12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алеся Лапіцкая

_____________________
Напярэдадні “БУБ-новай” літаратуры. Нататкі пра кнігу Макса Шчура “Ліст знойдзены на папялішчы”


Шчур Макс. “Ліст, знойдзены на папялішчы”: апавяданні. –
Познань: Белы крумкач, 2011. – 203 с.

Макс Шчур – беларускі паэт, празаік і перакладчык, які жыве ў Чэхіі, дзе ў 2004 годзе атрымаў прэмію Юркі Юхнаўца за раман “Там, дзе нас няма”, дагэтуль не выда­дзены ў Беларусі. Кніга прозы Макса Шчура – “Ліст, знойдзены на папялішчы” – пабачыла свет сёлета ў выдавецтве “Белы крумкач”.
Варта адразу адзначыць, што зборнік твораў атрымаўся цікавым – на працягу стагоддзяў і нават нягледзячы на дэклараваны надыход постмадэрнізму менавіта гэтая ўлас­цівасць вызначае поспех кнігі ў чытача. Цікавасць выдання тлумачыцца тэматычнай і жанравай разнастайнасцю твораў, а таксама ўсведамленнем аўтара “залежнасці сучаснага чытача ад сюжэтнага “глютамату натрыя” – і здольнасцю пабудаваць складаныя захапляльныя сюжэты, якімі вызначаюцца творы з раздзела “Жанравыя практыкаванні”. Таленавіты пісьменнік заўсёды здольны раскрыць героя праз паводзіны, дыялагічнае маўленне і імгненныя рэакцыі не менш рознабакова і глыбока, чым праз працяглы ўнутраны маналог.
Кніга атрымалася цікавай яшчэ і таму, што аўтар штурхае чытача то ў самую экзатычную, то ў самую будзённую рэчаіснасць – будка на чыгуначнай станцыі, асяроддзе беларускіх эмігрантаў у спякотнай Аргенціне, таямнічая Прага, спякотная чыгуначная станцыя, зноў беларускія эмігранты, ужо сістэматызаваныя ў энцыклапедычны даведнік… Да таго ж, пісьменнік любіць гуляць з рознымі ўзроўнямі мастацкай рэальнасці: віртуальнае альбо нібыта цалкам уяўнае, сканструяванае аўтарам, раптам робіцца значна больш сапраўдным, чым уяўлялася чытачу, а пасляслоўе стварае арыгінальны кантэкст, у якім зыходны тэкст набывае нечаканы сэнс. Прачынаецца геймер, які ў доўгім сне трапіў у свет улюбёнай стралялкі – і бачыць, што над ложкам стаіць “апрануты ў чорнае ніндзя”, ніндзя-забойца, якога так моцна чакаў герой, нудзячыся аднастайнасцю гульні (“Экспедыцыя ў Шынан”); расповед пра ўдзел Надзі ў порнакастынгу робіцца фельетонам, на які адгукаецца “дырэктар камерцыйнай тэлевізіі” з вельмі нават постмадэрновай крытыкай аўтара (“Твар”).
“Ліст, знойдзены на папялішчы” – адзін з найбольш удалых твораў, дзе адмыслова скрыжоўваецца некалькі рэальнасцяў. Трымаючы ў руках зборнік апавяданняў, чытач часта не ведае, адкуль пачынаць чытаць: з пачатку, з канца, з раздзела пад самай арыгінальнай назвай… Адзін з магчымых варыянтаў – звярнуцца найперш да таго тэксту, які даў назву зборніку, – і ў выпадку з Максам Шчуром гэта будзе, бадай, найбольш слушна. “Ліст…” распачынаецца зваротам да Прэзідэнта ЗША і датуецца 15 лістапада 2010 г. Адмысловец, які “вывучаў амерыканістыку ў Пражскім універсітэце” піша “з мэтай прадухіліць катастрофу” – і распавядае пра татуіроўку-іерогліф, якая мае вельмі пагрозлівы сэнс: знішчэнне белай расы 12 снежня 2011 года. Пошукі ўладальніка татуіроўкі скончыліся ва ўлюбёнай лацінасамі карчме, дзе герой абмяркоўвае асаблівасці індзейскай культуры з агентам кубінскай спецслужбы, які некалькі гадзінаў таму памёр.
Галоўны герой – “завучаны інтэлектуал з затоенай прагай прыгодаў” і “проста шыбздзік” з пункту гледжання нармалёвых людзей, адразу робіцца вельмі сімпатычным – магчыма, праз сваю непасрэднасць, магчыма, праз схільнасць да самаіроніі. “І ўсё гэта пад поліўкай майго тыповага гумару й здольнасці да інтраспекцыі, з дэталёвымі апісаннямі штодзённага жыцця, якія мне найбольш падабаюцца,” – тут нам застаецца адно цытаваць Аўтара (не блытаць з Максам Шчуром), які перапыняе друкаванне свайго будучага бестсэлера, аўтаматычна ўключае тэлевізар і пасля навінаў чуе анонс пра “найноўшы галівудскі блакбастэр”, у якім будзе і майскі каляндар, і канец свету ў 2012 годзе…
Асацыяцыі між назвай і зместам – чый у рэшце рэшт ліст і на якім папялішчы яго знаходзяць – могуць быць самымі рознымі. Магчыма, ліст Аўтара з пачаткам задуманага ім твора дзіўны чынам захаваўся на папялішчы “белай” цывілізацыі, між руінаў псіхіятрычнай лякарні (Аўтар, даведаўшыся пра зняты блакбастэр, пачынае “пісаць абураную скаргу ў Галівуд”, што ёсць таксама сімптом). Магчыма, пачатак Аўтаравага бестсэлеру, дый наогул кожны сучасны літаратурны твор – гэта ўсяго толькі невядома каму адрасаваны ліст на папялішчы культуры, бо як інакш назваць час, у якім Аўтар прысвячае тры месяцы даследаванню пэўнай тэмы, а пасля нечакана бачыць сваю ідэю цалкам рэалізаванай іншым крыэйтарам, які гэтаксама вырашыў скарыстаць “фактар масавага псіхозу” дзеля набыцця каліфарнійскай вілы?..
Іншы твор, які таксама пакідае яркія ўражанні, мае сімпатычнага галоўнага героя і крута “абломвае” чытача – “Звяз патрыётаў” з раздзела “Жанравыя практыкаванні”. Буэнас-Айрэс, баксёрскі рынг, буркатлівы чалавек над друкарскім варштатам, шыкоўны банкет на сядзібе ў бацькі аргенцінскай эміграцыі, беларускі эмігрант Паскевіч, крыху нехлямяжны і сарамлівы, тактоўны, не надта ўпэўнены ў сабе – і раптам стрэл падчас полькі, забойства “правадыра”, усё рассыпаецца і захапляльная прыгодніцкая аповесць альбо цікавы палітычны раман ператвараецца ў дэтэктыў. Добры, мілы Паскевіч, які – колькі разоў ні чытай – не дае падставаў сябе ў нечым падазраваць, робіцца забойцам, што даўно і дэталёва прадумваў сваю помсту, а друкар-паэт пачынае суха і падрабязна тлумачыць, як дзейнічаў злачынца, і праз некалькі рэплік выводзіць Паскевіча на чыстую ваду. Высвятляецца, што “правадыр аргенцінскіх беларусаў” быў “кіраўніком гітлераў­скай паліцыі ў Маладэчанскай акрузе” і асабіста кіраваў выкананнем загаду па спальванні жыхароў адной з вёсак. Сярод вяскоўцаў былі жонка і дачка эмігранта – і менавіта жаданнем помсты жыў Паскевіч з часу іх смерці.
Пасля ўсёй аргенцінскай экзотыкі крыху ніякавата ўспрымаюцца дакладныя і лаканічныя звесткі пра спальванне людзей і зусім ужо “не глядзіцца” фотаздымак жанчыны з дзяўчынкай, на якім “абедзве чамусьці ў валёнках”. У дадатак да гэтага Паскевіч-забойца ўжо нічым не нагадвае ранейшага Паскевіча – ён абыякава ўдакладняе дэталі свайго ўчынка, бо гэта проста чалавек, якому няма куды вяртацца і якому ўсё роўна, што будзе далей. Пісьменнік цалкам пазбаўляе свайго персанажа нейкіх характэралагічных рысаў – пры тым, што героі, для якіх “усё ўжо скончана” часам бываюць вельмі своеасаблівымі, Паскевіч робіцца сапраўдным “пустым месцам”. Між тым, заключны маналог, які абгрунтоўвае назву твора, належыць дэтэктыву-друкару. “Вайна ўсё перакруціла, усё знішчыла… Той, хто не бачыў яе на ўласныя вочы, ужо назаўсёды страціў повязь з радзімай. А можа, праўда яшчэ больш жорсткая, і ніякай радзімы болей няма… Які ўжо тут “звяз патрыётаў”…”
Камусьці нечаканая развязка спадабаецца, хтосьці пашкадуе, што пісьменнік перапыніў прыемнае і захапляльнае чытво. Макс Шчур яшчэ ў прадмове папярэджвае пра тое, што ў адрозненне ад аўтараў, якія дагэтуль імкнуцца “задаволіць у пэўнай меры негалоснае “патрабаваньне мастацкасці”, асабіста ён трапна заўважыў за “смерцю вялікіх наратываў” яшчэ і “клінічную смерць “вялікіх дэскрыптываў”. Такім чынам, Макс Шчур не імкнецца да асаблівых стылёвых вынаходстваў, таму тыя чытачы ці, яшчэ горш, крытыкі, які аўтаматычна выпісваюць з тэкстаў удалыя метафары, могуць адкласці асадкі ўбок. Разам з тым, пісьменнік часта ўжывае слоўцы з моладзевага слэнгу (можна нават сказаць, выконвае высакародную справу яго рэканструкцыі і выдумлення), а дыялогі ў ягоных творах вельмі жывыя і натуральныя. Апавяданні Макса Шчура чытаюцца лёгка і хутка, пры гэтым пісьменнік, бясспрэчна, мае ўласную творчую манеру.
Праўда, калі ўзгадаць яшчэ і аматараў фіксаваць трапныя думкі з прачытаных тэкстаў, то колькасць вольных старонак у іх нататніках таксама наўрад ці паменшыцца. Можна, вядома, зацытаваць некалькі рэплік розных персанажаў (“Я сярод індзейцаў жыў – дабрэйшых людзей у сьвеце не сустракаў. Толькі што і іх цяпер таксама спойваюць, як і нашых сялян-беларусаў”), альбо перапісаць пару іранічных выказванняў эмігранта Канстанціна Касцяка (“Вяртанне на радзіму было б самагубствам. Але і ад’езд з радзімы таксама быў самагубствам. Пры ўсім жаданні, самагубства нельга ўчыніць двойчы”), альбо прывесці некалькі ўрыўкаў з “плыні свядомасці” (“Немагчымасць быць такім, як хочуць астатнія, але й немагчымасць быць такім, як хочаш ты сам… Любы выбар ў такой сітуа­цыі – няшчырасць, хлусня, параза, самападман. <…> Самае страшнае – гэта апынуцца ў становішчы, калі адмяніць уласнае рашэнне больш немагчыма, калі адчуваеш, што жыццё выдалася наперад у нейкім адным, магчыма, памылкова абраным кірунку…”) – але пісьменнік безумоўна не схільны бясконца здзіўляць чытача ўласнымі досціпамі і сентэнцыямі. Зрэшты, навошта патрэбнае рознае мудрагельст­ва, калі аўтару хапае зместу твора для выяўлення сваіх ідэй?
Прыкладам, апавяданне “Паэтка” – самае ўдалае ў раздзеле “Пра жаночае” – абавязкова спадабаецца тым, хто падобна да герояў Макса Шчура, заўсёды чытае надпісы ў дарозе і тым больш звяртае ўвагу на часам вельмі арыгінальныя творы сучаснага фальклору, якія могуць быць накрамзоленыя на любой прыдатнай паверхні. Пісьменнік шчодра цытуе творы “народнай паэткі” са сваёй вёскі, часам “наіўна-манументальныя”, але пераважна прысвечаныя інтымнай тэме. Распавядаючы пра аўтарку, якая “выкладаецца на муры, нястомна шукаючы рыфмы й словы, каб даць выхад празмернай энергіі свайго яшчэ здаровага й неспрактыкаванага цела”, пісьменнік, па-першае, засведчвае ўласцівую постмадэрнізму павагу да тэксту, якая вызначаецца не толькі яго мастацкімі вартасцямі, і, па-другое, канстатуе, што ў свеце, дзе большасць людзей “у жыцці не толькі не напісалі, а магчыма й не прачыталі ніводнага верша”, нават разняволеныя натуралістычныя радкі з простай рыфмоўкай робяцца “адчайным маніфестам грамадзянскага непадпарадкавання бязмежнай вакольнай тупасці”. Мясцовая паэтка мае адметны стыль, але ейныя творы шануюцца аднавяскоўцамі не больш за творы элітарных пісьменнікаў, а таму ў рэшце рэшт замазванне ейных вершаў ёсць вандалізмам, бо нельга знішчаць праявы вольнай думкі і мастацкага самавыяўлення.
Тэме творчасці прысвечаныя і “Сямнаццаць імгненняў музы, альбо Бататуйская літаратура ХХ стагоддзя ў эміграцыі ад “А” да “Я”. Энцыклапедычныя артыкулы, якія распавядаюць пра жыццё і творчасць бататуйскіх літаратараў, могуць мець самую розную інтэрпрэтацыю (вызначальным тут будзе ўзровень літаратурнай падрыхтаванасці чытача) і падштурхнуць да даволі крытычных высноваў пра родную класіку. Пісьменнік нібыта вылучыў усе самыя абсурдныя, парадаксальныя, супярэчлівыя і няпэўныя моманты ў гісторыі беларускай літаратуры, якія хутка забываюцца і такі патрабуюць падагульнення – зрэшты, гэта ўсяго толькі асабістая здагадка, бо задума пісьменніка была, магчыма, значна больш шырокай.
Падчас чытання твораў Макса Шчура, аднак, не атрымліваецца прасякнуц­ца нейкім абсалютна новым сэнсам: у прадмове да зборніка аўтар паўстае апалагетам постмадэрнізму, і ў сваёй творчасці практычна не выходзіць за кола постмадэрновых ідэй. Між тым, даўно ўжо лічыцца, што значнае месца ў літаратуры – нацыянальнай і, тым больш, сусветнай – займаюць не паслядоўныя прадстаўнікі пэўнага напрамку, а стваральнікі, заснавальнікі новых эстэтычных сістэмаў, альбо адмысловыя творцы, якія імкнуцца да максімальнага выяўлення ўласнага светаўспрымання і мала зважаюць на розныя стылёвыя патрабаванні. Макс Шчур дэманструе шматлікія пісьменніцкія здольнасці, але перапыненыя практычна напачатку “Звяз патрыётаў” і “Ліст…”, з якіх маглі б атрымацца арыгінальныя раманы, фактычна сведчаць пра тое, што аўтару нецікава доўга нанізваць на нітку сюжэта падзеі і пры гэтым уважліва ўглядацца ў аблічча героя. А менавіта зацікаўленасці і натхнення, нейкага моцнага ўнутранага імпульсу не хапіла Бібу, Сірогу і Шчуру-персанажу, каб у рэшце рэшт напісаць свае “найвялікшыя шэдэўры”.
Варта спадзявацца, што лёс Шчура-аўтара будзе значна адрозным ад лёсу ягонага героя.