12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Краўцэвіч

_____________________
Інтэлігент на троне:
выпрабаваньне на трываласьць

Фрагмент з кнігі: “Ад Войшалка да Віценя” (1264 – 1315 г.)
з серыіЖыцьцяпіс вялікіх князёў літоўскіх”.)

Біяграфічная даведка: Войшалкстарэйшы сын першага вялікага князя літоўскага Міндаўга і ягонай першай жонкі Марты. Год нараджэньня невядомы, год сьмерці – 1267. Выдатны дыпламат і палітык, здольны прымаць адказныя і дакладныя рашэньні, рашуча і эфектыўна дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях. Прайшоў духоўную эвалюцыю ад паганскага князя-ваяра да хрысьціянскага манаха-пустэльніка. Двойчы ў цяжкія для Літвы часы вяртаўся ў сьвецкае жыцьцё, каб ратаваць дзяржаву.
Інтэлігент на троне. Добраахвотна адрокся ад вышэйшай улады ў 1267 г. і канчаткова вярнуўся ў манастыр. Забіты ва Уладзіміры-Валынскім галіцкім князем Львом Данілавічам уласнаручна падчас піру. Прычына забойства, па інфармацыі летапісцазайздрасьць Льва за перадачу Войшалкам улады ў Літве не яму, а ягонаму брату Шварну. Пахаваны ва Ула­дзіміры-Валынскім у манастыры сьвятога Міхала.

* * *
Першым праменьчыкам, які высьвеціў постаць нашага героя з цемры гістарычнага нябыту, была ўзгадка летапісу пра ягоны ваенны паход у 1252 г. Ад таго часу імя Войшалка пастаянна фігуравала на старонках Галіцка-Валынскага ды іншых летапісаў і хронікаў аж да самой яго сьмерці ў 1267 г.
У 1252 г. Войшалк кіраваў адной з вайсковых аперацыяў ліцьвінскіх войскаў, скіраваных супраць Галіцка-Валынскага княства. Тады ішла вайнапершая сурёзная вайна маладой дзяржавы, і бацька выправіў яго на чале войска ў паход на тэрыторыю ворага, пад Турыйск1. З гэтай інфармацыі вынікае, што Войшалк быў тады ўжо дарослым чалавекам і пачынаў жыцьцёвую кареру як тыповы сярэднявечны князь, атрымаўшы адпаведнае выхаваньнерыцара ды вайсковага кіраўніка.
Вайна зацягнулася, і праз два гады Войшалк зноў па даручэньні бацькі выканаў важную дыпламатычную місіюпадрыхтаваў замірэньне з Галіцка-Валынскай дзяржавай. Пры гэтым ён выступаў ня як звыклы пасол, які перадае прапановы і прыносіць адказы, а меў паўнамоцтвы да зацьвярджэньня дасягнутых дамоўленасьцяў. Хоць умовы міру абмяжоўвалі суверэнітэт Літвы, але, самае галоўнаеяны дапамаглі спыніць цяжкую вайну з магутным суседам. Адсюль вынікае, што Войшалк, па-першае, быў здольным дыпламатам (некалькі папярэдніх спробаў Міндаўга замірыцца не ўдаліся); па-другое, меў высокі статус у сваёй краіне, дастатковы каб яго дамова з уладаром іншай дзяржавы лічылася правамоцнай. Летапісец занатаваў: Потым жа Войшалк стварыў мір з Данілам і выдаў дачку Міндаўгаву за Шварна, сястру сваю... і аддаў Раману сыну караля (ДанілыА.К.) Наваградак ад Міндаўга і ад сябе Слонім і Ваўкавыск”. Гэтая інфармацыя сьведчыць, што Войшалк непасрэдна ўдзельнічаў у кіраваньні дзяржавай і быў у ёй другой асобай пасля бацькігаспадарыў у славянскіх гарадах Панямоньня.
Той жа самы летапісец пад 1254 г. занатаваў дзіўную навіну: падчас мірных перамоваў Войшалк абявіў пра свой адыход ад сьвецкага жыцьця і пераход у манашскі стан: (“і прыйшоў у Холм да Данілы, пакінуўшы княжаньне сваё і успрыняў манашскі чын”). Адсюль вынікае, што ў часе перамоваў у 1254 г. Войшалк ужо быў хрысьціянінам (у папярэднім недатаваным запісе летапісу паведамляецца пра прыняцьце ім хрысціянства падчас княжаньня на Наваградчыне).
У адрозьненьне ад бацькі, які прыняў хрышчэньне з чыста палітычных меркаваньняў (хрышчэньне яго ільсьцівым былопісаў летапісец), навяртаньне Войшалка ацэньваецца тым жа аўтарам як духоўнае прасьвятленьне. На пачатку княжаньня ён заставаўся паганцам і быў нядобрым чалавекам: Войшалк жа пачаў княжыць у Наваградку, у паганстве будучы, і пачаў праліваць шмат крыві, бо забіваў кожны дзень па тры, па чатыры (чалавекіА.К.); у які ж дзень нікога не забіваў, то быў засмучоны, калі ж забіваў, тады быў вясёлы2.
Потым адбылося нібы раптоўнае, пасланае з неба навяртаньне: пасьля ўвайшоў страх божы ў сэрца яго, памысьліў сабе, хочучы прыняць сьвятое хрышчэньне і хрысьціўся тут у Наваградку і пачаў быць у хрысьціянстве. Міндаўг заключыў саюз з наваградчанамі каля 1248 г., гэта значыць, хрышчэньне Войшалка адбылося дзесьці ў канцы 40-хпачатку 50-х гадоў.
Мірная дамова з валынянамі ў 1254 г. вяртала іхнія ўплывы на Панямоньні. Міндаўг заставаўся намінальным кіраўніком дзяржавы, але яе важнейшая і багацейшая часткаславянская, разам з тутэйшымі гарадамі была перададзеная ў валоданьне сыну Данілыкнязю Раману. Чаму якраз у гэты момант Войшалк абявіў пра свой адыход у манастыр? Ці было тое выпадковасьцю? Гэты ўчынак можна ацэньваць па-рознамуяк шчырае імкненьне да духоўнай дасканаласьці, або як нестандартны палітычны ход. Сапраўды, пасьля заключэньня міру з Галіцка-Валынскай дзяржавай і перадачы сваіх уладаньняў, Войшалку не заставалася месца ў новай палітычнай іерархіі. Адсюль вынікае падазрэньне, што адыход у манастыр, як дэкларацыя адмовы ад усялякіх прэтэнзіяў на сьвецкую ўладу, мог быць прадуманым выйсьцем (гаворка ішла, акрамя іншага, пра асабістую бясьпеку) са складанай палітычнай сітуацыі. Тым больш, што праз некаторы час манах вярнуўся ў сьвецкае жыцьцё, ды яшчэ як голасна
Але тады ў 1254 г. пасьля заканчэньня мірных перамоваў Войшалк на спатканьні з галоўным галіцка-валынскім уладаром Данілам Раманавічам выявіў сваё цьвёрдае жаданьне прыняць манашскія шлюбы і выправіцца ў паломніцтва на Афон: і прыйшоў у Холм да Данілы, пакінуўшы княжаньне сваё і ўспрыняў манашскі чын... а сам папрасіўся ісьці на Сьвятую гару; і знайшоў яму кароль дарогу у караля Угорскага1, і ня змог дайсьці да Сьвятой Гары і вярнуўся з Балгараў.
Другі летапісны запіс, аднесены да 1263 г., удакладняе дэталі апісаных падзеяў. Войшалк падчас побыту ў Данілы хрысьціў ягонага ўнука Юрыя Львовіча (што не перашкодзіла пазьней Льву забіць кума). Пасьля скіраваўся ў манастыр у Карпатах, дзе жыў знакаміты манах Рыгор (“Рыгор жа быў сьвятым чалавекам, якога не было да яго і пасьля яго ня будзе”). Менавіта там Войшалк прыняў пострыг і прасіў Рыгора стаць ягоным духоўным настаўнікам: і пастрыгся ў чарняцы і быў у манастыры ў Рыгора тры леты (прыблізна 1254 – 1257 г. – А.К.), адтуль пайшоў у Святую Гару, прыняўшы блаславеньне ад Рыгора”. “Войшалк ня змог дайсьці да Сьвятой Гары, паколькі вялікі мяцеж быў тады ў тых землях і прыйшоў зноў у Наваградак; і ўчыніў сабе манастыр на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў.
Гаворка ідзе пра адзін з найстарэйшых асяродкаў хрысьціянства на ПанямоньніЛаўрышаўскі манастыр (вёска Лаўрышава ў Наваградскім раёне). Паводле легенды, якую і сёньня могуць пераказаць вам жыхары Лаўрышава, назва манастыра і вёскі паходзіць ад імя манаха Лаўрыша, якім нібыта быў ніхто іншы, як сам заснавальніквялікі князь Войшалк. Для гісторыкаў выраз на Нёмане паміж Літвой і Наваградкам азначае вельмі важнае геаграфічнае ўказаньне на месцазнаходжаньне летапіснай Літвы2.
Лаўрышаўскі манастыр Войшалк заснаваў каля 1257 ці 1258 г. і амаль у той самы час адбылося ягонае першае вяртаньне ў актыўнае сьвецкае жыцьцё. У 1258 г. татары сабраліся ў паход на Літву і змусілі да ўдзелу ў ім галіцка-валынскіх князёўсваіх васалаў. Летапісец паведамляе, што ў часе гэтай выправы Войшалк забраў у няволю Рамана Данілавічана той час наваградскага князя, і бацька з дзядзькам дарэмна шукалі таго па ўсім славянскім Панямоньні. Потым Войшалк зьнік з поля зроку летапісцаў да самай сьмерці Міндаўга. Выглядае на тое, што ён вярнуўся ў манастыр як толькі сітуацыя ў дзяржаве стабілізавалася.

* * *
Мінула шэсьць гадоў, і адразу пасьля забойства бацькі Войшалк наноў зья­віўся на старонках летапісаў і зноў у постаці князя-палітыка. Паводле зьвестак ноўгарадскага летапісца (верагодна, запіс быў зроблены post factum пасьля сьмер­ці Войшалка), ён часована тры гады, скінуў манаскія строі, каб заняцца ратаваньнем дзяржавы.
Сьмерць бацькі здарылася нечакана, але ў захаваньні Войшалка не адчувалася ніякай разгубленасьці. Ён адразу пачаў дзейнічаць рашуча і прадумана, быццам меў зараней падрыхтаваны адмысловы план. Не губляючы часу, выслаў пасольства да магістра інфлянцкіх (лівонскіх) рыцараў з просьбай дапамагчы як хрысьціянін хрысьціяніну супраць паганца Траняты (які заняў пасад Міндаўга). Рыцары сабралі нараду і вырашалі паслаць у дапамогу Войшалку войска. У выніку ў Войшалка атрымаўся ўдалы тактычны ход, які нейтралізаваў жамойтаў Траняты. Лівонцы рыхтаваліся да выправы на Літву, а іх суседзі-жамойты не маглі вырушыць на падмогу свайму кунігасу, каб не пакінуць Жамойць безабароннай.
Адезд Войшалка ў недалёкі Пінск таксама паказвае, што ён не ўцякаў ад страху, куды вочы глядзяць. Гэты князь-манах і вопытны дыпламат выдатна ведаў, што рабіў. Пінскмесца, магчыма, не такое бясьпечнае, як Валынь, але адсюль зручней было сачыць за падзеямі на радзіме, уплываць на іх, гуртаваць прыхільнікаў, а ў належны момант хутка вярнуцца. Так яно ўрэшце і сталася.
Пасьля забойства Траняты Войшалк (нібы толькі гэтага і чакаў) вырушыў на чале пінскай дружыны наводзіць парадак на радзіме: Пачуўшы гэта, Войшалк пайшоў з пінянамі да Наваградка і адтуль, узяўшы з сабой наваградцаў, пайшоў у Літву1 княжыць; уся Літва з радасьцю прыняла свайго гаспадыніча.
Гэтыя гістарычныя факты, менавіта актыўны ўдзел пінянаў у панямонскіх справах, а таксама ня менш выразная пазіцыя наваградцаў, добра высьвятляюць ролю, якую ў працэсе дзяржаватворчасьці на Панямоньні адыгралі ўсходнія славяне-беларусы. Дапамога Войшалку прыйшла таксама з боку іншай усходнеславянскай дзяржавыукраінскай: Пасьля ж Шварн пайшоў у дапамогу Войшалку, а Васілька князь ад сябе паслаў яму ў дапамогу ўсю сваю раць. Войшалк жа назваў Васілька як бацьку свайго і гаспадара; і прыйшоў Шварн з дапамогай у Літву да Войшалка і ўбачыў Войшалк дапамогу Шварнаву і Васількаву, бацькі свайго і быў вельмі рады, і пачаў прыстройвацца, і пайшоў у цяжкай сіле, і пачаў браць гарады ў Дзяволтве і ў Нальшанах; гарады ж пабраў, а ворагаў сваіх пабіў і так вярнуўся дадому”.
Дэталёва занатаваныя ў крыніцы гістарычныя выдарэньні надта ж не пасуюць да г. зв. балтацэнтрысцкай канцэпцыі стварэньня Вялікага Княства Літоўскага, якая сьцьвярджае, што менавіта летувісы будавалі дзяржаву і сілай далучалі да яе беларускія (найперш, наваградскія землі). На самой справе, было якраз наадваротжыхары славянскай часткі дзяржавы вярталі ў яе балцкіх сепаратыстаў з Дзяволтвы і Нальшанаў. Можа якраз па гэтай прычыне ў розных апісаньнях стварэньнялетувіскайдзяржавы, гэтыя рэальныя факты ўпамінаюцца зрэдку і мімаходзь, без каментароў, а найчасьцей, увогуле ня ўзгадваюцца.
Моцная дзяржава была агульным дабром для ўсяго мясцовага грамадства, без выключэньня як для балцкіх так і славянскіх яго ўдзельнікаў. Аднак паўставаньне новага асяродку ўлады парушала чыесьці прыватныя інтарэсы. Новая дзяржаўная арганізацыя ня толькі пераймала мясцовыя грамадскія структуры, але некаторыя з іх і ламала. Напрыклад, племянныя арыстакраты ці гарадское баярства мусілі падзяліцца ўладай і прызнаць верхавенства вялікага князя. Як бывае ў любыя гістарычныя часы, далёка ня ўсе людзі гатовыя дзеля агульнага дабра ахвяраваць хоць бы малой доляй свайго асабістага дабра. Таму на Панямоньні існавала, несумненна, апазіцыя да вялікакняскай улады. Ды яшчэ Міндаўг жорсткімі і рашучымі, часам аж занадта рашучымі, дзеяньнямі прымножыў ворагаў сабе і свайму роду. Ворагі тыя дасталіся ў спадчыну ягонаму сыну. Нездарма летапісец занатаваў: “Войшалк жа пачаў княжыць ва ўсёй (сваёй) зямлі Літоўскай, і пачаў ворагаў сваіх забіваць, пазабіваў іх безлічнае мноства, а іншыя разьбегліся, хто куды бачыў...”
Па ўсёй верагоднасьці, апазіцыя (найперш у паўночнай балцкай частцы дзяржавы) была сапраўды моцная, бо Войшалк дзеля яе ліквідацыі арганізаваў нават міжнародную кааліцыю.
Навёўшы парадак у Літве, ён без прамаруды паслаў у Інфлянты другое пасольства, якое перадало магістру падзяку ад вялікага князя і паінфармавала, што справа шчасьліва скончаная, і Літва ўжо ня мае патрэбы ў прысутнасьці лівонскага войска. Вопыт бацькі паказваў, што саюз з лівонцамі дорага каштуе.
Валынская дапамога таксама аказалася далёка не бескарыснай. Яе коштам стала палітычная залежнасьць Літвы ад Галіцка-Валынскай дзяржавы: Княжыў жа Войшалк у Літве, і пачаў яму дапамагаць Шварн князь і Васілька, бо ж Войшлак назваў Васілька сваім бацькам і гаспадарам. Кажучы сучаснай навуковай мовай, была заключаная дамова пра сеньяральна-васальныя адносіны. Войшалк прызнаў сваім сеньёрам Васільку (па традыцыі назваўшы яго бацькам), а суправіцеля Шварнасваім васалам (назваўшы яго сынам – “бліз мяне сын мой Шварно”).
Час паказаў, што гэты чын Войшалка зыходзіў з дакладнай ацэнкі міжнароднай сітуацыі і быў стратэгічна апраўданым. Прызнаньне васальнай залежнасьці ад Галіцка-Валынскага княства не пагражала існаваньню Вялікага Княства Літоўскага, бо украінская дзяржава сама знаходзілася ўволі татарскай”. Яна пакарылася Залатой Ардзе і ў лістападзе 1259 г. ардынскі ваявода Бурундай прыйшоў з вялікім войскам і змусіў галіцка-валынскіх князёў разбурыць умацаваньні вакол сваіх гарадоў, зрабіўшы іх бездапаможнымі перад татарскай коньніцай. Гэтая падзея (вялікі князь Даніла Раманавіч тады ў сполаху ўцякаў праз Польшчу аж да Венгрыіубаяўшыся, пабег у Ляхі, а з Ляхаў пабег на Угры), натуральна, аслабіла паўднёвага суседа Літвы і сурёзна абмежавала ягоную актыўнасьць у міжнародных справах. Войшалк, напэўна, ня шмат рызыкаваў, прызнаючы сябе васалам галоўнага князя Валыні Васількі Раманавіча.
Такім чынам у Вялікім Княстве Літоўскім узьнік першы дуумвіраттам гаспадарылі два князі: Войшалк Міндаўгавічвыхадзец з мясцовай дынастыі і адзін з галіцка-валынскіх князёўШварн Данілавіч. Але некаторыя гістарычныя факты дазваляюць меркаваць, што галоўным усё ж быў Войшалк. Напрыклад, полацкі князь Ізяслаў у грамаце-дамове з рыжскімі немцамі напісаў Полацак і Віцебск адно ёсьць, а мы ў волі Божай і Войшалкавай. Полацка-Віцебская Русь паступова пераходзіла пад пратэкцыю магутнага суседа, які забясьпечваў ёй моцную пазіцыю ў гандлёвай канкурэнцыі з лівонскімі немцамі, Псковам і Вялікім Ноўгарадам.
Сярод уцекачоў, якія ратаваліся ад помсты Войшалка, быў забойца ягонага бацькінальшанскі князь Даўмонт. Ён выехаў з Літвы ў Пскоў разам са сваім родам, хрысьціўся ў праваслаўе (стаў Цімафеем) і праславіўся на новай радзіме як служылы князь пскоўскай купецкай рэспублікі. Асабліва зацята ён атакаваў сваю былую радзіму. У Нальшанах валадарыў васал Войшалка і даўні супернік Даўмонта князь Гердзень і менавіта туды вадзіў Даўмонт пскоўскае войска. Летам 1266 г. ён нават паланіў дзяцей і жонку Гердзенясваю цётку. Гердзень арганізаваў пагоню, якая была Доўмантам разьбітая. Зімой 1266-1267 гадоў напад паўтарыўся.
У 1267 г. Войшалк нечакана для ўсіх зноў вярнуўся да манастырскага жыць­ця. Летапісец паведамляе, што зрабіў ён гэта не пад прымусам, а, наадварот, насупраць угаворам свайго суправіцеля:Пасьля ж Войшалк аддаў княжэньне сваё свайму зяцю Шварну, а сам зноў захацеў прыняць манаскі чын. Шварн жа ўмольваў яго вельмі, каб княжыў разам з ім у Літве, але Войшалк не хацеў і казаў:“я шмат саграшыў перад Богам і людзьмі, ты княжы, зямля табе даверана”. Шварн ня змог яго ўгаварыць і так пачаў княжыць у Літве; а Войшалк пайшоў да Угроўска ў манастыр да сьвятога Данілы, і апрануў чарнечыя строі і пачаў жыць у манастыры, так кажучы: “блізка мяне сын мой Шварн. А другігаспадар мой бацька Васілька і з гэтага я цешуся”. Даўні духоўны настаўнік Войшалка Рыгорнаставіў яго на дарогу чарнецкую”.
У тым жа 1267 г. Войшалк Міндаўгавіч сустрэў сваю сьмерць у чужым краі ад рукі кумагаліцкага князя Льва Данілавіча, чыйго сына Войшалк некалі хрысьціў. Найгоршае, што арганізатарам сустрэчы, на якой дайшло да злачынства, быў менавіта Леў, акрамя грэху забойства ўзяўшы на сябе яшчэ парушэньне сьвятога звычаю гасьціннасьці. Леў запрасіў на сустрэчу свайго дзядзьку Васільку Раманавіча і цераз таго Войшалка. Той падазраваў нядобрае: Войшалк жа баяўся Льва і не хацеў ехаць, але паехаў на васількаву паруку”. Летапісец двойчы гэта паўтарае. І ў той час прыслаў Леў да Васілька, так кажучы: “хацеў бы сыйціся з табой, каб і Войшалк таксама быў”. Васілька ж паслаў па Войшалка на страснай нядзелі так кажучы: “прыслаў да мяне Леў, каб сабрацца і ты нічога не бойся.”
Ва Уладзіміры Войшалк спыніўся, як належала манаху, у манастыры, які меў патронам сьвятога Міхала. Пасьля сустрэчы, размовы і сумеснага піру князі разьехаліся і Войшалк вярнуўся ў манастыр. Але Леў прыехаў сьледам і прапанаваў гуляць далей. І пасьля Леў прыехаў да яго ў манастыр і пачаў казаць Войшалку: “Куме! Выпем”; і пачалі піць. Дябал, які спрадвеку ня зычыць дабра чалавечаму роду, уклаў у сэрца Льву і той забіў Войшалка з зайздрасьці, за тое, што той даў Літоўскую зямлю ягонаму брату Шварну, і такі быў канец таго забойства”.
Пахавалі Войшалка там жа ў манастырскай царкве сьвятога Міхала. Леў доўга ня меў спакою пасьля свайго злачынства і баяўся помсты ліцьвінаў. Калі праз сямнаццаць гадоў ягоны сын Юры (1285 г.) сабраўся разам з ліцьвінамі ў паход на палякаў, занепакоены Леў паслаў да яго ганца з папярэджаньнем: Сыну мой, Юры! Не хадзі сам з Літвою. Забіў я князя іх Войшалка: Любо захочуць помсту ўчыніці”. Юры паставіўся да словаў бацькі з поўнай сурёзнасьцювойска паслаў, а сам не пайшоў.

* * *
Асоба вялікага князя літоўскага Войшалка выглядае нашмат цікавейшай за ягонага бацьку. Міндаўг быў таленавітым чалавекам, але не выходзіў за рамкі сваёй жыцьцёвай роліваяра і палітыка. Ягоны сын перакрочыў вызначаныя яму ад нараджэньня сацыяльныя межы і перайшоў, а дакладней, узьняўся да новай якасьцісярэднявечнага інтэлігента.
Адыход феадальнага арыстакрата ў духоўны стан для сярэднявечча быў звычайнай справай. Але ў абсалютнай большасьці выпадкаў гэта выглядала ўсяго толькі іншай дарогай да той жа зямной карерыбылыя рыцары станавіліся царкоўнымі іерархамі і часта не зьмянялі нават ранейшы стыль жыцьця. Так рабілі, напрыклад, малодшыя сыны арыстакратаў, якія не атрымлівалі ад бацькі ні зямельных багацьцяў, ні гучных тытулаў (усё даставалася старэйшаму сыну). Аднак у больш чым пяцівекавой гісторыі сярэднявечча цяжка знайсьці выпадак, каб чалавек добраахвотна сыходзіў у манастыр з вяршыні сьвецкай улады і славы.
Войшалка яшчэ можна было падазраваць у нейкіх палітычных разьліках падчас першага адыходу ад сьвецкага жыцьця (1254 г.), калі ягоная дзяржаўная карера апынулася пад пагрозай. Але апошні і канчатковы добраахвотны сыход у зеніце славы і моцы не пакідае месца для падобных інсінуацыяў. У 1267 г. ворагі ўжо былі пакананыя, дзяржава напраўленая ды моцна прыбраная да рук. Вялікі князь выракся найвышэйшай улады ў зеніце велічы і славы. Па ўсёй верагоднасьці, здарыўся надзвычай рэдкі ў гісторыі чалавечай пароды выпадакчалавек пераадолеў інстынкт улады, узьняўся над ім, што магчыма было дасягнуць толькі адным шляхампраз настойлівую і пакутную духоўную працу над сабой.
Відавочна, Войшалк належаў да псіхалагічнага тыпу людзей, якія пастаянна знаходзяцца ў духоўным пошуку. Кожнаму нармальнаму чалавеку даводзіцца перажываць, асабліва ў маладосьці, незадаволеньне сабой, імкненьне да зьменаў у жыцьці, хвалюючае чаканьне пераменаў, прагу нечага іншага, лепшага, цікавейшага. Перапоўненасьць жыцьцёвай энергіяйхарактэрная рыса маладосьці, хай сабе і выкліканая фізіялагічнымі працэсамі маладога арганізму. Аднак, у большасьці чалавечых асобінаў усё так і заканчваецца чаканьнем. Плынь штодзённасьці і інертнасьці нясе чалавека сваім кірункам да канца, які ў ва ўсіх нібыта аднолькавы. З гадамі растрачваецца маладая энергія. Толькі асобы духоўна і інтэлектуальна моцныя маюць не адныя жаданьні але і сілы, каб пераадольваць інерцыю і кардынальным чынам зьмяняць (калі палічаць гэта неабходным) сваё жыцьцё.
Відавочна, Войшалк таксама ў пэўным пункце свайго зямнога шляху паставіў перад сабой пытаньне пра ягоны кірунак, вырашыў, што ўсё трэба кардынальна зьмяняць і з паганца стаў хрысьціянінам. Найлепей пра гэта сказаў сучасьнік нашага героясярэднявечны летапісец: увайшоў страх божы ў сэрца яго!” Наступныя рашэньніпра адыход ад сьвецкага жыцьця, потым ад улады і прыняцьце манашскага чынубылі толькі справай часу. Так у гісторыі нашага гаспадарства ўпершыню зьявіўся рэдкі госьцьінтэлігент на троне.


Асноўныя падзеі ў жыцьці Войшалка:
Канец 40-хпачатак 50-х гадоў 13 ст. – прыняў хрысьціянства.
1252 г. – кіраваў паходам ліцьвінскіх войскаў на Валынь пад Турыйск.
1254 г. – правёў мірныя перагаворы з галіцка-валынскімі князямі, прыняў манаскі сан, выправіўся ў паломніцтва на Афон .
Каля 1254 – 1257 г. – знаходзіўся ў манастыры на Падкарпацьці.
Каля 1257 г. – заснаваў манастыр у вёсцы Лаўрышава на Наваградчыне.
1258 г. – ненадоўга вярнуўся ў сьвецкае жыцьцё ў сувязі з нападам на Панямоньне татараў разам з галіцка-валынскімі войскамі.
1264 г. – другое вяртаньне ў сьвет пасьля сьмерці бацькі і забойства Траняты, дзеля навядзеньня парадку ў Літоўскай зямлі.
1265 г. – падпарадкаваньне Дзяволтвы і Нальшанаў з дапамогай Шварна Данілавіча.
1265 - 1267 г. гаспадараньне разам са Шварнам Данілавічам.
1267 г. – чарговы і апошні адыход ад сьвецкага жыцьця ў манастыр.
1267 г. – сьмерць ва Уладзіміры-Валынскім ад рукі Льва Данілавічакнязя галіцкага.