12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ірына Хадарэнка

_____________________
Я размаўляла з ветрам і дажджом... Вершы


* * *

Мае абсідыянавыя сны
Злучаюць час цяперашні з мінулым.
А будучыні зерне патанула
Ў імгле пад стосам ісцін прапісных.

Зноў поўня асвятляе зікурат
З цаглінак рэчаіснасці настылай,
І чыйсьці голас ціха шэпча з тылу,
Што час здзяйсняць замоўлены абрад.


ТРЫЯЛЕТ

Глыбока пад небам, далёка за снамі
Блукаюць наўзбоч беспрытульныя цені…
Схавана трывога ў самотным трымценні
Глыбока пад небам, далёка за снамі.
І мроіцца ўпотай, што цені – мы самі,
І гэта пра нас навакол шамаценне:
Глыбока пад небам, далёка за снамі
Блукаюць наўзбоч беспрытульныя цені…


КАРОТКІ КРОС-КУЛЬТУРНЫ АНАЛІЗ
ЭМАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПАРАДЫГМЫ

Каханне як міфалагема
Звычайна лашчыць розум еўрапейца.
Яно сваім святлом праменным
У цемрадзі быцця дае сагрэцца.

Каханне як цявіна лёсу
Павінна жыць у сэрцы азіята.
І на шляху душы ў нябёсы
Вібрыруе яно струной напятай.


* * *
Я размаўляла з ветрам і дажджом
І слухала нябесных цел парады,
Ды рэзала душу, нібы нажом,
Сляпое прадчуванне блізкай здрады.

Цана святых дагматаў – медны грош,
Бо ў думках мы кагосьці забіваем
Амаль штодня. І спадзяёмся ўсё ж
Знайсці ратунак – там, за небакраем.

СТОП-КАДР
Спавітыя нератам шарай гадзіны
Абсягі свабоды ў гаротнай краіне.
І позірк мой тоне ў ландшафце адзіным:
Навокал руіны, людскія руіны…

ЦЯНЁТЫ ЦЫКЛОНУ
На цёмным цвінтары,
Зацыраваным цвіллю,
Мацнеюць кіпцюры
Тубыльцаў у цывільным.

Духоўнасці сцябло
Цкуе сцюдзёны вецер;
Цярэбіцца цалок
Нясцерпна ад суквеццяў.
Цар цуглі адпусціў,
Гучыць працяглы цокат.
І цьмее супраціў,
Як пацалунак цмока.


* * *
Ідэя – гэта нечаканы скарб,
Насуперак пракляццю закрануты.
Акрылены табой, ляцеў Ікар,
А Праметэй быў да гары прыкуты.

Ідэі ўсё жыццё служыў Платон,
Гіпатыя загінула ў адчаі…
Ідэя застывае, як бетон,
І можа, як вясновы снег, растаяць.


АГМЕНЬ ПАМЯЦІ
Здалося, што нябёсы пабялелі,
Расцёкся боль чырвонай паласою
І лёсу недасяжныя арэлі
Спыніліся над вечнасці ракою.

А побач – пылам засціцца дарога,
Спяваюць птушкі і смяюцца дзеці.
І быццам не змянілася нічога
На гэтай абыякавай планеце.

Усё, як і раней, у наваколлі…
Ды памяці людской агмень нязгасны
Сілкуе душы тых, хто мімаволі
Зляцеў у вырай. Найчасцей заўчасна.

* * *
Паміж пункцірамі дажджу,
Сярод шматкроп’я жвавых промняў
Свой вобраз шыфрам запішу,
Каб ты мяне калісьці ўспомніў.

Дазволю жарсцям прарасці
І зноў збягу блукаць па свеце.
Ты не сумуй, ты адпусці –
Ніхто трымаць не ў стане вецер.

* * *
мая самнамбулічная радзіма
смуга ў крыві, мядузы ў пантэоне
на золку не гарыць, у цьме не тоне
расколатай свядомасці ільдзіна

пад небасхілам пацеркі кахання
над вокам праўды вусцішныя вейкі
застыласць. час зруйноўваць рэйкі
і ў хованкі гуляць з паўночным ззяннем

ТАСТАМЕНТ

А што, калі сапраўды існуе
верагоднасць пазажыццёвай пілігрымкі?
тады варта было б загадзя скласці маршрут
футурыстычнай вандроўкі па вясёлкавых рэйках.

скон – гэта раптоўна разбіты калейдаскоп быцця,
з якога высыпаюцца рознакаляровыя шкельцы-згадкі;
але перад тым, як патрапіць у бяздонную лужыну пустэчы,
яны паспяваюць бліснуць яскравымі праменьчыкамі,
скіраванымі ў апошняе падарожжа
па родным кантыненце.

дык вось для іх
творчы брыф:
саскочыць з вежы базілікі ў Базэлі;
пашпацыраваць па брукаванцы ў Тарагоне;
крануць пялёсткі лаванды на востраве Хвар;
праляцець над чарапічнымі дахамі Любляны;
пазалаціць слоік з мёдам на вужгарадскім рынку;
пад шум хваляў выказаць пашану руінам Херсанэса;
ускараскацца стрымгалоў па вінаграднай лазе ў Сумгаіце;
засведчыць неверагодны блакіт Чарвакскага вадасховішча;
ператварыць у дыяменты пырскі са страсбургскага фантана;
патанчыць на ўскрайку кілішка ў папулярнай лейпцыгскай абсэнтэрыі;
запаліць кропельку балтыйскай смалы на адной са светлагорскіх соснаў;
прывабіць позірк соннай коткі пад квітнеючым дрэвам у Петравацы;
палашчыць маленькі куст шыпшыны каля Юравай гары ў Крэве;
расфарбаваць пяро крука на могілках вікінгаў у Ольбаргу;
даследаваць закуток паміж белым і чорным каменнем,
што суседнічаюць на гары ў ваколіцах Грымстада;
пагойсаць паміж смарагдавых узгоркаў у Кярнавэ;
зазірнуць у вакенца калібы ў Старым Смакаўцы;
павітаць карагод начных агеньчыкаў Серсале;
і схавацца пад Зялёным мастом у Кракаве.

Не трэба бегчы да Масквы або Парыжа,
ці вартаваць адчай на могілках сталіцы.
Не кідайце ў зямлю, не стаўце крыжа,
няхай душа ў прасторы растварыцца…