12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тэда Лі (Адэля Дубавец)

_____________________
Ліпавы шлюб.
Аповед

The most radical thing to do
Is to love someone who loves you
Even when the world is seemingly
Telling you not to
The Ark
Сэнс быў у тым, каб я заплакала.
Дванаццаць хвілінаў галавою ўніз доўжыліся дванаццаць жыцьцяў для маёй запоўненай крывёю сіліконавай галоўкі. Яны трымалі мяне за ногі, за мае гладкія ногі, якія так любілі гладзіць пад вішнёвым ві­нішчам. Мае цьвёрдыя гладкія ногі, на якіх ніколі не расьлі валасы. Яны гучна іржалі, як зімовая тройка коней, запрэжаная ў карэту. Карэта вынікла не з гарбуза, я была не папялушкай, мяне звалі Дзіна, і абсьлюняўленыя лушпайкі ад сланечнікавых семак выляталі з іх шчарбатых ртоў. Барабанілі па маім твары і ляцелі ўніз-уніз, дзе і я хутка апынуцца магла.
Мая мама, калі б яна даведалася, што са мной там рабілі, ніколі б не прымушала мяне хадзіць туды зноў і зноў. Яна б умомант сьсівела і нават выкінула на двор свайго чарговага каханка, прыгрэтага пад караценькай коўдрай, калі б пачула, якія штукі здараюцца ва УПК*.
– Чаго, лэдзі Дзі? – крычаў Лапа і злосна трос мяне за правы кед. – Чаму ты не равеш, як усе цёлкі? Дзе твае сьлёзы, мая буся?
–Урлллл, –выціскала я нейкія вясёлыя гукі, баючыся раззлаваць хэўру.
Рэч у тым, што я – пацан. Бывае так, што дзеўкі лезуць на дрэвы і п’юць глючны сіроп, а потым ім пачынае перашкаджаць спадніца і страх за сваю жаноцкую будучыню. Рана ці позна ўсе загаворваюць пра белага каня (і прынца на ім, вось чорт, гарэлка з ліхаманкай тут ні пры чым), пра туш для веек, якая робіць вейкі супер curly, і зграю ўласназробленых малалетак (нельга і дапусьціць, каб яны нарадзіліся зялёнымі). І таму сёньня не тэлефануйце ім і не разьвінчвайце дамафон, не выбівайце вокны камянямі. Сёньня яны ня выйдуць у двор, каб падаць з арэляў у пясок і не набяруць гэтага пяску поўны рот. Яны вырасьлі, пачалі глядзець канал Discovery і з усіх ног рыхтавацца да посьпехаў інакшага кшталту. Фініш, пацаны. Лізка і Танька цяпер вышэй за вас на галаву, яны глядзяць сур’ёз­нае кіно і гуляюць у більярд (а не даміно, хаця гэта было больш у рыфму).
А я так ніколі-ніколі. Я панчохі падзерла і пукала цэлы вечар ад зялёных грушак, я ніколі валасоў не фарбавала, пад пазногцямі ў мяне – усё той жа дваровы пясок, які няма часу адшкрэбваць. І вось ты з мяне сьлязы ня выдзераш, таварыш, круці не круці. Ня плачу я, я ж мужык.

l l l
У суботу мы з Федзькам і Лапам сядзелі на плоце пад УПК. Дзень быў бруднага брунатнага колеру, Федзька ляпаў па сваёй трохструннай гітары, тры астатнія струны якой ноччу згубіліся ў рудых лістах, і пеў асіплым, але грозным галаском, а Лапа вылізваў языком маё нёба і спрабаваў за­смактаць мой язык. Ён дасьледваў на смак рэйкі зморшчынак каля маіх вачэй, цалаваў мяне ў лоб, і я раптам уцяміла, што гэта доўжыцца ўжо два гады. Я сказала, гэтак жа шчыра і трывожна, як і падумала, і Лапа пагля­дзеў міма мяне, але як быццам нават больш на мяне, чым калі на мяне непасрэдна. І ў той дзень ён вырашыў ажаніцца са мной і падарыў мне гладыёлус і газавы пісталет на памяць пра цудоўны дзень (які быў хутчэй брудным і падобным да какашкі, але чаго тут). Потым мы ўвайшлі ў памяшканьне УПК, і цэлых пяць жанчын-якім-па-жыцьці-няма-чым-заняцца прымусілі нас мыць падэшвы з мылам, а мяне – учыняць сумнеўнае кубло на галаве, каб мае густыя і падобныя да дратоў валасы не заваласілі ўсю бурачковую салату.
Я мелася стаць поварам. Я рабілася поварам усё больш.
ПОВАРАМ, вось як.
Мама ганарылася мной, яна хацела, каб я ляпіла сьлізкія катлеты і засоўвала прусакоў усярэдзіну. Каб я навучылася рабіць жэле без жэлатыну, варыць кампот без садавіны і запякаць індыка без індыка. Дакладней, ёй на ўсё гэта было напляваць. Яна проста чакала майго паўналецьця, калі я атрымаю першы поварскі заробак і назаўсёды разьвітаюся са сваёй аб­дзертай дзецкай, дзе ніколі не праветрывалі, дзе была цэлая безьліч дзетсадаўскіх майткоў на гумцы, а пад шафай ляжаў апошні сюрпрыз коткі, якая даўно ўцякла ў фортку.
– Якая ты, – зморшчылася мама ад агіды, і працягвала так, быццам ванітуе, – ніііііііімфа! Калі ж ты ўрэшце падаросьлееш, я была замужам два гады, зрабіла шмат памылак, і дзьве з іх дагэтуль адгукаюцца самым страшэнным чынам!
На гэтай фразе дзьверы адамкнула памылка №2 (ня ведаю, чаму №2, бо Касьцян вылез з гэтай жанчыны на год раней) і пастаралася пра­красьціся ў дзецкую ціха і незаўважна.
– Я адчуваю цябе па паху! – завісчэла мама. – Прыйдзі і ахні, твая бесталковая сеструленцыя прадаецца ў сумленнае рабства!
– Няхай, – абыякава сказаў брат і ўтаропіўся ў мяне поўным жаху паглядам.
Гэтай ноччу мама перагнула: лязгат яе ложку, стогны і загады на нямецкай мове не давалі нам з Касьцяном нават думаць пра што-небудзь сваё. Пад раніцу я выкінула ногі з пледу і, паклаўшы падушку на галаву, заснула зусім бяз сноў. Бываюць такія сны, калі, чорт-яго-ведае, быццам глыбока падаеш у цёмны-цёмны пакой, напоўнены сьвежымі нерэальнымі пахамі, населены жывёламі з песьняў гурта “Аквариум”, набіты васковымі фігуркамі, парцалянавымі, глінянымі, ад якіх вее пылам і некранутасьцю, навізной і закінутасьцю. Ты падаеш на яго шэрую падлогу, адлятаеш і стукаешся аб сьцяну, пасьля – столь, пасьля – катапультуешся ў наступны цёмны пакой. І ўсё гэта здаецца табе такім непрытульна-незнаёмым, такім па-здрадніцку чужым. Аж пакуль не пачынаеш разумець, што пакой – гэта твая дзецкая, і вочы ў цябе – расплюшчаныя.
– Я за тое, каб Дзіна выйшла замуж, – сказаў маме нараніцу Касьцян абсалютна непрабівальным тонам, – яна змыецца з гэтай памыйнай дзіры і пабачыць, што бываюць сапраўдныя адносіны.
– Свалата, – буркнула мама і адсёрбнула кавы з паўлітровага кубка, – табе таксама ўжо варта замітусіцца. У гэтым жыцьці трэба самому прабівацца, сын, трэба дасягаць нечага. Вось чаму я раю табе пайсьці працаваць на пошту.
Касьцяна дабівалі словы гэтай жанчыны. Яна была непрадказальнай, як вірусная інфекцыя. Часам яна ляжала ў ложку цэлымі днямі, а ноччу плакала і гучна сморкалася. Бывалі дзянькі, калі яна гатавала жэрыва на нашай запушчанай пліце, яно рассьмерджвалася па ўсёй хаце, засьмердж­ваючы маіх плюшавых мядзьведзяў і ружовую куртку, якую я насіла тры сезоны запар і нават крыху летам. Але пераважны час мама была такой, як цяпер: прыводзіла каханка (якога-небудзь дзядзю Віталіка з “шакаладкай для тваёй дзевачкі” ці сумнеўнага Джошуа, прадукт дзейнасьці некалькіх расаў без удзелу нашай, які пераабуваўся ў свае тэпці і ноччу выбягаў з ванны ў чырвоных шаўковых майтках), зачынялася з ім у сваім пакоі, а нараніцу была незадаволеная намі (што мы ёсьць). Мама не ўнушала даверу. Нам з Касьцянам – у першую чаргу. Мне заўсёды карцела пакапацца ў ейных станіках і першай знайсьці якія-небудзь прыкметы тых, КАМУ ЯНА ЗЬБІРАЛАСЯ ЗАГНАЦЬ СВАІХ ДЗЯЦЕЙ. У тым, што яна разглядае нас як сваю нерухомасьць і рана ці позна здасьць нас дзядзю-ламбарду з Эміратаў, мы з брацельнікам не сумняваліся. Толькі я хацела першай даведацца пра аферу, так вось.
Лапа вырашыў перасяліць мяне да сябе, у свой сьветлы пакой са сьнежнымі цюлямі на вокнах і дрэвамі каханьня на падваконьнях. У гэтым пакоі ўсё было чыстае і навязьліва пахла нейкімі хімічнымі кветкамі (парашок, асьвяжальнік, дэзадарант?), на стале ляжаў сьветларужовы абрус і стаяла гранёная шклянка, зусім-зусім сухая. Пакой быў вялікі, вокны адчынялі­ся штораніцу і штовечар, і, хаця пыл усё ж час ад часу залежваўся па тыдні, адчуваньне было такое, быццам гэта гасьцёўня для асаблівых сяброў з Будапешту, якія прыязджаюць якраз сёньня па абедзе. Лапа пражыў у сваім пакоі ўсё жыцьцё, але там практычна не было яго рэчаў: падзертых кніжак, дыскаў, калонак, порнапостэраў, сьмярдзючых шкарпэтак, палацу з піўных бляшанак, ролікаў з накаленьнікамі і адэкалону, якім бы ніколі не карысталіся. У гэтай сям’і былі свае дзівосы: усе рэчы Лапы ляжалі ў бабулінай шафе ў бабуліным пакоі бабулі, якая памерла, калі Лапа быў ясельнага ўзросту, і яму яшчэ не далі мянушку “Лапа”.
Я ненавідзела Лапаў пакой ледзьве ня больш за свой, які ненавідзела ўтрая мацней за свайго суседа-зэка з наколкамі на плячах і яго бультэр’е­ра з парфосам на горле. Але выйсьця не было, бо маё месца дома ўжо заняў сябра Касьцяна, у якога здарыліся нелады з бацькамі (назваў сваіх стваральнікаў лузерамі ды імпатэнтамі, у каго не бывае). Так што так, я пераехала да Лапы, і мае швэдрыкі і маечкі, часопісы і кнігі з кулінарнымі рэцэптамі, а таксама наіўныя вершы на дапатопных дыскетах і набор фіялетавых і жоўтых стужак у валасы адразу апынуўся ў лапабабулінай шафе, дзе сьмярдзела гераньню і дыскатэкамі ВАВаўскіх часоў.
Мы вырашылі не жаніцца. Нам было весела, нас пёрла і мы адрываліся ноччу (удзень я пачынала засынаць за выпяканьнем выпечкі і запяканьнем запяканкі), хадзілі на канцэрты з кепскім гукам, езьдзілі на фестывалі і церлі зады аб траву-дыван. Год. Адзін год.
А потым нехта ўбачыў ува мне магічны негатыў, а яшчэ тое, што ДЗІНА – ПАЦАНКА!!!Каравууууууууууул!
І Лапа паверыў. І хацеў сьлёз. І не атрымаў нічога, нават павесіўшы мяне дагары нагамі.
– Раздай свае скарбы іншым, – сказаў тады ён. – Яны больш не мае, ты больш не мая. Гуляй дзе хочаш і з кім хочаш. Ты вольная.

l l l
Так кепска мне не было з часоў першай сусьветнай вайны, у якія я калісьці вырашыла нават не нараджацца. Я вызначылася са сваім прыходам у гэты сьвет прадумана і прагматычна: наш час найлепей падыходзіць для тых, хто больш за ўсё любіць торч і забаўлянкі. І ўсё роўна мне было так фігова, як быццам на вуліцы першая сусьветная вайна, а ў краін яшчэ няма танкаў, каб разьбірацца са справамі па-хуткаму. Я не хацела прачынацца, бо там усё па-вар’яцку бездакорна. Там ніхто ня ведае пра УПК, там Лапа носіцца паміж дрэваў, каб нагнаць мой цень і наступіць яму на хвост (хвост не адвальваецца, але побач вырастае яго брат, і задніца паціху ператвараецца ў Гаргону). Ага, там у мяне ёсьць хвост. Там няма Кастанэды, Уэльбэка, Гамера, Мілены Фермеркі, Роберта Планта і касьметыкі “Мэры Кэй”. Там ёсьць толькі яшчарка няправільнай пароды Дзіна і ейны Лапа, які ніколі яе не пакрыўдзіць, ніколі-ніколі, ну бываюць жа такія каханьні! Там усё так, як думала Дзіна, як хацела Дзіна, як верыла Дзіна, як радавалася Дзіна, як Дзіна любіла, як ёй падабалася. Пакуль ты вучышся ні ў што болей ня верыць, пакуль ты вучышся расчароўвацца і пераносіць расчараваньні без расчараваньня, ці доўга яшчэ твая сьвядомасьць будзе правакаваць цябе наіўнымі снамі, ці доўга яшчэ там табе будуць трансьляваць розную здрадніцкую нерэалуху?
Я, вядома, была папярэджаная пра правіла адсяканьня хвастоў (лепш усё за адзін раз, чымся дробнымі кавалачкамі, кожны раз балюча, кожны раз па-новаму), але Лапа і жорсткасьць ня клеіліся адно да аднога ў маёй галаве, хоць крыўда і прымотвала іх скотчам да маёй патыліцы і мацавала стэплерам да валасоў. Я не магла сабе адмовіць у паходах на УПКашныя баршчаварэньні, каб лішні раз не сустрэць там Лапу, у лапе якога цяпер ляжала якая-небудзь дробная лапка з французскім манікюрам. Дзень пасьля гэтага быў сапсаваны, а на нашым гарышчы, дзе я начавала ўжо ты­дзень, баючыся зьяўляцца дамоў, было ўсё халадней і халадней, змрочней, страшней і дэпрэсіўней. Урэшце ў мяне пачалі крышыцца зубы і балець лёгкія, – і я патрапіла ў вялікі шпіталь, населены сямідзесяцігадовымі кашлюхамі і зайздроснымі кавалерамі ў піжамах (за сьпінай у кавалераў было па чатыры гады заняткаў у мянтоўскай акадэміі, а ў роце – процьма доўгіх гісторыяў пра зьліваньне беньзіку на трактарным заводзе).
– Мой саладзенькі чарнічны піражочак! – залямантавала мама ўжо з уваходу ў мой цёплы і пратухлы бальнічны пакой. – Донечка, Дзіначка, Доначка-Дзінечка! Чаму ты адразу не патэлефанавала мамулі, ах, гэты паршывец, вырадак, сабакарылы выблюдак!!!
– Мама, – мой настрой падаў, а мама сваімі паводзінамі нараджала неспакойныя пытаньні ў маіх мазгах, – усё зашыбіся: я хутка выйду адсюль і адразу прыеду да цябе. Страшнае мінула, больш не хвалюйся. Асабліва так.
– Прынцэсухна мая! – стагнала мама, і я ўжо рыхтавалася сташніць. – Я высуджу з гэтага паскудства і яго бацькоў УСЁ! Я ў іх усё высуджу.
Нарэшце мне стала ясная прычына ўсіх гэтых “піражочкаў” і “прынцэсухань”. Мая мама (божа-божа, на гэтай жанчыне былі салатавыя ласіны!) адкрыла сваё чарговае другое дыханьне, прыдумаўшы дасканалую праграму вывуджваньня новых грашовых кампенсацыяў. Калі справа даходзіла да бабла, мамуля рабілася драпежнай дзетароднай самкай сямейства каціных. Мы з Касьцяном былі ейнымі тыгранятамі, у якіх не пасьпелі прарэзацца кіпцюрыкі-зубкі. Нас трэба было бараніць, бо мы каштавалі дорага.
Мама прымусіла мітусіцца ўсіх герояў сваіх раманаў, якіх толькі ўдалося знайсьці. Зьнянацку апынулася, што дзядзька Ягор з плямамі-залысінамі працуе ў падатковай інсьпекцыі, а Вадзім, які ня раз накурваў мяне ў прыбіральні і ўсоўваў у кішэню грамец гашышу “на пасьля”, – супрацоўнік аднаго ўплывовага камітэту. Праўда, наконт таго, што Кіра-са-срэбным-гальштукам-і-сур’ёзным-выглядам працуе ў калегіі адвакатаў, сумневаў быць не магло, і я не зьдзівілася.
– Я думаю, – казаў Федзька, калі таемна прыязджаў да мяне, а я таемна вылазіла на двор, і мы таемна палілі каля трупярні, – як цябе выцягнуць з гэтай задніцы. Тваёй маці выгадней, каб ты тут правалялася як мага даўжэй. Яна хоча прысмактацца да Лапы, як камар.
– Мне ўсё роўна, – казала я, і мне сапраўды было бяз розьніцы, – што будзе з гэтымі судамі. Я не змагу спыніць гэтую кабету. Толькі мне б хацелася, каб у мамы якое-небудзь рабаціньне зьявілася ці бародаўкі – і яе засыпала новымі праблемамі. Не хачу, нічога не хачу ад Лапы, нічога.
– Ён кахае цябе, – казаў Федзя і скіроўваўся да халоднага ветранага аўтобуснага прыпынку, а я яму ня верыла.
У шпіталі я вучылася не хаваць роспач. Побач было шмат жанчын, і я ўважліва цікавала за імі: як яны пускалі сьлязіну, калі грышапеця па тэлефоне адмаўляўся прыехаць сёньня ўвечары, як яны падалі на ложак нічком і доўга трэсьліся ў падушку, калі вынікі аналізаў пакідалі іх тут яшчэ на месяц. Але для мяне гэтыя сакрэты былі таямніцамі. Калі словы Лапавых песьняў пачыналі навісаць на мае вушы, яго пах труціў мой нос, і гэта было нават не ўва сьне, я бегла ў прасторны ванны пакой, дзе пахла дэзінфекцыяй, бальзамам для сьветлых валасоў і крыху мачой, апранала плэер з новым альбомам Gorillaz і танчыла з паўгадзіны, рыт­мічна і хутка. І, калі я выходзіла з ваннай, я была моцнай, як ніколі, і ўсе думалі, што ў мяне ўвогуле ўсё заўсёды cool.
Вечары ў шпіталі праводзілі каля тэлевізару. У гэтыя моманты ва ўсіх палатах было ціха і цёмна, і я заходзіла туды, каб пакачацца на чужых ложках. Часам мне вельмі хацелася што-небудзь узяць, і я забірала з сабой аранжавыя машынкі, кубкі, у якіх ручка была ў выглядзе жырафа ці ільва, цукеркі з міндалём унутры, чарнільныя асадкі, падзарадку для ноўт­бука, тэтрыс, дыскі Пітэра Гэбрыела і Брунатнага Яна, тоўстыя кнігі з белымі лістамі (якія пасьля не чытала, і чаму ўсе любяць Муракамі?). Людзі заводзяць вакол сябе так шмат рэчаў, што рэч пачынае для іх значыць яшчэ менш, чым можа значыць рэч. Гэтыя шпітальныя падарункі ўрэшце рэшт набіліся ў вялізную спартовую кайстру Касьцяна, і ён аднёс усё дадому асьцярожна, як сапраўдны злодзей. За ўвесь час майго заляганьня ў лякарні не было аніводнай скаргі на зьніклыя каштоўнасьці. Эх.

l l l
– Хутчэй-хутчэй распранайся, мілая! – какетліва прасьпявала цётка Федзькі, у якой мне дазволілі пажыць сякі-такі час.
Федзька патлумачыў, што цётка жыве адна ледзьве не з нараджэньня, і мне было б нядрэнна пасябраваць з ёй і падтрымліваць розныя халасьцячыя дурасьці.
– Давай, радасьць мая, сюды ў пакойчык ды пахутчэй! – зьвінела гэтая амаль што сівая мадам з кругленькімі вочкамі і вялікімі ружовымі мяшкамі пад імі, а таксама носам-круком і сухенькімі вусенкамі, пакуль я плыла па даўжэзным калідоры (ну няпраўда, ня веру, што па такіх калідорах можна спакойна плыць, і ніводзін кажан не наскочыць на твар!).
Калідор скончыўся маленькім утульным пакойчыкам, дзе стаяла некалькі таршэраў, абцягнутых мяккімі тканінамі мяккіх колераў, а ў куце бясшумна працаваў выпуклы чорна-белы тэлевізар. Федзева цётка хоць і лагодна, а ўсё ж упілася ў мае плечы сваімі маленькімі птушынымі капцюрочкамі і засадзіла мяне ў нізкі ды глыбокі фатэль, абцягнуты квяцістым габеленам. Пакуль я прызвычайвалася аглядаць пакой ледзьве не з узроўню падлогі, цётка пасьпяшалася арганізаваць тую справу, у якой я мелася стаць кампаньёнкай. Тыя з вас (ага, гэты зварот непасрэдна да ВАС), хто хоць нешта петрыць у загадкавых жыцьцях старых дзеваў, маглі б і здагадацца, што гэта была за справа. Такім чынам, цётка выставіла на газетны столік два найцудоўнейшыя залатыя кілішкі і дастаткова ўнушальную пляшку з – малінавым сіропам ці кока-колай? – кавава-ванільным лікёрам і імгненна напоўніла кілішкі густой вадкасьцю.
Так і быць, буду вельмі кароткай: мы страшэнна накалдырыліся. Адзі­ныя, як бліскавіца, ясныя ўзгадкі пра вечар вось: цётка грае на фано і сьпя­вае “Mishelle” (вельмі цёткаўская песьня), цётка паказвае мне фота­здымкі Гены, авантурыста і матацыкліста, свайго адзінага каханьня (зьехаў у Арменію, працяг невядомы), цётка раскрывае ўсе козыры: дзе схаваныя соль, ванілін і мука, гузікі, чорныя ніткі, пістоны (О! А ў мяне ёсьць вясельны газавы пісталет!) і заначка гаспадарчага мыла.
Раніца, якая была нараніцу, ударыла жорсткім лысым экзістэнцыялізмам. Я ўся дрыжэла ад холаду і перапою, з-за шкляных дзьвярэй дано­сіліся гукі радыёкропкі і бязьлітасны кашаль, які атакаваў цётку, відавочна, недзе пасярэдзіне калідору. А я ляжала, нацягнуўшы коўдру на твар, малая і пахмельная, і зноў, і зноў думала, што раніца ні фіга не мудрэйшая за спакойныя надвячоркі.
– Мая дзяўчынка ўжо прачнулася? – страсянулася цётчына хата рэзкім матуліным крыкам.
Мама не цырымонілася. Яна пачынала разборкі, яшчэ стоячы на лесьвічнай клетцы.
– Тут сьмярдзіць, як у басейне, – працягвала яна, уварваўшыся ў мой часовы пакой. – Табе пара завязваць з папойкамі. Хочаш салёны агурочак?
– Прычым тут агурочак, мама? – незадаволена прахрыпела я.
– А-я-я, мусі-пусі, – працягвала гэтая жанчына, намацаўшы пад коўдрай мой жывот, – а хцё цюць у няс цяк нядзьмюўся? Зівоооооцік? А хцё ў зівоціку?
– Ніцёга, – перадражніла яе я. – А калі быць шчырай, то там ідзе нейкая вайна паміж некім і некім за добрасуседства. Толькі адчуваю я, што скончыцца яна татальнай эвакуацыяй.
– У тваім стане, – задаволена сказала мама (залатая заколка ў валасах, вось навіначкі!), – усё гэта цалкам зразумела. Можаш і паташніць.
– Які стан маецца на ўвазе? – вачамі я ўжо зьдзірала шпалеры са сьценаў.
І тут мама выдала мне свой залаты (колер заколкі сімвалічны) план. Аказваецца, я ўжо была цяжарнай (ага, лепш бы мне такой і быць, мама не жартуе). Калі я не расчарую гэтую супержанчыну, яна нават даруе мне тое, што я змаўчала пра факт нашага нерасьпісваньня. Яна шмат намучылася, а тут аказалася, што аблом.
– І нават думаць ня думай пра аборт! Гэтае дзіця – вельмі важная інвестыцыя ў тваю будучыню! – выпаліла мамка, калі я ўжо адкрыла рот, каб распавесьці пра літр крыві, які толькі што выплыў з мяне. – Прашу не забывацца, што ў Лапы зусім ня бедныя бацькі, а ўжо я паклапачуся, каб пачуцьцё віны і адказнасьці за ўнука наступала ім на пяткі ўсё жыцьцё!
– Я ні троху не цяжарная, мама, – выскачыла з мяне, – забі на мяне, на нас, на капітал. Сама нарабі сабе дзяцей ад гэбэшнікаў і банкіраў – і зьбірай з іх пажыцьцёвы падатак!
Рыканьне працягвалася з гадзіну. Мне было так дрэнна, што нават вушы заклала, а пасьля я проста адрубілася, і нават не заўважыла, як мая маці расквасіла цётчыну вазу аб падлогу, а пасьля з крыкамі і актыўным рухам свайго неспакойнага цела вынеслася вонкі. Шчыра кажучы, я яе з таго часу ня бачыла. Здаецца, Віталік павёз яе ў санаторый “Белая Русь” лячыць нервы, папсаваныя няўдзячнымі нашчадкамі.

l l l
Федзя верыў у мяне. З таго часу, як мы выспалі ў адным ложку сто начэй адзіноты (у пакоі пахла часныком і ветрам, мы ціснулі свае худыя целы адное да аднога, Федзя дыхаў мне ў валасы, намагаючыся заснуць, я спрабавала заснуць, не зьвяртаючы ўвагу на яго напружаньне), нашыя дні таксама пачалі паўзьці разам. Нам не было вельмі весела, нам не было вельмі забаўна – проста цікава. А яшчэ мы адчувалі бязвыйснасьць.
Доўгія падарожжы па пустых завулках, засыпаных гнілым лісьцем і старымі чаравікамі, сканчаліся на лаўках, на дрэвах, на дахах, на лесьвічных пралётах, у перакапаных арках, паміж расфарбаваных графіці гаражоў і на цёмных канапах начных клубаў. Доўгія падарожжы двух амаль бяздомных сканчаліся ў цёплых чужых інтэрнатах, у тры гадзіны начы, у гэткіх жа доўгіх развагах пра выжываньне ў стане перманентнага афекту. Пасьля яны пачалі сканчацца ўва мне.
Дакладней, яны больш не сканчаліся і не спыняліся. Яны перапаўзалі ў вострыя ранкі і ня менш заблытаныя наступныя дні. Гэта была цэлая тысяча падарожжаў, эратычных і зусім не салодкіх, беспантова распранутых, цэлая тысяча хуткіх балючых аргазмаў, пасьля якіх моцна сушыла ў роце і было моцна не па сабе.
Мы хуталіся ў пледы, паказвалі адно адному зубы і ўсё астатняе. Мы сузіраліся з халоднай пяшчотай і нейкім нявыказаным шкадаваньнем (мы з табой ніколі ня будзем разам, ніколі ня будзем разам...).
О-па-па.

l l l
Гэта Лапа. Задніцай адчуваю, калі блізка ён. Падумаеш, проста нехта звоніць у дзьверы. Мог бы быць Федзька ці Касьцян. Мог бы быць хто заўгодна, Дзед Мароз Чырвоны Нос (раз ужо на Каляды не было ні яго, ні новага mp3-плэера з наборам гуашы ў падарунак). Мог бы быць мужчына ўсяго майго жыцьця – які-небудзь маладзенькі сусед, прыгожы, разумны, высокі, умелы, таленавіты, цікавы і шызафрэнічны. Але там стаяў Лапа, я ведала, хаця душ грымеў гарачай вадой, і ўвогуле ці не пачуўся мне той званок у дзьверы?
Гэта Лапа?
– Дзіна, адчыні!
– ...
– Дзіна, гэта – Лапа.
– Лапа?
Я ніколі не называла яго па імені. Можа быць, уся прычына была ў гэтым? Я, самы родны яму чалавек, самая любая істота, самы блізкі сябра, ніколі не называла яго па імені. А толькі “Лапа-Лапа”, я хачу быць з табой, Лапа, я кахаю цябе, Лапа, ці змагу я цябе прабачыць, калі-небудзь усё табе дараваць, Лапа?
– Можаш мяне адразу выставіць за дзьверы! – выпаліў ён, калі я адчыніла (сьлёзы ў вачах, вадкасьць у вачах Лапы).
– Дык ты ж яшчэ і не ўвайшоў, – паправіла яго я, хаваючы ўсьмешку.
Імбрык хрукаў на пліце, радыёкропка распавядала пра падарожжы хлопчыка Васілька (пенсійная кабетка скуголіла ў ролі надзвычай уражлівага дашкольніка), у банцы з пяском корпаўся часова асьлеплы цётчын пугач (днём ён увогуле ня быў небясьпечным). Лапа быў слабы і нейкі ўсохлы, выглядаў ён хваравіта і кепска, але ў мяне ўнутры ўжо ўсё закі­пела і нагрэлася да высокіх тэмператураў вычваранай ліхаманкі. Мяне хістала, я не магла стаяць на месцы. Відавочна, ён быў ахоплены тым жа станам, таму што каля гадзіны мы проста бегалі па хаце бяз мэты, вальсавалі самі з сабой і рабілі выгляд, што насамрэч сядзім за круглым сталом, п’ем распушчальную каву (пасьля якой у роце кісла і пякотка), ямо вафлі з малінавым сочывам і размаўляем пра мінулае і сваіх новых часовых каханкаў. Хі-хі-хі, гэта было б забаўна і (зараз успомню моднае слова) гламурна, але гэта было немагчыма. Бо ніякіх каханкаў, пра якіх было б варта распавесьці, так і не знайшлося, вафлі паеў хатні пугач Валодзька, мы абодва любім толькі гарбату (толькі-толькі), да таго ж круглы стол быў у цётчынай спальні, а там жахліва пахла пакрытай зморшчынамі цнотай.
Невядома нашто я лётала з пакою ў пакой, перастаўляла рэчы з месца на месца. Лапа то хадзіў сьледам за мной, то раптам, як ашпараны, нёсься на кухню, каб падліць кіпню, то ні з таго ні з сяго падскокваў да мяне, блізка-блізка. Я шугалася і прысядала, Лапа адсковаў і прымаў надумана разьняволеныя позы (абапіраўся на піяніна і моцна ўдараўся локцем, кранаўся кнігі на паліцы, і ўніз са страшэнным грукатам ляцелі керамічныя фігуркі і клапатліва расстаўленыя паштоўкі з новым 1976 годам).
– Увесь гэты час, калі я бачыў цябе, ці чуў штосьці пра цябе, ці проста чуў тваё імя, – сказаў Лапа і пахукаў на ваконнае шкло, – мяне яшчэ з дзень торгала, як у самую высокую грыпозную тэмпературу.
– Гэта ўсё вашыя сентыментальныя загоны, – зьдзекліва прапела я і намалявала на пахуканым воблаку на шкле тоўстую рыбіну, – мы, пацаны, на такое не купляемся.
– Я думаў, ты ўжо пра ўсё забылася.
– Ты мяне вельмі пакрыўдзіў.
– Ты мяне таксама.
– Сьмешна. Як я магла?
– Ты... не стрымала. Не ўтрымала. Неее... паспрабавала ўтрымаць. Усё ведала і змаўчала. Ведала, што я для цябе. Ведала ж. Не сказала. Нават не шапнула.
– А ты мусіў сам зразумець.
– Я зразумеў. Будзеш са мной? (Горыч, горыч і радасьць у голасе, толькі радасьць прыхаваная).
– Занадта позна.
Пабег на кухню па кіпень. Урэзаўся галавой у лямпу, праліў кіпень сабе на нагу, разьбіў кубак, парэзаў палец, вымазаў крывёю лядоўню і за­плакаў. А я перабінтоўвала палец і мазала мазямі апечанае калена, цалавала ў галаву і адмывала лядоўню ад сьлядоў людажэрства, якога не было. Мой мілы.
Мы ляжалі побач дванаццаць гадзінаў. Дванаццаць гадзінаў нос да носу глядзелі вока ў вока, дыхалі твар у твар.
– Ты не пацан, – сказаў Лапа і пацягнуўся носам да мяне. – Ты проста сапраўдная. Сапраўдная. І яшчэ ў цябе скура пахне пяском, і ты для мяне.
Пасьля ён пайшоў. А я зачыніла дзьверы і замясіла цеста для вішнёвага пірага.

l l l
– Дзін-дзін! – кожны раз званок у дзьверы сьпявае маё імя. Хто б ні прыходзіў, чаго б ні хацеў, яго апярэджвае званок, які сьпявае маё імя. На гэты раз за дзьвярыма – паштальён Косьця. Гэта, вядома, мой брат, але апошнім часам ён усё ж больш паштальён. З квадратнай кайстры праз плячо (с толстой сумкой на ремне ест чужую колбасу – нешта з саўковай маладосьці нашай маткі) Касьцян дастае карысную карэспандэнцыю: бюлетэнь Сьведкаў Іяговы, часопіс “Маладосць” для Федзькавай цёткі, якая імкнецца пратрымаць сваю старасьць у страху як мага даўжэй, тры лісты па маёй аб’яве ў падлеткавай газеце (падару 20 рэцэптаў здаровых эканамічных дыетаў у абмен на новыя цюлі – старыя цётчыны цюлі я прапаліла цыгарэтай уначы), бясплатнае выданьне з бясплатнай тэлепраграмай, рэклама новых падпаскаў з адным экземплярам на спробу (цікава, а як даўно ў цёткі менапаўза?) і... ну і ліст ад Лапы.
Нічога страшнага. Рана ці позна, усе вывучваюцца пісаць лісты. Спачатку гэта здаецца неймаверна цяжкай, доўгай справай: пішаш “кахаю”, раздумваешся, закалякваеш “кахаю”, праліваеш каву, перапісваеш нанова, малюеш вясёлыя тварыкі і котак на падваконьнях, адумваешся і закалякваеш, пішаш “без цябе сёньняшнія пачуцьці былі б толькі ўрыўкамі ўчорашніх”, успамі­наеш, што гэта чужыя словы, закалякваеш, расстройваешся, размазваеш словы кроплямі сьлёз, перапісваеш нанова, пішаш зялёнай асадкай, перадумваеш, перапісваеш шэрым алоўкам ці выводзіш на прынтары ліловым колерам, перачытваеш, глядзіш у вакно, п’еш неразбаўлены малінавы сіроп, ікаеш, засоўваеш халодны нос у батарэю, тупіш. Закалякваеш УСЁ.
Лапа мусіў такое перажыць, вось дзіва.
А на вуліцы зноў сьнег-сьнег і новая зіма, чысьценькая і данавагодняя, яшчэ ў слабым прадчуваньні слаты і гадзюшніку. Я сяджу на вакне, нераспакаваны ліст – перада мной. Суседскі Стасік у маім вакне радуецца сьнегу, бурыць чужых сьнегавікоў і поўзае на санках, недарэчна перабіраючы нагамі па сьнезе. У Стасіка сівенькая шапка з малінавым бумбонам і шчырая дзіцячая ўсьмешка. Стасіку 42, ён аўтыст.
Пад вакном прабягае Лаліта з нашага УПК. Усе клічуць яе Лоло, хаця яна Наташа, і я б добра яе па мордзе аддубасіла, гэтак яна мне не падабаецца. Я ўпэўненая, што яна б таксама ня супраць запусьціць кіпцюры мне ў галаву, толькі за валасы цягацца – гэта для пісклявых істэрычак. Я б кулакамі куды хутчэй управілася і слушней. Урэшце рэшт, хто тут сярод нас пацанка?
Ліст ляжыць на падваконьні, і нікуды не зьнікае. Ён не цячэ срэбнай вадой пад батарэю, яго не скрадаюць гнеўныя гобліны, ён не гарыць у адскім полымі, яго не зьядаюць зажыва.
На вуліцы белая раскоша, халодная казка і каралеўства нізкіх тэмператураў. Аднекуль здалёк хор сьпявае калядны гімн напою кока-кола, дзьве постаці шпацыруюць па даху суседняй хрушчоўкі, можа быць, мы станем сьведкамі парнага суіцыду ў сьвятую ноч. Генадзеўна з трэцяга пад’езду цягне вялікую елку ў сваю цесную хату. На Каляды да яе прыедуць дзеці і ўнукі. Дзеці будуць разводзіць салаты маянэзам і заводзіць палітычныя дыскусіі, унукі будуць гладзіць ката Фелікса супраць поўсьці і торгаць Генадзеўну за фіялетавыя валасы.
Мы з цёткай ня ставім елку. Нам хопіць пляшкі сухога чырвонага віна і маленькіх сьняжынак, якія я вырэзваю, аблізваю і клею на вакно. Малюсенькіх сьняжынак, дробненькіх і вытанчаных, я вырэзваю кожны ўзор, кожную дзірачку і палосачку тоненькімі манікюрнымі нажніцамі і мацую да вакна. За якім цэлы горад чакае вечару, каб высмактаць з гэтага вечару ўсе сокі, наесьціся па горла дванаццаці страваў і ілюзіяў пра абавязковыя зьмены да лепшага. Вясёлых усім сьвятаў. Новага ўсім жыцьця. Усё вакно ў ахайненькіх сьмешных сьняжынках. Зробленых з маіх эмоцыяў, з каханьня і страху, з болю і жарсьці.
Выразаных з Лапавага ліста.
XII.2005.