12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Артур Клінаў

_____________________
Скарб Радзівілаў. Урывак з раману “Шалом”


– Пад’язджаем! Мяжа!
Андрэ ачуўся ад кароткай дрымоты. Бяссонная ноч выматала яго, таму, як толькі ён прысаджваўся на якую-небудзь лаўку, свядомасць адразу перакульвалася ў нейкае хісткае, жэлейнае забыццё. Чаўнакі з электрычкі, што хвілін дваццаць таму выехала з Тэрэспалю, замітусіліся, зашамацелі торбамі з таварам і сталі збірацца да выхаду.
За акном праплыў Буг, памежная зона з агароджамі з калючага дроту, вайсковыя баракі, выцвілыя пералескі, прасёлкі ды паказаліся ўскрайкі Берасця. Сэрца Анд­рэ сціснулася ў грудзёх ды зашчабятала ціхі спеў пры­вітання радзіме, па якой паспела парадкам засумаваць за апошнія тыдні. Цягнік, праехаўшы яшчэ некалькі хвілінаў, падкаціўся да Варшаўскага боку вакзалу і, заверашчаўшы коламі, урачыста спыніўся.
Людзі з электрычкі, прыхапіўшы клятчастыя торбы, пацягнуліся па пероне да вялікіх масіўных дзвярэй мытні, за якімі, распакаваўшы носкі, мусілі давесці дапытлівым чалавечкам у блакітных строях, што яны не нейкія там кантрабандысты, а прыстойныя грамадзяне, а ўвезеныя імі на тэрыторыю краіны пяць кілаграмаў каўбасы ды тры пары нагавіцаў ніякім чынам не падарвуць эканамічныя асновы дзяржавы. Узняўшыся з лаўкі, Андрэ таксама накіраваўся да ўваходу, прыладкаваўшыся ў хвост доўгай, хвілін на трыццаць нуднага чакання, чаргі.
Андрэ ненавідзеў межы. У самой працэдуры іх пераадолення ён знаходзіў нешта зневажальнае для годнасці чалавека. Усё ягонае нутро бунтавала кожнага разу, калі нейкі тып у канцылярскім мундзіры праз лупу пачынаў разглядаць яго як патэнцыйна небяспечнае насякомае, што нясе на пялёстках крылаў мікраграмы недазволенага рэчыва, здольнага абрынуць у бездань працвітанне ягонай дзяржавы.
Асабліва яго раздражнялі людзі ў канцылярскіх мундзірах на тым баку Буга. Для памежнікаў там ён быў не проста шкодным насякомым, але яшчэ і насякомым ніжэйшай расы, балотнай мандавошкай, што спяшаецца праслізнуць у іх шчаслівы свет з краіны, якая свядома абрала шлях эвалюцыі назад, ад прыматаў да інфузорыяў-туфлікаў. Ён заўважаў, як злёгку мяняецца твар памежніка, калі той бярэ ў рукі беларускі пашпарт. У вачах з’яўляліся прыкметы лёгкай пагарды і ледзь адрознае, але ўсё ж відавочнае адчуванне ўласнай перавагі.
Да памежнікаў на гэтым баку Буга ён ставіўся больш спакойна. Тут яго хутчэй раздражняла іх тупое салдафонства ды ідыёцкая, набытая яшчэ за саўком, звычка шукаць у любой кішэньцы схаванага там кітайскага дыверсанціка. Кожны раз, калі ён пераязджаў мяжу начным цягніком, яго падымалі з ложка і зазіралі пад матрац, мяркуючы, мусіць, што кітаец хаваецца менавіта там.
Чарга паволі рухалася і неўзабаве Андрэ паўстаў перад будкай, у якой сядзеў малады хлопец у балотнага колеру мундзіры. Пагартаўшы пашпарт, ён пільным, прыдзірлівым поглядам паглядзеў на грамадзяніна ў прускім шаломе і суха загадаў:
– Здыміце галаўны ўбор!
– Навошта? – Андрэ агаломшыла такая нечаканая прапанова.
Памежнік у сваю чаргу спатыкнуўся на гэтым пытанні, здзіўлена падняў вочы і строга вымавіў:
– Грамадзянін! Гэта дзяржаўная мяжа! Я маю права ідэнтыфікаваць вас без галаўнога ўбору!
– Але паслухайце, вы ж бачыце, што на здымку ў пашпарце – я!
– Так, бачу!
– Дык навошта тады здымаць?
– Малады чалавек! Яшчэ раз паўтараю! Здыміце галаўны ўбор!
– Я... я... не магу гэтага зрабіць! – Андрэ захваляваўся, прысунуўся ўпрытул да акенца і таямнічым голасам прамовіў: – Разумееце, у мяне тамака дзірка, то бок, адкрытая рана. Я перанёс сур’ёзную душэўную... гм... траўму. Гэты шалом – адзінае маё выратаванне. Калі я здыму яго, рана адкрыецца, і яшчэ невядома, што пачнецца. Я вас вельмі прашу! Не трэба здымаць!
Чалавек у будцы зноў здзіўлена паглядзеў на Андрэ. Некалькі імгненняў ён нешта абдумваў, а затым вынес прысуд:
– Добра! Толькі ссуньце яго крыху назад!
Ён яшчэ раз акінуў дзівака поглядам, пагартаў пашпарт, нарэшце пляснуў у яго штэмпэль, і прамовіў:
– Праходзьце!
«Фу! Шайзэ! Фэрдамт! Я быў на мяжы правалу! – думкі завіравалі ў галаве Андрэ, як толькі ён адышоў ад акенца. – Як нечакана і проста ўсё магло скончыцца! Ідыёт! Трэба было ўсё ж ехаць прамым цягніком з Варшавы да Менска. Там такой сітуацыі здарыцца не магло. Яны б, як звычайна, пакорпаліся ў матрацы, пашукалі кітайца, а на шалом бы нават не зірнулі! Крэтын! А калі б зірнулі? А раптам кітаец хаваецца ў цябе ў галаве? То бок, пад шаломам? Так, так, так! Як гэта я не падумаў? Канечне, ён мог туды залезці, гэты шкадлівы маленькі кітаец са сваёй недарагой аднаразовай бомбай! Чорт! Так, гэта было б вялікай рызыкай – ехаць цягніком! Але ж як інакш? Аўтобус? Самалёт? Тое самае! Адзіны бяспечны варыянт – пераплысці Буг! Нелегальна! Ха, ха! А калі б злавілі? Вось бы ўзрадаваліся! Не нейкага там дробнага кітаёзу, а сапраўднага, буйнагабарытнага кайзерскага шпега! Ну і ну! Добры выйшаў бы скандал! Звінавацілі б немцаў, маўляў яны па-ранейшаму засылаюць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь сваіх шпіёнаў! Па тэлевізары паказалі б буйным планам і абавязкова ў прускім шаломе, ды яшчэ і пракаментавалі б! Паглядзіце, маўляў, да якіх вышыняў дайшло мастацтва шпіянажу. Пашпарт як сапраўдны! Не адрозніш. Размаўляе на чысцюткай беларускай мове, без аніякага акцэнту! Ды ў дадатак так здолелі загрыміраваць, што родная жонка не можа адрозніць ад зніклага без весткі ў Нямеччыне больш за месяц таму Андрэя Міхайлавіча Н.».
Андрэ перайшоў у прасторную мытную залу, куды пасля пашпартнага кантролю плаўна перацякалі людзі з клятчастымі торбамі. Там за некалькімі сталамі дзелавіта працавалі цікаўныя мужычкі ў бялёса-блакітных мундзірах. Яны прасілі чарговага грамадзяніна альбо грамадзянку адкрыць носкі, зазіралі ў іх, нешта там мацалі, перакідаліся з дагляданым двума-трыма фразамі ды запрашалі наступнага. Расслабіўшыся пасля першага стрэсу, Андрэ уладкаваўся ў хвост чаргі да аднаго са столікаў і стаў пакорліва чакаць дагляду.
«Шайзэ! – нечакана разанула новая трывожная думка, – Алес на хрэн капут! Нічога ж яшчэ не скончылася! А калі яны запатрабуюць зняць шалом? Раптам я схаваў пад ім кілаграм какаіну? Ну не! Крэтынізм! Глупства! Такая ідэя ў іхні копф не прыйдзе! Які прыдурак будзе гэтак нахабна перавозіць какаін у сябе ў галаве, хаваючы яго ў настолькі заўважным прадмеце? Гэта яшчэ горш, чым пакласці кокс пад капялюш! Ну, гуд. Не какаін, дык лішні кілаграм каўбасы. Колькі цяпер можна ўвозіць – пяць? А раптам шосты я пад шалом паклаў? Ну не, усё ж ты ідыёт! Я бы лішні кілаграм у порткі засуну бы. Якая да д’ябла розніца, куды? Калі ім проста захочацца паглядзець, што там у цябе ў галаве пад шаломам хаваецца!»
– Дэклараваць будзеце?
– Што дэклараваць? – Андрэ застыў перад пустым сталом. З іншага боку стаяў мытнік і з цікаўнасцю глядзеў на шалом.
– Прадмет, які знаходзіцца ў вас на галаве.
– Пачакайце, пачакайце, там няма ніякага прадмета! Вось, зірніце, – Андрэ адкрыў заплечнік, – тут няма ніводнага кілаграма каўбасы! Дык навошта мне хаваць яе там?
– Ну як жа, а гэтая каска? Відаць па ўсім, рэч дарагая.
– Ах, каска! А што, яе трэба дэклараваць?
– Я дакладна не ведаю. У маёй практыцы яшчэ не было такога прэцэдэнту. Але я раіў бы вам на ўсялякі выпадак задэклараваць. Усё ж рэч эксклюзіўная. Хаця, дайце-ка яе сюды. Пайду запытаюся ў начальніка змены.
– Прабачце, я не магу вам яе даць, – Андрэ адчуў, як ліпкі нервовы пот ізноў праступіў на скронях пад шаломам.
– Гэта чаму?
– Ну, разумееце... як вам растлумачыць... Мне рэлігія не дазваляе. – Андрэ крыху сцішыўся, азірнуўся і ў паўголасу, каб не чулі в’етнамцы наўкола, вымавіў:
– Сёння панядзелак, а мы маем права здымаць шалом толькі ў суботу, усе астатнія дні мы абавязаныя насіць яго на галаве. Вы, мусіць чулі альбо чыталі ў газетах пра таталітарныя секты. У нашай вельмі строгія парадкі. Калі ласка! Ці нельга начальніка змены запрасіць сюды?
Хлопец у блакітным строі спачувальна зірнуў на Андрэ і, прамармы­таўшы нешта пра тое, што кожны з’язджае з глуздоў па-свойму, рушыў па началь­ніка.
– Вось, Сямён Іванавіч, паглядзіце, – праз хвіліну ўжо два джэнтэльмены ў мундзірах мытнікаў стаялі перад Андрэ, у чатыры вокі вывучаючы тое, што знаходзілася на ягонай галаве. – Таварыш з таталітарнай секты. А на ім прадмет культу. Ён мае права здымаць яго толькі па суботах. Дык грамадзянін цікавіцца, ці трэба гэты прадмет дэклараваць?
– Цішэй! Цішэй! Што ж вы на ўвесь вакзал крычыце? Гэта не таталі­тарная секта, а Царква Узнясення Шостага Дня. Таталітарнай яе толькі ў тэлевізары абзываюць! Але гэта няпраўда! – Андрэ азірнуўся па баках. Людзі ў мундзірах за суседнімі столікамі прыпынілі дагляд клятчастых цюкоў і з цікаўнасцю вылупіліся на яго. Грамадзяне з в’етнамскімі торбамі, атрымаўшы нечаканы перадых, растапырылі вушы шырэй, таксама прыслухоўваючыся да размовы.
– Мы верым у адзінага Бога і молімся за збавенне сусвету на Страшным Судзе, які хутка адбудзецца. Канец свету здарыцца на шосты дзень. Але калі вы пакаецеся ў грахах сваіх, надзенеце вось такі шалом і прыйдзеце да нас, то ўратуецеся!
– Добра, добра, тут вам не багадзельня – казані чытаць, – спыніў Андрэ Сямён Іванавіч, – лепш адкажыце, ці даўно вы ўступілі ў гэтую таталітар... альбо як яе там, шостага дня секту?
– Не, нядаўна. А што?
– На захадзе, мабыць, завербавалі?
– Ну, ведаеце, я б папрасіў цэтлікі не навешваць!
– Грамадзянін, не нервуйцеся! Я проста спрабую вам дапамагчы!
– Ну, дапусцім, на захадзе! Хто ж вам у Беларусі такі шалом выдасць?
– Зразумела, я так і думаў! Уся зараза да нас з захаду паўзе!
– Ну, ведаеце! Я, у рэшце рэшт, грамадзянін....
– Пачакайце, грамадзянін, – перабіў Сямён Іванавіч, – лепш скажыце, вы ўпершыню ўязджаеце на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у гэтым шаломе?
– Ну, увогуле так. А што?
– Я так і думаў, толькі што завербавалі. А тое, што гэта быў першы і апошні раз! З гэтым шаломам вы больш не зможаце пакінуць тэрыторыі Рэспублікі Беларусь!
– Чаму гэта я не змагу пакінуць тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з маім шаломам? – Андрэ пачынаў прыходзіць у ціхае абурэнне.
– Таму што паводле закону прадметы даўніны і мастацтва паходжаннем да тысяча дзевяцьсот сорак дзевятага года забароненыя да вывазу за межы Рэспублікі Беларусь! А гэты прадмет культу, як бачна няўзброеным вокам, адносіцца да перыяду да сорак дзевятага года. Вунь, якія ільвы на ім антыкварныя! Таму, хоць ён і ваша прыватная маёмасць, але ў той жа час з’яўляецца ўласнасцю дзяржавы. Гэта значыць вы можаце выехаць асабіста, але шалом мусіце пакінуць дома. А калі паедзеце з ім, то мы нікуды вас не выпусцім!
Наступіла глыбокая цішыня. Андрэ ліхаманкава спрабаваў асэнсаваць тое, што зараз паведаміў яму Сямён Іванавіч.
– Пачакайце, пачакайце, паважаны! Што ж выходзіць? Я цяпер уязджаю ў краіну і ніколі больш не змагу пакінуць яе?
– Ну чаму ніколі? Здыміце шалом і паедзеце на злёт вашай секты! А калі не можаце, то тады няхай яны да вас! Ха-ха-ха! Праўда, назад у шаломах мы іх таксама не выпусцім, але, зрэшты, могуць пакінуць у вас на захоўванне да наступнага прыезду. – Сямён Іванавіч быў відавочна задаволены сваім адказам. Не кожны дзень яму выпадала ўдача асадзіць такога нахабнага сектанта, што прэцца з захаду праз мяжу ледзь не на белым кані, ды яшчэ ў тэўтонскіх даспехах. Аднак, заўважыўшы непадробны жах на твары Андрэ, ён крыху памягчэў і дадаў:
– А дэкларацыю на прадмет культу ўсё ж раю запоўніць. Ці мала калі і дзе яна вам спатрэбіцца. Раптам вас міліцыянер на вуліцы спыніць, западозрыўшы, што вы шалом з музея скралі?
Сямён Іванавіч з важным выглядам развярнуўся і хацеў быў ужо сыходзіць, але нешта яго спыніла. Ён зноў зірнуў на Андрэ і нечакана сказаў:
– А ну зірнема, што там у гэтага служыцеля культу яшчэ прыхавана!
Андрэ, агаломшаны весткай, што цяпер ніколі не зможа пакінуць пра­стору радзімы, пачаў з асуджаным выглядам выцягваць з заплечніка іншыя рэчы.
– О! А гэта што? – Сямён Іванавіч трымаў у руках паранджу.
– А-а... гэта? Паранджа для маёй жонкі!
– Яна ў вас што, мусульманка?
– Ды не! Я ж вам казаў, у нашай секце вельмі строгія парадкі! Жонкі не павінны выходзіць на вуліцу без паранджы!
– А яна, у сэнсе жонка, пра гэта ўжо ведае?
– Шчыра кажучы, пакуль не! Я яшчэ не паспеў паведаміць ёй, што прыняў абрад.
– Ха-ха-ха! – Сямён Іванавіч зусім павесялеў, – Вось, мусіць, узрадуецца! Але, увогуле ў гэтым пытанні я вас падтрымліваю. Правільна! А то ўшчэнт распусціліся, далей няма куды! А гэта што за палена?
– Адмысловая насадка на шалом. А то, разумееце, калі ў легкавую машыну саджуся, абіўку шпілем псую. Таксама пажадана пад час ексуальнага акта выкарыстоўваць. А то незнарок можна дзірку ў шафе альбо перагародку да суседзяў прабіць! У нас, ведаеце, кватэрка маленькая, і сцены ў ёй тонкія.
– Ага... Так, карысная штука! А гэта што? – Сямён Іванавіч са здзіў­леннем разглядаў цешчын бот.
– Як што! Вы ж бачыце! Бот!
– А другі дзе?
– Навошта мне другі? Мая цешча ўсё адно аднаногая! Яе пару гадоў таму трамвай пераехаў.
– Вай, няшчасце якое! А маю цешчу ні адна бля... вой, прабачце, пераехаць не можа! Як жа вы купілі бот без пары?
– Элементарна! Знайшоў у Берліне сіметрычную старую і прапанаваў ёй купіць адну пару на дваіх. Вялікая, ведаеце, эканомія!
– Так, аднаногім з абуткам прасцей. Ну добра! Пакуйце свае манаткі і шчаслівай дарогі! Толькі дэкларацыю не забудзьцеся запоўніць! А жонцы прывітанне перадавайце! Скажыце, Сямён Іванавіч такую строгасць ухваляе!
Андрэ выйшаў з мытнай залы на Маскоўскі бок вакзала. Ягоны арганізм бунтаваў і патрабаваў неадкладна прыняць зверскую, нечалавечую дозу нікаціну. Трэба было супакоіць нервы і знайсці нейкі выхад з непрыемнага становішча. Запаліўшы, ён зрабіў колькі глыбокіх зацяжак і задуменна паплёўся па пероне. Дайшоўшы да краю платформы, азірнуўся. Прама перад ім стаяў яшчэ адзін брат-блізнюк – пампезны, пабудаваны ў імперскім стылі будынак берасцейскага вакзалу, вянчаны самотным высокім шпілем з пяціканцовай зоркай. Праўда, у адрозненне ад папярэдніх, гэты брат быў зусім маленькага росту. Хутчэй здавалася, што на паверхні тырчыць адно сплюшчаная галава. Іншыя часткі цела або хаваліся пад зямлёй, або былі ампутаваныя і вывезеныя немавед кім немавед куды.
«Ну, Фатэрлянд, дзякуй! – буркаталі пад шаломам трывожныя думкі, – Ну, парадаваў! Любіш ты пацешыць добрымі навінамі! Любой гадасці ад цябе чакаў! Але такога! Меў рацыю Хведар! Да Магілёва я, вядома, даеду, а вось назад хрэн выпусцяць! Сволачы! Ды што ж гэта такое! Гэты прадмет – твая ўласнасць, але ён належыць дзяржаве! Крэтынізм нейкі! Што ж цяпер рэшту жыцця ў балотах гніць? Не. Павінна ж быць нейкае выйсце! Пануры горад! Нават выходзіць у яго не хочацца. А калісьці такі прыгажун быў! Адзін з самых-самых у Рэчы Паспалітай! Але пасля маскалёў нічога, апроч цытадэлі не засталося, ды й тую немцы расфігачылі! Ладна! Куплю квіток – і на Менск! Чорт! Павінна жа быць нейкае выйсце!»
Андрэ кінуў цыгарэту і накіраваўся да галавы з зоркай на шпілі. Ля дзвярэй ён нечакана нос у нос сутыкнуўся з тым самым маладым мытнікам, які даглядаў яго першым.
– Пачакайце, пачакайце, паважаны! Я вельмі занепакоены сваім стано­вішчам! Скажыце, павінна жа быць нейкае выйсце!
– Ды вы не хвалюйцеся, грамадзянін! – хлопец прыязна паглядзеў на Андрэ, і, выцягнуўшы пачак «Мальбара», запаліў. – Зрэшты, вам жа мож­на здымаць шалом па суботах, значыць, па суботах і будзеце пакідаць межы рэспублікі.
– А як жа нядзеля?
– Што нядзеля? Ах, у гэтым сэнсе! Ну, у нядзелю надзенеце другі шалом. Таму вам трэба мець два шаломы. Адзін тут, іншы там, за кардонам!
– А можа, ёсць яшчэ варыянт?
– На што гэта вы намякаеце?
– Не, не! Не ў гэтым сэнсе! Я маю на ўвазе афіцыйны варыянт!
– А-а-а... Так, паспрабуйце звярнуцца ў міністэрства па справах рэлігіяў і ў міністэрства культуры. Калі яны выдадуць даведку, што гэты прадмет культу можна часова вывезці за межы краіны, мы вас прапусцім. Але мая вам парада: кіньце вы гэтую секту! Не маглі што-небудзь прасцей падабраць? Царква шостага дня нейкая… Запішыцеся лепш у адвентысты сёмага!
– Так, так, я падумаю! Дзякуй, вы мяне крыху супакоілі!
Развітаўшыся, Андрэ накіраваўся да касаў, дзе даведаўся, што менскі цягнік акурат нядаўна адправіўся, а наступны будзе толькі праз тры гадзіны. Набыўшы квіток, ён падумаў, што тырчаць на вакзале не мае сэнсу, да таго ж, някепска чаго-небудзь з'есці, і выйшаў у горад пашукаць недарагую кнайпу.
Неўзабаве ён угледзеў напаўпадвальную ўстанову з непрэтэнцыйнай шыльдай, на якой простымі трафарэтнымі літарамі было напісана: «Пяльменная». Андрэ накіраваўся да ўваходу, ледзь размінуўшыся па дарозе з двума моцна п'янымі, пажаванымі пяльменямі, якія вываліліся з падвала і, хістаючыся ды лаючы адзін аднога, сталі падымацца па сходах.
Унутры ўстанова аказалася зусім сціплага выгляду распівачнай. Пяльменяў у ёй, што праўда, не падавалі, замест іх на стойцы бара ляжалі чорныя сухары да піва, канапкі з вялай ужо, не першай свежасці чырвонай рыбай, вараныя ўкрутую яйкі і нешта яшчэ незразумелае з выгляду.
Наведнікаў у гэты час было няшмат. У невялікім паўцёмным памяш­каньні стаялі высокія ды ліпкія ад піва сталы. На кожным мелася пустая сурвэтніца і маленькі сподачак з шэрай соллю буйнога памолу. За стойкай нудзілася маладая дзяўчына ў белым халаце. Другая кельнерка – старэйшая і, мабыць, галоўная тут, час ад часу выходзіла з бакавога пакойчыка за барам. Яна мела даволі значны дыяметр, таму, каб праціснуцца ў залу, ёй даводзілася крыху паварочвацца бокам.
Узяўшы вялікі пластыкавы куфаль піва, пару яек і дзве вараныя сасіскі, Андрэ ўладкаваўся за адным са столікаў. Адпіўшы палову, ён адразу пачуўся лепей. Трывожныя думкі пачалі адступаць свет па-за шаломам зрабіўся больш ветлым, а, з'еўшы сасіску, ён і ўвогуле падумаў, што не ўсё так дрэнна… Напэўна, ён знойдзе спосаб займець тую канцылярскую даведку ад міністэрства, і яго зняволенне не будзе вечным. Адпіўшы яшчэ піва, ён агледзеўся.
У распівачнай, акрамя дзвюх баб за стойкай, знаходзілася яшчэ некалькі чалавек. Праз столік стаяў высокі худы мужык з куфлем піва і дурнаватай ухмылкай лыбіўся на шалом. Ягоны сусед па сподачку шэрай солі быў ужо дужа п’яны, а таму ні на кога глядзець не мог. Схіліўшы галаву над пластыкавым кубкам, ён упёрся ў яго вачыма і рабіў тэлескапічныя рухі ўверх-уніз, быццам спрабаваў навесці рэзкасць на муху, што трапіла ў піва. Бабы ля стойкі таксама паглядалі на прускі шалом. Таўсцейшая, каб лішняга разу не шчаміцца ў дзверы, час ад часу высоўвала галаву з бакоўкі і, зіркнуўшы, зноўку знікала.
Насупраць стаяла яшчэ зусім не старая і калісьці сімпатычная дама з вялікім ліловым гузаком пад правым вокам. На выгляд ёй было гадоў трыццаць пяць, а можа і менш, але праз відавочную любоў да чаркі вызначыць яе ўзрост было складана. З моманту з'яўлення Андрэ дама засяродзіла на ім свой ліловы позірк і, відаць па ўсім, вельмі хацела завязаць размову з незвычайным наведвальнікам установы. Мабыць, астатнія людзі тут былі ёй даўно і добра вядомыя, а таму малацікавыя.
– Дазвольце, малады чалавек, уступіць з вамі ў дыялог, – нарэшце не вытрымала асоба. – Не, вы не падумайце, я з самымі чыстымі, добрымі намерамі. Я бачу ў вас чалавека нашага кола, інтэлігентнага і, мусіць, не з тутэйшых. Па ўсім відаць, вы праездам у нашым горадзе.
– Так, я чакаю цягніка на ўсход, – Андрэ здзівіла манера асобы мудрагеліста выказваць свае думкі. І, хоць ён быў цяпер не схільны да размоваў, усё ж дазволіў даме працягваць.
– Ці далёка, васпане, шлях трымаеце? Дазвольце я да вас… – Дама прыхапіла недапіты штоф з чырвоным і, верагодна, недарагім віном і перамясцілася за столік Андрэ. – А то з гэтымі мутантамі і пагаварыць няма пра што. О, зірніце, як гэтая жардзіна лядашчая на вас лыбіцца. Адно слова – ідыёт! Альбо вунь тыя дзве курыцы за стойкай!
– Прыкруці фіцілёк! – тоўстая барменка высунула галаву з праёму, – На сябе паглядзі, Баба Яга!
Андрэ зрабіў глыток піва і адказаў:
– Я еду з адмысловым заданнем з Берліна ў Магілёў.
– А я здагадалася, што вы немец, з Яўропаў шлях трымаеце. Толькі мова ў вас крыху дзіўная, і не пруская, і не руская. Я б нават падумала, што вы палячышка, калі б не гэты капялюшык з вензелямі і паліто скураное да каленяў. Васпане, вы не падумайце, я таксама калісьці нішто сабе была. З першым мужам па каханні шлюб узяла. Ён таксама, як вы, афіцэрам служыў. Трох дзетак яму нарадзіла. Але ведаеце, жарсць ён заганную меў. Азартныя гульні. Спачатку карты, потым казіно. У такі кураж увайшоў, што ўсё пачаў спускаць. Аванс атрымае і – туды. Прайграецца, а раніцай прыходзіць абадраны ўвесь, п’яны, а вочы жаласлівыя, як у сабакі. Але гэта б яшчэ палова бяды была. Пачаў ён грошы ў маклераў пад працэнты займаць. У такія пазыкі ўлез, што сталі нейкія людзі да яго прыходзіць, пагражаць. Білі яго бясконца. Бывала, адкалашмацяць, а ён да мяне прыпаўзе бездапаможны, брыдкі такі – і вочкамі лясь, лясь. Кажа, прабач, Кацярына, мяне, скаціну! А, дарэчы, мяне Кацяй завуць! Нічога, кажа, не магу зрабіць з гэтай жарсцю заганнай. А пакойчык, ведаеце, у нас маленькі, мы яго тады ў Ліпервехзіліхі здымалі. Ды трое дзяцей – мал мала меншы. Ды галодныя ўсе. Грошай, знаеце, няма. Дзеткі суткамі някормленыя сядзяць. А малодшы ўвесь час з галадухі раве. Так нервы ў мяне здаваць сталі. А ён, паскуда, укленчыць і зыркае на мяне, як загнаная ў кут скаціна. А я ўжо стрымліваць сябе не ў сілах, як закрычу на яго – дзе грошы, падла? Што ж ты, сволач, зноў усё прасадзіў? – і за валасы яго, і па пакоі цягаць, а ён гэтаму толькі рады, рачкуе за мной, бяжыць ды раве: «І гэта мне асалода! І гэта мне асалода»!
– Вы, васпане, спадзяюся карцішкамі не балуецеся? – дама, наліўшы сабе шклянку, выпіла, узяла варанае яйка з талеркі Андрэ, і ачысціўшы, макнула ў сальніцу.
– Сука Лебязятнікаў! Прыбіў мяне месяц назад! Ну, дык вось, – працягнула яна, – звёў ён мяне, змучыў ушчэнт, а аднаго дня ўзяў ды знік. То бок, зусім! Згінуў! Раніцай сышоў на службу й не вярнуўся! Я да начальніка часткі. Не, не да Лебязятнікава. Тады ў іх заставай камандаваў палкоўнік Клапшток, Іван Іванавіч. Я яму так і так, дзе мой муж? А ён кажа – ну як жа? Учора быў, змену здаў і сышоў, а сёння яшчэ не прыходзіў. Ну, дык ён і ў наступны дзень не прыйшоў, і ў наступны. І ніколі больш не прыйшоў! Вы, васпане, на цягнік не спазняецеся?
– Ды не! У мяне яшчэ дзве гадзіны!
– Вось і цудоўна! Другі муж мяне з трыма дзеткамі ўзяў. Прыстойны чалавек! Таксама служывы – тутака на мытні працуе. Старэйшы за мяне, праўда, нашмат, але хто ж яшчэ з трыма возьме? А ў маім становішчы выбіраць не даводзіцца. Ён прапанаваў, я і пайшла. Не, не, вы не падумайце! Вельмі добры чалавек! Але ж і я, ведаеце, калісьці была! У Пецярбурзе гімназію з чырвоным дыпломам скончыла! Рускую літаратуру ў школе выкладала. Але, знаеце, ад першага мужа звычку нядобрую я займела. Не, не карты! Пачала гарэліцу папіваць. Ну, разумееце, безграшоўе, галеча, на нервах усё. Так я перакулю шкляначку, бач – ужо і лягчэй. Адным словам, прыліпла я да гэтай заразы! І ведаю, што дрэнна гэта, але нічога не магу з сабою зрабіць! Нібыта чарвяк, які мяне знутры згрызае! Вось бачыце, як з’еў паразіт – зусім схуднела!
– Ты і раней як швабра была! – данеслася з бакоўкі.
– Бач ты, ведзьма! Вы глядзіце, як яе разнесла. Ды яна ж у дзверы пралезці не можа. А ўсё таму, што сумлення ў яе няма! Бо сумленне і ёсць той чарвяк, што з’ядае чалавека. Калі ён унутры сядзіць, і граху на табе многа, то ён жарэ цябе, жарэ, жарэ, пакуль адно пустая абалонка не застаецца. А гэтая шалава, бач ты, штодня дзве сеткі адсюль прэ, ды яшчэ калыміць. Надоечы гадзіннік ёй заклала. Дык што вы думаеце, колькі яна мне дала? На тры штофы «Радзівіла» нават не хапіла. А яе ўсё прэ і прэ! Хутка ўжо і бокам у дзверы не пралезе! Трэба будзе праз акно яе адсюль выцягваць!
Дама, наліўшы яшчэ паўшклянкі чырвонага, выпіла, узяла сасіску з талеркі Андрэ, і, макнуўшы ў сальніцу, адкусіла палову. Толькі цяпер ён заўважыў, што на штофе мудрагелістай каліграфічнай вяззю было напісана: «Скарб Радзівілаў».
– Ну, сука Лебязятнікаў! Дык вось, ваша мосьць, што я скажу! Спачатку другі муж мне грошы даваў. Самі разумееце, сям’я. Ён на службу, а я па гаспадарцы – у краму схадзіць, абед яму і дзецям прыгатаваць… А сама па дарозе зайду ў шынок... адзін раз, на зваротным шляху – яшчэ раз. Далей болей. Дайшло да таго, што стала я заробак ягоны ўвесь прапіваць. Ён прынясе са службы, а праз колькі дзён глядзіць – нічога няма. Зразумеў ён гэту праблему, пачаў сам усё купляць. А мне так, драбязу нейкую кіне. А потым і зусім перастаў даваць. А я ж нідзе не працую. Самі разумееце – трое малых. Дык стала я пакрыху рэчы з хаты выносіць. Бывае, прыйдзе ён з працы, сядзе на канапу і кажа: «Каця, а дзе гэта вазачка, што тут учора стаяла?» А вазачкі, васпане, ужо даўно нямашака! Дык ён мяне па воку – хрась! Іншым разам прыйдзе ды запытае: «А дзе гэта наш прас падзеўся?» І тут жа бэмсь! – кулаком мне ў нос! Адным словам, шаноўны, стаў ён біць мяне. І слушна! Я ж разумею, што сука я няўдзячная. Але нічога не магу з сабою зрабіць. А аднойчы прыйшоў ён са службы, сеў на канапу тэлевізар паглядзець, зірнуў – а тэлевізара і няма!
Каця паклала ў рот другую палову сасіскі і, уздыхнуўшы, прамовіла:
– Карацей, стала я ўсё з кватэры выносіць. Кнігі, бялізну, сервізы, Дастаеўскага поўны збор твораў, фіранкі з вокнаў зняла, нават чаравікі ягоныя прапіла. А часам, васпане, ён б’е мяне ды прыгаворвае: «Вось табе, сабака маскальская, за вазачку! Вось табе за прас! Вось табе за галадамор! А гэта табе за Хведара Міхайлавіча!» А муж мой другі таксама, ведаеце, не з простых. І прозвішча ў яго – Сапегаў. У Менску ва ўніверсітэце вучыўся. А калі межы з'явіліся, яго на мытню працаваць запрасілі. А часы цяпер самі ўяўляеце якія. Так ён на службе і выгляду не падае. А з працы прыйдзе, радыё да вуха прысуне, ды ўвесь вечар на кухні «Свабоду» слухае ды прыгаворвае: ну маскалі, ну акупанты паганыя, прыйдзе час – зраблю я вам другую Оршу! А радыё тое ён кожны раз з сабой на службу забірае, баіцца, што і «Свабоду» ягоную з дому знясу.
Дама замоўкла, узяла ў Андрэ цыгарэту і, запаліўшы, спытала:
– Скажыце, васпане, а ці прыходзілася вам пяць содняў начаваць на брэсцкім вакзале?
– Неяк Бог літаваў!
– А я вось пятыя содні! Адным словам, вынесла я з кватэры ўсё! Так што выносіць ужо не было чаго. А пятага дня пайшоў ён на працу ў канцылярыю, а я апошняе, што заставалася, – парадны віцэ-мундзір ягоны з вешалкі зняла й заклала! Не, вы не падумайце, не тут! У іншай пяльменнай, на Краснафлоцкай. Гэтая м...а мне за яго столькі б не дала.
– Гэта я мандавошка? Ну-ну, прыйдзеш ты да мяне яшчэ пахмяляцца! У нагах валяцца будзеш! Я табе мандавошку прыгадаю! – таўстуха ў абурэнні вылезла ўсім корпусам з бакавога пакою, схапіла анучу і стала нервова і неяк бязладна праціраць ліпкія сталы ў зале. Наблізіўшыся да століка, за якім стаялі даўгалыгы жардзіна з тэлескапічным п’яніцам, яна грозна зірнула на першага і прараўла:
– А ты чаго лыбішся? Рот закрый, ідыёт, а то муха заляціць! – з гэтымі словамі таўстуха выхапіла ў яго пусты пластыкавы куфаль, і як бы незнарок усім корпусам пхнула тэлескопа. Той паваліўся на падлогу і, цяжка замычэўшы, пачаў рабіць нязграбныя рухі канцавінамі, быццам вялікі краб, якога перакулілі на спіну.
– Ну што ж, трэба ісці! – прамовіў Андрэ і дапіў апошні глыток піва з куфля.
– Васпане! Але ж я яшчэ не ўсё вам распавяла!
– Мадам, іншым разам! Мне пара ў Магілёў! Бывайце!
Вярнуўшыся на вакзал, Андрэ знайшоў свабодную лаву і не ўставаў з яе да прыходу цягніка. Калі падалі вагон, ён уладкаваўся на сваім месцы і, не звяртаючы ўвагі на мітусню наўкола, занурыўся ў пустэчу, заснуўшы да Менска глыбокім сном...