12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Бестселер для...

_____________________
Сяргей Дубавец.
10 парадаў крытыку

Аркадзь Несцярэнка. Бестселер для Generation Лу

Марына Весялуха. Вобраз сатаны ў беларускай літаратуры ХХІ ст.


26 снежня былі падведзеныя вынікі конкурсу літаратурна-крытычных твораў “Беларуская літаратура ХХІ ст.: тэн­дэнцыі, постаці, перспектывы”. Рэдакцыя “Дзеяслова” віншуе пе­ра­можцу конкурсу Маргарыту Аляшкевіч (за тэкст “Улюбё­ная гульня”), а таксама іншых фіналістаў – Ірыну Блоцкую (у суаўтарстве з Кшыштафам Хофманам), Марыну Весялуху, Веру Гарноўскую, Сяргея Грышкевіча, Алену Карп, Кшыштафа Клешча, Алесю Лапіцкую, Аркадзя Несцярэнку, Юнэлю Сальнікаву, Алу Савіцкую.
Для канкурсантаў былі зладжаныя майстар-класы з удзелам журы конкурсу – Міхася Тычыны, Ірыны Шаўляковай, Сяргея Дубаўца, Алеся Пашкевіча, Анатоля Івашчанкі. Акрамя свежых нумароў часопісу ды кніг, усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі новую кнігу Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча “Замова ад страху”, што выйшла ў серыі “Бібліятэчка часопіса “Дзеяслоў”, з подпісам аўтара.
Конкурс і майстар-класы, падаецца, былі карыснымі і для саміх канкурсантаў, і для рэдакцыі. Для апошняй – адкрыццём новых імёнаў, удумлівых даследнікаў літаратурнае прасторы, для якіх гэтая праца не спосаб адно самарэпрэзентацыі ў гэтай прасторы, але напраўду – поле для цікавых карпатлівых даследаванняў і важкіх адкрыццяў.
Прапануем чытачам “Дзеяслова” некалькі тэкстаў фіналіс­таў, якія будзем друкаваць і ў далейшых нумарах. Пачаць жа гэтую рубрыку будзе дарэчным з тэксту Сяргея Дубаўца, напісанага адмыслова для нашага конкурсу.



10 парадаў крытыку

Крытык – перадусім літаратар. Рэчаіснасць, якую ён апісвае, – літаратура, а персанажы ягоных твораў – аўтары. У крытычным тэксце чытач шукае таго самага, што і ў мастацкім: цікавага пачатку, займальнага сюжэту, прапісаных вобразаў, моўнае суладнасці, інтэлектуальнае гульні, адметнага аўтарскага стылю.
Мэта крытычнага водгуку – адшукаць (стварыць) кантэкст для кнігі і аўтара. Крытык мусіць убачыць вобраз гэтай кнігі і гэтага аўтара сярод іншых, у агульнай літаратурнай карціне. Вынікам такога пошуку або стварэння МЕСЦА аўтара і твора будзе крытычная АЦЭНКА, якую іншы раз падмяняюць нічога не вартымі вердыктамі: слабы твор ці выдатны, удалы ці правальны...
Крытык мае справу з вобразамі, а не з пашпартнымі грамадзянамі, таму матывацыі ці факты, што прыцягваюцца з фантомнай рэчаіснасці ў рэальнасць літаратуры, разбураюць твор крытыка.
Нельга ўзвялічваць аднаго аўтара за кошт прыніжэння іншага.
Крытык безумоўна верыць у цуд таленту і цуд творчасці. Яго задача – мацаваць гэтую веру ў іншых і выкрываць падробкі цуду. Лепш мець няшмат праўдзівых скарбаў, чым тэрыконы фальшывых. Фальш крытыка відаць з першага слова.
Крытык не можа не імкнуцца да абсалютнага слыху, бездакорнага пачуцця гумару, ідэальнага вычування мовы і арыгінальнага самавыяўлення.
Крытык не можа чагосьці “не ведаць” (пісаць пра тое, чаго ён чамусьці “не ведае”).
Крытык не можа быць банальным ці пустаслоўным, ці зразумелым толькі самому сабе.
Крытык не можа сам не пісаць у мастацкіх жанрах. Без гэтага ён пазбаўлены магчымасці “ставіцца да іншых так, як хацеў бы, каб ставіліся да яго”.
Крытык можа падыгрываць густам публікі, але ніколі не сыходзіць да “хлусні ў імя дабра”. Застаючыся строга ў рамках літаратурнага поля, ён “страляе” толькі адзін раз, бо ніхто ніколі не прыме яго наступных тлумачэнняў і апраўданняў.

Сяргей Дубавец


Аркадзь Несцярэнка

Бестселер для Generation Лу


Все великие писатели сочиняли не для себя,
не для государства, не ради денег и не х...ню...
А.К. Троицкий
Аналіз новай літаратурнай сітуацыі ў Беларусi

Рэдакцыя «Нашай нівы» падвяла літаратурныя вынікі 2008 году. Найлепшай беларускай кнігай’2008 была названая Анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. «Галасы з-за небакраю» (укладальнік Міхась Скобла).
Дзясятка найлепшых, шчыра кажучы, зусім не цешыць. І не таму, што ў топе апынуліся кнігі, якія гэтага не заслугоўваюць. Праблема нават не ў тым, што Юры Гардзееў з грунтоўным даследаваннем «Магдэбургская Гародня. Сацыяльная тапаграфія і маёмасныя адносіны ў XVI-XVIII стст.» апярэджвае Артура Клінава з «Малой падарожнай кніжкай па Горадзе Сонца». Папросту ўласна рэйтынг ахвотней рыфмуецца з медычным дыягназам, чым з паспяховымі культурнымі прадуктамі.
Можна, канечне, як Марыйка Мартысевіч, абвінаваціць рэдактараў “НН” у непрафесіяналізме і на гэтым паставіць кропку. Але “нашаніўскі” рэйтынг – гэта толькі вінегрэт экспертных меркаванняў. Айчынныя крытыкі, выдаўцы, распаўсюджвальнікі кніжнай прадукцыі ды ўласна літаратары запісалі ў шорт-лісты найлепшых беларускіх кніг, па сутнасці, акадэмічныя працы: анталогіі, мемуары, слоўнікі-даведнікі і г.д. Актуальныя творы сучаснай беларускай літаратуры калі і згадваліся, то, хутчэй, як вынятак. Гэта, вядома, сімптаматычна.
Сімптаматычнае і тое, што найлепшую беларускую кнігу абіралі не чытачы. Хоць рэальная культурная вага літаратурнага прадукту сёння вызначаецца не экспертнымі каментарамі, але накладамі, рэйтынгамі продажаў і індэксамі цытавання. Таму цалкам натуральна, што сучасная Украіна – гэта Юры Андруховіч. Польшча – Анджэй Стасюк. Расія – гэта Віктар Пялевін. Сучасная Беларусь – … А вось гэта пытанне.
Адсутнасць яркага хэдлайнера на літаратурным полі сведчыць пра сур'ёзны крызіс у беларускай літаратуры. Парушанае асноўнае правіла літгульні: камунікацыі паміж аўтарам і чытачом папросту няма.
Відавочна, што пакуль беларускамоўныя аўтары не могуць быць папулярныя ў маштабах усяе краіны. Хаця б таму, што яны размаўляюць з пераважнай большасцю насельніцтва Беларусі на розных мовах. Сумна, але факт. Праблема ж у тым, што нават у межах адносна невялікага community, якое актыўна чытае па-беларуску, аўтары не могуць эфектыўна прадаваць свае тэксты.
Чаму так адбываецца? Чаму на просьбу ўзгадаць які-кольвечы беларускі літаратурны бестсэлер можна толькі паціснуць плячыма? Каб адказаць на гэтыя пытанні, трэба адкруціць лічыльнік беларускай літаратуры на некалькі дзесяцігоддзяў назад.

Ад Саюза пісьменнікаў да Таварыства Вольных Лiтаратараў

Для кожнай эпохі характэрная ўласная сатысфакцыя ў пісьменніцкім асяроддзі. Класікі беллітаратуры, да прыкладу, увогуле не арыентаваліся на чытача. Самарэалізацыя для іх была пабудаваная паводле простай лінейнай схемы. Сябра Саюза пісьменнікаў, лецішча, Ленінская прэмія. Усё. Ты адбыўся як аўтар.
Гэтае схемы самарэалізацыі трымаліся ўсе, хто лічыў сябе беларускім савецкім пісьменнікам. То бок былі, вядома, выняткі. Да прыкладу, паэтка Ларыса Геніюш, якая нават не прыняла савецкага грамадзянства. Але Геніюш свядома не ўлучылася ў вялікую літаратурную гульню. Тыя ж, хто імкнуўся да поспеху на літаратурным полі таго часу, найперш аглядаліся на кампетэнтныя органы. Чытацкая сімпатыя расцэньвалася як прыемны, але зусім не абавязковы бонус.
Кардынальна сітуацыя пачынае змяняцца з 1985 году. У час перабудовы чыталі ўсё і зацята. Беларуская літаратура не магла не адрэагаваць на гэта. Недзе з сярэдзіны 1980-х нашая літаратура «пачынае губляць рысы беларускай савецкай лiтаратуры i пакрысе становiцца проста беларускай», кажа філосаф і пісьменнік Валянцін Акудовіч.
Бліжэй да канца 1980-х узнікае літаратурнае аб'яднанне «Тутэйшыя». Сяргей Дубавец, Адам Глобус, Анатоль Сыс. Яны сталі знакавымі постацямі для літаратурнай супольнасці Беларусі. Ці сталі яны знакавымі для звычайнага, прафаннага беларускага чытача? Хутчэй не, чым так. Бо, па вялікім рахунку, «Тутэйшыя» ставілі перад сабой зусім іншыя мэты.
Гэта было не толькі і не столькі літаратурнае, колькі грамадска-палітычнае аб'яднанне. Чым і тлумачыцца той факт, што менавіта грамадска-палітычныя акцыі «Тутэйшых» прыцягвалі найбольшую ўвагу медыя і мелі велізарны грамадскі рэзананс. Найбольш яскравы прыклад – легендарнае святкаванне «Дзядоў» у 1988 годзе, калi ўлады скарысталі вайскоўцаў для разгону дэманстрантаў.
Што да літаратуры, то сучасны пісьменнік і даследчык айчыннга літпрацэсу Максім Шчур сярод галоўных заслугаў «Тутэйшых» называе «тэматычныя» і «лексічныя» дасягненні: “Яны прынеслі новыя жанры ў літаратуру: эсэ, абразкі, разанаўскія пункціры, версеты й вершаказы, запазычаныя паэтычныя формы, такія як хайку й танка. Яшчэ аднавілі “рэпрэсаваныя” ў часы камунізму словы, стварылі шэраг эмацыйна-афарбаваных неалагізмаў. На гэтым, бадай, усё”.
Па сутнасці, «Тутэйшыя» самарэалізоўваліся найперш у палітычнай прасторы. Поле літаратуры было, хутчэй, другаснае. У абноўленай літаратурнай гульні чытач ізноў быў лішні.
Трохі бліжэй да чытача было ТВЛ (Таварыства Вольных Лiтаратараў). Гэтая літаратурная група заснавала штогадовую лiтаратурную прэмiю «Глiняны Вялес» і кніжную серыю «Паэзiя часопiса «Калосьсе». Але бліжэй да канца 1990-х дзейнасць ТВЛ зніякавела і практычна сышла ў нябыт.

Літ-Авангард

У 1990-я гады ў Беларусі фармуецца новае літаб'яднанне «Бум-Бам-Літ». У гісторыі беллітаратуры гэта была першая група, якая выйшла за ідэалагічныя рамкі. Упершыню літаратары аб'ядналіся не па прынцыпе “свой/чужы”, а зыходзячы з уласных эстэтычных поглядаў. Аб’яднаўчай платформай для «бум-бам-літаўцаў» стала эстэтыка постмадэрнізму. Здавалася, што ўпершыню беларуская літаратура наблізілася непасрэдна да еўрапейскага культурнага кантэксту.
Аднак, адкрываючы новыя і новыя літаратурныя формы, «бум-бам-літаўцы» ўсё больш і больш адасабляліся ад чытача. Ідэалагічныя клішэ саступілі лінгвістычным гульням са словам і моўным выкрунтасам. «Бум-бам-літаўцы» трансфармавалі літаратурны працэс у «мэтамастацтва». У мастацтва дзеля мастацтва, якое замыкаецца на сабе і перарывае сваю сувязь з рэальнасцю.
Чытач, які быў не ў тэме, ужо не мог адэкватна дэкадаваць сучасную беларускую літаратуру. Прыняты ў грамадстве моўны код губляўся ў філалагічных практыкаваннях. Архітэктуру новых тэкстаў маглі ацаніць толькі абраныя. Новая літаратура абыходзіла бокам апошняе, самае слабое звяно камунікатыўнага ланцуга – чытача.
Праблема элітарнасці, да якой прыйшла беларуская літаратура напрыканцы 1990-х, вынікае не з маргінальнага статусу ўласна беларускай мовы, як можа здацца на першы погляд. У наяўнасці камунікацыйны разрыў аўтара з чытачом. Транслагізм Туровіча, дадаізм Жыбуля, аўтаматычнае пісьмо ў прозе Вішнёва, сюррэалізм Тараса, уласна фармат новых тэкстаў не прадугледжваў арыентацыю на прафаннага чытача.
Парадаксальна, мова замяніла змест. Ніхто ўжо і не разумее, што хацеў сказаць аўтар. Выкарыстоўваючы адны і тыя ж словы, і аўтар, і чытач працягваюць размаўляць, па сутнасці, на розных мовах.
У гэтым сэнсе не важна, на якой мове напісаная кніга. Па-беларуску, па-руску або па-французску. Найперш яна павінна быць напісана на мове чытацкай культуры. Перафразуючы Фрэйда, мы можам з упэўненасцю сцвердзіць: форма мае значэнне.

Новая хваля

Напрыканцы 2000-х у беларускай культурнай прасторы аформілася новае літаратурнае пакаленне. Непасрэдна маладыя беларускія літаратары, з лёгкай падачы Валерыі Куставай, акрэсліваюць сябе не інакш, як «пакаленне Ы або посттутэйшыя». Наіўна разважаюць пра тое, што «200 асобнiкаў у Вiшнёва можна параўнаць з тысячай у «Мастацкай лiтаратуры” i з пяццю тысячамi ў якiм «Тэхнапрынце». Раздаюць адзін аднаму парады публікавацца на віртуальных пляцоўках, блогах і аматарскіх сайтах. А таксама публікаваць уласныя кнігі самвыдам...
Самарэалізацыя новага літпакалення адбываецца, найперш, у віртуальнай прасторы. Наклады і традыцыйная папяровая прадукцыя разглядаюцца як дадатковыя, але не абавязковыя да выкарыстання опцыі. У выніку, узнікае замкнёнае, камернае community, якое, па сутнасці, паўтарае памылку «бум-бам-літаўцаў».
Маладыя літаратары, працягваюць гуляць у літаратурную гульню па правілах мінулых гадоў. Яны атрымліваюць прапіску ў літаратурнай прасторы, абапіраючыся не на прызнанне чытачоў, а дзякуючы сімпатыі калегаў. Чытач калі і прысутнічае, то толькі ў ролі ЖЖ-юзэра ў фрэндстужцы.
Перабольшванне ўласнай культурнай вагі і спроба гуляць па старых правілах спрычыняюцца да таго, што маладыя беларускія літаратары не могуць – дый не хочуць – шукаць свайго чытача.
Паўторымся, сучасная літаратурная сітуацыя прадугледжвае адмову ад вобразу пісьменніка-рамантыка. Рэальны поспех літаратурнага прадукту сёння вызначаецца не ідэалагічным пафасам, не лінгвістычнымі эцюдамі аўтараў, а накладамі і прызнаннем аўдыторыі.
Айчынныя пісьменнікі павінны набрацца смеласці і зірнуць у вочы свайму чытачу. Яны павінны навучыцца пісаць не ізатэрычныя, не падкрэслена містычныя і не акадэмічныя, а reader friendly тэксты. У нейкім сэнсе, беларускі чытач і аўтар павінны памяняцца месцамі. Чытач, а не аўтар павінен атрымліваць задавальненне ад тэксту. Чытач – у першую чаргу.


Марына Весялуха

Вобраз сатаны ў беларускай літаратуры ХХІ ст.

Да пастаноўкі пытання


Калі агонь патух… а на горад апусцілася ноч,
усе пачулі грамавы рогат. Гэта д’ябал
смяяўся з бязмежнага чалавечага глупства.
А. Глобус, “Казкі”

На працягу многіх стагоддзяў існавання мастацкай культуры асоба Люцыпара, Д’ябла, Сатаны знаходзілася ў цэнтры пільнай увагі не толькі тэолагаў і філосафаў, але і мастакоў, пісьменнікаў, музыкаў. І гэта заканамерна, бо вобраз Князя Цемры па азначэнні валодае моцным выяўленчым патэнцыялам, глыбокім сімвалізмам, паказвае знітаванасць мастацкай культуры з традыцыйнымі поглядамі і вераваннямі народа, выяўляе індывідуальныя каштоўнасныя арыенціры мастака. Яшчэ больш пільна да Сатаны пачалі прыглядацца творцы-рамантыкі, бо Вялікі Люцыферыянскі бунт стаў правобразам і першаасновай бунту рамантычнага, а асоба Д’ябла стала ўвасабленнем мужнасці, высакароднасці, годнасці. Варта прыгадаць Люцыпара са “Страчанага раю” Джона Мільтана, лермантаўскага Дэмана, галоўнага героя “Журбы Сатаны” Абрахама Стокера. Гэта класічныя прыклады увасаблення філасафічнасці, пазбаўленай рэлігійнага адцення.
У беларускую літаратуру вобраз Д’ябла ўвайшоў таксама ў перыяд рамантызму (ХІХ стагоддзе) праз ананімную гутарку “Два Д’яблы”, балады “Нячысцік” А. Рыпінскага, “Пані Твардоўская” і “Тукай або выпрабаванні дружбы” А. Міцкевіча. Але беларускі рамантызм характарызуецца перш за ўсё зваротам да нацыянальнай культуры, фальклору і міфалогіі, таму і рамантычныя беларускія Д’яблы — фальклорныя вобразы чарцей як духаў прыроды, а не прадуктаў філасофскай думкі чалавечага розуму.
Гэтая ж з’ява назіраецца і ў літаратуры пачатку ХХ стагоддзя (бывальшчына “У Панасавым сяле” Алеся Гаруна). Толькі ў п’есе Францішка Аляхновіча “Круці не круці — трэба памярці” (1943 г.) мы назіраем асобу Люцыпара, якая па сваёй сіле адрозніваецца ад традыцыйнага дурнаватага нячысціка. У гэтым творы Люцыпар — вярхоўны ўладар над чарцямі, вядзьмаркамі. Яго баяцца, яму пакланяюцца, называюць Гаспадаром і “бацькам наймілейшым”. Ён карае ўсіх не шкадуючы. Поўны пераход да еўрапеўскай філасафічнасці, да кніжнага паказу Князя Цемры назіраецца ў творчасці Уладзіміра Караткевіча. Яго Дэман і Д’ябал (з “Легенды аб бедным Д’ябле і адвакатах Сатаны”) — сапраўды моцныя асобы, і валодаюць яны ўсімі знешнімі і ўнутранымі (а гэта важна!) характарыстыкамі, якія ўжо сталі традыцыйнымі ў сатанінскай гнасеалогіі: рогі — сімвал лічбы два, дуалізм поглядаў чалавека, добры і злы пачатак яго існасці; імкненне да пазнання (толькі ў ведах сіла); страх перад Богам — не страх, а моцная павага да чалавека, які шчырым сэрцам у яго верыць, і таму мае вялікую перавагу і моц у супрацьстаянні Сатане і злу ўвогуле; вечнасць і бясконцасць як асноўныя памагатыя Чорта. А галоўнае — філасофскае асэнсаванне героямі ўсіх гэтых уласцівасцей. Як відаць, у беларускай літаратуры ХІХ-ХХ стст. Люцыпар з’яўляецца носьбітам традыцыйных беларускіх фальклорных рысаў з толькі частковым далучэннем да еўрапейскай культурнай і літаратурнай традыцыі.
А які Ён, беларускі Сатана пачатку ХХІ стагоддзя?
Нягледзячы на змену агульнай літаратурнай парадыгмы ў новым стагоддзі (пераход да больш кароткіх па аб’ёме мастацкіх тэкстаў, індывідуалізацыя аўтарскіх спосабаў паказу, з’яўленне новых жанраў, далучэнне да сусветнай літаратуры праз пераклад і запазычанне формы, развіццё параўнальна-супастаўляльнага літаратуразнаўства як аднаго з чыннікаў і паказальнікаў еднасці беларушчыны і сусвету), значных зменаў у выяўленні вобразу Сатаны не назіраецца. І да гэтага часу ў нашай літаратуры не існуе твора, які можна смела назваць “гатычным раманам” з усімі атрыбутамі жахаў, з моцным люцыферыянскім пачаткам. Так, у нас ёсць готыка і ў прозе, і ў паэзіі. Празаічная готыка цесна знітавана з беларускім фальклорам (напрыклад, апавяданне “Крывавы прысмак” Анатоля Казлова, у якім апісваецца жахлівая сцэна смерці Ведзьмака, бойка Смерці і нябожчыкаў з нячысцікамі, якія выступаюць абаронцамі ўжо даўно страчанай душы чараўніка) і гісторыяй (раман Людмілы Рублеўскай “Скокі смерці”). Паэтычнай готыкай можна назваць хіба толькі вершы Якава Ясэпкіна (і не таму, што ён сам іх так называе, а таму, што па атмасферы змрочнасці і зачараванасці тым, што лічыцца страшным, творы не саступаюць нават “Чорнай крыві” Аляксандра Блока, паэтычнага цыкла, напісанага пад уражаннем ад прачытання “Дракулы” Брэма Стокера). Вершы Ясэпкіна таямнічыя, выкшталцоныя, з амаль па-барочнану складанымі вобразамі.

Любові абраз, бы пад срэбрам ікона,
Архангелы смерці ў акладзе гараць,
Яго не азмрочыць і цень Авадона,
Бо двойчы няможна адных пакараць.

Традыцыйныя біблейскія вобразы ў гэтых вершах набываюць новы глыбокі філасофскі змест. А вобраз Авадона (які часта ўжываецца ў вершах побач з імёнамі іншых міфалагічных персанажаў) як сімвала смерці, пакарання і разбурэння, не традыцыйны для беларускай літаратуры, надае паэзіі Ясэпкіна рысы інтэлектуалізму, стварае разгалінаваны алюзійны падтэкст. І менавіта дзякуючы змрочным алюзіям на Біблію, Люцыфер, які літаральна не прысутнічае ў вершах, паўстае як ідэя Сілы, што супрацьстаіць усяму добраму, але не належыць адной асобе. Чытач толькі адчувае яго прысутнасць. І гэта сапраўдная готыка — страх перад невядомым, неўсвядомленым.
Але нягледзячы на вышэй адзначаную неразвітасць традыцыі готыкі, у беларускай літаратуры новага стагоддзя ёсць нямала твораў, у якіх прысутнічае вобраз Д’ябла. Кожны творца мусіць укладаць новы змест у гэты стары вобраз. Усе творы з прысутнасцю Сатаны (для зручнасці аналізу) можна ўмоўна падзяліць на тры вялікія групы ў залежнасці ад тых характарыстык, якія надаюцца дадзенаму персанажу (вобразу) аўтарам .
1. Д’яблы традыцыйныя, г. зн. паказаныя ў адпаведнасці з традыцыйнымі фальклорнымі ўяўленнямі беларусаў. У творах з прысутнасцю такіх нячысцікаў выяўляецца цесная сувязь літаратуры і фальклору, дзе Сатана — толькі частка прыроды, персанаж легендаў і паданняў (яны таксама часам уводзяцца ў твор для стварэння аўтэнтызму, паказу цеснай сувязі паміж сучаснай літаратурай і старажытнымі фальклорнымі літаратурнымі творамі як асновай усяго сучаснага). Традыцыйнасць вобразу Д’ябла перш за ўсё назіраецца праз апісанне яго знешняга выгляду і асабістых рысаў. Гэта звычайна істота з целам і галавою казла, з капытамі на нагах, з хвастом, не зусім разумная і кемлівая, але настойлівая ў сваім жаданні нашкодзіць чалавеку (такога Чорта і намаляваў Адам Глобус). Гэта адданы служка Гаспадара — Люцыпара, які кіруе не толькі чарцямі, але і ведзьмакамі. Такія нячысцікі прысутнічаюць у творах Анатоля Казлова (ужо згадвалася апавяданне “Крывавы прысмак”); такі Д’ябал у сне прыходзіць да Сцяпана Сумленевіча, галоўнага героя рамана “Сцяна” Сакрата Яновіча (у частцы рамана, якую можна ўмоўна назваць “Сон”, назіраецца нават падабенства да бывальшчыны А. Гаруна “У Панасавым сяле”: чорт прыходзіць да галоўнага героя ў сне, або ў стане, блізкім да сну, і расказвае пра падзеі мілулага або будучыні). Менавіта такі Сатана часам з’яўляецца ў “Казках” Адама Глобуса. У сучасным казіно ён шляхам махлярства дапамагае чалавеку выйграць вялікія грошы (“Белы джокер”), “шэры ветэрынар” яму купіруе хвост, ён забірае грашовы доўг нават пасля смерці багатага чалавека (“Чорны чорт”) і ператварае белага алёла ў рудога чорта, напаіўшы яго гарэлкай (“Руды анёл”).
Такі ж чорт (дакладней, адзін з персанажаў, які яго ўвасабляе) з’яўляецца героем дэтэктыўнай аповесці-трылера Міраслава Адамчыка “Каханка Д’ябла, або Карона Вітаўта Вялікага”. Варта адзначыць, што ў гэтым творы Сатана паўстае ў выглядзе трох істотаў: традыцыйнага чорта-нячысціка; Кадука, пачварнага з выгляду, але з па-філасофску развітым розумам лодачніка, які працуе ў санаторыі, дзе адбываюцца падзеі аповесці; Гаспадара, што не дзейнічае як герой аповесці, а ўвасабляе Нячыстую Сілу і кіруе дзеяннямі Кадука ды Д’ябла. Менавіта з ім заключае дамову галоўная гераіня, прыгажуня Магда, якая шукае свайго брата. Дарэчы, сама дамова з Д’яблам, што даўно стала традыцыйнай у еўрапейскай літаратуры, прысутнічае толькі ў гэтым творы. Да таго ж Гаспадар тут выступае і кіраўніком палітычнай сістэмы, ініцыятарам тых змен у ВКЛ, што адбыліся пасля смерці Вітаўта Вялікага (менавіта Гаспадар, згодна з адной з версій М. Адамчыка, захапіў Карону Вітаўта).
І ўжо зусім традыцыйны нячысцік, хутчэй смешны, чым жахлівы з’яўляецца героем “Оды лазьні” Міхася Скоблы:

…Дабрадушны, вясёлы Лазьнік.
Ён нячысьцікам не радня.
Лазьнік мыецца сам — штодня.
На Люцыпаравым пайку
Лазьня век не была, паверце.

2. Другую групу складаюць у асноўным паэтычныя творы, у якіх дзейнічае Д’ябал рэлігійны як істота, якая супрацьстаіць Богу або як вобраз, што служыць спосабам выяўлення рэлігійнага светапогляду аўтара. Гэта верш Леаніда Дранько-Майсюка “Плач па Васкрасенскай царкве”, у якім аўтар выказвае меркаванне, што храм быў спалены менавіта Сатаной. Гэта і вершы Уладзіміра Папковіча, у якіх ён сцвярджае, што толькі любоў да Бога можа абараніць чалавека ад Сілаў Цемры. Гэта і вершы Эдуарда Акуліна, у якіх, аднак, больш відавочным з’яўляецца філасофскі падтэкст ужывання гэтага вобраза.
3. Трэцюю і, напэўна, самую шматлікую групу складаюць тыя творы, у якіх аўтары ў традыцыйны вобраз укладаюць нетрадыцыйны (ці не зусім традыцыйны) змест. Віктар Казько ў аповесці “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” аварыю на Чарнобыльскай АЭС лічыць праявай Сатанінскіх сілаў, у Васіля Быкава (“Хутаранцы”) дзейнасць Д’ябла звязваецца з палітыкай, з імкненнем да інтэграцыі. У Алеся Наварыча (аповесць “Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…”) Д’ябал, убачаны галоўным героем у дзяцінстве, аказваецца яго дарослым анёлам і ўвасабляе ён ўсё адмоўнае ў натуры дарослага чалавека. У Змітра Вішнёва (“Афрыкоза пра захворванне на вайну сусветную 102-ю”) з’яўляецца зусім нечаканы вобраз “Люцыфер дабра” (пра пацыфіста). Алесь Разанаў у версэце “Сербская вёска”, прыгадваючы выпадак уласнага неразумення сербскай адзінкі адлегласці “д’ябал”, выклікае ў чытача філасофскія разважанні, звязаныя з адзінкамі вымярэння адлегласці. Нягледзячы на нехарактэрнасць прысутнасці філасофскага Сатаны ў беларускай літаратуры ўвогуле, ён з’яўляецца адным з чыннікаў, што складае паэтычны талент, у творах Рыгора Барадуліна:

Талент—гэта праклён
Паласатага Д’ябла…

і Анатоля Сыса:

Але ж я заблуджуся ці згіну,
Ну й… з ім! Згіне д’ябал са мной…

Прыгадаліся словы Уільяма Блейка, англійскага паэта-перадрамантыка, сказаныя ім пра Джона Мільтана: “Ён быў прыроджаным Паэтам і, сам не ведаючы таго, прыхільнікам Д’ябла.” Менавіта такі філасофскі змест укладаецца ў вобразы Сатаны, створаныя Рыгорам Барадуліным і Анатолем Сысом.
Яшчэ ў адным творы Чорт паказваецца ў нязвыклым для беларускага чытача вобразе простага чалавека з надзвычай моцным, амаль гіпнатычным позіркам. Менавіта сіла пагардлівага позірку, уменне бачыць усё і ўсіх наскрозь адрознівае яго ад астатніх людзей на рынку (менавіта на рынку, у месцы, якое спрадвек лічыцца “брудным” у беларусаў), дзе сустракае яго герой фрэскі Барыса Пятровіча “Д’ябал”. Нездарма аўтар адыходзіць ад традыцыі ў адлюстраванні Князя Цемры. Галоўная яго мэта — паказаць перавагу надчалавечай істоты Люцыпара перад людзьмі. І сутнасць гэтай перавагі не ў знешнім выглядзе і звышнатуральных магчымасцях, а ва ўнутранай упэўненасці ў сваіх ведах. Сіла асобы, усведамленне бессмяротнасці і вечнасці свайго існавання, пагарда да чалавечай слабасці і мізэрнасці ў параўнанні з уласнай веліччу, моцай і дасведчанасцю — вось асноўныя рысы сучаснага Сатаны.
Такім чынам, у беларускай літаратуры пачатку ХХІ стагоддзя суіснуюць Д’яблы як паказчыкі розных светапоглядных канцэпцый аўтараў: традыцыйнай (фальклорнай), рэлігійнай і філасофскай (інтэлектуальнай, кніжнай). Менавіта філасофскае стаўленне да асобы Сатаны набывае сёння ўсё больш шырокае распаўсюджанне ў літаратуры і культуры свету разам з развіццём люцыферызму (люцыферыянізму) як жыццёвай філасофіі моладзі, якая сцвярджае культ ведаў, розуму. Такі Люцыфер яшчэ не знайшоў свайго месца ў беларускай літаратуры.
Са зменай чалавечых поглядаў на жыццё, эвалюцыяй ідэалаў і перакананняў, змяняецца і ўяўленне пра Д’ябла як уладальніка звышнатуральнай сілы і ўлады. Можна заўважыць пераход ад знешняй, фізічнай моцы да псіхалагічнай, унутранай сілы як асноўнай рысы Сатаны. Таму, натуральна, сучасныя пісьменнікі малююць партрэт Князя Цемры “знутры”, імкнучыся паказаць асаблівасці яго асобы — душы, а не цела.