12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Вольга Куртаніч

_____________________
Пашанотны сьпеў у гонар сьвятога Авера.
Вершы

1.

Адведзіны, агледзіны, – і зноў
на небе вымкне зорак куламеса;
між яваю
і між чарноцьцем-сном
заные сэрца колішнюю месу.

На споведзі запозьненых гадоў
я папрашу найлюбыя украсы:
шчасьлівых сьлёз,
што лепшыя за стразы,
румянец эратычны,
слова з фразы:
“я вас...”
І больш
ня трэба мне
ніякіх слоў!

2.

Цяжэе цемрыва на покуце душы,
гусьцее гук гаркавы ў паднябеньні;
нараніцу калядныя алені
ад’едуцца у далеч-далячынь;
і ссыплецца пылковы срэбны сьнег,
сьлед замяце,
на разьбяных вакніцах
расьселяцца таропкія сініцы
трыумфаваць пра весьняе насьпех.
На боязнае сэрца варажу,
о, любасны, о, мой залатавусы;
не растуляе гук гаркавы вусны
і шчытны лёд скаваў маю душу...

3.

Каб перамовіцца з табой,
мне досыць мальнасьці імгненьня;
між прахлых – жвір і спусташэньне,
спаміж жывых – пачуцьцяў боль.

Мілосьнік; месьціч; велягур;
хоць: вісельнік;
хоць: пераемнік;
як не вяселіцца! –
таемны
загасьне шчок маіх пурпур.

Лябедзік; весьнік;
варта б нам
вачмі зацяжліва сустрэцца –
і макаўе бліскучых цэркваў
надломлівала б напалам.

Ляцелі гускі рад па раду...
Крыкнулі яны раз-па-разу:
– Чаму, малойчык, ня жэнішся?
– А як жа мне жаніціся?
Жнёвы ячменік выдзіралі,
як хлопцы дзевак выбіралі,
як хлопцы дзевак выбіралі,
росу з ячменю выціралі.

Выбольвай словы:
з жалю ці з журбы,
ці з ашуканства спагані ахвоту;
лябедзік; весьнік –
выкрасьлена цнота,
як – зьнехаця ці зьнекуль –
побач ты.

Нізюсенька ляцелі гускі ў рад
над долам, полем, над гаручым морам,
і невыразны шлях, і чорны морак,
і гусачкі ляцелі наўздагад.

Мілосьнік; месьціч,
глыбачэе ноч,
мяне палоніць мораку чарноцьце,
а неўмалотны
жвір
ляжыць
наўпроці,
а даўкі
жах
нялюбасьці –
наўзбоч.

Ляцелі птушкі рад па раду,
крыкнулі яны раз-па-разу:
– Чаму, малойчык, ня жэнішся?
– А як жа мне жаніціся?
Жнёвы ячменік выдзіралі,
як хлопцы дзевак выбіралі,
хлопцы ўсіх дзевак выбіралі,
росу з ячменю выціралі.
– Вазьмі, малойчык, гусачку,
калі да долу спусьціцца.
...Чэрпала гуска крылкам ваду,
несла малойцу гора-бяду...

4. Cantus firmus*

З-за воблакаў дасланы мне спакой,
што, як належна,
ў рад дыятанічны:
нясьпешлівы, сугучны, безаблічны –
быў запісаны боскаю рукой.

Наўзбоч расьлі карыятыды дрэў,
расьпісваў дзень кустоў пустыя вазы,
і музыка лілася не адразу,
бы з Палесьціны цёк яе павеў:

прынадай да раскошлівых часін,
да хуткай і шчасьлівае сустрэчы,
на готыку фігур сярэднявечных
бліскучым сьнегам падаў серпанцін.

І лінавалі цені каля ног
абрысы перакуленага храма,
і пераймала дых з таго харала,
якім спрадвеку размаўляе Бог.

...бы з Палесьціны цёк яе напеў
цяготны,
мілагучны,
невыразны.
І расьцьвіталі ружы ў тонкіх вазах
і падалі пялёсткі іх на сьнег.

5. Суламіта

* * *
Ці сэрца адкрыта,
ці з сьлёз – каята,
мая Суламіта,
пусьці да Хрыста.

Агнёвыя вусны
да тога схілю,
хто вогненным кустам
прамовіў: люблю.

Уровень са сьветам,
і з цемрай прысад
са словам – бы сьледам –
на вышні пасаг;

саронскай лілеяй
мой голас цьвіце,
пакуль не зьнямею
ў куце ўва Хрысьце...

* * *
Зьедлівае зельле –
словаў гарката;як на безьзямельлі
кленчу, сірата,
па тае пальміры,
дзе віно і храм,
дзе выходзіць з мірай
небавышні, Сам,

па жывых прысадах,
дзе ня мецьме скон;
ў садзе-вінаградзе –
Шуламіт і Ён.

Цалаваць адбітак –
дзе Яго пята;
дай мне, Суламіта.
З долу – да Хрыста.
(...)

9.

Хай застанецца логіка у вершах
ці музыцы,
каб не было бяды.
Магчыма, вас я пакахаю першай
праз месяца на небе залатынь;

праз тое цягамотнае маўчаньне,
і неўгамонны рух,
і погляд зьверх,
і атласова-хрусткі і адчайны,
бы на старожы,
перадвесьні сьнег.

Вы зябіліся ў лёгкім палітоне
завеяй пра завею пеючы;
асудным вокам месяц залачоны
вам клаў пад ногі
нотныя ключы.

Што за карысьць
з журлівых перабораў;
не дай вам, Божа, так яшчэ пяяць:
натомлена,
прыгнечана
і хвора...
Я йшла насустрач, –
вас караляваць.