12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Змітрок Кузменка

_____________________
Што такое Свабода? Вершы


* * *

Да апошніх часоў,
Аж пакуль не астыне
Над магільнай труной
Беларуса астатняга кроў,
Падзяляць з намі лёс
Будуць нашы святыні
Незалежна ад волі
Тутэйшае правадыроў.

Даастатку ні час,
Ні бяздушных вандалаў напады
Нашы храмы і цвержы не зрушаць
З-пад нашых нябёс.
Разам з намі яны
Пройдуць здзекі часін заняпаду,
Разам з намі паўстануць,
Калі нам спрыяць будзе лёс.

А пакуль што званы
Будуць біць у набат па краіне,
Будуць нашы крыжы
Захінаць нас аберуч ад бед,
Як трывожна гудзе
І цяпер кожны комін Хатыні,
Як крыжы Курапатаў
Бароняць ад цемрадзі свет.


* * *

Што такое свабода? —
Я пытаўся ў самога сябе. —
Дзе мяжуе яна
Са свавольствамі і беззаконнем?
І чаму за яе
Ў безнадзейнай, падчас, барацьбе
Столькі светлых людзей
Ахвяруюць сабой да сягоння?

Колькі гінула іх
Цягам доўгіх стагоддзяў не ў час
У каменных мяшках,
Пасярод эшафотаў крывавых.
Каб краіну дзядоў
Не здратоўваў чужынскі абцас,
Каб нашчадкаў ніхто
Не змушаў да ганебнае справы.

І не трэба казаць,
Што свабода міфічна амаль
І прыводзіць адно
Да распусты і вакханалій.
Бо заўсёды стаіць
На ахове свабоды мараль.
Бо свабоды няма,
Не бывае яе без маралі.

Яны поруч заўжды,
Пры любой дзён зямных варажбе,
Асвятляюць шляхі
З самых змрочных гісторыі нетраў...
Што такое свабода? —
Я спытаўся ў самога сябе. —
Гэта права душы
Дыхаць чыстым і вольным паветрам.

Апрычнікі

Пэўна ўжо, такі закон прыроды,
Змацаваны тысячамі ран:
Знойдуцца апрычнікі заўсёды,
Як на троне з’явіцца тыран.

Непрыкметна ціхія дагэтуль,
Невукі, дапяўшы да пасад,
Выканаюць з радасцю за гэта
Нават самы жудасны загад.

Будуць шчыраваць і без загаду,
Каб сваю адданасць паказаць.
Выгрызаць прыдуманую здраду,
Іншадумства чыста вымятаць.

Будуць услаўляць тырана гучна,
Называць празрыстай каламуць…
А калі настане момант зручны —
Першымі ж тырана прададуць.

І напішуць успаміны потым,
Як нягоднік, кат і цемрашал
Ледзьве не штодзённа іх, гаротных,
Да нядобрых справаў прымушаў…

Так і дажывуць беспакарана,
Ціха скончаць лік гадам сваім.
Знікнуць. Да наступнага тырана,
Каб ізноў з’явіцца разам з ім.


Наведнікам Лініі Сталіна


У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях менскай унутранай турмы НКУС было расстраляна каля 100 чалавек. Амаль усе — прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Сярод расстраляных было 22 пісьменнікі...
А крыху раней, жнівеньскім днём, на турэмным двары было спалена некалькі дзясяткаў тысяч канфіскаваных рукапісаў. Колькі тады было забіта геніяў і знішчана шэдэўраў — вядома аднаму Богу...

Дваццаць два. У адну толькі ноч.
Мо, і сёння жалезныя краты
Помняць рэзка-загадныя «Кроч!»
І халодныя позіркі катаў.

Дваццаць два. У падвал. На расстрэл.
Ад жуды аж мурашкі па скуры.
Раз за разам даносіўся стрэл
У патыліцу літаратуры.

А ў гнятлівым турэмным двары,
Адпаведна з прысудам суворым,
Інквізітары новай пары
Пасылалі на вогнішча творы.

Кажуць, рукапісы не гараць...
Толькі словы прыгожыя гэта.
Бо гараць яны ў зыркіх кастрах,
Там, дзе кат вынішчае паэтаў.

І ўзнімаліся з дымам шматкі
На вачах ачарсцвелых забойцаў.
Нажывую палілі радкі —
Забівалі пісьменнікаў двойчы.

І ні помнікаў ім, ні крыжоў.
І ніяк не ўцячы ад задухі,
Ад тугі ненапісаных слоў
У прастрэленых кулямі душах.


Я маўчу...
Я адчайна маўчу,
Сцяўшы зубы падчас ад бяссілля.
Знервавана маўчу,
Хоць тут варта было б галасіць —
Белай птушцы жывой
Падразаюць свабоднае крылле,
Каб з яе, заняволенай,
Чучала потым зрабіць.

І гучыць увушшу:
«Усё роўна не жыць ёй на свеце,
Падрыхтуйма таму
Дасканалы ў музей экспанат.
Каб пабачыць маглі
Праз стагоддзе дарослыя й дзеці,
Што за птушка спявала
Калісьці пад стрэхамі хат».

І, падрэзаўшы крылы,
Саджаюць у клетку за краты,
Каб, крый Бог, не ўцякла
Нейкім цудам насустрач вятрам.
На абураны люд
Паглядаюць, нібы на вар'ятаў:
«Ім абы пакрычаць.
Белай птушкі шкада дзівакам!

Не ўратуюць яе.
Дый навошта яе выратоўваць —
Птушак шмат у прыродзе:
Ад сокала да салаўя...»
А ў мяне на шматкі
Часам сэрца парвацца гатова:
Тая птушка ў бядзе —
Гэта ж родная мова мая.


* * *
Яны хочуць, каб мы занядужалі,
Ў чорнай скрусе аселі на брук,
Упусціўшы агеньчык прастуджаны
Са стамлёных знявераных рук.

Каб ляцелі з паверхаў зацемненых,
Каб тапіліся ў шклянцы з віном...
А яны — нетаропка і ўпэўнена
Ператвораць у стайню наш дом.

І таму, па сатрапавым звычаі,
Б'юць па кожнай чуллівай душы.
Адымаюць мажлівасць вучыцца і
Адбіраюць магчымасць вучыць.

Яны хочуць, каб мы апусціліся
Незваротна на самае дно.
Толькі ўпартыя мы, Божай міласцю,
Гэткай радасці ім не дамо.

Будзьма жыць ім на злосць і пра светлую
Нашу справу настойліва дбаць,
Як і ў цемрані непрыветнае
Точыць камень жывая вада.