12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алона Кімхі

_____________________
Зацьменне Месяца. Апавяданне. Пераклад з іўрыту Паўла Касцюкевіча


Сёння ноччу будзе месяцовае зацьменне.
Сёння ноччу чорны цень ахіне Месяц, і той знікне. Трэба чакаць — гэта не ў восем-дзевяць, калі мне кажуць ісці спаць (бач ты, cпаць яны мяне кладуць!). Не, гэта будзе пазней, амаль апоўначы.
Роўна ў адзінаццаць трыццаць восем чорны цень апусціцца на яго, на Месяц. Цень зямнога шара заслоніць яго, і той знікне. У сэнсе, Месяц знікне. А потым вернец­ца. І я выключу святло толькі тады. Толькі тады.
Гэта ён сказаў мне пра зацьменне. Пра месяцовае. Ён сказаў мне так: «Анастасія, будзе зацьменне Месяца, і гэта астраномія, разумееш, як ты ўжо ведаеш, дзе знаходзяцца сузор’і (па-руску — созвездія*), Касіяпея, Арыён (гэта тры зоркі ў дзязе), Вялікі Воз, Малы Воз, Палярная зорка (ты ведаеш, як яе знаходзіць), і проста зоркі: Сірыус (гэта самая вялікая, якую бачым), і Вега. Дык зараз пабачыш яшчэ месяцовае зацьменне. Гэта прыгожа».
У яго ёсць такая схільнасць — вучыць мяне ўсяму на свеце, каб я была разумным чалавекам. Вось дзе ж лухта непадсяваная! Як быццам бы пакуль яго не было, я нічому не вучылася. Пры тым што я ўмею чытаць з чатырох гадоў. Гэта, вядома ж, у яго не лічыцца, і тое, што я ўмею гуляць у шахматы таксама… І яшчэ я шмат чаго ведаю без яго!
Мяне вучылі процьме ўсялякіх рэчаў, яшчэ да таго, як з’явіўся ён. Янá мяне вучыла. Яна…
А таксама дзед і бабця мяне вучылі. Бабця — настаўніца, гэта яе праца, настаўніца матэматыкі ў малодшых класах. Настаўніца-выхавацель. Але яна не вучыла мяне лічыць, бо мяне запісалі ў першы клас у іншай школе, каб іншыя дзеці не зайздросцілі, што яна мая бабуля. І таму пасля школы яна вучыла мяне ўсялякім іншым рэчам. Брала мяне на класічны балет — гэта такі гурток у доме Культуры нашага горада.
У гуртку нас было адзінаццаць дзяўчатак: каб дарослыя — дык не сказаць, гэта называецца пачатковы ўзровень, усе дзеці з садка. У кожнай унутры баль­ных сукняў — вялікі пузік, падобны да кавуна. Гэта таму што нашыя тулавы яшчэ дзіцячыя, так сказала нам настаўніца Наталля Пятроўна. Гэтая Натал­ля Пятроўна была колісь вялікай танцоўшчыцай у балеце, прымай-балерынай, але ж пастарэла. І ў яе не было моцы скакаць, як раней. Яе жывот зрабіўся вялікі, як у нас, але ж тое ад старасці. Быў там таксама піяніст Шурык, які па сваёй сапраўднай прафесіі наагул быў студэнтам у тэхнікуме.
А граў ён на піяніна толькі таму, што Наталля Пятроўна была яго персанальная мама.
Я шмат чаму навучылася на тых занятках. Для кожнага руху, вы­святляецца, ёсць свая назва, па-французску.
Напрыклад «гранд-пліе-рэлэвэ», што азначае апусціцца на дупку і падняцца. Або напрыклад «батман-тэндзю» ці «гран-батман»,«арабеск» — што гэта ўсялякія падыманні нагі ўперад і назад, якія трэба паказваць, а патлумачыць — дык немагчыма.
Часам Шурык граў што-небудзь вясёлае, напрыклад, вальс, і мы бегалі па зале, гойсалі туды-сюды, кожны раз як нейкая істота: адзін раз як птушкі, потым — як пчолы. І адзін раз ад усіх гэтых бегаў і скокаў я нават павалілася, бо ўвесь час глядзелася ў вялікае люстэрка на ўсю сценку, аж пакуль не паслізнулася — мне ж было важна ўбачыць, ці падобная я трошкі да сапраўднай балерыны. Як толькі я павалілася, то адразу пачаўся страшэнны вэрхал, і з майго носа палілася кроў; тады Шурык узяў мяне на рукі, і ўсе пабеглі шукаць маю бабцю, якая піла чай у кавярні з іншымі мамамі і бабцямі. Потым да носа прыклалі мокрую насоўку і сказалі адкінуць галаву назад, пакуль не перастала цекчы кроў. Потым бабця купіла мне таматны сок, і мы паехалі дадому.
Вялікай панікі бабця не падымала ніколі, бо яна — настаўніца-выхавацель у малодшых класах, і ва ўсім гэтым у яе шмат досведу. Яна, бабця, была што трэба. Бабушка. Яна нават не мела такіх рук, якія былі ў іншых бабцяў, якія любяць хапаць цябе, абдымаць, цалаваць слінай. Усялякія такія ўтомныя рэчы. Максімум, яна мяне абдыме і дасць маленечкага плескача па дупцы, але тое з любові. У яе быў такі сабе стыль любасці да мяне. Яна таксама брала мяне на балетныя сеансы: «Шчаўкунок», «Прыспаная прыгажуня». Калі мы ішлі ў Палац культуры, я абувала свой звычайны абутак, але калі мы заходзілі ў сярэдзіну, дык яна даставала спецыяльныя балетныя тапачкі з гуртка і надзявала мне на ногі, каб я, калі буду глядзець балет, таксама рабілася крыху танцоўшчыцай.
Праз досвед настаўніцы-выхавацеля ў бабці заўсёды былі розныя штучкі-хітрыкі на ўсялякую бяду. Напрыклад, калі пасярод балету мне хацелася піць, дык яна даставала са свайго каша біклажку з сіняй пластмасы, налівала ў накрыўку халодны чай і давала мне яго ціхенька папіць, каб я не выбягала за дзверы і не нервавала гледачоў. У некаторых выпадках выбару не заставалася — я мусіла выйсці, дык яна праціскалася ў цемры і гучна-гучна шаптала: «Ізвініте, ізвініте пожалуйста», што азначае «прабачце, калі ласка» па-руску, і нават, нягледзячы, што ўсе злаваліся, ніколі не саступала пакуль мы не апыналіся ў вестыбюлі і адтуль ужо ішлі ў прыбіральню Палаца культуры.
Дома мы таксама не нудзіліся. Часам яна вучыла мяне ляпіць катлеты з фаршу, але не давала мне рабіць усе катлеты разам — толькі парачку маленькіх катлетак, і я ела іх сама — каб навучылася быць самастойнай. А таксама бабця вучыла трушчыць арэхі дзвярмі, лічыць табліцу памнажэння, штукаваць піражкі з цеста ў форме сабачых гаўняшак, засоўваць падушку ў наўлечку — усё ў такой манеры. Час ад часу мы гулялі ў шахматы. Раз яна перамагае, раз — я. Вось такое навучанне было ў нас.
Дзед, да прыкладу, вучыў мяне крыху менш за бабулю, бо цэлы дзень працаваў. Ветэрынарам. Але не для ўсялякіх там капіталістычных кацянят ці сабачанят, а для кароваў у калгасе. І таксама для коней. Для розных такіх патрэбных жывёл. Калі дзед вяртаўся ўвечары, дык ад яго пахла каровінымі ляпёхамі, і ён хапаў мяне, колючы мяне сваёй шчэццю, але я на скардзілася, бо ён з любові.
Аднойчы дзед прынёс мне марскую свінку. Я яе назвала Тарасік, паводле імені доктара Оснеса — сямейнага лекара нашай сям’і. Рудзенькую такую. Сімпатычная свінка, але трошкі смярдзіць. Мне сказалі, што я павінна мыць ейную скрынку кожны дзень. У педагагічных мэтах. Мне шмат якія рэчы казалі рабіць не таму, што трэба, а ў педагагічных мэтах. Цікава, хто такі гэты Педагагіч, які прыдумаў такую лухту непадсяваную. Але тыя завіханні доўга не працягнулася — праз каторы час, можа быць, праз месяц, Тарасік памёр. Я тут жа папрасіла, каб мне прынеслі іншага, бо я ўжо навучылася як мае абыходзіцца са скрынкай, але мне сказалі, што так хутка забываць — гэта з майго боку негуманна, і што я павінна пачакаць нейкі час і пасумаваць, каб усцешыцца, калі мне прынясуць новага тарасіка.
Пасля таго, як я даволі шмат пасумавала, я сказала дзеду: «наверное, уже хватіт» — «пэўна, ужо досыць». І тады ён пайшоў на кухню спытаць бабцю, і яна крыху падумала, глянула на мяне, удыхнула гэтак на поўныя грудзі: «Ну, хай ужо». І тады дзед зрабіў мне гэты знак вялікім пальцам, што ўсё ў парадку і сказаў, гэтым разам будзе сапраўдны сюрпрыз.
Наступным ранкам ён прывёў мне такога маленькага козліка, казляня, з калгасу. Гэты козлік быў увесь чорны, з мяккай і прыемнай, усё роўна як ядвабнай поўсцю, і чорнымі бліскучымі вачыма. Я на яго мела шмат планаў. Думала, што калі ён вырасце, дык яму можна будзе адразаць поўсць і зрабіць каўнер для ангельскага палітона бабці, а таксама гуляць з козлікам па вуліцы на аброжку і перад усімі красавацца.
Але ўрэшце нічога такога не атрымалася. Дзед забраў козліка назад у калгас ужо назаўтра. Рэч у тым, што гэты казёл меў цяжкі характар. Значна цяжэйшы за Тарасікаў. Козлік не быў гатовы сядзець у скрыні і ўночы чыніў шмат шкоды: жаваў фіранкі, чвякаў і выплёўваў шматочкі паперы і раскідваўся сваімі казлінымі гаўняшкамі па ўсёй хаце. І тады яго забралі назад у калгас. Там яму дазваляецца ўвесь гэты ягоны вэрхал. Проста ёсць такія жывёлы, якім лепей гадавацца на вуліцы. Во як.
Цяпер, калі мы ў Ізраілі год і дзевяць месяцаў, ён думае, што мяне трэба ўсяму вучыць. Бач які адказны. Педагагічны. А Яе ўнёсак? Яе навучанне ўжо не ў лік. Вось такая выснова. Чаму? Бо Яна не педагагічная. Яна мяне раздурвае ўвесь час. Так лічыць ён. А тое, што я ўмею чытаць з чатырох гадоў і ведаю на памяць песні па-французску, і гуляю ў шахматы, Ёй гэтага не залічваецца. Для яго гэта нішто. А як патрэбна вучыць, разумее толькі ён.
Тата дык наогул не ў лік, бо ён памёр. І нават тое, што ў мяне ягоныя валасы і ягоны нос, гэта ўжо няважна. Цяпер ёсць ён. Замест майго таты. Але я ні за што не буду клікаць яго «тата», нават калі мяне будуць катаваць у інквізіцыі! «Якаў» і кропка. Па яго імені, і толькі так. А яшчэ Яна называе яго «Якаў» або «Яшенька». «Яшенька» — гэта памяншальна-ласкальнае імя. Як маё ласкальнае імя «Настенька» ці «Настёна». Але ён называе мяне толькі Настя.
Цяпер, калі Яна ажанілася з ім, і забрала мяне ў Ізраіль, усё памянялася. Цяпер мы нічога не робім проста так. Цяпер усё толькі ў выхаваўчых мэтах. Нават калі ідзем на мора. Наша мора — гэта пляж у Ака1. Назва пляжу — Фінікавы пляж. Але ніякімі фінікамі там і не пахне. Пляж назвалі Фінікавым, каб людзі хацелі сюды прыходзіць. Усё капіталістычная рэклама.
У нашым Львове ніякага мора не было. Калі мы хацелі на пляж, дык трэба было ляцець у Адэсу. На самалёце. Штолета Яна брала адпачынак на працы, брала мяне, сваю сястру Ксеню з хлопчыкамі блізнятамі — Мішам і Лёнчыкам, найлепшую сваю сяброўку Галю з яе тоўстай дачкой Софачкай, і яшчэ гумовы матрац, напалову чырвоны, напалову — сіні, каб плаваць у моры, і тады мы ляцелі на самалёце ў Адэсу.
У Адэсе было небяды. Мы знаходзілі пакой у доме адэскай сям’і (цётка Ксеня казала, што яны антысеміты, то бок ненавідзяць габрэяў, то бок нас, але не паказваюць гэтага, бо гэта так не прынята) і арандавалі яго. Адзін пакой для ўсіх. Адзін на адным — трое ў адным ложку, а некаторыя на матрацах, на падлозе. Але цесната нас не трывожыла, бо гэта была прыгода. А галоўнае? Галоўнае — гэта мора.
Кожны ранак мамы будзілі нас. Мы чысцілі зубы і вырушвалі ў паход. Звычайна мора было далёка ад месца, дзе мы жылі. Часам мы ішлі паўгадзіны і можа нават больш, але мы былі ўсцешаныя. Паперадзе беглі блізняткі, потым я, і вельмі далёка, амаль разам з мамамі, — тоўстая Софачка са сваім жоўтым вядзерцам.
Мамы ішлі апошнія і неслі кошыкі з ежай на ўвесь дзень: садавіна, памідоры, яйкі ўкрутую, ды іхні гумовы матрац, на якім яны любяць гойдацца на вадзе ўсё роўна, як салёныя агуркі.
Калі што мы з блізнятамі таксама любілі, дык гэта купацца, дарма што плаўчыха я невялікая, так сабе трохі плёхкаюся, абы не патануць. Яна заўсёды глядзела на мяне і смяялася, нібыта гэта анекдот ці што, і яе гру­дзі скакалі як пры землятрусе, і таксама казала, што я плаваю стылем сабачкі. Па-сабачы. Я трохі крыўдавала, але мае плёхканні былі значна лепшыя, чым Софачкі, якая не ўмела плаваць наогул, і проста ляжала ў вадзе, як селядзец.
Цяпер усё становішча з морам цалкам памянялася. У вясёлы бок? Ой, дакладна, не ў вясёлы. Далібог. Тут у Ізраілі нікуды не трэба ляцець на самалёце, бо блізка мяжа, а мора ёсць у кожным горадзе, нават у самым дробным. Якраз гэта мне вельмі падабалася — але тое было яшчэ да таго, як я даведалася, як усё пойдзе. Цяпер мы нават на мора ходзім па педагагічнай прычыне. Ён хоча памяняць мяне ў лепшы бок. І Яе таксама.
Цяпер, больш ніколі не ходзім туды дзеля плавання або загарання. Цяпер ён тлумачыць: «Гэта пабудавалі крыжакі, тое — туркі-мамлюкі… Халва-пахлава, нацыянальная арабская кухня....»
А Яна? Яна ўвесь час слухае яго. Цікаўная. І кажа мне: «Хадзі, Настенька, паслухай Якава, вельмі цікава ён кажа».
У моры цяпер нават сабачы стыль не ў лік, і нельга проста плёхацца. Бач ты — плаваць ён мяне вучыць. Хапае за жывот і кажа: «Рабі так рукамі, па баках, удыхай праз нос, выдыхай праз рот». Гушкае мяне, блытае мяне. І я ўвесь час глытаю ваду! Вось чаму ў моры трэба дыхаць неяк па-іншаму, а не як заўсёды?!
Калі ён пакідае мяне ў спакоі, я адыходжу як мага далей. Іду ўздоўж пляжа. На аўтобусным талончыку, які я дастала з торбы, пішу слова «Ратуйце!», трохі корпаюся ў марской гразюцы, дастаю пустую бутэльку «кока-колы», кладу ў сярэдзіну гэты талончык, заляпляю дзірку смалой. Можа, яе знойдуць піраты, ці яшчэ хто, і выратуюць мяне з гэтай дрыгвы.
Раптам я чую крыкі. Паварочваюся. Яна і ён махаюць мне рукамі, як паліцыянты машынам. Я ж — паслухмяная дзяўчынка, іду да іх назад. Ён пытае, чаму я шпурляю бутэлькі ў мора. Засмечваю. Яго любы Ізраіль засмечваю, ды глядзіць на Яе. А Яна, кажа (і вочы Яе бегаюць), што я ўся ў смале. У педагагічным тоне. Раптам і Яе пачаў хваляваць гэты Ізраіль. У Савецкім Саюзе Ізраіль яе не хваляваў. Напрыклад, калі дзед пачынаў слухаць «У эфіры голас Ізраіля з Ерусаліму» на іўрыце, дык Яна рабіла такі кіслы твар, а Яе вочы станавіліся вялікія, як вінаградзіны, і яна казала: «Папа, раді Бога!», што па-расійску азначае «Тата, напрамілы Бог!». Бо Яна пакутавала ад рыпаў і сыкаў, якія даносіліся з прыймача. Проста расійцы не хацелі, каб габрэі слухалі гэтае ізраільскае радыё, і таму рабілі гармідар у хвалях: «т-ррр, т-ррр, бі-біп, бі-біп».
І раптам Ёй стала цікава. Раптам Яна таксама зрабілася сіяністкай.
Пасля мора мы не вяртаемся дадому. Ідзем гуляць па вулках, па Ака. Якаў працягвае: «Гэта крыжакі, а там — мамлюкі», а мне хочацца піць, піць! І есці таксама. А ўжо полудзень. Калі быў, напрыклад, поўдзень у Адэсе, дык мы елі. І да полудня, і пасля. Але ж тут па-іншаму. Аднойчы я бачыла фільм пра крыжакоў, якія елі курку і цымес. Пілі віно. У кнізе «Айвенга» крыжакі таксама елі даволі рэгулярна. Пра туркаў-мамлюкаў я ведаю менш, але ўпэўненая, што яны таксама трушчылі за абедзьве шчакі, былі не супраць шашлыка і халвы-пахлавы. У маёй галаве карусель са словаў. Я паўтараю іх, пакуль яны не пачынаюць свой сэнс і робяцца смешныя-смешныя, без усялякай сувязі, што яны азначаюць, «мамлюкі—крыжакі», «крыжакі—мамлюкі». Гэтакая спёка!
Мы мінаем кіёск з «Кока-колай», або рэстаран, дзе людзі ядуць, дзе так прыемна пахне, а ён кажа Ёй: «Звярні ўвагу, Маша, гэта ўсходні рэстаранчык, а тое — тыповая арыентальная кавярня». Урэшце я кажу ёй ціхенька: «Мама, я хочу піть», шапчу Ёй па-расійску, і Яна так імгненна адказвае: «Пацярпі, хутка паедзем дадому».
Ён кажа, што купляць на вуліцы ежу — гідка, брудна, у ёй процьма мікробаў. Так яго прывучылі ў Савецкім Саюзе. Выдае, што яму ў Савецкім Саюзе ніхто ніколі не купляў нічога на вуліцы. Можа быць, таму што ў яго такі несімпатычны характар, ніхто не хацеў яму нічога купляць. А вось мне, у Савецкім Саюзе, якраз куплялі на вуліцы. І яшчэ як! Бабця купляла мне газіроўку, семкі — усё што было. Эскімо. Пеўніка чырвонага колеру на палачцы. Вось такія ласункі.
Цяпер мы «новыя рэпатрыянты». Новыя рэпатрыянты — гэта як ту­рысты, толькі на ўсё жыццё. Ды ў іх мала грошай. Праз гэта мне не купляюць на вуліцы нічога. І таксама таму, што бабця з намі не пайшла. Калі я думаю пра гэта, у мяне шчыпае ў носе. Такая вось чуллівасць. Ад самоты. Калі мы ехалі па дарозе ў Ізраіль, я думала што гэта будзе цікава. Думала, што будуць цікавыя здарэнні, прыгоды. У самалёце «Эль-Аль» я ўвесь час паўтарала іўрыцкія словы, якія я вывучыла з дапаможніка для новага рэпатрыянта: «Рэпатрыянт, я не размаўляю на іўрыце, інтэрнат для рэпатрыянтаў, рэпатрыянт, я не размаўляю на іўрыце, інтэрнат для рэпатрыянтаў». Аж пакуль Яна мяне не перапыніла: «Насця, што такое? Ты што, здурнела! Што ты там усё мармычаш?»
Гэта Яна сказала ад нерваў. Яна была ўзлаваная ўсю дарогу ў Ізраіль, бо на пачатку мы згубілі Якава. Так, так. Калі мы перасаджваліся ў Вене, дзе была нашая перасадка паміж Савецкім Саюзам і Ізраілем, Якаў знік. На вуліцы. У Вене. Яго шукалі ўвесь дзень, да вечара, нават з венскай паліцыяй, і ўсялякімі прадстаўнікамі габрэйскага агенцтва, і з перакладчыцай Зінай, і мы таксама шукалі. А Яе твар выцягнуўся ад хвалявання, і кончыкі яе вуснаў апусціліся долу, як на масцы грэцкай трагедыі з міфалагічнай кнігі. Урэшце ён вярнуўся сам. Пехам. Да палаца. Выяўляецца, ён зайшоў у кнігарню з геаграфічнымі кнігамі. Знянацку, яму, бач ты, раптам захацелася пачытаць якую-небудзь геаграфічную кніжку, пакруціць які-небудзь венскі глобус, крышку пашырыць свае гарызонты. Я ўвогуле не ўцяміла, у чым тут цымус, бо ў Вене ўсе кнігі ўвогуле па-нямецку: як ён думаў у іх нешта зразумець? Як?! Я запытала Яе пра гэта, а Яна адказала, што ён разумее ідыш, а гэта трошкі падобна, і таксама сказала, каб я не была такой абрыдлівай. Тады я больш нічога не пыталася, але дагэтуль не разумею, чаму яму намуляла пашырыць свае гарызонты менавіта ў Вене, якраз у той час, калі яна ўся на нервах. Калі я з усяе моцы намагаюся паводзіцца, як след, дык і ён таксама можа. З часу таго знікнення, усю дарогу ў Ізраіль, Яна засталася знерваваная і ўвесь час трымала мяне за руку, а яго — пад локаць, каб мы не згубіліся, нібыта ў Вене заблукала і я таксама. Cа мною ж такога нізавошта не магло здарыцца. Я заўсёды баюся згубіцца, і ў мяне няма патрэбы пашыраць свае гарызонты менавіта ў той момант, калі мы едзем у Ізраіль. Але ўсё гэта было даўно... Цяпер я ў Ака магу толькі марыць, калі ўжо скончацца вуліцы, мячэты і пляжы, і мы нарэшце паедзем дадому.
«Крыжакі, мамлюкі». Сандалі муляюць мне, а на вялікім пальцы балючы мазоль, такі пухір з вадою ў сярэдзіне. І спёка. Піць я хачу, піць. Яна трошкі спагадае мне, кажа, «можа быць, знойдзем па дарозе які кран з вадою, пап’еш тады». Але наўкола няма ніякага крана. Паветра белае-белае, перад вачыма — зоркі, а я спрабую скаўтнуць трохі сліны з рота, але язык сухі.
«Гэта крыжакі, а там мамлюкі. Тут вось Напалеон крыкнуў, а вунь дзе Напалеон пердыкнуў» (гэтага ён не кажа, гэта я проста сачыняю ціхень­ка ў думках, каб рассмяшыць самую сябе). Заходзім на базар. Ён жа ўво­гуле не стаміўся: з таго, як мы прыехалі ў Ізраіль, у яго процьма энергіі. Відаць, ад вялікага шчасцейка. Працягвае вучыць нас: восточный базар — «усходні базар» па-расійску. І, вядома ж, не забывае на паўторак: «Крыжакі, мамлюкі». Святло — гарачае, і пахі наўкола, пахі і колеры, і гэтыя размовы па-арабску, што я нічога-чагенькі не разумею. Цяпер ён тлумачыць пра арабаў ды іхнія звычаі. Арабскія звычаі — жудасныя звычаі, садысцкія. Напрыклад, не есці цэлы месяц з-за іхняга Бога1.
Навошта ж у іх ёсць Бог: каб дапамагаць, або каб ладзіць жыццё, як у працоўным лагеры, як у сібірскім ГУЛАГу, дзе Салжаніцын (гэта такі культурна-педагагічны суб’ект, які ненавідзіць Савецкі Саюз і піша кнігі, якія Яна і ён увесь час чытаюць)? Потым Якаву яго гістарычныя расповеды надакучваюць і ён прымаецца за батанічныя, — расказвае ёй усялякія розныя гісторыі-тлумачэнні пра арабскую гародніну. «Глядзі якія персікі!» — кажа ён Ёй, — І які вінаград!». Такія самыя, выхваляецца ён, былі ў горадзе Самарканд, куды ён уцёк са сваёй матуляй, калі была другая сусветная вайна. Я, калі б была на той вайне, нізавошта не ўцякала б, а ваявала б разам з партызанамі, у лясах. Дачкой палка была б. Гэта былі такія ўсім вядомыя выпадкі з дзецьмі, якіх партызаны страх як любілі, распавядалі ім жарты, усынаўлялі і ўдачкаўлялі іх, і рабілі ўсіхнімі дзецьмі, і вучылі іх заганяць фашыстам шэсць куляў праміж вачэй, з пісталета «маўзер». А ён?! Прабавіўся ўсю вайну ў Самаркандзе са сваёй матуляй і персікамі. Яна мне колісь тлумачыла, што тады ад фашыстаў уцякалі ўсе, нават Яна з сям’ёю, з дзедам, бабцяй і ўсімі іншымі. Проста яны былі габрэямі, а фашысты рабілі з габрэяў мыла, а ён таксама габрэй, і яго мама таксама. Яны не жадалі, каб з іх пачалі рабіць шампунь, і таму яны мусілі даць драла, бо высветлілася, што і расійскія партызаны любілі габрэяў не вель­мі. Ясная рэч, так і развіўся ўвесь гэты сіянізм.
Я габрэйка напалову. На Яе палову. Мой тата наогул быў расеец, але на гэты конт мне сказалі языка не вытыркаць, бо тут у Ізраілі трэба, каб усе былі габрэі. Савецкіх габрэяў ізраільцяне не надта любяць, з-за акцэнту і стылю вопраткі. І ў дадатак усялякія пытанні пераходу ў іншыя рэлігіі, якія я не вельмі разумею. Таму я ўлічваю гэта, і свой язык не вытыркаю — маўчу пра сваю паўрасійскасць, дарма што гэтае маўчанне нешта кшталту хлусні (калі як след падумаць).

Высветлілася, што Ака — вялікі горад. Прынамсі, такі самы вялікі, як які Самарканд або Нью-Ёрк. Не заканчваецца. Ідзем-ідзем, і колькі б ні ішлі — усё няма яму канца. Я заплюшчваю вочы, працягваючы ісці за імі, і думаю, як жа гэтыя арабы могуць цэлы месяц не есці?! Вось я: не ела са снедання і мне ўжо духі падвяло. Раптам адчуваю млосць, як у самалёце, і ў нос залятае пах, гідкі такі, пах мёртвай рыбы. Гэта адмысловая крама для рыбы, арабская крама. Мёртвыя рыбіны ляжаць у трох зялёных пластмасавых скрынях, поўных цёплай смярдзючай вады і трохі лёду. І я чую яго: «Ну, Маша, глянь ты якія сардзіны!.. А крабы!». І я таксама спрабую ўбачыць, дзе там ёсць крабы, але тут жа стала цёмна, і зрабілася ціха-ціхенька ўвушшу — толькі яе голас здалёк: «Ой, Настенька, доченька, что случілось?». І потым доўгі такі гук — думаю, што гэта быў до-дыез, і потым я не чула ўжо нічога.

Няма таго, што раньш было. Жыццё такое сабе дзіўнае. Калі б нехта папрасіў мяне растлумачыць, дык я заблыталася б з адказам. Але ніхто ж не просіць.
Як добра, што Ёй нічога не трэба тлумачыць, бо Яна сама знаходзіцца тут, бачыць усё на ўласныя вочы — прынамсі сяды-тады. У час, калі Яна не на працы. Бо, напрыклад, ён наогул не бывае на працы, бо пакуль што не знайшоў. У Савецкім Саюзе ён быў настаўнікам гісторыі, а цяпер не ведае як след іўрыту, каб тую гісторыю выкладаць, і таму ён шукае якую-небудзь іншую працу.

У Савецкім Саюзе Яна казала, што ён ведае іўрыт. Дасканала. Проста геній іўрыта быў (казала Яна), а цяпер — ні бэ, ні мэ. Калі ён прыехаў сюды, дык яго іўрыт збегся, як швэдар пасля прання. Яна кажа: гэтак сталася, бо ён — чалавек сціплы і што ён ведае шмат болей, чым кажа. У Савецкім Саюзе, калі ён наведваў нас, дык прыносіў такую таўшчэзную кнігу, сінюю. Іўрыцка-расійскі ды расійска-іўрыцкі слоўнік, які напісаў адзін там такі Шапіра. І таму ў нас клікалі слоўнік «шапірам». («Насця, дзе шапіра?», «Насця, пакладзі шапіру, каб дзверы не ляскалі», «Насця, не трушчы шапірам арэхі, гэта ж кніга, напрамілы Бог!»). Аніколі ён не прыходзіў да нас без гэтага шапіры: гэта ж страшэнна патрэбная рэч! На бяду, калі раптам намуляе трохі падвучыць іўрыт у нашым доме. Але ж, прыйшоўшы, ён ніякагусенькага іўрыту не вучыў, а сядзеў з Ёю на балконе, або запрашаў Яе на шпацыр, і бабуля вяртала мяне на кухню піць чай, уздыхала і казала, што чалавек ён неблагі, але зануда, то бок па-расійску гэта азначае «абрыдна-нудотны суб’ект».
Але ж як Ёй з ім добра, то няхай ужо. І каб я не распярэзвала свой язык — не наважылася б даносіць пра гэтыя яе думкі. Бабця таксама дадала па-расійску: «На бязрыб’і і пятая кропка (тут я ведала, што яна мае на ўвазе «сраку») салавей». Ды ўздыхала ізноў.
А Яна? Што і казаць, Яна дужа цешылася ім. Насамрэч, дужа. Не зважала нават, што ён зануда, а калі чула, як ён званіў у дзверы, дык бегла з усімі сваімі рукамі, грудзьмі і тоўстым жыватком, нібыта на пажар, толькі каб яму адчыніць. Напэўна, Яна была вельмі самотная з часу, калі памёр тата, і таму нават Якаў-Зануда здаваўся ёй нармальным — тое адбывалася з-за Яе душэўнага стану. Казала пра яго, нібыта ён быў, прынамсі, які Ален Дэлон, ці Іў Мантан, ці Салжаніцын. Што казаць, Яна ўтрэскалася ў яго па самыя вушы.
Напрыклад, аднойчы Яна сказала пра яго, што ён — сіяніст. Кшталту такога чалавека, які хоча паехаць у Ізраіль, і лічыць, што ўсе габрэі таксама павінны паехаць у Ізраіль (каб яму самому, трэба меркаваць, там, у Ізраілі, не было нудотна). У свой час я таксама хацела паехаць у Ізраіль, але гэта было яшчэ да таго, як я ўбачыла, што з гэтага ўсяго выйшла. Я спытала Яе, ці вынікае з гэтага, што я таксама сіяністка. А Яна адказала, каб я не выстаўлялася.
То бок значыць тым сіяніст толькі ён. Нават імя ў яго сіянісцкае — Якаў. Яна сказала, што гэта старагабрэйскае імя. У мяне няма старагабрэйскага імені, толькі старарасійскае — Анастасія. Гэта імя, якое прыдумаў мой тата. Яшчэ да таго, як я нарадзілася. А калі б нарадзіўся хлопчык, то мяне звалі б Інакенцій. Вось што магло здарыцца са мною, калі б я не нарадзілася дзяўчынкаю. Так што мне тут крыху пашанцавала.
Адзінае, што мне падабаецца з таго, што ён мяне вучыць, дык гэта пра зоркі. Гэтая навука называецца «астраномія». Час ад часу вечарам ён бярэ мяне на шпацыр. Найчасцей летам. Тады можна бачыць зоркі як след. Мы выходзім на галоўную дарогу, якая вядзе ў Ака, сядаем на лаўку аўтобуснага прыпынку, падымаем галовы, і ён пачынае тлумачыць.
У чым цымус зорак? У тым, што нягледзячы на іх далёкасць, і што ў іх няма дачынення да людзей, яны людзей дужа нагадваюць. Зоркі хіба значна прыгажэйшыя. У іх нават такія сабе імёны людзей-грэкаў, а не расейцаў або сіяністаў — не Якаў, Хаім, Анастасія, Толік, Марына, Зіна, Саша, а імёны багоў і герояў з міфалогіі: Сірыус, Канопус, Арктур, Вега.
Самая нудотная зорка — Зямля. Процьма бедстваў, і яе не вельмі можна пабачыць, бо яна захрасла ў нас пад нагамі, а мы — на ёй. У думках я ўяўляю, што Яна — гэта Сонца, а я — Месяц, дзед і бабця — Міцар і Алькаід у Вялікім возе, мае дзядзькі-блізняты — Лель і Палель, мой дзядзька Ілюша — Альдэбаран у сузор’і Цяльца, а цётка Ксеня — зіхоткая Бетэльгейзэ ў сузор’і Арыёна.
Зямля — гэта Якаў. Вось так. Я ведаю, што касманаўты, якія бачылі Зямлю з космасу, сказалі, што яна блакітная, прыгожая і зіхоткая, але я не касманаўт, я — Анастасія Дзямідава, і як на мае вочы, дык Зямля брудная, рудая і наогул не належыць да сям’і зорак.
Зорка, якая мне падабаецца найбольш — Палярная зорка. Адно трэба ведаць, як яе знайсці. Бо ёсць лінія. Уяўная лінія, якую трэба правесці праз Вялікі Воз, прыляпіцца да яго вачыма, і тады патрапляем у яе, малюсенькую і зіхоткую, але з ёй ніколі не згубішся. Пра гэта ведаюць усе вандроўнікі і першапраходцы.
Палярную зорку я пакуль не аддала нікому. Я карыстаюся ёю сама. У мяне ёсць нешта накшталт свайго метаду. Я станаўлюся ля вакна, калі ўжо ноч, не запальваю святла (дзеля таго, каб ён не заспеў мяне, бо пачнуцца сцэны), знаходжу блакітную зорку, пачынаю глядзець на яе, канцэнтравацца на ёй, моцна-моцна, усім сэрцам, усім нутром, але без напругі (гэта такі адметны спосаб), і ні пра што ніякае зусім не думаю. І ўсё паціху-патроху пачынае знікаць: маё цела, пакой, увесь свет, пакуль не застаецца анічога, акрамя маёй думкі і мяне самой. І тады мяне няма, і я ёсць. Вельмі цяжка патлумачыць.
Так, ёсць шмат чаго, што мне цяжка патлумачыць і зразумець. Калі я пачынаю думаць пра гэта, дык мне робіцца цяжка ў грудзях і жываце. Усе ягоныя звычкі, напрыклад. З прыбіральняй, напрыклад. Або з шыбамі.
Ён ненавідзіць бруд. Але не ўвесь бруд, а збольшага мой бруд і бруд з туалета. Калі ён выходзіць з туалета, дык зачыняе дзверы локцем, дзверы ваннага пакою — локцем і іх, і кран (гэта самае цяжкае) — таксама локцем. Дробнымі штуршкамі. І тады ён доўга-доўга мые рукі з мылам.
І Яна, і я мусім рабіць гэтаксама. «Ён чуйны да чысціні», — кажа Яна, і таксама тлумачыць, што гэта добра. Такая сабе станоўчая рыса, якая дазваляе трымаць хату ў парадку, нібыта без гэтай ягонай рысы, наўкола будзе толькі бруд. Нават калі мы спускаем ваду, дык націскаем на рычажок таксама локцем, каб не было мікробаў. А таксама калі заходзім у дом з вуліцы, нельга ні да чаго дакранацца, покуль не памыеш рукі з мылам. Намыльваем двойчы, потым змываем, потым выціраем адмысловым ручніком для рук (Барані вас Божа скарыстацца ручніком для твару — цьху-цьху-цьху тры разы!) І толькі пасля гэтага можна пачынаць нешта рабіць. Піць ваду, дакранацца да ўсяго, жыць.
Аднойчы я вярталася з імі з паліклінікі. Была сасмяглая-сасмяглая. Тут, у Ізраілі такая спёка, што толькі выйшаў на вуліцу, і адразу піць хочацца. Я зайшла дадому і пабегла да душа, памыла рукі і гайда да лядоўні — піць халодную ваду. Раптам заходзіць ён, злосці поўныя косці. Кажа: «Гэй, яна не памыла рук!» Называе мяне «яна», усё роўна быццам я наогул не тут. А я кажу: «Памыла я, клянуся». А Яна заходзіць і добрань­кім (але спалоханым) голасам, каб замірыць нас, кажа: «Памыла яна, Янкеле, памыла». Але ён веры не дае, глядзіць дужа злосна, «Няпраўда», кажа, «Хлуселька», кажа.
А я, — і гэта было вядома ў нашай сям’і яшчэ ў Савецкім Саюзе, — не хлушу ніколі. У мяне гэта накшталт прынцыпу такога, і нават калі я спрабавала некалькі разоў, як тады, калі я сапсавала ёй тую польскую памаду, у мяне дык і не вельмі атрымалася. Бо мой твар робіцца гарачы-гарачы, а ў голасе запінанні-заіканні, і таму я хлусіць нават не спрабую. Але ён, ён не ведае пра мяне анічога! Дзе яму што ведаць?! Ён жа нават не сваяк нам. Чужаніца. Пра мяне ён думае дрэнна, дрэнна! І толькі паўтарае: «Хлуселька». А мне хочацца працягнуць яму свае рукі, каб даць панюхаць пах мыла, «Нэка 7»1, але ён падаецца назад, яго твар крывіцца ад агіды, і ён выходзіць з кухні.
Застаемся толькі Яна і я. Яна не глядзіць мне ў вочы, і я бачу, што Яна баіцца. Баіцца, што зараз ён, як заўжды, пачне здзекавацца з яе. Не будзе з ёю размаўляць, захоча кінуць яе, выгнаць яе, і ўсё праз мяне. Бо я дрэнная, не кантралюю сябе, не раблю намаганняў, брудная, хлуслівая. Я падношу Ёй да твару рукі, каб Яна пачула пах мыла, каб убачыла, што я раблю намаганні! Яна таксама не хоча правяраць, дае мне веры. Але што з таго! Цяпер Яна такая тужлівая, і Яе вусны наліваюцца цяжарам, цягнуць свае краёчкі долу, і страх у маіх грудзях моцны-моцны. Зараз ён пакіне Яе, пакрыўдзіць Яе, праз мяне. Ды Яна ціха кажа мне: «Так, так, Насценька, не цяпер… Усё добра, ідзі ў свой пакой». І я ў сваім пакоі, сяджу на ложку, і ў сярэдзіне ўсё дрэнна, толькі звонку бела-шэрае святло, і спёчна, і так шмат гадзінаў пакуль прыйдзе ноч.

Гэтым летам мне асабліва няма чаго рабіць — не тое што мінулым. Тады была процьма справункаў. У летніку мяне адправілі ў школу «Кадыма». Раніцой аўтобус забіраў мяне і іншых дяцей у лагер. Большасць дзяцей — новыя рэпатрыянты. Частка — з Савецкага Саюза, як я, частка — з Грузіі. Таксама ёсць мараканцы, але толькі крышку. Яны ходзяць у іншы летнік, пры школе, якая называецца «дзяржаўная Гімназія». Не разумею я гэтага – пры чым тут Азія і яе гімны да нашай дзяржавы. На карцінках я ведаю ўсіх, нават тых, хто памёр, і тых, хто жывы: Голда Меір, Мошэ Даян з адным вокам і павязкай, Шымон Перэс, які размаўляе са смешным акцэнтам, і Бен-Гурыён з валасамі, як пасля ўдара токам, Менахем Бегін, які забіваў ангельскіх салдат бомбамі, і Арыель Шарон, які колісь быў красунчыкам, але ўсе яны прыехалі з Еўропы. Не разумею.
Калі мы прыходзім у школу «Кадыма», то атрымліваем шакаладнае малако ў пакеціку, булачку і грушу, а часам сліву. Потым мы гуляем на дварэ, потым трошкі спяваем песні на іўрыце, ідзем у басейн, карацей, месца небяды.
У мяне была там сяброўка — тоўстая Жэня з другога паверху. У маім доме жыла. Жэня старэйшая за мяне на два гады, і сёлета пойдзе ў шосты клас. У яе нават ёсць трохі грудзей, і пару валасінак на шмоньцы, бо яна развітая. Час ад часу яна дазваляе зайсці з сабою ў прыбіральню і паказвае іх мне. У яе ёсць зусім трошкі, можа, дзесяць, але ўсё лепей за мае, бо ў мяне іх няма наогул.
Тоўстая Жэня таксама з Саюза, з горада Вільні. Жэня вучыцца граць на піяніна. Дома ў яе ёсць піяніна. Бліскучае такое, з рудога дрэва, пакрытае лакам. У іх уся мэбля прыгожая і пакрытая тым лакам. На сценах ёсць карціны, адна з іх — карціна яе маці, Фаіны Філіпаўны, калі яна была маладой і лічылася прыгожай, другая — з двума Жэнінымі бацькамі, Фаінай Філіпаўнай і Алікам у дзень іх вяселля, і трэцяя, самая вялікая, прашытая ўсялякімі каляровымі ніткамі, і на ёй — пастушка і пастух, і ўсялякія авечкі, а таксама казлы пад дрэвамі. Гэтая карціна называецца «габелен». Пастух і пастушка апранутыя ў святочную вопратку: яна — у тоўстую такую сукню, як на маскарадзе, ён — у штанах з балета. Не разумею, як яны ў такім выглядзе пайшлі пасвіць авечак і казлоў! Я са свайго досведу з казлом ведаю, што казлы наробяць такі вэрхал, — гаўняшкі ды іншыя прыкрасці, — дык навошта так апранацца, абсалютна няясна. Можа быць, іх вышывалі на «Габелен» для святочнасці.
Але самая прыгожая карціна ў Жэнінам доме — гэта твар жанчыны на кавалку жалеза. Там можна пабачыць толькі яе профіль, а на галаве ў яе капялюш, як перакуленае вядро, а на тым вядры — упрыгожванні і ўзоры. Гэтая жанчына, як высвятляцца, егіпецкая багіня, Неферціці. Жэня кажа, што і дагэтуль тая багіня лічыцца самай прыгожай жанчынай на свеце (нават цяпер, калі яна памерла ўжо, халера яго ведае калі, можа быць, тысячу гадоў таму назад). Пра Егіпет Жэня мне распавяла, што яны хочуць узарваць увесь Ізраіль і скінуць ізраільцян у мора, запхаць усім ізраільскім дзяўчынам паміж ног гэтае-самае і таксама ўвагнаць ім нож у спіну. А Якаў патлумачыў, што ў пару Неферціці Егіпет і наогул усе арабы былі цывізаваныя і вынайшлі алгебру і астраномію. Выдае на тое, што з таго часу яны моцна сапсаваліся. Жэня сказала, што ўсё гэта здарылася праз тутэйшую спёку, бо з таго часу, як іх сям’я ў Ізраілі, яе тата Алік таксама зрабіўся вельмі нервовы, шмат п’е брэндзі-каньяка «Сток-84», і лупцуе Фаіну Філіпаўну. Жэня кажа, што гэта ўсё ад ізраільскай спёкі.
Пасля таго, як мы вярталіся з летніка, я ішла да Жэні, садзілася на канапе, а Жэня трэніравалася на піяніна. Большасць расійскіх дзетак трэніруюц­ца на піяніна, апроч мяне, бо ўжо ў вельмі малым веку мяне праверылі і высветлілі, што я не маю музычнага слыху, і што я не маю схільнасцяў у гэтым кірунку, а больш да літаратуры, малявання і да шахмат. А вось у Жэні ёсць самы лепшы музычны слых — абсалютны, але ёй гэта дорага каштуе, бо Жэня мусіць практыкавацца штодня па дзве гадзіны, у час, калі я вольная рабіць усё, што захачу. Жэня пераважна ненавідзіць граць, і часам хлусіць, што папрактыкавалася. Тады яе мама сказала мне, каб я садзілася побач, каб Жэні не было нудотна, і каб я правярала па гадзінніку, колькі яна дакладна грае, і калі яна будзе замала граць, мне трэба даносіць.
Аднойчы Якаў сказаў, што Жэня не мае здольнасцяў. Нібыта ён вялікі музычны спец. У нас наогул ніколі не слухаюць музыкі. Бо гэта, бач ты, узнімае шум, і перашкаджае іншым. Толькі калі ў мой пакой прыходзіць Яна, каб паразмаўляць са мною, мы ставім на прайгравальнік класічныя запісы, такія якія нават Жэня не можа сыграць, бо яна грае толькі два гады, а на піяніна трэба вучыцца ўсё жыццё, або дзесяць гадоў як найменей, каб палічылі, што ты чагосьці варты.
Калі Жэня грае, яе бацькі не дома, яны працуюць. Мама — на малочным заводзе ў Хайфе, тата — на заводзе ізраільскага войска. Але часам Жэня кажа мне: «Скажаш маёй маме, што я сёння пайграла, а ўжо мы пакуль падурэем. Пазабаўляемся. Часам я кажу: «Добра, згода». Тады, мы ідзем у яе пакой, і Жэня дастае з шафы, з шуфлядкі для абутку, цыгарэты «Тайм». Жэня курыць не ў зацяжку, і я таксама спрабую, але два разы што я спрабавала, уваччу рабілася цемра, і поруч з’яўляліся зоркі. І мне давялося легчы на канапу, я ўся ўзмакрэла, і тады Жэня сказала, што больш не дасць мне курыць, бо я глытаю ў лёгкія — а гэта небяспечна, бо я яшчэ малая. Пасле курэння яна духмяніць паветра пахам ружаў пшыкалкай з прыбіральні, і мы гуляем у карты. Ёсць расійская гульня, якая называецца «Подкідной дурак». Гульня для дарослых. У нас дома няма карт, бо гэта «толькі для прымітыўных людзей і п’яніц». У нас толь­кі шахматы, але дзякуючы Жэні я зусім няблага гуляю ў карты. Падчас гульні мы лаемся, як навучыла мяне Жэня. Ёптвоюмать, курвымать, так як лаецца яе бацька з яе дзядзькамі на выходных. Калі нам надакучвае гуляць мы мажамся касметыкай Жэнінай мамы: памада, бірузовыя цені, і вызіраем з вакна, можа, пройдзе хлопец, якога Жэня кахае — Віктар-Кот. Яна проста ўтрэскалася ў яго, нягледзячы нават на тое, што ён з каўказскіх гор, а гэта лічыцца не вельмі добрым. Жэніна мама сказала, што людзі з Каўказа — прымітыўныя і смярдзючыя. Не разумею, калі яна паспела панюхаць іх. Гэты Віктар-Кот насамрэч вялікі, гадоў чатырнаццаць, мо нават больш. І ён зусім не смярдзючы. Я ведаю, бо аднойчы я стаяла за ім у краме і ветрыла носам, дык наадварот — ад яго прыемна патыхала мылам і цыгарэтамі. Ён не ведае, што Жэня закаханая, і не ведае, што яе завуць Жэня, наогул, што яна існуе. Але ёй на гэта начхаць, і мы віжуем за ім, і ёй гэтага хапае. Часам мы закрываем у пакоі жалюзі, робім ноч пасярод дня, запальваем свечку і глядзім будучыню. Навязваем Біблію да нажніц і пытаем пытанні. Калі нажніцы зрушацца ў права, адказ «так», калі ўлева, дык «не». Згодна з гэтымі гаданнямі, Жэня ажэніцца з Віктарам-Катом ды ў іх будзе трое дзетак два хлопчыкі і адна дзяўчынка, машына «Форд-Эскорт» і стэрэа-сістэма. Я ж не пытаюся гэтых будучыняў, бо я пакуль што не закаханая, дык што тут пытацца?..
Ёсць у нас яшчэ колькі справункаў, напрыклад, мы як след шукаем у бацькоўскім пакоі, і часам знаходзім газету па-расійску, якая называецца «Клуб». Гэта газета — нудная, як усе газеты, але пасярэдзіне газеты друкуюць апавяданне з працягам, для дарослых, і там апісваюцца та-акія рэчы! Здурнець можна: адныя закохванні і раздзяванні — усё падрабязна апісана. Галоўны герой там — хлопец з імем Цімур, — выдае на тое, што насамрэч ён страшэнны красунчык ды пхае свой гэты-самы ва ўсіх дзяўчат у апавяданні. Там ёсць Клаўдзія, бландзінка, ёсць Наташа з прамымі валасамі, усялякія розныя дзяўчаты. Часам Жэня грае проста так, а я слухаю яе, нават заплюшчваю вочы.

Калі скончыўся летнік, дык засталося яшчэ процьма часу да пачатку вучобы. Цэлы месяц. Жэніны бацькі завезлі яе да сваіх дзядзькоў у Кфар-Сабе, каб яна не швэндалася па вуліцы цэлы дзень. У мяне ў Ізраілі дзядзькоў няма, толькі матчына сяброўка ў горадзе Бат-Ям, таму я шмат швэндалася па вуліцы, аж Яна пачала пра мяне непакоіцца, ды сказала, што зраблюся дзіцём вуліцы. Яна не разумее, што ў Ізраілі не так, як у Савецкім Саюзе. Яна баіцца, што буду як хлопчык Гаўрош з «Адрынутых» або як беспрытульнікі з «Педагагічнай паэмы».
Але я заўсёды на вуліцы, як мага больш, нават калі спёчна і няма чаго рабіць. Я зраблю ўсё, каб не заставацца дома з ім. Калі раніцой Яна ідзе працаваць, я ўжо зусім неспакойная. Усё ў жываце напінаецца, дрыгаціць. Ляжу на ложку, спрабую нешта пачытаць, але ўвесь час настаўляю вушы: што ён робіць, куды накіроўваецца, якія дзверы адчыняе, якія зачыняе. Увесь час унутры ёсць адчуванне, што здарыцца штосьці кепскае, што вось-вось высветліцца, што я зрабіла штосьці кепскае, і тады ён нават мне не скажа пра гэта, толькі будзе чакаць, пакуль вернецца Яна: нягучна паразмаўляе з ёю на кухні, або ў іх пакоі, і потым у доме будзе вялікая жахлівая ціша, і я не буду ведаць, што здарылался, якое злачынства я ўчыніла, і што ён зробіць Ёй праз мяне. Можа, развядзецца з ёю і застанецца ў Ізраілі адзін, без анікога, без дзеда з бабуляй, без цёткі Ксені, без нічога. А Яна, Яна баіцца застацца адна. Гэта з таго часу, калі мой тата памёр, Яна гэтага баіцца, нешта кшталту рэакцыі Яе душы.
Калі памёр мой тата, мне было пяць і яшчэ трошкі. Быў месяц красавік, і ўвесь горад быў у квецені бэзу. Фіялетавы бэз, белы бэз, хіба з моцным водарам, як у парфумы, адно значна мацнейшы. Людзі нават робяцца млявымі, калі нюхаюць яго занадта шмат. Можна нават страціць прытомнасць. Квецень была на кожным кусце, але на бэзе асабліва шмат. Гэта такая адметнасць нашага горада вясною, і гэта павінна быць страшна прыгожа, але як на мяне, дык пах гэтага бэзу — пах хваробы майго таты, пах яго смерці. Калі ён памёр, дакладна я не ведаю, бо ён ужо быў шмат часу ў больніцы. Я не бачыла яго, можа, месяц, можа — два. Нічога мне не распавядалі, а я таксама не пыталася. Калі не кажуць — дык няма чаго пытаць, іхнія сакрэты не выведаеш, толькі здагадацца можна. На пахаванне мяне таксама не ўзялі, бо я была замалая. Толькі ўвечары, калі вярнуліся, бабуля сказала, што ён памёр, і што я магу плакаць, калі я хачу, але я таксама мушу цешыцца за яго, бо яму вельмі балела, а цяпер боль суцешыўся. Але я не плакала. Проста сядзела ў кутку, дзе цацкі, на маленькім услончыку, ды не ведала, што рабіць, і ўвесь час думала толькі пра Яе. Пра Ейны боль. І спадзявалася, што Яна пакліча мяне.
Толькі значна пазней я ўбачыла фатакарткі з пахавання. Частка здымкаў, дзе ўсе ідуць з кветкамі і частка здымкі яго аднаго, у дамавіне.
Здымкі я знайшла ў Яе шуфлядцы, у спецыяльным чорным канверце. Ён ляжаў у дамавіне, але не так нібыта спіць, а так, што выродлівы такі, твар як бы яго і не ягоны, шэры такі. Апрануты ён у гарнітур. І кветкі вакол. Не разумею, калі ён памёр, нашто яму гарнітур? Але я не спытала, бо здымкі былі сакрэтныя і я баялася, што Яна ўзлуецца, або, што яшчэ горш — пачне плакаць і не здолее спыніцца, а потым ляжа на ложак, зшэрхлая, з расплюшчанымі, як у плюшавага мядзведзя, як бы зробленымі са шкла, вачыма, і не будзе больш ні з кім размаўляць дні, або нават месяцы, або ніколі.
Усё роўна, як адбылося тады, калі ўсе вярнуліся з пахавання, ды Яна зайшла ў свой і яго пакой, а мне не далі ўвайсці, толькі заставілі дом кветкамі. Гэты самы бэз апынуўся ў кожным гаршчку, у кожнай вазе, і мая галава круцілася толькі праз гэты водар, і я хацела, каб мне далі зайсці да яе, але бабуля не дала, і толькі сказала: «Ідзі сабе, Настенька, — пачытай кніжку, бо мама сёння сумная». Толькі калі прыйшлі Яе сяброўкі з працы і простыя сяброўкі, ім далі зайсці. Я спрабавала асцярожна зазірнуць, каб не заўважылі, пабачыць, што Яна робіць там у пакоі, пра што яны гамоняць, і чаму мне нічога не кажуць, але ў мяне не атрымалася, бо яны прычынілі за сабою дзверы.
Пасля таго, як прайшло колькі дзён, або тыдняў, не ведаю, людзі прыходзіць перасталі. Аднак Яна працягвала ляжаць там, у пакоі са сваімі нерухомымі вачыма, нібыта Яна сама памерла, а не ён. Бабця ўвесь час спрабавала завесці мяне ў пакой і пераканаць Яе паразмаўляць са мною, заўважыць мяне. Казала Ёй: «Глянь, Машенька, тут Насця. Скажы ёй якое слова, нельга ж так катаваць дзіця!» Але Яна нават не мела намеру сказаць хоць слова, толькі час ад часу круціла галавой, глядзела на мяне нібыта не ведае мяне наогул. І маўчала.
Бабця клапацілася пра мяне. Я бачыла. Купляла мне вішні, сабаку з пластмасы, які мог гаўкаць, кніжкі з кардону, з якіх можна будаваць дамы, але зусім не трэба было так клапаціцца. Я ведала, што цяпер, калі Яна ляжыць там як мёртвая, мне трэба ўзяць за Яе адказнасць на сябе. Бо калі я не буду ахоўваць Яе, можа адбыцца якаясьці жуда. Нават ноччу, калі я ляжала на сваім ложку, які пакуль што перанеслі ў пакой дзеда і бабулі, я не засынала. Я заплюшчвала вочы і ўдавала, што сплю, але ў душы я чуйнавала і ахоўвала Яе на адлегласці. Думала: «Можа, Яна раптам мяне пакліча, трэба быць гатовай», ды чакала.
Яна не клікала мяне шмат часу, нават не ведаю колькі, датуль, калі пачалося сапраўднае лета, Яна выйшла на балкон. І сказала бабці, што ёй хочацца супу. Курынага супу, удакладніла Яна. І бабуля пляснула рукамі і паляцела купляць курку. А Яна села ў такі спецыяльны фатэль на балконе, які называецца «шэзлонг» і ўбачыла, што там стаю я, і паглядзела на мяне, і нават зрабіла нешта кшталту руху такога ротам, нібыта ўсмешку, скура вісела на Ёй трохі ,як ануча, і я падышла да Яе, пагладзіла мяне па галаве, паклала руку на плячо і сказала: «Ну, Настенька, засталіся мы адныя». Я не магла нічога вымавіць, бо ў мяне ў горле з’явіліся смаркі, я прыхінулася да Яе, галаву ўплішчыла паміж грудзей, адчула Яе пах, не парфумы, як раней, пах Яе адчаю, як пах пылу, і схавала сваю галаву ў Ёй, і сказала сабе, што згэтуль я буду абараняць Яе ўсё жыццё, моцна-моцна, каб у яе ніколі не было адчаю, і што я цяпер адказная за гэта. Вось якое рашэнне я тады прыняла.
Калі вярнулася бабця, я пайшла ў кухню, узяла трохі малака і напісала гэтую клятву сакрэтным атрамантам, шпількаю, згарнула аркуш і схавала яго глыбока ў гаршчку дзікага вінаграду, і тады стала зразумела, што дарогі назад няма. Во як было.

Вось такія цяпер справы. Вось чаму я стараюся быць такой добрай, намагаюся не злоснічаць, не капрызіцца, не брудзіцца. На мне адказнасць зрабіць усё, каб ён абыходзіўся з Ёю добра, каб не караў Яе маўчаннем, каб не пачынаў ненавідзець, і найперш, каб не кінуў Яе.
І мне вельмі цяжка. Па адчуваннях, атрымліваецца ў мяне гэта не вельмі добра. Можа таму, што я прывыкла быць дрэннай яшчэ з СССР, можа, бабуля занадта песціла мяне і такой дрэннай я зрабілася. Цяпер ён выхоўвае мяне нанова. Наганяе на мяне страх. Вось каб ён знайшоў працу, і не сядзеў дома цэлы дзень. Прынюхваецца, прыглядаецца, каб нічога не краналі, каб нічога не разбівалі.
З часу, як скончыўся летнік, і Жэня з’ехала, я сяджу дома, бо Яна наказала, каб я не гойсала па вуліцы, як лунацічка. Я баюся выйсці з пакою, толькі чую яго босыя ногі па падлозе, як ён шмыгае носам, і мне робіцца цяжка ў грудзях. Колькі дзён таму я выйшла на кухню памыць персік, — Яна мне сказала, каб я ела іх, бо яны карысныя для здароўя. Раптам заходзіць ён, а я не пачула. Я так перапалохалася, што развярнулася і бах! Упусціла кубак, што стаяў на сталешніцы. А ён, у яго ж страх перад аскепкамі і іголкамі яшчэ нават большы за страх перад мікробамі. Авой мне, калі разаб’ецца шклянка: увесь дзень да ночы ён будзе поўзаць па падлозе, збіраючы аскепкі, а ў пакой, дзе гэта здарылася, забаронена ўваходзіць, а ён поўзае і поўзае, шукае і збірае аскепкі. Так ужо баіцца ўсяго вострага. Усе нажніцы ў нас прымацаваныя да высокай шафы, бо ён баіцца. Скрынку з іголкамі і ніткамі — строга забаронена браць, бо ў ёй ёсць шпількі-голкі, і калі Яна хоча нешта зацыраваць або прышыць гузік — дык найперш трэба сказаць яму, а ён пракантралюе, і потым паўночы пераправярае, ці не ўпала якая іголка, хаця кожны дурань бачыць, што нічога не згубілася.
Як толькі я ўпусціла той кубак, ён спалатнеў, вочы — Божа злітуйся! — жудасныя, твар зрабіўся шалёным, а я амаль самлела, як заўсёды, бо не ведаю, што цяпер можа адбыцца. Каб ён прынамсі біў, я ведала б, чаго чакаць, і не было б гэтага халоднага страху, але ён ні разу не біў, і я ведаю, што пакаранне мяне чакае гідкае, толькі не ведаю якое. Я імгненна спрабую апусціцца на калені, каб сабраць аскепкі, але ён ужо побач, рукой хапае мяне за плячо з такой нянавісцю, як скарпіён які ці рак. А балюча ж! Мяне яшчэ ніхто так не ненавідзеў. Мае зубкі — тук-тук-тук, б’юцца адзін аб адзін, і пах смуроду з-пад пахаў, смурод страху, я адчуваю, што калачуся ўсім целам, а ён кажа мне: «Ідзі ў свой пакой, я прыбяру», і адкрывае кран, і мые вадой руку, якой трымаў мяне. Я лячу ў пакой, зачыняю дзверы і саджуся на ложак і чакаю, пакуль трасучка мінецца. Думаю, што сказаць, калі вернецца з працы Яна, і як я апраўдаюся, што я такая брудная гнюсота, як мне ўсё гэта патлумачыць?..
Яна вяртаецца праз вечнасць — я чую Яе ключ у замку. Ведаю — Яе твар змораны, бліскучы, і я прыціскаюся да дзвярэй, намагаючыся пачуць, што ён кажа Ёй там, у цішы здушаным голасам, і тады Яна заходзіць да мяне, Яе вочы — пустэльня, сухавей, і кажа мне: «Табе трэба быць акуратнай, і я бягу да Яе: «Матуля, мамочка, дорогая, любая, прабач, прабач мяне, ізвіні меня, я больше не буду, ніколі больш не буду раняць шклянку! — І Яна трошкі абдымае мяне, але Яе вочы — пустэльня, сухавей, і я ведаю, што зараз праз мяне ён Яе пакіне. Усё скончана, вось ён, жудасны фінал, вось яно адбываецца, усё ўсмоктваецца ў чорную дзірку, Сонца і Месяц, Андрамеда і Касіяпея, Цэнтаўра і Паўднёвы Крыж, закруціліся ў гіганцкім віры, і пойдзе дождж з вялізных астэроідаў, усё захлынецца, знікне, спляжыцца, нібыта не было ніколі Сусвету.

«...Анастасія!
Вечаровае сонца,
Празрыстая расіца.
Кроўка ты мая,
Слёзка ты мая...»

Гэта верш, які яна напісала пра мяне. Колісь. Яшчэ ў Савецкім Саюзе. І яшчэ:
«...Вочы маёй Мадонны —
святло маёй душы...»

Таксама пра мяне.
І там ёсць яшчэ працяг, ды іншыя вершы, але іх я ўжо не памятаю.

Я перастала вучыцца ў класе новых рэпатрыянтаў, і перайшла ў чацвёрты клас да ўсіх ізраільцян-сіяністаў, збольшага мараканцаў, і яшчэ адна расійская дзяўчынка, Ірачка, што цяпер мая найлепшая сяброўка. Паставілі новую настаўніцу-выхавацеля, Цыпору, з валасамі як у старой, хаця яна ў прынцыпе маладая. Мне сказалі, што гэта такі адмысловы колер, які робяць у цырульні, і нават за гэта трэба плаціць, і ён называецца «плацінавае меліраванне».
Спярша было не вельмі. Усе ў класе ненавідзелі Ірачку і мяне, і казалі пра нас усялякае крыўднае. Пра мяне казалі, што я я...уся з Просперам Бэн-Хамо ля рыбных ставоў, і ён плаціць мне за гэта адну ліру. І яшчэ падобныя рэчы, што я ніколечкі раней не чула. Пасля заняткаў мы павінны былі шпарка бегчы дадому, бо некалькі хуліганаў з нашага класа ганяліся за намі і крычалі ўслед усялякія словы, «блять», а яшчэ арабскую лаянку і «мать твою».
Мы ляцелі дадому ўсё роўна як індзейцы, як Чынгачгук Вялікі Змей, як апошні магіканін, як атручаныя стрэлы, як тамагаўкі апачаў, хаваліся дома ў Ірачкі і чыталі ўкраінскія апавяданні Гогаля. Такія апавяданні як «Вій» і «Вечары на хутары ля Дзіканькі». Сяк-так жыць было можна.
Якаў пайшоў вучыцца на сацыяльнага работніка. Любіць ён дапамагаць усялякім бабкам, якія прыехалі ў Ізраіль адныя. Цягае ім кошыкі з рынку, размаўляе з імі на ідыш: «Вус махсту? Зай гізунд!»1
Дапамагаць бабкам — яго хобі. Толькі мне і Ёй ён не дапамагае. Але цяпер ён прынамсі дома не штодня, і мне таксама ёсць куды схадзіць. Найбольшая нявыкрутка — з туалетнай паперай. Ён наракае, што апошнімі днямі я і Яна выдаткуем зашмат туалетнай паперы. Хутка заканчваецца. Дык я стараюся пакакаць у школе, і не піць зашмат, калі я вяртаюся, каб мне не хацелася сікаць, толькі ў выпадках, калі ўпраўду няма выбару.

Але аднойчы ўсё перамянілася. Такіх пераменаў я нават не чакала, што праз яго яшчэ шмат чаго абрынулася, як снежны камяк. Аднойчы яна вярнулася з працы і сказала: «Насця, падрыхтуйся, для рэпатрыянтаў ёсць спецыяльны базар». Па дарозе яна растлумачыла, што габрэі з Амерыкі даслалі ўсялякую вопратку, якая ім ужо не патрэбная — каб дапамагчы рэпатрыянтам у Ізраілі. Такі вось сіянісцкі клопат. Гэты базар з вопраткай, у доме спадарыні Берты, дырэктаркі клуба пенсіянераў.
Калі мы ўвайшлі на базар, я зрабілася вельмі вясёлай. З таго часу, як мы прыехалі ў Ізраіль, мне не куплялі ніякай новай вопраткі, а ўся вопратка з Савецкага Саюза пачала мне ціснуць, і тут я бачу ўсялякую-розную вопратку, і страшна модную! Штаны з шырокімі знізу калашынамі, — па-расійску яны называюцца клёшы, а яшчэ джуты, блузкі ў кветачкі з шырокім каўняром, і адна кофтачка з футра як у тыгра, але вялікага памеру.
Яна шукала як след, і знайшла мне блакітны касцюм, з матэрыялу, які называцца габардын. Толькі я касцюм памерала, дык ужо ведала, што ён якраз на мяне, і ўсе сказалі, усе бабулькі і Ірачка, і яе мама, якія таксама былі там, сказалі, што я прыгожая.
Назаўтра я апранула той касцюм у школу, і нават Цыпора, настаўніца-выхавацель, павіншавала: «Анастасія, з абноўкай!», і паставіла мяне і Ірачку адказнымі за афармленне класа. Нам сказалі зрабіць куток першабытнага чалавека. Намаляваць фігуркі ўсялякіх неандэртальскіх людзей на кавалках кардону і ўваткнуць тыя фігуркі ў скрыню з пяском.
Адгэтуль жыццё пачало крыху мяняцца. Нас перасталі пераследваць пасля заняткаў і лаяць, я пачала рыхтаваць дамашнія заданні, на кантрольнай па Бібліі я атрымала «амаль вельмі добра», а па арыфметыцы «вельмі добра». Усе прасілі нас намаляваць усялякія розныя рэчы: дзяўчынак, жывёл, пальму з малпай. Усё што прасілі ў нас — мы рабілі. Не трымалі зла.
Расійскія хлопцы з раёна, а таксама грузіны, пачалі мне свістаць, калі я мінала, і нават Віктар-Кот — той, у якога была закаханая Жэня, — спытаў у мяне, ці не хачу я пакурыць цыгарэту «Мальбара», але я не ўзяла. Ірачка ўвогуле зрабілася прасунутая ў каханні — яна ўтрэскалася ў свайго суседа Аркадзія з пятага класа, і нават я перастала закохвацца ва ўсялякіх несапраўдных людзей, як то Шэрлак Холмс ці граф Монтэ-Крыста, і пачала сур’ёзна цікавіцца Амнонам Блайхам з паралельнага класа. Часам Ірачка і я сядалі ў маім пакоі і размаўлялі пра ўсіх гэтых хлопцаў, хто што сказаў, хто як паглядзеў. Мы малявалі плакаты для класа, мы сакрэтнічалі, дзяліліся ўражаннямі, раіліся, калі аднойчы рыхтавалі патрыятычны стэнд пра габрэйскую абарону Тэль-Хая.
Якаў чуў усю нашую размову. Не ведаю, як я магла гэтак разняволіцца. Шмат тыдняў пасля спрабавала прыгадаць перад сном што дакладна сказала, якія словы прамовіла, пра каго. Але гэта ўжо зусім нічога не змяняла.
Тым вечарам Яна зайшла ў мой пакой, увесь цёмны, без святла, і сказала цяжкім голасам, што Якаў ёй усё апавёў. Што гутару я адно пра хлопцаў, што я распусная, брыдкая, сапсаваная. Што яна саромеецца мяне, і што каб наступным разам я, прынамсі, размаўляла шэптам. І выйшла. Маё сэрца зрабілася, як халадзец. І твар зрабіўся гарачы, нібыта я сядзела ля печкі. Я кінулася на ложак, і ляжала ў вопратцы ўцемры да світанку, і страх нібыта млосць, як ваніты, напоўніў мяне, кропелька за кропелькай, каліўца за каліўцам. І я пачула ціўканне птушак, і адчула халаднаватае сонца, што ўзыходзіла, але не магла зрушыцца, толькі сказала сабе: «Божа, Божа, Божа, Божа, толькі не дай яму пакінуць Яе зараз, зрабі, каб ён прабачыў яе, толькі б, каб прабачыў»…
Не пакінуў ён Яе. Ні тым разам, ні наступнымі разамі. Аднойчы я бачыла, як Яна стаіць ля ягонага пісьмовага стала, за якім ніхто ніколі нічога не напісаў. Яна плакала. «З якой прычыны?» — спыталася Яе я, і яна адказала, што ён хоча пакінуць Яе, і я спытала: «Праз мяне?», і тады яна паглядзела на мяне і сказала: «Таксама». Я абняла Яе вакол жывата і прамовіла: «Не турбуйся, я з табою!», гэтаксама як яна казала мне, калі плакала я, але яна адно адказала: «Ідзі сабе, Насця, ідзі, паразмаўляем потым».
І нават пасля гэтага ён не пакінуў яе. Але я анічому з гэтага не наву­чылася, мне ж усяго толькі дзевяць з паловаю было.
Успаміны, успаміны вандруюць па мне, як мурашы па дрэве. Той дзень, калі я згубіла на рыбных ставах кашалёк з дваццаццю лірамі і вярнулася дадому пасля заходу сонца, у пыле і драпінах ад пошукаў, а Яна, знясіленая, перапалоханая не менш за мяне, не змагла заступіцца, выявілася слабой. Я зразумела.
І той раз, калі перад сном я ўпотай ела семкі, і заснула, не паспеўшы схаваць лушпайкі. Ранкам ён уварваўся ў мой пакой, і я прачнулася толь­кі, калі была ўжо на падлозе. Ён выцягнуў прасціну, разам са мною, на падлогу, са скажоным тварам, паўстрымаўся мяне біць, сказаў: «ах ты брыдота, дробны гаўнярскі мікроб». Не пакінуў ён Яе і тады, калі я забыла брудны нож у шакаладным шмаравідле ў рукамыйніку, калі я зжэрла ўсе салёныя агуркі, калі ён заспеў, як я чытаю «Лаліту», якая была схаваная ў спальні ў шафе, але я выдатна ведала, крыштальна чыста ведала, што блізіцца катастрофа, што я павінна знайсці шлях сапраўды выратаваць яе.
Калі прыйшоў месяц красавік, — так, зноў красавік, — Яна ўзяла мяне фатаграфавацца. У фатографа мяне апранулі ў касцюм з Амерыкі, валасы мне сказала памыць шампунем, каб яны былі пухкія, а не тлустыя і прыліплыя да ілба як заўсёды. Мы паехалі ў гандлёвы цэнтр непадалёк, дзе ёсць багатыя крамы з парфумай і вопраткай. Кінатэатр з фільмамі, а новых рэпатрыянтаў там няма зусім — толькі сіяністы-ізраільцяне з Нямеччыны ці Польшчы.
У нашым горадзе Львове таксама былі палякі, бо там увогуле ко­лісь была Польшча — да таго, як у вайну прыйшоў Гітлер. У мяне была польская нянька, якую звалі Муся. Мусю дзядуля прывёў з псіхлякарні побач са сваім калгасам. Мне распавялі, што колісь яна была вар’яткай, але цяпер павінна ўліцца ў асяродак звычайных людзей. І што каструлі яна ўмее глянцаваць як след, а таксама хадзіць на закупы і мыць бялізну. Пасля таго, як заканчвала прыбіранне, яна выходзіла са мною на шпацыр, паказвала ўсялякае-рознае. А аднойчы паказала, як рэжуць малога парсюка ля гародніннага рынка — рынка імя Леніна. Парсюк той, парсючок, вішчэў моцным голасам, як чалавек. Я хацела, каб мы яго купілі і забралі дамоў, каб выратаваць яго і трохі з ім пагуляцца. Аднак Муся сказала, што мы жіды, і што нам забаронена гуляцца са свіннямі, то бок мне, маёй бабці і дзядулі. Забаронена. Муся патлумачыла, што жіды ўкрыжавалі Езуса, што гэта такі польскі бог, і паказала мне карцінку голага мужчыны, павешанага на крыжы, з рук і ног якога цякла кроў, на галаве ў яго балючы вянок з калючак, а замест трусоў — спецыяльная такая ануча, каб нічога не было відаць. Гэты Езус, сказала яна, хацеў каб усім у свеце было добра: палякам, французам, амерыканцам, бо ён увогуле сын галоўнага бога, але жіды ўзлаваліся, што ён хоча дапамагчы, і павесілі яго на крыжы. Але ён не памёр, а паляцеў у нябёсы, каб быць у Бога-бацькі, і ўсе, хто яго любяць, робяцца хрысціянамі, але толькі не жіды, якія ўсяляк упінаюцца і ўчыняюць супраць яго ўсялякія ўчынкі, такія, як пакласці дзіцячую кроў у сваю мацу.
Я спытала ў Мусі, ці магу я перастаць быць жідовкой, бо мне не вель­мі прыйшліся да сэрца ўсе гэтыя справункі з мацой і дзецьмі, а яна адказала, што пакуль я малая, дык — не, але яна можа навучыць мяне казаць польскую малітву, і што пакуль што зможа дапамагчы, бо інакш можна трапіць у пекла. У пекле мяне схопяць чэрці з рагамі і будуць смажыць разам з іншымі жідамі ў скіпелым алеі, як бульбу, і пакуты будуць цягнуцца бясконца, бо ў пекле ты нават не зможаш памерці, бо ўжо і так памерлая. Я павінная была казаць малітву штодня перад сном. Укленчыць у начнушцы, глянуць на нябёсы, дзе гэты Езус жыве, і сама важна — пастарацца маліцца ад шчырага сэрца. Можна таксама папрасіць усялякія просьбы, сказала яна.
Я вырашыла, папрасіць у Езуса, каб мы перасталі быць жідамі, для пачатку мне падалося гэтага дастаткова. Я не хацела занадта натамляць, аднак ужо ў першы ж раз бабця ўбачыла мяне, і пачала дапытвацца: «Што здарылася, Насця? Што ты робіш?» Я не хацела казаць, але яна чагосьці збаялася і паклікала ўсіх, і тады я прызналася. Я хацела патлумачыць пра Езуса, і ўсе злыбеды, якія прылучыліся з ім, але яна хацела пачуць пра жідов, а яшчэ больш — усю гісторыю з мацой і дзіцячай крывёю, але ўрэшце я распавяла ўсё, як якаясьці паганая шпіёнка.
Пасля гэтага Муся больш ніколі не шпацыравала са мною, а толькі да­памагала бабці на кухні, пакуль аднойчы пасярод ночы яна не пачала лямантаваць, што ўдома хаваюцца ўсялякія людзі, фашысты і жіды, і хочуць з ёй зрабіць усялякае кепскае, і тады прыехала медычная машына — скорая помошчь, і Муся з’ехала назаўжды.
У Кір’ят-Моцкін мы з Ёй ходзім у студыю фатографа, якая па-расійску называецца то-ателье. Фатограф саджае мяне так і гэтак, кажа мне ўсміхац­ца, але ў мяне не атрымліваецца. Яна кажа мне: «Ну, Насця, што сёння здарылася, что с тобой, давай усміхніся», але я знянацку не магу знайсці ніякай усмешкі, увесь твар нібыта зроблены з гумы, нібыта ён не мой зусім, а рот не варушыцца. Фатограф і Яна спрабуюць рассмяшыць мяне: падскок­ваюць, курчаць рожы, усялякія гукі, — нічога мне не дапамагае, пакуль урэшце Яна вынаходзіць такі спосаб, робіць такі гук сваім ротам, як гук пярдыкі, і тады я пачынаю смяяцца, і фатограф фатаграфуе мяне.
Пасля таго, як мінуў тыдзень, чую, як Ірачка кліча мяне знізу. Я высоўваю галаву з вакна, і яна крычыць, што толькі што вярнулася са сваёй мамай з Кір’ят-Моцкіна і бачыла там мой здымак вялікага памеру, павешаны ў фатографа на вітрыне. Спярша я ёй веры не дала, але потым узяла крыху грошай і паехала ў ателье разам з ёй, і ўбачыла сябе на сценцы ў вялікімі памеры, у маім касцюме і ва ўсім іншым.
Чутка пра мой партрэт разляцелася ва ўсе бакі. У школе да мяне падыходзілі нават з шостага класа, і вялі са мной цалкам сур’ёзныя гутаркі, казалі прыемнасці і задавалі пытанні. Я распавяла пра ўсё, адно не сказала пра тое, што смех у мяне вырваўся дзякуючы гуку пярдыкі, бо гэта наш асабісты з Ёю сакрэт, як некаторыя іншыя рэчы, якія застаюцца ў нашым доме і нікому іх расказваць нельга.
Калі мы забралі гатовыя фатаграфіі дадому, я была такая радая, ажно прыняла рашэнне, што пры першым выпадку я нават пакажу іх Якаву, каб той зразумеў, які я добры і паважаны чалавек, і таксама будзе нагода паказаць яму, што ў мяне добрыя намеры, і што я гатовая пасябраваць з ім, як таго хоча Яна. Я чакала зручнай нагоды, і вось яна надарылася.
Адным ранкам я прачнулася са страшэнным балючым болем у жываце. Падумалі, што гэта разлад страўніка і тройчы адпраўлялі мяне ў прыбіраль­ню, але ў мяне нічога не выйшла. І тады яна сказала, што гэта запоры, і што мне трэба праглынуць паслабляльны сродак і застацца дома. Я ці­хенька ляжала і чакала, каб ён вярнуўся са сваёй вучобы сацыяльнага ра­ботніка. Калі я пачула, што ён прыйшоў у кватэру, раптам перапалохалася, і вырашыла, што я пакажу яму фотаздымкі, калі скончыцца вэрхал у маім жываце. Я пайшла ў туалет і села. Але то быў сур’ёзны запор, і каб там мне не было нудна, я пачала гуляцца ў гульню: я спускаю рулон туалетнай паперы да ўнітаза, паміж маіх ног. Так я прабавіла час, пакуль урэшце ў мяне выйшла гаўняшка. І тут адбылася катастрофа. Я паспрабавала спусціць ваду, але нічога не спусцілася. Унітаз забіўся. Пачакала, пакуль зліўня зноў не набярэцца, паспрабавала яшчэ раз. Нічога ніякага. Усе гаўняшкі і папера засталіся ва ўнітазе. Я пачула, як ён грукае ў дзверы туалета: «Што там такое?», а я не адказваю, толькі адчуваю, што я пачынаю пацець, а страх пачынае ціснуць на сэрца, і яшчэ раз тузаю клямку зліўні — усё роўна ўсё застаецца. Я тузанула клямку некалькі разоў, пакуль ён не закрычаў: «Анастасія, ты там заснула, ці што?!», і тады ў мяне выбару больш не было. Я выйшла, і мой язык быў сухі, і я з цяжкасцю варушыла ім: «Затор ва ўнітазе, і там шмат маіх мікробаў».
Ён не адказаў. Адно пачакаў пакуль я скончу мыць рукі і зайду ў свой пакой. Пасля некаторага часу, можа пасля некалькіх хвілінаў, можа, праз год, ён паклікаў мяне. Я ўбачыла, як ён нахіліўся над унітазам, а ў ягоных руках вялікі камяк мокрай і бруднай паперы. Я падышла моўчкі да яго, ішла як асуджаная да смерці. Адчула, як правы бок майго твару трохі торгаецца, без маёй волі. Ён павярнуўся да мяне, падняў руку з камяком і з сілай пхнуў яго мне ў твар.
Не памятаю, што адбылося потым, не памятаю, як я мыла твар, і калі я трапіла ў свой пакой, толькі памятаю, сядзела на ложку, нерухомая, пакуль не настала цемра. Яна вярнулася па зней чым звычайна, я пачула яе крокі ў вітальні, і Яна смяялася і сцішана размаўляла з ім, і тады яна зайшла да мяне, і была такая дзіўная і ўрачыстая і сказала: «Што такое, Насценька? Ты чаго сядзіш у цемры?». Запаліла святло і закрыла сетку на вакне, каб не заляцелі камары. Потым села побач, абняла мяне і сказала: «Я хачу распавесці табе сакрэт, які нельга нікому распавядаць, каб ведала толькі наша сям’я». Яна пагладзіла мяне па галаве, трохі спарадкавала мае валасы пальцамі, уздыхнула глыбока і сказала: «У цябе будзе малень­кі брацік або сястрычка, але яшчэ вельмі не хутка, недзе праз восем месяцаў… Ну, што ты маўчыш, як рыба? Ці ты радая?» І ўвесь гэты час не спынялася ўсміхацца і лашчыць мае валасы, пакуль я не абняла яе і ўтуліла галаву, як я люблю, у шыю, і сказала адтуль смешным голасам: «Я радая, матуля, я очень, очень рада, вельмі-вельмі ўсцешаная». Яна адсунула мяне ад сябе і сказала: «Ну, нашто плакаць, якое глупства!», але яна таксама плакала, увесь час смяялася, і потым пайшла зладзіць вячэру, і я стала думаць, якую зорку я магу аддаць, якая будзе прадстаўляць новае дзіця, і быў толькі адзін выбар, які падыходзіў.
Пасля таго, як я прыняла рашэнне, я падышла да вакна і стала шу­каць яе, я накрэсліла выдуманую лінію праз Вялікі Воз, пакуль не трапіла на яго і не спускала з яго позірку, пакуль усё наўкола мяне не знікла, і засталася толькі я і яна, і я сказала: «Я чакаю цябе, малеча, хлапеча, хлапчанё, нам будзе разам вельмі файна».

З таго часу, як Яна зацяжарыла, шмат чаго ў доме змянілася да лепшага. Усе намагаюцца быць зычлівымі. Нават Якаў. Калі пачаліся летнія канікулы, мяне адправілі ў летнік для рэлігійных дзяцей, бо забыліся запісаць мяне ў звычайны летнік пры звычайнай школе, а калі прыгадалі, дык не засталося месца. Рэлігійны летнік — прыемнае месца, адно што там не водзяць у басейн. Кожную раніцу мы збіраемся ў рэлігійным класе рэлігійнай школы і спяваем песні. Нішто сабе такія песні, я хіба не разумею ніводнага слова, таму спяваю на слых. Мова рэлігійных — гэта вам не просты, звычайны, іўрыт. Напрыклад: «Алё, Луя! Алё, Луя!» Не маю паняцця, хто такая гэтая Луя, і чаму ёй трэба тэлефанаваць, а я саромеюся спытаць, бо я спявала гэта процьму разоў, і выходзіць, што я нібыта спяваю без усялякага разумення, дык лепей я ўжо прыкушу язычок. Спяваем таксама песні, што я ведаю ўжо здаўна, «Хава нагіла», яшчэ з заняткаў па іўрыце, але калі я пачынаю думаць пра гэта, дык тады думаю, хто такая і ад­куль гэтая Хава, і чаму яна нагіла, і што гэтае дзеянне, «нагіць», увогуле азначае, — я таксама не ў курсе, — можа быць, нешта кшталту «хадзіць нагамі». Потым мы трохі малюем, той двайны скрутак Торы з Дзесяццю Запаветамі, або голуба, або барадатага дзеда з ерыхонскай трубою. Мне найбольш падабаецца маляваць дзяўчатак, і пірацкі карабель з ветразем, нават няглядзячы на тое, што гэта не пасуе рэлігійнай школе, і наш важаты-выхавацель сказаў, што гэта вельмі прыгожа і што ў мяне здольнасці да малявання — і быццам я гэтага не ведала раней!
З гэтага летніка я вяртаюся рана. Якаў зноў праседжвае цэлы дзень дома. Ён пакінуў гэтыя сацыяльныя працы, бо занадта рупіўся пра некалькі адных бабулек, і ў яго не ставала часу на іншых бабулек, дык яго звольнілі, і Яна сказала, што гэта праз тое, ён дбайны і руплівы, і не працуе абы збыць з галавы, як іншыя.
Можа быць, праз тое, што яму няма каго даглядаць, ён вырашыў змяніць стаўленне да мяне. Напрыклад, купіў мне пластмасавы бінокль, на выпадак калі я хачу сачыць за вандроўнымі птушкамі, ён хіба што не ведаў, што як на мяне, дык птушка самае брыдкае, што ёсць на свеце, я вельмі моцна гіджуся іх, асабліва калі трэба трымаць птушак на руках, а іх вочы такія круглыя і злыя. Купіў мне таксама кнігу па-расійску Герберта Уэлса «Чалавек-невідзімка», якая ў мяне ёсць яшчэ з Саюза. Дастаў мне працяг кнігі «Тры мушкецёры» — «Пасля дваццаці гадоў», і дазволіў чытаць яе да поўначы, бо яму трэба было вярнуць яе назаўтра (я, пасля таго, як пастанавілі, што я пакінутая і сапсаваная, павінна выключаць святло ў сваім пакоі роўна а палове на дзясятую).
Я ненавіджу яго падарункі настолькі, наколькі я ненавіджу яго самога, але нягледзячы на гэта, я паводжу сябе вельмі добра. Дзякую, раблю намаганні, увесь час мыю рукі. Цяпер усё снадзіва ў кухні з пластмасы, так што значна менш трывогі, што разаб’ецца. У дадатак ён увесь час спрабуе мне ўсё растлумачыць, навучыць мяне або распавядае нудотныя гісторыі, пра тое, як яму жылося з яго мамай падчас вайны ў горадзе Самаркандзе ў Азіі, якія персікі былі там, і які вінаград. Вось дзе ж нудоцце! Я ахвотна падыгрываю яму, бо яна ад гэтага робіцца шчаслівая.
Адзіная рэч, што вельмі жудасна — цяпер ён вырашыў вучыць мяне рабіць гімнастыку паводле кнігі, якая ёсць у яго, што прызначаная для афіцэраў Савецкай Арміі. Увогуле, я ненавіджу гімнастыку, акрамя балету, але нават тут я не пярэчу, нават калі гэты занятак злуе, я раблю ўсялякія розныя практыкаванні — «Удых-выдых», «Ластаўка», «Бег на месцы».
Самая паганая — гэта «ластаўка». Трэба стаць на адну нагу, раскінуць рукі ўшыркі, а другую нагу выпрастаную падняць назад. Апошнім часам ён любіць прытуліцца да мяне ззаду, каб мне нібыта было лягчэй, і часам проста так, калі я стаю ля вакна ў пакоі, прыціскаецца да мяне ўсім целам, аж занадта, моцна так, і я стараюся далікатна вылузнуцца з яго абдоймаў, каб ён не абразіўся і не пакрыўдзіўся, і каб ізноў у сям’і не было паганых адносінаў.
Вось як усё цяпер ідзе. Усё паціху-патроху. Яна шчаслівая, а значыць, я таксама. Яшчэ ні разу, з таго часу, як мы зрабіліся сям’ёй, не было такога прыемнага лета. Сёння ён завітаў да мяне ў пакой і сказаў: «Анастасія, гэтай ноччу роўна ў адзіннаццаць трыццаць восем будзе зацьменне Месяца, і табе можна ісці спаць пазней, не ў дзевяць трыццаць». І потым дурыў мне галаву яшчэ каторы час пра астраномію. Але я была такая радая, што мне зрабілася ўсё роўна.
Я пачала планаваць у галаве, як мы ўтрох выйдзем з дому. Ён нам будзе трындоліць пра зоркі, а я буду ісці зусім побач з Ёю, і Яна будзе шчаслівай, што ўсё настолькі цудоўна, і што ёсць лагода паміж намі, і я буду ўслухоўвацца да Яе шчасця ціха, ціха, і адчую, што гэта менавіта я, чароўная фея, зрабіла ўсё гэта, улагодзіла ўсе справункі, бо паводзіла сябе вельмі добра. І будзе пах траваў з палеткаў, і водар мора, і мы будзем маўклівыя і бліскучыя, як сузор’е, якое толькі што адкрылі.