12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Людміла Кебіч

_____________________
Хадзем за мной!..
Вершы

А там...

Прачнулася – і сад мой мілы,
А там чарэшню матылі
Бялюткім кветам абляпілі,
Зьляцеўшыся з усёй зямлі.

А там вакол нявесты-грушкі,
Што разьліла салодкі пах,
Таўкуцца пчолкі-галадушкі
І разбухаюць на вачах.

А там на посьцілцы маёвай
Разьліты дзьмухаўцоў жаўткі...
Шпакі – салісты шат вішнёвых –
Сквірчаць у новыя сьвісткі.

Я там, акрытая хусьцінкай,
Праставалосая стаю,
Зьбягае ціхая сьлязінка...
Прачнулася... Няўжо ў раю?!


Хадзем...

Хадзем, падыхаем
Вясновым водарам,
Наяве ўгледзім,
Як мкне лісьцё,
Як нізка ластаўкі
Над дахам лётаюць,
Ды не на дождж, відаць,
А на жыцьцё.

Хадзем, падзівімся,
Як сад нявесьціцца,
Пад белым вэлюмам
Задумна сьціх,
Дымамі ўздымімся,
Калі абвесьціцца
Праз дождж пялёсткавы
Грымотны міг.

Хадзем, памолімся
За сьвет абуджаны,
Дзе пахка-ўсьпенены
Бушуе май.
Душой спатолімся –
Вясной закружаны,
Цьвіце-ачуньвае
Наш любы Край.
Хадзем...


Дарога

Паклікала мяне дарога
У незямную далячынь,
Дзе не бывае неба — многа
між белагрудых аблачын.

Дзе жніўня рыжага прывольле,
На жыце пацеркі расы,
Дзе застрагае нота ў горле,
Пачуўшы птушак галасы.

Дзе красак тысячы найменьняў,
А дождж — кароткі і сьляпы,
Дзе жнейкі сонечным праменьнем
Перапаясваюць снапы...

Паклікала мяне дарога.
Зьбяру пражытае ў сувой
І да жыцьцёвага парога
Пайду, самотная, па ёй.


Санет

Распушыла завея прадзіва –
Трымціць сьняжынак белы рой.
Як ліпа інеем абкладзена,
Так я халоднасьцю тваёй.

Ды толькі ліпа не пакутуе
Пад цёплай хусткай сьнегавой,
Ільдом вачэй тваіх закутая,
Наўрад ці ажыву й вясной.

Не спасылайся на мароз,
На неадкладных спраў сумёты,
Ляцяць з разгубленых нябёс,

Сякуць па мне бязмоўным шротам
ільдзінкі слоў, каралі сьлёз –
Жыцьця раскрышаныя ноты.

Ой, ня сьпіце!

(На народны матыў)


Чаго ж маё сэрцайка
расхадзілася?
Чаго ж мая душачка ные-вяне?
Над Радзімай сонейка
закацілася,
Ой, ня хутка яснае ўзыдзе-гляне!
Ахінула цемра-ноч
нашы хаты,
Не відаць у цемры той
выйсьця-броду,
І куды ня сунешся –
спраты-краты,
А за імі беднага
шмат народу.

То сярпом, то молатам
нас касілі...
Ці ж з крыніцы волі нам
больш ня піці?!
Дзе ж, асілкі-волаты
ваша сіла?
У бядзе забраны край — ой, ня сьпіце!

Ой, гукайце, люцічы,
на ўвесь голас,
Шчэ пакуль лукавы вас
не папутаў,
Каб узрос-ускрыліўся
звонкі колас,
Уратуйце-вырвіце
Край свой з путаў!