СЬНІЦЬ
Буду сьніць сінім,
бо белым – набалела,
чырвоны ж зачаруе
вычварэнствам жарсьці,
а жоўты –
пражэрлівы цяжар жыцьця,
зялёны назаліў...
Дык буду сінім сьніць,
сінім, як мора,
як Марыса птушка...
Сінім сьніць буду,
каб чорнае ўчора
і страшнае заўтра
спыніліся ў сінім сёньня.
* * *
Твае вочы, як неба, сінія –
На зямлі мой прытулак адзіны.
Твае вочы – і скон, і скінія –
І пагібель мая і сьвятыня.
Ты спыніўся ў маёй бяссоньніцы
Скрыжаваньнем усіх вымярэньняў.
У жыцьця аднастайнай хроніцы
Ты падзея мая і падзеньне.
* * *
П. С.
Калі маё жыцьцё свой шлях завершыць,
Пакінуўшы пасьля сябе прабел,
Я ўсе мае пакутлівыя вершы
Аддам табе.
Калі мой дух з зямнога бабілону
Памкнецца ў Абяцаную Зямлю,
Я буду аднаму табе па скону
Сьпяваць «Люблю».
* * *
Восень!
Лёс мой!
На боскіх кроснах
тчэш прыгоствы
душы і сьвету...
Запавет мой!
Імпэт і мэта!
І манета,
што б’е ўсе цэны...
Восень –
вось мая
панацэя!
* * *
Вясна.
Вуснам
Цесна.
* * *
Вышывала аркушы вершамі,
Пакалола словамі пальцы.
Колькі ж нам, маёвым, намаяцца
Давядзецца па літасьці лепшых...
Накарміла рукі атрутаю
Ўласнага лабатага болю.
Колькі ж нам сакральнага колеру
Давядзецца аддаць на пакуты...
Вышывала – вышыню вышыла...
Зоркамі ўпляла адзіноту.
Больш ужо ня здолеюць клопаты
Несуцешнае сэрца суцішыць.
* * *
Толькі туляцца і не прытуліцца –
Вынік, як вырак, на карак ускочыў.
Моўчкі мінаць безыменнай ваўчыцай
Атракцыёны для хворых ахвочых...
Марнасьць на марнасьць –
і вырасьце сталасьць,
Вырастуць рукі – здрабнеюць вачніцы...
Вечны спакой, невылечны, як старасьць, –
Дзе тут прытулак для зрэбнай ваўчыцы?
Зрэбная... срэбная – выклік і голад.
Вочы растуць ад вясёлкавых кропляў...
Выклік і вырак – замкнёнае кола.
Позна перайграваць свае ролі.
* * *
Табой
запоўніцца
бяссоньніца,
маўчаньне загучыць –
табой.
Вачыма прачытай
жаданьне
і будзь са мной
да разьвітаньня –
да скону ночы
будзь са мной!
Вазьмі мяне ў свой
вір ці вырай,
да беспрытомнасьці –
бяры!
Няхай згарыць душа жывая
за недазволены парыў...
Пакуль не пакарае раньне
за грэх салодкі –
будзь са мной!
Па вуснах прачытай жаданьне
і будзь са мной
да разьвітаньня –
да ночы скону
будзь са мной!
* * *
Зачараваная...
Скароная
Чужому
Гонару.
Чужому
Водару
Падараваная.
Зачараваная...
Адкуль
Такая таямніца?
Мне сьніцца
Сьнег
І ўсьмешка...
Ведаеш,
Салодкі мёд
Абпальвае язык.
Твой фотаздымак
Зросься з маім сэрцам.