12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Краснабарод

_____________________
Ксеніі.
Вершы


1.
пражываю дні поўныя слоў
шукаю словы поўныя дзён

хто я ім пасля гэтага
ці яны мне дагэтуль

2.
старэчы постмадэрнізм
жыццё
як успамін
пра жыццё якое прайшло

3.
выцвілыя вочы
спрабуюць бачыць
таксама глыбока
як і дагэтуль
4.
як зморшчыны
тонкія вашыя пальцы
і таксама упартыя
і таксама умелыя

5.
пра гэта можна спытаць у зязюлі

аднак вясною так не хочацца
ведаць адказ

6.
стрэлкі і цыферблат
на тыльным баку запясця

зручная форма
надзейных кайданкоў

7.
ад’язжаючы з летняга лагера
плача дзевяцігадовы хлопчык

час упершыню бязлітасна
забірае ў яго шчасце

8.
Няма сэнсу скардзіцца

горад магутны і ўважлівы
як кат
які збірае дзьмухаўцы

9.
у бяздзеянні
ўсякі механізм
уяўляе сябе
гільяцінай

10.
чайкі на пляжы з’яўляюцца ўвечары

марскія прэтэндэнты
на адкіды зямной жыццядзейнасці

11.
неба
ці надоўга нам хопіць паветра
унутры гэтай
цэлюлознай торбы

12.
горад ведае сваіх вар’ятаў

радзімыя плямы
на пажадлівым целе

13.
цудоўны чалавечы матэрыял

і толькі разглядаючы кожнага паасобку
разумееш
яны вартыя лепшага

14.
новыя часы
новыя формы
адзінай бясконцай песні
пра тое што ты ёсць

15.
знянацку прачнуўся
і доўга глядзеў у столь

быццам адказ утойваецца
менавіта там

16.
калі б я жыў у Лацінскай Амерыцы
там дзе зараз паводка і засуха
што б я ўзяў з сабою
падчас эвакуацыі
акрамя сваёй пустаты

17.
часам я бачу сябе камандзіраваным
у чужым горадзе
сярод чужых людзей

і чакаю пакуль ён напоўніцца мною

18.
піраміды тэлевізараў
бясконцая меладрама ў кожным

а вось і я
у вакне інтэрната
сучаснай забудовы

19.
узыходзіць сонца
паміж будаўнічымі кранамі

ці ўбачыць мой унук
гарызонт незаплямленым

20.
зноў журботны дождж
і трэба выходзіць з хаты
каб вярнуцца ўвечары
змораным і асуджаным

21.
на гарадскіх вуліцах
штурхаюцца мінакі

хто з нас кіруецца не сваім дао

22.
я чарапаха
мая хата ў заплечніку
таму
і спяшацца ўжо няма куды

23.
каля піўбара сустрэў пасланца Крышны
кніг не набыў
але даведаўся што жыву не як мае быць

гэткі самы адказ атрымліваю ад розных канфесіяў

24.
станоўчыя эмоцыі рынку

аддаю грошы
за падманлівае пачуццё
іх бясконцасці

25.
ранішняя кава
дзённая гарбата
вячэрняе піва
каб жа ж не пераблытаць


26.
грэбую сном
і доўга стаю пад душам

змывае вада
няўдалы дзень

27.
ноч застае мяне ў гарачай ванне
і я захлынаюся
ад свінгуючай радасці Уінтана Кэллі
па радыё з краіны
дзе не бывае прапіскі

28.
мытня прыгарадных цягнікоў

кантрабандна вывожу думкі
кантрабандна завожу пачуцці

29.
пасля зімняга гніцця
ў гарадскіх апранахах
абмываць морам
абдзімаць ветрам
душу

30.
плыву на спіне
па ліпеньскім возеры

сонца тыцкае ў твар
яскравыя міфы Уітмэна

31.
лясныя конікі праводзілі сонца
і тым самым звонам сустракаюць цягнік
ён павязе мяне
да электрычнага асвятлення

32.
стаць каля вакна
гэта значыць
мець свой дом

33.
падчас гулянкі з сябрамі
выйшлі на вуліцу
крычаць пад зоркамі
адлятаючы журавы

34.
мастацтва назіраць за месяцам і ветрам
мастацтва заставацца адзін на адзін з сабою

час чытання старажытных рукапісаў

35.
у першы дзень залатой восені
на Хрышчаціку п’ю бестурботнае піва
чаму цябе няма са мной

36.
з боку на бок кручуся ў ложку
чакаючы сну
пошук формы
вартай зместу

37.
кроплі грукацяць па шыбе
льецца жыццё
са смакам моцнай гарбаты

38.
Увесну ад раніцы
чытаць эпітафіі
ведаючы чым усё гэта скончыцца

39.
хлопчык грае на флейце
каб не быць адзінокім
і толькі час варты
звязаць гэтыя гукі

40.
уначы прачнуўся ад грукату

адчыненую фортку
вецер
стараецца зрабіць флюгерам

41.
праўда ж
мы былі сябрамі

страх загаварыць не пра тое
42.
закладаю ў недачытаныя старонкі
старыя візітоўкі

адцягваю фатальнае імгненне
пакуль не парвалася нітка

43.
у адзіноты ёсць адна прывілея
яна заўсёды побач
нават калі ты адзін

44.
бяспраўная містыка
тых, хто не ведае свайго месца
ў прасторы
яшчэ адзін твар адзіноты
яшчэ адзін шанец
распазнаць у люстравым адбітку
шчасце

45.
не плюй у калодзеж
не плюй у агонь
плюй у неба
каб лепей зразумець адказ стыхіі

46.
мастацтва
як правакацыя суіцыду звычкі
жыццё
як правакацыя суіцыду мастацтва

47.
усяго некалькі нотаў
усяго некалькі літараў

колькі стагоддзяў наталіліся іх варыяцыямі

48.
валодаць памяццю
каб не зважаць на сучаснае

так навучаюць прарокаў

49.
брук часін
асцярожна ступае па імёнах
той хто стане
наступным камянём

50.
народ гатовы адзінотай абранасці
падзяліцца з Богам

толькі ціха
каб не ведалі валадары

51.
птушкі ня любяць рэлігійных войнаў
таму ім хапае неба

52.
напачатку было слова
і слова было у Бога
і слова было “ENTER”

53.
пакліканне быць незанятым
не вядома ж
калі за яго прыцягнуць да адказу

54.
падаюць і разбіваюцца

гораду таксама не патрэбна
насенне раскошных каштанаў

55.
пах валасоў п’янлівы

дакрануцца губамі
каб даведацца тваё імя
калі абернешся