12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Вольга Ласаева

_____________________
Мімалётны анёл.
Вершы

Мелодыя каханьня
Мелодыя мінулага мінае,
Мелодыя ліецца у нябыт…
Успамінаю лета ў дзікім краі,
Дзе кожная хвіліна – гэта ты.
Дзе кожны дотык,
Кожная галінка,
І кветка кожная,
І ежа, і пітво,
І ноч бяссонная,
І шчырая малітва,
І шэры досьвітак,
І чуйнае сьвятло,
Сьцяжынка ў полі,
Сонечны блакіт
Мелодыяй мінулага мінае,
Журліва праліваецца ў нябыт,
Дзе кожны дом і дрэва адчувалі:
Ты быў ва ўсім і ўсім да скону дзён...
Успамінаю лета ў дзікім краі,
Дзе ты быў — сьвет,
Сусьвет,
Дзе ты быў — Ён.

Сэрца
Сьвечка мігціць.
І мярэсьцяцца цені.
Сонны палёт
Над сьнягамі пасьцелі
У летуценьне,
у мрою,
збавеньне…
Вось і упала,
Упала каменьне!
Нібы зваліўся цяжар
На імгненьне.
Так ён зваліўся
ў сярэдзіну самую
Сэрца,
І стала яно –
Нібы з каменю.

Каб забіць, каб згубіць, каб забыць...
Каб каханьне сваё забіць,
(а было яно невылечным),
Я аб ім пачала гаварыць
З кожным стрэчным.

Каб каханьне сваё згубіць,
(а было яно нерэальным),
Я яго пачала рабіць
Абсалютна матэрыяльным.

Каб каханьне сваё забыць,
(а была ім душа працята),
Я ізноў пачала любіць
Невядома каго — як брата…

Каб забіць,
каб згубіць,
каб забыць...
Вернешся...
Ты вернешся.
Ты вернешся яшчэ.
Я ведаю —
Вяртаецца заўсёды
Забойца
На ахвяру паглядзець,
Каб толькі потым
Зьнікнуць назаўсёды...

У снах...
У снах маіх цябе няма...
Ты побач сьпіш, а я адна
У змрочных блытаных завулках
Ступаю па каменьнях гулкіх
І сустракаю нежывых,
Жывых,
няжыўшых,
часам тых,
Каго любіла я раней
Да гэтых безнадзейных дней,
Начэй і ранкаў адзінокіх.
У снах пакутных і глыбокіх
Я пазбаўляюся ад сноў,
Ад надакучлівых размоў,
Ад існаваньня без натхненьня!...

Няхай твайго задавальненьня
Мае не парушаюць мроі...
Я буду трошачкі чужою
Адно ў начы, а днём ізноў –
Жанчынай мар тваіх і сноў.

Мімалётны анёл
Прашу цябе: пакінь мяне ў спакоі!..
Вяртайся ў свой халодны шэры дом:
Табе няёмка у маім спакоі,
Дзе сьцены не працятыя ільдом.

Ідзі адсюль! Звычайнае цяпельца,
Пасьля лядоўні, да якой прывык,
Нясьцерпнай жарсьцю спапяляе сэрца,
І голас твой зрываецца на крык...
Бяжы хутчэй! Рэальнасьць не такая,
Якою бачыць ты яе хацеў,
І не кажы лухты: я не сьвятая,
І не анёл, што побач праляцеў...

Ліст да Марыны
Слухай, Марына,
Там на Радзіме,
Сьвяты як трызны,
Вёсны як зімы,
Сьнег на Каляды,
Ранак журлівы,
Сум разьвітальны,
Сьмех нешчасьлівы...
Чуеш, Марына,
Я разумею,
Што па-інакшаму
Жыць не умею.
Можа таму —
Так балюча і горка...
Бачу: дзяўчына
Выходзіць з падворка.
Сонца садзіцца
За бор векавы,
Ступні кранаюцца
Роснай травы.
Кветкамі пахне,
І пахне зямлёю,
Рухі напоўнены
Сілай жывою.
Мроіцца ёй:
Вось сустрэнецца хтосьці,
Верыцца:
Здарыцца добрае штосьці.
Сонца зайшло —
Анікога нідзе.
Чырвань згасае
На чорнай вадзе.
Гэта дзяўчына —
Ня я і ня ты,
Гэта Краіна
Пад знакам бяды,
Сьцежкі ня бачачы,
ў ростань брыдзе...
Гэта Радзіма
Забітых надзей.