12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Віктар Хурсік

_____________________
"...Осужден к высшей мере наказания"



Усе прозьвішчы
ў публікацыі — сапраўдныя.

Павел Аркадзьевіч Варанцоў-Вельямінаў ніколі ня крыўдзіў свайго арандатара Гацко. Паважала працавітую сялянскую сям’ю і жонка памешчыка Натальля Аляксандраўна – унучка вялікага расейскага паэта Аляксандра Пушкіна . Cустракаючы старога Гацко ў маёнтку, куды ён заходзіў па справах, яна заўсёды цікавілася жыцьцём, раіла даць адукацыю дзецям. Сына яго, Назара, яшчэ падлеткам узяла да сябе ў маёнтак фурманам. Выбар яе вызначыў вясёлы нораў гэтага хлопца, які добра стасаваўся з прыро­джанымі акуратнасьцю і далікатнасьцю. Падчас паездак, назі­раючы за паводзінамі і схільнасьцямі Назара, Натальля Аляксандраўна заўважыла, што ў яго нядрэнны слых і паспрыяла жаданьню маладога фурмана навучыцца іграць на скрыпцы.
З дзяцінства Назар бачыў у Варанцовых-Вельямінавых увасабленьне высакароднасьці і сам імкнуўся быць падобным да іх у гэтым. Калі надышла пара жаніцца, ён ня стаў шукаць вялікі пасаг, а жаніўся на дзяўчыне-сіраце з суседняй вёскі Плёсы. Варанцовы віталі гэты шлюб і, паводле сямейных паданьняў Гацко, нават, добра адарылі маладых.
Жонку Назара – Донну –Гацковы прынялі. была яна працавітай і акуратнай. Аднак Назар ня стаў дакучаць бацькам — узяў Донну ды і махнуў на волю, на чыгунку ў заробкі.
Шчыраваў, прызначылі арцельным старастам, далі сякое-такое жытло. Праз восем гадоў, калі ў сям’і зьявілася пятае дзіцё, усё ж адчулася нястача, і Донна пачала прасіць Назара пра пераезд бліжэй да дому: на Ігуменшчыне княгіня Магдаліна Радзівіл якраз будавала чыгуначную ветку Верайцы—Градзянка, і быў шанец туды ўладкавацца. З 1911 году Назар пачаў працаваць брыгадзірам, а пазьней дарожным майстрам на станцыі Уборак гэтай веткі. Сям’я пасялілася ў новай, прасторнай, толькі што пабудаванай казарме, што тулілася да лесу ў вёсцы Амінавічы ў трох кіламетрах ад станцыі.
Успамінае дачка Назара Тацяна Назараўна Ман (Гацко): «Жыцьцё ў Амінавічах было поўнае радасьці. У сям’і было ўжо восем дзяцей, але бацькоўскай цеплыні хапала ўсім. Бацька ніколі не сумаваў, часта граў на скрыпцы. Памятаю, паліцца печ, трашчаць дровы, у чыгунку варыцца бульба, а бацька бярэ скрыпку і запрашае мяне, дзіцё, да скокаў: весялей, весялей, Тацянка! Я ня памятаю яго п’яным, хаця, як музыка, на вясельлях ён граў часта. Вельмі спачуваў бяднейшым. Быў добрым сватам, зьвёў і ажаніў не адну пару. На працы яго таксама паважалі...»
Ні рэвалюцыі, ні войны не перапынялі працу чыгункі. І дарожны майстар пры ўсіх уладах вымушаны быў адказваць за стан чыгуначнага палатна.
Калі ў 1920-м ва Уборку зьявіліся палякі, просты люд не прыняў іх. І Назар ня выйшаў на працу. Засталіся па дамах і іншыя пуцейцы. Для чыгункі гэта ўжо быў непарадак. Ноччу казарму ў Амінавічах наведалі польскія жаўнеры. Яны загадалі Назару апрануцца ды ісьці з імі на станцыю. Донна адчула нядобрае, але муж супакоіў: пэўна недзе пашкоджаныя пуці і патрэбная ягоная дапамога. Праз якіх паўгадзіны ён ужо стаяў перад памочнікам каменданта станцыі Грабоўскім. Польскі афіцэр зацягнуўся цыгарэткай і паклаў на стол рэвальвер. Прайшоўся колькі разоў па кабінеце. Потым, згадаўшы некаторых мясцовых «добразычліўцаў», заключыў, што Гацко не выходзіць на працу наўмысна, што ён сабатажнік і камуніст, і падлягае расстрэлу. паклікаўшы вартавога, загадаў адвесьці Назара ў пакгаўз. «Ранкам расстраляем», — былі апошнія ягоныя словы.
Калі на золку рыпнулі дзьверы і жаўнер загадаў выходзіць, дарожны майстар стаяў зьбялелы як палатно — ён даўно разьвітаўся з жыцьцём.
Cтанцыйныя работнікі ня бачылі начнога прыводу Назара да памочніка каменданта, яны і не здагадваліся, што перажыў ён у тую ноч у чаканьні сьмерці. Аднак некаторыя з іх бачылі, як ранкам ён выйшаў ад каменданта станцыі. Няўцям ім было, што сам камендант Сушчынскі, працягваючы пачатае «выхаваньне» Назара, сказаў у кабінеце, што польскія ўлады не крыважэрныя, было б памылкай вось так проста ўзяць і расстраляць чыгуначніка і што ён спадзяецца на супрацоўніцтва. «Мой памочнік пагарачыўся. Але! Калі хто задумае шкодзіць, разьбіраць рэйкі, псаваць палатно — спытаем з цябе. Ідзі аднаўляй брыгады і распачынай работы па графіку. Арганізуй пуцявы абход перад прыбыцьцём кожнага цягніка і, памятай, што ў цябе восем дзяцей...» — намякнуў ён на разьвітаньне.
Пуцейцы палічылі, што Назар у тую раніцу добрахвотна пайшоў да палякаў. Ім не спадабалася, што нечакана ён ня толькі пачаў працаваць сам і пачаў падахвочваць да працы іншых, а і сачыў за выкананьнем работ больш пільна, чым раней. Аб тым жа, што адбылося, дарожны майстар палічыў за лепшае маўчаць, ды і Донна на тым настойвала.
Той выпадак паступова забыўся. Але ня ўсімі. І калі палякі пад націскам чырвоных адкаціліся на захад сёй-той не прамінаў упікнуць, ківаючы ў бок Назара, маўляў, вы­служваўся ж...
Чыгунку, разбураную пасьля адыходу палякаў, аднавілі, і яна пачала спраўна працаваць на бальшавікоў.
Абдаючы Назара парай, невялічкія паравозікі задзірыста пасьвіствалі і везьлі лес Магдаліны Радзівіл у гарады Расіі, на шахты Данбаса і яшчэ няведама куды. З кожным годам бальшавіцкай задзірыстасьці рабілася болей, а лесу вакол станцыі меней. Назіраючы, як рабуецца навакольле і ганьбяцца спрадвечныя, уласьцівыя чалавечай істоце паняцьці сумленьня, спагады, духоўнасьці і, урэшце, сьвятой прыватнай ўласнасьці, Назар адчуваў, што ганьбіцца яго душа і з асалодай успамінаў гады дарэвалюцыйнага юнацтва. Па начах ён шмат чытаў, і часта Донна, прачнуўшыся з першым промнем, заставала яго то за томікам Пушкіна, то за «Дынастыяй Раманавых» і іншымі крамольнымі кніжкамі. «З чортам гаворыш. Кінь! — злавала яна на мужа.— Данясе яшчэ хто...»
У 1925 годзе Назара панізілі да брыгадзіра. За былое, а мо і за размовы. Як ні ўшчувала Донна, як ні перажывала, а муж заставаўся непахісным абаронцам праўды: у 1928 годзе адкрыта заступіўся за арыштаванага «органамі» начальніка станцыі (інтэ­лігент і выдатны сьпецыяліст ня можа быць ворагам), годам пазьней — за рэпрэсаванага сьвятара з суседняй вёскі (ну які ж з бацюшкі контррэвалюцыйны элемент). Ня раз падкрэсьліваў на вачах павагу да людзей, якіх мясцовая ўлада і асобныя «пралетарыі» лічылі праціўнікамі бальшавіцкага рэжыму. Адным словам, Назар Гацко быў вялікім шчырым дзіваком, які верыў, што на сьвеце няма сілы, здольнай перамагчы праўду і ісьціну. Між тым сіла гэтая была.
Ёсьць зьвесткі, што АГПУ сачыла ледзь не за кожным беларусам куды раней трыццатых гадоў. З дакладной запіскі намесьніка паўнамоцнага старшыні АГПУ па Заходнім краі Апанскага, якую той накіраваў старшыні АГПУ СССР Мянжынскаму ў сьнежні 1926 году, вынікае, што пільнае вока чэкістаў ужо тады не абмінала Назаравы мясьціны. У згаданым дакуменьце адзначаецца «варожая» дзейнасьць асіповіцкіх краязнаўцаў, якіх узначальваў настаўнік чыгуначнай школы А. Немцаў.
Зразумела, дарожны майстар ня вёў краязнаўчых дасьледаваньняў ды і жыў ад райцэнтру ў дваццаці вярстах у глыбінцы, але ня выключана, што ўжо тады натавалася кожнае яго слоўца. Тым больш, што па волі лёсу таго ж Немцава ён ведаў асабіста і не аднойчы з ім сустракаўся. Асабліва, калі дачка Назара Ніна вучылася ў Асіповіцкай чыгуначнай школе і жыла ў сям’і Немцавых. У Ніну закахаўся сын Немцава — Ігар. Ня раз, пераадолеўшы трыццаць кіламетраў на веласіпедзе, ён прыязджаў да Гацковых. Гэтыя паездкі на даволі рэдкім тады «буржуазным» транспарце не маглі быць незаўважаны служкамі органаў.
За чыгуначнікамі сачыў дарожна-транспартны аддзел Галоўнага ўпраўленьня дзярж­бясьпекі НКУС. Яго эмісары рэгулярна праязджалі па чыгунцы, наводзячы жах на навакольле. Станцыя Уборак у нкусаўцаў была на асаблівым рахунку. На чыгуначным вузьле, праз які патокам ішла адпраўка лесу, акрамя саміх чыгуначнікаў, шчыравала вялікая армія грузчыкаў, канторшчыкаў, іншага абслугоўваючага персаналу. Штодня сюды з вакольных вёсак ішлі пасажыры. У людскім віры абмяркоўваліся апошнія падзеі, адбываліся знаёмствы. Слоўца, няўзнак кінутае прасьцякамі, тут злавіць было лягчэй, чым на лінейнай станцыі.
У 1928 годзе з казармы на станцыю перабраўся з сям’ёй і Назар. Разам з мясцовым чыгуначным фельдшарам ён пабудаваў тут хаціну. Будыніна атрымалася ладная. Яна стаяла ў шэрагу іншых, але адрозьнівалася памерамі і бездакорнай падгонкай вянцоў французскага зруба. На гэтае жытло міжволі зьвярталі ўвагу. Яно не пасавала з прос­тасьцю іншых пабудоваў у пасёлку, і злыя языкі пагаворвалі пра яго «кулацкае» пахо­джаньне. Калі ж фельдшар зьехаў у Польшчу, і Назар адкупіў яго палову — зайздросных увогуле перакрывіла: глядзі ты, прасьцячком прыкідваўся, а пэўна ж, на царскія чырвонцы купіў даміну, вядома – панскі фурман... У вочы, праўда, казаць баяліся, але Назар здагадваўся аб гэтым па нядобразычлівых позірках і абрыўках размоваў. Адчувала і Донна, што ў станцыйным пасёлку іх зьяўленьне было прынятае па-рознаму, новую гаспадыню ў сваё кола ніхто не сьпяшаўся прыняць. Таму жылі самастойна, па соль ці запалкі да суседзяў ня бегалі, шчыравалі сям’ёй і на сенажаці і ў агародзе. Старэйшыя дзеці хаця і разьляцеліся, але пры першай нагодзе прыязджалі дапамагчы бацькам. Назар працаваў сумленна, хаця яго натура паўставала супраць таго, што адбывалася ў краіне. Іншы раз у гутарках, без асаблівай абачлівасьці, ён выказваўся супраць крывавых рэпрэсіяў, згадваючы, наколькі свабодна працавалася да рэвалюцыі. Пры гэтым яму здавалася, што яго асабістая сьмеласьць у выказваньнях пацягне за сабой сьмеласьць іншых і, такім чынам, канец цемрашальства наблізіцца. Яму моцна хацелася, каб гэта адбылося. Ды людзі былі бы ў ступары. Іх воля была паралізавана страхам сьмерці і ашуканствам, якое гучала з вуснаў вусатага правадыра. Ціхае змаганьне Назара толькі скараціла яго жыцьцёвы шлях.
У чэрвені 1938 году пуцейцы мянялі шпалы за семафорам на перагоне ў бок Лапічаў. Назар знаходзіўся з рабочымі. Недзе хвілінаў за сорак да праходу поезду да іх шпарка наблізіўся пуцявы абходчык і паведаміў, што брыгадзіра клічуць у кабінет начальніка станцыі. Абходчык быў усхваляваны, нічога не патлумачыў, і як толькі Назар пайшоў — скінуў з пляча молат і асеў на насып, дастаючы кісет: «Усё, Гацку — крышка...»
У кабінеце акрамя начальніка станцыі знаходзіўся малажавы вайсковец у форме супрацоўніка дзяржбясьпекі. Назар пазнаў яго. Пару разоў гэты малойчык ужо прапаноўваў напісаць паклёпы на службовых асобаў станцыі. Кожны раз Назар адмаўляўся.
— Заходзьце, заходзьце, Назар Мікалаевіч, — падкрэсьлена ветліва сказаў ён.— Магчыма гэта нейкая памылка, але, вы ведаеце: я толькі выконваю свае абавязкі. Ёсьць зьвесткі аб тым, што адзін з вашых рабочых зьвязаны з польскай разьведкай. Мяркую, вы заўважалі за ім непавагу да Савецкай улады, розныя разгаворчыкі, ну, і г.д. Ад вас патрабуецца пацьвердзіць гэта пісьмова,— і ён дастаў з палявой сумкі аркуш.
Гэтым разам разважлівасьць пакінула Назара:
— Я працую з сумленнымі людзьмі. Мне няма чаго вам пісаць!— выгукнуў ён, рэзка павярнуўся і пайшоў прэч.
— Пашкадуеш... — данеслася ўсьлед.
Дзень у брыгадзе дапрацавалі моўчкі. Кожны адчуў насьпяваньне трагічнай развязкі.
І яна надышла.
У тры гадзіны ночы, мінаючы агромністыя штабелі пілаванага лесу, што ляжалі падрыхтаваныя да пагрузкі, гойдаючыся на выбоінах, да дому Назара Гацко пад’ехаў крыты грузавік. Ён прастаяў хвілінаў дзесяць, потым рэзка газануў, разьвярнуўся, і панёсься ад асьветленага газавымі ліхтарамі станцыйнага пасёлку ў лясную цемру да пастарунка на станцыі Асіповічы.
Вобыску ў доме Назара нкусаўцы не рабілі. Сам арышт адбываўся ціха і спакойна, быццам бы абодва бакі даўно дамовіліся аб яго парадку і неабходнасьці. У прад’яўленай пастанове аб арышце, складзенай асіповіцкім операм Галяноўскім, і зацьверджанай у Гомелі намесьнікам начальніка дарожнага аддзелу НКУС Казловым, брыгадзір пуці з Уборка абвяшчаўся польскім шпіёнам. Гэта ня выклікала пярэчаньняў з боку арыштаванага. Ён паволі апрануўся, сабраў неабходныя рэчы і ціха прытуліў да сябе Донну. Сьлёзы ліліся з яе вачэй, але яна здалела знайсьці ў сабе сілы, каб у апошніх абдымках расстаньня выказаць не папрок, а сваю вернасьць і прыязнасьць мужу...

“Справка
на Гацко Назария Николаевича
1876 года рождения, уроженец
дер. Телуши, бывш. Бобруйского уезда,
Минской губ, белорус, гр-н СССР,
б/п, грамотный, сведений о судимости
не имеется, работает бригадиром
14-й Дистанции пути ст. Уборок Б.Ж.Д.
где и проживает.
С приходом белополяков ГАЦКО н. пользовался у последних большим доверием. У польских властей получил повышение — Дор. мастера коковым работал все время их пребывания.
С польвластями поддерживал самую тесную связь.
Среди рабочих ГАЦКО заявлял «когда-то я служил дор. мастером на Завишинской ветке и был на хорошем счету у поляков, в чем сволочи коммунисты мне помешали».
ГАЦКО совместно с жандармом ГАБРИЕЛЬЧИКОМ, который умер в 1932 году — вел антисоветскую работу среди жителей ст. Уборок. Они рабочим говорили «мы в надежде в свержении коммунистов иностранцами».
После ареста в 1929 году попа проживавшего в дер. Погорелое за к/р деятельность ГАЦКО выступал в его защиту и клеветал на Советскую власть. Он говорил «большевики перед гибелью своей начинают применять репрессии».
При аресте за а/с деятельность бывшего Нач. станции Уборок САПРИНОВСКОГО в 1928 году — ГАЦКО был инициатором в сборе подписей направленных в защиту САПРИНОВСКОГО.
При этом он заявлял, «САПРИНОВСКОГО уволила ячейка за то что коммунисты хотят погубить Россию».
На основании изложенного ГАЦКО подлежит аресту и привлечению к следствию.
НАЧ ОДТО ГУГБ НКВД ОСИПОВИЧИ ГОЛЕНОВСКИЙ».
(Подпіс.)

З левага боку на аркушы напісана: «Арест Гацко санкционирую. 27/7 Зам. прокурора Бел. ж. д.» (подпіс). І ў кутку: «Арестовать» 27/7/38 (подпіс).
Назар Гацко абвінавачваўся ў злачынстве, прадугледжаным арт. 68, 71 Крымінальнага кодэксу БССР.
На наступны дзень з Асіповічаў ён быў дастаўлены ў Гомельскую турму НКУС. Тут у сутарэньнях сядзелі такія ж бедалагі, як і ён. Пасьля допытаў многія з іх сьцякалі крывёю, крычалі і стагналі ад болю зломаных рэбраў, раструшчаных пальцаў...
Тры дні Назара не чапалі, і першы допыт выглядаў даволі цывілізавана. Опер, сяржант дзяржбясьпекі Шэліханаў, расклаў на стале паперы і, адхінуўшыся на сьпінку крэсла, зьвярнуўся да Назара:
— Назар Мікалаевіч, давайце дзеля формы запоўнім спачатку сякія-такія дакументы. Вы раскажаце сваю біяграфію: дзе нарадзіліся, хто былі бацькі, дзе і ў якасьці каго працавалі. Прыпомніце, чым займаліся пры белапольскай акупацыі, выканаем фармальнасьці, пакуль будзе ісьці разбор вашай невінаватасьці. Органы добра дасьведчаныя. Скажам, мы атрымалі інфармацыю, праўда, відавочна, хлусьлівую, што вы ня вельмі добра ставіцеся да Савецкай улады. Мы ведаем, што усе дзевяць вашых дзяцей ставяцца да яе добра, ведаем, нават, што ваш малодшы сын Мікалай актыўна ўдзельнічае ў жыцьці піянерскай арганізацыі. Таму чакаю шчырага адказу...
Такая дасьведчанасьць не падкупіла старога, але Назару здалося, што шчыры адказ, мажліва, сапраўды дасьць шанец на выратаваньне: разьбяруцца ж урэшце, што ён не шпіён. Таму на ўсе пытаньні ён адказваў шчыра, і пра выпадак з польскім арыштам расказаў усё, як было. Прачытаўшы пратакол, Назар не знайшоў недакладнасьцяў і падпісаў яго. Магчыма, калі б быў ён больш абазнаны ў такіх справах, то нешта б выклаў інакш, а так яму і няўцям было, што расказаўшы пра колішнюю размову з польскім камендантам, ён сам сабе падпісаў прысуд.
Вынікі допыту задаволілі Шэліханава. Ён вынес рашэньне аб вінаватасьці Гацко і далейшым утрыманьні яго пад вартай.
Другі допыт пачаўся зусім інакш. Сьледчы быў іншы, тоўсты, як вяпрук. Ён доўга глядзеў на Назара і раптам зароў:
— Польская сволач! Выкладвай: адрасы, прозьвішчы, сувязі...
Узрыўны па натуры Назар ледзь стрымаўся, каб не адказаць гэтак жа нахабна.
— Я даваў паказаньні... Ніякага дачыненьня да польскай разьведкі ня маю.­­— Што?! Дык мо гэта я выдумаў?— і сьледчы тыцнуў у твар Назару пратакол папярэдняга допыту. — Чытаю, гніда: «Я Сущинскому дал согласие стать участником польской организации и выполнять их задания...»
Назар разгубіўся. Ён ня ведаў, што чацьвёрты ліст пратаколу Шэліханавым быў перапісаны нанава, на ім адсутнічаў подпіс абвінавачваемага, але затое было добра распісанае прызнаньне ў супрацоўніцтве з палякамі. «Сволачы...» — вырвалася ў Назара. У наступнае імгненьне сьледчы ўдарыў яго ў твар і зароў: «Органы не памыляюцца!»
Назар адчуў, як пацякла з носа кроў, але ад прыроды дужы, ён выстаяў і, схапіўшы табурэтку, кінуўся з ёй на крыўдзіцеля. На шум з-за дзьвярэй прыбеглі ахоўнікі, заламалі Назару рукі, кінулі на падлогу, пачалі зьбіваць. У камеру яго кінулі нерухомым.
Сьледчы, сяржант дзяржбясьпекі Феакцістаў, атрымаўшы ад падсьледнага ўдар мог забіць яго і бяз сьледства, але начальнік дарожна-транспартнага аддзелу НКУС лейтэнант Марошак патрабаваў раскрыцьця «арганізацыі», а на яе «стварэньне» быў неабходны час і вытрымка. Да таго ж Галяноўскі, які ўсё больш сьпіваўся ў Асіповічах, перадаў у Гомель сыры «матэрыял» — бяз прозьвішчаў саўдзельнікаў і іх сувязяў. Усё гэта належала «маляваць» самому Феакціставу. Каб паскорыць справу, самаго Галяноўскага прыціснулі, папалохалі расстрэлам, і праз тыдзень ён прывёз цэлы сьпіс “удзельнікаў” падпольнай арганізацыі ва Уборку. На частку з гэтых людзей меліся пасьпешліва скла­дзеныя даносы, віна іншых была выключна ўяўнай.
Закіпела «праца». Ад Гацко належала дабіцца паказаньняў на прадстаўленых Галяноўскім «палякаў». І хаця каты прымянялі самыя жорсткія сродкі фізічнага і псіхалагічнага ўзьдзеяньня яны не маглі зламаць яго цэлы месяц. За гэты час былы фурман Натальлі Пушкінай пераўтварыўся ў здань. Замардаваны, сівы, ён ледзь шапялявіў бяззубым ротам, цела ўяўляла суцэльную рану, ад пабояў часткова была страчаная памяць. Зрэшты, успамінаў ад яго ўжо ніхто і не патрабаваў. Кожны дзень толькі адно: падпішы! Ён адмоўна ківаў галавой, і экзекуцыя зноў і зноў паўтаралася да таго моманту, пакуль ледзь жывая душа канчаткова не спустошылася, і ўжо не кіруемае ёю цела ня выканала загад катаў.
Па сьпісе Галяноўскага назаўтра ж былі арыштаваны:
пуцявы рабочы Міхаіл Жыгалкоўскі, паляк, жыхар суседняй з Уборкам вёскі Крычавец, 46 гадоў;
дарожны майстар станцыі Вярхуціна Піліп Семянюк, беларус, выхадзец з Польшчы, 47 гадоў;
пенсіянер, жыхар мястэчка Ліпень, былы вартаўнік Вітольд Рымашэўскі, паляк выхадзец з вёскі Усохі Пухавіцкага раёна, 59 гадоў.
Усе арыштаваныя былі этапаваны ў Гомельскую турму, дзе па ўжо вядомым крывавым сцэнары за месяц і з іх былі «выбітыя» паказаньні на іншых «ворагаў» народу, у тым ліку і на самога Гацко.
У абвінаваўчым заключэньні, якое ўрэшце лягло на стол Марошака на зацьвярджэньне 9 кастрычніка 1938 году, пасьля апісаньня нязьдзейсьненых учынкаў «падпольнай арганізацыі» і сьведчаньня галоўнай ролі ў іх Гацко, даслоўна напісана наступнае:
«...Обвиняются (у тэксце ідуць біяграфічныя зьвесткі пра Гацко, Жыгалкоўскага, Семенюка і Рымашэўскага) в том, что... имели задание на военное время Польши с СССР проводить активную диверсионную работу с эшелонами Красной армии, т.е. в преступлениях, предусмотренных ст. ст. 68п. «а», 71 и 76 УК БССР.
На основании приказа НКВД СССР № 00485, данное дело подлежит направлению в НКВД СССР — на распоряжение.
Составлено 8 октября 1938 г. Гомель.
Опер. уполномоченный ДТО ГУГБ НКВД
Сержант Гос. Безопасности (ФЕОКТИСТОВ)» (Подпіс).
Марошак з пачуцьцём выкананага абавязку размашыста падпісаў абвінавачваньне і адправіў яго на разгляд тройкі.
19 кастрычніка 1938 году былы фурман Натальлі Пушкінай разам з трыма братамі па няшчасьці быў расстраляны.
Прайшло шмат гадоў, пакуль сталі вядомыя сапраўдныя акалічнасьці гэтай справы.
Вось вытрымкі з заключэньня, складзенага начальнікам сьледчага аддзяленьня УКДБ пры Саўміне СССР на Беларускай чыгунцы падпалкоўнікам Зобніным у жніўні 1956 году: «...Таким образом, как в процессе предварительного следствия, а также при дополнительной проверке, кроме признательных, сомнительных и противоречивых показаний самих обвиняемых, других объективных данных о преступной деятельности Гацко Н. Н., Жигалковского М. В., Семенюка Ф. М. и Рымашевского В. Ф. не добыто.
Бывшие сотрудники НКВД Белорусской ж.д., принимавшие участие в аресте и расследовании по настоящему делу, за нарушения революционной законности в следственной работе в 1937-38 г.г.: ГОЛЕНОВСКИЙ В. Т. в/НКВД Белорусского Округа 13 октября 1939 года осужден к ВМН.
В отношении КОЗЛОВА вынесено определение о привлечении его к уголовной ответственности; МОРОШЕК покончил жизнь самоубийством».
У лютым 1957 году Мікалаю Гацко на падставе перагляду архіўнай сьледчай справы № 29607 прыйшло паведамленьне аб поўнай рэабілітацыі бацькі.
З вялікай сям’і Назара Гацко жывыя двое. Мікалай Назаравіч зараз жыве ў Лапічах, усё жыцьцё, як і бацька, працаваў на чыгунцы, партызаніў. Як і бацька ён мае выдатны слых і добрай ігрой на гармоніку радаваў у маладосьці ўсю акругу. Жывая і дачка Назара Гацко — Тацяна.
Трагедыя Назара Гацко — гэта трагедыя простага чалавека, лёс якога зламала кастрычніцкая рэвалюцыя. На пачатку ХХ стагоддзя паўставаў капіталізм, тысячы беларусаў памкнуліся ад хат у гарады на заводы, фабрыкі і будоўлі каваць лепшую долю. Многія з іх здолелі сабраць сякую-такую капейчыну, сталі на ногі, імкнуліся адкрыць сваю справу ці, як Назар Гацко, вызначыцца на службе. Ды ня ўсім удалося. У 30-я гады мінулага стагоддзя іх зьнішчалі яшчэ і за тое, што яны ведалі сапраўдную вартасьць сацыялізму, які будаваў для іх «бацька народаў».



Копія выпіскі з пратаколу аб расстрэле Назара Гацко.