12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ігар Кулікоў

_____________________
Закон узаемнае невылечнасці.
Вершы


* * *

у дзяцінстве маці вучыла мяне:
калі дамаляваць да месяца рыску
і выйдзе літара “р
значыць месяц – расце
чакай поўні

калі ж бачыш на небе
вялізнае “с
як у слове сыр
месяц – старэе
і хутка зусім растане

я і цяпер адрозніваю
маладзік ад ветаха
менавіта гэтак
успамінаю маці і гадаю –
якую літару трэба намаляваць
каб адшукаць на небасхіле
яе зорку


* * *

Калі штосьці губляе сябе ў трох пакоях, знікае без вестак ці топіцца ў летах, жыццё выпадкова ўкрыжоўвае гоя і вобмельгам шырыцца ў цэлых сусветах.

Калі штосьці гадамі ляжыць не на месцы, і ціха збірае сябе пад прадметы ці тоіцца дымам на лесвічнай клетцы ў паветры, узрушаным альфабэтам.

Калі штосьці сябе агаляе, як провад, або вызваляе з палону значэнняў, то ўсім спаталяе кіслародавы голад трымценнем малекул і танцам іх ценяў.

Спазнаць гэта штосьці зусім нескладана, бо колер ягоны, вядома, нябелы, а паранармальны, як ікебана напятага ім чалавечага цела.


* * *

Усё, што мы адшукалі на доўгай дарозе дадому, і ўсё, што сабе прыснілі калісьці да нашай эры, цяпер прарастае аортамі ў касмічныя магістралі, змагаючыся са стомай і палачкамі халеры.

Усё, што было між намі, не знікне ў азонавых дзірках, і новае пацяпленне ў нашым з табой рамане растопіць снягі антарктыды і з неба складзе арыгамі, а я паднясу табе міру, смірну, грыбы і ладан.

Ты станеш новым прарокам і будзеш хадзіць па вясёлцы, ты станеш святлом і светам у нетрах усіх тунеляў, і дзеля ўсяго чалавецтва мы сплавімся разам пад токам і здзейснім, заззяўшы, як сонцы, гідроліз душы і цела.


* * *

Хацелася: а) паплысці куды-небудзь кролем; б) стаць несмяротным, як Дункан Маклаўд, забыўшы ад смерці ўсе коды й паролі, спаліўшы масты – ў тым ліку і МКАД;

в) згубіцца ў гарах, нібы Мачу-Пікчу, а потым знячэўку знайсці сябе; г) затаіцца ў падполлі – падалей ад кічу кічаў – або жыць на прыродзе, каб болей сядзець на траве;

д) дасягнуць на сабаках, а лепей спынам, нірваны; е) вымусіць ставіць вытворцаў значок, што ў іхніх прадуктах ёсць жыцці, ідэнтычныя натуральным; ё) з’есці з рукі (ці рук) чарговы цукровы паёк;

ж) пабываць пад Найробі й агульным наркозам; з) прачытаць невядомы дагэтуль госпадаў чарнавік; і) перастаць вырабляць, пагатоў – увозіць, бензін, бо лік чалавечы – актанавы лік;

к) навучыцца выдатна рухаць вушамі і зрокам; л) напісаць слезацечны раман і ўтрэскацца ў гераінь; і о! м) дазваніцца да неба й звязацца з Богам: ці праўда, што ў яблыку быў гераін?!


* * *

Таму што яна – дзяцінства, якое забыць немагчыма, тым болей гэта пярэчыць законам усялякай навукі. Нягледзячы на расстрэлы чакаючага рэжыму, яна пускае карэнне і цягне да неба, да сёмага неба – рукі.

Перыяд яе паўраспаду дагэтуль яшчэ невядомы, таму што яе свядомасць шырыцца з хуткасцю свету. І ўсё, што раней сядзела пад арыштам храмасомаў, прасочваецца на сонца праз трэцяе вока, праз ліпавыя білеты.

Яна пакідае горад, бо зоркі там строга па картках, а месяц даўно не мядовы – добра, калі салёны. Жыццё яе ўвекавечыць – надпісамі на партах, ядравым раззбраеннем і ядраным пахам азону.


* * *

Усё пачалося калісьці ў далёкім цяпер кайназоі. Мы зблыталі эвалюцыі ўсе карты і проста не вымерлі, бо свету для выжывання заўсёды патрэбны героі, дэпрэсіі ў эканоміцы і, можа, яшчэ наркадылеры.

Мы плюнулі на Лах-Нэсы і збеглі на Тытыкака. Ты стала адною з ламаў, а я стусаваўся з інкамі. Ды толькі ўсё бескарысна – страчаная Ітака нас вылічыла, скарыстаўшыся аэрафотаздымкамі.

Мяне паставілі ў кут на самым краі сусвету, і мы разышліся па швох, як Афрыка ды Амерыка. Ты прагнула пра ўсё забыцца – яны асушылі Лету і вынайшлі, як змагацца са СНІДам твае істэрыкі.

Між намі цяпер сістэмы і ўскрытыя вены канвертаў, але не сумуй, бо смерці на свеце меней, чым вечнасці. Пакуль на зямлі ёсць дрэвы, мы будзем звязвацца ветрам. Ніхто не скасоўваў закону ўзаемнае невылечнасці.

* * *

Бо кожнаму ў гэтым свеце хочацца быць з табой – дарма, што не кожны ў змозе ў гэтым табе прызнацца. І гэта жаданне няўмольна накрывае нас з галавой дзесьці на беразе мора, зялёнага, як Паца-ваца.

Мы бачылі ў тэлескопе туманнасць тваіх валасоў, глядзелі пад мікраскопам у вочы тваіх каморак, збіралі макулатуру, здавалі бутэлькі й кроў, каб некалі зноў апынуцца з табою на беразе мора.

Мы спелі ўсё лета на сонцы, адрошчваючы плады, як сэрцы, на цяглых дрэвах сваёй ненаўмыснай любві. Ды, нягледзячы на самоту, мы разам расцілі сады на беразе мора з табою, нашай Семірамідай.

Увосень мы сталі пасудзінай для тваіх апрэсненых слёз, салодкіх і цёплых на нашым сасмяглым ад шчасця целе. Мы поўніліся табою, чакаючы перадоз, бы золак на беразе мора, рыпучага, як арэлі.

Жыццё, направер, ёсць дрэвы, пасаджаныя рукой яшчэ невядомых школьнікаў у новых спальных раёнах. Жыццё – гэта памяць мора, якое шуміць табой у ракавінах нашых вушэй – гучней за ўсюды прысутны хронас.

* * *

У юнь дзядзя Слава служыў на флоце. А потым, каб быць адзінокім, рабіў рыбаком. Таемна, покуль усе спалі ці бухалі ў порце, ён разнасцежваў трумы й сачыў у бінокль, як рыбы губляліся ў моры, знаходзячы дом.

Ён бачыў не раз паўднёвае ззянне і нават наведаў аднойчы абток Сінгапур. Яго выкрадалі піраты й іншапланецяне, а ён заўсёды выходзіў сухім на беразе ўсялякіх Сочы, скідаючы пару кіло змяіных скур.

Ён ведаў выдатна, што лісце жаўцее – ад шчасця, таму што ўвосень растуць грыбы; што момант на сонцы мацнейшы ад суперклею, а кожнаму чалавеку належыць па доўгай панчосе, каб незнарок з дзяцінства чагось не забыць.

Я быў дыназаўрам на дне ўсіх азёраў, няўлоўным стагоддзямі еці й хвастом камет. Зямля, як яе ні круці, таксама плыве па зорах – так сказаў дзядзя Слава, на валасок ад смерці знізаўшы свет.

* * *

Калі-небудзь Вас, п’янога, прапусцяць-такі ў падземку – з надзеяй, што Вы, мажліва, скочыце ўніз пад поезд. Метро нарэшце зачыняць, тунелі затопяць Менкай, і памяць пра іх эмігруе ў іншы часавы пояс.

На Вас усе забудуць, хоць канулі Вы не ў Лету. Усе пераходы завараць сямю патайнымі швамі,
і нехта напіша прароцтва, дзе скажа, што Вы – кабета, блудніца і ўсё такое, што спалі Вы без піжамы.

Яшчэ там будзе пра трубы і ролю каналізацый у Вашым прышэсці ў горад, мінуючы сем пячатак; што нельга спаць на падлозе – трэба купляць матрацы. Хоць гэта ужо апокрыф, у сэнсе – рэкламны дадатак.

Тым часам у поўнай цемры Вы будзеце нюхаць рэйкі, шукаючы лёгкага кайфу й патрэбнага тут прасвятлення. Вы знойдзеце нават болей: чэшырскую канарэйку, дакладней – ейную ўсмешку; падземныя пасяленні; з дзясятак закінутых ліній і лёх нацянькі да раю; вакцыну ад усяго і цішу, якая не аглушае.

Вы здымеце ўсе пытанні і процьму выдатных фільмаў пра ўсе свае падарожжы па ўсіх кальцавых у пекле. Сканаеце ад сухотаў, як гэта належыць ссыльным, або паводле прароцтва спрычыніце fin de siècle.

Канец, што праўда, надыдзе і так пры любым надвор’і: у мэтах бяспекі горад ператвораны будзе ў Зону. І, выйшаўшы з пераходу, Вы ўбачыце толькі зоркі, і неба будзе наросхрыст, і свет – на далоні…

* * *
У перапісах насельніцтва, не кажучы – у гісторыі, цябе няма. Ты не здаваў аналізаў, не наведваў экспертызаў. І калі да цябе дазваніліся, ты дзейнічаў, як дзейнічаў бы Фама: спаліў тэлефон, зашморгнуў фіранкі, схаваўся ў старой валізе.

У школе ты дрэнна вучыўся і дзейнічаў ім на нервы – складаная формула твайго імя вылятала ў іх з галавы. На ўроках ты моўчкі сядзеў пад партай, не гуляў ні з кім на пярэрвах, а ў адзінаццатым рэзка знік, забіўшы на выпускны.

Казалі, што ты разумова адсталы і доўга не пражывеш, што сядзеш на голку, ў турму або, не дай божа, паткнешся ў баптысты. Але насамрэч цікавіў ты іх не болей, чым нейкі там Бангладэш, Зімбабвэ, родная мова альбо тэрарысты.

Ты быў ім патрэбны як нуль у сістэме сваіх ацэнак, пустое мейсца, на тле якога віднеліся лініі іх жыцця. Па-свойму ўнікальныя, homo sapiens у вывіхнутым калене, яны часта глядзеліся ў люстра – што дзіўна для слепакоў. Хаця…

І ты налаўчыўся не давяраць прасторы, тым больш – сваё другое “я”. Трымаў яго ў сакрэце, за кубкам кавы, ў дыме цыгарэтаў. Ты не даваў яму прарвацца вонкі, на кончык языка, надтрэснуць голас твой і знікнуць за мяжой унутранага свету.

Няроўнасць, думаў ты, павінна… вучыць нас дабрыні й любові, і толькі так мажліва апраўдаць яе прысутнасць у быцці. Само ж быццё нам дадзена адно змагацца з формай, са словам, з самім сабой, каб знітавацца з богам, які – у небыцці.

Яны не вытрымалі доўга тваёй адсутнасці – і выдалі дэкрэт: павесіць табе званочак, не раўнуючы на карову, пакрыць усё цела фосфарам і выдзеліць бачны з космасу след. І ты з усім пагадзіўся, але ў найапошнейшы момант – адняў сабе мову.


* * *

...і пры слове “рахат-лукум” у цябе з языка
вырываецца “трах-цібі-дох”, і стары хатабыч,
ракіруе цябе ў дзяцінства кінутага садка
й першых заробленых пяцімільённых раўбіч.
Пасля столькіх порцый сталовае абракада-
бры й Бухары ў падваротнях або пад’ездах
цела губляе памяць. Становіцца, як вада –
пахне выключна хлоркай, і не раўнуючы кеды,
зношваецца за сезон, даўжынёю ў жыццё,
даведзенае да ручкі, абсурду, Мекі.
Ад усяго чалавека табе застаецца ўсё.
Ўсё абсалютна. За выняткам чалавека.


* * *

Проста заўжды шукай – нават у чыстым полі,
мрой аб усім на свеце ўвечары перад сном.
Проста глядзі ў вакно, покуль з вачэй ад солі
не стануць сыпацца зоркі велічынёю з дом.
Проста забудзь сябе прыхапкам у Гандване,
перавядзі гадзіннік уперад на пачуццё.
Проста згарні абшар да глыбіні дыхання
ды пацалуй таго, хто зазнае ў табе жыццё.
Проста збі з палюсоў компасы – дай ім неба,
потым ідзі навылёт, узброены да зубоў
(проста) ад смеху і запляснелага хлеба,
ды ўтрымай на руках немаўля сваіх слоў.
Проста не будзь нядбайным да тугі далячыняў,
выхадзі пустату, чуючы пад сабою ног.
Высветлі для сябе кчэмную палавіну
і не дай ёй згаснуць.
Аўтар ідэі – нехта Бог.


* * *

Ён не шаленец, не крый яго, Божа!
Ён проста душэўна хворы на цэлы свет.
І хоць ён не выйшаў ні ў космас, ні рожай –
ягоны хвасцец не меншы, чым у камет.

Разносчык жыцця ды ўзбуднік планетаў,
нядоўгачаканы герой абжытых эпох,
ён любіць хавацца за пазухай лета, ў
зялёных масівах паводдаль дарог.

Ён круціцца-верціцца над галавою,
у першай асобе сонца – з зямлёй на ты.
Яму невядома, як выйсці са строю,
і купу чаго яшчэ. Напрыклад, панты.

Яго забываюць, нібы Чычэн-Іцу,
губляюць, нібыта рай, да суднага дня.
Бо, ў прынцыпе, лепш за любую сініцу
ў руках – да нябёсаў яго падняць,

І потым, шукаючы, браць тэлефоны
у першых сустрэчных туманнасцяў і плеяд,
і слухаць гудкі безыменнай прасторы,
і верыць: яму ў цішыні без нас здабраваць.


* * *

Аднойчы ў яго быў дзень народзінаў. Не тое, каб ён забыўся на яго і праўда жыцця захапіла яго знянацку – проста ён ніколі не святкаваў. Увогуле. Нават новы год. Але гэтым разам у яго было прадчуванне. І гэта яму не падабалася.

За тры дні да “свята” – ён атруціўся: ні то ежай, ні то чадным газам самоты. Усю ноч трызніў і заснуў толькі пад раніцу. А калі прачнуўся, прыкусіў сабе язык: надта вусцішныя ўспаміны круціліся на ім.

За два дні да “свята” – яго аштрафавалі за распіццё алкаголю ў грамадскім мейсцы. Ён буяніў, і яго забралі ў пастарунак, дзе збілі, зламаўшы нос, а потым падкінулі наркату. Але ён здолеў уцячы – да высвятлення асобы. Разам са шмаллю.

За дзень да “свята” – ён абдзяўбаўся. Міліцэйскім падкідкам, і выпаў з рэальнасці ў вакно. Балазе жыў ён невысока і абышоўся лёгкім спалохам, які суцішыў валяр’янкай – упрыкуску з валідолам. Сэрца было ў яго душэўнахворае і часта выходзіла з сябе. То бок, з яго.

У дзень “свята” – да яго завітала былая дзяўчына. Не тое, каб ён не быў рады яе бачыць і зусім не чакаў яе прыходу – проста надта шмат ён перажыў з ёй прыходаў, і яшчэ адзін быў бы лішні. Але кон узяў сваё, і яны зноў накурыліся, як сто гадоў таму пад час халеры. Цяжка сказаць – навошта. Але калі ўсё ідзе па маслу – супраціўляцца бессэнсоўна. Нават прадчуванні тут бяссільныя.

Ужо стоячы на парозе і гледзячы ў яго задуманыя вочы, яна чамусьці кінула – відаць, рытарычна: як можна жыць з такім тварам? І выйшла ў ліфт. А ён вярнуўся ў вітальню, паглядзеў у люстра – і пабачыў бясконцы калідор. Зусім як у дзяцінстве, калі яны ставілі два люстры насупраць, нацягвалі між імі нітку і чакалі патойбаковага канатаходца. Чакалі, вядома, марна. Але гульня была вартая свечак, і не толькі таму, што адбывалася ў цемры.

Святло пагасла, і ён апынуўся ў ложку. Усё добра, падумалася яму, прадчуванне не апраўдала сябе. Зрэшты, як і скон свету. Дзве рэчы, якія ніколі не здарацца на тваёй памяці.

Ноч сцерла абрысы з яго твару, і ён заснуў. Скруціўшыся эмбрыёнам.