12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Teda Lee

_____________________
Каляндарык сярэдзіны кастрычніка.
Аповед

Шэрая восень, калі я перастала верыць у сябе… Ціхія змрочныя манатонныя дні, халодныя скразьнякі, валасатыя пальчаткі, коратка абстрыжаныя пазногці, доўгія шкарпэткі, якія спаўзаюць па гладка выгаленых нагах… Мясцовы прысмак брыджытаджоўн­шчыны, адзінота ў выкананьні юнай гераіні родных краявідаў…
Сыходзь!
Атака! Бомбы! Страсьці!
Усё скончылася. Ён сыходзіць, ты – заміраеш з распухлым ад сьлёз і ветру тварам. Сёньня будзеш сама гатаваць на сьцюдзёнай камфарцы свой гарачы мармелад. Сама – есьці лыжачкай, запіваючы моцнай бергамотавай гарбатай: Вы ніколі не пілі такой разам.
Складана праганяць тое, што стала ТВАІМ, але, калі паміж вамі тонкім шлейфам атруты, тонкай сеткай сьвятла прасьлізгнула здрада, ты цяпер можаш толькі адное з двух: альбо чакаць да канца, пакуль насамрэч карцінна ападуць долу твае зефірна-мармуровыя замкі… Альбо сысьці першай, шырока ўсьміхаючыся найгранай ціхамірнасьцю і раўнавагай, паведаміць пра сваё рашэньне і “маё новае сапраўднае каханьне”. Адным словам, другі варыянт ёсьць суцэльным тэатрам – другі варыянт выбіраю я. Інакш – атрымаеш па твары, у твар і ў вочы. Па поўнай праграме зьмяшаюць з брудам.
Я чалавек адукаваны і дасьведчаны ў справах “псіхалогіі міжполавых адносінаў”: “Мужчыны з Марса, жанчыны — з Венеры”, “Дачыненьні кабет і дзядзькоў”, а таксама кожны новы нумар часопісу “Cosmopolitan” і адзінкавыя асобнікі “Men’s Health” – усё гэта прайшло і працягвае праходзіць праз мяне, псуючы мой зрок у цьмяным сьвятле начніка над ложкам. Такія выданьні чытаюцца на сон, каляровы, ладны сон, дзе абодва кахаюць адно аднога: загарадная віла, трускалкі з лёдамі, шампан, арэлі ноччу, сьмерць у адзін дзень. З прачынаньнем пачынаецца іншае. Ён не тэлефануе – ты нярвова шукаеш інструктаж сваіх паводзінаў паводле спадарыні ..., ёй глыбока за сорак, яна з Сібіры і ведае жыцьцё. Пэўна, лепш за цябе, хаця яно, відавочна, пакуль яшчэ больш тваё, чым ейнае. Аднак, ня факт.
Вось вы – яшчэ ідэальная пара, a couple, жыцьцё падзеленае на два, вечаровыя эсэмэскі, пяшчоты над ракой Сьвіслач, яго правая рука на тваёй штроксавай спадніцы крыху ніжэй бёдраў, левая – на тваёй сьпіне, твае рукі абвіваюць ягоную шыю. Вочы сьлізгаюць па вуснах, позірк замірае, зрэнкі расшыраюцца… Два драпежнікі ў нямой схватцы. Раптам ты здаеш пазіцыі і пазіраеш з любоўю, у яго на твары – разгубленасьць, ён нявольна, але непазьбежна прамаўляе што-небудзь недарэчнае. Цябе, вядома, гэта раздражняе, але ня больш, чым да імітаванай пакрыўджанасьці. Ён выбачаецца. Ты прабачаеш. Гульня пачынаецца cпачатку.
Мы ўсе – гульцы ўласных лёсаў: рызыканты і вычэквальнікі, пасіўныя і дзікія, імклівыя, дзіцячыя, сур’ёзныя – і сапраўдныя авантурысты. Нехта напісаў правілы, і мы ўсе выпрабоўваем іх, часам стараючыся схітрыць і абыйсьці; часам, будучы ад прыроды фантазёрамі і экстрэмаламі, прыдумляем уласныя правілы, і, будучы, між іншым, адначасова імправізатарамі, заводзім механізм сваёй гульні самі.
Я засталася адна. Між ІМ і мною – прорва. Прорва між мною і маімі сяброўкамі, між мною і горадам, дзе цалуюцца ў падземных пераходах і глытаюць часопісныя бібліі для “непрасьветленых”. Прорва між мною і маімі хамякамі, рыбкамі, сабакам і канарэйкай. Прорва між мною і маім жыцьцём, таму што ЁН і быў маім жыцьцём. Хаця б часткова. На 3/42/31/2. У адзін дзень – не — у адно імгненьне я памяняла свой сацыяльны статус, і ў гэтым статусе, прызнацца, мне было зусім няўтульна.
Аднак гэта здарылася. ЁН мне здраджваў – я даведалася. Сюжэт просты і банальны да сьлёз. Я ЯГО кінула. Дні пачалі свой адлік.

Дзень першы. Галюцынацыі.

Адзінота прыйшла. Напала на мяне, як нейкая да немагчымасьці надакучлівая ідэя, якую пракручвае мозг па тысячы разоў на секунду і ніяк ня можа ўлавіць, схапіць і вывучыць. Як муха, якая круціцца над ложкам, дзе сьпіш: яна раздражняе, але сон занадта моцны, каб даць табе ўстаць і выпусьціць яе праз фортку.
ЁН быў цёплы, мяккі, сонны, салодкі. ЁН быў твой. Я пачынаю праганяць у думках усе тыя самыя кадры з нашага сумеснага існаваньня. Усе гэтыя шматзначныя позіркі і адназначныя фразы. Усе прызнаньні, каву, піва, чакаляду, double mint, прыемную сандалавую парфуму ў спалучэньні з маёй кветкавай, мяккія цягучыя швэдры з папярочнымі палоскамі… Кветкі. Якія дагэтуль ня зьвялі. Ну чаму? Нашто вось так стаяць ужо каторы тыдзень і нахабна сьвяціць сваімі сьвежымі галовамі? Ягоныя пачуцьці зьвялі, інакш навошта здраджваць – і мяне не хвалююць сьцьвярджэньні касмаполітэнаў пра “мужчынскую прыроду”, роўна ж, як і пра сімвалічнасьць жывучасьці “кветак, якія падарыў ЁН”! Кветкі – вершы – цацкі – асадкі – каштаны – усё ЯГОНАЕ хуткім крокам кіруецца ў сьметніцу, пакуль сьцежкі сьлёз пратоптваюцца паўз мае шчокі…
Усё сыходзіць. Усе сыходзяць. Імхо!
Цэлы дзень плачу. Яечня атрымліваецца падгарэлай, перасоленай і пераперчанай. Гарбата пахне хлоркай. Хлеб зачарсьцьвеў і зацьвіў. Цукеркі са старэчай шэраньню, зефір з каменьчыкамі. Гора ўжо не заб’еш ежай, есьці перастае хацецца ўвогуле. Застаецца толькі піць.
Піць!
Сяброўкі расьпісваюць графік тэлефонных дзяжурстваў і тактыку дапамогі, супакойваньня, утаймоўваньня і настройкі маіх думак на слушныя хвалі. Я ўдзячная. Аднак мне трэба іншае. Я начытаная правільнай літаратуры і нагледжаная правільных кінастужак, і я ведаю што “мяне не пераможа нягодны мужык з яго амерыканскім тараканам – і водка мне паможа!” (экранізацыя “Дзёньніка Брыджыты Джоўнс” Гэлены Філдынг).
Вось мы на прасьпекце.У лепшых амерыканскіх традыцыях: дзяўчына ў расстроеных пачуцьцях і тры лепшыя сяброўкі, кожная па-свойму дасьведчаная ў гэтых справах. Пляшка віна. Дзяўчатнік. Сітуацыя да болю нагадвае серыял “Сэкс у горадзе”. У прынцыпе, маё жыцьцё вельмі падобнае да амерыканскіх фільмаў: лепшы сябра, з якім сустракаемся дзеля пасьлядоўных абмеркаваньняў асаблівасьцяў паводзінаў “мужчынаў з Марса”; кансіліум з, як мінімум, пяці дзевак, без якіх часам недаравальна зрабіць той ці іншы жыцьцёвы крок; некалькі былых хлопцаў, якія любяць назвоньваць на хатні тэлефон і гвалтаваць хатніх з нагоды маёй адсутнасьці; некалькі патэнцыйных, чый выпадак настолькі зацягнуўся, што нашая супольная сімпатыя ператварылася ў хранічнае захворваньне. З нечаканымі абвастрэньнямі. Адносіны з бацькамі – амаль ідэальныя, ветлівыя, сяброўскія, са звычкай расстаўляць усе кропкі над “і” ды рыскі над “ў”, без фамільярнасьцяў і жаданьня сысьці начаваць да сябра… назаўсёды. Усё цудоўна: шмат вопраткі і крэмаў, касьметыкі і мюсьлі з ёгуртам на сьняданак; падпіска на часопіс “Vogue”, плакаты на сьценах, падарункі ў перавязаных пушках на Каляды; срэбны аўтамабіль прывозіць на каралеўскі выпускны баль, сустрэча сьвітанку – доўгі шпацыр уздоўж ракі на абцасах і з шампанам.
Бадай, ЁН быў адзіным НЕамерыканскім у маім жыцьці. НЕкіношным НЯказачным НЯпрынцам з рэальнымі пахамі, колерамі, гукамі і словамі. ЯГО маленькая простая куханька з нямытым посудам, ЯГО шматлікія дзіўныя недахопы, ЯГО звар’яцелыя бабулі і непаказушныя шчырыя пяшчоты. ЁН быў маёй маленькай радасьцю антыглабалісткі. ЁН мне здраджваў!
Прыступ злосьці і абурэньня, прыступ кракадзілавых сьлёз. Дзяўчаты адкаркоўваюць віно і прымушаюць мяне піць з горла проста пасярод вуліцы. Я раблю вялікія каўткі, душуся, але яны не апускаюць пляшкі: чамусьці лічыцца, што супакойваць алкаголем трэба менавіта так, залпам. Я мармычу, што больш ня трэба, і яны прымаюць бутэльку. Рэшту гадзіны мы сядзім моўчкі. Яны выпіваюць віно, я даядаю скуркі ля пазногцяў. Яны паляць – я праектую свой палёт з дзевяціпавярховіку. Сёньня мы не паразумеліся. Відаць, я павінна была слухацца і не пярэчыць, ня мыкаць і не брыкацца, а, выдзьмуўшы пляшку, званітаваць у бліжэйшы куст. А пасьля ўсё мусіла стаць на свае месцы, упарадкавацца – і ніякіх згрызотаў ні з боку сумленьня, ні з боку страваводу. Толькі галава. Раніцой.
Мы ідзем уздоўж кавярняў і крамаў па адной з артэрыяў гораду. Вітрыны кладуць неонавыя надпісы ў калюгі, ціхі халодны вечар, чырвонае неба… Людзі стракацяць тварамі і пралятаюць міма. Афішы, тэатральныя касы, пазалочаныя люстры ў крамах сьвяцільнікаў. Аўтамабілі: тоўсты лысы кіроўца – жанчына з выбеленымі валасамі сьпераду – дзяўчынка і хлопчык у недарэчна кідкіх строях на задняй сядушцы. Метро. Трымайся, ня думай пра яго. Пакуль, будзь моцнай, тэлефануй, калі будзе вельмі блага.
Дзякуй за клопат. У аўтобусе, дзе я ўжо адна, да мяне падсядае юнак у блакітнай кепцы, гадоў пятнаццаці. Завязваецца размова. Ён сьмяецца, я хвалююся. І нездарма: пад канец ён дзякуе за вясёлую дарогу, я – вельмі цікавая, а можна мой нумар мабільнага? І – самае страшнае: я ўдзельнічаю ў школьным сьвяце ў суботу?
Я заўсёды ведала, што выглядаю вельмі юнай, гэта не зьдзіўляе мяне, а вось хлопчык разгублена выносіць з аўтобуса вестку, што я вучуся ва універы, працую і выходжу на наступным прыпынку…
… і ўжо цэлы дзень як жыву БЕЗ ЯГО.
Вечар замыкаецца трагічна. Хатнія паводзяць сябе невыносна. Асабліва сучка Гертруда: лётае па доме бяз мэты, раструшвае свае пэдзігрыпалы па пакоях. Хіба складана зразумець, што мне і так сёньня несалодка. Што я, па сутнасьці, цяпер ўся – нярвовы камяк. І камок прарывае. Гарачымі, салёнымі. Хуткімі, імклівымі. Калі мне вельмі кепска, я ніколі не магу стрымаць голасны плач. Дзеці заўсёды плачуць уголас. Пэўна, дзіцячы садок пакінуў гэта на ўсё жыцьцё: правіла нумар адзін – не прыкрываць твару; нумар два – не ўтаймоўваць усхліпы, енкі і румзаньні. Сваруся з усімі хатнімі, у тым ліку і з хамякамі. Дасталі! Увесь гэты сто разоў праіграны канцэрт, за сто разоў устылы сюжэт. Хамякі мітусяцца – сваякі лемантуюць: “Ты – эгаістка! Эгаістка! Эгаістка!” Зачыняюся ў пакоі, музыка крычыць гучна і заглушае мой дзіцячы плач. Эгаістка – і што з таго? ЁН мне здраджваў! ЯГО больш ніколі ня будзе побач! Усё звальваецца на цябе ў адначасьсе: істэрычныя “дамачадцы”, галодныя жывёлы, разумныя сяброўкі, стос кансьпектаў і іншых папераў, якімі неабходна займацца ўжо сёньня. І ЁН – твой хлопец, як факт, што ЁН ужо НЯ ТВОЙ.
Урэшце, сьлёзы зморваюць мяне. І вось ЁН ужо зноў побач, абдымае мяне, цалуе і кажа нешта мілае, сьветлае і салодкае. Я скручваюся ў яго на руках і ў пяшчоце і цяпле засынаю. Мне лёгка і добра, і заўтра так ужо ня будзе, бо гэта проста галюцынацыі. Гэта проста міраж. Гэта проста хваравітая фантазія.

Дзень другі. Чысьцец.

Раніцай я прачнулася. І гэта зьдзівіла мяне, бо сам факт, што я ЖЫВУ БЕЗ ЯГО [!!!] атрымаўся такім нечаканым, што я міжволі ўсьміхнулася адной з самых сваіх коткавых усьмешак.
Жыву: пакутую і сьмяюся, сваруся-міруся, думаю, ем, п’ю, засынаю – і прачынаюся! Жыву!
Такое ўражаньне, што, лежачы ў ложку, ты нашмат спакайнейшая і разважлівейшая: усе пачуцьці, крыўды і недаказанасьці разьліваюцца па табе-гарызантальнай, ня кратаюцца, а мерна спажываюцца галаўным мозгам. У цябе-вертыкальнай увесь гэты цяжар адхлынае ад галавы, і найчасьцей ты дзейнічаеш у згодзе з пачуцьцямі і прадчуваньнямі, або проста арганізмавымі зрухамі – ніяк не здаровым сэнсам.
І вось я ўстала. Некалькі крокаў завяршаюцца феерычнымі рыданьнямі ў лазенцы. Пачатак новага дня.
Мы катастрафічна залежныя істоты. Гэта была ты, і гэта быў твой мужчына – зусім не такі ўжо і ідэальны, часта неаб’ектыўны, капрызьлівы, патрабавальны і непадрыхтаваны ўспрымаць УСЁ ТВАЁ з разуменьнем. Ты злавалася, адключала тэлефон, скардзілася сябрам, “псіхавала” і называла “ўсіх мужыкоў” самымі разнапоўсьцевымі буйнымі і рагатымі скацінамі. А цяпер у цябе ня стала аднога з іх – і ты… плачаш?
Брат са зьдзіўленьнем цікуе за мною праз шчыліну непрычыненых дзьвярэй. Ты – плачаш? Гучыць так, быццам я ўвогуле ня маю права нават на тое, каб умець плакаць. Я не разьлічваю на спагаду і слушна раблю: ён хмыкае, паціскае плячамі і, крыху зьбянтэжаны, хутчэй зьнікае з далягляду. Дарэчы, стандартная рэакцыя падлеткаў, якія толькі-толькі становяцца на старт няпростага, даўжынёй у жыцьцё, шляху міжасабовых дачыненьняў з лепшым полам. Юнакі накшталт майго “малога” (вышэйшага на ўсе тры галавы) ніколі не зрэагуюць на сьлёзы дзяўчыны адэкватна. Сьлёзы – гэта яшчэ больш таямніча і куды страшней нават за менструацыі. Тут незразумелы ня толькі матыў і раптоўнасьць, але і залішняя пачуцьцёвасьць і сродкі барацьбы з нечаканымі прыступамі. Апошнія дзьве рэчы для хлапца -наццаці гадоў – труна. Я ведаю, што ён зараз зробіць – і ён робіць:
— Ээ-э… Я да Дзёні, загружаць э-э… “чарвей”. Калі раптам спатрэблюся – маякні!
Апошняе “маякні” – з невыноснай палёгкай. І ўсё: красоўкі – пля­-цак – байка з капюшонам – “хлоп” дзьвярыма – хуткае тупаценьне па прыступках – сасьлізгваньне па парэнчах – саскок – цішыня…
Цішыня. Яна, між іншым, зьвініць. Як электрычныя лямпы дзённага сьвятла ў вар’ятні. Я ажыцьцяўляю свой палёт над гняздом зязюлі з запланаваным прызямленьнем у Хагвардзе (школа феяў, “Гары Потэр і філасофскі камень”) на ўласнай прасьціне. Некаторы час проста тупа ляжу. Планы ўсе пра помсту і пераважна для таго, каб ЁН нешта АДЧУЎ. Паступова лаўлю сябе на думцы, што раблю ўсё для ЯГО: нават помшчу для таго, каб ЁН […]. Я вырашаю, што ня мушу рабіць нечага назло ЯМУ ці яшчэ каму заўгодна – я мушу жыць і рабіць на сябе і для сябе. Я ж – ё-маё! – “эгаістка”! Вырашаю ляжаць увесь дзень: на парах адольвае сум і настальгія, глумленьне і млявасьць, а ў ложку цёпла і… да прыкрасьці ціха!
Дастаю з-пад падушкі пульт і ўключаю суцэльна шумны панк. Вельмі гучна, ажно фаніць, затое чутна ў кожным закутку кватэры, а, значыць, цішыня ня зловіць мяне і не замкне ў сваё невыноснае рабства цяпер нідзе, пакуль я буду дома. Аднак заўсёды застаецца акалічнасьць: суседзі. Яны ўсё чуюць. Асабліва, калі гэтае ўсё – панк на поўнай гучнасьці. Асабліва, калі гэтыя суседзі – твой прыяцель-аднагодак паверхам вышэй. Званок у дзьверы. Адчыняю. Калматае стварэньне з пару-дзён-няголеным шчаціньнем у майцы з непрыстойным малюнкам.
— Клёвы музон, – заходзіць у пакой і накіроўваецца да музычнага цэнтру, – а вось калонкі слабыя (паварочваецца да мяне, мелькам азі­рае мой стан), выглядаеш няважна. Слухай, а чаму ты дома?
Сваіх суседзяў я люблю. ЁН таксама любіць сваіх суседзяў. Прынамсі, любіў, калі я была з ІМ. ЁН увогуле надзвычай сямейны і хатні чалавек. Мы рэдка хадзілі “ў людзі”, мы жылі дома, гатавалі ежу, пілі каву, камечылі ложкі і дываны, выгульвалі сабак і, сустракаючы ЯГО суседзяў на лесьвічнай клетцы, шырока ўсьміхаліся агульнай усьмешкай і праносілі сваё шчасьце міма, трымаючыся за руку. ЁН хацеў дзяцей і любіў уяўляць, як мы станем нараджаць іх у дні народзінаў прынцэс і каралёў і называць рэдкімі прыгожымі імёнамі. ЁН клікаў мяне сваім прозьвішчам у жаночым родзе і балдзеў ад такой магчымасьці, як і ў прынцыпе ад усёй мяне балдзеў. А пасьля ўзяў і здрадзіў, і я яго кінула, і больш нічога не было.
Сусед сур’ёзьнее. Вось чым суседзі лепш за родных братоў: яны не сыходзяць, яны прыходзяць да цябе, супакойваюць і часам зводзяць за сабой у сьвет лёгкай электроннай музыкі, бурбалак CINZANO, бліскучых маечак з нашытымі лічбамі, залатых кедаў Adidas і сініх ад неонавых промняў зубоў.
Сусед вырашыў зацягнуць мяне ў клуб. Ён зайшоў за мной у 18:00, не спазьніўшыся ні на секунду, ідэальна выгалены, з класнай стылёвай прычоскай, у новай прыталенай кашулі, у той час як я, увесь дзень прабадзяўшыся па хаце ў піжаме з нямытымі пасечанымі валасамі, пасьпела толькі з горам напалам “ажывіць” галаву вадой і сьмярдзючай хімікатамі пенкай, а пасьля наапранацца, як папугай, і адчыніць дзьверы.
— Ваў, — зьбянтэжана кажа сусед. – Ну што, пойдзем?
У клубе людна, усе танчаць і абдымаюцца. Мы заходзім – я і сусед – і тут я бачу ЯГО. ЁН міла размаўляе з нейкай дзеўкай, я краем вока пазнаю ў ёй СВАЮ (а не ЯГО!) знаёмую. Яна падсядае бліжэй, лёгкі флірт, несур’ёзная размова, какетлівы сьмяшок, глыбокі пагляд. Раз-ва-ро-от! Сусед бярэ мяне за плечы, паварочвае да стойкі бару і лёгка падганяе наперад. Мы залазім на высокія зэдлікі, сусед замаўляе два алкагольныя кактэйлі. Яму падаюць доўгую шклянку з зялёным напоем, вішанькамі і парасонікам, мне – бакал з вадкасьцю карамельнага колеру, з узьбітымі вяршкамі і дробнымі кавалачкамі чакаляды. Гэтая маленькая радасьць для маленькай пястухі прымушае мяне забыцца на ўсё, і некаторы час мы проста адсёрбваем праз трубачку і глытаем, адсёрбваем – і глытаем. Аблізваемся, усьміхаемся і пагойдваем целамі у такт музыцы. Гэта такі адзін з самых нявытлумачаных чалавецтвам станаў (а, можа, так бывае толькі са мной?), калі табе прыемна і ўтульна, і ўсё табе падабаецца: музыка, пахі, суразмоўца, гадзіна сутак і дзень тыдня, аднак недзе там, унутры, ёсьць твая пакута, яе можна заглушыць, але не надоўга і, відаць, пакуль што не назаўсёды… Таму зьнешнасьць можа ніколі не падвесьці, і ніхто не пабачыць, што ўнутры ў табе – вайна, дзе коткі дзяруць горлы і скрабуцца па сьценках правага перадсэрддзя. Аднак коткі будуць скрэбсьціся незалежна ад таго, нехта заўважыў гэта праз прорву тваіх зрэнак, ці не. І вось я – незалежная ўпэўненая ў сабе ледзі, седзячы з зайздросна прывабным і па жыцьці шчасьлівым насельнікам майго надстольля (міжсобку мы называем маю кватэру першым паверхам, а ягоную – мансардай), вось я адчуваю на сабе позірк. Бясспрэчна, гэта ЁН глядзіць на мяне. Не назірае, не разглядае, не ўглядаецца, а разьядае мяне сваім калючым паглядам. ЁН бачыць кожны мой рух, і ад гэтага мне хочацца рухацца яшчэ сьмялей і непасрэдней. Я сьмяюся, я сыплю жартамі і прашу замовіць яшчэ кактэйль. Ужо іншы, з сокам яскравых трапічных расьлінаў – такім, што алкаголю зусім не чуваць, і я выпіваю цэлую шклянку за імгненьне. Сусед радуецца, што я больш не азіраюся на ЯГО, што паводжу сябе раскавана, што жартую і цягну яго танчыць, таму замаўляе чарговы напой.
ЁН ня любіць, калі я п’яная. Ніколі не любіў. ЁН баяўся, што тады мае паводзіны дыктуюцца ўзьдзеяньнем алкаголю, а ня сэрца. ЯМУ можна было ўсё: і напівацца, і забывацца на мяне, быць з іншымі і нашэптваць ім на вуха тое, што – я лічыла – магло прызначацца толькі мне… ЯМУ можна было быць сабой: бяз комплексаў, без мінімальных спробаў перамагчы сябе і свае фізіялагічныя патрэбы, дзіцячую нязвыкласьць да самаабмежаваньня і самцоўскі інстынкт. Пры такім раскладзе мне ўжо нічога не заставалася апроч магчымасьці кінуць яго і перажыць першыя дні, пасьля якіх усё, вельмі магчыма, наладзіцца. Абавязкова наладзіцца, калі зараз мне нальюць яшчэ чаго-небудзь!!!..
А далей усё правалілася.
Проста ўрэшце я зьляцела на падлогу са свайго зэдліка. Наступнага: як сусед падымаў мяне і як ЁН падбег і прапанаваў “самому завезьці яе дахаты”, і як сусед адказаў яму непрыязнай усьмешкай, як вынес мяне з клубу, і як я вызваляла свой страўнік пасярод кустоў чужога мікрараёну, – я ня памятаю. Калі я адышла, барабаніў дождж. Я паўляжала на лаўцы ў дзіцячай альтанцы, сусед гушкаўся на арэлях. Я пазнала яго па “чырвонай кветцы” запаленай цыгарэты. Я села. Было халодна, але дождж ападаў пяшчотным шапаценьнем, і мне стала вельмі спакойна. У нагах знайшлася пляшка мінеральнай вады, я адкруціла корак – вада папяраджальна зашыпела, а потым моцным струменем пырснула мне ў твар. Я засьмяялася. Сусед спыніў арэлі і хуткім крокам забег у альтанку, паглядзеў на мяне позіркам медбрата і роўна медбратаўскім тонам спытаў:
— Як ты сябе адчуваеш? Усё нармалёва?
— Прабач.
— Я рыхтаваўся да гэтага. Я нават ведаў, што ЁН там будзе.
— Колькі часу?
— Палова на трэцюю. Хутка пачне сьвітаць.

Дзень трэці. Адна.

Адна ў сьвеце. Адна шклянка з вадой. Адна пігулка цытрамону. Адна пасярод сваёй коўдры. Адно імгненьне сьвятла. Адна гадзіна дня.
Я ка-ха-ю ця-бе. Не-а. Усё скончылася, больш няма ні пачуцьцяў, ні словаў, больш няма ні ценяў, ні паўценяў, ні пацалункаў, ні крывавых сьвітанкаў, ні танкаў, ні кулямётаў, ні аўтаматаў, ні вайны, ні міру ў цьмяным асьвятленьні пад’ездаў.
Ужо ня страшна. Калі нечага баішся, скажы пра гэта. Можаш крыкнуць, а можаш напісаць на ружовай паперцы, вырванай з інтымнага дзёньніка малодшай сястры. Я баюся адзіноты. Ужо ня страшна. І яшчэ: АДБЫВАЕЦЦА ЗАЎСЁДЫ ТОЕ, ЧАГО БАІШСЯ. Калі баяцца, што ён сыйдзе назаўсёды – ён сыйдзе назаўсёды. Або ты сама сыйдзеш.На вуліцы дзень. Адзін з тых белых дзён, якія можна назваць занадта сьветлымі. Вельмі кантрасны і вельмі рэжа па вачох. Акунаю галаву ў пустую чарупіну і пускаю ледзьве цёплую ваду. Валасы разварочваюцца, выцягваюцца і распростваюцца. Я змываю пенкі, гелі, лакі і воскі, змываю размазаную туш і зваляную пудру, змываю дні ўчорашнія, узгадкі даўнейшых радасьцяў; змываю мае старыя сны, ад якіх зьбіраецца казачны пылок у зморшчынках вачэй і на тыльным баку пазногцяў. Больш нічога казачнага. Усё проста, лаканічна, ясна і прадумана.
Пасярод белай, матавай, гладкай суботы я стаю са сваім змытым жыцьцём, за якім ужо позна кідацца ў каналізацыю. Цяпер трэба пачынаць пісаць усё спачатку. Я змагу: я моцная дзяўчына, і я ўсё змагу. Толькі ня сёньня.
Тэлефануе блізкая сяброўка. Запрашае на дзённы праменад: вечарам будзе сьвяткаваць народзіны СВАЙГО, таму на мяне распаўсюдж­ваецца толькі дзённы праменад. Мы ідзем па суботнім халодным белым горадзе, і я вельмі моцна, амаль навобмацак адчуваю сваю адзіноту. Мая сяброўка па натуры ня ёсьць гіганцкім аптымістам, аднак зараз у яе ўсё нармалёва, яна шчасьлівая, і я, безумоўна, у два разы больш, чым яна, за яе. Я хачу здавацца вясёлай і цікавай, як заўсёды вырабляць глупствы і палохаць мінакоў, быць сабой такой, якую мяне любяць усе, каторыя ведаюць. Але я не магу. Я стала слабой: ЁН выпіў мае сілы, мае таленты, прыродную жвавасьць і няўрымсьлівасьць. Я ведаю, што ў мяне патухлы позірк, што я — трава ў канцы лета (з “Дзёньніка Брыджыты Джоўнс”) са сваімі абветранымі шчокамі, аблезлай скурай, фатальнымі думкамі і цяжарам сінякоў пад вачамі (з Франсуазы Саган, “Праз месяц, праз год”). Мне нават у нейкім сэнсе сорамна ісьці побач, сваёй хмарнай хадою захінаючы нечыя сонечныя крокі. На скрыжаваньні я адпускаю сяброўку, пакідаючы смак сваёй памады на ейнай шчацэ. І сыходжу ўдалеч, дзе ўсе жывуць свае жыцьці, нават не здагадваючыся, што міма пранясу я ў каляровай кайстры сваё жыцьцё.
Дома атакуе настальгія. Не па ІМ, а, хутчэй, проста па былым. Па дзяцінстве, па школе, па Калядах і няспраўджаных марах. Тое, што мінула, пакідае тонкае адчуваньне, ледзьве ўлоўнае, яно запаўзае пад язык і ўтварае салодка-горкі прысмак у роце. Смак настальгіі. Чаго ня вернеш, і што было нашмат лепш, чым дзень сёньняшні – так цяжка і так трэба пераканаць сябе ў адваротным.
Я выгружаю піжамы, шкарпэткі і майкі з кошыка і ўчыняю памытлю: у такі чужы і белы няветлівы дзень я мыю бялізну і разьвешваю яе сьцякаць на марозным паветры кастрычніка, дзе ўжо ніколі і ні за што…
Ні за што.
Я ўсё мераю па сабе. Гэта – мая памылка і, безумоўна, гэта перашкаджае мне жыць па сродках. Мне хочацца большага. Я ведаю, ШТО магла б учыніць, будучы на ЯГОНЫМ месцы. Я ўмею казаць прыгожа, паэтычна і разумна. Я ўмею размаўляць: пераконваць, абгрунтоўваць, тлумачыць… таму мне хочацца, каб ЁН таксама ўмеў… Каб ЁН даслаў мне sms, поўную болю, смутку і жалю, каб ЁН мог паклікаць мяне на невыносна цяжкую сустрэчу і казаць-казаць-казаць… Аднак так ніколі ня будзе. ЁН іншы, і мова – не ЯГО стыхія. А што тады – ЯГО? Дзеўкі? Хочацца запярэчыць: “Але я ня дзеўка! Я не такая, як усе дзеўкі! ”, аднак, калі падумаць, я дакладна гэткая ж, як усе: я гэтак жа, як усе, люблю часопісы і ўпрыгожваньні; я люблю, як і ўсе любяць, дарагую касьметыку, дыскатэкі і на вуліцы заглядацца на прыгожых хлопцаў-мараў, якія ніколі не пазіраюць у мой бок… Гэтак жа, як і ўсе, я кажу, што я іншая. Насамрэч, я вельмі звычайная і прадказальная. Можа быць, калі мы ўсе такія аднолькавыя, проста няма розьніцы, з каторай… Усё ж не. Як бы там ні было, калі ўжо выбіраеш з масы аднолькавых дзевак сваю адну, калі ўжо кажаш ёй, што яна асаблівая і найлепшая з усіх, дык ня будзь мярзотнікам!
Адна. Ну што ж, давядзецца звыкнуцца. Прымусіць сябе лічыць, што гэтая адзінота – мне па нутры і падабаецца ВЕЛЬМІ. У прынцыпе, нічога такога страшнага – больш часу на прадуктыўныя рэчы (у дачыненьнях з горшым полам адзіны магчымы адчувальны “прадукт” – дзеці, а ў маім узросьце такі вынік быў бы катастрофай): на начныя пачытанкі любімай французскай літаратуры
XX стагоддзя і дзённыя пасядзелкі ў чытальнай зале за трагічна-сухімі навуковымі выданьнямі. А, значыць, адзінота пойдзе на самаўдасканаленьне. Стыпендыя – на музычныя дыскі, порыстую чакаляду і кнігі ў густоўных пераплётах, ніяк не на папаўненьне шафаў і касьметычак ДЗЕЛЯ ЯГО, ніяк не на сьвініну, каб напячы ЯМУ катлетаў з грыбамі. А вечары – на вясёлыя піўныя размовы і падарожжы па засьмечаных узбочынах індустрыяльных частак сталіцы з сяброўкамі і сябрамі, адвязанымі і вернымі найперш сабе. О, так, ЁН, вядома, здраджваў МНЕ, але – я ведаю – ЁН быў [амаль] закаханы ў мяне, таму так недарэчна па ўласнай віне пазбавіўшыся свайго каханьня назаўсёды, ЁН здрадзіў найперш сабе самому.
Ого! Я ўжо ледзь-ледзь не пачынаю шкадаваць ЯГО (свайго дзетку, мілага хлопчыка, які “проста згубіўся” ў гэтым няпростым сьвеце пачуцьцяў і жарсьцяў…), аднак своечасова пішчыць тэлефон, і другая лепшая сяброўка кліча ў горад аддацца цёпламу надвячорку, піву, фемінізму, калдырыстым жартам у духу культавых Бівіса і Батхэда, абмеркаваньням ЯГОНЫХ недахопаў і поўнаму зьнішчэньню ЯГО асобы ў МАІХ вачах. Так мы і робім.
У ценях кастрычніцкіх сквераў і алеяў я заўважаю, што я ўжо не адна, нас як мінімум двое: я і мой горад, які абдымае мяне, запальвае гронкі ілюмінацыяў для мяне і для мяне залоціць лістоту дрэваў… Адзі­нота адхлынае, дзень сканчаецца.

Дзень чацьвёрты і ўсе наступныя дні.
Каляндарык: ты і я ды Чычаліна.

Дзень чацьвёрты пачынаецца голасам адзінага сапраўднага для мяне мужчыны-зоркі: аўтаматам уключаецца дыск «Нэйра Дзюбеля», і Кулінковіч нагадвае, што пара адрываць цяжкую галаву ад падушкі, помніш, як было: вакацыі, ты і я, ды Чычаліна…
Цябе больш няма, і я з гэтым [амаль] зьмірылася. Кім была я: мной ці Чычалінай, або абедзьвюма адразу… Кім была я для цябе: Чычалінай, а можа, я была вакацыямі і ўсімі іх складнікамі – адкуль цяпер даведацца, колькі месца я займала, які гэта быў дзесятковы дроб… Нашыя вакацыі скончыліся. Магчыма, у той момант, як зьявілася Чычаліна. Але, верагодней за ўсё, мае вакацыі скончыліся, калі я пра Чычаліну даведалася, а твае – калі я сышла.
Цяпер – бясконцая праца над сабой і ў сабе да новых вакацыяў. Вашыя з Чычалінай, мажліва, цягнуцца і дагэтуль. Мне да гэтага справы няма. Брыджыце Джоўнс ня трэба Дэніэл Клівэр. Яна чакае Марка Дарсі.
І яшчэ: ты больш ня ЁН, ты цяпер проста “ён”, яшчэ адзін з тых, каму я пасіўна не жадаю нічога і адпускаю назаўсёды.
У мяне новы каляндарык.

2003-10-16.