12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Іржы Коларж

_____________________
За пацеркай пацерка. Вершы
Пераклад
з чэшскай –
Марыі
МАРТЫСЕВІЧ.

Вечар

Дыбяцца вокны
За вячэры ўсядаецца вечар
Лямпы цьвітуць
І танчаць у голых сьценах
Музыка мкне ўздоўж дамоў
Зорны дождж ападае на рэчку

Закаханая пара
Накупіўшы сардэлек
Чаргуе цалункі з жаваньнем
І шыбуе на Карлаву плошчу
Феі зьвесіўшыся праз парэнчы
Плююць на воднае люстра
І лічаць пакуль даляціць

1964

ЦІХАВЕРШ

Назьбірай
жменьку пацерак галькі
і складзі з іх
дзе-кольвек

назву і
за пацеркай пацерку
словы
і шнурок за шнурочкам

радкі
мілабачнага вершу

1969

Стары

ляжыць нібы зломак дрэва
невыразны ў зялёнай і вогкай
плесьні пярыны
Толькі часам рука
нібы ранены птах
падляціць да скарэлых вуснаў
набярэ харкаты й
упадзе
Сьцякае цяжкая сьліна
«Маржэнка, згані з мяне мухі!»
Бак з бялізнай займае ўсю плітку
і копціць счарнелую столь.
Ночвы пасярод хаты
на падлозе
дзіцё
клеіць сьлінаю голаў драўлянаму коніку

1950 – 1985, 1990

* * *

Кожны думае пра чалавецтва й ніхто ня думае пра чалавека
кожны кажа пра кнігі й ніхто ня можа прамовіць праўдзівага слова
кожны кліча да брацтва народаў
і ніхто ня можа падставіць плячо слабому
кожны будуе й ніхто ня бачыць будоваў
кожны марыць уваскрасіць сьвет і ніхто ня бачыць жывога
кожны б’ецца за права бацькоў і ніхто ня бачыць сыноў дарослымі
кожны ваюе за мір і ніхто ня помніць
што значыць памерці ва ўласным ложку
кожны гатовы сысьці крывёю за шчасьце народу
й ніхто ня ведае чым ёсьць ён сам
кожны крычыць аб любові й ніхто ня ведае,
што значаць словы «Дабрыдзень» альбо «Дабранач»
кожны зьдзяйсьняе мэту ўсіх мэтаў і ніхто ня знае што мае на мэце
кожны крочыць да сьветлае будучыні й ніводзін ня знае куды ён ідзе
кожны імкнецца ўзяць сьмерць за культуру за ўладу за славу
вялікіх сваіх памерлых і ніхто ня ведае чым ёсьць звычайны сорам

1950

* * *

Калі ты пішаш нешта што лічыш мусіць быць напісана
Не пераймайся што нехта можа скрасьці ў цябе форму тэму
ці самое таемства вершу

Калі нешта такое магчыма
Форма тэма й таемства ня вартыя пурпуровых шатаў паэзіі
1968

* * *

Калі хочаш стварыць штосьці новае
Чакай, што цябе назавуць апантаным альбо вар’ятам
Не паказвай што ў чымсьці цяміш
Йдзеш да яснай і пэўнай мэты
А калі некаторым падасца
(Асабліва старой кагорце)
Што ў дзеях тваіх нешта ёсьць
Не давай сабе веры

Няцяжка прывесьці паэзію ў згоду зь нябачаным
І прыўнесьці ў яе новы лад
Ды калі вырашаеш дбаць пра сваё
Трэба проста ня дбаць пра іншае

1968

АД ПЕРАКЛАДЧЫКА
Іржы Коларж увайшоў у чэскую культуру ўсярэдзіне 30-х гадоў мінулага стагоддзя як мастак, майс­тар калажу. Аднак у 40-я і 50-я гады ён цалкам аддаў сябе паэзіі: у сюррэаліс­тычную суполку «42», створаную ў часы нямецкай акупацыі, ён уступіў перадусім як паэт-авангардыст. Ад асобы паэта-відавочцы напісаная значная частка самага знакамітага зборніку Коларжавых вершаў «Печань Праметэя» («Prometheova jбtra»: Таронта 1985; Прага 1991). Вершы гэтыя не былі дапушчаныя ў друк, але вельмі хутка разышліся ў рукапісах. Іх выкрывальны зьмест і авангардная форма сталі Коларжавым пратэстам супраць камуністычнага рэжыму ў Чэхаславакіі. Пасьля таго, як у 1953 годзе зборнік «Печань Прамэтэя» быў знойдзены паліцыяй у аднаго з сяброў паэта, Коларж дзевяць месяцаў адседзеў у вязьніцы (адзіны выпадак, калі чэшскі літаратар быў зьняволены за нявыдадзеныя творы). У камуністычныя часы ў Чэхаславакіі не была выдадзеная аніводная кніга Коларжа, не была дазволеная аніводная выстава ягоных карцінаў. А пасьля таго як паэт падпісаў «Хартыю 77», ён быў высланы з краіны. Жыў у Заходнім Берліне, а з 1981 году – у Парыжы. Толькі ў 1989 годзе, адразу пасьля аксамітнай рэвалюцыі, Коларж вярнуўся на радзіму.