12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алёна Шарэпа-Лапіцкая

_____________________
Туга растаньня, туга каханьня.
Вершы


Алёна Шарэпа-Лапіцкая:
чалавек на вятрах гісторыі

Ёй 92 гады.
Як многа давялося перажыць!
Калі просіш яе расказаць пра жыцьцё, яна кажа: “Гэта сумны аповед!”
Калі ёй было дзевяць, пасьля серыі найцяжэйшых хваробаў яна страціла слых. Прыйшлося пакінуць заняткі музыкай, і скрыпка, якую купіў для дзяўчынкі бацька, – назаўжды легла на паліцу.
Калі ёй было дзесяць год, памёр яе любімы шасьцігадовы брат Ігарфатаграфія хлопчыка-анёлка на сьмяротным ложы і зараз у яе кватэры.
Калі ёй было трыццаць тры, Саветы за арганізацыю групы моладзевага супраціву расстралялі яе брата Расьціслава, якому тады было дваццаць два...
Некалькі гадоў таму яна амаль страціла зрокзасталося толькі два адсоткі...
Яна паходзіць са шляхты, і гэта адчуваецца ва ўсім. Яна беларуска, і гэта таксама адчуваецца ва ўсім.
На мінулым Дні нараджэньня спадарыні Алёны я мела гонар прысутнічаць. Вось адчыніліся дзьверы, і яна зьявілася ў гасьцёўні. Ва ўсім белым: белая карунковая кофтачка, белая гафраваная спадніца, туфлі на абцасіках. І на крысе накінутага на плечы выштукаванага жакетабел-чырвона-белы значак! Не згаворваючыся, госьці заапладзіравалі.
За сьвяточным сталом яна шмат расказвала: пра родную вёску Касута, што на Вілейшчыне, пра дзяцінства, пра цяжкую працу, якую мусіла выконваць, пра тое, як у бацькі скралі каня... Пра тое, як ужо сталай жанчынай штогод езьдзіла ў Ялту, каб парадкаваць магілу Максіма Багдановіча. Чытала свае вершы. Брат Алег, які таксама адседзеў 10 год за ўдзел у Саюзе беларускай моладзі ў горадзе Ліда, расказваў сястры, што адзін з яе вершаў, “Першая коньніца”, стаў народнай песьняй, якую вязьні сьпявалі ў турме...
Спадарыня Алёна ўражвае сваёй сілайу такім паважным веку яна жыве самастойна і самадастаткова. А яшчэжаночай чароўнасьцю. За сталом мы абмяркоўвалі і сучасныя праблемы: канфлікт з Расеяй, паводзіны цяперашніх беларускіх уладаў. Гаспадыня іх не адабрала: самі ўлады заключалі ў свой час хаўрус з Расеяй і цяпер расплачваюцца за недальнабачнасьць. “Я думаю, што будзе яшчэ горш, – сказала спадарыня Алёна. – Хутка дойдзе зноў да картак на тавары.” – “Чаму вы робіце такую выснову?” – не зразумелі госці. – “Я вось хацела купіць сабе футра на плечыдык у краме няма!” – быў адказ, і я ледзь стрымалася, каб не заапладзіраваць зноў. Футравая гаржэтка, якую жанчына хоча купіць сабеці ж гэта ня сімвал нязломнай сілы жыцьця і жаноцкасьці?
Вершы спадарыні Алёны, як і яе карціны, падаюцца мне праяўленьнем вечнага імкненьня чалавека да прыгажосьці. Імкненьнем выказаць сябе сьвету. Янывынік натуральнай беларускасьці адоранай натуры аўтаркі. Гэта водгукі яе душы і на бязьмерную прыгажосьць сьвету, і на яго бязьмерную несправядлівасьць. Напісаныя ў розныя гады, сёньняшняму чытачу яны будуць цікавыя як сьведчаньні аб чалавеку на вятрах гісторыі.

Наталка Бабіна.


Алёна Шарэпа-Лапіцкая

Вясьнянка

Зелянелі лугі, зелянелі палі,
Йшла Алёнка з вядром ад крыніцы.
Падышоў к ёй Андрэйўладар сініх вачэй
Папрасіў вады крыху напіцца.
Дзякуй! – кажа Андрэй. – Цяпер значна лягчэй,
Ты вадою мне прагу спыніла!
Толькі, дзеўка, скажы мне ад чыстай душы:
Што ты ў кубак з пітвом палажыла?
Ці было калі? Я гару як ў агні...
Ты мяне напаіла, знаць, трункам!
Дык яго зноў вазьмі і са мной падзялі
Хай ён счэзьне ў адным пацалунку.
Тут Андрэй агарнуў, да сябе прытуліў,
Нібы лілею постаць дзявочую...
Вецер песьні сьпяваў, цьвет чаромхі сарваў
Ды пялёсткамі сыпаў у вочы...
1944 год, вясна


* * *

Сады заквітнелі чаромхавай бельлю,
А ў небепразрыстая сінь, –
Скажы мне, чаму Твае вочы таемна
З тугою глядзяць ў далячынь?

Скажы мне, чаму пазіраеш маўкліва
На той палымяны Усход
І думкі Твае, нібы птушкі у вырай,
Ляцяць нестрымана ўпярод?

Навошта смуціцца? Навокал прыгожы,
Цудоўна расквечаны май...
Тугою расстаньня, тугою каханьня
Ты сэрца сваё не кранай!..
1951 г


Мухамор

На мху зялёным сярод лесу
Алелі лужыны крыві:
Там пад скалы крутым адвесам
Хлапцы загінулі ў баі.

На зеляніне тэй панурай
Чырвоны пышны вырас Грыб.
Пад капялюшам грозным, хмурым
Ён прагна да крыві прыліп.

Паважны, зыркі, накрапляны
У пяцікутнік белых зор,
Упіўся ў ймшыстыя дзірваны
Крывавы, сквапны Мухамор.

Праз ноч да самае заранкі
Грымеў Пярун над шчытам гор,
Агнём прарэзьлівым Маланкі
Іскрылі трутны Мухамор.

І Лес гудзеў несамавіта,
Ўзьнімаў пагрознай сілы скрып:
Нашто людской крывёй наліты
У нас такі разросься Грыб?

А Грыб ўзрастаў у кожнай хвілі
І кроў смактаў праз дзірваны.
Аж у канцы яго разьбілі
Ушчэнт грымотна Перуны.
1951 год, чэрвень


Сасонка

Ой, тонка Сасонка ў нашым бары,
Штовечар гамоніць яна да зары,
З бярозамі шэпчацца, песьні пяе
І ціха калышацца ночкай у сьне.

Сасонка згадае, што ў думках тваіх
Ці радасьць, ці гора няшчасьцяў ліхіх
І ўся ўстрапянецца галінкамі ўміг,
Каб смутак трывожны ў сэрцы заціх...

Ой, тонка Сасонка, што ў бары,
Я буду дзівіцца на Цябе да зары,
Бо такой прыгажуні харошай прывет
Не знайду анідзе на ўвесь белы сьвет.
1967 год.