12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Яўген Лецка

_____________________
Гэты нязводны народны дух.
Невядомая народная паэма



У свой апошні па часе прыезд на змалку мілую сэрцу Наваградчыну мне шэнціла. Найперш на сустрэчы і знаёмствы з цікавымі, пазбаўленымі хцівасьці, хлусьні і прытворства, зусім не зашоранымі афіцыйнай прапагандай людзьмі.
Надта радаснай для душы і цела выдалася вандроўка ў Налібоцкую пушчу. За пару гадзінаў пузатыя кошыкі з коптурам напоўніліся маладымі фарсістымі баравікамі. Мы ж, здаволеныя і прытомленыя, прыселі на сухім узгорку на папаску.
Пад чарку настоенай на пахучых зёлках налібоцкай жытнёўкі разьняволена гаманілася, успаміналася, усьміхалася.
У пэўны момант адзіная сярод нас – вабная станам, душой і розумам жанчына пацікавілася, ці надаралася нам чуць альбо чытаць твор пра міліцэйскага участковага, які некалькі паваенных гадоў адпрацаваў у Шчорсах і пакінуў пасьля сябе прыкметны сьлед у людской памяці.
Блазнавата ўсьміхнуўшыся, тубылец-шчарсун згодна хітнуў галавой, а мы, прыезджыя, толькі няўцямна паціснулі плечукамі.
I тады ў атачэньні звонкіх меднастволых хвояў то ўрачыста, то лагодна, то кпліва загучаў сакаўны голас неяк няўзнак яшчэ пахарашэлай і памаладзелай кабеты...
Паданьне-быль «Добры Якаў», можна сказаць, напісанае з натуры, на жывым матэрыяле тутэйшага жыцьця. Абмалёваны ў ім участковы Ступачэнька заляцеў, ці, дакладней, быў прысланы сюды на працу з Усходняй Украіны. Здавалася б, нонсэнс, ды такая завядзёнка была ўласьціва генеральнай партыйнай лініі колішняга «непарушнага» Саюзу, дзе заўзята пнуліся ўсіх перайначыць на свой капыл, пасьціраць нацыянальныя адметнасьці ва ўсіх, апрача рускага, народаў і пераварыць у супольным савецка-сацыялістычным катле. А заходнебеларусам, як і іншым, прылучаным у агульны табар напярэдадні ці адразу пасьля вайны, народам, улада ўвогуле спрэс не давярала.
Найбольш сюды, як іх зусім нядаўна акупацыйныя польскія ўлады пагард­ліва-зьневажальна называлі «крэсэ всходке», на больш-менш ганаровыя кіраўнічыя пасады насылалі службістаў з Расіі і Усходняй Беларусі, найбольш лаяльных і адданых новай уладзе. Вядома, халуі былі, ёсьць і, напэўна, заўсёды нязводна будуць пры любой уладзе. Найперш маю на ўвазе тых, хто страчвае асабістую чалавечую годнасьць, свой адметны характар і становіцца паслухмяна-безаблічным віньцікам рэпрэсіўнай машыны. Аднак натуры моцныя, не папсутыя, нават у жорсткіх сістэмах, хоць і не напоўніцу, часьцяком змушана прыстасоўваючыся да абставінаў, але ў сваёй спрадвечнай прыроднай існасьці застаюцца самімі сабой, што мы і бачым у вобразе галоўнага героя паданьня-былі «Добры Якаў».
На агульным фоне поўнай уніфікаванасьці і зрусіфікаванасьці прыхадняў як з Усходняй Беларусі, так і з Расеі, паміж якімі ўжо істотнай розьніцы нават не адчувалася (іх агулам называлі “васточнікамі”) прыкметна вылучаліся украінцы, якія таксама зрэдзь часу траплялі сюды. Яны сваёю нязводнай злучанасьцю з родным, кроўна нацыянальным былі куды раднейшымі і духоўна бліжэйшымі тутэйшаму люду, у якім тады моцна выяўлялася нацыянальная закваска, набытая ў зацятым змаганьні супраць прымусовай паланізацыі і адпаведным чынам узмоцненая ў гады нямецкай акупацыі.
Якаў Ступачэнька — гэта вобраз чалавека з народу, які і ва ўмовах жорсткага сталінскага рэжыму паводзіць сябе на дзяржаўнай пасадзе натуральна і нязмушана, крыху сьмешнавата, зусім для таго часу нестандартна. Што ў сваёй шэрай масе ўяўлялі сабой тадышнія ахоўнікі парадку, давялося мне, малому хлапчуку, неаднойчы да дрыжыкаў у грудзях адчуць падчас візітаў у роднае Пабрэзьзе энкавэдыстаў на чале з іхнім «фюрэрам» Харашаўцавым. Пры іх зьяўленьні ў вёсцы як перад цяжкай навальнічнай хмарай з бліскавіцай, усё раптоўна дранцьвела і замірала. Страх апаноўваў ня толькі людзей, але завалодваў і сабакамі, якія вішчэлі, падціналі хвасты і ціснуліся ў дзьверы, да платоў, пад падрубы будынкаў. Варта ж было якому застацца навідавоку і, не давядзі божа, гаўкнуць, як пільны страж парадку адхінаў крысо скуранкі, выцягваў з кабуры наган і тутсама ўчыняў прысуд над варожым савецкай уладзе і яе слаўным органам «элементам».
У Ступачэнькі жыве, закладзены маці-прыродай, казацкімі продкамі прыродна-стыхійны народны дух, які ў абставінах сталінскай паваеннай рэчаіснасьці ня маючы іншага выйсьця, імпэтна праяўляе сябе ў шчодрых застольлях.
Мінуць дзесяцігоддзі, усё на гэтай зямлі пераіначыцца, і нашчадкі колішняй казацкай вольніцы нястрымнай паводкай запалоняць кіеўскі майдан, стануць на працягу некалькіх тыдняў яго паўнапраўнымі ўладарамі, патрабуючы ад уладаў права на годнае чалавечае жыцьцё, а «ріднай нэньцы-Україне» вольнасьці, гордага існаваньня сярод іншых еўрапейскіх народаў, гарантаванай на ўсе наступныя вякі незалежнасьці .
У нас, беларусаў, дух і характар народу выяўяюцца куды больш стрымана, памяркоўна, але ж, праз стагоддзі патаптаны і згвалчаны чужынцамі, і тут ён ніяк ня хоча бязмоўна сыходзіць у нябыт, паддавацца настырнай русіфікацыі, духоўнаму самазьнішчэньню, на што па вядомых і да канца невядомых прычынах наструнена ўся, пачынаючы ад высокага чырвонага гмаху на Карла Маркса і спускаючыся да невялікіх сельсавецкіх хацінаў, славутая на ўвесь сьвет ня так беларуская, як, ярка ў сваіх памкненьнях і справах выяўленая, антыбеларуская па сутнасьці “вертыкаль”. А пад яе ж вымогі паслухмяна падладкоўваюцца ўсе іншыя дзяржаўныя структуры, не выключаючы і тых, само прызначэньне якіх у грамадстве патрабуе дбаць, шанаваць і памнажаць усё спрадвеку сваё, самабытна-нацыянальнае, тое, чым кожны асобны народ канкрэтна вылучаецца сярод іншых і праз тое ёсьць непаўторна-самакаштоўным, цікавым другім…

“А хто пісаў паэму гэту?” – усклікнуў колісь аўтар аднаго з самых вядомых і інтрыгоўных беларускіх твораў ХХ стагоддзя, задаўшы клопату нашмат гадоў наперад. Маю на ўвазе, зразумела, “Сказ пра Лысую гару”, сувязь з якім, як і з класічным “Тарасам на Парнасе”, “Добрага Якава” відавочная. Стваральнік нашага паданьня-былі таксама, ва ўсялякім разе пакуль што, не жадае быць вядомым, напэўна пры гэтым цешачыся, што ягоны твор і без пазначанага аўтарства пайшоў у народ. Бо калі казаць пра нейкую крамольнасьць зьместу былі, чым звычайна і апраўдваецца патрэба таемнасьці, то, скажам шчыра, вялікай небясьпекі для любых уладаў паданьне-быль не ўяўляе... А таму – няхай і ў ясны дзень і ў цемрыве ночы іскрыста зіхаціць праўдзівае і сакавітае, без усялякага прымусу выяўленае народнае беларускае слова.

Добры Якаў
Паданьне-быль

Здарэньне гэта адбылося
Ў пяцідзясятыя гады
Пачуць аднойчы давялося,
Але запомніў назаўжды

Прызнацца мала было веры
У той жартоўны апавяд,
І вось нядаўна ў нейкай меры
Правёў грунтоўны свой разгляд.

Герой легенды – Ступачэнька –
У міліцэйскім шынялі
Тады напраўду па-маленьку
Служыў на шчорсаўскай зямлі.

Вялікі дзякуй, Україна,
Заступнік нашага сяла,
За тое, што такога сына
Да нас у прымы аддала.

Казалі: быў на від суровы
І да работы не лайдак –
Наогул, добры участковы,
Няхай прабачыць, што ня так.

Нібыта звалі яго Якаў,
Жанаты быў і не гуляў;
Нікому ён ня даўся ў знакі,
А наравістых сам цугляў.

Кіпела праца ў паходах,
У пыле, холадзе дарог,
Ня раз драмаў на розных сходах
І толкам выспацца ня мог.

Ішла за ім такая слава:
Паесьці, выпіць быў мастак,
Тады стагнала пад ім лава,
Калі пачуе свой “гапак”.

Ня быў ніколі ён служакам,
Турмой нікога не пужаў,
Дый шмат ня піў наш добры Якаў,
Ён толькі рот свой асьвяжаў.

Давайце ў брычку сядзем з Яшам
(якраз сабраўся ён туды),
Пабудзем на здарэньні нашым
І самі ўбачым, што й куды.

…Хоць беднавата і жылося
Ў пасьляваенны цяжкі час,
Але заўсёды так вялося:
Былі вясельлі і да нас.

Стараўся кожны, лез са скуры,
І каб ня горш, як у людзей –
Такая ўжо бацькоў натура:
Чаго ня зробіш для дзяцей.

Калі сяк-так яшчэ з закускай,
Праблемы можна й абысьці,
То дзе ж набраць гарэлкі рускай,
Дзе грошы гэткія знайсьці?

Вось на вясельлі пры паляках
Адною чаркай па чарзе
Паўскрыняй “вудкі” ўсе піякі
І госьці упівалісь ўсе.

І весялілісь зухавата,
Нібыта выпілі па шмат,
А пры саветах – літр на брата
Павінен выпіць кум і сват.

На магазін кішэня тонка,
А разабрацца тут сумей.
Адзіны выхад – самагонка,
Жытнёвы наш “зялёны зьмей”.

Сказаць па праўдзе, калі з густам
Яе зрабіць (не на шармак)
То з магазінным гэным “дустам”
Не параўнаць яе ніяк.

Але існуе забарона,
І асабліва у сяле:
Каб на вясельлях самагону
Ані ні грама на стале.

А хто праверыць? Участковы.
Ламаюць шапку перад ім:
Дазвол дае, і тыя словы –
Як блаславеньне маладым.

…Прыйшоў той дзень, і люд застольны
Чакае знак гаспадара,
Каб даць для “зьмея” выхад вольны.
І вось пачулася з двара:

— Давай, таварыш участковы,
Адразу ў хату да гасьцей…
Ніякіх “не”, каб вы здаровы!
Зайдзем з веранды, так прасьцей.

— Не, не, хазяін, я на службе,
Усім патрэбна сёньня жыць.
Ты ж не падумай, што па дружбе,
Хіба што рот хоць асьвяжыць

З дарогі. Тут во, у бакоўцы,
Каб не мазоліцца ў ваччу,
І каб ня думалі вяскоўцы,
Чаго між імі я тырчу.

І сам жа – шусь у бок каморкі,
Дзе ўвесь вясельны запасьнік,
Пра што ўжо весьці тут гаворку,
Калі да мяса прэ мясьнік.

Графін гарэлкі ўзяўшы ў лапу
І, страсянуўшы на сьвятло,
Перакуліў нагбом у зяпу,
Каб добра ў горле запякло.

Вось губы трубкаю стуляе,
Відаць, што градус не малы,
І кажа дзядзьку: “Дазваляю,
Нясі гарэлку на сталы!”

Графін паставіўшы той збоку,
На кубел сеў ён да паліц
І ў момант згледзеў пільным вокам
Усю закуску да драбніц.

Была ў тазах тут квашаніна,
Ляжаў запечаны баран,
Паміж каўбасамі вяндліна –
Мудрэй за ўсякі рэстаран.

Яшчэ ж пірог, катлеты, куры,
У місках мяса крышані,
Пячэньня розныя фігуры
(Насыпаць можна ў кішані).

Не абмінаў грыбоў, салатаў,
Глядзеў на ўсё нібыта кот.
…О, шмат чаго ў сябе апратаў
Яго няспоўнены жывот.

Увесь графін стаў дном да гуры,
А той баран – амаль шкілет;
Бяз ног ляжалі цяпер куры,
Ды добра зьменшыўся рулет.

Паўтаза зьеў ён квашаніны,
Не разьмінуўся з ім пірог,
Яшчэ крышэнікі вяндліны
Жаваў ступіўшы на парог:

— Ну, вось пад’еў, цяпер з усімі
Прысяду ў хаце я за стол,
А гаспадар перад дзьвярыма
Застыў, нібы глынуўшы кол…