12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Навум Кісьлік

_____________________
"Сьляды яшчэ ня сьцертыя".
З дзёньнікавых запісаў



«...З тае пары, калi Кiсьлiкава пяро запаўняла
знойдзены намi нататнiк, прайшло больш за тры
дзесяцiгоддзi, у нашай краiне i ў сьвеце адбылiся
вялiчэзныя зьмены, i шмат з таго, што адвяргаў
Кiсьлiк, што з едкiм сарказмам высьмейваў i сьцябаў,
сыйшло з нашага жыцьця. Але, да няшчасьця, далёка
ня ўсё. Большасьць запiсаў – быццам сёньня
занесеныя ў нататнiк, настолькi яны сугучныя
нашым дням, азмрочаным пагрозай новага
таталiтарызму, нахабным выхадам на сцэну старых
знаёмцаў – антысемiтызму i ксенафобii. Правалены
сталiнскi сьпектакль спрабуюць паставiць зноў...»
Публiкатары дзёньнiка
А. Дракахруст, В. Тарас

2.05.72
Дойлiды, мастацтвазнаўцы, заклапочаныя старасьвеччынай дзяўбуць: «Цэрквы руйнуюць, бо ў Маспраекце заселi я н ы...»
Прыгадваецца п’яны... на лавачцы на бульвары нашым: «Будзе вайна, – усiх вас, жыдоў, перарэжам...»
...На пленуме ВТА «навуковец» Няфёд падверг крытыцы «ЛiМ», пералiч­ваючы вядомага гатунку iмёны.
Асаблiва цiкавая версiя пра iмкненьне да ўлады... «Савецкая ўлада – жыдоўская». Немцы таксама гэтым карысталiся.
...Лiст ананiмны нейкага «простага рабочага» ў «радыёкамiтэт: «Яны нам у сьпiну нажом, калi вайна будзе...»
...Нiшто ўсё праўдзiва пражытае жыцьцё, уся шчыра пралiтая кроў – не абараняе чалавека перад аблiччам усемагутных, усёўладных правакатараў...

l l l
Iхняя «справа» пазбаўленая глыбiнi, душы, iсьцiннай веры. «Прыстасоўваюцца» для зьнешняга добрабыту – i толькi ў гэтым iхняя моц, дакладней, слабасьць.

l l l
4.05.72
Самы вялiкi недахоп у мастацтве – лiшак.

l l l
Таталiтарныя дзяржавы i арганiзацыi часам дзейнiчаюць гэтак, як думаюць i адчуваюць масы. Гэта адбываецца ня толькi з патрэбы дэмагогii, але i таму, што таталiтарызм зьяўляецца носьбiтам масавай, пошлай, абыватальскай сьвядомасьцi. Пошласьць, наогул, неад’емная рыса любога рэакцыйнага рэжыму, усялякай рэдакцыi.

l l l
29.06.72
Таксi. Пасажыр: — А як у народзе пра гэта мяркуюць? Пра Сталiна?
Шафёр: — Ён... гэта... даверлiвы быў... памочнiкам сваiм давяраў.

l l l
Сацыяльна-псiхалагiчная сiтуацыя, пры якой рэтраград лiчыць сябе пра­грэсiстам, прыгнятальнiк – вызвалiцелем, шавiнiст – iнтэрнацыяналiстам, iндывiдуалiст – калектывiстам, трафарэтчык – творцам.

l l l
Ня мае значэньня – вольныя вершы цi нявольныя – абы не лёкайскiя.

l l l
Усялякая незаслужаная пакута, прынiжэньне, боль, страх, цяжкое душэўнае ўзрушэньне, на якiя такi шчодры наш век – як ведаць? – цi не застануцца мiнай запаволенага дзеяньня ў генах, цi ня выбухнуць у наступных пакаленьнях. Цi ня выбухне мiнулае ў будучынi. Вось гэта – куды больш глыбокае значэньне таго, што «нiшто не забыта».

l l l
(Запiс пра магчымую эмiграцыю блiзкага яму Барыса Заборава, цяпер вядомага мастака, якi зьехаў у Парыж).
Што я магу яму запярэчыць? Цi магчыма так надалей iснаваць? Псiхалагiчна i маральна гэта стаецца ўжо зусiм невыносным. I, калi няма страху перад разрывам натуральных (i гiстарычных) сувязяў (i культурных, дадамо), тое што ж?
I ўсё-ткi – цяжка, амаль немагчыма ўявiць падобнае для сябе.

l l l
...Словы самога Авечкiна: «Не давядзi Гасподзь памятаць толькi подпiсы на рэйхстагу i забыцца на Керч, забыцца немцаў пад Эльбрусам».
...Усялякая няўладзiца быцьця пераадольная толькi тады, калi яго ясна ўсьведамляюць, наўпрост называюць, адкрыта пераадольваюць. Ва ўмовах рэпрэсiяў, у недэмакратычнай сiтуацыi нiякiя высiльваньнi падкруцiць тую цi iншую шрубку не дадуць рашэньня праблемы.

l l l
Машына для абалваньваньня iншых абалваньвае i саміх аператараў.

l l l
Наiўнае абыватальскае мысьленьне пераканана, што ўсялякi, хто ваяваў з нямецкiм фашызмам – антыфашыст, што ўсё, супрацьпастаўленае якойсьцi адной пэўнай форме лiха, ёсьць дабро.

l l l
...А кола iнтарэсаў духоўных! Усеагульнае ажыўленьне выклiкала ўсiм цi­кавая тэма, калi за сталом загаварылi пра нейкага эстрадна-тэлевiзiйнага сьпевака цi сьпявачку... Ды яшчэ – выключаючы жанчын – спартыўныя жарсьцi.
Усё духоўнае жыцьцё большасьцi так званых iнтэлiгентаў: 1. Заробак – кар’ера. 2. Выпiўка. 3. Тэлевiзар. Хакей – футбол – шахматы.
Усё гэта самае перадавое ў сьвеце.

l l l
4.05.74
Узрушальны сюжэт для прозы ХХ-га стагоддзя, якi распавяла старая камсамолка, значная партдзяячка ў мiнулым.
...Камсамолка, закiнутая для падпольнай працы ў буржуазную Польшчу, у турме сыходзiцца з гуртком польскiх левых студэнтак – маладзенькiх дзяўчатак. Аказвае на iх велiчэзны маральны, духоўны ды iдэйны ўплыў. Яны бачаць у ёй узор новага чалавека новага сьвету. Гэты ўплыў вызначае жыцьцёвы шлях большасьцi з iх.
Дзесьцi ў 39-40-х гадах на «перасылцы» на Далёкiм Усходзе адна з зэчак, палячка, распавядае суседцы па нарах гiсторыю свайго жыцьця, што вызначалася пад уплывам той турэмнай сустрэчы, таго маральнага ўзору. У ейных словах жыве захапленьне той самай камсамолкай.
Зэчка заканчвае свой расповяд словамi: «Яна, павiнна быць, у iх – вялiкi чалавек. Вось бы знайсьцi яе, паслаць ёй паведамленьне – яна б мяне ўратавала».
А слухачка, суседка па нарах на перасылцы, – гэта тая самая, хто вызначыла маральны (ды i фiзiчны) лёс распавядальнiцы, не пазнаная ёю, i сама не наважылася адкрыць сябе...

l l l
Гэта цень, якi бяжыць за намi, шкодзiць спакойнаму сузiраньню, без якога цяжка быць пiсьменьнiкам. Калi сядаеш за стол, патрэбна душэўная роўнавага – бяз гэтага ўсё будзе непраўдзiва, павярхоўна. Кiдаешся на першыя, што патрапiлi пад руку, словы, на банальшчыну, павярхоўныя пачуцьцi – песiмiзм, аптымiзм ды астатнiя эмацыйныя «iзмы».

l l l
Самалёт, якi ўгналi ў Турцыю два лiтоўцы, на якiм ляцела Зiна (стрыечная сястра Н. Кiсьлiка. – А.Д., В.Т.), адзiная з усiх не разгубiлася i ўратавала параненага лётчыка, аказалася, угналi – я н ы.
Апроч таго мусолiцца версiя, што «яны» вiнаватыя ў паразах пачатковага перыяду вайны.
Жонка К.: «Калi б у вас былi добрыя знаёмыя ў органах, вы б даведалiся, якую шкоду прыносяць яўрэi нашай дзяржаве».
Якiя органы маюць у якасьцi добрай знаёмай жонку К.?

l l l
...Людзi, якiя расцэньваюць тваю шчырасьць, як адзнаку глупства...

l l l
М. Шкерын (лiткрытык з кочэтаўскага «Октября». – А.Д., В.Т.) учынiў дзiкi скандал у сталоўцы нейкага санаторыя, калi яму падалi страву, называную «цымесам». Гэты страўнiк быў абражаны ў лепшых сваiх пачуцьцях i доўга шалеў. Апроч iншага, бо нат у самой назве заключаная сьмяротная для праваслаўна-сацрэалiстычнага жывата атрута.
Такая вартасьць заалогii.

l l l
Яшчэ i не пасьпеўшы – аж за чвэрць стагоддзя! – выпрацаваць сьвета­сузiраньне, усе пайшлi паасобку. Вiдавочна ўсьведамляеш, што, па сутнасьцi, адзiнства бачаньня i адчуваньня i не было – была iлюзiя супольнасьцi.
I якую толькi лухту не вярзуць людзi пад уцiскам жарсьцяў цалкам асабiстых, асабiстых сiтуацыяў, спрабуючы на гэтых жарсьцях збудаваць пасьпешлiва нейкае падабенства тэорыi; замест таго, каб падвергнуць эмоцыi суду розуму, падманвацуюць яго падачкай – тэарэтычным эрзацам... Але гэтага, стаецца, дастаткова для цалкам лагiчнага мозгу. Бо... знойдзены «вiнаваты» ў няўдачах. Для чалавека, якi мысьлiць – ганебная слабасьць шукаць суцяшэньня замест iсьцiны.

l l l
I. кажа, што немец дайшоў да Масквы, бо габрэi атруцiлi студнi. Ён нават не падазрае, што прымiтыўны сярэднявечны мiф у дваццатым стагоддзi падаецца ў сучаснай упакоўцы... Цалкам верагодна, што гэта самадзейная змрочная юдафобская фантазiя. Ня выключана, аднак, што тут дзейнiчаюць знарок. Прынамсi, злучэньне злонамыснасьцi з iдыятызмам – самае верагоднае. Так, для цёмнай сьвядомасьцi здымаецца адказнасьць з сапраўдных вiнаватых.
«Казёл адпушчэньня» ў самым ягоным першабытным варыянце – магутны для iх сродак сацыяльнай абароны. Нiколi яны ад яго не адмовяцца, не адмовяцца ад магчымасьцi ў сваiх класавых iнтарэсах эксплуатаваць сярэднявечча цi нават першабытнаабшчынныя пласты народнай сьвядомасьцi.
Якое цёмнае варыва булькоча пад добрадзейнай часам, пад блiскучай накрыўкай каструлi гэтай! Але цi не давядзецца самiм «кухарам» сёрбаць гэтую полiўку?
l l l
Калi праўда табе шкодзiць, то што ты з сябе ўяўляеш?

l l l
«Антысемiтызм зьяўляецца зручным... рэвалюцыйным (sic!) сродкам масавай прапаганды ва ўсiх краiнах, зьяўляецца амаль неабходнай умовай для правядзеньня нашай палiтычнай кампанii. Вы пабачыце, як мала часу будзе запатрабавана дзеля таго, каб перагарнуць уяўленьнi i крытэрыi ўсяго сьвету толькi i проста з дапамогаю наскокаў на яўрэйства. Па-за ўсякiм сумневам – гэта самая магутная зброя ў маiм прапагандысцкiм арсенале». А. Гiтлер, («Нюрэнбергскi працэс», 1957 г. выд., т. 4, стар. 58)
Вось яна — «мiжнародная мова фашыстаў»! А. Эйнштэйн.

l l l
Мой прыяцель у свой час паслаў у адну рэдакцыю вершы пад назваю: «Час праўды» i атрымаў адказ: «Вашыя вершы несвоечасовыя».

l l l
Бацька сказаў: «Вы не баiцеся за сябе, i гэта ваша праўда. Але я баюся за вас – i мая праўда яшчэ большая».

l l l
Большасьць сучаснай рускай iнтэлiгенцыi ня толькi спакойна наглядае на раз­бэшчваньне «малалетнiх», што адбываецца на ейных вачах, але i заражаецца псiхалогiяй разбэшчвальнiкаў... «Добра. Мы-та можам зьбегчы ад вас, – кажу. – Вы-та куды ад сябе?»
…Але давайце, панове, паўзiраемся на сябе збоку. Як гэта выглядае, калi вялiкая нацыя, замест таго, каб шчыра i мужна асэнсаваць сваю ўласную гiсторыю, займаецца вельмi суцяшальнымi, але баязьлiвымi пошукамi казла адпушчэньня...*

*P.S. Яшчэ раз нагадаем: Навум Кiсьлiк пiсаў свой дзёньнiк трыццаць гадоў таму.