12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Марк Ледэтэд

_____________________
Беларусь.
П'еса

Пераклад
з ангельскай
Ільлі СІНА.

Рэдактар
перакладу
Вольга ГАПЕЕВА.


Ад перакладчыка.
“Прыязны высокі мужчына пад сорак, зьнешне зусім не адрозны ад якога-небудзь клерка альбо праграміста, аднак здатны раз-пораз зьдзіўляць нейкімі няўцямнымі жэс­тамі альбо інтанацыямі”. Прыблізна гэтак ахарактарызаваў Марка Ледэтэда мой прыяцель, мэтр беларускай незалежнай музыкі Уладыслаў Бубен. Увосень 2005 году яны пазнаёміліся ў Будапешце на фестывалі “Трансцэндэнцыя”, у праграме якога суседнічалі выступы абодвух музыкантаў.
Марк выступаў на тым фэсьце ў якасьці хэдлайнера. У сярэдзіне дзевяностых ён увайшоў у склад культавага сярод аматараў элітарнай электроннай музыкі гурта :zo­viet*france:, а па спыненьні яго дзейнасьці раз-пораз выпускаў альбомы сваіх сольных праектаў, няспынна мяняючы іх назвы.
Пэўную славу ён атрымаў таксама і як мастак – уласна, выяўленчае мастацтва было ягоным прафесійным заняткам. Найвядомейшым выставачным праектам Марка стала інсталяцыя «Жыцьцё ў вадзе», прадэманстраваная на Стамбульскай біенале. Яна складалася з вялізных запоўненых вадой акварыумаў, у якіх ня тонучы пагойдваліся манекены з выявай аўтара – як зусім малюткія, так і амаль у поўны рост. Водгульле гэтай тэмы можна знайсьці і на старонках п’есы «Беларусь» .
Пра тое, што Марк над ёй працуе, Уладыслаў пачуў неўзабаве пасьля непазьбежнага пры знаёмстве замежнікаў пытаньня «Where are you from?». Ангелец распавёў, што ніколі ня быў на Беларусі. Ды аб’ектыўная інфармацыя пра гэтую краіну яму й нецікавая. «Саліпсічная бязглузьдзіца куды праўдзівейшая за крывадушную спробу адлюстраваньня эмпірычнай рэчаіснасьці, – прыблізна гэтак ён патлумачыў сваю пазіцыю. — Бо бязглузьдзіца гэтая мая, у той самы час, як рэчаіснасьць – нічыйная».
Зрэшты, па знаёмстве з самім тэкстам можна пераканацца ў тым, што аніякіх тлумачэньняў ён і не патрабуе. Бо любы іх варыянт будзе выглядаць як недарэчны.
Варта яшчэ дадаць, што экзістэнцыяльны песімізм, выяўлены аўтарам у п’есе, не выпадае лічыць пазёрствам. Марк расцэньваў «Беларусь» як свайго кшталту «лебядзіную песьню», спробу зьвядзеньня парахункаў з творчасьцю. І пасьля публікацыі п’есы яе аўтар — паводле ягоных уласных словаў, набрынялы расчараваньнем у мастацтве, — планаваў адысьці ад творчай дзейнасьці на нявызначаны час – а мо і назаўсёды.
Уласна, менавіта гэтак яно і здарылася. Хіба толькі з адным выключэньнем.
Па просьбе Улада, Марк пагадзіўся, каб п’еса была перакладзеная на беларускую мову. Але калі гэтая праца яшчэ вялася, раптам напісаў: «П’еса мне апрыкла. Будзь ласкавы, выдалі дасланы мной файл». Майму сябру ўдалося пераканаць аўтара дазволіць апублікаваць яе па-беларуску – хаця, трэба шчыра прызнацца, галоўны аргумент Улада (маўляў, перакладчык пасьпеў ужо добра пастарацца…) быў хлусьлівы праз маю ленасьць.
Урэшце, Марк пагадзіўся. Запатрабаваўшы, аднак, каб ягонае прозьвішча было замененае якім-кольвечы псеўданімам. Падчас перакладу я зьвярнуўся да яго, каб атрымаць тлумачэньні некаторых складаных месцаў, аднак адказу не атрымаў. А замест дэманстрацыі персанальнага сайту Марка браўзер стаў старанна паведамляць: «старонка ня знойдзеная».
Адпаведна, ён сапраўды «самавыдаліўся».


Сцэнічная пляцоўка ўсьцяж заваленая кавалкамі газетаў, абрыўкамі нечыіх фотаздымкаў, парнаграфічнымі постэрамі, кажурой бананаў і любой іншай дрэньню, якая толькі патрапіцца пад руку. Героі раз-пораз, у адвольным тэмпе, падымаюць штосьці з падлогі, кладуць у свае торбы або шпуляюць у партнёра – нібы між іншым.
Заўвага. Поўная незалежнасьць усіх кампанентаў адзін ад аднаго: сувязі паміж словамі ў сказах адно фармальныя, уяўныя. Фрагментацыя, расчляненьне. Дзяленьне, дзяленьне, дзяленьне.

1 і 2 павольна прамаўляюць па чарзе, старанна атыкулюючы кожную фразу і адчайна, але безнайдзейна спрабуючы пераадолець праблемы з дыкцыяй. Нібы на сеансе ў лагапеда.
1. Бе.
2. Бе-ду-ма. Бе-ду-ла. Бе-лу-рас.
1. Бе-ла-дусь. Беыўшг-ра-лу.
2. Бе-ру-лас. Бе-ду-лас.
1. Бе-ла-сур. Бе-була-ру.

Разрыў.

2. Паветра, што атачала нас тады, было волкім і масьляністым. Здавалася, бы яно брудзіць твар. Мы плылі на старой баржы, і трум яе быў даверху запоўнены нейкімі паіржавелымі бочкамі з немаўлятамі; тая пасудзіна матлялася на шарых нібы попел хвалях, млява перакотвалася праз іх, паволі сунучыся наперад. Павеў саланаватага ветру, пасьля якога так лёгка. Мой белы капялюшык з чырвонай стужачкай. Памятаеш?
1. Наперадзе, за прыбярэжнымі туманамі, была Беларусь. Тапельцы, пагойдваю­чыся на хвалях Дняпра, праводзілі нас сваімі спачувальнымі позіркамі.
2. Потым памежны порт на высьпе, брудная пачакальня… Паветра тут дарэшты набрыняла сапселым сьмярдзючым чаканьнем, тэрмін прыдатнасьці якога даўно ўжо скончыўся – як і сэндвічаў у мясцовым бары.
1. І гэтыя зьверскія карлікі-ахоўнікі са сваімі двухгаловымі чалавекападобнымі сабакамі. Мы ўжо чыталі пра іх у артыкуле “Чарнобыль на службе чалавецтва”.
2. На тварах дзетак, прыгорнутых да зашмальцаваных катушкоў сваіх матуль, застыла нейкая… прамежкавасьць. Нібы іх душы луналі дзесь у казачных эмпірэях, пакінуўшы спусьцелымі целы.
1. Наўкола была нерухомасьць, але ніхто ня спаў. Прайшоўшыся ўздоўж шэрагаў крэслаў, я ўбачыў, што вочы ва ўсіх расплюшчаныя. Бяздумныя вочы, нібы шкляныя.
2. І нейкі мужчына раптам завёў сваю тужлівую песьню, падыгрываючы сабе на гармоніку. Ад яе хацелася патэлефанаваць маме. Або накрыцца з галавой пухнатай і колкай коўдрай. Або зрынуцца ў тоўшчу вады.
1. Зрэшты, на сентыменты ў нас бракавала часу. Нам час было працягваць падарожжа.
2. Сівабароды чарнаскуры лодачнік, які пагадзіўся давесьці нас да першага блокпасту за нейкія пару даляраў, сарданічна пасьміхнуўся і працэдзіў скрозь свае ўсьцяж пракураныя зубы: вэлкам ту беларусь.
1. Сеўшы на няўтульныя лавы і ўвёртваючыся ад шматлікіх пырскаў, якімі абдавала нас пасьля кожнага неасьцярожнага ўзмаху вёслаў, мы разгарнулі набыты яшчэ ў Лондане турыстычны атлас. Вуліца Спаронаў, прасьпект Трэмару... Тады гэтыя назвы гучалі так рамантычна.
2. У атласе было напісана, што самы вялікі гатэль у Менску мае форму галавы Леніна. Я настойвала, каб мы спыніліся менавіта там. І пажадана ў вобласьці вока.
1. Тады ў нас было столькі надзеяў! Зрэшты, як і на пачатку кожнага падарожжа.
2. Але потым вечарынка сканчаецца, і цябе плюшчыць ад канкрэтнага бадуна.
1. “Глядзі!” – выгукнула ты, паказваючы рукой кудысьці ў цямрэчу.
2. Там, у першых золкавых промнях, віднеўся гэты зроблены з малака і бетону сьвет – сьвет, пакуль яшчэ новы для нас і таму прывабны. Паднёсшы бінокль да вачэй, можна было разгледзець шырокія простыя вуліцы, па якіх нясьпешна рухаліся дзіўнай маркі камбайны, статую мясцовага цара, упрыгожаную вялізнай рэкламай чыпсаў “Лэйс”, самаўпэўненасьць паліцэйскіх, што гвалтавалі якуюсь дзяўчыну наўпрост на люднай узьбярэжнай, вясёлыя твары дзетак, якія кружлялі на каруселі...
1. Трохі воддаль было чуваць сполахі стрэлаў гарматаў і кулямётную траскані­ну. Відаць, у нейкай частцы Беларусі ішла вайна.
2. Ты адламіў кавалачак пластыліну, мы пакрышылі яго і дадалі каліва тытуню. Пах добрага афганскага гашу прымусіў весьляра негрытоса павярнуць галаву ды перасмыкнуцца. Хаця яму ўсё адно ні халеры не абламілася.
1. Калі скрозь сьвядомасьць праімчаў цёплы рознакаляровы цягнічок, мы адчулі сябе папраўдзе шчасьлівымі.
2. Нібы на золку жыцьця, калі ўсё яшчэ толькі наперадзе. І ў той час, як...

Раптоўна змаўкае. Нешта мяняецца.

1. Цяпер усё ўжо ззаду.
2. Падыдзі бліжэй. Пакладзі мне руку на лоб. Зьлёгку абдымі мяне за плечы. Дужа холадна.

Разрыў. Незразумелыя рухі.
Паўза.

2. Мы былі вечнымі турыстамі. І ў часе нашых няспынных вандраваньняў пасьпелі прызвычаіцца да зьмены дэкарацыяў. Так, гэта былі проста зьмены дэкарацыяў: Лондан, Мехіка, Парыж, Берлін...
1. Стваралася ўражаньне, нібы ў любым з гэтых краявідаў можна пракалупаць дзюрачку, узброіўшыся звычайным цьвіком.
2. Мёртвая Венецыя, вачніцы пустых дамоў, іх застылая чорная ўсьмешка. Суцэльная паўсюдная нерухомасьць. Ледзь заўважная раска на паверхні прагорклай вады.
1. У гэтым сьвеце варушацца адно статуі.
2. Еўропа, еўропа, еўропа.
1. Памятаеш тую гульню ў дартс на Аляксандарпляц? Ты была такой трапнай, што першым жа дроцікам пацэліла пуэртарыканцу, які ўяўляў з сябе жывую мішэнь, наўпрост у вока, і мы выйгралі пляшку шампанскага.
2. Але праўда была ў тым, што сьвет гэтаксама чужы нам, як і ўласныя целы і думкі. Хаця мы настойліва пераконвалі сябе ў адваротным.
1. Памятаеш, як яно апырскала мае джынсы, калі мы выдзерлі корак на задняй лаве касьцёлу Сьвятой Марыі? А потым употайкі перамясьцілі гэты шампусік у свае вантробы.
2. Памятаю, але што з таго? Усё гэта выцьвіла, бы леташні бэз. Які ў ім цяпер сэнс?
1. Хлопчык круціць педалі, няспынна круціць педалі раз-раз.
2. Букецік бэзу, які падараваў мне гэты дзівак, я пакінула на начным століку ў сваёй лонданскай кватэрцы. Калі я вярнулася туды праз год, у ім ужо завяліся нейкія жамярыцы. Як толькі я дакранулася да сьцябліны, бутончыкі пачалі сыпацца адзін за адным. Я з гідлівасьцю выкінула тыя кветкі ва ўнітаз.
1. Часам, асабліва на золку, калі мы клаліся спаць, мне было неяк волка і вусьцішна. Я ўздымаўся з ложку, падыходзіў да вакна гатэлю, запальваў цыгарэту. Лічыў да сарака васьмі. У грудзёх нешта балела, у галаве адчуваўся ўжо ня хмель, але проста стома. Я моўчкі назіраў за тым, як людзі снуюць узад-уперад пад вокнамі, і прамаўляў пра сябе “жык-жык”. Маляваў на шыбіне пальцам пытальнік. Потым яшчэ адзін і яшчэ. Маё цела міжволі пачынала трымцець.
2. Крамы ў Турыне мне падабаліся найбольш у Італіі, хаця ўсе рэкамендавалі міланскія галерэі. Але, мусібыць, менавіта ў Турыне самыя ветлыя прадаўцы. Яны так удала выдаюць з сябе манекенаў… Нават, здавалася, адмыслова начышчаюць твары воскам. Я гэтак клёва з іх прыкалвалася!
1. Паражнеча.
2. А памятаеш тую маечку, якую я набыла перад самым ад’ездам? З надпісам “Трахнутая і таму шчасьлівая”?
1. Я адчуваў сябе гаражом, напоўненым усялякім друзам: маток іржавага дроту, старэнькі карбюратар ад трактару, пластмасавы бак з распушчальнікам. І зусім бляклая рэпрадукцыя “Нараджэньня Венеры” ў грувасткай раме. На яе трэснутым шкле ўжо добра пасьпеў пашчыраваць павучок.
2. Мы ўпарта працягвалі экскурсію, цешачыся кожнаму выпітаму куфлю піва, кожнай піцы ў галімым вакзальным буфеце. Наш шлях быў лёгкім, ён здаваўся нам бясконцым.
1. Усё гэта мела так мала падабенстваў з рэальным жыцьцём...
2. Чым асабліва нам падабалася.
1. Але ў выніку нас чакала падарожжа ў Беларусь.
2. Аднойчы я пасварылася са сваім астролагам, гэтым элегантным балбатуном містэрам Фэнсам. Я зьняверылася ў ім, у яго ўсьмешцы дэндзі на абцягнутым далікатнай скурай твары, у гэтых вёрткіх жэстах пальцаў. Я ня верыла ягоным словам, ня верыла, што ён здатны сказаць мне праўду.
1. Праўду!?
2. Ну, прынамсі... як бы гэта сфармуляваць? Раней ён мяне цалкам задавальняў: Нептун у фазе месяца, мля, паўстрымайцеся ў першай палове дня ад выпадковага аднаполага сексу... Але раптам нібы штось накаціла. Я паслала яго на тры вясёлых і грымнула дзьвярыма кабінету, каб у...
1. І што, няўжо гэта магло цябе натхніць на падарожжа ў Беларусь?
2. Ты далей слухай. Я выскачыла на вуліцу і ля самай аркі ледзьве не наступіла на якогась бамжару: нізкарослага дзядзьку ў чырвоным каптурку, халаце ды з барадой, ён літаральна выціраў ёю асфальт. Той усхапіўся, наўзьдзіў хутка ўскочыў на ногі і замармытаў: “Даражэнькая, я ведаю, што можа табе дапамагчы. Выпраўляйся на Беларусь”. У маёй руцэ адразу апынуўся рэкламны буклецік. Пару дзён ён быў для мяне бы абразок.
1. Знайшла каму верыць. Валацугу нейкаму...
2. Але ягоныя вочы, ягоныя вочы... Я ўгледзела ў іх тое, што даўно лічыла страчаным. Нейкую, калі можна так выславіцца, глыбіню. На жаль, гэта быў падман.
1. Ці самападман?
2. Чарговы ілжывы маячок у гэтым несупынным матляньні. Але ўрэшце трэба ж на штосьці спадзявацца. Асабліва калі ўсё астатняе ўжо праверана і адрынута за непатрэбнасьцю.
1. Апрача хіба Сьвятла.
2. Сьвятло... Я зьніштажала яго кожным міліметрам уласнай скуры. Я ўцякала ад яго, вынаходзячы непатрэбныя справы і прыдумляючы прычыны. Я баялася хоць бы на хвілю заплюшчыць вочы, каб раптам не апынуцца твар у твар з ягонай поўнай любові патрабавальнасьцю. Каб не апынуцца твар у твар з самой сабой.
1. Калі б я ўмеў маліцца, я папрасіў бы, каб усё гэта скончылася.
2. Сьмяешся? Маліцца ніхто не навучыць.
1. Беларусь была чарговай спробай уратаваньня. Натуральна, няўдалай.

Панурае маўчаньне.

1. Час спыніў існаваньне тут. Гэтая прастора ня мае каардынатаў. Мы ўрэшце зразумелі, што сутнасьць усіх нашых рухаў – адно валтузьня.
2. Я думала, межы ў мяне ўнутры цягам гэтага падарожжа будуць парушаныя. Я думала вынайсьці нейкі цэмент, які зноўку дазволіў бы мне дасягнуць цэльнасьці. Аднак ільдзінкі адкалупваліся адна ад адной, і неўзабаве пачаўся сапраўдны крыгаход.
1. Добра, давай працягваць.
2. Давай. Працягвай.
1. Усплёскі вёслаў. На даляглядзе пакрысе вымалёўваліся вышкі і кулямётчыкі. Лодка паволі набліжалася да берагу. Нібы ў тэатры.
2. Падабенства дапаўнялі гукі духавога аркестру, што даносіліся праз вельмі кепскай якасьці калонкі. У мяне ажно разбалелася галава.
1. Браму ў гэты сьвет ахоўвала пара міфічных істотаў, падобных да львоў, але забясьпечаных рагамі і крыламі. Іх ашчэраныя пашчы ўтрымлівалі цыклапічныя бетонныя зубы, трохі ўжо скрышаныя; там-сям нават праглядалася іржавая арматура.
2. Але сківіцы пагрозьліва варушыліся. Так, сківіцы варушыліся.

Разрыў.

1. …Словы ўпарта ня склейваюцца ў фразы. Я адчуваю агідную матэрыяльнасьць словаў. Яны зьмягчэлыя, шурпатыя, склізкія. Я дакранаюся да іх бы да таго кацяняці, раструшчанага мотаблокам дзядзі Джона — тады, у дзяцінстве. І адразу адхопліваю руку. Словы – неадумысныя спаражненьні, за якія мне мусіць быць сорамна. Пппрррп.

З яго вуснаў вырываюцца непрыстойныя гукі.

2. Адкуль гэтая задушлівасьць? Прыадчыніце, калі ласка, дзьверы. Вось вы, малады чалавек, будзьце ласкавыя... (зьвяртаецца да кагосьці з гледачоў). Там, на Беларусі, я ўпершыню адчула, што час незваротны. Ён пераўтварае ўсё ў прысак.
1. Хлусьня. Ты ніколі не адчувала часу.
2. Так, хлусьня. Я думала тады зусім пра іншае. Пра тое, што мая мадэль мабіль­ніку ўжо састарэла, і даўно прысьпеў час яе памяняць. Хацелася нечага больш маладзёвага.
1. Мы няўхільна набліжаліся да беларускага берагу. Нахаба мурын пра штосьці несупынна мармытаў на сваёй мове. Ты сядзела на карме яго пасудзіны, захутаўшыся ў мой даўгі палітон.
2. Гэтае падарожжа было свайго кшталту ўцёкамі. Мы думалі, што ёсьць тое месца, дзе...
1. Калі шчыра, я так ня думаў. Я думаў зусім пра іншае. І цяпер ужо магу лёгка распавесьці пра гэта, пазьбягаючы ўсялякіх эўфемізмаў. Я думаў толькі пра тое, як ад цябе пазбыцца. Адшкрэбсьці цябе ад уласнае скуры.
2. Ха-ха.
1. Ніякая аперацыя тут бы не дапамагла, ніводзін хірург ня здолеў бы разьдзяліць нашыя зрослыя паміж сабою косткі. Але... Я ўсё адно меў нейкую забабонлівую надзею. Пагатоў, Беларусь акурат той край, дзе забабоны праўдзівыя. Прынамсі, мне гэтак здавалася.
2. (зусім не пакрыўджана). На жаль, мы адно папоўнілі сьпісы сапсаваных прадметаў. Нашае месца на сьметніку.
1. Сьмех на вірап…
2. Ускочыць на.
1. Зручная крэдытная картка.

Рухі пакрысе запавольваюцца.

1. Абар
2. Ду
1. Ка лі не ыць.

Акторы спакваля прыпадаюняюцца да зламаных робатаў. Паступова высьпявае цішыня. Абодва героі сядзяць прытуліўшыся сьпінамі адно да аднога; яны трымцяць і раз-пораз канвульсіўна ўздрыгваюць. З іх іртоў вырываецца няўцямнае статычнае мармытаньне ва ўнісон: ааАааАаааАааааааАаааа...
Праз пэўны час іх раптам абуджае рэзкі металёвы голас з дынаміку: “Добры вечар, спадарства. Вітаем вас на тэрыторыі Незалежнага Каралеўства Беларусь. Калі ласка, падрыхтуйце пашпарты для памежнага кантролю”. Устаюць і працягваюць размову – бы нічога не здаралася.

2. Памятаеш той дом у цэнтры Менску? Тую камянічку ў маўрытанскім стылі? Мы завіталі ў малюткую кавяраньку ў яе сутарэньнях, каб пакаштаваць мясцовых напояў. Больш за ўсё мне спадабаўся дзіцячы пот.
1. Я раструшчваў лыжачкай вока на сваім сподку, як раптам запрыкмеціў на абрусе чырвоную плямку характэрнага адценьня. Мне зрабілася брыдка, давялося перасесьці за іншы столік.
2. А потым мы жартавалі з бармена, карыстаючы тым, што ён ня ведаў ангельскай. Дый дзяцюк, здаецца, усё ж тое-сёе зразумеў. Прынамсі, выгляд у яго быў пакрыўджаны.
1. Хто яго ведае, мо той афэлак заўсёды такі?
2. А потым, калі мы выйшлі з кавяранькі, была вечаровая суцішнасьць. Абгарэлы хмарачос, у які, калі верыць тубыльцам, на тым тыдні патрапіў фугас, аблюбавалі гракі.
1. Вясна. Талы сьнег. Вялізныя калюжыны на асфальце. Пробліскі сонца асьвечваюць вільготныя ходнікі. Сьвежасьць у паветры.
2. Нам чамусьці было не да таго. Як заўсёды.
1. У цэнтры гораду мы абмінулі нерухомую калону танкаў, і я заскочыў за адзін з іх, каб пасікаць. Струменьчык паволі сьцякаў па трохі ўжо паіржаўленай броні.
2. У гэты час міма мяне вялі на расстрэл невялічкую групку паўстанцаў – мусіць, ужо апошніх. Нейкі хлопец з кітайскай касічкай раптам ірвануў наперад, ахоўнікі тут жа дагналі яго, выкалалі вочы і ўспаролі жывот. Ён паміраў яшчэ хвілінаў дваццаць, ня меней. А струменьчык крыві, плывучы па асфальце, забрудзіў мыскі маіх лепшых пантофлікаў, і давялося іх выціраць насоўкай.
1. Пах сьвежай мачы паволі трапляў у мае ноздры. Прыемны, трэба прызнацца, пах.
2. Хлопец наўрад ці спадзяваўся на посьпех сваёй задумы; хутчэй, ён хацеў адцягнуць на сябе ўвагу ахоўнікаў. Бо пакуль тыя, мацюкаючыся, шчыравалі штыхамі, ад групкі неўпрыкмет аддзялілася зусім маладзенькае дзяўчо ды рынулася да танкавай калоны, каб там схавацца.
1. Нашыя позіркі на хвілю сустрэліся – я акурат зашпільваў прарэх у джынсах.
2. Ня думаю, што табе трэба ў нечым сябе вінаваціць.
1. Мусіць, ты маеш рацыю.
2. Дзяўчына штосьці ўмольна прамармытала – мусіць, просячы дапамогі. Ты паціснуў плячыма: маўляў, донт андэстэнд.
1. Ейныя неспакойныя, але мяккія вочы… у іх роілася нешта для мяне невядомае…
2. Наўпрост у ваш бок накіраваўся ахоўнік.
1. Праз хвілю ён ужо заўважыў уцякачку і ўсадзіў ёй свой штых некуды паміж ног. Я адыйшоўся і не глядзеў, што было далей.
2. А я ўсё ж выцягнула фоцік ды зрабіла колькі здымкаў. Думала, з якім захапленьнем буду распавядаць пра ўбачанае сябрукам.
1. Мы былі проста турыстамі.
2. Так, проста турыстамі. І маглі паказаць пашпарты з адмысловай візай кожнаму, каму закарціць нас у чым-кольвечы вінаваціць або папракаць. Таму і…
1. Стоп. Здаецца, ужо самы час.
2. Можа, і так. А можа, і не.

Выцягваюць ракеткі ды пачынаюць гуляць у бадмінтон. Гульня ў іх зусім не атрымліваецца: траекторыя палёту валану паўсячасна крывая, дый нават калі ён усё ж сягае партнёра, той не пасьпявае яго адбіць. Выгляд у гульцоў камічны. Абое пакрысе нудзяцца і ўрэшце кідаюць гуляць. Пераводзяць дых.

Няпэўная паўза.

1. Бе-ду-лась.
2. Бе-ру-лад.
1. Бе-су-лап. Ларулаа.
2. Бе-лу-рась.
1. Бе-ла-русь.
2. Гэтыя вялікія простыя вуліцы, па якіх амаль ня езьдзяць машыны, гэтыя пакручастыя зморшчыны на тварах жанчын, абцягнутых нейкімі адмысловымі хусткамі…
1. Гэтае маўчаньне чужой мовы. Гэтыя чыстыя ходнікі і ўрачыстыя маршы.
2. Гэтыя парады школьнікаў у трыкатажных майтках. І ўрэшце я ра…
1. Гэтыя сланы і насарогі, упрыгожаныя нацыянальнай сімволікай, што дэфілююць усьлед за імі па галоўным прасьпекце.
2. Гэтая пустэча закінутых вёсак. Урэшце, урэшце я расплюшчва…

Нібы давіцца, запхаўшы ў рот зашмат ежы.

1. Гэтыя высачэзныя і бліскучыя хмарачосы з металу ў форме кітайскіх пагад, якім так добра пасуюць чырвоныя зоркі…
2. Я расплюшчваю вочы.

Разрыў.

1. Што значыць Беларусь?
2.Нічога. Набор гукаў. Як і ўсё тое, што ты сёньня сказаў. Што я сёньня сказала.

Разрыў.

1. Шкада, што ў мяне няма з сабой ірландскага віскі. З радасьцю каўтнуў бы. Можа, хто з вас мае?

Механічны гук. Уключаецца таймер.

1. Зрэшты, і ня хочацца.
2. Мне цяжка ўявіць, але праз шэсьцьдзясят секунд я памру.
1. Адзінае, пра што даводзіцца шкадаваць – гэта радасьць ад глытку ірландскага віскі. Мне дужа яго не стае.
2. Адлік пайшоў. Пяцьдзясят чатыры, пяцьдзясят тры… сорак восем…
1. Мне здавалася, гэтыя маленькія радасьці будуць вечнымі. Я ня мог паверыць у тое, што калі-небудзь нават ня здолею выпаліць цыгарэціну.
2. Дваццаць чатыры, дваццаць тры… Скажы мне што-небудзь на разьвітаньне.
1. Згадваю той травеньскі ранак, калі я выйшаў са свайго прыгараднага цягніку і рушыў да універсітэту. Было сонца, але сонца пакуль лагоднае, зусім ня летняя патэльня. Мне патрапіўся па дарозе Сьлізі, тады яшчэ маладзенькі, бяз дрэдаў. Нудную лекцыю па германістыцы адмянілі, і мы ўзялі ў пабе па куфлі. Як бы мне хацелася, каб усё вярнулася!
2. Трынаццаць, дванаццаць… Секунды мінаюць. Ты можаш уявіць, што бачыш мяне апошнія імгненьні?
1. Я думаў, гэты травеньскі дзень стане маім алібі, аднак не…
2. (перапыняе) Усё, на жаль, ужо ўсё.

Выцягвае на авансцэну вялізную бутафорскую труну, здымае вечка. Труна амаль даверху запоўненая вадой, пакрытай густым слоем прывабнай мыльнай пены. Кла­дзецца ў труну. Сьціхае. Ляжыць цалкам нерухома.
Сьвятло прымружваецца. Запальваюцца разнастайныя жалобныя гірлянды. Гучыць жалобная музыка.
1 не зьвяртае на спадарожніцу ніякай увагі. Ён цалкам пагружаны ў свае ўспаміны. Раптам ускалыхваецца, адштурхоўвае іх ад сябе бы насланьнё. Кажа, не паварочваючы галавы:

1. Ну што, яшчэ хіба не дастала?

Маўчаньне.

1. Ды хопіць ужо гэтага блазенства, маць тваю. Сама ж разумееш…

Працяглае маўчаньне.

2. Так, разумею… І праўда, дастала.

Сядае ў труне, потым па адной выцягвае з яе ногі, становіцца на падлогу.

2. Акурат цяпер мне вельмі хацелася б паплакаць, але…
1. Лепш пас...ры, тупарылая сука.
2. Ня зьдзекуйся: ты ж ведаеш, што я ня здатная ані да першага, ані да другога.
1. І ты ведаеш. Ну дык і не выдурняйся.
2. Так, я ведаю, што гэта ніколі ня скончыцца.
1. Ты ведаеш, што гэта ніколі ня скончыцца?
2. Я ведаю, што гэта ніколі ня скончыцца.

Гульня захапляе іх. Яны пачынаюць нярвова хіхікаць. Выціскаючы з сябе сьмех нібы гной з прышчыка.

1. Я ведаю, што гэта ніколі ня скончыцца.
2. Безгаловы хлопчык круціць свае педалі.
1. Я ведаю, што гэта ніколі ня скончыцца.
2. Ровар нясецца па пыльнай дарозе.

Маўленьне пакрысе набывае вычварную рытміку. Неўпрыкмет зьяўляецца фонавая музыка.

1. Я ведаю, што гэта ніколі ня скончыцца.
2. Ля кожнай са сьпіцаў магічная лічба.
1. Я ведаю, што гэта ніколі ня скончыцца.
2. Няўцямныя для простых сьмяротных гэтыя лікі.
1. Я ведаю, што гэта ніколі ня скончыцца.
2. Памеры чэлесаў тушканчыкаў Каракумаў.
1. Я ведаю, што гэта ніколі ня скончыцца.
2. Альбо кошты беларускага піва.
1. Я ведаю, што гэта ніколі ня скончыцца.
2. І над усім сьвінцовае неба.
1. Я ведаю, што гэта ніколі ня скончыцца.
2. Якое бывае толькі па-над Беларусьсю.
1. Я ведаю, што гэта ніколі ня скончыцца.
2. Неба, ад якога можна адпілаваць кавалак.
1. Я ведаю, што гэта ніколі ня скончыцца.
2. Валтузьні замест руху прыходзіць канец.
1. Я ведаю, што гэта ніколі ня скончыцца.
2. І вечны міксер ужо паволі набірае абароты.
1. І вечны міксер ужо паволі набірае абароты.

Застываюць. Потым распростваюцца і робяць паклон, удаючы, што сьпектакль скончаны. Апладысьменты.
Акторы пакідаюць сцэну першымі. Потым і публіка рушыць на штурм гардэробу.
Але як толькі першы з гледачоў адчыніць дзьверы ў фае, акторы ўрываюцца ў залу (нібы іх прыцягвае магутны магніт) і ледзьве не сілком заганяюць публіку назад. Потым займаюць свае месцы на авансцэне.
Усталёўваецца няёмкае маўчаньне. Потым акторы прамаўляюць – млява, з агідай.

2. Бясконцыя ніткі размотваць каб.
1. Зялёны прапэлер з аблупленай фарбай.
2. Адным днём цябе ўкусіць дыхтоўны прараб.
1. Змыць свой сьлед з дывана намочанай швабрай.

Моўчкі рухаюцца насустрач адно адному з розных канцоў сцэны, пагойдваючыся і зьвіваючыся ў вычварным запаволеным танцы. Праплываюць міма, так і не дакрануўшыся. Робяць зьдзіўлены выгляд, апранаюць на шыю званочкі і пад іх акампанемент паўтараюць практыкаваньне.

1. Я нічога не спарадзіў. Мае рукі пустыя.
2. Калі я была маленькай, год, мусіць, у дзесяць… нічога не засталося, нібы нейкі дзяцел выдзеўб мяне знутры.
1. Мае пальцы калісь маглі даць цяпло. Мая рука была для яе адзіным, на што яна магла б абаперціся ў цемрадзі.
2. Пахрумстваньне, проста пахрумстваньне. Проста набор костак.
1. Ці ажывуць косьці гэтыя?
2. Пра гэта ведае Той, Якога ты ведаць ня хочаш.
1. Ці ажывуць косьці гэтыя, калі ім добра быць такімі?1
2. Падзеленыя, пажаўцелыя косткі.
1. Калі ехаць на ровары па коле… Сьлімак, пазбаўлены свайго доміку.
2. Я ўжо даўно не адчуваю болю. Без надзеі на якое-кольвечы разьвіцьцё.
1. У кожным разе… Пайшоў бы гэты Дарвін у дупу.
2. А мы пойдзем туды, скуль прыйшлі. У самую мокрую са стыхіяў.
1. І хай сабе гэта таксама нічога ня зьменіць.
2. Хай сабе… яшчэ адна прыдуркаватая гульня.
1. Будзе ніяк.

На сцэне зьяўляюцца два вялікія акварыумы. Акторы нясьпешна займаюць месца кожны ў сваім, засоўваюць сабе ў рот дыхальныя трубкі. Шкляныя скрыні герметычна зачыняюцца. Статычная сцэна, якая працягваецца да ўсеагульнай зьнямогі. Гледачы спакваля пакідаюць залу – куды ж ім, блін, падзецца...