12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Раіса Крывальцэвіч

_____________________
Асцярожна! Дзверы...
Зацемкі з натуры


З усіх відаў гарадскога транспарту найбольш люблю трам­вай. За няспешнасць, пастукванне-пагойдванне, якое дае магчымасць апомніцца ў гарадской мітусні, супакойвае і настройвае на разважлівы лад.
У грамадскім транспарце розныя людзі ствараюць розныя сітуацыі.
Як звычайна, трагічнае і смешнае – побач.
Бывае, гавораць адчайнае.
Чула, як адзін мужчына ў трамваі з нейкай нагоды з горыччу, у нікуды, казаў пра тое, што ў 1968 годзе яго паслалі ў Чэхаславакію і ён вярнуўся адтуль інвалідам – ён што, прасіў яго туды пасылаць?..
Адна маладая жанчына ў адказ на нейкую заўвагу нярвова выкрыквала, што ездзіць ёй ужо засталося няшмат, у яе прызналі невылечную хваробу.
Пасля размовы ў трамваі вам нават можа паступіць прапанова выйсці замуж.
Пра гэта загаварыла нечакана маці “жаніха”, з якой мы перакінуліся парай прыязных словаў, як суседкі па трамвайных сядзеннях.
Гэта мая кароткая летняя сукенка і адносная танклявасць збілі жанчыну з панталыку… Я моўчкі разыгрывала з сябе “нявесту”.
Яе сын ніколі не быў жанаты, працаваў на “хуткай дапамозе”, і жыццё яго, па словах маці, складалася з дзяжурстваў і адсыпанняў пасля іх. Паказала фотаздымак. Жылі яны з маці ў “прыватным сектары”, дом вось-вось знясуць, і час з жаніцьбай падціскае: трэба вызначацца з новай жылплошчай, сяліцца асобна ад мамы.
Быў жнівень, жанчына прапаноўвала паехаць збіраць на дачы маліны, якія прападалі ў вялікай колькасці. Яна была мяккая, простая і добрая, медсястра-пенсіянерка, муж якой, доктар, пайшоў ужо ў іншы свет.
Я запісала тэлефон, сказаўшы ёй пра незамужнюю дарослую дачку. Але дачка нечакана для самой сябе і ўсіх сваякоў праз месяц хуценька выскачыла замуж…
У трамваі можна назіраць сутыкненне светапоглядаў. Гэта калі дзяўчаты на пярэднім сядзенні бесперастанна і голасна рагочуць. Пажылая жанчына робіць ім даволі рэзкую заўвагу – ёй баліць галава. Тыя спалохана замаўкаюць. За дзяўчат уступаецца іншая, таксама пажылая жанчына, якая выгаворвае “рэзкай” за тое, што тая едзе з кіслай мінай і іншым настрой псуе. Маладыя павінны смяяцца...
Альбо калі маладыя не саступаюць, як гэта заклікае голас дыктара, месца сталым. Тады нехта са старых дакарае-ушчувае моладзь, а хто-небудзь з такіх жа сталага веку людзей заступаецца: маўляў, і маладым цяжка, няпроста, стамляюцца, здароўя не маюць, няма чаго нападаць.
З усімі што-небудзь здаралася ў транспарце. Гэта магло быць вельмі смешна, не вельмі смешна альбо зусім не смешна...

Смешны выпадак

Самы смешны выпадак распавяла пляменніца, яго сведка. Гэта было напачатку 90-х, падчас, калі ў сем’ях захоўвалі купоны і падлічвалі талоны, радаваліся назапашанаму цукру і купленым дзіцячым калготкам.
У набіты людзьмі трамвай ускочылі, ледзь дабегшы, дзве сяброўкі. Уляцелі, не згаварыўшыся, у розныя дзверы. Тая, што забегла ў пярэднія, была жанчына спраўная. Пабачыўшы, што з цяжкасцю здабытым у чарзе дэфіцытным яйкам (тады за іх якраз “браўся” прэзідэнт) пагражае небяспека быць раздушанымі, яна папрасіла ў кіроўцы дазволу паставіць гэтыя каштоўныя дзясяткі, упакаваныя ў фігурных выемках-паглыбленнях кардонных ёмкасцяў, у кабіне.
“Галя, где ты, иди сюда!” – паклікала здалёк нябачная ў натоўпе пасажыраў сяброўка. “Не могу, я у шофёра яйца держу!” – пачулася на ўвесь тралейбус з першых дзвярэй... і тралейбус грымнуў, пакаціўся са смеху... Найдаўжэй ад рогату не мог адысці сам шафёр.
Значыць, у трамваі ехалі не да канца зрусіфікаваныя вясковыя беларусы, для якіх беларускае слова “яйкі” суадносіцца з курыцай, а расійскае “яйца” успрымаецца па-вясковаму, як недалікатная назва вельмі далікатнай часткі мужчынскага цела.
Думаю, што і рэклама Салігорскай птушкафабрыкі на мінскім трамваі “Яйца молодецкие с селеном – залог бодрости, здоровья и долголетия» шмат каму навявае думкі не пра той прадукт. Не з-за разбэшчанасці, а па той жа моўнай прычыне. Яны ж яшчэ і маладзецкія – значыць, хлопцу-малайцу належаць. Засела ў нас беларускае. Няхай у такой форме...
Недарэчная рэклама не толькі на “яечным” трамваі.
“Ідэалагічны” трамвай-агітка – у чырвона-зялёных сцягах і са словамі «За сильную и процветающую Беларусь!» таксама выклікае пытанні. Наконт Беларусі.

Шчымлівы выпадак

Гэта было мо ў якім 2004-м, перад чарговымі выбарамі, калі дурню было зразумела, што апаненты ўлады ўжо прайгралі, народ “спіць” і, загнаны на ўчасткі, прагаласуе, як загадаюць. Наперадзе – чарговае расчараванне, таптанне на месцы, шкадаванне няздзейсненага, боль з-за ўпушчаных магчымасцяў, прыніжанасць ад несправядлівасці, грубай хлусні.
З раніцы ехала на працу. На пярэднім сядзенні трамвая сядзеў мужчына гадоў пад 70, граў на баяне і спяваў.
Ён займаў два месцы – на адным побач з шапкай з грашыма ляжала вялікая колькасць нотаў. Спяваў толькі беларускае, голасна, як на сапраўдным канцэрце, абвяшчаў аўтара словаў і музыкі.
Ён спяваў песню на словы Генадзя Бураўкіна:

Мы здалёк убачылі свабоду
І яшчэ не вырваліся з пут.
Божа, не дабаў майму народу
Пошасці, няпраўды і пакут.

Людзей у трамваі было шмат, яны стаялі побач з песеннікам з каменнымі тварамі, не глядзячы на яго і як бы не чуючы. Яны не хацелі яго чуць. Ён перашкаджаў. Яны для сябе ўжо ўсё вырашылі.
Божа, не дабаў майму народу...
Хацелася плакаць ад бачнай прадвызначанасці нашага агульнага шляху.
...А грошы дзядзьку клалі вялікія, не такія, як заўсёды. У шапцы ля­жалі не дробныя, “капеечныя” купюры, а немалыя як для падаяння грошы. Гэта была не падачка на беднасць, а падзяка за аднадумства, за мацаванне духу.

Віншаванні ў трамваі

Яны прысвечаныя святам, напрыклад, Новаму году ці Дню горада... Акрамя неабходнага “шчасця і здароўя” гарадскія ўлады жадаюць мясцовым бюргерам чаго матэрыяльнага (а што яшчэ гэтым ненасытным грамадзянам ад уладаў трэба?), што выражаецца ў расплывістым слове “дабрабыт”.
На Новы 2010 год грамадзянаў у Мінску віншавалі, акрамя гарадскіх уладаў, БРСМ і “Белая Русь” – самыя масавыя арганізацыі, эрзац камсамола і партыі савецкіх часоў. Гэта павінна супакойваць жыхароў краю – “Старыны не рушыць, навіны не ўводзіць”.
Найлепей віншуе са святамі аўтапарк – простым, добрым, не пастаўленым голасам маладога, дабрадушнага, няспітага хлопца-рабацягі.

АБ’ЯВЫ Ў ТРАМВАІ
Аб’явы па-беларуску

Яна аглушае сваім фармалізмам. Варта адразу перакласці на чалавечую мову: калі ў вас няма талончыка, набудзьце яго ў кіроўцы і пракампасціруйце.
“Пры ўваходзе ў транспартны сродак пры адсутнасці праязнога дакумента шматразовага карыстання прад’явіце дакумент аднаразовага карыстання…”.
Чуючы штодзённа яшчэ адну аб’яву: “...Не дапускайце пашкоджвання шкла, сядзенняў, не пакідайце пасля сябе смецця...” Міжволі пачынаеш адчуваць сябе дробнай хуліганкай, якая едзе з патаемнай думкай парэзаць ножыкам мэблю, накідаць паперкаў, а на развітанне высадзіць вакно.
Слых спатыкаецца аб слова “пашкоджванне” – такое час ад часу хуткае, пакуль ніхто не бачыць, утварэнне якога паскудства.

Прабачальная аб’ява

Яна наконт зменаў у маршруце з-за рамонту пуцей. Гаворыцца доўга, па-руску, напружаным, амаль левітанаўскім голасам: ”По причине ремонта участка дороги... Организовано движение от ...до…” Напружанне ў голасе мадэратара нарастае, і пакуль даходзіць да халодна-ветлівай фразы: “Приносим свои извинения за причинённые неудобства”, ужо хочацца выскачыць і пайсці па шпалах, абы не чуць.
А потым нерваваць аб’явай нарэшце перастануць. На 7 лістапада, да Дня Рэвалюцыі (у лепшых савецкіх традыцыях) пусцяць трамвай, і ўсе ўздыхнуць з палёгкай. Але ненадоўга, бо праз некалькі дзён участак трамвайных пуцей зноў закрыюць на рамонт, мала таго, разбураць зробленае і стануць перарабляць. І навошта было спяшаццца. Але як іначай можна адзначыць рэвалюцыйнае свята? Трэба, каб запомнілася працоўнымі “перамогамі”.

Антыгрыпозная аб’ява

Улады хвалююцца пра здароўе жыхароў Мінска. Хочаце ўберагчыся ад грыпу і доўга жыць? Гэта так проста, толькі сядзьце ў трамвай, заплаціце 700 (з нядаўняга часу) рублёў за талончык і праслухайце парады Цэнтра эпідэміялогіі і гігіены Першамайскага раёна.
Парады ўражваюць сваёй даступнасцю. Занатоўваць не трэба. Можа, толькі словазлучэнне “респираторный этикет” уразіць. Нельга цалавацца, ці што...
Каб нас абмінула грыпозная навала, “свяцілы” з Першамайскага раёна раяць (з падкупнай інтанацыяй угаворвання непаслухмяных і цёмных):
– соблюдать респираторный этикет;
– избегать встреч с больными людьми;
– мыть руки с мылом;
– проветривать помещение;
– вести здоровый образ жизни…
І хто ў нас на Беларусі вядзе здаровы лад жыцця? Не дзіва, што грыпам хварэем.

“Трамвай следует в парк…”

У пярэднія дзверы трамвая зайшоў мужчына, сеў на сядзенне, што тварам да ўсіх і, пачуўшы аб’яву: “Трамвай следует в парк…”, заўсміхаўся і загаварыў адразу да ўсіх жанчын насупраць: “О, колькі прыгожых жанчын едзе ў парк... Нарэшце пакінулі дома ўсе хатнія клопаты і – гуляць, у парк... Шчаслівыя...”
Жанчыны моўчкі і не вельмі весела ўсміхаліся нечаканаму жарту.

“Работает кондуктор”

“Работает кондуктор” – ужо некалькі год можна ўбачыць такую шыльду паперадзе кабіны кіроўцы трамвая.
Кандуктаркі... Тыя, каго палічылі непатрэбнымі на працы і “скарацілі”. Спачатку гэта былі жанчыны, якім трохі за сорак. З сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Мілавідныя, інтэлігентныя. Прыгажуні, найдалікатнейшыя асобы. Такім хочацца глядзець услед. І здзіўляцца, як яны апынуліся сярод выпадковых людзей у гэтым вечаровым паўзмроку салона тралейбуса, які ідзе праз восеньскі дождж...
Час ад часу з’яўляліся і маладзенькія, здаецца, толькі пасля школы.
Гэта было некалькі гадоў таму.
Цяпер кандуктарскі склад у Мінску змяніўся. Прыгажуні амаль зніклі. Сярэдняга веку жанчыны ўжо бясформенныя, жоўта-чырвона-сіняя кандуктарская накідка абдымае цела-тумбачку. Нешта губляецца, не хапае свежасці і жаноцкасці. Але ёсць надзея адрадзіцца... Мужчыны пры з’яўленні кандуктаркі расцвітаюць, называюць яе “Дзевушка”, стараюцца пажартаваць. Гэта простыя “хлопцы”, якія любяць выпіць, абдзеленыя жаночай ласкай. Яны лагодна глядзяць на раптам узніклую перад імі жаночую постаць: вось, нехта і імі зацікавіўся, нешта ад іх хоча (няхай сабе толькі аплаціць праезд).
Кандуктаркам нельга старэць. У адной на “бэджыку” прачытала: “Ира Владимировна Мурашка”.
Кандуктаркі дзеляцца на тых, хто можа і хоча панаваць у салоне, ствараць настрой, дарыць слова, усмешку, і хто не мае на гэта сілаў, духу.
Адныя адчуваюць сябе гаспадынямі, просяць каго ўстаць, каб пасадзіць нямоглага, іншыя моўчкі даюць рэшту і білет.
Кандуктаркі ўважлівыя. Яны стараюцца запамінаць пасажыраў, не пытацца паўторна пра талон, бо час ад часу нарываюцца на раздражненне.
Яны цярплівыя. Доўга стаяць і чакаюць, пакуль яго вялікасць пасажыр (як правіла, малады), не абшарыць усе кішэні і са шкадаваннем не выцягне скамечаныя паперчыны грошай.
Ім не пазайздросціш, бо людзі ў транспарце розныя – могуць незаслужана пакрыўдзіць. Самая лёгкая крыўда – калі стаяць, як каменныя, і не рэагуюць на пытанне пра праязны. Бывае і горш...
Кандуктаркі руплівыя. Снуюць і снуюць па салоне. Сабраць 50 тысячаў рублёў, едучы ў адзін бок, няпроста. Каб неяк дабраць прызначаную суму, даводзіцца выходзіць на працу ў выхадныя, альбо ўвечары, калі іншыя жанчыны з сем’ямі. Задача нялёгкая – выканаць, але не перавыканаць план. Гэта як у савецкім, прабачце, канцлагеры.Трэба асцерагацца перавыканання, бо начальства дадасць план, і мяжа выжывання – трывання ссунецца.

КАНДУКТАРКІ
Самая ветлівая

Адна кандуктарка ў 53-м тралейбусе заўсёды, на працягу дня, шмат месяцаў запар, уручаючы талончык, жадала ўсім “Шчаслівай дарогі!” Каму ж не прыемна! Ёй нават пісалі за гэта ў газету падзяку.
Яшчэ нядаўна ў тралейбусах Мінска а таксама ў метро дыктарскі голас кожныя хвілін 15 напамінаў пра небяспеку быць абкрадзенымі тым рамантычна-даверліва настроеным грамадзянам, якія радаваліся, што не йдуць пешкам і наіўна верылі ў дабрасумленнасць суседзяў справа і злева. Голас вяртаў іх да суровай рэчаіснасці: “Грамадзяне! Будзьце пільныя! Асцерагайцеся крадзяжу з кішэняў і сумак!”
Высветлілася, што гэтае папярэджанне гучала і для наймілейшай кандуктаркі – аднойчы яна не знайшла ў сябе на поясе сумачкі з выручкай. Даўка была... Колькі паездзіць з канца ў канец, пабегаць-пашнураваць па салоне прыйшлося, каб скласці з драбязы дзве сотні тысяч!
Стала дрэнна, выклікалі хуткую…

Няшчасная

Вельмі энергічная. Тлумачыла мужчыне, відаць, калегу па былым месцы працы, як жывецца: “Дачку зімою пахавала... Ішла ўвечары дадому, патэлефанавала, што хутка будзе, і не прыйшла… Следчыя справу не раскрылі, спісалі на самазабойства“.
Доўга не магла ачуняць пасля няшчасця, а зараз вось, напачатку восені, вы­йшла на працу.

Спагадлівая

Яна не выносіць, калі нагружаная да немагчымасці рознымі вандзэлкамі жанчына едзе, стоячы. Шукае месца, усаджвае, а пасадзіўшы, робіць вымову: ”Берагчы сябе трэба, няма чаго шкадаваць іх, мужыкоў гэтых...”
Я так два разы пападалася.

Вясёлая

Тоўсценькая, як большасць кандуктарак, яна жартам заклікае: ”Усе да мяне з грашыма!”
“Злоснаму неплацельшчыку”: “У парку на арэлях гушкаюцца, і то плоцяць!”
Жанчыне, якая кажа, што “задумалася”: “Зараз выведу Вас з задумлівасці...”
Яшчэ некаму патэнцыйнаму “зайцу”: “А вы ведаеце, у зайца вушы адрастаюць, нават калі яму абарвуць. Я перадачу глядзела…”

Мужчыны-кандуктары

Яны стрыманыя, не выклікаюць такой цікавасці да сябе, як жанчыны. Менш звяртаюцца да пасажыраў, працуюць, эканомячы словы.

Усе мы з трамвая

У трамваі ездзяць заклапочаныя мужы і жонкі, сябры і калегі, лагодныя ці знерваваныя сталыя, вясёлыя малыя з камандзірамі-дарослымі ці без іх, а таксама закаханыя.
У трамваі можна пачуць: ”Даўно Вас не бачыў, успамінаў...”
Калі б я была кандуктаркай, звяртала б увагу на закаханых і дадумвала іх гісторыі...
Аднойчы, едучы з вакзала, доўга назірала за парай. Яны былі немаладыя, відаць, шмат разам пражылі. Абое неяк занадта добра, аж да сумнасці, апранутыя. Ехалі ўсю дарогу моўчкі, потым яна прытулілася галавой да яго пляча. Думалася: маўчаць усю дарогу. Якое сумоцце, гэтае доўгае сумеснае жыццё, ужо і пагаварыць няма пра што… На адным з прыпынкаў яна выйшла, на развітанне доўга і з любоўю паглядзеўшы на яго. Ён паехаў далей.
Здаецца, я памылілася…

4 снежня 2009 – 25 сакавіка 2010