры беларускасьціГародні.
Дзіўныя наведвальнікі хутка выканалі задуманаеі, калі пачулася набліжэньне чарговай экскурсійнай групы, як ні ў чым не бывала, не сьпяшаючыся, выйшлі.
Бабуля, а чаму цяпер крыж знайсьці ня могуць? – спытала дзяўчынка.
Хто ж яго ведае, дзетка? Можа, мы сваёй нядбайнасьцю да зямлі, да сваёй мовы, да Бога, да веры нашай старадаўняй угневалі сьвятую, вось Яна і не даруе нам цуду здабыцьця сьвятыні
Ну мы ж з табой молімся, і мовы мы сваёй ня страцілі...
Хто ведае... Мала нас яшчэ, можа, ад таго голасу нашага на небе і не чуваць