12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Квіткевіч

_____________________
Я цябе... Сьпяваю!
Вершы

Прадчуваньне

Хавацца – найлепшы сродак:
у бульбе, ў віне ці ў росах.
Нібы твой далёкі продак,
што ведаў: няблізкі космас…

Адчуваюць нейкі прыгнёт?!
І ня могуць сказаць галасамі?..
Запіваюць крывёю пот?!
Значыць, з глузду зьехалі самі…

А хавацца, між тым, ня варта, –
Тым больш, што й няма куды.
Даказала калісьці Спарта:
голас маюць нават рабы…

А вось нехта піша на плоце:
«Свабоду» – далей літары… Крывічы!
Ну што вы такое вярзёце?
Якая свабода Гарынычу?!

Абіраць кветку для рэвалюцыі:
or snowdrop or cornflower*
як танныя ўрокі па прастытуцыі:
абы як, і абы на халяву!

На аскепкі чыёйсьці веры
тая праўда мусіць праліцца.
Пад нагамі шматок паперы:
“Не нужно так к Родине относиться!”


З арфай гляджу на абраз...

Калі мова заходзіць пра цноту
ты ня можаш ня блытаць ноты…
І прыгадваеш адчайна,
што хлусьня ня можа быць крайняй, –
Бо нават у самага цёмнага хлуса
нешта ёсьць – чым ён дзьме у вусы;
бо нават калі спадылба і коса –
ўсё роўна позірк чагосьці просіць!

У нейкім Сусьветным Зводзе правілаў
вінавацяць у поглядзе няправільным:
ці то на жыцьцё, ці то на асобу?..
(пра пол супрацьлеглы –
гаворка асобная…)
Ды што ні рабі, а цікаўнасьць точыць:
сьвятыя ж нечым займаліся ўночы?!.

Не адно ж памнажалі рукапісы,
ды малявалі з сябе абразы:
(крый Божа, абразіць!) што нешта вісіць, –
а таму ўдакладнім, што вісіць – на сьценах –
“Безумству храбрых поём мы смело…”

Што ў думках было ў Дзевы Марыі? –
гісторыкі, блін! Усё поўняй пакрылі…

Запытаю

“Нашто загубіла
Адама Ева?” –
Пытаньне, вядома,
харошае.
А мяне загубіла
ня дрэва,
а дзяўчына, зьнешне
вельмі прыгожая.
Ты – смак яблыні
гэтай
з ігрушаю…
Пазваню,
дакладней,
I’m calling to you,
а на тым канцы
шэптам:
“Слушаю…”


А навошта ?..

Настрой ад кепскага да горшага,
і ня цягне шукаць сабе пару.
І ня хочацца быць запрошаным
анікім — акрамя Люцыпара…

Калі чорная котка перабегла дарогу
нейкі дзівак укінуўся ў транс:
Усе мы тут з забабонамі – хто патроху,
а хто ўсё жыцьцё за гульнёю ў пасьянс…

Учора не зважаў на голас зязюлі
ды блазнаваў, – прыкідваўся, нібыта кволы,
а сёньня родныя галовы схінулі,
бо пакінуў цыдулку:
“Паклікалі арханёлы…”
І зьмяюка, якая здаўна
сімвалізуе мудрасьць,
не дарэмна нагу пракусіла асілку грознаму.
Сьмяротныя рэчывы дзейнічаюць…
І мусіць,
не да розуму бедаку –
зусім не да роздуму…

Гамовэр

Пачатак банальны – ўсьмешка Моны Лізы,
канец трывіяльны:
хто б ведаў, што будзе так сьлізка…

Вось і ляснула мілосьць, –
засталася рыфма да гэтага слова:
а па-простаму – “проста злосьць”…
У каго яшчэ з рыфмай фігова?..

Ды нават не ў паэзіі справа
спрадвеку вымагаюць “Bread and Circus”*
Добра скончылася, не крывава, –
уратаваў твой няправільны прыкус…

Усё маліўся (па шашы шпацыруючы пешкі),
непашкоджаным каб дапяць
ад Менску да Берасьця.
І напраўду – абмінуў рачыныя клешні, –
мабыць, нехта наверсе
ўсё ж дбае аб міласэрнасьці!

“…А памятаеш, як мы
фарбавалі балонку балончыкам –
усё праз тое, што заядалі самагонку пончыкам;
карацей, як было нам весела
вычварацца з усім гэтым месівам?!.”

Усё… Канец! Game over!! The End!!!
Адгэтуль – вольнасьць і гімн Свабоды,
а як зьявіцца – прэч адганю сентымент!
Любоў да прыроды
і роднага краю.
Праўду кажу, я цябе…СЬПЯВАЮ!!!