12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ганна Кісьліцына

_____________________
Ідэальна памытыя толькі нябожчыкі.

Бусел ці зубр?
Жаба!
Менавіта яна — этнакультурны сімвал Балотнага Краю, дзе тонкія парасткі праўдаў чэзнуць у палоністай дрыгве крыўдаў, а на падсохлых ландшафтах ганяюць адно другое плямёны крывічаў і прамічаў, якія заўсёды трымаюць на пагатове лепшую зброю тутэйшага месца — ладны камяк ільсьністай гразі.
Паліваньне брудам і гадаваньне жабаў — традыцыйныя забаўкі айчынных літаратараў. Асабліва вылучыліся на ніве брудатэрапіі й жабагадоўлі былыя койданаўцы, cпад­чыньнікі Крапі­вы, якія ўзьвялі крыўды папярэдняга пакаленьня да праўды сёньняшняга.
“Праўда Адамчыкаў” — называе адзін са сваіх артыкулаў Па­­­вел Абрамовіч і быццам таўро ставіць: адгэтуль і назаўсёды правы на крытыку чальцоў гэтай сям’і належаць яму. Што б ні пісаў А. Глобус — усё знаходзіцца пад патранажам П. Абрамовіча. Цікава чытаць ягоны артыкул “Дом з закрытымі/адкрытымі аканіцамі”, дзе крытык на поўным сур’ёзе вымярае ступень “крэўнасьці-някрэўнасьці” глобусавых сваякоў праз колькасьць эпі­зодаў, дзе яны згадваюцца. Неўзабаве, відавочна, зьявіцца і падобнае літаратурна-матэматычнае дасьледаваньне “сУчасьнікаў”, і тады зьдзіўлены сьвет даведаецца, што найвялікшая колькасьць абразкоў у гэтай кнізе прысьвечана маме пісьменьніка.
І ўсё-ткі — насуперак вынайдзенаму Абрамовічам сямейна-статыстычнаму аналізу — галоўнай дзеючай асобай твору зьяўляецца ня мама, а Фацэт. Чалавек творчы, таленавіты, апазіцыйна-маргінальны, але, перш за ўсё, здатны на выхадку. Анатоль Сыс, Сяргей Малішэўскі, Генадзь Хацкевіч даюць добрае ўяўленьне пра тое, што хаваецца за гэтым словам. “Выхад­ка” — вылазка, выпаўзка ці выездка — фа­бу­ластва­ральны момант у “сУчасьніках”, жанр якіх сам пісьменьнік вызначыў як фацэціі — так называлі кароткія сьмешныя апавяданьні, папулярныя ў эпоху еўрапейскага Адраджэньня.
Калі навелістычных “дамавікоў” нам пазычыў Бакача, то показкавых “сУчась­­нікаў” — Поджа Брачаліні. Што ж дзіў­нага ў тым, што гэты жанр сёньня перажывае рэнесанс, калі любая нарацыя за­канчваецца рысападвядзёным “кароооче!”? Гэта ня аўтар рэанімаваў старую форму, а новы час, які патрабуе скарыстаньня вынайдзенага ў мэтах эканоміі культурных рэсурсаў. Многа і каротка, ці дакладней, вельмі многа і вельмі каротка – стыль сучаснасьці, стыль масмедыя і нэту – глабальнай сеткі. “сУчасьнікі” – і ёсьць сетка, ловы, накінутыя на сучасьнікаў. Аднак колькі б мы ні апелявалі да класікі, сУчасьні­кам відавочна будзе крыўдна, што іх калектыўна-на­тоўпны вобраз увасоблены ня небажыхарамі Бакачабрачалінямі, Гогальбулгакавымі, Свіфтагашэкамі, а такім зямным, вазьмі-і-дакраніся, Адамам Глобусам.
Часам уедлівыя абразкі “сУчасьнікаў” могуць падавацца вербальным спосабам зьвядзеньня рахункаў з “крыўдзіцелямі”, часам — хуліганскай спробай запэцкаць брудам вядомае імя. Між тым апошняя — кніжная — рэдакцыя сьведчыць, што дзіў­ны ўчынак, нечаканае дзеяньне цікавяць Глобуса болей, чым сацыяльны статус героя ці ступень яго “вінаватасьці”. Пацьвер­джаньнем таму — колькасьць мініяцюраў, дзе аўтар “гоніць” на тых, хто хадзіў ці ходзіць у ягоных сябрах, прыкладна роўная колькасьці мініяцюраў, дзе ён з захапленьнем распавядае пра пазанармаваныя паво­дзіны людзей незнаёмых. Ці, калькавана, “першых сустрэтых”.
Старая, што есьць бананы, калі пакутуе ад адзіноты; юнак, што гасіць “вечны агонь” ватоўкай; палітык, што пралічвае, на колькі баксаў апрануты яго суразмоўца — абсалютна роўныя ў множнасьці, што завецца Натоўпам. Багатыя і бедныя, вядомыя і невядомыя, старыя і дзеці — выхопліваюцца з яго пільным аўтарскім позіркам і прышпільваюцца да паперы з жорсткасьцю энтамолага, якога ўжо даўно выявіў у Глобусе А. Савіцкі. Божыя кароўкі і каларадскія жукі — для адстранёнага погляду таго, хто ўзяў на сябе місію гнусамора, аб­салютна аднолькавыя — гэта палохае і вы­клікае незадаволенасьць прататыпаў, якія хацелі б альбо персанальных адно­сінаў, альбо ніякіх. “Ён мяне палічыў!” – крыўда большая, чым асабіста абразіў.
Цікава слухаць скаргі на тое, што “ўсё было ня так”, ад тых, хто лічыць сябе аб’ек­там глобусаўскай увагі. Бо гэтае “ня так” — складнік мастацкасьці, аўтарская рэалізацыя прынцыпу тыпізацыі. Ня людзі, а тыпы цікавяць пісьменьніка, не канкрэтны сУчасьнік, а калектыўны вобраз. Таму дзікавата глядзяцца “замовы” на тую ці іншую рэальную асобу, калі яны сыходзяць ад чытачоў, і тым больш ад крытыкаў. Гэтае падштурхоўваньне, заахвочваньне пісаць пра рэальных людзей падаецца больш амаральным, чым стварэньне ананімнага ў сутнасьці героя фацэтна-эпатажнай сучаснасьці, якім займаецца Глобус.
Як ні дзіўна гэта ўсьведамляць, “сУчасьнікі” прадстаўляюць ня толькі калектыўнага героя, але і калектыўнага аўтара, ці, дакладней, калектыўнага суаўтара. Бо тэа­рэтычна можна ўявіць, што ўсюдыісны – калі меркаваць па масмедыя – Глобус увесь час за намі назірае, але практычна ясна, што ў аснову гісторыяў пакладзены ня толькі яго сьпецыфічна-вуайрысцкі позірк. Не адмаўляючы пісьменьніку ў здольнасьці фантазіраваць, сачыняць і прыдумляць дэталі, заўважым, што сюжэты ягоных показак часьцяком грунтуюцца яўна на чужым “ня­ім­перажытым” вопыце.
Дастаткова згадаць мініяцюру пра праваахоўніцу, якая прачнулася ў самотным гатэльным ложку, перапэцканая шакаладам. Хто сапраўдны аўтар гэтай мініяцюры? Глобус, які падглядаў у шчыліну, ці ўсё-ткі добразычлівец, які пераказаў гэтую гісторыю, ці сама гераіня, неабачліва “здаўшая” сябе аўтару ці добразычліўцу? Магчымыя ўсе тры варыянты. Бо ня толькі Глобус зацікаўлены ў павелічэньні колькасьці сваіх “сУчасьнікаў”, але і яны самі, хоць іх матывы каардынальна адрозьніваюцца ад аўтарскіх.
Высьвятленьне гэтых матываў раскрывае чытацкае — “нізавое” — разуменьне жанру “сУчасьнікаў”, бо аўтарскае вызначэньне “фацэціі” хоць і дакладна акрэсьлі­вае форму, але адрасаванае хутчэй літаратуразнаўцам, а не чытачам, для якіх гэты твор ці то “сьвецкія хронікі”, ці то yellow page. Згадваецца рэкламнае: “Калі вас няма тут, вас няма нідзе!”.
Сучасьнікі, ня ўсе, але ж і нямала, — персанажы ў чаканьні паперы. Бо сёньня «быць» азначае, перш за ўсё, прысутнічаць у інфармацыйнай прасторы. Існаваць – мільгаць на экране, гаварыць у радыё, згадвацца ў газеце. Зразумела, у першую чаргу, гэта датычыць людзей палітыкі і мастацтва, але і астатніх таксама, ня хлусьце сабе, што вы вышэй гэтага! Менавіта імк­неньне “ўцялесьніцца”, упэўніцца ва ўласным існаваньні штурхае асобных герояў “сУчасьнікаў” на малазразумелыя — з пункту гледжаньня здаровага розуму — споведзі Глобусу. Яму ў пару гаварыць на манер амерыканскіх паліцэйскіх: “Усё, што вы скажаце, можа быць скарыстана супраць вас!”, але наўрад ці каго гэта спыніць. Бо зьявіцца ў “сУчасьніках” — гэта зьявіцца на старонках “Нашай Нівы”, “Савецкай Беларусі” і “Народнай волі”. Ёсьць у гэтым нешта шчымліва-кранальнае... Як у гога­леўскага героя: “Будзеце ў Пецярбургу, то скажыце, што ёсьць недзе такі Добчынскі!”
Іншыя матывы ў тых, хто распавядае не пра сябе, а пра іншых. Крыўда, зайздрасьць, прага да ўлады. Інфармацыя ў наш час – гэта капітал, а яе дэманстрацыя – прад’ява віртуальнага капіталу. “Здача” сябра ці знаёмага – перманентны спосаб стаць на адну прыступку з пісьменьнікам, чыё імя асацыіруецца з фінансавым посьпехам, увайсьці, хоць на момант, у поле яго ўвагі.
Загаварыўшы пра ролю інфармацыі ў сучасным сьвеце, нельга не згадаць і яшчэ адну кагорту “суаўтараў”. Імі па праву можна лічыць журналістаў і рэдактараў выданьняў, якія актыўна на працягу апошніх двух гадоў займаюцца піярам гэтага цікавага ва ўсіх адносінах твору. Бо менавіта яны вырашаюць, якую показку друкаваць, а якую прытрымаць, актуалізуючы ў патрэбны момант тое ці іншае вядомае імя. “сучасьнікі” маглі б так і застацца прыватнымі дзёньнікавымі запісамі ці малавядомым інтэрнэтаўскім блогам, каб не ажыятаваны попыт на плёткі, якімі сёньня падмяняецца ў прэсе аналітыка – палітычная, эканамічная, культурная. Матывы дробных беларускіх “медыя­кратаў” абсалютна відавочныя, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Чытацкая цікавасьць да “сУчасьнікаў” – гэта хутчэй за ўсё сімпатыя да ўласна беларускіх сучасьнікаў, якія, нягледзячы на ўсе спробы аб’явіць іх неіснуючай нацыяй, жывуць, твораць, сьмяюцца. Яны не ідэальныя. Ня толькі ў Глобуса, але і ў жыцьці. Не ідэальныя ў тым сэнсе, што яны адмаўляюцца класьціся ў пракрустаў ложак вы­значэньняў — “працавітыя і талерантныя”. Якраз выпростваньне з рамак – фацэтызацыя – робіць іх сапраўднымі, а не тэлевізійна-іконаграфічнымі.
Глобусаўскі сУчасьнік, сфакусаваны са шматлікіх фрагментаў жыцьця, па-мастацку прадстаўленых пісьменьнікам, у сутнасьці неблагапрыстойны, ці, хутчэй, “недобродетельный”, а таму альтэрнатыўны. Ён – непадпарадкаваная частка насельніцтва, супрацьвага калектыўна-станоўчаму герою “Контураў”. Прызнаньне права на чалавечыя слабасьці апраўдвае чытача ва ўласных вачах, а таму робіць вобраз блізкім і прывабным.
Глобусаўскі сУчасьнік можа быць хці­вым, сквапным, жорсткім, трусаватым, малаадукаваным і помсьлівым. Аднак, у чым яму не адмовіш, дык гэта ў жыцьцялюбстве. Можа сам па сабе ён і ня варты захапленьня, але ён дакладна валодае такой захапляльнай і такой рэдкай у наш час якасьцю, як здольнасьць радавацца жыцьцю ва ўсіх яго праявах. Іншым разам здаецца, што яго існаваньне неаддзельнае ад бруду чалавечых узаемаадносінаў. Але лепш адчуваць сябе брудным, чым ідэальна памытым. Бо ідэальна памытыя толькі нябожчыкі.