12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





«Экслібрыс»

_____________________
Творы пераможцаў конкурсу маладых літаратараў


У студзені ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” абвясціў Конкурс для маладых літаратараў “Экслібрыс” і прысвяціў яго класікам беларускай літаратуры, юбілеі якіх адзначаюць сёлета: Паўлюку Багрыму, Якубу Коласу, Янку Купалу, Алесю Гаруну, Цішку Гартнаму, Максіму Танку, Янку Брылю і Міхасю Стральцову... Удзел у конкурсе ўзялі больш за сто аўтараў. Напрыканцы траўня журы, у склад якога ўвайшлі Эдуард Акулін, Ірына Багдановіч, Аксана Данільчык, Віктар Жыбуль, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская, Міхась Скобла, Андрэй Хадановіч, назвала лепшых з лепшых. Такім чынам...
...Пераможцамі конкурса сталі: Алеся Башарымава (пераклад), Алесь Замкоўскі (вершы), Антон Рудак (вершы), Вера Стромава (проза) і Ганна Янкута (пераклад).
...Фіналістамі конкурса названы: Алена Беланожка (проза, вершы), Андрэй Вылінскі (пераклад), Наста Грышчук (вершы), Аляксандра Дварэцкая (проза), Алесь Емяльянаў (вершы), Сяргей Календа (проза), Сяржук Камель (вершы), Павел Капанскі (проза), Андрэй Касцюкевіч (пераклад), Віктар Мельнікаў (вершы), Павел Надольскі (вершы), Аня Рудак (вершы), Антось Уласенка (проза), Алена Хрышчановіч (вершы), Алесь Яшчанка (проза, вершы, пераклад).
...Заахвочвальны дыплом атрымалі: Раман Абрамчук (вершы), Аляксандр Апон (проза), Зміцер Баяровіч (проза, вершы), Сяргей Белаяр (проза), Наталля Бойка (пераклад), Валярына (вершы), Марына Варабей (вершы), Дар’я Вашкевіч (проза, пераклад), Сандра Вецер (вершы), Ганна Воранава (вершы), Ганна Гараніна (вершы, пераклад), Марыя Лапо (проза), Дар’я Латышава (вершы), Воля Чайкоўская (вершы), Наталля Ярмольчык (проза).
Па выніках літаратурнага конкурсу 14 чэрвеня прайшла вечарына, на якой усе вышэй названыя ўдзельнікі конкурсу атрымалі заслужаныя ўзнагароды. З кастрычніка пры ГА “СБП” пачне працаваць Школа маладых літаратараў, у якую запрошаныя пераможцы, фіналісты і дыпламанты конкурсу. А “Дзеяслоў” у гэтым нумары знаёміць вас, шаноўчыя чытачы, з творамі пераможцаў “Экслібрыса”.


Алеся Башарымава

Гунэль ЛІНДЭ

Белы каменьчык


Пачатак

Гэтая кніга будзе пра многае — праўда, я пакуль яшчэ не ведаю, пра што. Ведаю толькі, што яна будзе не пра Хампуса і Фію.
Фія — гэта маленькая, худзенькая як шчэпка дзяўчынка з раскудлачанымі валасамі. Яе мама — настаўніца музыкі. Няма нічога больш недарэчнага, чым быць дачкою настаўніцы музыкі, калі жывеш у маленькім сяле, дзе наўрад ці каму заманецца граць на піяніна. Дзеці з сельскай школы заходзіліся смехам ад адной толькі думкі пра настаўніц музыкі. З тым самым поспехам у Фіі замест мамы маглі б быць шчыпчыкі для цукру — каму патрэбныя шчыпчыкі, калі можна ўзяць цукар пальцамі? Або ручнік для посуду — навошта, скажыце, калі ласка, выціраць посуд, калі ён можа высахнуць сам? Або шаўковая падушачка ў банціках, або начны каўпак. Яе мама магла б быць зборнікам вершаў, зубачысткай ці веерам. Усё гэта было б аднолькава недарэчным. Прынамсі, так казалі аднакласнікі Фіі. Але вазьмі любую з гэтых рэчаў — і выявіцца, што схаваць яе ад чужога вока будзе значна лягчэй, чым настаўніцу музыкі. Калі б мама Фіі была шаўковай падушачкай, можна было б засунуць яе сабе пад матрац. Ручнік можна было б схаваць у шафе, а зубачыстку ўваткнуць паглыбей у гаршчок з кветкамі. Але ж не: яе мама была настаўніцай музыкі і вучыла дзяцей граць на піяніна — схаваць яе не выпадала ніяк. У школе Фію празвалі Фіяй-бом-дзілібом-Петэрсан.
— Дзілібомкам з намі нельга! — крычалі дзеці, калі беглі гуляць у класікі.
— А цётка Малін з дому суддзі сказала, што ад тваёй мамы зусім ніякага толку! — паведаміла Брыта-з-коскамі.
— Іншай мамы мне не трэба, — сказала на гэта Фія, і гэта была праўда.
Адзінае, чаго яна хацела, — гэта каб мама была замужам за суддзёй або, напрыклад, прадавачкай у краме і давала дзецям, якіх пасылалі нешта купіць, лядзяш за адзін эрэ ў даважак. Тады б яны бралі Фію ў гульню.
— Шуруй дамоў і грай на сваім піяніне, Фія-задавака! — сказала Брыта-з-коскамі, і ўсе, хто быў побач, ізноў засмяяліся.
Мама казала Фіі: калі нехта дражніцца, не трэба на гэта зважаць.
— Трэба проста заставацца зычлівым і не дражніцца самому. Тады яны стомяцца і перастануць, — казала мама.
Але на дзяцей у школе гэта не дзейнічала. І ад цёткі Малін, аканомкі спадара суддзі, таксама не выратоўвала. Тая дражніла маму Фіі цэлымі днямі: казала, што яна псуе рэчы суддзі, і што Фія такая назола, і што гэта яны ўмыкнулі булавешку з парэнчаў.
Фія жыла ў доме суддзі, у той палавіне, што выходзіла на двор. Дом у суддзі быў такі вялікі, што нават глянуць страшна. Веснічкі, за якімі хаваўся двор, былі найпрыгажэйшыя ў свеце, а дрэвы ў садзе былі высачэзныя, магутныя і раскідзістыя. Адно з іх нагадвала цётку Малін — быццам яна сядзіць у цырульніцы. Аднойчы Фія ўзяла фартух цёткі Малін і абвязала ім камель гэтага дрэва, але мама сказала, што цётку Малін лепш не злаваць, а то давядзецца з’ехаць.
Фіі не дазвалялася хадзіць па траве і нават па дарожках, калі іх толькі што расчысцілі — а чысцілі іх пастаянна. І яшчэ ёй забаранялася кідаць мяч аб сцяну. Што ж, нельга дык нельга! Затое яна магла стаяць за веснічкамі і глядзець адтуль на дарогу. Тут ужо ніхто не наважваўся чапляцца да яе і дражніцца, і ніхто не мог сказаць, што яна робіць нейкую шкоду. Часам Фія думала, што было б лепей, калі б яна проста была вялікай і дужай і магла цягаць Брыту за коскі, або па-сапраўднаму прыгожай, як адна з дзяўчатак, на клас старэйшая за яе. Але яна такой не была. Фіі здавалася, што яна выглядае вельмі бязглузда, і таму яна звычайна біла сябе кулаком па носе, калі глядзелася ў люстэрка. Так што яна проста стаяла ля веснічак і глядзела. А з гэтага кнігі не атрымаецца.
Ну і таксама не пра Хампуса будзе гэтая кніга. Ён, канечне ж, крыху старэйшы за Фію, але не такі ўжо вялікі, каб было пра каго расказваць. А жыў ён у новага шаўца.
Новы шавец хадзіў няголены, на адной руцэ ў яго не хапала вялікага пальца, так што новым ён зусім не выглядаў. Але яго ўсё адно паўсюль называлі новым шаўцом, бо ён раз на паўгода пераязджаў на новае месца і ніхто не паспяваў да яго прывыкнуць. А разам з ім пераязджалі яго шасцёра дзяцей і, канечне, Хампус, бо ён быў яго пляменнікам і да таго ж кругом сірата.
Хампус многа дзе пабываў. Ён ужо бачыў Эслёў і Эдэсхёг, Нурдынгро і Ітэрбуду. Часам ён жыў у якім-небудзь струхнелым летнім дамку з толевай страхой, што прапускала любы дождж, а часам у хаціне, дзе ў вадаправодных трубах шнырылі пацукі, якія начамі заскоквалі ў мыйку, каб чым-небудзь пажывіцца. Але якая розніца, дзе жыць, калі ўсё адно хутка пераязджаеш.
— Я сюды жыць не прасіўся, — заўсёды казаў шавец, калі яго жонка на што-небудзь скардзілася. — Хопіць ныць, а то пераедзем, — казаў ён.
І праз пару месяцаў гэты час надыходзіў. Хампус быў зусім не супраць. Яго нічога не трымала ва ўсіх гэтых месцах, бо ў кожным з іх да ад’езду ён паспяваў напракудзіць дзе і як толькі можна. У Нурдынгро ён паўскідаў на дрэва шапкі ўсіх пастарскіх дзяцей. Тры шапкі, значыць. Адна была зялёная, другая — чырвоная, а на трэцяй быў кутасік з воўны. І вось гэтую, з кутасікам, зняць ужо не атрымалася. У Эслёве ён прыдумаў гульню “прайдзі-па-лёдзе”. Лёдам служылі шкляныя вечкі скрыняў з расадай на гародзе садоўніка, і пасля гульні мала што засталося ад таго шкла. У Ітэрбудзе яму давялося ратаваць дурнога ката, які заблытаўся ў тонкім невадзе для салакі. Вядома, невад давялося ўвесь расчыкрыжыць. Пра Эдэсхёг лепей увогуле прамаўчым.
— Ты наўмысна ўсё гэта робіш! Анёлы плачуць ад тваіх паводзінаў! — скардзілася шаўчыха.
— Што мне да гэтых ныцікаў, — агрызаўся Хампус.
Хампус заўсёды паводзіў сябе кепска і прывык на кожным новым месцы ўвязвацца ў бойкі. Ён мусіў спяшацца, каб да яго ад’езду ўсе мясцовыя дзеці паспелі запомніць, хто тут самы моцны. Калі ж яны нарэшце пачыналі выказваць нейкую пакору, яму заставалася толькі папляваць на кулакі і ўзяцца за старое на новым месцы.
Часта ён прыдумваў сабе яшчэ нешта, што трэба паспець, — так бы мовіць, дзеля разнастайнасці: напрыклад, паспець атрымаць адзнаку па арыфметыцы або расчысціць ад друзу пляцоўку ля ганка шаўца. Але тут ужо няма пра што і расказваць. Паўсюль паўтаралася тая ж песня. Кніга з гэтага атрымалася б нудная, таму і пра Хампуса я расказваць не буду.
Мабыць, я магла б расказаць пра той векапомны дзень, калі Хампус прыехаў у сяло, дзе жыла Фія.

Вялікі дзень

Быў чароўны летні дзень. Сонечныя дыядэмы ўпрыгожвалі кроны дрэваў, а на сценах дамоў танчылі іскрынкі цяпла. Толькі тыдзень заставаўся да школы, дні былі злічаныя. З-за веснічак суддзі, як звычайна, выглядваў несамавіты тварык Фіі. Яна чакала, калі хто-небудзь прыйдзе і пачне дражніцца. Але самае дзіўнае, што ўвесь гэты час яна насамрэч выглядала вельмі міла, хоць сама пра гэта не ведала.
Цень ад дрэва ляжаў на яе галаве, быццам цёмная рука. У белай сукенцы, пашытай з ніжняй спадніцы, Фія выглядала сапраўднай прынцэсай, прытым не абы-якой. Такую чароўную сукенку магла мець толькі якая-небудзь зграбная каралеўна з Егіпецкай зямлі — і на гэтай сукенцы, нібы залатая брошка, ззяў сонечны зайчык ад клямкі на веснічках. Усё гэта разгледзеў незнаёмы хлопчык, што выйшаў з дому шаўца насупраць. Ён выглядаў так, нібыта ўсё навокал — гэта ягоныя ўладанні. На дарозе ён спыніўся і падчапіў кавалак конскага гною босай нагой — няхай паахаюць цёткі-чыстаплюйкі! Потым ён дастаў з кішэні мармуровы шарык і перакінуў яго цераз самую высокую бярозу ў шаўцовым садзе. У кроне зашалахцела, і дрэва быццам уздрыгнула. Тады хлопчык падышоў проста да веснічак суддзі.
Фія не зварухнулася. Калі яе ўсё адно нехта будзе дражніць, дык чаму б не хтосьці чужы? Хоць нейкая разнастайнасць. Да таго ж гэты хлопчык быў грозны і ведаў сабе цану: калі цябе дражніць такі — гэта сапраўдны гонар. Яна не скранулася з месца.
— Ты чаго тут стаіш? — спытаў хлопчык.
Фія не адказала.
— Ну, што ў нас тут за народ такі жыве? А-а-а, усяго толькі няшчасны пляшывы суддзя, — сказаў ён, разглядаючы шыльду на брамным слупе.
Але Фія ўсё адно не адказвала.
— Ён твой бацька, гэты суддзя? — спытаў ён.
Яна патрэсла галавой.
Тады ён стукнуў нагой брамны слуп.
— А можа, суддзя ў вас працуе брамнікам? — спытаў ён.
Фія пырснула са смеху. Вось была б карціна! А цётка Малін тады была б табурэткай, каб на яе залазіць і даставаць печыва! Фія сакатала, як сарока, а Хампус маўчаў і проста глядзеў на яе. Глядзеў так доўга, што ёй давялося таксама зірнуць на яго. Яна адступіла на крок і намацала ў кішэні белы каменьчык.
— Стой, — сказаў хлопчык. — Падыдзі!
Ён прасунуў рукі праз штыкеціны і паспрабаваў злавіць яе, але не дастаў.
— Падыдзі бліжэй, я толькі дакрануся!
Яна наблізілася на крок, але так, каб ён не мог яе схапіць.
— Яшчэ крок! Ну, толькі крок!
Яна крыху пераставіла ногі, але здавалася, што нават не скранулася з месца.
— Ну яшчэ пару крокаў! Я ж не дацягнуся!
І яна зрабіла яшчэ крок.
І тут ён раптоўна ірвануўся да яе і, прыціснуўшыся тварам да веснічак, выцягнуў рукі праз штыкеціны і ўчапіўся за яе адзенне. Ён падцягнуў Фію да сябе і схапіў за руку — за тую, у якой яна трымала белы каменьчык. Ён вырваў яе руку з кішэні, расціснуў пальцы і адабраў каменьчык.
— Аддай! — закрычала яна.
— Раблю што хачу, — сказаў хлопчык.
— Але ён мой!
— Ну і што? Гэта ж толькі камень!
— Гэта ж мой найпрыгажэйшы каменьчык! Самы гладкі, самы прыемны з усіх! І ён зусім-зусім белы! Аддай!
Ён зноў паглядзеў на яе тым самым позіркам, і раптам Фія адчула, што сёння з ёй нешта не так. Ёй у адначас хацелася быць дзікім зверам, і румзай, і зачараванай прынцэсай. Яна затрэсла веснічкі і ўкусіла яго за запясце, а потым закрыла рукою твар і заплакала сапраўднымі слязьмі, слаба пасміхаючыся з-за ўскудлачаных валасоў: яна не магла іх прыбраць з ілба, таму што хлопчык трымаў яе. Тады ён расціснуў свой кулак і аддаў ёй каменьчык. Яны разам глядзелі на яго.
— Як цябе зваць? — спытаў ён.
— М-м-м… Фідэлі, — сказала Фія. — Але мне нельга нікому казаць, як завуць маіх тату з мамай. Гэта сакрэт. А цябе як зваць?
Ён павярнуўся да дому шаўца, нібыта не жадаючы адказваць, але насамрэч ён проста хацеў паглядзець, што гэта за шум такі нясецца. Па дарозе ехалі да святочнай плошчы чатыры цыркавыя павозкі. На адной з іх вісела яркая афіша з намаляваным мужчынам, апранутым у леапардавую шкуру. “КАРОЛЬ РЫЗЫКІ”, — значылася на афішы.
— Вось маё імя, — сказаў Хампус. — Так мяне завуць.
І яны зноў паглядзелі на каменьчык.
— А калі я намалюю вочы, нос і рот гадзінніку на званіцы, ты аддасі мне белы каменьчык? — спытаў Кароль Рызыкі.
— Аддам, — сказала Фідэлі і паляцела прэч на сваіх зачараваных ножках.
І цяпер гэтая кніга будзе пра Караля Рызыкі і Фідэлі.

Кароль Рызыкі ідзе на першы подзвіг

Вяртаючыся ад веснічак суддзі, Кароль Рызыкі спыніўся на дарозе і крыху пастаяў каля гнаявой кучы. Ён адчуваў сябе дзіўна і не разумеў, што з ім такое. Але ў гэтым нічога страшнага не было. Проста яму было весела. Ад гэтага казытала жывот і каленкі нібыта наліліся сілай, але ў кончыках пальцаў трывожна паколвала. Так бывае, калі надзімаеш цудоўныя мыльныя бурбалкі: нешта фантастычнае блісне і пачынае расці, і вось ты ўжо ўпэўнены — гэта будзе найвялікшая мыльная бурбалка за ўсю гісторыю чалавецтва.
Хампус падняў з дарогі саломінку і дзьмуў у яе, пакуль хапала дыхання. Вось гэта будзе прыгода з прыгодаў! У параўнанні з ёй усё, што ён прыдумваў раней, і вусцілкі не вартае. Але асцярожнасць перадусім. Ён выплюнуў саломінку ўверх і паглядзеў, ці няма ў двары каго-небудзь з шаўцовых дзяцей і ці не бачылі яны, адкуль ён ідзе. Але ўсе былі дома, і тады ён азірнуўся і паглядзеў услед зніклай Фідэлі. Толькі сонечны водбліск на клямцы нагадваў пра яе. Тады ён пабег у шаўцоў двор.
Кароль Рызыкі не збіраўся займацца царкоўным гадзіннікам да змяркання. Наперадзе чакалі цяжкасці, таму варта было аддаць увесь дзень адпачынку. І вось Хампус лёг на траве і расслабіўся, назіраючы, як Нана і Сіры спрачаюцца, каму гайдацца на ручцы калодзежнай помпы. Але тут з дому выйшла шаўчыха і крыкнула яму:
— Калі яны пазабіваюцца, вінаватым будзеш ты! Хіба можна дазваляць ім такія небяспечныя гульні?!
Тады ён залез на дрэва і адпачываў там, боўтаючы босымі нагамі і цэдзячы вецер паміж шурпатых пальцаў. Калі ж абмытыя ветрам ногі здаліся яму чыстымі, гладкімі і свежымі, ён саскочыў з дрэва і перайшоў адпачываць на новае месца — да крамы. Бо гаспадар гэтых дрэваў мог з’явіцца ў любы момант і прагнаць яго, не даўшы даадпачываць. Лепей прабавіць вольны дзень у цішыні і спакоі. Доўгі вольны дзень, калі тое, што цябе чакае ўвечары, зусім не здаецца немагчымым. І толькі часам мільгаў у галаве вобраз дзяўчынкі ля веснічак — дзяўчынкі з валасамі, як цень, дзяўчынкі з белым каменьчыкам.
— Што ты тут агінаешся? Што забыў? — гукнуў з ганка гандляр.
— Нічога, — унікліва адказаў Кароль Рызыкі.
Яму не хацелася ўсчынаць непатрэбную сварку з гандляром.
— Вазьмі вось лепей торбу з бульбай і збегай аддай Блумгрэнам, хоць нейкі толк з цябе будзе! Тут не месца розным падшыванцам, якім абы напаскудзіць! — сказаў гандляр.
— Не пабягу, — сказаў Кароль Рызыкі.
— Не пабяжыш? А што ж ты будзеш рабіць?
— Адпачываць.
— Ну нахабнік!
— А я сюды на пабягушкі не наймаўся. Я не прадаюся ў рабства эксплуататарам, — адважна адказаў Кароль Рызыкі.
— Ты што, зусім сорам забыў? — раззлаваўся гандляр. — А ну прэч адсюль, каб я цябе тут не бачыў!
Кароль Рызыкі пераскочыў канаву і знік за зарасцямі крапівы. Вось хто будзе ягоным першым ворагам у гэтай вёсцы!
— Ты чый дзіцёнак? Новага шаўца? — данеслася яму ўслед.
Але не такі ён дурань, каб адказваць.
— Ну пачакай, далёка не збяжыш! — усё крычаў гандляр.
Кароль Рызыкі прабраўся на жытняе поле і схаваўся між жоўтых сцяблінаў, быццам у клетцы з канарэйкамі.
“Заўсёды ім трэба сварыцца! Заўсёды пад нагамі таўкуцца гэтыя гідкія старыкашкі! Заўсёды! Але гэтым разам я слухаць іх не збіраюся. Раз я ўжо вырашыў — значыць усё! Ніхто мяне не спыніць”, — думаў ён.
— Я атрымаю гэты каменьчык да пераезду! Сказаў — зраблю, а назад не павярну, згарэць мне на гэтым месцы! — ціха сказаў ён, але так, каб пачулі ластаўкі. І застаўся ляжаць у жыце да вечара.

Увечары, калі надыходзіў час класціся спаць, у кухні шаўца заўсёды ўсчыналася бурнае жыццё.
— Хенінг разлёгся на ўсю падушку, мне зусім няма месца! — крычала Нана.
— Не мая чарга сёння спаць пад калючай коўдрай! — крычаў Турэ.
— А Эйвар шчыпаецца! — крычала Сіры.
— От, заўсёды мы туляемся ў цесных халупах, — бурчала шаўчыха. — Колькі можна ўжо дзецям спаць валетам! Не ўяўляю, што мы будзем рабіць, калі Луле вырасце з дрывяной скрыні. Я хутка звар’яцею.
— Я сюды жыць не прасіўся, — сказаў шавец. — Хопіць ныць, а то пераедзем!
— Пачынаецца, — сказаў Хенінг.
Хампус ляжаў у сваім кутку канапы і не слухаў, бо настаў час падумаць, як ён будзе маляваць вочы, нос і рот царкоўнаму гадзінніку. Трэба было альбо знайсці драбіны, якія б сягалі званіцы, альбо неяк налаўчыцца і прасунуць руку праз акенца ў цыферблаце. Калі там, канечне, ёсць акенца. Трэба гэта праверыць, калі ўсё стане ціха.
— Ды спі ты ўжо! — гыркнуў Хампус і ўціснуў галаву Турэ ў падушку.
— Не сварыся, Хампус! — прыкрыкнула шаўчыха.
Хампус адвярнуўся да сцяны, заткнуў вуха краем фіранкі і прыкінуўся, што спіць. Неўзабаве ўсе супакоіліся. Шаўчыха таксама легла спаць. Хампус чакаў доўга і цярпліва, пакуль урэшце наважыўся прыўзняць галаву з падушкі і агледзецца. На рассоўным ложку спала Сіры, паклаўшы голаў на руку Эйвара і выставіўшы жывот з-пад коўдры. Хенінг спаў на карачках, уткнуўшыся носам у кут канапы. Гэтых лёгка не пабудзіш, тут можна не баяцца.
“Пястунчыкі, лежабокі, толькі б дрыхнуць, — падумаў Хампус. — Ім нават у сне не прысніцца, якая справа мяне чакае!”
У пакоі побач з шаўцом, нібыта блакітная гара, пад коўдрай з абрэзкаў ляжала шаўчыха. Яна таксама мірна пасопвала. А вось шавец не спаў. Ён ляжаў і крэсліў у паветры пальцам нейкія загагуліны. Ён заўсёды гэта рабіў перад тым, як заснуць. Спачатку ён тройчы выводзіў сваё імя, а потым — верш у пятнаццаць строфаў.
— Ды спі ты ўжо, дзядзька, — прашаптаў Хампус.
— Сам спі, — прамармытаў шавец.
Але болей Хампус чакаць не мог.
— Я на двор на хвілінку, — сказаў ён і вылез праз кухоннае акно.
І вось Кароль Рызыкі і царкоўны гадзіннік углядаюцца адно аднаму ў твар. Званіца ўздымаецца над дрэвамі і дахамі сельскіх дамоў. Белы цыферблат свеціць не горш за які-небудзь месяц. На ім можна разабраць кожную лічбу, а вось акенца ніякога не бачна.
Кароль Рызыкі ўскочыў на суседскі ровар і паруліў да могілак. Ніводзін каменьчык не пырснуў з-пад колаў, не рыпнуў пад шынамі, толькі трава на ўзбочыне лёгка зашамацела, калі ён змяіным ценем завіхляў па ёй. Гадзіннік сачыў скрозь цёмнае голле, як ён набліжаецца.
— Ну чакай, хутка мы ўжо сустрэнемся, — прашаптаў Кароль Рызыкі.

Кароль Рызыкі і гадзіннікавы твар

— Перш за ўсё паглядзім, як можна падняцца на званіцу, — сказаў сам сабе Кароль Рызыкі.
Ён заехаў у хмызы ля мура, што агароджваў могілкі, паставіў ровар і крыху памарудзіў у развагах.
“Мабыць, лепей замаскавацца ў прывіда. Раптам сустрэну каго на могілках”, — падумаў ён.
На ім была піжама ў чырвоную палоску, пашытая шаўчыхаю з чахла на коўдру. Куртачку ён зняў, скруціў і зашчаміў у багажніку, а калашыны штаноў закасаў як мага вышэй. Зямля каля хмызоў была мяккая і гліністая. Ён вымаляваў шэрай глінай косці на грудзях, а вочы абвёў цёмнымі кругамі.
“Ну вось. Цяпер, калі хто трапіцца, ашчэруся і зраблю грымасу, як у шкілета”, — падумаў ён і выбраўся з хмызоў.
Там, быццам зацішны сад з безліччу кветак-крыжоў, раскінуліся могілкі. Ён ускараскаўся на мур і, рухаючыся па краі, пачаў абыходзіць цвінтар. Мур быў добры — досыць шырокі, каб па ім ісці, і з набрынялым расою мохам наверсе.
“Во як мякка, аж нагам прыемна”, — падумаў Кароль Рызыкі, у вобразе нячысціка ідучы па муры.
Маленькія кветачкі заблытваліся ў яго між пальцамі, начны вецер дыхаў узнёсла і пяшчотна, як яму і належыць на могілках. Над званіцай мігцелі зоркі. Толькі акенца на ёй пакуль відаць не было, ані з паўночнага боку, ані з усходняга. Калі на дарозе Караля Рызыкі паўстала брама, ён спусціўся, абмінуў яе і залез на мур з іншага боку. На паўднёвым баку званіцы акенца таксама не аказалася. Дый на самім цыферблаце нічога такога не было.
— Ну і добра, затое не трэба вартаўніка будзіць у такі час, каб даў ключы, — прамармытаў Кароль Рызыкі.
На ўсялякі выпадак ён саскочыў уніз і паторгаў вялізную браму царквы. Надзейна зачынена. Нават не рыпнула, калі ён пацягнуў.
— Маглі б разок і забыцца замкнуць ці хоць бы пакінуць ключ у дзвярах, — паскардзіўся ён клямцы на браме.
Кароль Рызыкі ўжо так быў паверыў у поспех сваёй авантуры, што цяпер амаль здзівіўся, не ўбачыўшы перад сабой гасцінна расчыненых дзвярэй. Ён падышоў да рага і абхапіў званіцу, задраўшы голаў.
— Як жа царкоўны вартаўнік наладжвае гадзіннік? Можа, проста ўзлазіць па голай сцяне і падкручвае стрэлкі рукамі?
Вышчарбленыя вуглы званіцы рэзалі далоні. Калі стаіш ля самай вежы, яна нібыта схіляецца над табой. Раптам Караля Рызыкі асяніла, і ён шаснуў прэч, быццам спалоханы кот з-пад самага бота.
Ён насіўся між магілаў і раз-пораз высока падскокваў. Потым, набраўшы хуткасць, пабег проста да званіцы. Ён скочыў на сцяну і паспрабаваў узбегчы па ёй наверх — ажно да гадзінніка. На чацвертым кроку ён зваліўся на зямлю. Але гэта было так весела, што ён паспрабаваў яшчэ раз. Кароль Рызыкі ўзбягаў на сцяну з розных бакоў, але кожны раз падаў пасля чацвертага кроку. Было ясна, што так ён ніколі не зможа намаляваць на гадзінніку твар.
— Не, трэба ўжо нешта рабіць, — сказаў Кароль Рызыкі і пачаў шукаць пажарную лесвіцу. Яна была звонку рызніцы і вяла толькі на ніжні дах, а там заканчвалася. На званіцу па ёй было не забрацца.
— Каб жа гэтая званіца павярнула сваю башку гадзіннікам сюды, усё б крыху бліжэй было, — прабурчаў Кароль Рызыкі.
Раптам яму падалося, што зводдаль, ля цвінтарнага мура, на яго глядзіць нейкая цётка. Ён не ведаў, што рабіць: ці то збегчы, ці то кінуцца ніцма на дах, ці то сказаць “добры вечар”.
“Яна або думае, што я вар’ят, — і тады яна мяне баіцца, або што я здань… і тады яна яшчэ больш баіцца!” — вырашыў ён і пачаў рабіць рукамі розныя выкрунтасы. Ён прысядаў і шкрабаў паветра скурчанымі пальцамі, быццам прычэсваў цемру могілак; ён выцягваўся на ўвесь рост, каб пазбавіць цётку апошняга спакою; ён грымаснічаў і дробна падскокваў на вільчаку. Раптам ён страціў раўнавагу, сарваўся ўніз і, падрапаўшы ляжку аб самы край даху, прызямліўся на карачкі на магілу нейкага “спачылага фальваркоўца Ульсана”, абгароджаную кратамі. Потым, узняўшы галаву, ён убачыў, што гэта ніякая не цётка, а звычайныя граблі, прыхіленыя да мура.
— Цьху ты, дзеля нейкай палкі-зграбалкі я, можа, нагу зламаў, — прамармытаў ён.
Але з нагой нічога страшнага не здарылася. Варухнуўшыся, ён адчуў, што нага цалюткая, і ў гэты ж момант зразумеў, як намалюе на гадзінніку твар.
Ён хуценька прабраўся назад да ровара. Ля садочка вартаўніка спыніўся набраць яблыкаў. Колькі яму спатрэбіцца? Дзесяць! Яблыкі не паддаваліся. Яны яшчэ не саспелі і не хацелі пакідаць свае галіны. Але, хоць яблыкі і не зрываліся, іх можна было адкруціць. Чаранок лопаўся, і галіны гайдаліся і сыпалі на траву лісце.
— Даруй, яблынька, не злуйся! Яны мне патрэбныя, без іх я не атрымаю белы каменьчык, — сказаў Кароль Рызыкі і злосна зыркнуў на цёмнае акно вартаўніка. — І не думай высоўвацца! — прашыпеў ён.
Набраўшы дзясятак, ён узяў піжамную куртачку, завязаў у яе яблыкі і ўскочыў на ровар. Яму трэба было да крамы: там ён бачыў бочку з дзёгцем.
Дагэтуль усё здавалася нейкім забаўным сном — прагулка па могілках, спроба абхітрыць гадзіннік... Але цяпер, з гэтай бочкай, усё рабілася небяспечным. Яна належала яго першаму ворагу. І сам Кароль Рызыкі яшчэ не настолькі прыжыўся ў гэтым сяле, каб ведаць розныя патаемныя пралазы і хованкі. Ён нават не ведаў дакладна, дзе крама, бо цяпер ехаў з боку царквы. Ён не памятаў, ці перад школай крама, ці за ёй. Ззаду, мабыць.
Раптам ён апынуўся проста перад бакалейнай крамай — ён амаль заехаў на двор. Ён развярнуўся і ад’ехаў на квартал назад. Ні ў адным акне не гарэла святло. Што калі хтосьці пільнуе яго ў той цемры, схаваўшыся за гардзінамі? Але адкуль гандляру ведаць, што Кароль Рызыкі сюды прыйдзе?
Закаціўшы ровар за дрывотню каля школы, Кароль Рызыкі павольна рушыў назад да крамы. Асцярожна перабег пасыпаную жвірам пляцоўку ля бензакалонкі. Жвір балюча калоўся.
“Спецыяльна панасыпаў”, — падумаў Кароль Рызыкі.
Ён крыху пастаяў за рагом, каб аддыхацца і абудзіць у сабе пагарду да смерці. Трэба ўспомніць, якімі словамі абзываў яго гандляр… падшыванец, якому абы напаскудзіць… нахабнік… сорам забыў! Гэтага хапіла, каб у душы Караля Рызыкі ўспыхнула прага помсты. Цяпер заставалася толькі пайсці на двор і пазбавіць гандляра лішку дзёгцю. Кароль Рызыкі без ваганняў выйшаў з-за крамы і абышоў хлеўчукі і паветкі на заднім двары, шукаючы якую-небудзь пасудзіну. Каля пральні ён заўважыў тачыльнае кола, пад якім была падвешаная балейка з вадой, каб яго астуджаць. “Тое, што трэба”, — падумаў ён, ледзьве зірнуўшы на балею. Ён адчапіў яе, выліў ваду і акуратна склаў яблыкі — адно пры адным — у густы іржавы асадак. Балея была цяжкаватая, але не надта. Ён узняў яе на плячо і перанёс да бочкі з дзёгцем.
Бочка стаяла перад фасадам, пад самым акном. Кароль Рызыкі паставіў балею на ганак, з якога ўдзень лаяўся гандляр, і пачаў, па чарзе выцягваючы яблыкі за чаранок, асцярожна апускаць іх у чорны дзёгаць, як у густы кісель. Ён спяшаўся, але ўсё адно паспеў заўважыць, як дзёгаць са смакам аблізвае зялёныя яблыкі, перш чым заглынуць іх да самага чаранка. Адно за адным ён вяртаў чорныя як вугаль яблыкі на свае месцы ў балеі. У яго ўжо было дзевяць такіх чорных.
І толькі ён узяў дзясяты, як убачыў, што ў акне стаіць гандляр і глядзіць на яго. Кароль Рызыкі так спужаўся і раззлаваўся, што скрывіў твар у сваёй самай пачварнай грымасе — раз яго ўсё адно заўважылі, дык ён хоць пакажа гэтаму гандляру, што пра яго думае! Ён хуценька абмакнуў апошні яблык, укінуў яго ў балею, потым павярнуўся да акна з растапыранымі, як кіпцюры, пальцамі, схапіў балею і пабег. Гандляру трэба спачатку павазіцца з замком, перш чым ён зможа выскачыць і кінуцца за ім у пагоню.
— Буду бегчы, пакуль ён не схопіць мяне за шкірку, — вырашыў Кароль Рызыкі, і балея, здавалася, палягчэла ў яго руках. Яна нават не замінала бегчы. Ён праляцеў цераз двор і кінуўся да дарогі. Школа была ўжо блізка.
— Толькі б ён даганяў памарудней, — падумаў Кароль Рызыкі, не наважваючыся азірнуцца, каб не страціць хуткасці.
Каля дрывотні ён выпусціў балею з рук і паглядзеў назад. Гандляр яшчэ нават не выйшаў!
— Паспею выкаціць ровар, — падумаў ён і ўхапіўся за сядло. Ровар выехаў задам — так, стой тут, не падай! — узнялі балею! ставім вось так! на багажнік! — паехалі! Ён ледзьве не перакуліўся, ускокваючы на ровар, але выраўнаваў руль, завярнуў за школу і паімчаў іншай дарогай. Фух, змыўся!
“Лухта нейкая… І чаго ён не выйшаў і не схапіў мяне? — думаў Кароль Рызыкі. — Чаго чакаў?”
Потым ён успомніў, які ў гандляра быў выраз твару. Не сярдзіты, а… смяротна спалоханы! Гандляр перапужаўся да смерці! Ён баяўся яго, Караля Рызыкі! Але чаму? Ён жа проста стаяў з чорным яблыкам у руцэ? А, ну так!.. Ён жа быў размаляваны, як чорт!
Калі Кароль Рызыкі зразумеў гэта, ён так узрадаваўся, што ледзь не ўехаў у жываплот. Сэрца яго скакала ад захаплення, і яму так хацелася спяваць, што аж клекатала ў горле. Ён думаў быў заспяваць “О, снежная поўнач”, але вырашыў адкласці гэта на потым. Гандляр мог яшчэ апамятацца і кінуцца ў пагоню.
Толькі ці мог ён здагадацца, куды знік Кароль Рызыкі? Наўрад ці.
— Калі толькі яшчэ каго не сустрэну, усё атрымаецца, — падумаў Кароль Рызыкі.
Хутка ён зноў быў каля могілак. Жытло вартаўніка было па-ранейшаму цёмным, званіца моўчкі глядзела сваім белым, чыстым цыферблатам на Караля Рызыкі. Ён паставіў ровар і зацягнуў балею на могілкі. Стаўшы каля мура, ён узяў першы яблык, з якога закапаў чорны дзёгаць, і старанна прыцэліўся. Бам! Яблык патрапіў у цыферблат адразу над васьмёркай. Наступны! Бам! — чорная пляма села амаль каля сямёркі. Каралю Рызыкі хацелася спачатку намаляваць усмешку. Ніколі раней ён не быў настолькі ўпэўнены ў сваёй трапнасці, як цяпер. Ён спакойна браў новы яблык, узважваў яго ў руцэ, прыцэльваўся, размахваўся і адпускаў. Яблык ляцеў па крутой дузе і трапляў гадзінніку проста ў твар. Цыферблат ужо прыгожа пасміхаўся новенькімі чорнымі зубамі. Дзягцярныя плямы атрымліваліся вялікімі і былі добра бачныя здалёк. Вось і першае вока! Кароль Рызыкі не ўтрымаўся ад смеху. Гадзіннік таксама смяяўся і па-змоўніцку яму падміргваў. Ён быў рады, што цяпер можа бачыць! Апошні яблык у Караля Рызыкі выслізнуў з рукі, і правае вока ледзь не праляцела міма. Але справа была зробленая. Кароль Рызыкі хуценька пазбіраў з зямлі яблыкі і насадзіў іх на вострыя наканечнікі цвінтарнай брамы. Годна справіўшыся з заданнем, ён надзеў піжамную куртку і без трымцення ў руках зашпіліўся на ўсе гузікі. Потым паклаў балею на ровар і паехаў дадому.
Па дарозе ровар проста шалеў ад радасці. Ім было амаль немагчыма кіраваць. Кароль Рызыкі дазволіў яму станавіцца на дыбкі і віхляць паміж узбочынамі як хоча, але сам заставаўся спакойны. Ён пазіраў на сваё адлюстраванне, што праносілася праз цёмныя бліскучыя шыбы дамоў. Кароль Рызыкі ведаў, што зрабіў вялікую справу і ўсё сяло мусіць быць яму ўдзячнае за гэта: ён намаляваў для Госпада смешную мордачку, і анёлам будзе з чаго пацешыцца. Ён хацеў нават спыніцца каля дома гандляра, пагрукацца і расказаць яму пра ўсё, але ў апошні момант перадумаў і проста закінуў балею за паркан. Ён і вокам не міргнуў, калі ўбачыў, што яго заўважыла суседская цётка, якая выпускала на двор свайго ката. Ён даехаў дадому наўпрост і на ўсялякі выпадак патапіў сваю паласатую піжаму ў шаўцовым калодзежы, прыматаўшы яе да каменя. Пасля ціха забраўся ў хату цераз акно і лёг у ложак.

Першае выпрабаванне для Фідэлі

Прачнуўшыся наступным ранкам, Фія адразу ж успомніла пра ўчорашняга хлопчыка. Яна басанож падбегла да крэсла, на якім ляжала яе вопратка, і памацала, ці ёсць у кішэні сукенкі белы каменьчык. Потым плёснула вады ў місу, каб памыць рукі і твар, і на ажурным абрусе заблішчэлі вадзяныя перліны і зіхоткія лужынкі.
— Не стукай так гарлачом, паб’еш місу! І спадарыня Малін можа пачуць, — засцерагла Фію мама.
У доме суддзі заўсёды мусіла быць ціха. Асабліва ў Фіі з мамай. І цішэй за ўсё мусіла быць уранку. Але сёння Фія зусім пра гэта забылася. Яна ўскараскалася на крэсла і паглядзелася ў люстра, што засталося суддзі ад яго цёткі. Усё, што было ў пакоі Фіі і яе мамы, належала суддзі, акрамя крэсла-качалкі і рэчаў на камодзе. Толькі сёння Фія пра гэта не думала. Ёй трэба было праверыць, ці напраўду яна такая страшная, як ёй заўсёды здавалася. А вось, мабыць, усё ж такі і не! Бывае і горш! Яна састроіла сабе грымасу.
— Не рабі так, — прашаптала мама Фіі. — Калі гадзіннік праб’е, вецер пераменіцца, а певень закрычыць, ты назаўсёды застанешся такой пачварнай!
— А калі я зраблю прыгожы твар, і гадзіннік праб’е, вецер пераменіцца, а певень закрычыць… — сказала Фія. — Я тады, напэўна, застануся прыгожай назаўсёды!
— Хто ведае, можа, і так, — не надта радасна прамармытала мама.
Яна, здаецца, ніколі не была надта радаснай.
— Я адчыню акно, а ты трымай пальцы, каб завесы не зарыпелі, — ледзьве чутна вымавіла яна, ускінуўшы на руку гару пасцельнай бялізны.
Акно неахвотна паддалося, шыбы злавесна загрымелі і, канечне, завесы зарыпелі, як і звычайна.
— Што вы там робіце? — пачуўся з-за сценкі сярдзіты голас цёткі Малін.
— Авохці, што гэта такое з гадзіннікам на царкве? — ахнула мама.
Яна сказала гэта амаль што гучна. Фія застыла дзе стаяла. Вельмі павольна азірнулася на акно, што глядзела ў сад, і нясмела зірнула скрозь чупрыну галля ў бок царквы, дзе на званіцы блішчэў гадзіннік. Няўжо на ім і праўда намаляваны твар?
— Падобна, нібыта ў гадзінніка вочы, нос і ўсмешка, — прашаптала мама. — І хто гэта мог зрабіць?
Фія праціснулася да яе і стала побач. Яна ўтаропілася ў белы круглы гадзіннікавы твар: замест носа — павіслая стрэлка, рот з чорных кропак расцягнуты ў шчарбатай усмешцы, адно вока ўзлезла на лоб, а другое ледзь не спаўзае з твару. У яго атрымалася!
— Што толькі не прыдумаюць! Гэта, відаць, нейкі шалапут пазабаўляўся, — сказала мама.
Фія прамаўчала. Ёй было весела. Гэта было самае вясёлае, што з ёй здаралася. Яна ніколі не бачыла такога смешнага гадзінніка! Ён быў амаль прыгожы. Ледзьве паспеўшы ўлезці ў сукенку, яна асцярожна прабралася цераз кухню і кінулася да веснічак. Ёй чамусьці падумалася, што Кароль Рызыкі даўно прыйшоў і цяпер стаіць там з выцягнутай рукой і чакае свой белы каменьчык. Але яго там не аказалася.
Фія стаяла, як і ўчора, пад дрэвам і чакала. Яна паглядзела ў бок шаўцовага дома, але ў двары была толькі нейкая цётка, што паласкала адзенне.
Фія выйшла на дарогу і прыкінулася, што гуляе сама з сабой у класікі. Яна скакала і скакала, пакрысе набліжаючыся да шаўцовага двара. Яна, канечне, не думала, што Кароль Рызыкі жыве там, — ён, безумоўна, жыве недзе ў цырку, у якім-небудзь шатры. Можа, ён спіць у гамаку пад самым купалам. А можа, у сланоўніку на матрацы. Але мабыць, у Караля Рызыкі ёсць нейкія знаёмыя ў гэтым доме, раз учора ён выходзіў адтуль. Яна вырашыла спытаць пра яго. Спыніўшыся ля самага паркана, яна пачала назіраць за паласканнем. Цётка выкручвала над балеяй адзенне. Яна так старалася, што яно аж трашчала ў яе руках.
— Што табе? — спытала яна.
— Вы не бачылі Караля Рызыкі? — спытала Фія.
— Караля Рызыкі? Калі ты пра цыркача, дык, відаць, ён там, у сябе, — сказала цётка, матнуўшы галавой у бок цырка.
Фія вярнулася на двор. Яна зачыніла за сабой веснічкі і схавалася ў бэзавай альтанцы. Адтуль яна магла глядзець на царкоўны гадзіннік, а саму яе ніхто заўважыць не мог.
Раптам нехта рассунуў галіны і ўвайшоў у альтанку, так што лісточкі затрымцелі, быццам спалоханыя верабейкі.
— Ну як, каменьчык мой? — спытаў Кароль Рызыкі.
Фідэлі сунула руку ў кішэню і выцягнула каменьчык. Яна не ведала, што сказаць: яна раней ніколі не сустракала таго, хто ўмее маляваць мордачкі на царкоўных гадзінніках. Таму яна проста працягнула яму каменьчык на далоні. Кароль Рызыкі выцягнуў руку насустрач, і Фідэлі асцярожна выпусціла каменьчык. Ён бліснуў на сонцы і ўпаў у далонь Караля Рызыкі. Той сашчапіў пальцы, не адрываючы позірку ад Фідэлі. Ён збіраўся быў сунуць каменьчык у кішэню, але раптам перадумаў.
— Зрабі так яшчэ раз! — сказаў ён і падаў каменьчык Фідэлі.
— Як? — спытала яна.
— Дай мне яго яшчэ разок!
— Навошта?
— Мне падабаецца, як ты дастаеш руку з кішэні. Давай, схавай яго зноў!
Фідэлі зрабіла ўсё, як ён хацеў. Яна сунула каменьчык у кішэню, дастала яго і выпусціла зноў. Гэтым разам яна падняла руку крыху вышэй, і каменьчык паспеў некалькі разоў перавярнуцца ў паветры, пабліскваючы на сонцы, перш чым упаў на падстаўленую далонь.
— Яшчэ!
Гэтым разам ён не злавіў каменьчык, і яны абодва кінуліся на пясок, каб хутчэй яго знайсці. Яны заўважылі яго разам, але Кароль Рызыкі паспеў першым накрыць каменьчык рукою. Ён падсунуў яго да сябе, быццам Фідэлі хацела адабраць каменьчык.
— Цяпер ён мой, — сказаў ён.
— Канечне, твой! А цяжка было размаляваць гадзіннік?
Кароль Рызыкі пахітаў галавой і паказаў ёй далоні. Яны былі ўсе абадраныя, парэпаныя, а ў зморшчынках застаўся чорны бруд.
— Цяжка было толькі рукі адмываць пасля. Я мыў іх з пяском некалькі гадзінаў! Нікому не кажы, што ведаеш, хто гэта зрабіў!
Фідэлі кіўнула.
— Калі прыйдзеш на могілкі, убачыш на браме дзесяць чорных яблыкаў!
Фідэлі ўздрыгнула. Гэта гучала жудасна. Яна не разумела, прычым тут яблыкі.
Кароль Рызыкі перакочваў каменьчык на далоні і глядзеў, як ён блішчыць. Яму падабалася, які ён гладкі. На ім не было аніводнай цёмнай плямкі.
— Больш ты яго ніколі не ўбачыш, — сказаў ён і падняўся.
Ён зірнуў на Фідэлі, але тая толькі засмяялася.
— Хаця не. Ты атрымаеш яго назад!
Ён крыху падумаў.
— Ты павінная маўчаць увесь дзень, што б табе ні казалі і як бы на цябе ні сварыліся. Зможаш?
— Калі мне пачынаць і калі заканчваць? — спытала Фідэлі.
— Пачнеш цяпер і будзеш маўчаць, пакуль заўтра не прачнешся!
Фідэлі кіўнула.
— Клянешся?
Фідэлі не адказала. Выпрабаванне пачалося.
— Напішы на пяску “Клянуся”, — загадаў Кароль Рызыкі.
Фідэлі адламала галінку бэзу і расчысціла плямку цёмнага пяску.
“Клянуся”, — накрэмзала яна выразнымі літарамі і засыпала надпіс сухім пяском.

Пераклад са шведскай мовы.

Алесь Замкоўскі

Асенні сон

* * *

горад доўга маўчыць, аднак
гэта сумны нядобры знак.
быццам свет адбалеў і знік,
і згарэў палымяны зніч,
быццам недзе згубіўся ключ
ад дзвярэй, што вядуць у ноч,
быццам скончыўся джын і скотч…
толькі ў вецці скуголіць сыч,
паўтарае смяротны кліч.
па лістоце – за крокам крок
цень паўзе ў супрацьлеглы бок.


* * *
Чуеш: вецер дзверы расчыняе…
Узгадай нясмелыя радкі,
дзе нябёсы лісцем пакрываюць
дзве дарогі – дзве твае рукі.

Узгадай самотнага паэта
(ціхі голас), хмары, ліхтары…
Ён казаў, што добрая прыкмета –
гэтай ноччу чуць свае віры,

і прасіў, каб ты зняла пальчаткі
і пярсцёнак з правае рукі.
Чуеш асцярожны шэпт асадкі?..
Мякка вецер лашчыць плынь ракі.


* * *
Вершы –
як кава раніцай,
як цыгарэтны дым…
Сэрца майго ўладальніца
гаючай налье вады.
Глыток за глытком.
Бяссонная
салёная цішыня
накрые бязмежнай кронаю
рыцара і каня.
Кастрычнік.
Дама сардэчная
сябе назаве вясной,
падорыць маленькай вечнасці
букет вершаваных сноў.


Мары зімы

* * *

Мандарынавы Новы год.
Праз калючыя гурбы снегу,
разарваўшы людскі карагод,
расхінуўшы крылы, – да неба.
У глухі мандарынавы сад,
дзе трава супакойвае цела,
дзе пяшчотай агністых прысад
птушка шчасця ў лісці трымцела.
І нікога вакол, пакуль
не захочаш сама, не паклічаш.
Толькі ціхі чмяліны гул
асцярожна вушы казыча…
Невядома – на яве ці ў сне –
адплываеш у тую краіну,
дзе самотныя вусны кране
навагодні смак мандарынаў.


* * *

холад. смак крыві і срэбра.
неспатольнай смагай дня
стогне ноч. між тонкіх рэбраў
плача сэрца -- не суняць...

плачу не пачуе поўня.
і аблокаў сівы дым
беліць цёплыя далоні,
беліць чорныя сляды...


* * *

калі няма куды ісці
калі няма каму спяваць
злы вецер лісцем шамаціць
і сум прыходзіць начаваць

і ода горкаму віну
нібы праклён нібы прысуд
і лёдам сцятую вясну
у белым саване нясуць


* * *

будзе так:
без лішніх прадчуванняў,
без намёкаў і трывожных слоў
новы год прыцягне на спатканне
белае зламанае крыло.

будзе так: ты хутка знойдзеш лекі –
мандарыны, свечкі і глінтвейн, -
схіліш голаў і апусціш вейкі...
пацалуеш... покрыва завей

расхінецца. зорныя мятлушкі
замігцяць, вальсуючы ў такт.
новы год - у каляровых стужках –
паглядзіць табе ў вочы.
будзе так.


Выбрыкі

* * *

у праклятага анёла
зноўку крылы адраслі
коціцца сансары кола
ад нябёсаў да зямлі
Геркулес вялізнай лапай
б’е лядашчага па лбе
а Сінбад на зорнай мапе
шлях шукае да сябе
у пясках пустыні Гобі
Ра і Сэт саджаюць рыс
эльф рэінкарнуе ў зомбі
каб матулі быў сюрпрыз
накарміўшы свет фасоляй
хочаш плач хочаш крычы
мой двайнік вісіць пад столлю
і настойліва маўчыць


* * *

каралевы не будзе ні чорнай ні белай
застаецца гуляцца у крыжыкі-нолікі
асушу паслязаўтра праліў Дарданэлы
пазбаўляючы голае сэрца ад колікаў
для цябе спецыяльна вясновае сочыва
для мяне адмысловы паштэт з тапінамбура
ў аксамітнай гушчэчы балючае воўчае
і пачуцці з дамешкам апошняга тамбура
твая існасць схавалася ў лісці калінавым
беражы свае рукі для цёплага подыху
я не вырасту ў воя сусветнага слыннага
ды ўратую твой цень ад святлейшага ворага


* * *

у падвешаным стане
між не і так
мой любімы ахоўнік
англійскі грак
мой любімы прыхільнік
філосаф-грэк
абавязак двухжыльны крычыць:
come back!

не да сэрца вяртацца
тым больш вяртаць
між наядаў і грацый
так цягне спаць
між матэрый і целаў
так цягне пець
ты спытай: звар’яцелы?
скажу: ледзь-ледзь

дзе над дахамі скача чырвоны шар
дзе вясёлая кляча скубе папар
дзе за бульбу і сала ідзе вайна
mea maxima culpa
мая віна


Голас пачуцця

* * *

падары свае вусны. падары.
аддай свае рукі. аддай.
я адкрыю табе віры.
пакажу табе небакрай.
расхіну палымяны свет.
прачытаю чароўны сон.
зацалую цябе ў святле
белай поўні. да скону дзён.


* * *

…там, дзе ноч сустрэне чорны човен
у цішыні туманных берагоў,
прысніцца зноў,
што лістапад злічоны,
што між аблокаў,
быццам між стагоў,
блукае белая карова поўні
і п’е самоту красавіцкіх дзён,
што вусны цёплыя твае і скроні
цалуе нейкі невядомы ён…


* * *

перачакаць восень,
перацярпець.
скласці ў тоўстую кнігу
лісткі клёна,
апрануць швэдар,
запаліць газоўку,
сагрэць
крыху малака з мёдам
у кубку зялёным.
глядзець,
як гараць вокны,
зоры зіхцяць –
слязінкі Бога,
якія пакрыў іней.
кароткая стрэлка
рухаецца на пяць,
доўгая стрэлка,
лічыць імгненні.
па спіне
бягуць дрыжыкі.
хутка яшчэ дзень
адгукнецца ў небе
жоўтым бясконцым промнем.
халодны вецер –
сведка мінулых падзей –
зіму прынясе
сняжынкай сівой.
на далоні.


* * *

Ганарлівы і спакойны,
знікну ціха ў белы дзень.
Ты з нянавісцю і болем
праклянеш мяне і цень,
што прыйшоў за мною следам
на заснежаны парог,
за якім віном і хлебам
мы вячэралі утрох.
Потым нас ужо чацвёра –
я і ты, цень твой і мой –
ноччу думалі пра мора
і глядзелі, як прыбой
лашчыць стомленыя ногі,
абдымаючы сляды
тых самотных і нямногіх,
што сядзелі ля вады.
А пасля праз шамаценне
коўдры, вуснаў, ліхтароў
я, пачуўшы голас ценю,
знік туды, адкуль пяро
з крылаў нейкай чорнай птушкі
прыляцела ў гэты зман,
што хацеў мяне загушкаць,
што хацеў мяне стрымаць.


* * *

Над горадам – ноч.
Вецер ціха
спявае між зораў.
На вуліцах, плошчах
гараць ліхтары-міражы.
Асенняя вечнасць
салодкім імгненнем
адорыць,
звязаўшы між намі
пяшчотныя стужкі сцяжын.
Адно аднаму аддадзім
трапяткое дыханне,
на вуснах застыне
гаючая прага жыцця.
Абраныя ноччу,
мы йдзём
па дарозе абрання,
і белыя птушкі
за намі
у вырай
ляцяць.


Слова

Слова!
Ці служка я твой,
ці творца?
Ці сведка
твайго нараджэння і ўзняцця?
Ці хворы –
тваёй наталяюся моццу?
Ці вернік,
і Слова – маё распяцце?
Нястомны ваяр,
што цябе бароніць?
Ці, як паляўнічы,
іду на ловы?
Ці старац,
і вечнасць пабеліць скроні?
Ці, можа, я – сказ,
ці гук,
ці паўгука
ад Вечнага Слова,
Адвечнага Слова?


Вера Стромава


Аляксандра Андрэеўна і слепата
Затым Бязногі сеў на Сляпога. Так увайшлі яны ў вінаграднік
і забралі ўвесь скарб свайго Гаспадара.
Кірыла Тураўскі

Вокны ў кабінеце Аляксандры Андрэеўны выходзілі на пляцоўку дзіцячага садка. Часам, адводзячы стомленыя вочы ад манітора, яна глядзела на пясочніцы і маленькія лаўкі пры іх, на арэлі, на металічны паравоз. Вецер, ветлівы дворнік, падмятаў сцежкі перад дзіцячым шпацырам. А некалькі разоў на дзень дзверы садка адчыняліся, і адтуль нястройнымі ланцужкамі вырывалася шумная дзятва.
Гледзячы на дзяцей, Аляксандра Андрэеўна ўспамінала маленства Ганулі. Яе ранішнія капрызы, нежаданне прачынацца, снедаць, ісці ў садок, яе крыкі і слёзы, размазаную кашу і разліты сок.
Аляксандра Андрэеўна заглыблялася і ва ўспаміны пра сваё маленства. Пра тое, як з сяброўкай любілі сядзець на лаўцы перад домам і ў свае пяць-шэсць гадоў планаваць будучае жыццё.
– У мяне будзе тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Іх будуць зваць Сярожа, Коля, Саша (як мяне), Люба і Вера. А майго мужа будуць зваць Андрэй, – прыкладна так выглядала карціна светлай будучыні ва ўяўленні пяцігадовай Аляксандры Андрэеўны.
Але паступова сталеючы, Аляксандра Андрэеўна змяняла ідэальную карціну свайго жыцця, дадаючы да яе ўсё больш дэталяў.

Кім быць:

Я вырасту і стану прынцэсай, мамай, балерынай, скрыпачкай, настаўніцай малявання, спявачкай, актрысай, прадаўшчыцай у ювелірнай краме, вандроўнікам на Паўночны полюс, зноў настаўніцай, цяпер матэматыкі, педыятрам, складальнікам падручнікаў па беларускай мове, псіхолагам, касманаўтам (дзяўчынак ужо туды пускаюць), міліцыянтам. Бухгалтарам Аляксандра Андрэеўна да восьмага класа і не думала рабіцца. Але мама параіла, бабуля падтрымала, тата змоўчаў.

З кім быць:

Я вырасту і пазнаёмлюся з ім у Батанічным садзе. Мы будзем хадзіць у кіно, у парк, у тэатр, на танцпляцоўку, у рэстаран, будзем карміць галубоў і качак. Ён будзе дарыць мне цукеркі і кветкі, пісаць прыгожыя вершы, пець песні, насіць на руках. У дзень вяселля на мне будзе доўгая белая сукенка, празрысты вэлюм і шчаслівая ўсмешка. Ён будзе трымаць мяне за руку і цалаваць у вусны.
Гэтая частка фактычна спраўдзілася. За выняткам Батанічнага саду (яго замяніла гулянка ў сяброў) і вершаў з песнямі (у Максіма не было ні фантазіі, ні слыху).

Як быць:

У нас будзе трохпакаёвая кватэра на трэцім паверсе, лядоўня, тэлевізар. У самых смелых сваіх ужо юнацкіх памкненнях Аляксандра Андрэеўна дапускала, што ў іх будзе свой “Жыгуль”.
Па-праўдзе, Аляксандра Андрэеўна вяртацца думкамі ў сваё дзяцінства пачала не так даўно, ну гады з два-тры таму, калі ўсё больш настойліва стала прыву­чаць сябе да думак пра пенсію. Пяцьдзесят чатыры ёй споўнілася ў красавіку, на календары, падораным кліентам-банкірам, – прыгожае фота залаціста-чырвонага парку і подпіс “Сентябрь”. Ужо хутка: перацягнуцца праз восень, сціснуць зубы і перапаўзці зіму, а там – нават снег яшчэ не сыдзе – і яе красавік.
Пенсіі Аляксандра Андрэеўна баялася – чаго тут хаваць? А яна хавала. Не ад сябе, канечне, ад іншых – калегаў, знаёмых… Бывала, прачынаючыся сярод ночы, яна лавіла сябе на думцы, што пужае яе не старасць, якая, падавалася, грымне адразу з уручэннем пенсійнага пасведчання, а невядомасць. “Я рушу за край, а там не будзе нічога”, – думала яна.
Неяк спрабавала гэты свой страх адкрыць Максіму, але ў яго ўвесь час нейкія праблемы то на працы, то пасля працы. Ды і што яму да думак пра пенсію – яму яшчэ далёка, бо мала таго, што ён мужчына, дык яшчэ і маладзейшы за яе на пяць гадоў…
Дачка Гануля жыла ў сталіцы, наязджала ў іх маленькі горад Б. цяпер рэдка. Такі ў яе час – парадкаваць сваё жыццё, не да матчыных прымхаў. Аляксандра Андрэеўна ўсё разумела, але прагнаць страх гэта не дапамагала.
Натуральна, на пенсію ніхто яе сілком не гнаў. На сваім прадпрыемстве Аляксандра Андрэеўна адпрацавала пятнаццаць гадоў, мела добрую рэпутацыю і павагу калектыва. Асабліва з яго не выбівалася, нікому дарогу не пераходзіла, проста рабіла сваю справу як след, а таму была на добрым рахунку ў начальства.
Але моцнага жадання працягваць працаваць яна таксама ў сабе не адчувала. Аляксандра Андрэеўна стамілася, усім сваім нутром. Стамілася хадзіць адной і той жа сцежкай між пяціпавярховак да прыпынку “7”-кі, выходзіць на “Камбінаце”, стаяць на светлафоры, чакаючы зялёны, пераходзіць вуліцу, збочваць направа, і праз тры крокі – шэры цагляны будынак, дзе яна ўжо пятнаццаць гадоў сядзіць за сталом і глядзіць праз вакно на пляцоўку дзіцячага садка. Ну і, вядома, працуе з такім жа імпэтам, як амаль усе жанчыны яе ўзросту, то бок па інэрцыі.
Сябровак сярод супрацоўніц у Аляксандры Андрэеўны таксама не было, хоць добрыя стасункі яна падтрымлівала практычна з усімі. Яна і слова магла ў крыжаванцы падказаць, праз тое лічылася жанчынай начытанай, і параду спраўную даць, калі ў яе пыталіся, за што мела рэпутацыю жанчыны разумнай. Але вось душэўнасці, па меркаванні каляжанак, Аляксандры Андрэеўне не хапала. Неяк ні мужа абмеркаваць, ні на свякруху паскардзіцца Аляксандра Андрэеўна не ўмела і не любіла. Ды і наогул з размовамі ні да кога не лезла, праблемы свае не скідвала. Мабыць, таму шкадаваць ні пра кога пасля сыходу не стала б.

***
Калі на сцяжынкі ўнізе выпаў першы снег, і з дзвярэй дзіцячага садка выкаціліся апранутыя па-зімоваму яркія калабкі, Аляксандра Андрэеўна злавіла сябе на думцы, што страх стаў крыху прападаць, а на змену яму прыходзіў зусім іншы стан.
Ёй пачала завалодваць цікаўнасць. Хоць цікаўнасць – занадта моцнае слова для таго пачуцця, якое пасялілася ў аднапакаёўцы яе душы побач са страхам.
Аляксандра Андрэеўна асцярожна прымервалася да ролі пенсіянеркі.

Што рабіць дома?

Прачнуцца, умыцца, прыгатаваць сняданак Максіму, выправіць яго на працу. З гэтымі пунктамі ўсё ясна. Нічога новага, цягам дваццаці гадоў яна бліскуча адпрацавала сцэнар сваіх будняў. Далей? Памыць посуд, папраць бялізну, прыбраць у хаце – у справу пайшоў сцэнар дзён выходных. Далей? Кожны дзень праць і прыбіраць не будзеш. Яе Максім – ахайны мужчына, не тое, што ў некаторых…
Тут Аляксандры Андрэеўне прыйшло ў галаву, што можна скарыстацца досведам іншых знаёмых ёй пенсіянерак. Суседка Тонька ўжо на пенсіі пяць гадоў і амаль невылазна сядзіць на лецішчы. А як зойдзе ў госці, дык толькі і размоваў, што пра чарвівую бульбу, счарнелыя памідоры, неўраджай сліваў. Але Тоньчын прыклад не для Аляксандры Андрэеўны, да зямлі яе пакуль не цягнула…
Былая калега Святлана Іванаўна хваліцца, як добра няньчыць унукаў. Іх у яе ўжо трое, ад двух сыноў. У тым, што занятак гэта прыемны Аляксандра Андрэеўна не сумнявалася, але ж дзе тых унукаў возьмеш да красавіка?.. Гануля пакуль замуж, здаецца, не збіралася… І дзякуй Богу, думала сабе Аляксандра Андрэеўна. Хаця хто гэтую Ганулю ведае: маці адно кажа, а што яна там робіць і чым напраўду жыве, хіба ж ты яе ўпільнуеш?..
Яшчэ колькі яе пенсійных знаёмых не займаліся нічым асаблівым. Пачалі больш і лепш гатаваць, кормячы сыноў, нявестак і мужоў, нехта папросту праседжваў дома, занурыўшыся ў тэлевізар, а нехта пакрыху выходзіў на штурм раённых паліклінік у барацьбе за сваё і без таго не моцнае, аднак яшчэ больш падарванае пенсійнай бяздзейнасцю, здароўе. Ды толькі гэта былі ўжо ветэраны пенсіі са стажам. Аляксандра Андрэеўна рыхтавалася стаць усяго толькі “першакласніцай”.

***
Праводзячы дні ў развагах, Аляксандра Андрэеўна і не заўважыла, як прыйшла апошняя зімовая справаздача. У хуткім часе за справаздачай мусіла скончыцца і зіма. Ды толькі чым займацца на пенсіі, яна ніяк не магла прыдумаць.
Сакавік выдаўся цёплым. Марозу амаль не было, снег раставаў даволі хутка, і насычаная вадою зямля ўжо сніла, калі можна будзе выбухнуць зелянінай. Праўда, вецер, што выганяў яшчэ зімовыя аблокі куды падалей, таксама шчыраваў ва ўсю.
Па дарозе з працы Аляксандра Андрэеўна шчыльней захуталася ў шалік і асцярожна ступала па засланай мокрым лёдам сцежцы, гледзячы збольшага адно сабе пад ногі, зноў занурыўшыся ў думкі пра пенсію.
Раптам перад сабой практычна на праезнай частцы яна заўважыла інвалідны вазок, а ў ім маладую дзяўчыну, што спрабавала заехаць на бардзюр. Аляксандра Андрэеўна кінулася ёй дапамагчы, бо, хоць транспарту тут заўжды было не шмат, заставацца на праезнай частцы было небяспечна.
– Дазволь мне, – сказала яна, ужо трымаючыся за ручкі вазка, і хуценька ўзняла яго на тратуар.
– Дзякуй, – усміхнулася дзяўчынка, але ў яе паглядзе чыталася не ўдзячнасць, а хутчэй здзіўленне і зацікаўленасць. – Вы мне вельмі дапамаглі.
– Ды няма за што.
– Рабіць дабро ўмее і хоча рабіць не кожны. Да таго ж, некаторым гэта можа быць шкодна, – дзяўчынка паглядзела Аляксандры Андрэеўне проста ў вочы і ўсміхнулася. Нейкі дзіўны агонь заіскрыўся ў яе паглядзе.
– Шкодна? Ты праўда так думаеш?
– Праўда. Да пабачэння, – дзяўчынка зноў усміхнулася і, развярнуўшы свой вазок, паехала ўздоўж тратуара.
– Да пабачэння, – здзіўленая гутаркай, Аляксандра Андрэеўна накіравалася да прыпынку.
Наступнага дня, вяртаючыся з працы, Аляксандра Андрэеўна зноў заўважыла дзяўчынку на тым жа месцы, дзе і ўчора. Але ўжо на тратуары.
– Добры дзень, – хітравата ўсміхнулася ёй дзяўчынка.
– Добры. Ужо сама заехала? – запыталася Аляксандра Андрэеўна.
– Сама, як выявілася, гэта не так і складана. Я лічу, варта вучыцца пераадольваць цяжкасці. А вы?
– Не магу не пагадзіцца. Але ўсё ж люблю іх сабе не ствараць, – усміхнулася жанчына.
– А можа, менавіта пераадольванне цяжкасцяў нас робіць у большай ступені людзьмі? Вы ж, мабыць, таксама не любіце сапсаваных ды выпеставаных дзяцей? З іх і вырастаюць слабыя і бязвольныя дарослыя.
– Ну, дзеці гэта ж зусім іншае. Ты ж і сама яшчэ дзіця.
– Разумнае дзіця заўжды разумнейшае за дурнога дарослага.
– Як цябе завуць? – запыталася Аляксандра Андрэеўна.
– Давай ты спачатку скажаш, як завуць цябе. Я не хачу паўтарыцца.
– Аляксандра Андрэеўна. А што гэта зменіць у тваім імені?
– Гэта нічога не зменіць у маім імені. Але можа паўплываць на імя, якое я табе назаву. Значыць, Саша? Ты не супраць, калі я буду цябе так называць і казаць табе “ты”? Я проста не веру ва ўзроставую іерархію. Заві мяне… Зоя.
– Во як, Зоя. А ўва што ты яшчэ не верыш?
– О, шмат у што. Па-мойму, у гэтым свеце нашмат больш рэчаў, у якія варта не верыць, чым варта верыць. Ты калі-небудзь задумвалася, што ў школе нам даюць не веды, як такія, а адно ўсяляюць веру? Веру ў тое, што існуе фотасінтэз, што зямля круціцца, што формула вады – H2O…
– Неяк не задумвалася.
– А што я табе казала пра разумных дзяцей?
Аляксандра Андрэеўна хацела пакрыўдзіцца на такія словы, але гутарка падалася ёй цікавай, таму выгляду яна не падала і вырашыла працягнуць.
– А ў які клас ты ходзіш?
– Цяпер я не хаджу. Бачыш, езджу ў вазку. Год таму мяне збіў аўтамабіль. Але мушу быць у апошнім класе. Праўда, бацькі пераканалі школьнае кіраўніцтва, што я ў стане здаць экзамены экстэрнам.
– Я думаю, у цябе гэта атрымаецца.
– Нават не сумняюся. Хаця, мабыць, мусіла б. Хіба можа па-сапраўднаму мудры чалавек не мець сумневаў? Але мне відавочная ўся бязглуздзіца гэтых экзаменаў. Што яны мне могуць даць? Я лепей у нечым больш важным пачну сумнявацца.
– Ну, прынамсі, дадуць магчымасць паступіць у нейкую ВНУ. Вывучыцца…
– Каб вывучыць тое, чаго я хачу, ВНУ мне не патрэбная. Ты не спяшаешся? Мы можам крыху прайсціся? Ну, пройдзешся ты, а я пракачуся, – засмяялася Зоя. – Я жыву побач. А табе ў які бок?
Яны прайшлі яшчэ два прыпынкі. У кожным сцвярджэнні Зоі, практычна заўжды катэгарычным, гучаў выклік і пратэст усім і ўсяму. Аляксандра Андрэеўна спачатку спрабавала Зою ўлагодзіць, пасля парывалася пярэчыць, але ўсе яе аргументы разбіваліся аб сцяну падлеткавай самаўпэўненасці. Ды толькі Аляксандры Андрэеўне, яна сама не магла патлумачыць чаму, такая напорыстасць падабалася. Яе прыцягвала гэтая нястрымная энергія, што біла з дзяўчынкі ключом.
На развітанне Зоя прапанавала Аляксандры Андрэеўне сустрэцца на тым жа месцы ў той жа час на наступны дзень:
– Ведаеш, мне так цяжка знайсці суразмоўцу. А ты мне падабаешся. Заўтра я буду чакаць цябе.
Гатуючы вячэру, Аляксандра Андрэеўна ўсё думала пра Зою. Нахабная і саркастычная, гэтая дзяўчынка-падлетак у інвалідным вазку яе ўсхвалявала. Ніколі раней Аляксандры Андрэеўне не даводзілася весці такіх размоваў, нават са сваімі аднагодкамі, а тут дзяўчо, малодшае за яе дачку.
Седзячы перад тэлевізарам, Аляксандра Андрэеўна пачала была дзяліцца з Максімам сваімі думкамі пра незвычайнае знаёмства. Аднак мужа пачатак гісторыі не надта ўразіў, да таго ж яна абрала не самы лепшы момант для сямейных гутарак – адзін з супергерояў іх любімага серыяла Стыў Бёрдз спрабаваў вызваліць з палону тэрарыстаў сваю малодшую дачку Карэн, жыццё абодвух якраз павісла на валаску, таму жанчына вырашыла пакінуць гісторыю з Зояй пакуль для сябе. Такі сабе маленькі казус.
Сустрэчы жанчыны і дзяўчынкі зрабіліся рэгулярнымі. Іх часта можна было пабачыць разам – немаладую, амаль пенсіянерку ў карычневым паліто і кароткастрыжанае дзяўчо ў вазку. Павольна шпацыруючы па адкрытых вясне вуліцах ці седзячы на высахлых пасля зімы лаўках, яны ўвесь час размаўлялі. Часцей гаварыла дзяўчынка-падлетак, а слухала і часам пярэчыла жанчына.

Што яна чула:

Я шукаю, што ёсць за гэтай абалонкай узросту, полу, адукацыі, спрабую скінуць скуру з сябе і з цябе і знайсці, што схавана пад ёю. Ты хочаш лічыць сябе старою, слабою й дурною – тваё права. Але ўзрост, як і ўсё іншае, не мае значэння. Недзе ўнутры нас ёсць сутнасць, якая, як сэрца ў целе, б’ецца, гоніць думкі і прымушае жыць нашую бесцялеснасць – дух, душу, што заўгодна. Шукай жа і слухайся яе.
Ты ўжо адыграла дастаткова роляў: бухгалтаркі, калегі, жонкі, маці, прыяцелькі, каго там яшчэ. Час спыніцца. Сыдзі са сцэны і зрабіся нарэшце сабою.
Я ніколі ні пра што не шкадую – з усяго трэба браць для сябе ўрок і вучыцца, ды ісці далей. І не веру ў памылку. Бо з часам памылкі робяцца нормай, а слушнае цяпер ператвараецца ў памылку пасля. А таму ў гэтым свеце толькі і застаецца, што пераварочваць усё з ног на галаву і назад. Іначай можна канчаткова засумаваць.
Часам такі ментарскі тон Аляксандру Андрэеўну стамляў, часам падаваўся ёй недарэчным, а часам прымушаў рэзка пярэчыць. Яна ж і сама пражыла жыццё! Але збольшага Аляксандры Андрэеўне было цікава, і яна папросту слухала.
Не тое, каб Аляксандра Андрэеўна сама ніколі пра такія рэчы не думала. Але было тое, збольшага, у маладзейшым узросце. Гаварыць жа на такія тэмы з суседкамі ці супрацоўніцамі ёй падавалася неяк недарэчы. Заўжды знаходзілася нешта прасцейшае, важнейшае, ну, ці, прынамсі, больш надзённае, што патрабавала хуткага вырашэння і ўмяшальніцтва. Было так зручна і так прыемна раз і назаўсёды ўцягнуцца ў руціну гэтых штодзённых абавязкаў, аддацца ім, уціснуцца ў схему і не ствараць нікому цяжкасцяў. Бо супраціў непісаным, але ўсім добра вядомым законам мог каштаваць занадта дорага: і ёй, і яе сям’і. Ці варта сумнявацца ў іх правільнасці? Сумнеў заўжды ўносіць сумятню. Запавольвае рух, і ты, нібыта ў сне, грузнеш у глебе, замест таго, каб цвёрда рухацца і дзейнічаць. І нават калі не грузнеш, то толькі й раздумваеш, куды паставіць паднятую нагу.
І вось калі спяшацца ўжо, падаецца, няма куды, Аляксандра Андрэеўна вырашыла: чаму б і не падумаць, куды паставіць нагу, якая яшчэ, як выявілася, хоча зрабіць новы крок. Ці нават так: за тым краем пенсійнага ўзросту, якога Аляксандра Андрэеўна ўсё баялася, апынулася поле, пра якое яна раней не здагадвалася, а па ім можна было бегчы і бегчы, наколькі хапала яе няхай ужо і амаль старэчага запалу.
На пенсію Аляксандру Андрэеўну правялі прыстойна, не горш за іншых – бутэрброды, грузінскае віно, пышныя словы ўдзячнасці ад кіраўніцтва і сока­выціскалка ў падарунак ад супрацоўнікаў. Былыя калегі ўзялі з Аляксандры Андрэеўны абяцанне, што яна ніколі іх не забудзе, і на гэтым яе кар’ера бухгалтаркі і любыя стасункі з калектывам скончыліся.
Адсвяткавалі дзень нараджэння і яе цяперашнюю вольніцу і за сямейным сталом. Гануля прыехала на выходныя, а Максім згатаваў святочную вячэру – і хто толькі навучыў?
У канцы красавіка ў пенсіянеркі-першакласніцы пачаліся вольныя ад працоўных турботаў дзянькі.
І вось, калі ўся прырода, нібы пасля хваробы, збіралася накінуць на свае худыя і бледныя плечы бліскучыя ўборы травы ды лістоты, якімі давай замілоўвайся ў смак, Зоя прапанавала Аляксандры Андрэеўне зрабіцца сляпой.
Тую гутарку Аляксандра Андрэеўна пачала сама. Яна расказвала дзяўчынцы, што назірала з вакна працоўнага кабінета за дзецьмі: як яны выходзілі на прагулку, рассыпаліся па двары, і як праз некаторы час збіраліся зноў і знікалі за карычневымі дзвярыма садка. Некаторых малых Аляксандра Андрэеўна вылучала з натоўпу. Асабліва любіла назіраць за тымі, што ўнікалі калектыўных гульняў, шукалі ціхі куток, як некалі яна сама. Такім малечам Аляксандра Андрэеўна любіла прыдумляць гісторыі, нібыта “пісаць” іх будучае жыццё.
– А ты не спрабавала прыдумаць гісторыю сабе? – запыталася Зоя, разглядаючы леташнія і пазалеташнія надпісы на яшчэ нефарбаванай па-новаму лаўцы. – Я, напрыклад, ствараю сваю.
– Але гэта падман. Дзеці насамрэч пражывуць зусім іншае жыццё.
– Слухай, а якая розніца? Ты прыдумляеш ім жыццё. І гэтае, прыдуманае табой, застаецца тваім. І нічога не перашкаджае табе прыдумляць жыццё для сябе. Мая настаўніца па літаратуры ў пятым класе (мабыць, адзіная нечага вартая настаўніца за ўсе гады вучобы ў школе) казала нам, што, менавіта дзякуючы кнігам, мы можам пражыць нашмат больш жыццяў, чым гэтае адзінае, часам усяго толькі вартае жалю, жыццё. А тваё прыдумлянне гісторый ці не ёсць пэўным чынам літаратурай унутранага ўжытку? Ну, толькі незапісанай.
– Дзе я, а дзе пісьменнік. Не смяшы.
– Дапусцім. А я ж і кажу пра ўнутраны ўжытак. І калі я казала табе – зрабіся сабой, то мела на ўвазе – вырачыся навязаных табе межаў і ўсталюй свае. Чалавек не можа жыць без межаў. Ён сам па сабе адно вялікае, ці маленькае, гледзячы з чым параўноўваць, абмежаванне.
Толькі не трэба мне плесці пра ўзрост і г.д. Гэта самападман, убіты ў цябе грамадствам. Разумееш? І ці не ёсць самападманам усе, практычна ўсе нашыя прапісаныя і непрапісаныя абавязкі перад краінай, перад сям’ёй? Ты не думала, што гэта папросту патрабаванні арганізма, каб усе яго органы працавалі стройна і зладжана. Жых-жых, жых-жых. Шыхтуйся, увага, плі! Шыхтуйся, увага, плі! А калі я не бачу сэнсу ў гэтым – “плі!”? А хачу “тлі” ці “лі!” ці “канаплі”?.. Мне тут жа скажуць: “Нельга”. І адказ на пытанне “чаму” адзін – сістэма разбурыцца. Згодная? Але такая хітрая штука – разбураючы адну сістэму, ты міжвольна ствараеш ці робішся часткай іншай (ну, канечне, калі дастаткова моцная, каб папярэдняя сістэма цябе не выразала, як ракавую пухліну). Ну не пазбегнуць гэтага. Сэ ля ві.
А таму чаму б табе не забіць на ўсё і не жыць па сваіх правілах? Прынамсі, так будзе больш сумленна. Заадно праверыш, чаго ты вартая.
– Мяшаеш ты ўсё да кучы. Я не магу ўсё разбурыць на старасці гадоў. Не так гэта лёгка і проста, як ты сабе думаеш.
– Можаш. А калі не хочаш, дык стварай новы свет, уяўляючы, малюючы яго. Стань мастаком і гаспадаром свайго жыцця, нават калі для гэтага давядзецца аслепнуць.
– Зоя, што ты прыдумляеш! І тваім выдумкам ёсць межы.
– О, Саша, ты хочаш усталяваць мне межы? Дык толькі знаходзячы іх, чалавек і спазнае сам сябе. А пасля набіраецца смеласці, іх перакрочвае і зноў спазнае. Хвіліну таму я пра гэта казала. Але, па-першае, не варта кідацца і выколваць сабе вочы. Я кажу фігуральна. Хаця… Жартую. Па-другое, навошта бачыць лішняе? Заплюшчы вочы і паглядзі ўнутр сябе. Калі ты пабачыш сябе знутры, хоць крышку спазнаеш, знешні свет для цябе таксама зменіцца. Давай, заплюшчы вочы і пайшлі. Ты будзеш маімі нагамі, а я тваімі вачыма. Паспрабуй. І твае цёмныя акуляры вельмі дарэчы.
Яшчэ крыху паспрачаўшыся і павагаўшыся, Аляксандра Андрэеўна ўсё ж узялася за ручкі інваліднага вазка і заплюшчыла вочы.
Яна і сама здзіўлялася, чаму часам так лёгка верыць і падпарадкоўваецца гэтаму дзяўчу, чаму слухае і слухаецца яе. Але, па-праўдзе кажучы, за апошнія дзесяць гадоў нічога больш цікавага і захапляльнага, чым гэтыя дзіўныя гутаркі на вясновых вуліцах, з ёй не здаралася. Канечне, калі не лічыць кароткага рамана з начальнікам аддзела Аляксеем Іванавічам. Але раман быў настолькі кароткі (а самыя яркія ўражанні ад яго – адно прывялыя згрызоты сумлення), што той раман насамрэч можна не лічыць.
Усё выглядала так, нібыта гульня ідзе па Зоіных правілах і на яе полі, але Аляксандра Андрэеўна ахвотна брала ў ёй удзел, запэўніваючы сябе, што, калі напраўду трэба будзе спыніцца, яна зможа.
І вось цяпер з заплюшчанымі вачыма, учапіўшыся за вазок, Аляксандра Андрэеўна, хоць і баялася аступіцца, але рабіла першыя крокі. Адчуванне было даволі незвычайным. Мы заплюшчваем вочы, імкнучыся заснуць, адганяючы, па магчымасці, усе думкі, засяроджваемся на спакоі цела, бо менавіта спакой дасць нам сон. Але ні сну і ні спакою шукала Аляксандра Андрэеўна, а разам з дзяўчынкай, якая сядзела перад ёй у інвалідным вазку, яна спрабавала абудзіцца.
Гэта прыдумка Аляксандры Андрэеўне спадабалася. Гульня вучыла давяраць літаральна без аглядкі , бо толькі Зоя магла расказаць пра тое, што за дарога наперадзе, але і дзяўчынцы прыходзілася аддацца на волю спачатку няроўнай, але з кожным днём больш упэўненай хады Аляксандры Андрэеўнены.
Дні няспынна цяплелі. Паветра напаўнялася яркімі пахамі і гукамі, вецер мякка казытаў рукі, твар. Змянялася і “гульня ўсляпую”. Цяпер дзяўчынка расказвала Аляксандры Андрэеўне сваё “бачанне” свету.
Замест шэрых будынін спальнага раёна наўкола паўставалі дзіўныя карціны гарадоў, дзе Зоя ніколі не была, але пра якія магла доўга і падрабязна распавядаць, начытаўшыся кніжак і дадаючы сваёй багатай фантазіі.
Яна па-майстэрску апісвала брукаванкі старых вулак, дагледжаныя паркі, шматлікія каналы і масткі, прахожых, поўных інтэлігентнай стрыманасці і грацыі, толькі светлафоры ва ўсіх прыдуманых гарадах заставаліся на тых жа месцах, што ў горадзе Б.

***
Сям’я для Аляксандры Андрэеўны адышла на другі план, як і ўсё астатняе, як бы сумна і пагрозліва гэта ні гучала. І справа не ў тым, што жанчына пачала надаваць ім менш увагі. Не, клапацілася ўсё гэтак жа – гатавала ежу, прала бялізну, прыбірала ў хаце, нават па вечарах распытвала, як справы на працы, і разам з мужам сядзела на канапе і глядзела серыял пра Стыва Бёрдса, праўда, асабліва не паглыбляючыся ў сюжэт. Але праблемы Максіма практычна перасталі яе кранаць, яна нібыта пераехала ў сваю ўнутраную кватэру і толькі часам прыходзіла да мужа ў госці.
А яшчэ Аляксандра Андрэеўна зноў пачала весці дзённік, як у студэнцкія гады. Шторазу вяртаючыся са шпацыраў з Зояй, перад прыходам Максіма, які дарэчы, пачаў часцяком недзе затрымлівацца, яна занатоўвала свае новыя думкі.

Што яна пісала:

Ніколі б не падумала, што са мной можа такое надарыцца. Я магла б сысці ад Максіма да Лёшы (насамрэч не магла б – не мой тып да таго ж таксама жанаты), магла б змяніць працу (таксама не магла б – пенсія была ўжо зусім блізка), я магла б зрабіць яшчэ процьму рэчаў (не магла б – ты б спужалася). Але цяпер я не проста магла б, я магу. Адчуваю ў сабе гэтую сілу. І нават сонца свеціць не так, як звычайна, асабліва, калі гляджу на яго, расплюшчыўшы вочы пасля доўгага шпацыра ўсляпую. Цяпер я бачу шмат. Нехта ссунуў накрыўку з прывычнага для мяне свету, кожны з чатырох куткоў якой за ўсе гады свайго жыцця я вывучыла як найлепш, і праз шчыліну ў небе, я пабачыла, што там ёсць яшчэ нешта. А калі я пашукаю вялікую драбіну і, прынамсі, на некалькі крокаў стану бліжэй да той шчыліны? Хто мяне спыніць? Хто мяне сцягне ўніз? Я старая, але ногі яшчэ носяць і ў руках засталося крыху сілы. Справа за малым – знайсці драбіну. Але ж ці гэтая маленькая Зоя для мяне не лесвіца? І ці разумее дзяўчо, як змяняе нешта ўва мне?
Ленавата цягнулася лета. У парку даўно адцвіў бэз і ўжо, сабраўшыся з сіламі, запаланіў сваім водарам усё наваколле ліпавы цвет.
Аляксандра Андрэеўна забылася, быццам на цяжкія роды, на тое, як яшчэ некалькі месяцаў таму баялася пенсіі. Цяпер ёй падавалася такім натуральным гуляць усляпую па паркавых сцежках, гаварыць з Зояй пра ўсё на свеце, корпацца ў сабе і ў іншых і абмяркоўваць творчыя планы – Аляксандра Андрэеўна задумала напісаць пра сябе і крышку пра Зою. Не тое, каб у яе з’явіліся нейкія пісьменніцкія амбіцыі. Проста хацелася разабрацца, хто яна, чаго хоча і для чаго былі ўсе тыя папярэднія гады яе жыцця.
Аднак калі Аляксандра Андрэеўна ўжо збіралася паказаць дзяўчынцы першую выпакутаваную старонку свайго апавядання, Зоя раптам не прыйшла. Ля ўваходу ў гарадскі парк, дзе яны звычайна сустракаліся па серадах, Аляксандра Андрэеўна прачакала дзяўчынку з гадзіны паўтары, але інвалідны вазок Зоі так і не з’явіўся. Не было яе ні ў пятніцу, ні ў панядзелак. Па выходных, каб асабліва не прыцягваць увагу родных, Аляксандра Андрэеўна з Зояй не сустракаліся.
Аляксандра Андрэеўна не ведала ні адраса, ні тэлефона дзяўчынкі, бо звязвалі іх адно гэтыя шпацыры па парку ды вуліцах, размовы і спрэчкі. Раз ці два Зоя згадвала, што жыве непадалёк, толькі дзе менавіта? Але як яна прыйдзе да яе дадому і ці варта Аляксандры Андрэеўне, жанчыне пенсійнага ўзросту, умешвацца ў жыццё сям’і шаснаццацігадовага падлетка?.. Што сказала б яна Зоіным бацькам: “Добры дзень, я сяброўка вашай дачкі” ці “Я яе былая настаўніца з пачатаковай школы”? Гучала б або няёмка, або хлусліва. Ні першага, ні другога эфекту Аляксандра Андрэеўна не хацела. І да таго ж, думала яна, Зоя – разумная і самастойная дзяўчынка. І калі знікла з яе жыцця гэтаксама нечакана, як і з’явілася, значыць, так трэба.
Аляксандра Андрэеўна сама сябе ўгаворвала і не магла да канца прымірыцца са стратаю сябра. Мабыць, самага шчырага, што хоць некалі быў у яе доўгім жыцці. І, як выявілася, узрост насамрэч не меў значэння.
Але ўжо звычайныя шпацыры Аляксандра Андрэеўна не кінула. У той жа прызначаны раней час прыходзіла на прызначанае раней месца і чакала хвілінаў пяць, а раптам выедзе з-за павароту дзяўчынка на інвалідным вазку. Ды толькі нікога не было. І жанчына ішла гуляць сама па дарожках парку, ведучы няспынныя маўклівыя дыялогі з нябачнай сваёй суразмоўцай. А часам яна надзявала цёмныя акуляры, заплюшчвала вочы і павольна ішла па паркавых сцежках, якія яе ногі ўжо амаль вывучылі.
Былі моманты, калі Аляксандры Андрэеўне нават падавалася, што дзяўчынкі па імені Зоя і яе інваліднага вазка наогул не існавала, што гэта ўнутры яе нарадзіўся дзіўны вобраз, каб апраўдаць і вынесці вонкі тое, што ўжо даўно саспела, што прагла выйсця, – новую свабодную Аляксандру Андрэеўну.
Аднак яна гнала такія думкі падалей. Бо яшчэ занадта добра памятала найменшыя дэталі Зоінага твару, яе кароткія светлыя валасы, адценні яе голасу, яе часам прыязную, а часам саркастычную ўсмешку. Нават тую паставу, у якой дзяўчынка звычайна сядзела ў вазку, і тое, як стаялі на падстаўцы яе нямоглыя ногі.

Але, хоць Зоя знікла з яе жыцця, Аляксандра Андрэеўна не магла сабе дазволіць вярнуцца назад. Яна стала нейкая ці то занадта грувасткая, ці то занадта складаная, каб уціснуцца ў ранейшыя схемы свайго жыцця. Не змяшчалася туды і больш не адчувала камфорту. Слепата, і як яе вынік азарэнне, змянілі жанчыну. Аляксандра Андрэеўна пазбягала гутарак з былымі калегамі, унікала суседак, і Максім, бачачы яе халоднасць да сябе, таксама аддаліўся.

***
Да цемнаты Аляксандра Андрэеўна хадзіла і думала. Пасля спахапілася, што Максім, мабыць, ужо дома пасля працы. А яна як ніяк на пенсіі, лічы, у адпачынку на ўсё жыццё – трэба вячэру гатаваць.
Адразу з парога ў вочы Аляксандры Андрэеўне кінуліся расхінутыя дзверкі шафы, нейкія скрынкі. Гук рэзкіх і рашучых крокаў у пакоі. Яна была перапужалася, што гэта ўварваліся злодзеі. Але раптам у дзвярным праёме мільганула Максімава спіна. Пачуўшы гук замка, ён павярнуўся. У адной руцэ – пара карычневых шкарпэтак, у другой – пачак дакументаў у поліэтэленавым пакеце.
– Што здарылася, Максім?
– Што здарылася?.. Ды ведаеш, нічога асаблівага. Проста я ад цябе сыходжу, – крывая гаркавая ўсмешка абвінаваўцы сказіла яго вусны.
Яшчэ паўгады таму гэтая навіна папросту зваліла б яе з ног: чаму, што рабіць, як жыць адной, так нельга, дваццаць пяць гадоў разам, не магу паверыць, не адпушчу, не здамся… Але сёння Аляксандра Андрэеўна ўпэўнена стаяла ў праёме дзвярэй і, толькі крыху здзіўлена павёўшы брывом, працягвала глядзець на мужа. Новае жыццё малявалася само сабой.
– Куды сыходзіш, калі не сакрэт?
– Не важна, – расчараваны рэакцыяй жонкі на ашаламляльную навіну, буркнуў ён, і адвярнуўшыся, зноў працягнуў свае зборы. – Дзе мая блакітная сарочка ў палоску?
Аляксандра Андрэеўна не адказала, вярнулася ў вітальню, зняла туфлі і плашч, паставіла грэцца чайнік. Значыць, вячэру можна не гатаваць.
У вітальні зазваніў тэлефон.
– Сказаў Ганулі, што мы разыходзімся. Ужо два разы званіла. Здымі, мабыць, зноў яна, – пракрычаў са спальні Максім.
Аляксандра Андрэеўна павольна ўзнялася і рушыла да тэлефона.
– Мама?! Гэта праўда – тата сыходзіць?!
– Так, Гануля, праўда.
– Мама, гэтак жа нельга! Вы ж столькі пражылі разам! Амаль усё жыццё. Так нельга, ты не можаш яго адпусціць. Мама! Ён скардзіўся, што ты стала нейкая чужая, што гэта ты яго вымусіла шукаць іншую! Мама, не адпускай тату. Я хутка прыеду. Сёння ж. Нам трэба разам пагаварыць! Не адпускай яго!
Паклаўшы слухаўку, Аляксандра Андрэеўна нарэшце пайшла на кухню і паставіла гарбату, а пасля глядзела, як мірна і спакойна ўздымаецца над кубкам пара.
Жыццё само ўсё расставіла па сваіх месцах. Больш не трэба падманаваць ні сябе і нікога іншага.
Яна зрабіла некалькі глыткоў, гарачая вада злёгку абпякла горла, але Аляксандра Андрэеўна нават не паморшчылася. За сцяной Максім заканчваў пакаваць рэчы і ўзважваў рукой чамадан. Пасля вынес яго ў вітальню, вярнуўся за парай скрынак, абуў туфлі і накінуў куртку.
– Я яшчэ не ўсё забраў. Таму ключы пакуль пакіну сабе. Але дзверы зараз зачыні сама. У мяне занятыя рукі. Бывай, – і грукнуў дзвярыма.
З хвіліну Аляксандра Андрэеўна праседзела не варухнуўшыся, слухаючы толькі цішу і сябе. Пасля зачыніла дзверы, прайшла ў пакой, дзе валяліся параскіданыя рэчы, села за стол і ў чыстым школьным сшытку пачала пісаць.
Праз некалькі гадзінаў прыедзе Гануля, будзе ўпрошваць і настойваць, пасля, магчыма, здарыцца развод, потым прыйдзе зіма.
Але ўсё гэта будзе не істотна, бо на белым полі аркуша паперы Аляксандра Андрэеўна раскідала словы, з якіх вырастала толькі яе асабістая гісторыя.


Антон Рудак

аэрадромная


Амелі Пулен, ты не росла у совку...
Рэмінісцэнцыя з С. Жадана

у дзяцінстве я быў камуністам-–
але, праўда, толькі часова.
зрэшты, кім я яшчэ мог вырасці
ў ваколіцах аэрапорта.
не ўяўляю, як не зарабіў сабе
падваення асобы:
баба казала, што ленін добры,
бацька даводзіў, што ён казёл.
абое нічым не падмацоўвалі.
я іх паслаў да чорта.

наш дом будавалі, вядома ж, палонныя немцы
(а можа, не немцы. і нават зусім не палонныя)
але на франтоне пакінулі
серп ды молат, і год пабудовы.
адсюль у мяне любоў да рэтра-эстэтыкі
і таталітарнай сімволікі ўвогуле.

дзяцінства запомнілася херова:
адсутнасцю голаду і хваробаў,
парай даўно забытых сяброў,
першымі спробамі складання словаў
і парадаксальнай любоўю адначасова
да зорак і трактароў.

мы патроху сыходзілі вонкі з еўропы,
выводзячы стуль гарнізоны і танкі.
еўропа глядзела на нас скрозь чарнобыль
і запрашала завітваць выпадкам-–
мы карысталіся з пажадання.
калі б не гуманітарная дапамога з германіі,
мы б тут даўно загнуліся на хер-–
прычым і ў тэхнічным, і ў гуманітарным плане.

нам забывалі тлумачыць, хто нашыя ворагі,
мы патаналі ў палітыцы, каляфутболе ды алкаголі.
мы не жадаем нікому роляў, якія нам давялося выконваць.
нашы бацькі-– ветэраны перабудовы, мы самі-– апошнія,
хто шчэ хоць штосьці помніць.

як птушкі вандроўныя на раздарожжы,
мы колеры неба спрабуем на дотык,
клеім мадэлі з паперы жоўтых абгортак-–
планеры і гелікоптэры,
і глядзім падазрона на кожнага,
хто нарадзіўся потым.

калядная хроніка падзеяў

Увечары места схавалася ў снезе па вокны,
зрэнкі ялінак зялёныя мройліва звузіла,
цёпла задыхала дымам дрыготкім праз коміны,
сцяўшы пад коўдраю доўгія пальцы вуліцаў.

Уночы сталіца поўніцца рознай набрыддзю-–
нават не трэба перапісу насельніцтва.
Дзесьці у хостэле, стомленая ад радасці,
Дзева Марыя люляе малога Езуса.

Уранку усе праспяць, акрамя маршрутчыкаў
і машыністаў аўтазаводскай лініі,
і пралятуць анёлы, усцяж фарбуючы
шэрыя сцены ў колеры бела-сінія.

Удзень, спахапіўшыся, горад патоне ў апокрыфах-–
кожны сцвярджацьме, як быццам стаяў пры калысцы,
што, калі веры даць тром вандроўным астролагам,
у немаўляці будзе цяжкое дзяцінства.

І толькі, толькі
Божая Маці, развёўшы далоні пад покрывам,
рукі узняўшы над дахамі, стане маліцца.


груз 2011

с.п. Волечцы
так, у дзяды можна трапіць проста,
нават калі не служыў у войску,
нават калі ты дзяўчына-–
усё магчыма.

усіх нас чакае машына. сігналіць.
хоць часам усё абяртаецца жартам,
і аскепкі люстэрка-– адзіная страта-–
але, да жалю,

ніхто з нас не ведае, што будзе заўтра
і толькі ловіць сігналы смерці,
якая ўчора ўжо абяцала
за намі заехаць.

а прадчуванні і спачуванні
ў адчаі змяшаюцца на экранах,
і кожны першы яшчэ прашэпча:
зарана.

але вырашаюць, зрэшты, наверсе,
і калі-небудзь мы ўсе там сустрэнемся.
час не чакае, пара збірацца.
дзе тваё джала, смерць?
у срацы.


мураноўская

А дзявятай з рэсэпшна ступіш у шэрую раніцу
і адразу запальваеш, бо не паліў ад вечара.
Лістапад у Варшаве, трамваі, алея Андэрса,
карацейшае за цыгарэту жыццё чалавечае.

Паэты звычайна згараюць, што натуральна,
зважаючы на іх лад існавання й мыслення.
Парадаксальная логіка: хлопец з Муранава
горкай іроніяй лёсу празваны фашыстам.

Акупацыя, націск. Грамадства паціху сыходзіць у
канспірацыю. У межах культурна-асветнай працы
браўся рэдагаваць падпольную перыёдыку,
ставячы ў назве мастацтва вышэй за нацыю.

Паўстанне, як гэта бывае заўжды, раптоўнае.
Апошні шанец давесці, і ён скарыстаецца
з выбуху на світанні. Не будзе помніка.
Нават завулка не стане. Алея Андэрса.

Цыгарэта пагасла. Глядзіш на пустое месца,
у люстэрку асфальтавым адбіваешся свечкай,
ловіш сігналы, як сэрца пад брукам б’ецца.
Гайцы. Варшава. Сорак чацверты-– вечнасць.

Полымя подых. Вецер у вербах.
Польскае поле эксперыментаў.
Постаці мёртвых. Повязь з легендай.
Poets never surrender.


пачатак

усё пачыналася з ранішніх цёплых тралейбусаў,
што нас калыхалі ў снах замест першай пары,
у цёмных падвалах мы слухалі нашыя лекцыі,
на мокрых падворках адказвалі на семінарах;

усё пачыналася з брудных прыступак сектара
і аўтазакаў, з сабакаў на першы выезд,
дзе мы здавалі нашую летнюю сесію
з практыкай, абаранялі свае курсавыя;

усё пачыналася з ціхіх запыленых лецішчаў
і шумных мастоў над транспартнымі развязкамі,
сонечных дзённых промняў і зораў увечары,
з горкіх апладысментаў і слёз ад радасці.

глобусы, атласы, компасы за непрыдатнасцю
выкінуўшы, на пошукі новага полюса
вырушым, не забываючы, як прыўкрасна
ўсё пачыналася, і ўсё ніяк не скончыцца.


станцыя беларусь

Лібава-роменская чыгунка мінае тут лінію Сталіна,
якая спрадвеку наш родны край на паловы няроўна дзеліць
пад белым крылом старога бусла, якога вельмі аддалена
нагадвае больш рэальны і актуальны жалезны фенікс.

Станцыя «Беларусь», калі на яе глядзець з электрычкі –
найпрыгажэйшая з бачаных мною сотняў чыгуначных станцый:
так лічыць бадай што кожны з тых, хто ніколі на ёй не выйшаў
і не вырашыў на свой страх тут хаця б на пару гадзін застацца.

І можна нават не ведаць легенды пра Рагвалода з Рагнедай
і словаў «бацька, ты тут не адзін», і іх гістарычнае ролі-–
наўрад ці б хтосьці ў дарэчны момант патрапіў прамовіць лепей:
той хлопчык пасля яшчэ шмат чытаў, але болей нічога не здолеў.

Таму сітуацыя і не змянілася. Ад часоў Свідрыгайлы
тут непапулярная талерантнасць і часам што-небудзь паляць-–
праўда, цяпер ужо не іерархаў царквы, але заракацца рана:
раптам заўтра ў кагосьці прачнецца яшчэ генетычная памяць.

Аб гэтым сведчыць і рыцарскі фэст, які збірае ў Заслаўі
рэканструктараў сярэднявечнае зброі з былога саўка і Польшчы,
дзе гледачы-каталікі крычаць «мачы праваслаўных!»
а тыя ў адказ далікатна маўчаць, бо насамрэч іх тупа большасць.

Вось жа, нас не цікавіць ні чорная, ні белая археалогія-–
у нас усё роўна нічога няма, акрамя безыменных магілаў:
мы не раскопваем курганоў і не рабуем могільнікаў-–
нам з галавою хапае шкілетаў між пылу фамільных архіваў.

Улетку, калі трава на замкавым вале пахне смалою,
калі ў мястэчку гуляюць вяселлі ад ранку да позняга вечара,
і ўсе кавярні Заслаўя ў суботу закрытыя на спецабслугоўванне-–
мы збіраемся і сядаем у электрычку на Маладэчна.

Выходзім на станцыі «Беларусь» і рушым старымі маршрутамі,
якія шторазу прыхоўваюць штосьці раней безуважна ўпушчанае-–
такія адрозныя і аднолькава па-добраму е...нутыя,
стомленыя вандроўнікі, аматары беларушчыны.


goal loser

нас паліваюць і ўгнойваюць так што мы плачам але расцём
знікае істотная розніца паміж творчасцю і жыццём
ашпараны дуеш на хвалі даўно знаёмай малочнай ракі
паволі губляеш старыя арыенціры ды маякі

чарговы ўзроставы крызіс б’е па мазгах як маланка ў шпрыц
калі мне будзе пад трыццаць я кіну дакладна піць і паліць
кіну зусім брыдкасловіць паеду ў ашрам перайду на траву
усё пры адзінай умове калі вядома я дажыву

жаданні спраўджваюцца калі табе ўжо на іх на...аць
скарыся брат каля брамы ў рай адбіраюць ручную кладзь
у пекла ляцець бізнэс-класам а нехта дагэтуль нюхае клей
сэнсу змагацца за лепшае месца ў адным і тым самым катле

тое з чым сёння мы маем справу спаборніцтва розных плыняў і школ
часам нагадвае надта яскрава гульню ў вечаровы дваровы футбол:
яму абарона табе напад кожнаму штосьці сваё па плячы
ты лупіш па шыбах бацькоўскіх хат
а я прапускаю мячы


каляндарнае

пакуль вы крычалі і плакалі мяккімі знакамі,
брыльянт майго таленту паступова рабіўся шматграннікам.
пачуццё маёй значнасці кармілі такімі прысмакамі,
якія нават не сніліся майму страўніку,

я клаў дамкрат на ўсякія вашыя правілы,
лаяўся, бацаў на аргане лявоніху,
а вы даравалі мне і дадараваліся-–
я ўсвядоміў, нібыта я надта адораны,

я не змагаўся з злаякаснымі метастазамі
катэгарычнае рацыі, максімалізму
і непрыязні да цэлых групаў і класаў-–
напрыклад, крытыкаў: гэтым-– ніякае літасці.

і з чаго вы ўзялі, што мне самому прыемна,
прыдумалі пра натхненне і іншую ерась?
натхнення няма-– турма як правобраз паэзіі:
сядзіш сабе і крэмзаеш, крэмзаеш, крэмзаеш.

тэхнічны прагрэс, з’яўленне мабільнай сувязі
ані не ўратуюць цябе ад уласнае дурасці.
жадаеш пабачыць сябе ў люстэрку мінулага?
націсні лічбы: адзін, дзевяць, тры.
задумайся.


Ганна Янкута

Артур Конан Дойл

Апошняя справа Холмса


З цяжкім сэрцам бяруся я за пяро, каб напісаць апошнія нататкі пра выбітны талент, якім вылучаўся мой сябар Шэрлак Холмс. Я спрабаваў — недзе бязладна і, магчыма, не зусім так, як належала б, апісаць нашыя з ім незвычайныя прыгоды, пачынаючы з выпадку, які звёў нас у часы “Эцюду ў пунсовых тонах” [1] да самага ўмяшальніцтва Холмса ў справу з “Марской дамовай” [2] — умяшальніцтва, якое, без сумневу, перадухіліла сур’ёзны міжнародны канфлікт. На гэтым я збіраўся спыніцца і нічога не расказваць пра падзею, якая пакінула ў маім жыцці такую пустэчу, што нават два апошнія гады мала чым змаглі яе запоўніць. Аднак выда­дзеныя нядаўна лісты палкоўніка Джэймса Марыярці, у якіх той абараняе памяць свайго брата [3], вымушаюць мяне зноў сесці за пісанне і з усёй дакладнасцю выкласці грамадскасці акалічнасці гэтай справы. Я — адзіны чалавек, які ведае ўсю праўду, і я рады, што прыйшоў час, калі нішто не патрабуе яе далейшага ўтойвання. Наколькі я ведаю, у прэсе з’явіліся толькі тры паведамленні: нататка ў “Журналь дэ Жэнеў” ад 6 траўня 1891 года, дэпеша “Ройтэрс” [4] у ангельскіх газетах ад 7 траўня і ўрэшце нядаўнія лісты, пра якія я казаў вышэй. Калі першыя падаюць зусім мала звестак, то ў лістах, як я збіраюся давесці, усе факты скажоныя. І таму менавіта я павінен упершыню агучыць праўду пра тое, што насамрэч адбылося паміж прафесарам Марыярці і Шэрлакам Холмсам.
Варта згадаць, што пасля майго вяселля і наступнага вяртання да прыватнай практыкі блізкае сяброўства, якое завязалася паміж Холмсам і мной, у пэўным сэнсе змянілася. Ён усё яшчэ раз-пораз зазіраў да мяне, калі яму быў патрэбны кампаньён у расследаванні, але гэта здаралася ўсё радзей і радзей, а за ўвесь 1890 год я апісаў толькі тры справы. Зімой 1890-га, а таксама ранняй вясной 1891-га газеты пісалі, што французскі ўрад запрасіў Холмса правесці надзвычай важнае расследаванне, а атрымаўшы ад яго два лісты, высланыя з Нарбоны і Німа [5], я зрабіў выснову, што яго побыт у Францыі зацягнуўся. І таму я вельмі здзівіўся, калі вечарам 24 красавіка ўбачыў яго ў сваім кабінеце. Мне адразу кінулася ў вочы, што ён схуднеў, а твар яго бляднейшы, чым звычайна.
— Гэта, відаць, ад празмерных нагрузак, — зазначыў ён, адказваючы хутчэй на мой позірк, чым на словы. — Апошнім часам я быў трохі заняты. Вы не супраць, калі я зачыню аканіцы?
Пакой асвятляла толькі лямпа на стале, за якім я чытаў. Холмс асцярожна абышоў яго, трымаючыся ля самай сценкі, і рашуча замкнуў аканіцы на надзейныя засаўкі.
— Вы чагосьці баіцеся? — спытаў я.
— Баюся.
— Чаго?
— Пнеўматычнай стрэльбы [6].
— Дарагі мой Холмс, што вы маеце на ўвазе?
— Думаю, вы дастаткова мяне ведаеце, Ўотсан, каб зразумець, што нервовым мяне ніяк не назавеш. Аднак пагарджаць небяспекай, калі яна зусім побач, — гэта хутчэй не мужнасць, а дурасць. Магу я патурбаваць вас і папрасіць запалку?
Ён удыхнуў цыгарэтны дым, нібыта дабратворны ўплыў тытуню мог яго супакоіць.
— Я мушу выбачыцца за такі позні візіт, — сказаў Холмс, — а таксама папрасіць вас адысці ад умоўнасцяў і дазволіць мне сёння пакінуць дом, пералезшы праз заднюю сцяну ў вашым садзе.
— Але што ўсё гэта значыць? — спытаў я.
Ён паказаў мне руку, і ў святле лямпы я ўбачыў, што два суставы параненыя і крывавяць.
— Як бачыце, гэта не пустыя дробязі, — з усмешкай сказаў ён. — Наадварот, усё так сур’ёзна, што можна застацца без рукі. Місіс Ўотсан дома?
— Не, яна паехала ў госці.
— Вось як… Значыць, вы адзін?
— Так.
— Тады мне будзе прасцей запрасіць вас на тыдзень на кантынент.
— Куды?
— Ды куды заўгодна. Мне ўсё адно.
Ва ўсім гэтым было нешта дзіўнае. Выпраўляцца ў бязмэтны адпачынак не было звычкай Холмса, а нешта ў яго бледным стомленым твары сказала мне, што яго нервы напружаныя да мяжы. Ён злавіў у маіх вачах пытанне і, звёўшы кончыкі пальцаў і абапершыся локцямі на калені, патлумачыў сітуацыю.
— Вы, відаць, ніколі не чулі пра прафесара Марыярці? — спытаў ён.
— Ніколі.
— Як гэта дзіўна, як неверагодна! — усклікнуў ён. — Цень гэтага чалавека накрыў увесь Лондан — і ніхто пра яго не чуў! Вось што робіць яго найвыбітнейшым злачынцам у гісторыі. Я з усёй сур’ёзнасцю сцвярджаю, Ўотсан, што калі б я перамог яго, калі б вызваліў ад яго грамадства, то лічыў бы, што дасягнуў вяршыні сваёй дзейнасці, і быў бы гатовы сысці на спачынак. Паміж намі: нядаўнія справы, у якіх я змог дапамагчы скандынаўскай каралеўскай сям’і і Французскай рэспубліцы, забяспечылі мне магчымасць вярнуцца да мірных і прыемных заняткаў і засяродзіцца на хімічных даследаваннях. Але я не магу адпачываць, Ўотсан, я не магу спакойна сядзець, пакуль ведаю, што такі чалавек, як прафесар Марыярці, беспакарана ходзіць лонданскімі вуліцамі.
— Дык што ж ён увогуле зрабіў?
— О, лёс яго вельмі незвычайны. Ён паходзіць з добрай сям’і. Ад прыроды надзелены надзвычайнымі матэматычнымі здольнасцямі, ён атрымаў выдатную адукацыю і ў дваццаць два гады напісаў трактат пра біном Ньютана [7], які здабыў еўрапейскую вядомасць. Дзякуючы гэтаму ён атрымаў кафедру матэматыкі ў адным з нашых правінцыйных універсітэтаў, і, здаецца, яго чакала бліскучая будучыня. Але ў гэтага чалавека ёсць спадчынная схільнасць да д’ябальскай жорсткасці. Цяга да злачынства ў яго ў крыві, і надзвычайныя разумовыя здольнасці, замест таго каб дапамагчы пераадолець, толькі ўзмацнілі яе і зрабілі больш небяспечнай [8]. Ва ўніверсітэцкім гарадку вакол яго папаўзлі змрочныя чуткі, ён быў вымушаны адмовіцца ад кафедры і пераехаць у Лондан, дзе заняўся падрыхтоўкай юнакоў да афіцэрскіх экзаменаў. Гэта пра яго ведаюць усе, але зараз я раскажу пра вынікі ўласных расследаванняў.
Як вы ведаеце, Ўотсан, ніхто не знаёмы з крымінальным светам Лондана бліжэй, чым я. Але ў апошнія гады мне ўвесь час здавалася, што за многімі злачынствамі стаіць нейкая загадкавая і добра арганізаваная сіла, якая ўвесь час дзейнічае насуперак закону і абараняе злачынцаў. Я зноў і зноў адчуваў прысутнасць гэтай сілы ў самых розных справах — падробках, рабаўніцтвах, забойствах — і прасочваў яе датычнасць да многіх нераскрытых злачынстваў, расследаваннем якіх сам я не займаўся. Гадамі спрабаваў я прарвацца скрозь завесу, якая ахутвала гэтую сілу, і ўрэшце прыйшоў час, калі я ўзяў след, што пасля тысячы падманак вывеў мяне на былога прафесара Марыярці, знакамітага матэматыка.
Ён Напалеон крымінальнага свету, Ўотсан. Ён арганізатар паловы злачынстваў і амаль усіх нераскрытых справаў у нашым вялікім горадзе. Ён геній і філосаф, здольны мысліць абстрактна. У яго розум найвышэйшага гатунку. Ён сядзіць нерухома, як павук у цэнтры сваёй павуціны, але ад гэтай павуціны разыходзяцца тысячы ніцяў, і ён адсочвае дрыжанне кожнай. Сам ён амаль нічога не робіць. Ён проста плануе. Але ў яго шмат агентаў, і яны цудоўна арганізаваныя. Калі трэба ўчыніць нейкае злачынства, скажам, выкрасці паперы, ці абрабаваць дом, ці прыбраць чалавека, варта сказаць слова прафесару, і справа будзе прадуманая і даведзеная да канца. Агента могуць і схапіць. У гэтым выпадку адразу ж знойдуцца грошы вызваліць яго пад заклад ці абараніць у судзе. Але галоўнага арганізатара, якому падпарадкоўваецца агент, не зловяць ніколі — яго нават не западозраць. Вось якую арганізацыю я вылічыў, Ўотсан, і я пакладу ўсе сілы на тое, каб яе выкрыць і разбурыць.
Але абарона прафесара прадуманая надзвычай хітра, і што б я ні рабіў, здабыць доказы, якія б дазволілі падаць на яго ў суд, здавалася немагчымым. Вы ведаеце мае здольнасці, дарагі мой Ўотсан, але тым не менш пасля трох месяцаў я быў вымушаны прызнаць, што сустрэў урэшце роўнага сабе ў інтэлектуальным плане праціўніка. Мой жах ад ягоных злачынстваў губляўся на фоне захаплення ягоным талентам. І ўрэшце ён зрабіў памылку — адну маленькую, вельмі маленькую памылку, але калі я падышоў так блізка, ён не мог сабе дазволіць нават яе. У мяне з’явіўся шанец, і, скарыстаўшыся гэтым промахам, я пачаў плесці вакол прафесара сваю сетку. Цяпер яна амаль гатовая. Праз тры дні, то бок у наступны панядзелак, справа будзе завершаная, і прафесар з усімі асноўнымі ўдзельнікамі сваёй хеўры апынецца ў руках паліцыі. Тады пачнецца самы гучны крымінальны працэс стагоддзя, дзе пральецца святло больш чым на сорак загадкавых злачынстваў, кожнае з якіх будзе пакаранае. Але вы разумееце, адзін паспешлівы ход — і яны выслізнуць з нашых рук нават у самую апошнюю хвіліну.
Усё было б добра, калі б прафесар Марыярці не ведаў пра мае захады. А ён вельмі хітры. Ён адсочвае кожны крок, які я раблю, каб зацягнуць яго ў пастку. Шмат разоў ён спрабаваў з яе вырвацца, але я заўсёды яго апярэджваў. Вось што я вам скажу, мой дарагі сябра: калі б хтосьці падрабязна апісаў нашае маўклівае змаганне, яно зрабілася б самай бліскучай старонкай у захапляльнай кнізе крымінальнай гісторыі. Яшчэ ніколі не падымаўся я на такую вышыню і яшчэ ніколі супернік так мяне не прыціскаў. Ён раніць глыбока, але я паспяваю адбіваць удары. Сёння раніцай я зрабіў апошнія крокі, і мне, каб завершыць справу, былі патрэбныя толькі тры дні. Я сядзеў у сваім пакоі, абдумваючы сітуацыю, калі раптам дзверы адчыніліся, і перада мной з’явіўся прафесар Марыярці.
Мае нервы выдатна загартаваныя, Ўотсан, але мушу прызнацца, што, убачыўшы на парозе чалавека, які займаў усе мае думкі, я скалануўся. Яго аблічча было мне знаёмае. Ён вельмі худы і высокі, з выпуклым бледным ілбом і запалымі вачыма. Гладка паголены, бледны і аскетычны з выгляду, ён усё яшчэ чымсьці нагадваў былога прафесара. Ад доўгага сядзення над кнігамі плечы яго сутуліліся, а галава выдавалася наперад і ўвесь час дзіўна, па-змяінаму марудна, вагалася з боку ў бок. З вялікай цікавасцю ён уперыў у мяне прымружаныя вочы.
— Вашыя лобныя косці развітыя менш, чым я мог чакаць [9], — урэшце сказаў ён. — Трымаць у кішэні халата зараджаны рэвальвер — небяспечная звычка.
Рэч у тым, што калі ён зайшоў, я тут жа ўсвядоміў страшную небяспеку. Адзіны магчымы для яго спосаб уратавацца — гэта прымусіць мяне замаўчаць. У тое ж імгненне я асцярожна сцягнуў з камоды ў кішэню рэвальвер і акурат намацваў яго праз тканіну. Пасля такой заўвагі я дастаў зброю і паклаў яе на стол з узведзеным курком. Марыярці ўсё яшчэ ўсміхаўся і мружыўся, але штосьці ў яго вачах прымусіла мяне парадавацца, што пісталет пад рукой.
— Вы мяне, відавочна, не ведаеце, — сказаў ён.
— Наадварот, — адказаў я, — відавочна, я вас ведаю. Прашу, прысядзьце. Калі вы маеце што сказаць, я гатовы даць вам пяць хвілінаў.
— Думаю, вы адгадалі ўсё, што я хацеў вам сказаць, — прамовіў ён.
— Тады мой адказ вы таксама адгадалі, — адказаў я.
— Дык вы будзеце стаяць на сваім?
— Безумоўна.
Ён палез у кішэню, я схапіў са стала рэвальвер. Але ён выцягнуў усяго толькі нататнік, у якім былі запісаныя некалькі датаў.
— Вы перайшлі мне дарогу 4 студзеня, — пачаў ён. — 23-га вы мяне ўстрывожылі, у сярэдзіне лютага я не на жарт расхваляваўся, у канцы сакавіка вы разбурылі мае планы, а цяпер, на зыходзе красавіка, сваім пастаянным пераследам паставілі мяне ў такое становішча, што я магу апынуцца за кратамі. Так працягвацца не можа.
— У вас ёсць нейкая прапанова? — спытаў я.
— Кідайце гэта, містэр Холмс, — сказаў ён, хітаючы галавой. — Вы павінны кінуць, павінны.
— Пасля панядзелка, — адказаў я.
— Нічога сабе! — абурыўся ён. — Я ўпэўнены, што такі праніклівы чалавек, як вы, разумее, да чаго ўсё прывядзе. Неабходна, каб вы з гэтым скончылі. Вашыя метады пакінулі нам толькі адно выйсце. Я з незвычайнай асалодай назіраў, як вы разблытваеце гэтую галаваломку, і мушу шчыра прызнацца, што скрайнія меры мяне засмуцяць. Вы смеяцеся, сэр, але магу вас упэўніць, што так яно і будзе.
— Небяспека — частка майго рамяства, — зазначыў я.
— Але гэта не проста небяспека, — адказаў ён. — Гэта непазбежнае знішчэнне. Вы перайшлі дарогу не аднаму чалавеку, а магутнай арганізацыі, усю моц якой нават вы, пры ўсёй вашай кемлівасці, уявіць не можаце. Адыдзіце ўбок, містэр Холмс, альбо вас растопчуць.
— Баюся, — сказаў я, устаючы, — што за нашай прыемнай размовай я забыўся на важную справу, якая чакае мяне зусім у іншым месцы.
Ён таксама падняўся і маўкліва зірнуў на мяне, сумна хітаючы галавой.
— Ну што ж, — урэшце сказаў ён. — Я зрабіў усё, што мог. У гэтай гульні я ведаю кожны ваш ход. Да панядзелка вы нічога не даб’яцеся. Нас чакае двубой, містэр Холмс. Вы спадзеяцеся пасадзіць мяне на лаву падсудных — я ж кажу, што ніколі туды не сяду. Вы спадзеяцеся перамагчы мяне — я ж кажу, што вы ніколі мяне не пераможаце. Калі ў вас хопіць розуму знішчыць мяне, будзьце ўпэўнены, што я доўг аддам.
— Колькі кампліментаў, містэр Марыярці, — адзначыў я. — Дазвольце адзін вам вярнуць: калі я буду ўпэўнены ў магчымасці першага, то дзеля інтарэсаў грамадства прыму і другое.
— Другое я вам паабяцаць магу, але ніяк не першае, — перарваў ён, павярнуўся да мяне ссутуленай спінай і выйшаў з пакоя, усё яшчэ страляючы вачыма і мружачыся.
Такой была мая адзіная размова з прафесарам Марыярці. Яна, прызнаюся, зрабіла на мяне непрыемнае ўражанне. Яго мяккая і выразная манера гаварыць упэўніла мяне ў шчырасці яго словаў, не ўласцівай звычайным злодзеям. Вы, безумоўна, скажаце: “Чаму тады не звярнуцца да паліцыі?” Прычына ў тым, што я не сумняюся: удар нанясе не ён сам, а яго агенты. І я ўжо атрымаў цудоўнае пацверджанне гэтаму.
— На вас напалі?
— Дарагі мой Ўотсан, прафесар Марыярці не з тых, хто адкладае справу да святога ніколі! Апоўдні я выйшаў з дому, каб разабрацца з адным пытаннем на Оксфард-стрыт. Як толькі я завярнуў за рог Бентынк-стрыт, каб перайсці Ўэлбэк-стрыт [10], то ўбачыў, што на мяне з грукатам імчыць двухконны фургон. Ён імкліва набліжаўся, але ў апошнюю долю секунды я здолеў уратавацца, адскочыўшы на ходнік. Фургон павярнуў на Мэрылебан-лэйн і тут жа знік. Я вырашыў трымацца ходніка, Ўотсан, але на Вір-стрыт з даху аднаго дома звалілася цагліна і ля самых маіх ног разбілася на кавалкі. Я паклікаў паліцыю, і яны агледзелі месца здарэння. На даху, падрыхтаваным да рамонту, былі складзеныя шыфер і цэгла, і мяне пачалі ўпэўніваць, што цагліну на мяне скінуў вецер. Я, безумоўна, ведаў лепш, але доказаў не меў, таму адразу ўзяў кэб і паехаў на Пэл-Мэл да брата, дзе і правёў дзень. Адтуль я пайшоў да вас, і па дарозе на мяне напаў нейкі галаварэз з дубінкай. Я паваліў яго і аддаў у рукі паліцыі, але з усёй упэўненасцю магу сказаць, што паміж джэнтльменам, аб пярэднія зубы якога я абдзёр сёння суставы, і сціплым выкладчыкам матэматыкі, які цяпер, магчыма, піша на дошцы задачу за дзесяць міляў адсюль, яна не знойдзе ніякай сувязі. Цяпер вы, Ўотсан, не будзеце здзіўляцца, чаму я, зайшоўшы ў пакой, адразу ж кінуўся зачыняць аканіцы і чаму быў вымушаны прасіць у вас дазволу пакінуць дом крыху менш кідкім спосабам, чым парадныя дзверы.
Я заўсёды захапляўся мужнасцю майго сябра, але мацней за ўсё — менавіта тады, калі ён спакойна пералічваў здарэнні таго дня, што склаўся так жахліва.
— Пераначуеце ў мяне? — спытаў я.
— Не, сябра, я для вас вельмі небяспечны госць. Я ўжо вызначыўся з планамі… усё будзе добра. Усё амаль скончана, арышты могуць адбыцца без майго ўдзелу, я спатрэблюся толькі для выстаўлення абвінавачання. Таму найлепшае, што я магу зрабіць, — гэта знікнуць на некалькі дзён, пакуль паліцыя не пачне свабодна дзейнічаць. І я буду вельмі рады, калі вы разам са мной паедзеце на кантынент.
— Пакуль у маёй практыцы зацішша, — адказаў я, — і сусед не супраць мяне замяніць. Я ахвотна паеду з вамі.
— Зможаце заўтра раніцай?
— Калі трэба.
— Так, вельмі трэба. Зараз я дам вам указанні і малю вас, дарагі мой Ўотсан, выканайце іх літаральна, бо вы ўступаеце ў маю гульню супраць найразумнейшага злачынцы і наймагутнейшага злачыннага аб’яднання ва ўсёй Еўропе. Дык слухайце! Сёння вечарам вы з надзейным чалавекам адправіце любы патрэбны вам багаж на вакзал Вікторыя, не ўказваючы адраса прызначэння. З раніцы вы пашлеце слугу па хэнсам [11], наказаўшы яму не браць ані першы, ані другі, якія прапануюць свае паслугі. Потым заскочыце ў хэнсам і паедзеце да Стрэнд-энда, на Лоўтэрскі пасаж [12], перадаўшы кэбмэну адрас, запісаны на паперы, і папрасіўшы нізавошта яго не выкідаць. Плату за праезд трымайце напагатове і ў тое самае імгненне, як кэб спыніцца, ляціце праз пасаж з разлікам апынуцца на другім яго баку роўна ў дзевяць пятнаццаць. Там ля ходніка вас будзе чакаць маленькі брогам [13] з фурманам у цяжкім чорным плашчы з каўняром, абшытым па краі чырвоным. У гэты брогам вы і сядзеце, а ён даставіць вас на вакзал Вікторыя акурат да ад’езду кантынентальнага экспрэса.
— Дзе мы з вамі сустрэнемся?
— На станцыі. Для нас будзе зарэзерваванае другое ад пачатку купэ першага класа.
— Значыць, спатканне ў купэ?
— Менавіта.
Марна ўгаворваў я Холмса застацца на вечар. Я добра бачыў, што ён баіцца прынесці бяду ў дом, які яго прытуліў, і што толькі гэта вымушае яго сысці. Кінуўшы яшчэ некалькі словаў наконт нашых заўтрашніх планаў, ён падняўся і разам са мной выйшаў у сад, ускараскаўся на сцяну, што межавала з Мортымер-стрыт, і тут жа свіснуў хэнсаму, на якім, як я пачуў, і ад’ехаў.
Наступнае раніцы я зрабіў усё згодна з інструкцыяй Холмса. Хэнсам я ўзяў з усімі перасцярогамі, каб не натрапіць на падасланы, і адразу ж пасля сняданка выправіўся на Лоўтэрскі пасаж, праз які прабег як найхутчэй. Брогам з надзвычай мажным фурманам, захутаным у цёмны плашч, ужо чакаў мяне. Як толькі я сеў, фурман хвастануў каня, і мы з грукатам паляцелі да вакзала Вікторыя, а калі я выйшаў, тут жа развярнуў каня і знік з вачэй, нават не зірнуўшы ў мой бок.
Пакуль усё ішло цудоўна. Мой багаж быў на месцы, і я без перашкодаў знайшоў названае Холмсам купэ, тым больш што толькі яно было пазначанае як занятае. Мяне трывожыла толькі адсутнасць Холмса. Вакзальны гадзіннік паказваў, што да ад’езду цягніка засталося сем хвілінаў. Марна шукаў я сярод падарожнікаў і тых, хто іх праводзіў, фігуру сябра — яго не было і знаку. Некалькі хвілінаў я патраціў на тое, каб дапамагчы паважнаму італьянскаму святару, які на ламанай ангельскай спрабаваў патлумачыць насільшчыку, што яго багаж трэба адправіць у Парыж. Потым я зноў агледзеў платформу і вярнуўся ў купэ, дзе выявілася, што насільшчык, нягледзячы на адсутнасць білета, падсадзіў да мяне майго нядаўняга знаёмца — лядачага італьянца. Мае спробы патлумачыць святару ўсю навязлівасць такога ўламання плёну не мелі, бо мая італьянская была яшчэ горшая за яго ангельскую, і таму, пакорліва паціснуўшы плячыма, я здаўся і зноў пачаў трывожна шукаць вачыма сябра. Мяне паціху ахопліваў жах, бо адсутнасць Холмса магла азначаць толькі тое, што мінулай ноччу яму нанеслі ўдар. Вось і дзверы зачыніліся, і пачуўся гудок, як раптам…
— Дарагі мой Ўотсан, — пачуўся голас, — вы нават не ўважылі мяне прывітаннем.
У неймаверным здзіўленні я павярнуўся. Стары святар глядзеў проста на мяне. На імгненне яго зморшчыны разгладзіліся, нос з’ехаў на падбароддзе, ніжняя губа перастала выпінацца; ён перастаў мармытаць, панылыя вочы загарэліся ранейшым агнём, а скурчаная фігура выпрасталася. Але ў наступны момант яго цела зноў абмякла, і Холмс з такой жа хуткасцю ператварыўся ў старога святара.
— Божа літасцівы! — усклікнуў я. — Як вы мяне напалохалі!
— Мы ўсё яшчэ мусім захоўваць асцярожнасць, — прашаптаў ён. — Ёсць падставы лічыць, што яны ўзялі наш след. А вось і сам Марыярці!
На гэтых словах цягнік рушыў з месца, і, зірнуўшы назад, я ўбачыў высокага чалавека, які раз’юшана праціскаўся праз натоўп і махаў рукой, нібыта хочучы спыніць цягнік. Аднак было позна: мы імкліва набіралі хуткасць, і праз імгненне станцыя знікла з вачэй.
— Бачыце, нягледзячы на ўсе засцярогі, мы ледзь выбраліся, — са смехам сказаў Холмс.
Падняўшыся, ён пазбавіўся сваёй маскіроўкі — чорнай сутаны з капелюшом — і схаваў яе ў чамадан.
— Вы чыталі ранішнюю газету, Ўотсан?
— Не.
— Значыць, пра Бэйкер-стрыт не ведаеце?
— Пра Бэйкер-стрыт?
— Мінулай ноччу яны падпалілі нашую кватэру, але вялікай бяды не нарабілі.
— Божа літасцівы, Холмс, гэта проста невыносна!
— Яны, відаць, згубілі мой след пасля таго, як арыштавалі іх агента з дубінкай. Інакш бы яны не думалі, што я вярнуўся дадому. Аднак яны відавочна перастрахаваліся і пачалі сачыць за вамі, а вы прывялі Марыярці на вакзал Вікторыя. Вы ўпэўнены, што не дапусцілі промаху?
— Я ўсё зрабіў, як вы казалі.
— Знайшлі патрэбны брогам?
— Так, ён чакаў мяне.
— Фурмана пазналі?
— Не.
— Гэта быў мой брат Майкрафт. У такіх выпадках наймітам сваіх сакрэтаў лепш не адкрываць. Але трэба думаць, што рабіць з Марыярці.
— Мы едзем экспрэсам, а ўлічваючы, што расклад параходаў падладжаны пад гэты цягнік, думаю, мы з лёгкасцю сыдзем ад пераследу.
— Дарагі мой Ўотсан, вы, відаць, не да канца зразумелі, што да гэтага чалавека трэба падыходзіць з той самай інтэлектуальнай планкай, што і да мяне. Няўжо вы думаеце, што на месцы пераследніка я дазволіў бы такой дробязі збіць мяне? Чаму вы тады такога невысокага меркавання пра яго?
— І што ён будзе рабіць?
— Тое, што зрабіў бы я.
— А што зрабілі б вы?
— Сеў бы на дадатковы цягнік.
— Але ён усё адно спозніцца.
— Зусім не. Наш цягнік спыняецца ў Кентэрберы, а параход звычайна як мінімум на чвэрць гадзіны затрымліваецца [14]. Вось ён нас і дагоніць.
— Вы гаворыце так, нібыта злачынцы — мы. Хай яго адразу па прыездзе арыштуюць.
— Гэта знішчыць вынікі маёй трохмесячнай працы. Вялікую рыбу мы зловім, а дробная кінецца з сеткі ва ўсе бакі і збяжыць. У панядзелак уся хеўра будзе ў нашых руках. Ніяк нельга арыштаваць яго цяпер.
— І што нам рабіць?
— Выйдзем у Кентэрберы.
— А далей?
— Ну, далей у нас пачнецца гонка — спачатку да Ньюхэйвена, а адтуль — у Д’еп [15]. Марыярці зноў зробіць так, як зрабіў бы я. Ён паедзе ў Парыж, знойдзе камеру захоўвання і два дні будзе сачыць за нашым багажом. Мы ж за гэты час здабудзем парачку сакваяжаў, падтрымаўшы такім чынам вытворчасць тых мясцовасцяў, праз якія будзем праязджаць, і спакойна рушым праз Люксембург і Базэль у Швейцарыю.
Мы выйшлі ў Кентэрберы і зразумелі, што наступнага цягніка да Ньюхэйвэна давядзецца чакаць цэлую гадзіну.
Я ўсё яшчэ з жалем думаў пра багажны вагон, які імкліва знікаў з вачэй і ў якім ляжаў мой гардэроб, калі Холмс пацягнуў мяне за рукаў і паказаў на чыгунку:
— Бачыце, а вось і ён.
Удалечыні над лясамі Кента падымаўся тонкі струменьчык дыму. Праз хвіліну мы ўжо бачылі цягнік, які складаўся з лакаматыва і аднаго вагона і па крывой чыгункі імчаў да станцыі. Мы ледзь паспелі схавацца за грудамі багажу, калі ён з грукатам і рыкам праляцеў міма, дыхаючы нам у твары гарачай парай.
— Яго цягнік, — сказаў Холмс, калі мы сачылі за вагонам, што пахістваўся і тросся на стрэлках. — Як бачыце, розум нашага сябра таксама мае межы. Ён быў бы геніем, калі б адгадаў мае высновы і дзейнічаў адпаведна ім.
— А калі б ён нас дагнаў?
— Не сумняюся, што ён паспрабаваў бы мяне забіць. Аднак у гэтай гульні кожны можа рабіць свой ход. Пытанне ў тым, варта нам паабедаць цяпер ці лепш пачакаць буфета ў Ньюхэйвэне, рызыкуючы пры гэтым памерці ад голаду?
Той жа ноччу мы дабраліся да Брусэля і правялі там два дні, а на трэці выправіліся ў Страсбург. У панядзелак раніцай Холмс тэлеграфаваў лонданскай паліцыі, і ўвечары на гатэльным стале нас чакаў адказ. Холмс прачытаў пасланне і з праклёнам кінуў яго ў камін.
— Я мусіў гэта прадбачыць! — прастагнаў ён. — Ён збег!
— Марыярці?
— Яны схапілі ўсю хеўру, апроч яго. Ён выслізнуў з іх рук, а калі я пакінуў краіну, там, безумоўна, не засталося нікога, хто мог бы даць яму рады. Але я быў упэўнены, што партыя цяпер у іх руках. Думаю, Ўотсан, вам лепш вярнуцца ў Англію.
— Чаму?
— Цяпер я небяспечны спадарожнік. Марыярці страціў усё, і вяртанне ў Лондан для яго пагібельнае. Калі я добра ведаю яго характар, то цяпер ён усе сілы аддасць помсце. Штосьці такое ён сказаў падчас нашай кароткай размовы, і я думаю, што зразумеў яго правільна. Я мушу настойваць, каб вы вярнуліся да сваёй практыкі.
Але стары салдат і стары сябар да такой просьбы прыслухацца не мог. Паўгадзіны спрачаліся ў страсбургскім рэстаране і ў той жа вечар працягнулі падарожжа, рушыўшы ў Жэневу.
Адзін чароўны тыдзень мы прабадзяліся далінай Роны, а потым, павярнуўшы на Лэйк, мінулі яшчэ пакрыты глыбокім снегам перавал Гэмі і адтуль праз Інтэрлакен скіраваліся да Майрынгена [16]. Падарожжа было цудоўным — далікатная вясновая зеляніна ўнізе, цнатлівая зімовая белата ўверсе, — але я разумеў, што Холмс ні на хвіліну не забывае пра навіслы над ім цень. Паўсюль — ва ўтульных альпійскіх вёсках ці на самотных горных перавалах — у яго хуткіх дапытлівых вачах, якія востра і пранікліва вывучалі твар кожнага сустрэчнага, я бачыў упэўненасць, што куды б мы ні пайшлі, мы не можам пазбыцца небяспекі, якая ідзе за намі крок у крок.
Помню, аднаго дня мы, пераходзячы праз Гэмі, брылі ўздоўж самага берага меланхалічнага Даўбена [17], і раптам справа ад нас са скалы сарвалася вялікая глыба і, з грукатам праляцеўшы міма, звалілася ў возера за нашымі спінамі. У той жа момант Холмс забег на самы высокі выступ скалы, адкуль, выцягваючы шыю, агледзеў усё наваколле. Марна ўпэўніваў нас праваднік, што вясновыя абвалы камянёў у гэтых мясцінах — звычайная рэч. Холмс нічога не адказаў, але ўсміхнуўся мне з выглядам чалавека, прадказанні якога пачынаюць збывацца.
Аднак нягледзячы на сваю насцярожанасць, прыгнечаным ён не быў. Наадварот, не магу згадаць, каб я бачыў яго калі-небудзь такім узбуджаным. Ён зноў і зноў вяртаўся да думкі, што калі б грамадства вызвалілася ад прафесара Марыярці, ён з радасцю скончыў бы сваю дзейнасць.
— Думаю, Ўотсан, я маю права сказаць, што пражыў жыццё не зусім дарэмна, — зазначаў ён. — І калі б я адышоў ад справаў ужо сёння, то мог бы спакойна азірацца на сваё мінулае. Дзякуючы мне паветра ў Лондане зрабілася чысцейшым. Я расследаваў больш чым тысячу справаў і думаю, што наўрад ці хоць раз стаў не на той бок. Апошнім часам загадкі, пастаўленыя прыродай, вабілі мяне больш, чым павярхоўныя праблемы, адказнасць за якія нясе нашае сапсаванае грамадства. У той дзень, калі маю кар’еру ўвянчае арышт ці знішчэнне самага таленавітага і небяспечнага злачынцы ў Еўропе, вашыя мемуары, Ўотсан, падыдуць да канца.
Цяпер я пастараюся каротка, але дакладна расказаць тое, што засталося. Мне не хацелася б затрымлівацца на гэтых падзеях, але я лічу сваім абавязкам не апусціць ніводнай падрабязнасці.
3 траўня мы дасягнулі вёсачкі Майрынген, дзе спыніліся ў гатэлі Englischer Hof [18], які трымаў тады Петэр Штайлер-старэйшы. Наш гаспадар быў чалавекам кемным і, тры гады праслужыўшы афіцыянтам у лонданскім гатэлі “Гровенар”, дасканала валодаў ангельскай. 4 траўня мы згодна з яго парадай выправіліся пасля абеду ў горы, збіраючыся пераначаваць у вёсцы Разэнлаў [19]. Нам настойліва раілі не абмінаць Райхенбахскага вадаспаду [20], які ляжыць на сярэдзіне пад’ёму, а зрабіць невялікае кола і абавязкова яго агледзець.
Гэта было напраўду вусцішнае відовішча. Імклівы струмень, яшчэ магутнейшы ад расталага снегу, падае ў галаваломную бездань, з якой выбіваюцца пырскі, нібыта дым з ахопленага агнём дома. Ахаваная з аднаго боку бліскучай вугальна-чорнай стромай, бяздонная цясніна, у якую зрынаецца рака, унізе звужаецца, ператвараючыся ў невымерна глыбокі правал, дзе, пераліваючыся цераз край і выплюхваючыся на зубчастыя выступы, кіпіць і пеніцца вада. І вельмі хутка ад гэтай бясконцай плыні зеленаватага колеру, што з вечным гулам падае ўніз, ад гэтай густой блішчастай завесы з пырскаў, што з вечным шыпеннем нясуцца ўгору, ад гэтага пастаяннага бурлення і грукату пачынае кружыцца галава.
Мы стаялі ля самага краю і назіралі за зіхценнем вады, якая далёка ўнізе разбівалася аб чорныя стромы, і чулі амаль чалавечы крык, што вырываўся з бездані разам з пырскамі.
Сцяжынка паўколам аббягала вадаспад, даючы магчымасць цудоўна яго разгледзець, але пасля нечакана абрывалася, і падарожнік, падняўшыся наверх, мусіў вяртацца. Мы акурат сабраліся павярнуць, калі ўбачылі хлопчыка-швейцарца, які падымаўся да нас з лістом у руцэ. На лісце быў штамп гатэля, які мы толькі што пакінулі, ён быў напісаны нашым гаспадаром і адрасаваны мне. Выявілася, што праз некалькі хвілінаў пасля нашага сыходу ў гатэль прыбыла ангельская лэдзі з туберкулёзам на апошняй стадыі. Яна правяла зіму ў Давас-Плацы і акурат ехала да сяброў у Люцэрн, калі ў яе пачаўся крывацёк [21]. Ёй засталося, відаць, не больш за некалькі гадзінаў, і бачыць побач ангельскага доктара было б для яе вялікім суцяшэннем, а таму, калі я змагу вярнуцца… і г. д. У постскрыптуме добры Штайлер дадаваў, што мая згода вельмі яго абавяжа, бо лэдзі адмаўляецца ад любой дапамогі швейцарскага доктара, і ён не можа ўзяць на сябе такую вялікую адказнасць.
Праігнараваць гэтую просьбу я не мог. Не мог не адказаць на мальбу суайчынніцы, што памірала ў чужой краіне. І ўсё ж я вагаўся, думаючы, ці можна пакідаць Холмса аднаго. Урэшце мы сышліся на тым, што я вярнуся ў Майрынген, а пры ім у якасці правадніка і спадарожніка застанецца наш пасланец. Холмс сказаў, што яшчэ пабудзе трошкі ля вадаспаду, а потым паціху пойдзе праз горы ў Разэнлаў, дзе ўвечары я да яго далучуся. Адыходзячы, я азірнуўся і ўбачыў Холмса, што прыхіліўся спінай да скалы і склаў рукі, назіраючы за імклівым рухам вады. Гэта быў апошні раз, калі я бачыў яго жывым.
Амаль спусціўшыся, я зноў азірнуўся. Убачыць адтуль вадаспад было немагчыма, але я ўбачыў выгнутую паўколам сцяжынку, што вяла да яго, абвінаючы пагорак. Гэтай сцяжынкай, помніцца, вельмі хутка падымаўся нейкі чалавек.
Чорная фігура была выразна бачная на зялёным фоне. Я заўважыў яго і заўважыў, як энергічна ён падымаецца на пагорак, але неўзабаве пра ўсё гэта забыў, бо спяшаўся ў гатэль.
Прайшло, відаць, крыху больш за гадзіну, перш чым я дабраўся да Майрынгена. На ганку гатэля стаяў стары Штайлер.
— Ну як? — падбегшы, спытаў я. — Спадзяюся, ёй не горш?
Калі я ўбачыў здзіўленне на яго твары і паднятыя бровы, у мяне з грудзей ледзь не выскачыла сэрца.
— Значыць, вы гэтага не пісалі? — спытаў я, выцягваючы з кішэні ліст. — І ў гатэлі няма ніякай хворай англічанкі?
— Вядома, няма! — усклікнуў ён. — Але на лісце штамп гатэля! А, дык гэта, відаць, напісаў той высокі ангелец, што прыехаў пасля вашага сыходу. Ён сказаў…
Але тлумачэнняў гаспадара я чакаць не збіраўся. Ахоплены жахам, я пабег вясковай вулачкай і павярнуў на сцяжынку, якой толькі што спусціўся з гары. Спуск заняў у мяне гадзіну, але хоць я і бег з усяе моцы, да Райхенбахскага вадаспаду я дабраўся толькі праз дзве з нечым. Альпеншток Холмса ўсё яшчэ стаяў, прыхілены да скалы, але самога Холмса бачна не было. Я доўга клікаў яго — але марна: у адказ я чуў толькі ўласны голас, які гулкім рэхам адбівалі навакольныя скалы.
Гледзячы на альпеншток, я халадзеў і ледзь не траціў прытомнасць. Значыць, у Разэнлаў Холмс не пайшоў. Ён заставаўся на сцяжынцы шырынёй тры футы, адзін бок якой упіраўся ў сцяну скалы, а другі заканчваўся стромкім абрывам, і чакаў тут свайго ворага. Маладога швейцарца таксама не было — магчыма, Марыярці заплаціў яму, каб той пакінуў праціўнікаў сам-насам. А што потым? Хто раскажа нам, што адбылося потым?
Хвіліну ці дзве я, агаломшаны ўсёй жахлівасцю сітуацыі, спрабаваў узяць сябе ў рукі. Потым успомніў пра метады Холмса і паспрабаваў выкарыстаць іх, каб разабрацца ў трагедыі. На жаль, гэта было вельмі лёгка. Падчас нашай размовы мы не дайшлі да канца сцяжынкі, і альпеншток указваў на месца, дзе мы спыніліся. Чарнаватая зямля тут заўсёды вільготная ад пырскаў — яна захавала б нават птушыны след. На дальнім канцы сцяжынкі выразна бачыліся два шэрагі адбіткаў — абодва вялі ад мяне. Назад яны не вярталіся. За некалькі ярдаў ад краю зямля была вытаптаная і хлюпала брудам пад нагамі, а хмызы і папараць, што аблямоўвалі цясніну, былі запэцканыя і паламаныя. Я лёг на жывот і праз завесу пырскаў пачаў углядацца ў прорву. Ужо сцямнела, і я бачыў толькі, як на чорных стромах тут і там зіхцела вільгаць, а ў глыбіні расколіны паблісквала, падаючы на дно, вада. Я крыкнуў, але да вушэй маіх данёсся толькі амаль чалавечы стогн вадаспаду.
І ўсё ж лёс падарыў мне некалькі развітальных словаў ад майго сябра і паплечніка. Як я ўжо казаў, альпеншток быў прыхілены да скалы, што ўразалася ў сцяжыну. І раптам на гэтым выступе я ўбачыў нешта бліскучае і зняў з яго срэбны партсігар, які мой сябар заўсёды насіў з сабой і з-пад якога цяпер вылецела тры аркушы. Я падняў іх і зразумеў, што яны вырваныя з блакнота Холмса і адрасаваныя мне. Як гэта падобна да Холмса — такі роўны, цвёрды і выразны почырк, нібыта ліст напісаны ў кабінеце!

“Мой дарагі Ўотсан, — гаварылася ў пасланні, — я пішу вам гэтыя радкі з ласкавага дазволу містэра Марыярці, які чакае мяне дзеля канчатковага высвятлення пытанняў, якія паміж намі засталіся. У агульных рысах ён апісаў мне спосаб, дзякуючы якому збег ад ангельскай паліцыі і даведаўся пра нашыя перамяшчэнні. Усё гэта толькі пацвердзіла маю высокую ацэнку яго здольнасцяў. Мне прыемна думаць, што я змагу вызваліць грамадства ад небяспекі, якою пагражае яго далейшае існаванне, хаця і баюся, што цана такога вызвалення прынясе маім сябрам, а асабліва вам, дарагі Ўотсан, боль. Аднак мая кар’ера, як я казаў раней, у любым разе дасягнула вяршыні, і мне здаецца, што больш годнага яе завяршэння ўявіць немагчыма. Калі быць да канца шчырым, то я не сумняваўся, што ліст з Майрынгена — падманка, але дазволіў вам адклікнуцца на просьбу, ведаючы, што ўсё скончыцца менавіта так. Перадайце інспектару Петэрсану, што патрэбныя для абвінавачання хеўры паперы ляжаць у маёй картатэцы пад літарай М, у сінім канверце з подпісам “Марыярці”. Усе распараджэнні адносна маёй маёмасці я зрабіў перад ад’ездам з Англіі і пакінуў у свайго брата Майкрафта. Перадавайце прывітанні місіс Ўотсан і помніце, мой дарагі сябра, што я застаюся
Шчыра вам адданы,
Шэрлак Холмс”.

Каб апісаць усё астатняе, хопіць некалькіх словаў. Эксперты агледзелі месца падзеяў і амаль не сумняваліся, што змаганне паміж двума людзьмі скончылася падзеннем счэпленых целаў у прорву. Зрэшты, іншы вынік наўрад ці магчымы. Пошукі парэшткаў плёну не прынеслі, і таму самы небяспечны злачынца і найвялікшы абаронца справядлівасці свайго пакалення навечна застануцца ў глыбіні вусцішнага катла, дзе віруе вада і бурліць пена. Маладога швейцарца так і не знайшлі — ён, без сумневу, быў адным са шматлікіх агентаў, якія працавалі на Марыярці. Што да хеўры, то грамадства надоўга запомніць, з якой відавочнасцю доказы, сабраныя Холмсам, выкрылі яе дзейнасць і якой моцнай рукой трымаў яе прафесар. Падчас працэсу жахлівага кіраўніка хеўры амаль не закраналі, і калі я спыняюся ў гэтай нататцы на яго ўчынках, то толькі праз неасцярожных абаронцаў, што спрабуюць абяліць яго памяць, нападаючы на чалавека, якога я лічыў і заўсёды буду лічыць найлепшым і найразумнейшым з усіх, каго я ведаў.
Пераклад з англійскай мовы.

Каментар

1. “Эцюд у пунсовых тонах” — першая аповесць пра Шэрлака Холмса (1887), у якой адбываецца яго знаёмства з доктарам Ўотсанам.
2. “Марская дамова” — апавяданне пра Шэрлака Холмса, якое выйшла ў часопісе “Стрэнд” на месяц раней, чым “Апошняя справа…” Абодва апавяданні ўвайшлі ў зборнік “Успаміны пра Шэрлака Холмса” (1894).
3. “Аднак выдадзеныя нядаўна лісты палкоўніка Джэймса Марыярці, у якіх той абараняе памяць свайго брата…” — у апавяданні “Пусты дом” Ўотсан згадвае імя самога прафесара Марыярці, і выяўляецца, што прафесара таксама завуць Джэймс. Гэта адна з шэрагу нестыковак у цыкле пра Шэрлака Холмса. У аповесці “Даліна жаху” брат прафесара Марыярці згадваецца зноў, але застаецца безыменным.
4. Дэпеша “Ройтэрс” — агенцтва “Ройтэрс” (Reuters) адкрыў у Лондане ў 1851 годзе нямецкі эмігрант Паўль Юліюс Ройтэр, які займаўся перадачай біржавых навінаў у еўрапейскія краіны з дапамогай тэлеграфа. Там, дзе кабель не быў пракладзены, ён выкарыстоўваў паштовых галубоў. З цягам часу офіс Ройтэра ператварыўся ў адно з найбуйнейшых міжнародных агенцтваў навінаў і фінансавай інфармацыі і з’яўляецца ім дагэтуль.
5. Нарбона — французскі горад у дэпартаменце Од за 12 км ад Ліёнскага заліва. Нім — французскі горад, прэфектура дэпартамента Гар, размешчаны на мяжы Праванса. Абодва гарады знаходзяцца на поўдні Францыі.
6. Холмс баіцца пнеўматычнай стрэльбы, бо яно страляе нашмат цішэй, чым звычайнае: куля з яго вылятае пад уздзеяннем газу пад ціскам.
7. Біном Ньютана — формула для раскладання на асобныя складнікі цэлай неадмоўнай ступені сумы дзвюх пераменных. Доўгі час лічылася, што для натуральных паказчыкаў гэтую формулу вынайшаў Паскаль, аднак яна была вядомая яшчэ кітайскім і арабскім матэматыкам. Ньютан каля 1676 года абагульніў формулу для адвольнага (адмоўны, дробны і г. д.) паказчыка ступені.
8. “Цяга да злачынства ў яго ў крыві, і надзвычайныя разумовыя здольнасці, замест таго каб дапамагчы пераадолець, толькі ўзмацнілі яе і зрабілі больш небяспечнай…” — тут Дойл адсылае да тэорыі Чэзарэ Ламброза (1835-1909), італьянскага турэмнага доктара-псіхіятра і заснавальніка антрапалагічнага кірунку крыміналогіі, які сцвярджаў, што цяга да злачынства — прыроджаная альбо атавістычная. Асноўная заслуга Ламброза ў тым, што ён перанёс акцэнт вывучэння са злачынства як дзеяння на чалавека як злачынцу.
9. “Вашыя лобныя косці развітыя менш, чым я мог чакаць…” — антрапалогія ХІХ стагоддзя ўсё яшчэ адчувала ўплыў псеўданавукі XVIII стагоддзя — фрэналогіі, у якой вывучалася залежнасць будовы чэрапа ад духоўных і ментальных здольнасцяў чалавека. Заўвага Марыярці магла пакрыўдзіць Холмса, які ў сваю чаргу адзначыў пукатасць ілба прафесара, што мусіла сведчыць пра выбітныя разумовыя здольнасці.
10. Бентынк-стрыт, Ўэлбэк-стрыт — гэтыя вуліцы сапраўды існуюць у Лондане і знаходзяцца за некалькі кварталаў ад Бэйкер-стрыт.
11. Хэнсам — двухколавы экіпаж з месцам для фурмана ззаду.
12. Лоўтэрскі пасаж — невялікі гандлёвы будынак з крамамі, збольшага цацачнымі.
13. Брогам — аднаконны двух- ці чатырохколавы экіпаж для двух ці чатырох чалавек.
14. “Наш цягнік спыняецца ў Кентэрберы, а параход звычайна як мінімум на чвэрць гадзіны затрымліваецца…” — кантынентальны цягнік праз Кентэрберы ідзе ў Дуўр, дзе знаходзіцца порт, адкуль у часы Дойла хадзілі параходы ў Кале (Францыя), расклад якіх быў падладжаны пад расклад экспрэса.
15. “Ну, далей у нас пачнецца гонка — спачатку да Ньюхэйвена, а адтуль — у Д’еп…” — Холмс і Ўотсан выправіліся на паўднёвы захад, дзе з Ньюхэйвэна маглі паромам трапіць у Д’еп (Францыя). Дарога з Ньюхэйвэна ў Д’еп істотна даўжэйшая за дарогу з Дуўра ў Кале.
16. Лэйк — горад у Швейцарыі ў даліне ракі Роны, аточаны маляўнічымі гарамі. Перавал Гэмі вядзе ад яго да Інтэлакена і вёскі Майрынген. Дойл быў аматарам лыжнага спорту і добра ведаў лыжныя курорты Швейцарыі і Нарвегіі.
17. Даўбен — маленькае высакагорнае возера, міма якога праходзіць перавал Гэмі.
18. Englischer Hof — ангельскі двор (ням.). У часы Дойла Майрынген быў папулярным месцам адпачынку сярод ангельцаў. Сам Дойл спыняўся там некалькі разоў. Цяпер у Майрынгене знаходзіцца музей Шэрлака Холмса.
19. Разэнлаў — маленькая вёска ў аднайменнай цясніне, дзе ў часы Дойла падарожнікі спыняліся адпачыць падчас вандровак у гарах.
20. Райхенбахскі вадаспад — адзін з найбуйнейшых альпійскіх вадаспадаў, які складаецца з некалькіх асобных каскадаў. Там усталяваная шыльда ў памяць пра “смерць” Шэрлака Холмса.
21. “Яна правяла зіму ў Давас-Плацы і акурат ехала да сяброў у Люцэрн, калі ў яе пачаўся крывацёк…” — жонка Дойла пакутавала на туберкулёз, і таму гэтая хвароба часта з’яўляецца ў творах пісьменніка. Давас-Плац — раён курортнага гарадка Давас, дзе зімой дагэтуль лечацца людзі з хваробамі лёгкіх. Люцэрн — горад у Швейцарыі, размешчаны ў цэнтры Швейцарскага плато.