12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алена Ляўковіч

_____________________
Высокае неба.
Вершы

Журавіны

Крокамi адмерваю хвiлiны
Па прыцiхлай вулiцы пустой.
Прадае бабуля журавiны
Ў кошыку з бяросты залатой.

— Пакаштуй, дзiцятка, не саромся,
Сёньня назьбiрала ранiцой.
Колькi? От, з грашыма разьбяромся,
Лепш пагавары са мной, пастой.

Не глядзi, што ягады з кiсьлiнкай:
I ў жыцьцi ня ўсё — суцэльны мёд.
Вунь i у тваiх вачах iскрынкi,
Бы падталы шэра-сiнi лёд.
Журавiнам трэба дачакацца
Свайго часу — слодычы набраць.
Дай iм да Калядаў даляжацца —
Як цукеркi будзеш смакаваць.

А жыцьцё харошае, дурнiца!
У вачах iльдзiнкi не хавай.
Воцат можа i вiном зрабiцца,
Проста свайго часу пачакай.

Крокамi па вулiцах самотных
Колькi ўжо адмерана хвiлiн.
Я нясу у прыцемках халодных
Прыгаршчы пунсовых журавiн.

Кiслых ягад поўныя далонi,
Што усё ж рашылася купiць,
Прынясу, сыпну на падваконьне...
Засталося да зiмы дажыць.


Простая гісторыя

Пад вечар яны сустрэлiся.
Вачыма вочы сагрэлiся.
Зьдзiвiўся ён:
— Як я мог
Прайсьцi без цябе сто дарог?

I ноччу яны не рассталiся.
У прагных руках задыхалiся.
Шаптаў ён:
— Я проста ня мог
Прайсьці без цябе сто дарог.

А ранкам яны прачнулiся,
Адно аднаму усьмiхнулiся.
Сказаў ён:
— Ты знаеш сама,
Што Заўтра у нас няма.
Застаўся б, каб толькі мог,
Ды клiчуць мяне сто дарог.

Бяз жалю яны разьвiталiся.
Ёй памяць яе заставалася.
Яму — вечары перамог
Ды вечныя Сто Дарог.


* * *

Пападалi зоры долу.
Неба адгаласiла
Па нашых нязбытных жаданьнях,
Па нашых змарнелых душах.
А мы так прагнулi неба,
А мы у яго прасiлi
Шкадобы, i дараваньня,
I трохi цяпла сярод сьцюжы.

Да неба было высока.
Далёка было да шчасьця.
Дарэмна мы рукi цягнулi,
Дарэмна малiтвы шапталi.
Бо здрада ня стала праўдай,
Адчай не хацеў смяяцца,
А вера з надзеяй паснулi,
I горыч салодкай ня стала.

Па нас галасiла неба.
Кацiлiся зьнiчкi-сьлёзы
З бязьмежнай прасторы мрояў
Да безданi, што мiж намi.
А мы, скамянеўшы, стаялi,
А мы разумелi: позна.
Нам засталiся толькi
Зоры, што пад нагамі…