12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Віктар Корбут - Сяргей Запрудскі

_____________________
"Мова ўтвараецца ўжываньнем".
Гутарка з Сяргеем Запрудскім

Самая гучная “моўная” навіна апошняга часу – нават не беларускамоўная рэклама некалькіх заходніх фірмаў (“Samsung”, “Panasonic”), а выданьне зводу правілаў дарэформавай беларускай арфаграфіі (яе яшчэ называюць “класічнай”, або “новакласічнай”, а найчасьцей проста “тарашкевіцай”). У складзе творчай групы праекту – Вінцук Вячорка, Зьміцер Санько, Зьміцер Саўка і Юрась Бушлякоў.
“Тарашкевіца” – гэта ня ўмоўнасьць, а рэальна дзейная сістэма арфаграфіі, якая выступае і як маркер грамадска-палітычных сімпатыяў. Гэтым самым “наркамаўка”, або “афіцыйная” арфаграфія, нібы супрацьстаіць “неафіцыйнай”, і менавіта “ня­згода” між імі стварае пэўныя праблемы для беларускай мовы ўвогуле. Прыхільнікі дзьвюх “сістэмаў” стаяць цьвёрда на сваіх пазіцыях і пакуль не наважаныя саступаць адно аднаму.
Тым часам сёньня патрэбны нармальны, сапраўды агульна­прыняты беларускі правапіс, у якім акумуляваліся б дасягненьні “парэформавага” перыяду і тое істотнае для мовы, што выпала з яе арфаграфічнай сістэмы ў 1933 г.
Што цяпер могуць прапанаваць навукоўцы? Пра гэта – гутарка з Сяргеем Запрудскім, дактарантам кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ, кандыдатам філалагічных навук. У яго – свой погляд на вырашэньне “балючых” пытаньняў беларушчыны.

– Вы займаецеся найперш гісторыяй 20–30-х гадоў ХХ ст., і, пэўна ж, адзначалі шмат падобнага ў праблеме ўспрыманьня беларускай мовы раней і цяпер. Калі коратка: чым блізкія дзьве эпохі і чым яны розьняцца?
– Мне перадусім кідаюцца ў вочы ад­розьненьні. Першае зьвязанае з неадноль­кавым сацыялінгвістычным статусам бе­ла­рускай мовы ў 20-я – 30-я гады і сёньня. Тады яна ўсё ж была моваю большасьці насельніцтва Беларусі, цяпер яна хутчэй мова меншасьці. Адпаведна, у праваднікоў моўнай палітыкі дый ува ўсіх грамадзянаў у 20-я гады практычна не было сумневаў наконт таго, што беларуская мова можа стаць штодзённаю моваю большасьці. Цяпер, пасьля адкрытай і схаванай русіфікацыі 30-х – 80-х гадоў, дэмаграфічны патэнцыял беларускай мо­вы значна аслабеў. Моўная палітыка ў 20-я праводзілася ва ўмовах, калі беларускае грамадства было пераважна вясковае, не было вялікай колькасьці газетаў, тэлевізіі, Інтэрнэту. Калі казаць пра падабенства, то, вядома, у нейкім сэнсе блізкія два перыяды “беларусізацый”: 1924 – 1933 гг. і 1990 – 1994 гг. Падабенства тут у тым, што ў 20-я гады і ў пачатку 90-х палітыка садзеяньня беларускай мове была абвешчана афіцыйна і рабіліся рэальныя захады, скіраваныя на паляпшэньне яе статусу. Падабенства і ў тым, што ў Беларусі і дагэтуль ёсьць досыць вялікая колькасьць людзей, якія мяркуюць, што бяз мовы няма народу. А гэта надае беларускай мове вельмі сьпецыфічнае месца ў працэсе сучаснага грамадскага разьвіцьця.
– Па-вашаму, мове пагражае гібель, ці яна працягне сваё існаваньне ў цяперашнім стане – як мова літаратуры, мастацтва, часткі інтэлігенцыі? Ці магчымыя іншыя варыянты разьвіцьця сітуацыі?
– Паводле даведніка “Этнолаг” Б.-Ф. Граймс, у сьвеце існуе больш за 6800 моваў і дыялектаў. Іх колькасьць, аднак, імкліва скарачаецца, і, згодна з некаторымі песі­містычнымі прагнозамі, на працягу найбліжэйшых 100 гадоў зьнікнуць 80-90% моваў сьвету. Гінуць пераважна “малыя” мовы, колькасьць носьбітаў якіх не перавышае некалькі дзясяткаў або сотняў чалавек. Ці застанецца беларуская мова ў ліку тых 700 – 1400, якія захаваюцца ў ХХІІ стагоддзі? Я думаю, застанецца. Гэта адбудзецца “механічна”, бо існуе значны вясковы беларускамоўны арэал, які ня зможа на працягу 100 гадоў цалкам замяніць беларускую мову ў камунікаваньні нейкай іншай. Гэта адбудзецца і “сьвядома”, праз сьветагляд, уласьцівы пэўнаму слою маладых адукаваных гарадскіх жыхароў, для якіх беларуская мова ёсьць вялікая культурная каштоўнасьць. Такіх людзей цяпер нямала, і яны будуць рабіць усё, каб яна, нягледзячы на любую неспрыяльную сітуацыю, заставалася жывым сродкам зносінаў як мінімум у іхніх сем’ях і перадавалася ад пакаленьня да пакаленьня.
Ці можа беларуская мова выйсьці за межы літаратурна-інтэлігенцкага дыскурсу? Пры пэўным спрыяльным зьбегу абставінаў гэта, натуральна, можа адбыцца. Уласна моўных перашкодаў гэтаму не існуе. Беларуская мова ўжо цяпер добра разьвітая, і калі будзе патрэба, зможа досыць шпарка прыстасавацца да ўжываньня ў розных сферах, у якіх яна цяпер не выкарыстоўваецца. Калі складзецца такая сі­туацыя, што для грамадства з нейкіх прычынаў будзе непрымальным, што яго армія або, скажам, суддзі гавораць не па-беларуску, то гэтая праблема можа быць вырашаная. Але, напрыклад, у сферы навукі нават у найлепшым выпадку беларуская мова будзе вымушаная дзяліць дыяпазон свайго дзеяньня з іншымі, занальнаю расейскаю і міжнароднаю ангельскаю мовамі – проста таму, што дасягненьні беларускіх навукоўцаў маюць быць даступныя навукоўцам іншых краінаў. У цэлым уважаюць, што чым большая колькасьць сфераў “падуладная” мове, чым у меншай ступені яна дзеліцца сваімі “паўнамоцтвамі” ў гэтых сферах з іншымі мовамі, тым больш яна жывучая. З гэтага гледзішча прагноз для беларускай мовы, хутчэй, трывожны. Магчымыя, вядома, розныя варыянты – аптымістычныя, песімістычныя і цэлы шэраг “прамежкавых” – але іх абмеркаваньне (міжволі сьпекулятыўнае) вымагала б шмат часу і месца.
— У зьвязку з гэтым — ці адбіваецца на прэстыжнасьці мовы і яе пашырэньні вядомы разнабой у правапісе?
– Адбіваецца. Гістарычна так склалася, што сярод жыхароў Беларусі пераважае меркаваньне, што культурная стандартная мова павінна быць досыць добра ўніфікаваная. Калі ў мове ёсьць нейкая неаднастайнасьць, “розначытаньні”, то гэта нібы непаўнавартасная мова. Гэткі погляд сфармаваўся таму, што мы знаходзімся пад уплывам падыходаў, усталяваных у расейскай стылістыцы, дзе існуе досыць строгая іерархія моўных сродкаў. Між тым ёсьць нямала рэгіёнаў і моваў, дзе да моўнай разнастайнасьці ставяцца досыць талерантна. Існуе шэраг “нармальных” двухварыянтных моваў тыпу албанскай, нарвежскай, грэцкай, армянскай, курдскай, рэтараманскай ды інш. Ёсьць і краіны, дзе “насуперак” наяўнасьці стандартнай мовы ў рэальным жыцьці пераважае зусім не яна, а нейкія іншыя моўныя ўтварэньні. Напрыклад, у нямецкамоўнай частцы Швейцарыі і ў нямецкамоўным жа Люксембургу людзі гавораць не на літаратурнай мове, а на дастаткова адрозных ад яе і практычна незразумелых немцам швейцарска-нямецкай і люксембургскай. Здавалася б: маюць “вялікую і магутную” нямецкую мову, маглі б перайсьці на яе… Але гэтага не адбываецца. Швейцарцы лічаць, што бяз іхняй швейцарскай версіі нямецкай мовы яны будуць як бы несапраўднымі швейцарцамі. Зусім ня тужаць з прычыны таго, што яны звычайна гавораць не на “правільнай” італьянскай, жыхары Італіі. Практычна “бязьмежная” норма бразільскай партугальскай мовы. Што да нормаў у нарвежскай, то ў навуковай літаратуры ў дачыненьні да іх ужо выкарыстоўвалася слова “хаос”. І што ж: нехта стане сумнявацца ў наяўнасьці самастойнай нарвежскай мовы?
У беларускай сітуацыі, дзе моцна прышчапілася ўяўленьне аб тым, што норма павінна быць адна, што яна павінна быць непарушная, арфаграфічнае вар’іраваньне можа быць (і ёсьць) перашкодаю для пераходу на беларускую мову некаторых ра­сейскамоўных, якія пабойваюцца гэтай складанай сітуацыі з нормамі ў беларускай. Логіка іхніх развагаў гэткая: калі ў беларускай мове не зразумела, што ёсьць норма (а валоданьне нормай ёсьць неад’емная частка валоданьня мовай), прасьцей заставацца пры сваёй расейскай, у якой норма даволі выразная.
— Як жа, на вашую думку, больш і лепш па-беларуску: лёзунг ці лозунг, кляса ці клас?
– Гэта клопат дылетантаў маркіраваць адны моўныя сродкі як асабліва “правільныя”, “добрыя”, “прыгожыя”, а іншыя – як “няправільныя”, “благія”, “непрыгожыя”. Навукоўцы ведаюць, што самі па сабе формы кшталту лёзунг або кляса ня могуць быць “лепшымі” або “горшымі” ў параўнаньні з формамі лозунг і клас. Прыхільнікі той або іншай арфаграфічнай нормы імкнуцца давесьці, што менавіта тыя формы, якім яны аддаюць перавагу, “больш правільныя”, “лепшыя” ды г. д., але… да навукі гэта мае толькі ўскоснае дачыненьне.
Формы кшталту лёзунг або кляса ўвайшлі ў беларускую мову (да ХХ ст.) праз пасярэдніцтва польскай мовы, лозунг і клас – у ХХ ст. праз расейскую. Мове не супрацьпаказаная ні норма з мяккім л (на працягу 1918 – 1933 гг. яна трымалася бяз нейкіх ускладненьняў, была агульнапрынятая), ні цяперашняя, з л цьвёрдым. Гэткім чынам, перавага адных формаў перад другімі ў гэтым разе пытаньне не навуковай, лінгвістычнай спрэчкі, а праблема культурна-палітычнай арыентацыі спрэчнікаў. Тыя, хто схіляецца да заходняй арыентацыі, гатовыя змарнаваць тоны атраманту, намагаючыся аргументаваць, што формы лёзунг і кляса – гэта сьведчаньне спрадвечнай заходняй (еўрапейскай) арыентацыі беларускага народу. Яны, напэўна, ня ведаюць, што ў самой польскай мове, якая ў гэтым выпадку выступае як прыклад для перайманьня, спрадвечнасьць формаў тыпу filozof, filolog можа аспрэчвацца (гэта рабіў, напрыклад, Аляксандр Брукнэр у сваёй кнізе “Барацьба за мову”). “Усходнікі” ж, наадварот, не мудруючы, давядуць вам, што правільна па-беларуску будзе клас і лозунг і ў аніякім разе ня лёзунг або кляса. Абедзьве партыі шчыра вераць у сваю рацыю… Але хіба можна ў нечым пераканаць вернікаў? Навуцы ў гэтай спрэчцы месца практычна няма…
– Чаму “дарэформавая” мова сёньня так трывала захоўвае свае пазіцыі? Ці гэта даніна нейкай традыцыі, ці звычка? Чаму пісаць і гаварыць як да 1933 г. стала ў свой час модна? І чаму гэта, як ні парадаксальна, выклікае шмат у каго непрыманьне? Ці мае гэта навуковае вытлумачэньне?
– Я ня думаю, што дарэформавы правапіс надта трывала захоўвае свае пазіцыі. У красавіку 1999 году на старонках “Нашай нівы” мне ўжо даводзілася выказваць свой скепсіс з нагоды магчымасьці хутка і беспраблемна ўвесьці “тарашкевіцу”. З таго часу прайшло пяць гадоў, а “тарашкевіцай” як карысталася вузкае кола інтэлектуалаў, гэтак і карыстаецца. Я не прыкмеціў, што сфера яе ўжытку пашырылася. Хіба на ёй выходзіць вялікая колькасьць газетаў і часопісаў? Хіба ёю карыстаюцца ў школе? Колькі пісьменьнікаў (як-ніяк знаўцы мовы) пільнуюцца нормаў “тарашкевіцы”? Колькі сяброў Беларускага народнага фронту? Колькасьць гэтых людзей, мне здаецца, невялікая. Вядома, мне запярэчаць, што прычыны павольнай заваёвы “тарашкевіцай” розных сфераў палітычныя і напомняць славуты судовы працэс 1998 году з нагоды выкарыстаньня “тарашкевіцы” газетай “Наша ніва”. Аднак нельга ня бачыць і тэндэнцыі вяртаньня да сучаснага правапісу пасьля пэўнага перыяду выкарыстаньня “тарашкевіцы”. Нябожчык Ігар Гермянчук, рэдактар колішняй газеты “Свабода”, у свой час адмовіўся ад “тарашкевіцы” і перайшоў на сучасную арфаграфію (і гэта нягледзячы на тое, што ў пачатку 90-х яго газета была на чале “арфаграфічнай рэвалюцыі” ў Беларусі!). Гэткі “дрэйф” колькі гадоў таму быў прыкметны і ў пісьменьніцкіх часопісах, якія пасьля кароткачасовага пе­рыяду захапленьня “тарашкевіцай” у канцы 80-х – на пачатку 90-х самі вярнуліся да “чарнушэвіцы” (Так С. Запрудскі прапануе менаваць правапіс, устаноўлены ў 1933 годзе – паводле імя наркама асьветы БССР Чарнушэвіча. — В.К.). Часопіс “Дзеяслоў” з “тарашкевіцы” ўзяў толькі славуты мяккі знак і абазначэньне “яканьня” ў выпадках тыпу ня буду, бяз веры. Сёньня нават “Arche” дазваляе на сваіх старонках сучасную арфаграфію. Калі людзі ў Беларусі ведаюць беларускую нарматыўную мову, дык менавіта і хутчэй “чарнушэвіцу”, а не “тарашкевіцу”. Выкарыстаньне нядрэнна ўніфікаванай, “салідарнай” нормы сучаснай беларускай мовы, якой вучаць у школе і якою шмат хто валодае, мае досыць істотныя перавагі: як-ніяк гэта норма многіх людзей.
Захаваньне “тарашкевіцы” (у вельмі вузкім сектары грамадства) сапраўды дані­на пэўнай традыцыі. Гларыфікатары колішняй арфаграфіі надта многа высілкаў паклалі дзеля яе папулярызацыі, каб зараз ад яе адмовіцца. Яны ж ужо “давялі”, што менавіта “тарашкевіца” – гэта “сапраўдная”, “культурная” і “правільная” беларуская мова, а не “дзеравяная”, “саветызаваная” “наркамаўка”. Паводле іх, што ні напішы “тарашкевіцай”, гэта будзе ўзвышана і цудоўна. А як карыстаешся “наркамаўкай” – то выходзіць нейкая лухта? Прыхільнікі “тарашкевіцы” падзялілі носьбітаў беларускай літаратурнай мовы на прагрэсіўных “юзэраў” “тарашкевіцы” і “саўкоў”, якія карыстаюцца “наркамаўкаю”. Авалоданьне “тарашкевіцай” стала для многіх, найперш для маладых, людзей пэўным спосабам самасьцьвярджэньня: сам факт пісаньня лёзунг заміж лозунг, паводле іхняга меркаваньня, нейкім містычным чынам надае іх творам адмысловы сэнс. Усё гэта ня больш як прапаганда, і ў гэтым усім вельмі мала праўды. Сярод карыстальнікаў “тарашкевіцы” вялікая колькасьць неафітаў, людзей, якія вывучылі беларускую мову нядаўна. А тут да іх трапляе “тарашкевіца”, валоданьне якою атаясамлена з высокаю культураю і інтэлектам. Вывучы “10 памятак беларускага правапісу” Вінцука Вячоркі – і ты ўжо беларускамоўны найвышэйшага гатунку, а ня нейкі “калгасьнік”. Прывабная простасьць, ці ня так? Карыстаньне “тарашкевіцаю” часта зьвязанае з піжонствам, элітарнасьцю, беспадстаўным жаданьнем выдаць сябе разумнейшым ад іншых – і таму яно часта паддаецца астракізму ў грамадстве…
— Неаднаразова даводзілася чуць ад расейскамоўных гэткае меркаваньне: маўляў, словы паводле “тарашкевіцы” гучаць прыгажэй, больш вытанчана, мягчэй за “наркамаўку”. Дый, дазвольце зацеміць: карыстальнікі “тарашкеві­цы” зусім не суцэльна неадукаваныя піжоны. Я нават сказаў бы – гэта почас­ту людзі вельмі адукаваныя. “Наша ніва” часу Сяргея Дубаўца была інтэлектуальная, надта “завумная” для бальшыні газета. Гэты статус падтрымліваў у тым ліку і адмысловы правапіс. Але нельга і з вамі не пагадзіцца: “тарашкевіца” дазваляе таму-сяму заяўляць, што ён, бач, валодае “сапраўднаю” моваю, насамрэч жа – гэта нярэдка толькі апраўданьне собскай непісьменнасьці. Мабыць, варта высьветліць, што ж вызначае высокі ўзровень валоданьня беларускаю моваю ў таго, хто ёю гаворыць і піша.
– Тут, вядома, хацелася б ведаць, што менавіта падабаецца расейскамоўным у “тарашкевіцы”. Ці гэта вымаўленьне тыпу сьнег, дзьверы? Ці вымова ня буду, бяз кнігі? А можа, гэта лёзунг, клюб, сыстэма, сымбаль, унівэрсытэт, мэтодыка ці што-небудзь яшчэ?
Калі камусьці падабаецца арфаэпія лёзунг, кляса, сыстэма, сымбаль, унівэрсытэт, мэтодыка, бэтон, то гэта, мяркую, у значнай ступені вызначаецца суб’ектыўным густам. Вымаўленьне лозунг, клас, сістэма, сімвал, універсітэт, методыка, бетон само па сабе ні на каліва ня горшае, ня кажучы ўжо пра тое, што пра мяккасьць больш дарэчы гаварыць у тым выпадку, калі мы вымаўляем паводле афіцыйнай нормы, але не сыстэма, мэтодыка, бэтон ды да т. п. Зрэшты, прыгожым і вытанчаным вымаўленьне кшталту лёзунг, кляса, сыстэма, сымбаль, унівэрсытэт, мэтодыка можа здавацца таму, што гэтак цяпер практычна ніхто не вымаўляе (з выняткам хіба заходняй дыяспары): як небанальнае, можна сказаць, унікальнае, яно хоцькі-няхоцькі можа выглядаць як вытанчанае, элітарнае.
Калі камусьці падабаецца “тарашкевічаўскае” вымаўленьне кшталту сьнег, дзьверы, дык я з ім салідарны, бо менавіта гэткае вымаўленьне нарматыўнае. Але тут няма разыходжаньня між вымаўленчаю нормаю “тарашкевіцы” і “чарнушэвіцы”. Праўда, вядома, што ў гэтым выпадку беларускамоўныя (перадусім “новыя”) часта гэтай нормы не дапільноўваюць. Я ня маю пэўнасьці, што змагацца з гэтаю заганаю варта праз выпраўленьне арфаграфіі. Лепш было б надаць гэтай адметнасьці арфаэ­піі належную ўвагу ў працэсе школьнага навучаньня.
Мне здаецца, у вымаўленьні і напісаньні кшталту лёзунг, кляса, сыстэма, сымбаль, унівэрсытэт, мэтодыка можна было б бачыць ня нейкі паўнацэнны варыянт (пагатоў асабліва “правільны”, які мае “замяніць” існы) беларускай мовы, але элементы нейкай новай і больш гнуткай стылістычнай сістэмы беларускай мовы. “Тарашкевіца” ў гэткім выпадку магла б атрымаць афіцыйны (але пакуль, мабыць, факультатыўны) статус нейкага стылістычнага “рэгістру”, прызначанага для пэўных сьпецыфічных мэтаў (напісаньня мастацтвазнаўчых працаў або артыкулаў на нацыянальныя тэмы з вялікаю доляю рэфлексіі або рыторыкі, урачыстых публічных выступаў у асабліва патрыятычных аўдыторыях і да т. п.). Між іншым, яшчэ за савецкім часам у беларускай лінгвістыцы было заўважана (гл.: Фанетыка слова ў беларускай мове. Мн., 1983. С. 134), што “ва ўзнёслым маўленні” у “даволі вялікай групе слоў” (газэта, фізычны, універсытэт, кансэрваторыя) “часта” на месцы мяккага зычнага вымаўляецца цьвёрды. Калі гэта так, то чаму замест таго, каб змагацца з такім вымаўленьнем, не надаць яму нейкі афіцыйны статус? Калі “тарашкевіца” выкарыстоўваецца ў пісьмовых тэкстах, то чаму – згодна з гэтай рэальнасьцю – не знайсьці адпаведнага ёй месца ў сістэме выяўленча-пісьмовых сродкаў беларускай мовы? Такі падыход, мне здаецца, мог бы спрыяць аслабленьню канфрантацыі паміж двума арфаграфічна-вымаўленчымі варыянтамі беларускай мовы.
Высокі ўзровень валоданьня моваю, як вядома, вызначаецца валоданьнем яе нормамі. Тут нічога новага я дадаць не магу. Зрэшты, беларуская сітуацыя, у якой многія беларускамоўныя – гэта ўчарашнія расейскамоўныя, дадае сваё адценьне. У нас можа лічыцца, што добра валодае беларускаю моваю ня той, хто ўсяго толькі добра ведае яе нормы, але той, хто – насуперак часам “урэзаным” афіцыйным нормам – валодае нейкімі прыёмамі, якія маюць дачыненьне да багацьця мовы – ведае пэўныя сьпецыфічныя канструкцыі, адметныя словы або фразеалагічныя абароты, актыўна валодае сінанімікаю. У цэлым ва ўсіх славянскіх мовах за апошнія 15 гадоў нормы сталі менш строгімі, “расхістанымі” – беларуская тут ня вынятак. Сьпецыфіка беларускай сітуацыі заключаецца ў наяўнасьці двух (далёка “нераўнаважных”) арфаграфічных варыянтаў, і тут я параіў бы ўсё ж добра ведаць афіцыйна прынятую норму. Калі нехта хоча яшчэ авалодаць “тарашкевіцай”, гэта таксама будзе добра, але ніхто з тых, хто ня ведае “тарашкевіцы”, не павінен думаць, што ён не валодае беларускаю моваю.
Наркамаўка, або, як вы яе мянуеце, чарнушэвіца, — гэта правапіс, прыняты ў той час, калі Беларусь была ў складзе Савецкага Саюзу, г. зн. арыентавалася на Усход, на Расею. Тарашкевіца ў Заходняй Беларусі стала пэўнага кшталту сімвалам заходніцтва, той самай славутай еўрапейскасьці. Правапіс стаў маркерам палітычных прыхільнасьцяў чалавека. Тарашкевіца існавала як афіцыйная норма ў 1941 – 1944 гг., на эміграцыі. Цяпер – гэта сімвал “іншай” Беларусі, несавецкай, непрарасейскай. Як іншы герб, сьцяг, гімн, урэшце. Ці можна адмовіцца ад такога сімвалу? Ці магчымы кампраміс між дзьвюма, скажам шчыра, ідэалогіямі?
– Я ня думаю, што пасьля 1933 году ранейшы правапіс сімвалізаваў еўрапейскасьць. Ці сімвалізаваў ён антысавецкасьць, антыкамуністычнасьць? Бясспрэчна, так. Але дыскурс Еўропы ўзьнік у беларускім грамадстве ў асноўным не раней як на пераломе 80-х – 90-х гадоў. Згодзен з тым, што “тарашкевіца” – гэта ў нейкай ступені сімвал “іншай” Беларусі, несавецкай, непрарасейскай. Але я, па-першае, ня думаю, што “іншая”, несавецкая і непрарасейская Беларусь ня можа грунтавацца на цяперашнім правапісе. Да таго ж савецкая і, калі хочаце, прарасейская Беларусь 20-х – 80-х гадоў карысталася ня толькі “наркамаўкаю”. Адзінай магчымай арфаграфіяй у савецкай Беларусі да восені 1933 году была менавіта “тарашкевіца”, калі пра “наркамаўку” яшчэ ніхто ня чуў. Займаючыся гісторыяй правя­дзеньня рэформы 1933 году, я прачытаў шмат газетаў таго часу, на старонках якіх партыйныя функцыянеры ўкрыжоўвалі нацыянальную інтэлігенцыю і сялянства, разьвівалі і мацавалі новую камуністычную ідэалогію. Там (“кандоваю” “тарашкевіцаю”) пісалася пра “невыстарчальную клясавую старожкасьць”, “гэнэральную лінію партыі” ды іншыя пэрлы агітпропу таго часу. З іншага боку, хіба “лімаўскія” артыкулы Дубаўца 80-х, вершы Разанава або прозу Арлова таго ж часу, апублікаваныя “наркамаўкаю”, з прычыны іх “дубовасьці” (прабачце за міжвольны каламбур) варта ігнараваць, сьпісваць у архіў? А ці не дасягала еўрапейскіх вышыняў быкаўская проза 70-х – 80-х, надрукаваная “наркамаўкай”? Мне здаецца, што многім цяперашнім “тарашкевічаўскім” аўтарам пакуль ня варта дужа высока ўзносіцца да нябёсаў, бо высокія “еўрапейскія” якасьці іхніх тэкстаў пакуль яшчэ толькі вымагаюць пацьвярджэньня.
Па-другое, я ня думаю, што агулам добра прышпільваць да нейкага арфаграфіч­нага варыянту палітызаваны ярлык. (Тое, што таўро “наркамаўкі” ці “тарашкевіцы” відавочна палітызаванае, тлумачыць, спадзяюся, ня трэба.) Беларуская мова – гэта здабытак усіх беларусаў (і небеларусаў): “еўрапейцаў” і “еўразійцаў”, камуністаў і дэмакратаў, “заходнікаў” і “ўсходнікаў”. Падзяліць (у значнай ступені штучна, наўмысна) адну супольную мову паводле ідэалагічнай прыкметы – гэта значыць наканаваць кожнаму з яе ідэалагізаваных варыянтаў няпоўнае ўжываньне ў грамадстве, бо кожны з гэтых варыянтаў напэўна будзе адхілены процілеглым бокам. Людзям, якія агрэсіўна вызнаюць “тарашкевіцу” альбо “наркамаўку”, здаецца, незнаёмы такі панятак, як салідарнасьць. Яны думаюць, што калі ня будзе беларускаю моваю, да прыкладу, “тарашкевіца”, дык хай ужо зусім ня будзе ніякай беларускай мовы. Гэткі падыход, мякка кажучы, неканструктыўны. Нейкія беларускія палітычныя сілы імкнуцца на Захад, а нейкія – на Усход. На здароўе! Прычым тут мова, якую спрабуюць зрабіць інструментам дасягненьня (але фактычна робячы ахвярай) палітычных мэтаў?
Кажучы пра сімвалічную функцыю мовы накшталт гэткай жа ў гербу, сьцягу або гімну, заўважу, што калі праблема зьмены аднаго гербу, сьцягу, гімну іншым у нейкай ступені перадусім “тэхнічная” (ужо заўтра можна было б выдаць указ пра вяртаньне бела-чырвона-белага сьцягу і завяршыць ледзь ня ўсе справы, зьвязаныя з гэткаю заменаю, на працягу месяцу), дык праблему “замены” аднаго моўнага варыянту іншым тэхнічна нашмат больш складаная, і гэта вымагала б некалькіх гадоў або дзесяцігоддзяў. Зрэшты, у Грэцыі спрабавалі выкараняць іх грэцкую “наркамаўку” (дымотыку) на працягу паўтара стагоддзя, аж да канца 70-х гадоў ХХ ст. Стартавая пазіцыя ў “грэцкай тарашкевіцы” (кафарэвусы) на пачатку ХІХ ст. была больш спрыяльная, чымся ў яе беларускага адпаведніка. Тым ня менш вялізарная праца, скіраваная на выцясьненьне дымотыкі і замену яе кафарэвусай, аказалася ў значнай меры сізіфавай. Арфаграфія надта “цяжкапад’ёмная” ў якасьці простага сімвалічнага сродку, бо яе ўжываньне шчыльна зьвязанае з рэгулярным узнаўленьнем некаторых матэрыяльных рэчаў: тысячы, мільёны дзяцей у школах штодня пішуць геаметрыя, клас, біялогія, і патрэбныя немалыя высілкі, каб яны ўрэшце гэтак жа дружна і беспамылкова сталі пісаць геамэтрыя, кляса, біялёгія і г. д.
Тарашкевіца стала “пакутніцаю” за мову, яе самабытнасьць, апрычонасьць, як сказаў бы Ян Станкевіч…
– Калі гэткае меркаваньне і ўкаранілася ў нейкім сектары грамадства (як я мяркую, досыць вузкім), дык гэта найперш дзякуючы актыўнасьці “тарашкевічаўскіх” прапагандыстаў. Добрым дарункам ім ад улады быў судовы працэс 1998 году над газетаю “Наша ніва” за выкарыстаньне “няправільнага” правапісу. Гэты працэс газета выйграла дзякуючы таму, што некалькі сур’ёзных навукоўцаў напісалі эксьпертныя заключэньні, у адпаведнасьці з якімі нельга было караць газету за выкарыстаньне старой арфаграфіі. Прапагандысты “тарашкевіцы” здабылі з гэтага працэсу максімальна магчымы капітал. Гэта ж ня жарт, калі сама міжнародная арганізацыя “Article 19” падала свой голас у знак пратэсту супраць таго, што ў Беларусі ўціскаецца права на свабоду карыстацца “тарашкевіцаю”. А ўспомніце эфектны загаловак “Мова на лаве падсудных” адной з публікацыяў, у якім правапіс атаясамлены з самой мовай.
Між тым, выкарыстаньне “тарашкевіцы” ў тым выпадку было ня больш як нагодаю, каб вынесьці папярэджаньне “Нашай ніве”. Насамрэч улады былі занепакоеныя ня гэтулькі выкарыстаньнем “Нашай нівай” “тарашкевіцы”, як пэўнымі публікацыямі, што зьявіліся на яе старонках. Улады мелі б падставы быць незадаволенымі газетаю, калі б гэтыя артыкулы друкаваліся ў “Нашай ніве” нават па-расейску. Тут, несумненна, мы сутыкаемся са зьяваю, якая па-ангельску называецца hidden agenda (‘таемны сэнс’). У прапагандысцкім плане вельмі выгадна схематызаваць сітуацыю, максімальна спрашчаючы яе да слоганаў (кшталту “тарашкевіца” – пакутніца за беларускую мову, а “наркамаўка” – не”). Але хіба ў 30-я – 80-я гады ў БССР не ўціскалася “наркамаўка”? А хіба не на ёй ствараліся ў 80-я вядомыя лісты беларускай інтэлігенцыі? А цяпер “афіцыйная” беларуская мова хіба ў фаворы?
— Прывяду цікавы прыклад, магчыма, у нечым нават тыповы. У сярэдзіне 90-х, калі выкладаньне ў школах было яшчэ пераважна беларускамоўнае, нярэдка даводзілася чуць скаргі на тое, якая “дубовая” беларуская мова выкладаньня. Тады тарашкевіца была альтэрнатываю гэтаму “застою”, “неразьвітасьці”. Еўропа супраць усё таго ж “саўка”. Якія манеўры мае зрабіць цяперашні агульнапрыняты стандарт беларускай мовы, каб давесьці свае перавагі перад тарашкевіцаю?
– Школьная праграма з літаратуры прапануе вучням ня той або іншы правапіс, але набор тых або іншых тэкстаў тых або іншых аўтараў. Калі верш дрэнны, а апа­вяданьне прымітыўнае, дык іх не ўратуюць ніякія арфаграфічныя стараньні. Я спадзяюся, што ў пераважнай бальшыні літаратурных твораў, што вывучаюцца ў школе, мова добрая або нават вельмі добрая.
Іншая, і вельмі сьпецыфічная сітуацыя з праграмаю па беларускай мове. Скажу некалькі словаў пра ілюстрацыйны матэрыял, зьмешчаны ў практыкаваньнях з мовы. Спашлюся тут на свой досьвед. У сярэдзіне 90-х гадоў я пэўны час выкладаў беларускую мову ў лінгвістычным універсітэце і выкарыстоўваў падручнік, які меў (думаю, і мае) досыць неблагую рэпутацыю як своеасаблівы “падручнік новага пакаленьня”. На адным з заняткаў і я, і студэнты (там былі пераважна студэнткі) адчулі выразны дыскамфорт. Што сталася? Мы разьбіралі нейкае практыкаваньне, і ў першым сказе там быў нехта, хто прабег “па загуменьню”, у наступным – падманутая цяжарная вясковая дзяўчына, у трэцім – нямы пастушок, у чацьвёртым – “рыпучыя сялянскія колы”, у пятым – гной або нешта ў гэткім духу. І г. д. і да т. п. Але ж мы былі ў вялікім горадзе, я быў гараджанін, дый бальшыня студэнтак, мабыць, былі як мінімум напаўгарадскія! У працэсе навучаньня і вучні, і, асабліва, студэнты ня надта часта сутыкаюцца з беларускаю моваю. Але ў выніку гэтага навучаньня дзякуючы багацьцю ілюстрацыйнага матэрыялу, узятага з традыцыйных твораў па беларускай літаратуры (у масе сваёй “вясковых”), у навучэнцаў могуць падсьвядома выпрацоўвацца трывалыя асацыяцыі беларускай мовы з чымсьці адсталым, несучасным. Я думаю, цяперашнім складальнікам розных моўных практыкаваньняў варта сьпецыяльна парупіцца пра тое, каб моўны матэрыял у іх дапаможніках быў больш прывабны. Тады і ня будзе здавацца, што ўсе беларускія літаратурныя героі ходзяць у старым дзядулевым пільчаку…
Канфлікт паміж дзьвюма арфаграфічнымі нормамі не ідзе на карысьць беларускай мове ў цэлым…
– У адной са сваіх працаў вы прывялі цэлы сьпіс выпадкаў моўнага вар’іраваньня. Усе разам яны ствараюць уражаньне, што ёсьць дзьве, а то і некалькі беларускіх моваў. Прывяду толькі некаторыя прыклады: дача – лецішча, чай – гарбата, напітак – напой, прахожы – мінак, працэнт – адсотак, вопыт – досьвед, поезд – цягнік, член – сябра, туалет – прыбіральня, кафэ – кавярня, забастоўка – страйк, магазін – крама, савет – рада, выключэньне – вынятак, пісьмо – ліст, Германія – Нямеччына, ня кажучы ўжо пра іншыя моўныя “тонкасьці”. Як патэнцыйнаму “юзэру” разабрацца ў гэтай “разнастайнасьці”?
— Паводле самых сьціплых падлікаў у беларускай літаратурнай мове існуе ня менш за 200 тысячаў словаў. І калі нават для шэрагу з гэтых словаў (уявім, што іх колькасьць будзе 500 або нават 1000; у маім сьпісе лексічных варыянтаў было 61) існуюць іншыя, цалкам эквівалентныя, лексемы, мы ня маем падставаў казаць пра дзьве асобныя беларускія мовы. Шэраг моўных варыянтаў можа быць дыферэнцыя­ваны сродкамі стылістыкі (прыкладам, формы адсотак, страйк, Нямеччына наўрад ці, на маю думку, могуць прэтэндаваць на тое, каб лічыцца стылістычна нейтральнымі). У іншых выпадках гэтая стылістычная розьніца між прыведзенымі формамі цяжка выяўляецца або яе няма зусім. Гэта сьпецыфіка беларускай мовы, якая праз неспрыяльныя ўмовы функцыянаваньня ў шэрагу выпадкаў ня здолела натуральным чынам дасягнуць жаданай стылістычнай дыферэнцыяцыі (яшчэ раз нагадаю: мова ўтвараецца ўжываньнем). Каб разабрацца ў гэтай разнастайнасьці, трэба больш чытаць па-беларуску, больш слухаць радыё, больш гаварыць па-беларуску. Тады разуменьне шмат якіх асаблівасьцяў прыйдзе само сабою. Тых, хто “жыве ў мове”, гэтыя складанасьці, выглядае, ня надта бянтэжаць. Карысна таксама чытаць навуковую літаратуру, якая тлумачыць гэткія выпадкі. Вядома, у шэрагу выпадкаў сучасныя нормы беларускай мовы выклікаюць нараканьні і ня могуць быць пры­знаныя “агульнапрынятымі”.
— Існуе меркаваньне, што беларуская мова — закладніца палітыкі. Ці было так заўсёды? І ці варта цяпер ігнараваць гэты момант?
– На жаль, беларуская мова заўсёды досыць трывала залежала ад палітычнай кан’юнктуры. Так было ў 20-я гады, калі яе падтрымлівалі пераважна дзеля таго, каб беларускамоўныя масы прынялі камуністычную ідэалогію. Так было і ў наступнае дзесяцігоддзе, калі яна ўжо ўспрымалася як “вясковая” і ў галовах камісараў-прыхадняў нярэдка атаесамлялася з кулацтвам, як гаворка кулакоў. Гэтак было і на пачатку 90-х, калі яе адраджэньне трывала асацыявалася з дзейнасьцю БНФ. Так адбываецца ў нейкай ступені і цяпер, калі яна міжволі можа здавацца інструментам процістаяньня прэзідэнцкай уладзе...
— Як вам здаецца, чаму сёньня ў Беларусі пры фармальнай роўнасьці дзьвюх моваў беларуская застаецца “за бортам” грамадскага жыцьця. Іначай кажучы, чаму ў беларускай дзяржаве беларускамоўным яе грамадзянам (якіх ня так і мала) не забясьпечваецца рэальнае права быць зразуметымі ва ўстановах, крамах ды г. д.? Не выдаюцца законы, не друкуюцца бланкі, не дублююцца шыльды? Гэта наўмысна ці сапраўды гэткая воля народа, саміх людзей?
– Фармальная роўнасьць моваў, якая была “адваявана” на рэферэндуме 1995 году, зусім не прадбачыла таго, што гэтая роўнасьць будзе адначасова і рэальнай. Пра гэта пісалі як да правядзеньня рэферэндуму, так і пасьля яго ўсе хоць-колькі аб’ектыўныя айчынныя і замежныя назіральнікі. Часам ісьціна прамаўляе вуснамі немаўляці, і тут я спашлюся на выказваньне несьпецыяліста, чалавека, які “па доўгу службы” зусім не павінен выказваць Бог ведама якіх кваліфікаваных меркаваньняў адносна моўнай сітуацыі ў Беларусі. Прадстаўнік дакладных навук, загадчык кафедры цеплахоладатэхнікі Магілёўскага тэхналагічнага інстытуту А. Смаляк трапна ацаніў перадрэферэндумна-пасьлярэферэндумную сітуацыю гэткім чынам: “Афі­цыйна рэферэндум аднавіў роўны статус рускай і беларускай моваў. Фактычна яго не было і да рэферэндуму. Выступленьні супраць “дыскрымінацыі” рускай мовы на справе былі выступленьнямі супраць страты ёю пануючага становішча. Фактычна рэферэндум замацаваў паноўнае становішча рускай мовы”. Рэферэндум 1995 году праводзіўся дзеля таго, каб беларускую мову можна было ігнараваць “законна”. Калі памятаеце, у сучасным законе шырока выкарыстоўваецца злучнік або, які дазваляе выкарыстоўваць беларускую або расейскую мову. Здаецца, для гэтага выпадку добра падыходзіць славутая кваліфікацыя закону як дышла, якое, як вядома, куды павярнуў, туды і выйшла. Захоча, прыкладам, які-небудзь суддзя весьці судовыя справы на беларускай мове, а які-небудзь палкоўнік камандаваць сваім войскам па-беларуску – і гэта будзе “законна”. Захоча той самы суддзя і той самы палкоўнік карыстацца расейскай мовай… і гэта зноў будзе “ў адпаведнасьці з законам”. Пытаньне ў тым, ці захоча (а дакладней, ці дазволяць яму) які-небудзь суддзя ці палкоўнік у сучаснай Беларусі ўжываць у сваёй сферы беларускую мову. Хутчэй за ўсё, не – і рэвізаваны крывадушны моўны закон 1998 году ставіў менавіта на гэта. Ці адлюстроўвае сучасная сітуацыя бяспраўя беларускамоўных волю народу, саміх людзей? Адназначна адказаць цяжка. З аднаго боку, для апраўданьня наяўнай сітуацыі нібыта можна спасылацца на рэферэндум 1995 году. Але што: за такі стан беларускай мовы галасавалі людзі? Асобнай гаворкі заслугоўвала б пытаньне законнасьці таго рэферэндуму. З другога боку, традыцыя пагарджаць беларускай мовай моцна ўкаранілася ў 30-я – 80-я гады. І, напрыклад, канадскі дасьледчык Дэвід Марплс з нагоды рэферэндуму 1995 году неяк быў ставіў пытаньне: ці Лукашэнка паўплываў на электарат, ці, можа, ён проста ўгаварыў яго падтрымаць пункт гледжаньня, з якім большасьць выбаршчыкаў ужо былі згодныя? Зрэшты, Д. Марплс, падобна, не сумняваецца, што прэзідэнт мог уплываць на выбаршчыкаў. І ўсё ж рэферэндум – гэта даволі недасканалы інструмент, калі гаворка ідзе адносна яго прымяненьня ў якасьці дакладнага выяўленьня грамадскай думкі ў сучаснай Беларусі. Як заўважыў з нагоды нашага рэферэндуму 1995 году іншы навуковец, чэшскі дасьледчык Іржы Нэквапіл, тое, ці будзе праве­дзены той або іншы рэферэндум, вырашае не народ, а кіраўнічая эліта. Адпаведна, пашыру думку І. Нэквапіла, “эліта” аб’яўляе рэферэндумы па тых пытаньнях, якія ёй выгадныя, а не абавязкова тыя, якія вартыя таго, каб быць праведзенымі.
– На што, па-вашаму, варта найперш зьвярнуць увагу пры магчымым пераглядзе некаторых арфаграфічных, арфаэпічных ды інш. нормаў афіцыйнага правапіснага стандарту? І дзе тая мяжа, пры якой трэба спыняцца пры адаптацыі замежных словаў да беларускага языка і вуха?
– Фактычна я схіляюся да думкі, што ў сучасным правапісе амаль нічога ня трэба папраўляць. Сам я зусім лаяльна стаўлюся да напісаньняў тыпу сімпозіюм, кансіліюм, грэйдар, дэбаркадар, шніцаль, але гэта не азначае, што я моцна іх адстойваю. Цяпер сітуацыя ў нас такая, што добрым варта лічыць ня той правапіс, які “навуковы”, “сістэматычны”, “еўрапейскі” і пад., а той, які ведаюць і якім карыстаюцца. Увогуле, я прыхільнік старой думкі, згодна з якой правапіс – гэта справа грамадскай згоды…

P.S. Рэдакцыя «Дзеяслова» друкуе гэтае інтэрв’ю
ў якасьці дыскусійнага і спадзяецца
на водгукі чытачоў і навукоўцаў.
Тым самым мы распачынаем абмеркаваньне
«Зводу правілаў беларускага клясычнага правапісу»,
прапанаванага Працоўнай групай для ўнармаваньня
беларускага класічнага правапісу.