12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Кудравец

_____________________
Як у кроплі крыві. Літаратурныя партрэты



І яшчэ адна сустрэча з Уладзімірам Караткевічам. Здаецца, такім знаёмым, чытаным-перачытаным. І зноў – такім новым, невядомым і непаўторным.
І зноў, у каторы раз, сэрца сьціскаецца ад горкай думкі, што ён мог бы яшчэ жыць, што ён павінен быў жыць. Нарадзіўся ён у 1930 годзе. Яму было б усяго толькі... Нават па чарнобыльскіх мерках гэта мала.
А калі зірнуць на наш час як пару крушэньня савецка-расейскай імперыі, як на пару абуджэньня сьвядомасьці і годнасьці і ў затурканых людзей, у занядбаных народаў – туркмены, таджыкі, казахі, беларусы, — на пару магчымасьцяў, што адкрываюцца перад кожнай нацыяй, на пару неспатоленага голаду на сапраўдных трыбунаў і патрыётаў, — як бы ён знайшоўся ў акружэньні народнафронтаўцаў, у кампаніі Пазьняка, Купавы, Марачкіна... Не гаворачы ўжо пра пісьменьніцкую брацію – Брыля, Быкава, Гілевіча, Барадуліна, Бураўкіна... І старэйшыя па чалавечым і пісьменьніцкім стажы, і маладзейшыя – усе былі яму раўня. Ён быў свой усім, і ўсе былі свае яму.
Успамінаецца 1978 год, калі аўтар гэтых радкоў быў прызначаны галоўным рэдактарам часопісу “Нёман” і пачаў глядзець, што з лепшага ў беларускай літаратуры не адкрыта, невядомае расейскамоўнаму чытачу і з чым гэтага чытача трэба абавязкова пазнаёміць. Чытачу шмат што было невядомае – нават з Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Максіма Гарэцкага, Купалы, Багдановіча... І ня толькі расейскамоўнаму, а і беларускамоўнаму: многае з напісанага класікамі і ня кла­сікамі беларускай літаратуры хавалася за строгімі цэнзурнымі дзьвярыма.
Неяк сустрэліся з Уладзімірам Сямёнавічам чыста выпадкова на скарынінскім прасьпекце. Павіталіся, разгаварыліся, адышлі пад засень прысады. Я спытаў у яго:
– Дзе “па-руску” было надрукавана “Дзікае паляваньне караля Стаха”? Нешта я не прыпамінаю...
І на сваё вялікае зьдзіўленьне пачуў:
– А нідзе...
– Як нідзе?..
– А так, Толенька, нідзе.
– І пераклад ёсьць?
– Даўно ёсьць. Валя Шчадрына пераклала.
– Дык прынось у “Нёман”!
– Прынясу... Яны – гэтыя маскалі – не захацелі надрукаваць, ну і ... з імі! — Уладзімір Сямёнавіч заўсёды гаварыў шчыра і па-мужыцку проста, бяз лішняга літаратурнага глянцу, а патрэбных словаў яму шукаць ня трэба было, яны былі з ім – і самыя далікатныя, і самыя што ні ёсьць мужчынскія.
Зьдзіўленьне маё ішло ад таго, што я добра памятаў той трыумф, з якім прайшла беларуская публікацыя гэтай фантастычна-рамантычнай аповесьці ў “Маладосці”. Яго чытачы – і тыя, хто чытаў па-беларуску, і хто ня надта чытаў па-беларуску, але любіў беларускую даўніну і пісьменьніка Караткевіча, – як сьвята, чакалі выхаду кожнага новага нумару часопісу...
Так “Дзікае паляваньне...” прыйшло ў “Нёман”, пачало друкавацца і пайшло па Саюзу. Расказвалі, і то было праўдай, што ў маскоўскіх “падземках” поўны камплект “Нёмана” з раманам прадаваўся за сто рублёў. Па тым часе гэта былі вялікія грошы. Рубель стаяў вышэй за даляр. А калі ўлічыць, што тыраж “Нёмана” ў тыя гады перавышаў 180 тысячаў экземпляраў, можна ўявіць, колькі чытачоў было ў Караткевіча і яго “Дзікага паляваньня...”.
Пасьля ў “Маладосці” пачаў друкавацца “Чорны замак Альшанскі”, і я ўжо сьмялей зьвярнуўся да Уладзіміра Сямёнавіча з просьбай даць права першай на расейскай мове публікацыі “Нёману”, і з радасьцю пачуў: “Толенька, вы надрукавалі майго “Стаха”, хіба ж магу я аддаць “Замак” ня вам...”
Не сакрэт, што аповесьць Караткевіча з задавальненьнем надрукаваў бы любы с а ю з н ы часопіс і заплаціў бы аўтару значна большы ганарар, і гэты ганарар быў бы ня лішні для любімага чытачамі і ня вельмі грашавітага Караткевіча, але ён сказаў: “Хіба ж магу я аддаць “Замак” ня вам...” У тых словах быў увесь Валодзя з ягонай крыштальнай чэснасьцю і непаказной шляхетнасьцю.
Потым у “Нёмане” была надрукаваная “Зброя”, аповесьць пра трагічнае паўстаньне 1863 году на Беларусі. Аповесьць друкавалася бяз аўтара, яго ўжо не было з намі. Потым была “Маленькая балярына”, потым былі яшчэ публікацыі. Ці трэба гаварыць, з якой радасьцю рэдакцыя рыхтавала гэтыя публікацыі, далучаючыся тым самым да таемнага сьвету вялікага пісьменьніка і далучаючы да гэтага сьвету сваіх чытачоў.
І вось новая сустрэча з Уладзімірам Караткевічам.
Як па кроплі крыві можна вызначыць, чыя яна: якой групы, якой “радні”, здаровая ці хворая, – так і па любым урыўку, нават наўздагад узятым з якога-небудзь твору сапраўднага пісьменьніка лёгка вызначыць яго імя. Бо ў кожнага пісьменьніка няма нічога выпадковага і нічога чужога: кожнае ягонае слова нясе характэрныя адзнакі ягонай творчай асобы.
Так і ў нашым выпадку, хаця тут гаворка ідзе не пра чарговы мастацкі твор самога Караткевіча, а пра ацэнку ім твору сабрата па пяры. Па-просту гаворачы, — прачытаньне чужога твору і рэцэнзія на яго. Але гэта Караткевічава прачытаньне і ягоная рэцэнзія.
Усе рэцэнзіі, якіх пішацца процьма, умоўна можна падзяліць на “адкрытыя” і “закрытыя”. “Адкрытыя” – гэта тое, што пасьля напісаньня адразу выносіцца на суд грамадскасьці, друкуецца ў часопісах, тыражуецца, чытаецца, абмяркоў­ваецца. Тут рэцэнзія выступае як адзін з літаратурных жанраў. “Закрытыя” практыкуюцца ў навуковых (і ня толькі навуковых) выдавецтвах, канструктарскіх бюро, дасьледчых лабараторыях. Звычайна яны заказваюцца для “ўнутранага карыстаньня” і ўяўляюць сабой перш за ўсё кампетэнтнае заключэньне сьпецыялістаў аб пэўнай канкрэтнай працы, адкрыцьці, дысертацыі, кнізе, артыкуле.
Ня будзем гаварыць пра “закрытыя” рэцэнзіі, якія заказваюцца для таго, каб “зарэзаць” нейкі твор ці ідэю. Практыка гэтая шырока прымянялася ў савецкія часы, шырока распаўсюджаная і сёньня. Але ня гэта прадмет нашай гаворкі.
У 1979 годзе тады яшчэ малады пісьменьнік Канстанцін Тарасаў скончыў нялёгкую працу над аповесьцю “Пагоня на Грунвальд” – твор пра славутую падзею ў гісторыі Еўропы і Беларусі, – бітву 1410 году, якая перапыніла агрэсію Тэўтонскага ордэну на ўсходнія землі і сталася прычынай закату самога ордэну.
Сакрушальную паразу тэўтонам нанесьлі аб’яднаныя сілы Вялікага княства Літоўскага і польскай Кароны. Выключную ролю ў гэтай перамозе адыгралі беларускія ваяры, сабраныя ў баявыя харугвы – Полацкую, Віцебскую, Гара­дзенскую, Берасьцейскую, Пінскую, Наваградскую, Лідскую, Ваўкавыскую, Драгічынскую і іншыя. Ужо сама колькасьць гарадоў, за якімі стаялі землі і паспаліты люд іх, гаворыць пра грознасьць і моц сабранай у адзін кулак вайсковай сілы, выстаўленай супраць тэўтонаў.
Як кожнае сур’ёзнае мастацкае дасьледаваньне далёкай мінуўшчыны, прысьвечанае вялікай падзеі, аповесьць “Пагоня на Грунвальд” патрабавала ад аўтара прыцягненьня велізарнага гістарычнага матэрыялу з яго жывымі рэаліямі.
Закончаны рукапіс аўтар перадаў у “Нёман”, дзе тады працаваў і сам, і рэдакцыя, каб перасьцерагчы сябе і аўтара ад магчымых недакладнасьцяў, – а жаданьне надрукаваць аповесьць было вялікае, – зьвярнулася да Уладзіміра Караткевіча з просьбай прачытаць аповесьць і сказаць пра яе сваё слова.
Чаму да Караткевіча? Таму што ён – найбуйнейшы аўтарытэт у гістарычным літаратурным жанры, глыбокі знаўца беларускай, славянскай і іншай даўніны. Урэшце, – і гэта было вельмі важна для рэдакцыі – чалавек, які не падвядзе ў тэрмінах і ісьціне.
Уладзімір Сямёнавіч ахвотна згадзіўся прачытаць рукапіс і даволі хутка, праз нейкі тыдзень ці два, вярнуў яго ў часопіс. Разам з рукапісам ён прынёс і рэцэнзію – сем стандартных для машынкі лістоў белай паперы, густа сьпісаных пасьпешліва-акруглым, дробненькімі літарамі, караткевічаўскім почыркам. Кожная старонка пяцьдзясят і болей радкоў ад беражка да беражка. У некаторых мясьцінах тэкст рэцэнзіі дапаўняўся малюнкамі – там, дзе аўтар лічыў, што слоўных тлумачэньняў, магчыма, недастаткова, – і маляваў то выяву ярылавага крыжа, то чапялу, якой сьцягвалі з каня закутага ў латы вершніка, то апратку, якую ў той далёкі час насіла шляхта. Відно было, што праца над чужым творам Уладзіміру Сямёнавічу падабалася. Ён быў на сваім кані, у сваім сядле, са сваёй баявой зброяй. Як той вершнік, які з дзідай у напружанай руцэ нясецца на свайго ворага.
Слова за словам, старонка за старонкай ён прайшоў па ўсёй аповесьці і зрабіў ні многа ні мала – 241 заўвагу. Усё гэта далікатна, без дыктату, з лёгкім гумарам, але пунктуальна і ўедліва, з тлумачэньнямі то канкрэтна сьціслымі, то раскута вольнымі, якія часам выліваліся ў цэлыя старонкі навуковага трактату.
Для прыкладу, такія, прывязаныя да старонак рукапісу.
Ст. 88. Андрэй Ільініч. Калі гаворка ідзе пра вельмі стары магнацкі беларускі род, які вельмі рана вымер (апошні, Юрый, памёр бязьдзетным недзе каля 1569 г., адпісаўшы сядзібы сыну свайго апекуна Мікалаю Сіротку Радзівілу), то яны ніколі не называліся і не пісаліся Ільінічы, а толькі Іллінічы (БСЭ т.7, ст. 254 – у гэтым выпадку верыць ня трэба, бо там што ні артыкул, то і памылка, а часам і болей). Ілля – пісалі тады. Гаварылі, відаць, Ільля, Ільлініч, хаця напісаньні тыпу “рызьзё”, “вальлё” і г.д. цяпер ня ў модзе.
Ст.40. Напісана, наогул, нядрэнна і са стылем. Толькі да ліку тых, з кім ваявалі, трэба ўсіх пералічыць. Той жа Вітаўт мячом у вароты Масквы стукаў, хаця і не дастукаўся, чамусьці не адчынілі.
Ст.89. Уціску з выпадку “старой” веры шляхце не было, баярам і іншым таксама. Мала таго, пратэстантызм, пазьней, працьвітаў. І толькі пры Сігізмундзе Трэцім Вазе, калі пачалі ціснуць, не фізічна. А не дапускаючы некаталікоў да вышэйшых пасадаў, — усе (амаль) гэтыя нядаўнія кальвіністы і праваслаўныя кінуліся ў лона “маці” рымскай царквы. Мала таго, за заслугі давалі шляхецтва нават татарам і яўрэям, не прымушаючы пры гэтым пераходзіць у іншую веру, здраджваючы веры бацькоў. (1525 – Міхаіл Езафовіч атрымаў герб пры старой веры. А брат яго Абрахам – нават падскарбій літоўскі).
(За недахопам і непрачытаньнем іншых кніг трэба было б прачытаць І.Tazbir: Dzieje polskiej tolerancji: Wуd. Іnterpress. 1973.) Рэлігійная нецярпімасьць, пра якую трубяць дрэнныя гісторыкі, была, у значнай ступені іх выдумкай. І “Карону”, і “Літву” лаялі раем для ератыкоў (сярэдневяковым, вядома, раем). Атэізм – вось гэта ўжо была іншая справа!
Ст.131. Брэст. Чацьвёрты тыдзень па вялікадні. Усё-такі я нязгодны з тым, што нельга так называць разьдзелы. Гэта – думаньне тых людзей: спыніліся ў прыходзе св. Тройцы”, “было гэта на Галавасека (Іаана Хрысьціцеля). “А пасад згарэў ад Мікольскай царквы, а тая ад шыбеньня перуну”.
Лепш бы тут мець “вечны каляндар”. Тут аўтару і карты ў рукі, быццам усё ведае: “Было гэта 1 лістапада 1968 году, у пятніцу, у пяць гадзін раніцы”. Ці “Амерыка была адкрыта тады і тады, у пятніцу”. Або яшчэ лепей: “Нёман” надрукаваў шэдэўр У.К. раман “Бледныя ногі” 4 жніўня 1990 году, у суботу”. Проста гэта пустаслоўе ад нудзьгі.
Ст.132. Мата хіба ад татараў набраўся? Яшчэ ў ХІХ в. маглі спытаць у мацюкальніка (у вёсцы): “Ты чаго гэта маскаля загінаеш?” Кленічы былі страшней усякага мата.
Ст.139. Караць “на горла”, а ня “горлам”.
Якія “5 тысяч кіпчакоў”? Кіпчакі – гэта полаўцы. Разьбітыя пры Калцы. Частка ўсходніх полаўцаў, асіміляваўшыся, стала галоўнай часткай насельніцтва Залатой арды. Палавецкая кроў ёсьць у татарах, башкірах і г.д. А нашчадкі заходніх полаўцаў – гагаузы ў Малдавіі. Так што “татары і 5 тысяч кіпчакоў” проста няграматна. Калі меліся на ўвазе караімы, то яны патомкі хазараў, знаць якіх некалі прыняла іюдаізм (але толькі біблію, не прызнаючы талмуда). Значыць, патрэбны роздум і тлумачэньне хоць нейкае. Нават калі нехта некага ў тыя часы кіпчакамі і называў.
Віці – Віца, а ў множным ліку віцы – шост з пучкамі галінак? Ды ня проста пучок галінак, часьцей за ўсё ў смале, якія гараць, – “агнявыя віцы”. Сігнал вайны. А “віца” і зараз проста “прут”: “Вось дам зараз віцаю па... – будзеш дурэць”. І ня толькі ў Беларусі, але і ў Сібіры, на Урале, на Поўначы, дзе старой прамовы архаічныя карэньні зьберагліся лепш (і будова фразы нейкая нямецкая атрымалася , хай яе!).
І яшчэ (ст. 141) месьніцтва ў Вялікім княстве не даходзіла да такога ідыятызму (і шкоднага для краіны), як у Маскве.
Гордыней славился боярской:
За спор то с тем он, то с другим
С большим бесчестьем выводим
Бывал из-за трапезы царской.
Но снова шел под царский гнев
И умер, Сицким “пересев” (г.зн. вышэй іх, бліжэй да цара
за сталом). (А.С.Пушкін)
Ст.58. Пад Ворсклай (12.8.1399 г.) “скопішча” было куды меншае, чым пад Грунвальдам. Ён – выключны. ”Лядовае пабоішча” перад ім даволі дробязная сутычка. Ворскла – большага маштабу, хаця і ня тое.
Ст.180. З Данскім яго параўноўваць нельга. “Абое рабое”. Данскі і нерашучы быў, і нават трусаваты. Каб не настойлівасьць Сергія Раданежскага, марудзіў бы і марудзіў.
І гэтак па ўсёй аповесьці. А ў канцы заключэньне:
“Напісаная няроўна аповесьць павучальная і карысная. Папраўляць можна толькі дробязі, калі аўтар сам захоча. І далей слухае разумных і чэсных дарадцаў. Аповесьць патрэбная па многіх прычынах.
А далей? Ну што, паварыцца яшчэ ў гістарычным “катле”, абатрэ лішняе, выгадуе неабходнае для сапраўднага празорлівага гісторыка – “будуць людзі”. Толькі б не разьмяняўся на дробязі.
Школы гістарычнага думаньня не заўсёды хапае, наша ня сёньня народжаная бяда. Але гэта справа нажыўная.
Хроніка мае поўнае права на жыцьцё, нягледзячы на некаторыя недахопы. Яны таксама павучальныя, бо (калі аўтар і чытач разумныя) навучыць і таго і другога думаць лепш.
Так сказаць:
“Nunc anima anceps...“ “Ідзі, грэшная душа, і хай паможа табе Бог!”
Тэкст рэцэнзіі ў рэдакцыі перадрукавалі на машынцы, па экземпляру атрымалі аўтар аповесьці і аўтар рэцэнзіі, а рукапісны арыгінал застаўся ў рэдакцыйным сейфе.
Бог з добрай душой паставіўся да аўтара аповесьці. “Пагоня на Грунвальд” шчасьліва прайшла нёманскую публікацыю, прыйшлася да душы чытачам, вытрымала некалькі кніжных выданьняў.
У 1984 годзе Уладзіміра Караткевіча ня стала. Ён пайшоў, як хітры казачнік, пакінуўшы ў душах сваіх чытачоў і прыхільнікаў казку пра Беларусь — зямлю пад белымі крыламі. Казку, якую пісаў усё сваё жыцьцё. Праўда, у адрозьненьне ад ананімных старадаўніх казачнікаў, ён не хаваўся за безыменнасьць, аднак ня быў меней загадкавым. Ягонае рэальнае зямное жыцьцё ўзгадавала легенду пра яго самога, легенду, у якой шмат прыдумак, але праўды болей, і праўды гэтай з кожным годам прыбывае.
У ім глыбока жыла настальгія па прыгожым слаўным мінулым Беларусі, якое для яго было і яго сёньня, і яго заўтра.
Раньняя – адразу за мяжой пяцідзесяцігоддзя – сьмерць самага фантастычнага з беларускіх пісьменьнікаў, стварыла іншага Караткевіча – Караткевіча-ідэю. Настальгія Караткевіча перарасла ў настальгію па Караткевічу. Ён стаў балявым нервам інтэлектуальнага пейзажу Беларусі, зямлі, быццам сьпецыяльна абранай гісторыяй для папераменнага таптаньня па ёй ваяўнічых амбіцыяў то з усходу, то з захаду.
Там, дзе пастаянна топчуцца, застаецца голае месца, на якім нават траве цяжка прабіцца. Але дзе ёсьць зямля, там ёсьць народ, а дзе ёсьць народ – ёсьць жыцьцё. Няхай цяжкае, нават трагічнае, але жыцьцё – як супраціўленьне, як процістаяньне, у рэшце рэшт – як законная злосьць на тых, хто яго топча.
Песьня нацыянальнай самасьвядомасьці і нацыянальнай непаўторнасьці, якую пракрычаў Караткевіч і сам захліпнуўся ў гэтым крыку, не прапала ў чорнай бездані Космасу. Яе падхапіў Час, галоўным рухавіком якога зьяўляецца моладзь.
Караткевіч паверыў у сваю зорку раней, чым у яе паверылі людзі. Мележ паверыў у сябе пасьля раману “Людзі на балоце”, Караткевіч – пасьля маленькага паэтычнага зборніку “Матчына душа”.
У вершы “Паўлюк Багрым” дваццацівасьмігадовы аршанец пісаў:

Край сагнуўся ў сьпіне,
Край баіцца размовы пра волю,
Край згубіў сваю мову
І матчынай песьні напеў...
Нельга верыць у бога,
Калі ён такое дазволіў.
Цяжка верыць у люд свой,
Калі ён такое сьцярпеў.

Гэта было жорсткае, сьмелае і самаспапяляючае прызнаньне.
І вось нядаўна, перабіраючы матэрыялы мінулых гадоў, я натрапіў на тую далёкую “грунвальдскую” рэцэнзію Уладзіміра Караткевіча, узяў у рукі, пачаў чытаць і ўбачыў...
Убачыў, што гэта ня проста рэцэнзія. Што гэта зусім не рэцэнзія. Гэта твор мастацтва нявызначанага жанру, твор, у якім усё той жа Уладзімір Караткевіч, якога мы ведаем па ягоных кнігах: “Блакіт і золата дня”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Каласы пад сярпом тваім”, “Дзікае паляваньне караля Стаха” і... і... і...
І разам з тым гэта новы Караткевіч – гісторык-капальнік, уедлівы “букваед”, гумарыст і мастак.
Тут усё, як у кроплі крыві...
1997.