12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Кнігапіс

_____________________
Усё трэба, усё важна?..
Рэцэнзіі Алены Карп і Асі Паплаўскай на кнігі Сержука Мінскевіча і
Пятра Васючэнкі


Ты, Я і Чулюлюндра

Ты

Ты ( = вы = мы = чытач(ы)/ патэнцыйны(я) чытач(ы) = патэнцыйны(я) крытык(і)) дзеля таго, каб стаць чытачом менавіта Сержа Мінскевіча, мусіш быць цікаўным і зацікаўленыміначай будзеш зацкаваным Чулюлюндрай.
Дынамічная муза Мінскевіча нязрэдчас вабіць чытача незвычайнымі гукаслыхавымі вобразамі” (Інэса Курян). Цябе ня вабіць, а адпужвае? Значыць, кідай, гэта не твая кніга. Калі ты хочаш, каб усё было ясна, празрыста і зразумела, то ня варта табе выпраўляцца ў транслагічнае падарожжа. Калі ж ты ня бачыш сэнсу ў творах Мінскевіча, але прагнеш убачыць, то табе дадуць мапу (“У глыбіню праз далягляд”, “Зацемкі на палях канферэнцыі”) і навучаць жыць у тэкстасьвеце. І ўсё адно табе будзе няпроста: ты заблытаешся ў крата-квадратных малюнках (ці ўтульна табе, чытачу? ня муляюць вока І М А К А К І К А К А М І ?) і спатыкнешся на квадрыльён. Мажліва, ты таксама (гл. “Напісаў я вершык пра ракетуПэршынг” (аб тым, як пісаць паліндромы)”) параіш аўтару не займацца лухтой. Мажліва, ты палічыш, што за кратамі не жывуць думкі і пачуцьці, таму і выплывае ў першым тэксьце ключавое слова М А Р А З М. Але, выбраўшыся з тэкстасьвету ў сьвет-тэкст вакол цябе, ацані сімвалічнасьць і знакавасьць таго, што менавіта беларускі паэт даўмеўся пісаць-маляваць твор кратамі.
Зрэшты, зьвярні ўвагу на тэзы, якімі Серж Мінскевіч даказвае, што транслагізмструмень постмадэрнізму: “Бывае задума і чытачу даецца шанц яе даведацца”, “Фіксаваньне важней, чым узнаўленьне (чытаньне)”. Гэта гульня. І не па тваіх правілах, чытачу. Калі ты баішся, што наступным разам табе ў якасьці транслагічнага твору прапануюць алфавіт, калі табе няўтульна ў ПМ-дыскурсе, то для цябеперакладДзядоў”, класіка ці яшчэ што на твой густ. Каб быць чытачом Мінскевіча, трэба хоць трошкі вызнаваць Бум-Бам-Літ, трэба любіць ня толькі літаратуру, але бумы і бамы, якія яе часам суправаджаюць, а часам заглушаюць ці падмяняюць.

Я

Яне апошняя літара ў алфавіце. Якалі ня першая, то як мінімум роўная астатнім.
Праца аўтара (фіксаваньне) важней, чым праца чытача.
Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што галоўныя героі новай кнігі Сержа МінскевічаЯ-асоба аўтара і Бум-Бам-Літ.
Хтосьці ўжо піша пра ББЛ у мінулым часе, а Мінскевіч стварае ўласную гісторыю і сьцьвярджае: рух жыве і рушыць. (Да яго была гісторыя Барысевіча, і, можа, калі-небудзь зьявіцца кнігаМыБум-Бам-Літуз munyфэстамі і версіямі гісторыі ад усіх удзельнікаў). Трэбанепасрэднасьць не-пасрэднасьцікаб вось так лёгка, не саромеючыся цытаваць самога сябе, рыфмаваць прозьвішчы БахарэвічМінскевічБарысевіч, ТуровічАкудовічХадановіч і распавядаць пра асабістыя радасьці, нягоды і крыўды. Праўда, не заўсёды гэта этычна. І так дастаткова ахвотнікаў шукацьдакучлівых вошай у пакінутых цернях”, прыгадваць брудныя падрабязнасьці пра паэта Анатоля Сыса. Навошта Мінскевічу станавіцца адным з многіх? Ці варта пасьля падрабязных расповедаў пра тое, як, калі і што пілі бумбамлітаўцы дакараць сысова пянства і абвінавачваць яго ў блюзьнерстве, калі тое, што ў дачыненьні да Сыса аўтар называе блазнаваньнем, у дачыненьні да паплечнікаў па руху называлася б перформансам. І як мінімум непасьлядоўна казаць сьпярша ледзь не пра дараваньне (“Гледзячы на дамавіну, дзе ляжаў паэт Сыс, я пазбавіўся непрыязі да яго, ён стаў для мяне чалавекам, якога лёс даў мне бачыць, я стаў, як ні парадаксальна, багацейшым, я змог ацаніць, што быў знаёмы з талентам”), а пасьля зноўку прыгадваць дробныя крыўды.
Затое Серж Мінскевіч-крытык літасьцівы (бо разумее: крытыкне суддзя), рознабаковы (ураўнаважвае плюсы і мінусы і дапускае плюралізм густаў ды меркаваньняў), дасьведчаны (перш чым распавесьці пра зьяву ці аўтара ўводзіць чытача ў кантэксты і падтэксты) і адметны (уласнай манерай пісьма).
Мінскевіч выступае і ў ролі адваката, бо мала стварыць уласны творчы метад, трэба яго яшчэ і апраўдаць-абараніць. Пасьля арт-куляў ужо ніхто ня зможа вінаваціць транслагізм у неарыгінальнасьці, бо сам Мінскевіч прызнае, што метад зьяўляецца нова-старым ці стара-новым. Пасьля мініфесту будзе дарэмным папракаць Бум-Бам-Літ у тым, што ім ня створана нічога значнага. Калі не адбыўся бум, то здарыўся бам (а можа гэта вы саміабы-абыякавыявінаватыя ў тым, што ня можаце адчуць ні бума, ні бама, ні літа?).
Серж Мінскевіч-паэт форматворыць і вершатворыць. Форматворы (паліндромы, адваротныя паліндромы, паліндромныя санетоіды і г. д. ) – вынік доўгіх, пакутлівых высілкаў, пошукаў патрэбных літараў і складоў. Гэта паляваньне на словы, якое завяршаецца пасьпяхова (?). Забойства зьдзейсьненаеі перад чытачом нежывыя, няўцямныя тэксты.
Вершатворам шанцуе больш. Яны жывуць, дыхаюць, ствараюць уласны космас і зьдзіўляюць чытача. Мінскевіч піша нязвыкла, але пра звыклае:

Я чакаю цябе, як піва,
Як паветра сьвежагабронхі.
Проста...
проста мне сіратліва,
Дні кусаюцца,
быццам блохі...

пра страшна-балючае:

ласо калючага дроту
на шыю, на плечы,
на грудзі... дарэмна
вішчаць,

людзі ў стальных пальчатках
іх цемя дзяўбе малаток
сумленна заціснуць пятлю
ім жа таксама
б а л ю ч а
ім жа таксама
с т р а ш н а
ім трэба мясіць
тату- літарную
кашу...

і пра цёпла-прыемнае:

А па-моймунебажывая бегемоціха,
Зорыяе трошкі зьмерзлыя смочкі,
Якія дояць асьцярожным дотыкам
Нашыя вочы.

І дзеці нанач праз марлю-вакно
Пюць бегемаці
сіняе
малако.

Там, дзе заканчваецца паляваньне (ловы словаў), пачынаецца паэзія і адкрываецца бязь-меж-жа тэм.
Другая частка кнігіТворы прозай”, мабыць, найбольш спрыяльная для засваеньня транслагічнага метаду. У прозе тунельныя пераходы больш заўважныя і пераадольваюцца прасьцей. І нават калі чытач ня здолее заўважыць усе адтулінкі-адсюлінкі, усё адно творы Мінскевіча пададуцца яму блізкімі і роднымі, бо толькі нашымі выродлівымі рэаліямі можа быць народжана параўнаньнеДушэўны стан яго рабіўся расхістаным, хаця і мэтаскіраваным, накшталт дубінкі АМАПаўцаці сюжэт апавяданьняТэлевежа і труба”.
Проза Мінскевіча дае яму права прысвоіць тытул аднаго са сваіх герояўкараля абсурду, а паэзія дае падставы казаць пра аўтара як пра неўтаймоўнага шукальніка.

Чулюлюндра

Чулюлюндра магла б стацца тэмай лінгвістычнага ці літаратуразнаўчага дасьледаваньня. Але, відаць, феномен Чулюлюндры так і ня будзе разгаданы праз яе небясьпечнасьць.
Серж Мінскевіч стварыў свайго БОГА, транслагічнага ДЭМАНУ Максвела. Дык можа Чулюлюндра і ёсьць тое страшнае транслагічнае боства, прымроенае ў стане трансу?

Алена Карп



Лінней, бестыярый, кузуркі ды іншае...

У мяне добрае імя: Пятро-вядро-метроі дабро!” — пажартаваў Пятро Васючэнка на прэзентацыі сваёй кнігіАд тэксту да хранатопа”. Наконт вядра ды мятра ня ўпэўненая, а вось дабродакладна пра Пятра Васільевіча. Калі вы бачылі яго заўсёды крыху стомленную постаць, вялікія акуляры і добрую, бы вінаватую, усьмешку, тады вы мяне зразумееце. А калі яшчэ й казкі ягоныя чыталі
Пятро Васільевіч для мянеаўтарытэт. У першую чаргу як выкладчык, літаратуразнаўца, крытык. На семінары па старажытнай беларускай літаратуры, якія вёў у нас, будучых журналістаў, Пятро Васільевіч, варта было хадзіць хаця б дзеля таго, каб паслухаць, як выкладчык (тады яшчэ я ня ведала, што ў ім хаваюцца пісьменьнік, драматург, казачнік, крытык, навуковец…) расказвае пра Барысавы камяні, што на Полаччыне (пасьля прыйшло веданьне таго, што надпісы на камяняхпятрогліфысталі асобным і асабістым жанрам Пятра Васючэнкі. Дарэчы! ІмяПётразнае нішто іншае як камень. То бок пятрогліфынадпісы на каменіужо ніякая сякера ня возьме) ці праЛабірынтыЛастоўскага
Незадоўга да заліку набыла ў кнігарні яго кнігуАдлюстраванні першатвора” (літаратура ў філалагемах і пятрогліфах). Падумала тады яшчэ: “ЦікаваПятро Васільевіч піша! Ды яшчэ нейкія філалагемы выдумаў…” Зараз гэта ўзгадваецца з усьмешкай, ды й чытаецца кніга па-іншамуА кніга гэтая, дарэчы, пачала раскрываць для мяне шматгранную асобу выкладчыка. Пасьля быліБеларуская літаратура і свет”, напісаныя ў суаўтарстве з Лявонам Баршчэўскім ды Міхасём Тычынам, песа для падлеткаўРыцар Ордэна Сонца”…

Усё трэба, усё важна...

Бестыярыйстарадаўні літаратурны жанр, у межах якога паўстаюць партрэты ўсялякіх жывёлаў, у форме 4-радковага (радзей 6-радковага) вершу. Калі чытаць вершыкі ўслых, то атрымаюцца арыгінальныя лічылкі (толькі настойліва раю не абіраць для гэтых мэтаў вершы пра мікробаў, скарпіёна, вужакаў ды мышэй. Не таму што я іх не люблю, але таму толькі, што сканчваюцца гэтыя вершыкі вельмі ўжо страшна: мікробы створаныя, “каб чалавек хутчэй памёр”, скарпіён пагрозьліва глядзіць са словамі: “дык Богу аддасі душу”, а мышка існуе, кабпакідаць у пастцы трупы”… Для лічылкі вельмі пасуе верш пра таго ж калючага, але добрага вожыка: “Дзеля чаго існуе вожык? // Ты не бяры яго ў ложак, // Ён не дае нікому спаць, // Бо не галіўся гадоў пяць”).
З жанрам зразумела. Але хто такі Лінней? Што за піраміда такая?” — запытаюцца цікаўныя дзеці. Пятро Васючэнка, ведаючы дзяцячаеХачу ўсё ведаць!” дае адказ і на гэтае пытаньне. У слове аўтара чытаем: “Ствараючы свой бестыярый, я кіраваўся сістэмай Карла Ліннея, гэтага педантычнага шведскага акадэміка, які ў XVIII стагоддзі падзяліў усё жывое на віды, роды, класы, засьведчыў іерархію жывёлаў і расьлінаў і спавядаў крэацыянізмстворананасьць сьвету Богам з нічога”.
Уважлівы чытач запытаецца: “Калі Пятро Васючэнка стварыў свой бестыярый, то, атрымліваецца, ёсьць яшчэ не ягоны бестыярый?..” Так, ёсьць. Французскі паэт Гіём Апалінэр (“беларус па паходжаньні”, адзначае аўтар) напісаў сусьветна вядомыБестыярый, або Картэж Арфея”, у якім таксама распавёў пра розных жывёлаў. Праўда, не абапіраючыся на піраміду Ліннея.
Пятро Васючэнка напрыканцы піраміды зьмяшчае чалавека. “Каб ня дужа задаваўся”, — жартам тлумачыць аўтар. Ахвотна падхопліваю жартаўлівы тон і зьвяртаю вашую ўвагу на цікавы факт: вершык пра чалавека ідзе пасьля вершаў пра студэнтаў, паэтаў і самога сябе, аўтара кнігі. Калі бестыярый пабудаваны па прынцыпеад ніжэйшых формаў існаваньня да вышэйшых”, атрымліваецца, што пералічаныя асобынедачалавекі
Не магу ўтрымацца, каб не працытаваць вершык пра паэтаў, які ў прамым сэньсе разабралі на цытаты (хаця, што там разьбіраць: 10 словаў разам з прыназоўнікамі ды злучнікамі): “Дзеля чаго жывуць паэты? // ЖывуцьІ дзякуй ім за гэта”. Верш пра студэнтаў не такі лаканічны і нашмат менш пазітыўны (не чытайце яго сваім дзецям, не пужайце да пары): “Навошта створаны студэнты? // Каб іх тыранілі дацэнты, // Каб іх скубалі дактары, // Каб засыхалі без пары”. Ох, не пра сябе ды не пра сваіх студэнтаў пісаў Пятро Васільевіч верш (я былаяахвяра”, ведаю)! Падмануў, ашукаў
Піраміду Ліннея”, вядома ж, ня трэба ўспрымаць літаральна (ня значыць, несурёзна). Гэтая своесаблівая класіфікацыя створаная аўтарам дзеля адной празрыстай і зразумелай мэты: каб паказаць і дзецям, і іх бацькам, што няма на сьвеце непатрэбных істотаў. Усё трэба, усё важна: кузуркі, чарвячкі, павучкі, грызуны, зьмеі… “…усе яны недарэмна займаюць сваё месца пад сонцам” — сьцьвяр­джае Пятро Васючэнка. І дадае: “У XXI стагоддзі ў сумоўі чалавека і братоў ягоных меншых павінен дзейнічаць маральны імператыў: “Не растапчы!”. І калі ў некага спыніцца нага, перш чым раздушыць свайго меншага брата ці сястру, буду лічыць, што мой бестыярый створаны недарэмна”.

Зробім гучнае “боўць”!

З гэтай жа мэтайзахаваць усё жывое на зямлінапісаў Пятро Васючэнка й казкуКаляровая затока”, што выйшла ў серыіКазкі XXI стагоддзя”. Гэта ня простая казка, янаэкалагічная. У анатацыі пазначана: “Для малодшага школьнага ўзросту”. Я, здаецца, з гэтага ўзросту даўно ўжо выйшла, але чытала з такой асалодай, што словамі не перадаць! Так што сьмела можна пашыраць кола чытачоў, прадубляваўшы апошні радок анатацыіПіраміды Ліннея”: “Кніга разьлічаная на самага шырокага чытача”.
Дзеяньне казкі адбываецца ў Каляровай Затоцы, своеасаблівым месцы, на які забылася цывілізацыя. У ёйусяго чатыры жыхары: старая глухаватая Шчупачыха, малады гарэзьлівы Шчупачок, трусьлівы, але годны Сьлімак ды строгі і ўедлівы да занудства Вадзяны Скарпіён (альбо Вадзяны Клоп, што тое самае, ці папросту Клоп). А Каляровай Затока стала не ад мноства розкаляровых рыб ды раснастайных водарасьцяў, а з-за трубы, якую праклаў Апантаны Алхімік. Жыве ён сабе ў сваёй лабараторыі з катом Бурштынам ды пугачом, праводзіць досьледы, стварае сінтэтычную ежу ды людзей у прабірках вырошчвае, а адыходы вытворчасьці па трубе ў Затоку зьлівае. Вось і стала яна каляровая, з алейнымі плямамі на паверхніЖывыя істоты, як вядома, да ўсяго прыстасоўваюцца. Прыстасаваліся да бруднай вады і нешматлікія жыхары Затокі: труба і ежу давала, і пітво, і фільмы паказвала, а малому Шчупачкуі казку на добры сон распавядалаДобра жылося ім у Затоцы: ежу здабываць ня трэба, сьпі сабе ды вядзі разумныя размовы.
Аднак, як тое і павінна быць у казках, спакой іх быў парушаны. За гучнымбоўць!” зьявілася новая гераіня: гжэчная паненка Хахуля, якая, жывучы ў чыстай вадзе, перажыла страшную трагедыю: каровы растапталі яе норку і зьмяшалі ў бруд гаючую крынічкуШукаючы месца для новага доміку, натрапіла Хахуля на Каляровую Затоку. Няветліва, падазрона сустрэлі няшчасную незнаёмку жыхары Затокі. Не паверылі нават, што янаХахуля. “Цябе, Хахуля, таксама няма. Ты вымерла, так уЧырвонай кнізенапісана”, — даводзіў ёй дасьведчаны ды начытаны Клоп. Успаміны хахулі пра чыстую ваду, жоўты пясочак ды сіняе неба жыхары Затокі ўспрынялі таксама няветліва, падазрона
Але не была б перад намі казка таленавітага казачніка Пятра Васючэнкі, калі б на гэтым прыгоды скончыліся. Усё толькі пачынаецца, як той казаў
Каляровая Затокацалкам апраўдвае назву серыіКазкі XXI стагоддзя”: тут і газеты, і інтэрнэт, і глабалізацыя, і бізнэс, і кампутарУсё тое, без чаго ня могуць абыйсьціся сучасныя дзеці. Але яны ня могуць абыйсьціся і без каляровых, прыгожых кніжак... Дапамагала Пятру Васільевічу ствараць казачны сьвет малады мастак Алена Кійко.
Павучальная, займальная гісторыя жыхароў Затокі, Хахулі, Чарвяка, Апантанага Рыбалова захоплівае і трымае да апошняй старонкі, да апошняй ілюстрацыі. Нашаму паглыбленьню ў Затоку актыўна спрыяе аўтар: кожная з дваццаці двух гісторыяў сканчваеццана самым цікавым месцы”, бы ў тым бразільскім серыяле (самы час бабулям выключыцьмыльную оперу”, узяць казку Пятра Васючэнкі і нясьпешна чытаць унукам), а пачынаецца зваротам да чытача (хацела напісацьюнага”, але ўзгадала, што мы пашырылі ўзроставыя межы). Пятро Васючэнка прапануе ўсё рабіць разам, даючы нам магчымасьць стаць ня проста сузіральнікамі дзеяньня, а яго актыўнымі ўдзельнікамі: “Давайце разам зазірнем праз яго (чароўны перыскопА.П.) у Каляровую Затоку”; “Чытачы, якія ўважліва сочаць за хадою нашага апавяданьня, адразу заспрачаюцца…”… Аўтар ня проста ўводзіць нас у аповед, але разважае разам з намі, многае тлумачыць, удакладняе, падкрэсьлівае. Усё гэтаз тонкім гумарам і выкшталцоным густам. Пра што гэта сьведчыць? Пра адно: аўтар клапоціцца, дбае ня толькі пра ўсё жывое на зямлі, але і пра свайго чытача, пра нас з вамі. Гэта ня можа не стварыць атмасферу поўнага даверу кожнаму слову аўтара.
ІПіраміда Ліннея”, іКаляровая Затока” — напамін Пятра Васючэнкі пра тое, што трэба берагчы прыроду, з павагай ставіцца да ўсяго жывога. “Прачытай гэтую кнігу, дружа, і азірніся вакол сябе. У кожнай рэчцы, возеры, сажалцы, нават калюжыне ты знойдзеш безьліч істотаў, якія нямарна прыйшлі на гэты сьветДумай пра гэта, дружа, і тады ты зразумееш, што важней: чалавечыя справы або лёс усяго жывога.
Усё важнае”.

Ася ПАПЛАЎСКАЯ